Новости События Общее

Воспоминания Марии Тимофеевны Ковалевой

 

Кавалёва Марыя Цімафееўна – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, Заслужаны настаўнік Беларускай ССР, выдатнік народнай асветы БССР, узнагароджана медалём Францыска Скарыны, а таксама медалём “За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.”

Ёсць людзі, якім лёсам прызначана быць узорам, прыкладам для тых, хто з імі працуе, хто разам ідзе па жыцці. З такіх – Марыя Цімафееўна Кавалёва, даследчык беларускага слова, выкладчык. Студэнты ведаюць яе і як таленавітага вучонага, аўтара шматлікіх артыкулаў, вучэбных дапаможнікаў для школ і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Нялёгкі быў жыццёвы шлях Марыі Цімафееўны. Дзяцінства закончылася з пачаткам вайны. Марыі, у той час яшчэ падлетку, давялося прайсці цяжкімі дарогамі вайны, спазнаць голад і холад, жахі нямецкай акупацыі.

Як толькі немцы занялі Бягомль, Марыя з маці і чатырохгадовым брацікам Віцем паехалі ў родную вёску Пустаселле. З восені 1941 г. яе мама Феня Іванаўна Маркавец стала сувязной Сцяпана Сцяпанавіча Манковіча – сакратара Бягомльскага падпольнага райкома партыі. Гэта ён арганізаваў партызанскі атрад, які пазней вырас у брыгаду “Жалязняк”. З першым атрадам гэтай брыгады з 1942 г. былі звязаны Феня Іванаўна і Марыя. Трынаццацігадовая дзяўчынка дапамагала маме ва ўсім. Феня Іванаўна раілася з дачкой, давярала ёй многае. Марыя Цімафееўна ўспамінае: “Зімой 1943 г. пачалася блакада, у выніку якой немцы ўсталявалі кантроль над дарогай Докшыцы–Лепель і лясамі ў гэтай зоне (тут размяшчаліся грамадзянскія лагеры з прылеглых вёсак). Жыхароў часткова знішчылі, а большасць вывезлі – каго ў Заходнюю Беларусь, а каго ў Германію. Мы з мамай і яшчэ дванаццаць дзяўчат здолелі збегчы ў балота, якое не паспела замерзнуць. Гэта нас і выратавала: немцы не адважыліся лезці ў халодную багну. Ноччу мы прыходзілі ў пакінуты грамадзянскі лясны лагер, каб прасушыцца і хоць крыху паспаць. Аднойчы тут нас і знайшлі партызаны з брыгады “Жалязняк”. Разам з імі перайшлі праз дарогу, якую гітлераўцы ўзмоцнена ахоўвалі. Дзяўчаты засталіся ў вёсцы, дзе знаходзіўся пяты атрад, а мы з мамай дабраліся да вёскі, дзе размяшчаўся наш першы атрад. Нас прызначылі ў разведроту Бандарэнкі. Пазней разведчыкаў аб’ядналі з падрыўнікамі. Жылі спачатку ў вёсцы, а потым у лясным лагеры.”

У пачатку мая 1944 г. разгарнулася шырокамаштабная блакада ў некалькіх раёнах. Партызаны з баямі адступалі. Марыя Цімафееўна расказвае:

– Мы з мамай па заданні пайшлі ў лясны лагер і разам з мясцовымі жыхарамі трапілі ў палон. Карнікі пагналі ўсіх людзей у невялікую вёску Тарасполле, побач з якой праходзіла дарога з Бягомля праз Гліннае на Докшыцы. Бліжэй да дарогі стаяў недабудаваны дом, у якім не было яшчэ вокнаў і, відаць, падлогі, бо дошкі ляжалі на вуліцы насупраць.

Немцы аддзялілі мужчын (іх было не так і многа, у асноўным старыя і камісаваныя) і павялі іх на замініраваны партызанамі невялікі ўзгорак пры дарозе. Пастроіўшы шчыльным ланцугом, ганялі іх па ўзгорку, пакуль не ўзарваліся ўсе міны. Раненых дабівалі на месцы. Працаздольным жанчынам і дзяўчатам загадалі закопваць супрацьтанкавыя ямы на дарозе. Нанач нас і некалькі мужчын, якія засталіся жывымі пасля такога “размініравання”, змясцілі ў пуню ў суседняй вёсцы.

Раніцай нас зноў пагналі ў Тарасполле да таго самага недабудаванага дома, дзе ўжо стаяла многа народу. Намер карнікаў быў відавочны: побач ляжалі кулі саломы, а людзей пачалі заганяць у дом. Інстынкт самазахавання кінуў нявольнікаў у розныя бакі: лепш загінуць ад кулі, чым згарэць зажыва. Толькі куды ўцячэш?! Нечакана прыехалі на машыне немцы ў чорным і далі паперу “нашаму” карніку-афіцэру, які, прачытаўшы, стаў штосьці пярэчыць, даказваць. Мы здагадаліся, што дзесьці тэрмінова спатрэбілася рабочая сіла і, не марудзячы, па загадзе сталі ў строй, гатовыя ісці хоць куды, абы толькі далей ад гэтага дома.

Наперадзе было яшчэ шмат пакут і выпрабаванняў: канцлагеры ў Лепелі і Ушацкім раёне, капанне акопаў, уцёк з палону… І вызваленне!

Вярнуліся яны ў знішчаную, спаленую, спустошаную Бягомльшчыну. Пасля жахаў вайны ў Марыі ўзнікла неадольнае жаданне вучыцца. Ва ўсім раёне не ўцалела ніводнай школы. У самім Бягомлі драўляная школа згарэла, а ад цаглянай засталіся толькі сцены.

Сямігодку адкрылі ў Бабцах (гэта пяць кіламетраў ад Бягомля). Праўда, будынку пад яе не было, і таму дзеці вучыліся па хатах. На наступны год школу ў Бягомлі не адкрылі, і Марыя паступіла ў Глыбоцкае педвучылішча, якое закончыла ў 1948 г. Разам з Еўдакіяй Лось, у будучым вядомай паэтэсай, яны склалі тыя пяць працэнтаў навучэнцаў, якім дазвалялася ехаць вучыцца далей. Усе астатнія павінны былі адпрацаваць тры гады па накіраванні. Так яны ў тым самым годзе сталі студэнткамі літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута імя А.М. Горкага (пазней гэты факультэт стаў называцца філалагічным, а інстытут – універсітэтам імя Максіма Танка).

Пасля заканчэння інстытута ў 1952 г. Марыю пакідаюць працаваць на кафедры беларускай мовы. У 1967 г. яна паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 1971 г. ёй было прысвоена званне дацэнта.

Настаўніца па прызванні і адукацыі, Марыя Цімафееўна пяцьдзясят два гады аддала навучанню і выхаванню студэнтаў, шчыра дзялілася з імі ведамі і вопытам, раскрывала законы, багацце і прыгажосць роднай мовы, вучыла любіць і шанаваць беларускае слова. Яе вучні працуюць ва ўсіх кутках Беларусі, з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць сваю настаўніцу.

Кваліфікаваны вучоны, Марыя Цімафееўна ўмее сказаць пра самае складанае проста і ў той жа час навукова, абгрунтавана. Першыя апублікаваныя працы М. Ц. Кавалёвай з’явіліся ў 1960 г. Гэта шматлікія матэрыялы, прысвечаныя даследаванню беларускага дзеяслова. Пазней свет убачылі артыкулы, у якіх аналізавалася мова класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Івана Мележа.

Марыя Цімафееўна – адзін з навуковых кансультантаў энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994), у якой змешчаны і яе чатыры артыкулы. Яна суаўтар шматлікіх удалых, запатрабаваных падручнікаў і дапаможнікаў для студэнтаў-філолагаў, для вучняў і настаўнікаў-беларусазнаўцаў, для навучэнцаў каледжаў, гімназій, ліцэяў. Іх больш за трыццаць: “Беларуская мова: Вучэбны дапаможнік для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў” (у суаўтарстве з П. Сцяцко; 1971), “Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія” (1975, 3-е выд. 1997), “Сучасная беларуская літаратурная мова. Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія” (1976, 3-е выд. 1993), “Сучасная беларуская літаратурная мова. Практычныя заняткі” (1981, 3-е выд. 1995), “Беларуская мова: Вучэбны дапаможнік” (1991) і іншыя.

Асобна трэба адзначыць кнігу “Беларуская мова: Дапаможнік для вучняў старэйшых класаў” (1982, 6-е выд. 1995), якую М. Ц. Кавалёва стварала разам з вядомым мовазнаўцам Л. П. Падгайскім. Ён, на жаль, трагічна загінуў улетку 1980 г., і Марыі Цімафееўне давялося адной дапісваць кнігу. Кожнае выданне дапаўнялася, дапрацоўвалася, абнаўлялася, а шостае па ліку было прызнана адным з найлепшых дапаможнікаў па роднай мове. Аўтар не толькі дапамагае вучням асэнсаваць і засвоіць лінгвістычныя факты і з’явы, але і спрыяе выхаванню асобы з высокай моўнай культурай, з развітым пачуццём нацыянальнай годнасці. Кнігу высока ацаніў і педагагічны калектыў нашага ўніверсітэта: на першым конкурсе навуковых прац у 1996 г. Марыя Цімафееўна стала лаўрэатам прэміі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

З 2004 г. Марыя Цімафееўна на пенсіі, але і ў гэты час працягвае друкавацца. Яна прымае ўдзел у стварэнні і перавыданні калектыўных кафедральных дапаможнікаў для студэнтаў і абітурыентаў. У апошнія гады М. Ц. Кавалёва шмат зрабіла для ўшанавання памяці свайго мужа Міхаіла Васільевіча Кавалёва (пайшоў з жыцця ў 2007 г.), вядомага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча: шматлікія інтэрв’ю розным газетам, стварэнне яго жыццяпісу, выданне (разам з В. В. Міхайлавым) кнігі “Сын сваёй зямлі і часу: Вянок успамінаў пра Міхаіла Кавалёва” (2011), якая прыхільна сустрэта чытачамі.

У спісе публікацый М. Ц. Кавалёвай – больш за сто назваў.

Расскажи друзьям: Воспоминания Марии Тимофеевны Ковалевой