Наука
21 сентябрь 2026
Міжнародны форум «XV Танкаўскія чытанні» адбыўся ў БДПУ
18 верасня 2026 года ў БДПУ адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «XV Танкаўскія чытанні». Форум, прымеркаваны да Года беларускай жанчыны, сабраў навукоўцаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, аспірантаў і студэнтаў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Кітая, ЗША і інш.
Урачыстае адкрыццё пачалося з прывітальных слоў прарэктара па навуковай рабоце, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Гюльнары Мансураўны Юсцінскай і дэкана філалагічнага факультэта, доктара філалагічных навук, прафесара Васіля Дзянісавіча Старычонка, якія адзначылі актуальнасць творчасці Максіма Танка і ролю жанчыны ў нацыянальнай культуры.
Святочную атмасферу стварыла літаратурна-музычная кампазіцыя «Кірункі свету...» ў выкананні народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова».
На пленарным пасяджэнні выступілі вядомыя ў Беларусі і за яе межамі навукоўцы і выкладчыкі: Васіль Дзянісавіч Старычонак, Марына Іванаўна Солнышкіна (Казанскі федэральны ўніверсітэт), Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч, Ірына Пятроўна Кудраватых, Тамара Мікалаеўна Тарасава, Ірына Віктараўна Моніч, якія раскрылі розныя аспекты асэнсавання дзейнасці Максіма Танка і развіцця сучаснай філалогіі.
Пасля перапынку работа працягнулася ў дзесяці секцыях. Удзельнікі абмяркоўвалі творчасць Максіма Танка ў нацыянальным і сусветным кантэксце, беларускую і замежную літаратуру на мяжы тысячагоддзяў, сучасныя літаратуразнаўчыя і лінгвістычныя даследаванні, мову і міжкультурныя камунікацыі, нацыянальна-культурныя кампаненты сучаснай адукацыйнай прасторы, функцыянальную граматнасць, лічбавыя інструменты навучання, а таксама адметнасць увасаблення вобраза жанчыны ў беларускай і сусветнай літаратуры. Асобная дыстанцыйная панэль была прысвечана сучаснай філалогіі Азербайджана.
Адметнасцю канферэнцыі стала шырокае прадстаўленне міждысцыплінарных падыходаў. Актыўны ўдзел у ёй прынялі маладыя даследчыкі. Форум паказаў, што спадчына Максіма Танка працягвае аб’ядноўваць навукоўцаў розных краін, а тэма жанчыны ў літаратуры і культуры выклікае цікаўнасць як у даследчыкаў, так і ў педагогаў-практыкаў.