У аснове спектакля “Вяртанне” была казка Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”. Аднак тэатр “Жывое слова” прапанаваў сваю версію далейшых падзей гэтай гісторыі. Галоўнай гераіняй з’яўляецца Эва - праўнучка ці то лётчыка, які пацярпеў аварыю ў пустыні, ці то Пятра Ясюкевіча з твора “Сіняя-сіняя” Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёры прапанаваалі постмадэрністычную гульню гледачам, выкарыстаўшы рэмінісцэнцыі і алюзіі таксама на творы Рэя Брэдберы і Міхаіла Бараноўскага. Верш апошняга задаў тон усяму спектаклю, а гісторыя з павукамі ад амерыканскага фантаста зрабіла пастаноўку надзвычай актуальнай. Госці ў малой зале БДПУ былі ўражаны кранальнай музыкай і арыгінальнай сцэнаграфіяй, якая з аднаго боку была створана ў духу мінімалізму, а з іншага - “жываслоўцы” самі вырабілі “планеты”, па якіх вандраваў Маленькі прынц, касцюмы і выкарысталі адмысловыя прыёмы з ценямі. Такім чынам, у заўсёдных наведвальнікаў была магчымасць вярнуцца да ранейшых пастановак тэатра “Жывое слова”, дзе выкарыстоўваліся і названыя прыёмы, і тэксты згаданых аўтараў. Артыстаў у гэты вечар чакалі авацыі і кветкі, у іх бралі аўтографы і з імі ўсе фатаграфаваліся, а гледачоў чакала філасофскае задуменне і развагі, што Маленькі прынц і сапраўды прыходзіць да кожнага з нас у самыя скаладныя часы.
Па шматлікіх просьбах гледачоў прэм’ерны спектакль “Вяртанне” тэатр “Жывое слова” ў гэтым месяцы пакажа яшчэ раз 18 мая а 19-й у малой зале БДПУ (аўд. 500, 2-гі корпус БДПУ, вул. Савецкая,18).
У тых, хто яшчэ не бачыў новую пастаноўку, яшчэ ёсць магчымасць замовіць запрашальнікі па тэлефоне +375295071141.