Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка
Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка

Студенчество

15 декабрь 2022

“Цуд перад Калядамі” ў малой зале БДПУ

У малой зале БДПУ – аншлаг. Няма вольнага месца, бо квіткі разышліся за доўга да выступлення. Усе ў чаканні Каляд і Новага года, таму ўсім хочацца свята і цудаў, нягледзячы на кпіны аднаго з герояў – Чорта,  які лічыць, што зараз зусім не да весялосці.

Па сюжэце менавіта ён скраў калядную зорку і Анёл дапамагае калядоўшчыкам яе знайсці. У вобразе калядоўшчыкаў – Народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца”. Традыцыйныя вобразы Мядзведзя, Казы, Валхвоў, Дзевы Марыі і іншых – увасобілі ўдзельнікі Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.

Па форме гэта была тэатралізаваная імпрэза, складзеная з вершаў пра Каляды, пра нараджэнне Ісуса Хрыста, пра падарункі трох Цароў, якіх Дзева Марыя пусціла да немаўляці ў пячору… Але ў міні-спектакль уключаны і самыя вядомыя калядныя песні, якія выканаў ансамбль “Ярыца”, а абрады з ваджэннем Мядзведзя, танцамі і пачастункамі для Казы правёў тэатр “Жывое слова”.

Такім чынам, гэта быў сумесны праект, чым можна патлумачыць поспех і авацыі гледачоў, якія не адпускалі артыстаў і прасілі выступіць на біс. Асабліва імпрэза спадабалася дзецям, якія былі ў захапленні ад калядных персанажаў. Іх бралі з сабой выкладчыкі і выпускнікі “Ярыцы” і “Жывога слова”, а таксама на выступленне завіталі кіраўнікі іншых творчых калектываў БДПУ. З цікаўнасцю назіралі за беларускімі традыцыямі кітайскія студэнты, якім выкладчыкі тлумачылі значэнне песень і абрадаў.

Наперадзе два старэйшыя народныя калектывы БДПУ чакаюць дабрачынныя выступленні з праграмай “Цуд перад Калядамі” ў дамах прыстарэлых і дзіцячых прытулках.

Фотогалерея

К следующим новостям