Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка
Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка

Университет

28 сентябрь 2026

Адбылося пасяджэнне Савета ўніверсітэта

24 верасня 2026 года адбылося пасяджэнне Савета БДПУ. З інфармацыяй «Аб выніках прыёмнай кампаніі 2026 года і задачах інстытутаў і факультэтаў па падрыхтоўцы да ўступнай кампаніі 2027 года» выступіў першы намеснік старшыні прыёмнай камісіі, прарэктар па вучэбнай рабоце Аляксандр Аляксандравіч Францкевіч. Дакладчык адзначыў, што прыёмная кампанія 2026 года прайшла на высокім арганізацыйным узроўні.

Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных экзаменаў станоўча ацаніла работу прыёмнай камісіі БДПУ і выкананне патрабаванняў нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць прыём ва ўніверсітэт.

Кантрольныя лічбы прыёму ў 2026 годзе для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі склалі 1376 чалавек, у тым ліку 1094 – на дзённую форму і 282 – на завочную. На навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ад абітурыентаў паступіла 2004 заявы.

Па выніках уступнай кампаніі на бюджэтныя месцы залічаны 1376 чалавек, з іх 495 – без уступных іспытаў, 32 – па-за конкурсам. План прыёму на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту выкананы на 100 %.

Найбольш высокая конкурсная сітуацыя на бюджэтныя месцы дзённай формы атрымання адукацыі адзначалася на спецыяльнасцях «Прыродазнаўчая адукацыя (Біялогія і геаграфія)» – 8,8 чал. на месца; «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» – 5,5; «Гістарычная адукацыя» – 4,4; «Сацыяльная работа і кансультаванне» – 3,5; «Фізічная культура» – 3,3 чал. на месца.

Найвышэйшыя прахадныя балы склаліся на спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі: «Псіхалогія» – 348 балаў, «Гістарычная адукацыя» – 338, «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» – 334, «Прыродазнаўчая адукацыя (Біялогія і геаграфія)» – 316, «Філалагічная адукацыя (Беларуская мова і літаратура)» – 310 балаў.

Склад абітурыентаў, залічаных у БДПУ, характарызуецца высокімі якаснымі паказчыкамі. Студэнтамі ўніверсітэта сталі 83 медалісты, 104 уладальнікі дыпломаў з адзнакай, 215 выпускнікоў гімназій і ліцэяў, 348 выпускнікоў профільных класаў педагагічнай скіраванасці.

На навучанне на ўмовах аплаты ў 2026 годзе ў БДПУ было выдзелена 609 месцаў. Ад абітурыентаў паступіла 1576 заяў, да залічэння рэкамендаваны 641 чалавек. План прыёму на платную форму атрымання адукацыі выкананы на 109 % па дзённай форме і на 101,4 % па завочнай форме.

Дасягнутыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце і мерам па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі. Рэктарат, інстытуты і факультэты выкарыстоўвалі розныя формы ўзаемадзеяння з будучымі абітурыентамі: «Адзіны дзень адчыненых дзвярэй», «Дні адчыненых дзвярэй» у анлайн-фармаце, «Зорны паход», універсітэцкую інтэрнэт-алімпіяду, прафарыентацыйную работу падчас педагагічнай практыкі. Інфармацыйная работа актыўна вялася таксама ў сацыяльных сетках БДПУ і на YouTube-канале ўніверсітэта.

Станоўчыя вынікі паказала дзейнасць філіялаў кафедраў БДПУ па арыентацыі навучэнцаў на выбар педагагічнай прафесіі.

Разам з тым, Савет універсітэта звярнуў увагу на неабходнасць далейшага павышэння выніковасці прыёмнай кампаніі і якаснага складу абітурыентаў. Асаблівую ўвагу плануецца надаць умацаванню сувязяў універсітэта з установамі адукацыі, павышэнню мэтанакіраванасці прафарыентацыйнай работы, больш актыўнаму ўзаемадзеянню з вучнямі педагагічных класаў і іх бацькамі.

Па выніках пасяджэння прыняты рашэнні, накіраваныя на падрыхтоўку да ўступнай кампаніі 2027 года.

Фотогалерея

К следующим новостям