З дакладам перад членамі Савета выступіла начальнік цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці І.А.Турчанка.
Падчас выступлення было адзначана, што павышэнне якасці і эфектыўнасці правядзення практык з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўніверсітэта. Практыка студэнтаў як адна з форм арганізацыі адукацыйнага працэсу ў БДПУ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі, вучэбнымі планамі спецыяльнасцей і праграмамі практык.
У 2025/2026 навучальным годзе ў БДПУ было арганізавана 240 практык 45 найменняў. З іх 133 практыкі прайшлі студэнты дзённай формы атрымання адукацыі. Доля вучэбных практык склала 28%, вытворчых – 72%, што сведчыць аб узмацненні ўвагі да фарміравання прафесійных навыкаў у практычнай дзейнасці.
У бягучым навучальным годзе на практыку было накіравана амаль 8000 студэнтаў, а агульная працягласць практык за ўвесь перыяд навучання ў залежнасці ад выбранай спецыяльнасці склала ад 17 да 22 тыдняў.
Арганізацыйнае і навукова-метадычнае суправаджэнне практык ва ўніверсітэце забяспечваюць 35 кафедраў. Кіраўніцтва практыкай ажыццяўляюць больш за 360 выкладчыкаў БДПУ, у тым ліку прафесары і дацэнты. Пры гэтым чвэрць кіраўнікоў практыкі маюць кваліфікацыйныя катэгорыі педагагічных работнікаў.
Штогод універсітэт прыцягвае да кіраўніцтва практыкай прадстаўнікоў знешняй прафесійнай сферы. У 2025/2026 навучальным годзе непасрэднымі кіраўнікамі практыкі студэнтаў ад арганізацый выступілі каля 1330 спецыялістаў-настаўнікаў. Больш за 35% з іх – настаўнікі-метадысты і педагогі вышэйшай катэгорыі, 55% маюць першую катэгорыю, што дазваляе забяспечыць высокі ўзровень падрыхтоўкі будучых педагогаў.
Практыка студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі арганізуецца на базе ўстаноў адукацыі розных відаў і тыпаў г. Мінска. На бягучы навучальны год з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама ў якасці баз практыкі ўзгоднена 545 устаноў адукацыі.
Асобная ўвага надаецца навукова-метадычнаму забеспячэнню практык, якое ўключае нарматыўную і праграмную дакументацыю, метадычныя матэрыялы, рэкамендацыі па арганізацыі і правядзенні канкрэтных відаў практыкі, а таксама сродкі кантролю.
Важным крытэрыем якасці правядзення практыкі з’яўляецца паспяховасць студэнтаў. У гэтым навучальным годзе сярэдні бал паспяховасці студэнтаў па практыцы склаў 8,8. Кіраўнікі практыкі ад арганізацый таксама высока ацанілі адпаведнасць падрыхтоўкі студэнтаў БДПУ патрабаванням сучаснай установы адукацыі – 84%.
На пасяджэнні было падкрэслена, што ў спалучэнні з тэарэтычным навучаннем бесперапынная педагагічная практыка ў БДПУ забяспечвае высокую якасць падрыхтоўкі выпускнікоў і садзейнічае іх прафесійнаму станаўленню.
Пастанова Савета ўніверсітэта будзе накіравана ва ўсе структурныя падраздзяленні для арганізацыі далейшай работы.

WI-FI




















