З дакладам выступіла дэкан факультэта прыродазнаўства Наталля Уладзіміраўна Навуменка. Дакладчык адзначыла, што на факультэце прыродазнаўства арганізавана эфектыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў, у якіх адкрыты філіялы кафедраў, а таксама з іншымі ўстановамі адукацыі г. Мінска і Рэспублікі Беларусь, што спрыяе павышэнню якасці падрыхтоўкі будучых педагогаў.
На факультэце прыродазнаўства рэалізуюцца разнастайныя формы ўзаемадзеяння з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў.
У якасці баз практык у бягучым навучальным годзе выкарыстоўваюцца 35 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі г. Мінска. Базы практык валодаюць кадравым складам высокай кваліфікацыяй: 73% педагогаў, прыцягнутых да кіраўніцтва практыкай студэнтаў, маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Падчас практыкі студэнты выконваюць даследчыя праекты прыродазнаўчай і педагагічнай скіраванасці, якія становяцца асновай курсавых і дыпломных работ, магістарскіх дысертацый. Па заяўках арганізацый-заказчыкаў кадраў у 2021 / 2022 навучальным годзе выканана 40 даследаванняў.
На базах філіялаў праходзяць практычныя заняткі па методыках выкладання дысцыплін спецыяльнасцей, вядзецца метадычная і навукова-даследчая праца. На факультэце практыкуюцца выязныя сумесныя пасяджэнні прадстаўнікоў устаноў-заказчыкаў кадраў і ПВС факультэта.
Для педагагічных калектываў выкладчыкі факультэта арганізуюць майстар-класы па дысцыплінах спецыяльнасцей і методыках выкладання прадметаў прыродазнаўча-навуковага цыклу. Штогод ПВС факультэта прыродазнаўства праводзіць прафарыентацыйныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі і навучэнцамі Крупскага раёна і раёнаў, у якіх ажыццяўляецца педагагічны дэсант пры правядзенні Зорных паходаў.
На факультэце рэгулярна праходзяць праекты «Дзень адчыненых дзвярэй» і «Студэнт на адзін дзень», у праграму якіх уключаюцца майстар-класы для навучэнцаў і метадычныя семінары для настаўнікаў. Рэалізуецца шэраг прафарыентацыйных праектаў («Шосты школьны дзень», «Тэматычныя канікулы», «Вучымся разам»), школьнікі прымаюць удзел у практычных і лабараторных занятках па дысцыплінах спецыяльнасцей, працуюць разам са студэнтамі ў чатырох СНДЛ факультэта, удзельнічаюць у экскурсіях падчас вучэбных практык.
Актыўнае ўзаемадзеянне з адміністрацыяй, педагагічнымі калектывамі і навучэнцамі рэалізуецца праз працу валанцёрскай студэнцкай структуры Green Office BSPU, якая развіваецца як сеткавая з уключэннем у працу студэнтаў розных факультэтаў БДПУ.
Узаемадзеянне з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў рэалізуецца праз аказанне розных адукацыйных паслуг: на факультэце распрацаваны каля 20 адукацыйных праграм, іх змест вар’іруецца у залежнасці ад запытаў заказчыкаў. Вядзецца падрыхтоўка школьнікаў да розных прадметных конкурсаў і алімпіяд, а настаўнікаў – да працы з вучнямі па прадметных прыродазнаўчых напрамках, па павышэнні кваліфікацыі па спецыяльнасці.
Выкладчыкі факультэта рэгулярна праводзяць метадычныя семінары для педагагічных калектываў арганізацый-заказчыкаў кадраў. ПВС факультэта актыўна прыцягваецца для ўдзелу ў журы конкурсаў і прадметных алімпіяд, распрацоўкі тэставых заданняў для Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Удзел у пасяджэнні прынялі выпускнікі факультэта прыродазнаўства − Уладзіслаў Уладзіміравіч Жаўняровіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Сярэдняя школа №8 г. Барысава», старшыня камісіі па пытаннях экалогіі, добраахвотніцкага руху і ўстойлівага развіцця Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, і Юлія Дзмітрыеўна Сташкевіч, настаўнік хіміі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ДУА «Гімназія № 40 г. Мінска». У выступленнях яны падрабязна спыніліся на разнастайных формах супрацоўніцтва паміж факультэтам прыродазнаўства і ўстановамі адукацыі, падкрэслілі значэнне філіялаў кафедраў для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні.