На пасяджэнне былі запрошаны выкладчыкі фізічнай культуры, намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па выхаваўчай рабоце, прадстаўнікі спартыўнага клуба, спартыўнага комплекса, студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый БДПУ.
У пачатку пасяджэння рэктар А.І.Жук падкрэсліў, што фізічнае выхаванне з’яўляецца найважнейшым кампанентам працэсу фарміравання гарманічна развітай асобы. Таму пытанням фізічнага выхавання дзяцей і моладзі надаецца пільная ўвага на самым высокім дзяржаўным узроўні. На думку рэктара, для будучага педагога важная не толькі прафесійная кампетэнтнасць у канкрэтнай прадметнай галіне: у сучасным грамадстве праца настаўніка няпростая, яна патрабуе значных эмацыйных затрат, фізічнай падрыхтаванасці, стрэсаўстойлівасці. Па гэтых прычынах для студэнтаў нашага ўніверсітэта фізічнае здароўе, фізічная падрыхтоўка і фізічнае выхаванне з’яўляюцца асабліва актуальнымі.
Рэктар адзначыў, што ў БДПУ праводзіцца значная праца па фізічным выхаванні студэнцкай моладзі, створаны неабходныя ўмовы для эфектыўнага правядзення вучэбнай, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод студэнтаў. У апошнія гады гэтыя пытанні знаходзяцца пад асаблівым кантролем з боку рэктарата. Праблемы, звязаныя з фізічным выхаваннем студэнтаў, неаднаразова абмяркоўваліся на пасяджэннях Савета ўніверсітэта і рэктарата: разглядаліся пытанні здаровага харчавання студэнтаў, арганізацыя працы студэнцкага гарадка і інтэрнатаў, абмяркоўвалася праца факультэта фізічнага выхавання ў цэлым і профільных кафедраў у прыватнасці. Па выніках разгляду былі прыняты важныя рашэнні, якія сёння ўкараняюцца ў паўсядзённае жыццё ўніверсітэта.
Пачынаючы з 2014 года значна пашырылася і ўмацавалася спартыўная і матэрыяльна-тэхнічная база БДПУ: пасля рэканструкцыі адкрыты сучасны стадыён, функцыянуюць некалькі спартыўных залаў, дзейнічае спартыўны комплекс, які складаецца з сучаснага басейна, трэнажорнай залы, залы адзінаборстваў, залы для заняткаў фітнесам і аэробікай і шэрагу прыстасаваных памяшканняў для заняткаў фізічнай культурай. Таму ў сённяшніх студэнтаў і выкладчыкаў ёсць магчымасць больш актыўна займацца сваім фізічным здароўем.
З дакладам па разглядаемым пытанні выступіў дэкан факультэта фізічнага выхавання Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч. Дакладчык адзначыў, што выкладанне фізічнай культуры ажыццяўляецца з выкарыстаннем асобасна-арыентаванага падыходу да студэнтаў, з улікам стану іх здароўя і фізічнай падрыхтаванасці.
Важным сродкам забеспячэння студэнтаў інфармацыяй для самастойнага адсочвання дынамікі фізічнага стану з'яўляецца ўкараненне «Дзённікаў здароўя студэнта», якія запаўняюцца самімі студэнтамі на працягу ўсяго перыяду навучання і даюць магчымасць фіксаваць ўзровень развіцця фізічных якасцей.
У БДПУ праводзіцца круглагадовая спартакіяда па 16 відах спорту, рэгулярна арганізуюцца факультэцкія дні здароўя, спартыўнае свята «Трыумф», спартландыя першакурснікаў «Першы трыумф», спартыўныя спаборніцтвы па плаванні «Стартуем разам» і інш. У 2017 г. на стадыёне БДПУ ўпершыню быў рэалізаваны маштабны спартыўна-адукацыйны праект «Беларусіяда», у якім удзельнічалі каманды ўсіх раёнаў г. Мінска (усяго больш за 1,5 тыс. чалавек).
Паспяхова рэалізуюцца праекты, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця: «Будучыя педагогі за здаровы лад жыцця», «БДПУ – тэрыторыя здароўя», «Курыць не модна – модна не курыць», «Мой стыль жыцця сёння – маё здароўе і поспех заўтра», «Здаровая сям'я – здаровая нацыя». Студэнты і выкладчыкі БДПУ прызнаны самымі актыўнымі і арганізаванымі ўдзельнікамі Мінскіх паўмарафонаў 2015–2017 гадоў.
У БДПУ праводзіцца сістэмная праца па фарміраванні зборных камандаў для ўдзелу ў Рэспубліканскай універсіядзе. Пры падтрымцы рэктарата для студэнтаў-спартсменаў створаны неабходныя ўмовы для эфектыўнага спалучэння адукацыйнага і вучэбна-трэніровачнага працэсу; з мэтай прыцягнення ва ўніверсітэт прафесійных спартсменаў вядзецца мэтанакіраваная прафарыентацыйная праца. Пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў і першынстваў свету і Еўропы за апошнія 3 гады сталі звыш 60 студэнтаў БДПУ. Больш за 150 студэнтаў уваходзяць у склад нацыянальных і зборных камандаў Рэспублікі Беларусь па розных відах спорту. У 2016 годзе зборная каманда БДПУ заняла 4 месца ў агульным заліку Рэспубліканскай універсіяды.
Разам з тым было падкрэслена, што для павышэння задаволенасці студэнтаў якасцю адукацыйных паслуг пакуль яшчэ ў недастатковай ступені выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі. Патрабуе ўдасканалення сістэма фарміравання матывацыі студэнтаў да здаровага ладу жыцця і заняткаў фізічнай культурай.
Член рабочай групы па падрыхтоўцы пытання Уладзімір Сцяпанавіч Валчанкоў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Інстытута інклюзіўнай адукацыі, у сваім выступленні пазнаёміў членаў Савета з арганізацыяй вучэбна-метадычнай, навукова-даследчай, ідэалагічнай і выхаваўчай работы кафедры фізічнага выхавання і спорту. У.С. Валчанкоў сфармуляваў шэраг прапаноў па ўдасканаленні фізічнага выхавання студэнтаў, якія былі абмеркаваны падчас пасяджэння.
Мікалай Леанідавіч Страха, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта прыродазнаўства, ахарактарызаваў арганізацыю фізкультурна-масавай і аздараўленчай работы ў студэнцкім гарадку БДПУ. Ён зрабіў вывад, што студгарадок валодае разнастайнай матэрыяльна-тэхнічнай базай для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы са студэнтамі і прапанаваў праводзіць спартакіяду сярод інтэрнатаў БДПУ штогадова.
Таццяна Аляксандраўна Кузёмкіна, начальнік псіхалагічнай службы БДПУ, прааналізавала адносіны студэнтаў да дысцыпліны «Фізічная культура» і арганізацыі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Вынікі маніторынгу пацвердзілі, што для студэнтаў універсітэта побач з наяўнасцю шчаслівай сям'і найвышэйшай каштоўнасцю з’яўляецца здароўе. Паводле прадстаўленых вынікаў, большая частка студэнтаў, якія прынялі ўдзел у даследаванні (каля 96%), у цэлым задаволены ўзроўнем выкладання фізічнай культуры ў БДПУ. Пераважная большасць апытаных студэнтаў (амаль 90%) лічаць, што спартыўныя мерапрыемствы ва ўніверсітэце праходзяць на належным узроўні і сведчаць пра наяўнасць пазітыўнага ўплыву фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага жыцця ўніверсітэта на працэс фарміравання здаровага ладу жыцця студэнтаў.
Магістрант факультэта прыродазнаўства Аляксей Радзько падкрэсліў важнасць асабістага прыкладу педагога ў фарміраванні здаровага ладу жыцця. Выступоўца адзначыў, што за час яго навучання ў БДПУ магчымасці для заняткаў спортам істотна пашырыліся, і падзякаваў рэктарату за тэхнічнае забеспячэнне трэнажорных залаў.
Па ініцыятыве кіраўніцтва БДПУ была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы, накіраваныя на далейшае ўдасканаленне фізічнага выхавання студэнтаў у БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.