З інфармацыяй “Аб інтэграцыі ідэй устойлівага развіцця ў сістэму падрыхтоўкі будучых педагогаў” выступіла начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна. Дакладчык адзначыла, што ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў навуковы калектыў БДПУ працуе над НДР “Распрацаваць стратэгічныя напрамкі і механізмы мадэрнізацыі педагагічнай адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця”. Вынікам НДР стануць тэарэтыка-метадалагічныя падставы мадэрнізацыі педагагічнай адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця, якія дазволяць якасна пераўтварыць сістэму падрыхтоўкі педагагічных кадраў у Рэспубліцы Беларусь з улікам міжнароднага кантэксту і нацыянальнай спецыфікі.
Уключэнню ідэй устойлівага развіцця ў падрыхтоўку будучых педагогаў спрыяе дзейнасць Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, які займаецца пашырэннем вопыту адукацыйных АУР практык, надае асаблівую ўвагу асваенню механізмаў павышэння зацікаўленасці педагогаў у рэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці ідэй АУР, актывізацыі навуковых даследаванняў у галіне АУР праз арганізацыю і правядзенне тэматычных семінараў, трэнінгаў, выхаваўчых мерапрыемстваў. Каардынацыйны цэнтр займаецца распрацоўкай і апрабацыяй міждысцыплінарных заняткаў і праектаў у кантэксце ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця, папулярызуе ідэі ўстойлівага развіцця ў фармаце нефармальнай і інфармальнай адукацыі сярод студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, у тым ліку праз анлайн-доступ да навукова-метадычных і інфармацыйных рэсурсаў.
Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, прысвечаных праблематыцы ўстойлівага развіцця. Асобнае месца займае Міжнародны сімпозіум “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор”, якi традыцыйна праводзіцца ў БДПУ.
З мэтай укаранення ў сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі механізмаў рэалізацыі мадэлі ўніверсітэта 4.0 у БДПУ актывiзуецца дзейнасць Навуковай крамы. Яе паслугамі карыстаюцца ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі.
На аснове замежнага вопыту і абагульнення вопыту ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць сацыяльна-значныя практыкі АУР, Каардынацыйным цэнтрам рэалізаваны рэспубліканскі сацыяльна-адукацыйны праект “Арыентацыя на будучыя пакаленні”. У рамках праекту праведзены заняткі модульнага семінара “Фарміраванне кампетэнцый у галіне адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў сучаснай школе”. Удзельнікамі сталі больш за 2000 настаўнікаў, студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, навучэнцаў педагагічных класаў.
Практычна на ўсіх факультэтах і інстытутах пытанні праблематыкі УР i АУР знайшлі адлюстраванне ў тэматыцы курсавых, дыпломных работ студэнтаў і магістарскіх дысертацыях, што пашырае іх міждысцыплінарнасць і практыкаарыентаванасць.
Інклюзія ідэй і прынцыпаў УР адбываецца і ў працэсе пазааўдыторнай валанцёрскай студэнцкай дзейнасці. Заслугоўвае трансляцыі вопыт “Green Officе”, “Міжуніверсітэцкага клуба сяброў МУР”, Валанцёрскага атрада МУР БДПУ. Знаёмства з практыкамі і прынцыпамі АУР дазволіла ім выступіць каардынатарамі лакальных дзіцячых ініцыятыў у рамках арганізаваных Каардынацыйным цэнтрам рэспубліканскіх інтэрнэт-праектаў (“Прама ў Мэту!”, “МУР: думай і дзейнічай!”, “Устойлівы горад, дзе хочацца жыць”), медыяфестывалі “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё” i Фестывалі iнавацыйных АУР-практык.
Дэкан факультэта пачатковай адукацыі Наталля Уладзіміраўна Ждановіч, дацэнт кафедры методык дашкольнай адукацыі Алена Анатольеўна Рублеўская, старшы выкладчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі Наталля Станіславаўна Салагуб расказалі пра вопыт укаранення ідэй устойлівага развіцця ў сістэму падрыхтоўкі будучых педагогаў, у тым ліку праз дзейнасць СНДЛ “Устойлівае развіццё”, “Адукацыйныя практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, “Green STEAM”.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што шырокае ўкараненне метадалогіі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў адукацыйную палітыку і стварэнне спрыяльных умоў для ўключэння ідэй і каштоўнасцей устойлівага развіцця ў змест адукацыі – адна з прыярытэтных задач універсітэта. Праца ў гэтым кірунку мае мэтанакіраваны характар і ажыццяўляецца комплексна ў навукова-даследчай, навукова-метадычнай, вучэбнай і пазааўдыторнай валанцёрскай дзейнасці студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ. Разам з тым не ўсе факультэты і інстытуты ўкараняюць метадалогію адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў адукацыйную практыку. Ёсць магчымасці павышэння якасці выхаваўчага працэсу за кошт пашырэння валанцёрскай дзейнасці, пераймання лепшага замежнага і айчыннага вопыту рэалізацыі практык АУР. Неабходна актывізаваць дзейнасць выкладчыкаў як экспертаў Навуковай крамы з мэтай камерцыялізацыі іх навуковых дасягненняў і папулярызацыі метадычнага вопыту БДПУ.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.