З інфармацыяй «Аб выніках прыёмнай кампаніі 2020 года і задачах па яе ўдасканаленні ў 2021 годзе» выступіў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Аляксандр Аляксандравіч Корзюк. Дакладчык адзначыў, што прыёмная камісія БДПУ на высокім арганізацыйным узроўні правяла цэнтралізаванае тэсціраванне, прафарыентацыйную работу, унутраныя іспыты, забяспечыла фарміраванне на конкурснай аснове кантынгенту студэнтаў усіх формаў атрымання вышэйшай адукацыі I ступені.
Вынікам работы прыёмнай камісіі БДПУ стала выкананне планаў прыёму па дзённай (870 чалавек) і завочнай (275 чалавек) формах навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Універсітэт цалкам выканаў план прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі (217 чалавек). На першы курс БДПУ залічаны 171 медаліст і ўладальнік дыпломаў ССНУ і ПТВ з адзнакай (у 2019 г. – 153), 216 выпускнікоў ліцэяў і гімназій.
У 2020 годзе адбыўся чацвёрты набор выпускнікоў педагагічных класаў. На першы курс залічана 197 выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці (з якіх 136 паступілі па выніках субяседавання, 61 – па агульным конкурсе). Больш за ўсё выпускнікоў педагагічных класаў паступілі на спецыяльнасці філалагічнага факультэта – 39, факультэта пачатковай адукацыі – 35, Інстытута інклюзіўнай адукацыі – 24, фізіка-матэматычнага факультэта – 20 і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій – 19. Сярэдні бал атэстата выпускнікоў педкласаў складае 8,9 балаў; 1 з іх узнагароджаны залатым медалём, 22 выпускнікі маюць мэтавае накіраванне.
Самыя высокія конкурсы на дзённую бюджэтную форму навучання склаліся на спецыяльнасцях «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)» – 7,8 чал., «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» – 4,8 чал., «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць» – 3,1 чал., «Псіхалогія» – 2,7 чал. на месца.
На многія спецыяльнасці прахадныя балы выраслі ад 20 да 90 пунктаў. На спецыяльнасцях «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа» і «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)» прахадны бал склаў 300 (у 2019 г. адпаведна 289 і 285 балаў). Стабільныя прахадныя балы склаліся на факультэтах з самымі вялікімі наборамі. Так, на факультэце дашкольнай адукацыі пры плане набору 145 чалавек прахадны бал склаў 215. На факультэце пачатковай адукацыі пры наборы 125 чалавек – 261 бал.
На 7 спецыяльнасцей дзённай формы навучання (з 31) залічаны абітурыенты без уступных іспытаў (медалісты, выпускнікі педкласаў), а таксама абітурыенты з мэтавымі накіраваннямі. На спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» пры плане прыёму 20 чалавек на І курс залічана 17 выпускнікоў педкласаў (4 з якіх па мэтавым накіраванні) і 3 абітурыенты з мэтавымі накіраваннямі з баламі вышэй за 260. Аналагічная сітуацыя назіраецца на шэрагу спецыяльнасцей гістарычнага факультэта і факультэта фізічнага выхавання, у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі.
На восем спецыяльнасцей залічаны абітурыенты, якія набралі 300 і больш балаў: «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа», «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка», «Лагапедыя», «Беларуская мова і літаратура», «Псіхалогія», «Практычная псіхалогія», «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)».
Атрыманыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце, якую праводзіў універсітэт у 2019 / 2020 навучальным годзе. Рэктаратам, інстытутамі і факультэтамі выкарыстоўваліся разнастайныя метады правядзення прафарыентацыйнай работы: выступленні студэнтаў і выкладчыкаў перад школьнікамі ў рамках «Дзён адчыненых дзвярэй» (у анлайн-фармаце), «Зорнага паходу», падчас правядзення заключнага этапу ўніверсітэцкай інтэрнэт-алімпіяды, педагагічнай практыкі. Да гэтага напрамку работы актыўна падключыліся студэнты завочнай формы навучання. Істотная сумесная работа факультэтаў, прыёмнай камісіі і прэс-службы вялася ў сацыяльных сетках БДПУ і Youtube-канале ўніверсітэта. Адзначаюцца станоўчыя вынікі работы філіялаў кафедраў універсітэта па арыентацыі навучэнцаў на выбар педагагічных прафесій.
Разам з тым прыёмная кампанія 2020 г. выявіла шэраг праблем. На спецыяльнасцях «Алігафрэнапедагогіка», «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова», «Біялогія і геаграфія», «Біялогія і хімія», «Дашкольная адукацыя», «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа», «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура. Замежная мова», «Сацыяльная педагогіка», «Сацыяльная работа», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)», «Тыфлапедагогіка» і «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць» дзённай формы атрымання адукацыі, а таксама на спецыяльнасці «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны» завочнай формы атрымання адукацыі засталіся незапоўненыя месцы на платнай аснове.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што разгледжанае пытанне мае асаблівае значэнне для ўніверсітэта, паколькі ад таго, наколькі ўдала праведзена прыёмная кампанія, у многім залежыць і якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У апошнія гады было шмат зроблена па ўдасканаленні прафарыентацыйнай працы, аднак калектыву БДПУ нельга спыняцца на дасягнутым, а неабходна прапаноўваць і ўкараняць новыя падыходы ў працы з абітурыентамі. Неабходна прыняць дадатковыя меры па паляпшэнні выніковасці прыёмнай кампаніі, павышэнні якасці абітурыентаў за кошт узмацнення сувязяў паміж універсітэтам і навучальнымі ўстановамі, мэтанакіраванасці прафарыентацыйнай працы, больш актыўнага ўзаемадзеяння з вучнямі педагагічных класаў і іх бацькамі, пашырэнні камп’ютарнага суправаджэння ўступнай кампаніі, папулярызацыі Telegram-канала БДПУ.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.