У пасяджэнні прымалі ўдзел намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па вучэбнай рабоце, загадчыкі кафедраў.
На пачатку пасяджэння рэктар А.І. Жук адзначыў, што выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці БДПУ. Ва ўніверсітэце за апошнія гады створана неабходная інфраструктура для актыўнага ўкаранення сучасных інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку дыстанцыйных, у адукацыйны працэс.
З дакладам выступіла начальнік Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій Аксана Анатольеўна Мініч. Яна паведаміла, што ва ўніверсітэце выкарыстоўваюцца розныя тэхналогіі і сэрвісы электроннага навучання, у тым ліку тры сістэмы дыстанцыйнага навучання Moodle, прызначаныя для забеспячэння адукацыйнага працэсу ў БДПУ, правядзення адкрытых мерапрыемстваў і ажыццяўлення міжвузаўскага ўзаемадзеяння.
СДН Moodle ў БДПУ выкарыстоўваецца з 2008 г. і актыўна развіваецца ў апошнія 5 гадоў. Асноўная вучэбная платформа Moodle 3 змяшчае больш за 1300 вучэбных курсаў, налічвае звыш 12500 зарэгістраваных карыстальнікаў (у 7,6 разы больш, чым у 2015 г.); у 2019/2020 навучальным годзе былі створаны 673 курсы, зарэгістравана 260 новых выкладчыкаў.
З 2015 г. у БДПУ ўкараняецца правядзенне вебінараў і анлайн-мерапрыемстваў на ліцэнзійнай платформе Adobe Connect, з 2020 г. − на платформе BigBlueButton. На базе факультэтаў і інстытутаў абсталяваны спецыялізаваныя аўдыторыі з сучаснымі тэхнічнымі сродкамі відэаканферэнцсувязі. Штогод павялічваецца колькасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў анлайн-фармаце. Так, у 2019/2020 навучальным годзе праведзена звыш 1100 анлайн-мерапрыемстваў, у тым ліку: Х штогадовая Інтэрнэт-алімпіяда БДПУ па 15 школьных прадметах (4160 удзельнікаў), штогадовая алімпіяда па мастацтве (2500 удзельнікаў), фінальны тур Міжнароднай алімпіяды па педагогіцы для аспірантаў, дыстанцыйныя навучальныя курсы «Асновы працы ў СДН Moodle» для прафесарска-выкладчыцкага складу. Геаграфія ўдзельнікаў анлайн-мерапрыемстваў ахоплівае Беларусь, Азербайджан, Бразілію, Італію, Казахстан, Кітай, Літву, Нарвегію, Польшчу, Расію, Узбекістан, Украіну.
З мэтай эфектыўнага выкарыстання тэхналогій дыстанцыйнага навучання ў адукацыйным працэсе БДПУ створана сістэма метадычнай падтрымкі, якая рэалізуецца ў рамках сістэмы дадатковай адукацыі дарослых на базе ІПКіП БДПУ, а таксама на базе Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра «Сеткавая акадэмія педагогікі электроннага навучання», створанага ў межах рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі IESED. Праведзена 50 дыстанцыйных курсаў на рускай і англійскай мовах, распрацаваных выкладчыкамі БДПУ і ВНУ-партнёраў.
Метадычная падтрымка прафесарска-выкладчыцкага складу ажыццяўляецца па ўсіх асноўных напрамках выкарыстання тэхналогій дыстанцыйнага навучання ў БДПУ ў форме семінараў, кансультацый, дзейнасці ІТ-каманд кафедраў, уключэння ў працу СНДЛ. Для студэнтаў і выкладчыкаў распрацаваны анлайн-курсы для саманавучання на адукацыйнай платформе Stepik, курсы і метадычныя матэрыялы ў СДН Moodle.
Праводзімая праца дазволіла сфарміраваць супольнасць выкладчыкаў, якія могуць выконваць ролю экспертаў для павышэння якасці ствараемых электронных адукацыйных рэсурсаў для дыстанцыйнага навучання, а таксама стымуляваць кафедры да выкарыстання тэхналогій дыстанцыйнага навучання ў адукацыйным працэсе.
Разам з тым акрэсліўся шэраг праблем, якія ва ўмовах нарастаючай патрэбы выкарыстання тэхналогій дыстанцыйнага навучання патрабуюць свайго рашэння. Павелічэнне колькасці анлайн-мерапрыемстваў прывяло да павелічэння нагрузкі на ІКТ-інфраструктуру ўніверсітэта, што патрабуе прыняцця першачарговых мер па павышэнні яе працаздольнасці і адмоваўстойлівасці: аптымізацыі баз дадзеных сістэм дыстанцыйнага навучання, закупкі вэб-камер, ноўтбукаў, навушнікаў, камп’ютараў, сервера для дыстанцыйнага навучання, устаноўкі прафесійных сістэм відэаканферэнцсувязі ў аўдыторыях. Адзначаецца недастатковасць кантролю на ўзроўні дэканатаў, дырэктаратаў, вучэбна-дапаможнага персаналу факультэтаў і інстытутаў за тэхнічным станам камп’ютарнага абсталявання, своечасовай падрыхтоўкай вучэбнага абсталявання да пачатку чарговага навучальнага года. У асобных выпадках назіраецца няўзгодненасць выканання рамонтных агульнабудаўнічых работ і работ па пракладцы слабаточных сістэм. Прафесарска-выкладчыцкім складам недастаткова актыўна распрацоўваюцца інтэрактыўныя электронныя адукацыйныя рэсурсы і вучэбныя відэа-лекцыі.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.