На пасяджэнне былі запрошаны загадчыкі кафедраў факультэта фізічнага выхавання і адказныя за фізічнае выхаванне на факультэтах і ў інстытутах.
У пачатку пасяджэння А.І.Жук падкрэсліў, што фізічнае выхаванне з’яўляецца найважнейшым кампанентам працэсу фарміравання гарманічна развітай асобы. Праблема выпрацоўкі здаровага ладу жыцця, захавання здароўя студэнтаў з’яўляецца прынцыповай, паколькі далейшая прафесійная дзейнасць будучых выпускнікоў у многім залежыць ад стану іх здароўя. Таму для студэнтаў нашага ўніверсітэта пытанні фізічнага здароўя, фізічнай падрыхтоўкі і фізічнага выхавання з’яўляюцца асабліва актуальнымі.
З асноўным дакладам выступіў дэкан факультэта фізічнага выхавання Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч. Дакладчык адзначыў, што ва ўніверсітэце створана і развіваецца спартыўна-адукацыйнае асяроддзе, якое садзейнічае рэалізацыі вучэбнай, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы.
За арганізацыю вучэбнага працэсу па дысцыпліне “Фізічная культура” адказвае кафедра фізічнага выхавання і спорту. Фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую работу каардынуе спартыўны клуб “Педагог”.
Выкладанне дысцыплін ажыццяўляецца з выкарыстаннем асобасна-арыентаванага падыходу да студэнтаў, з улікам узроўню іх здароўя і фізічнай падрыхтаванасці. Адукацыйны працэс на кафедры фізічнай культуры і спорту забяспечваюць 42 выкладчыкі, аднак толькі 4 з іх маюць вучоныя ступені і вучоныя званні. Для рэалізацыі адукацыйных праграм на кафедры распрацавана і зацверджана ва ўстаноўленым парадку 10 вучэбных праграм, 2 электронныя вучэбна-метадычныя комплексы.
З мэтай правядзення комплекснай ацэнкі ўзроўню фізічнага стану студэнтаў і павышэння эфектыўнасці кіравання працэсам фізічнага выхавання кафедрай праводзіцца рэгулярны маніторынг, вынікі якога фіксуюцца ў электронным дзённіку здароўя.
У БДПУ рэгулярна арганізуецца круглагадовая спартакіяда студэнтаў. Колькасць відаў спорту ў ёй за справаздачны перыяд вырасла да 20. Павялічылася колькасць спартыўных секцый на базе студэнцкага гарадка з 16 да 25, а таксама колькасць студэнтаў, якія іх наведваюць, з 400 да 970. З мэтай арганізацыі актыўнага адпачынку і здаровага дасугу па месцы жыхарства студэнтаў штогадова праводзяцца спартакіяды сярод каманд інтэрнатаў студэнцкага гарадка, у якіх прымае ўдзел больш за 500 чал. У 2020 г. БДПУ заняў 2 агульнакаманднае месца ў Рэспубліканскай універсіядзе.
Ва ўніверсітэце рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы спартыўнай і аздараўленчай скіраванасці. Многія праекты сталі брэндам БДПУ і паслужылі развіццю карпаратыўнага духу сярод студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта (“Трыумф”, “Стартуем разам!”, “Гарбузовы фэст”, “Беларусіяда” і інш.).
Пастаянна пашыраецца і ўмацоўваецца спартыўная і матэрыяльна-тэхнічная база: функцыянуе стадыён і 3 спартыўныя залы, працуе спартыўны цэнтр, які ўключае ў сябе басейн, трэнажорную залу, залу адзінаборстваў і залу для заняткаў фітнесам і аэробікай, а таксама прыстасаваныя памяшканні на базе студэнцкага гарадка (трэнажорныя залы, залы для заняткаў настольным тэнісам, аэробікай, шэйпінгам). У гэтым вучэбным годзе каля вучэбнага корпуса №7 была адкрыта шматпрофільная спартыўная пляцоўка для заняткаў міні-футболам, валейболам і баскетболам.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што ў БДПУ праводзіцца значная праца па фізічным выхаванні студэнцкай моладзі, створаны неабходныя ўмовы для эфектыўнага правядзення вучэбнай, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод студэнтаў. У апошнія гады гэтыя пытанні знаходзяцца пад асаблівым кантролем з боку кіраўніцтва ўніверсітэта. Рэктар пазнаёміў членаў савета з вынікамі анкетавання, у якім прынялі ўдзел больш за 1600 студэнтаў усіх факультэтаў і інстытутаў. З іх 84 % у цэлым задаволены ўзроўнем выкладання дысцыпліны “Фізічная культура”. Разам з тым быў адзначаны пэўны фармалізм кафедры фізічнага выхавання і спорту пры распрацоўцы вучэбна-праграмнай, вучэбна-плануючай, справаздачнай дакументацыі, неэфектыўнае выкарыстанне вучэбнай і спартыўнай базы і нерацыянальнасць раскладу вучэбных заняткаў. Патрабуе ўдасканалення і перафармаціравання сістэма прафарыентацыйнай працы з абітурыентамі, якія маюць высокія спартыўныя дасягненні.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.