З асноўным дакладам выступіў дэкан факультэта фізічнага выхавання Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч. Дакладчык адзначыў, што адукацыйны працэс на факультэце арганізуецца і забяспечваецца ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, нарматыўнымі прававымі дакументамі Рэспублікі Беларусь, місіяй БДПУ і мэтамі ў галіне якасці БДПУ. Пытанні фарміравання прафесійных кампетэнцый сістэматычна разглядаюцца на пасяджэннях савета факультэта, навукова-метадычнага савета, кафедраў.
У адпаведнасці з дзеючымі адукацыйнымі стандартамі на факультэце ажыццяўляецца падрыхтоўка па 5 спецыяльнасцях I ступені атрымання вышэйшай адукацыі «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць», «Фізічная культура (лячэбная)», «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)», «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)», а таксама па спецыяльнасці «Фізічная культура і спорт» на II ступені атрымання вышэйшай адукацыі. Адукацыйны працэс на факультэт забяспечваюць 109 выкладчыкаў (79 штатных і 30 унутраных і знешніх сумяшчальнікаў), 25 чалавек (22,9%) маюць вучоныя ступені і званні, а таксама 27 чалавек маюць высокія спартыўныя званні (5 заслужаных трэнераў, майстры спорту міжнароднага класу, суддзі нацыянальнай катэгорыі).
Для рэалізацыі адукацыйных праграм на факультэце распрацавана і зацверджана ва ўстаноўленым парадку неабходная вучэбна-праграмная дакументацыя: вучэбныя планы, вучэбныя праграмы (49 дысцыплін для I ступені атрымання вышэйшай адукацыі і 16 дысцыплін для II ступені атрымання вышэйшай адукацыі), вучэбна-метадычныя комплексы (у рэпазіторыі БДПУ размешчаны 48 ЭВМК па 37 вучэбных дысцыплінах, 46 з якіх зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм, на платформе MOODLE апрабіруюцца 22 ІЭВМК). Па актуальных праблемах методык выкладання ў галіне фізічнай культуры студэнты распрацоўваюць і абараняюць групавыя і індывідуальныя праекты, кваліфікацыйныя працы.
Праграмы педагагічных практык утрымліваюць метадычныя рэкамендацыі для студэнтаў і магістрантаў, штогод дапаўняюцца практыкаарыентаванымі заданнямі.
Метадычныя рэкамендацыі і іншыя вучэбныя матэрыялы для студэнтаў і магістрантаў размешчаны на сайце факультэта і факультэцкіх старонках у сацыяльных сетках.
Для павышэння паспяховасці студэнтаў на факультэце на пастаяннай аснове ажыццяўляецца арганізацыя дадатковых заняткаў: індывідуальнае кансультаванне студэнтаў і дыстанцыйнае ўзаемадзеянне ў адпаведнасці з графікамі, зацверджаным кафедрамі, дадатковае індывідуальнае кансультаванне на пазабюджэтнай аснове, праца цьютараў з ліку найбольш актыўных і добра паспяваючых студэнтаў.
Выкладчыкі факультэта (пераважна кафедры медыка-біялагічных асноў фізічнага выхавання) выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі і формы навучання: тэхналогіі блочна-модульнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, навучання ў супрацоўніцтве «роўны навучае роўнага», навучанне ў малых групах; вучэбныя дыскусіі, блокі камп’ютарнага тэсціравання, комплексы электронных мультымедыйных прэзентацый, дыстанцыйныя курсы па вучэбных дысцыплінах у сістэме Moodle і інш. Для правядзення практычных заняткаў па асобных дысцыплінах спецыяльнасцей выкарыстоўваецца камп’ютарная праграма “Выкладчык”, якая дазваляе адначасовую дэманстрацыю вучэбнага матэрыялу на ўсіх камп’ютарах, якія знаходзяцца ў сетцы, а таксама індывідуальнае падключэнне, назіранне за працай і кансультаванне кожнага студэнта ў аўтаномным рэжыме. Па вучэбных дысцыплінах выкарыстоўваюцца спецыяльныя электронныя практыкумы на аснове праграмнага забеспячэння Office, AdobePhotoshop CS4 Portable, RasChT, Statistica, Карэляцыя, Тэст-экзаменатар. У ходзе лекцыйных заняткаў прымяняюцца прыёмы анлайн-рэжыму з наведваннем адукацыйных і навуковых сайтаў, выкарыстоўваюцца аддаленыя носьбіты («воблачныя тэхналогіі»), анлайн-мадэляванне рухаў спартыўных снарадаў з у праграмах Excel, Matcad, Ansys.
Вынікі навукова-даследчай работы кафедраў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы, мадэрнізацыі і аптымізацыі вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, укараняюцца ў працэс прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў, у адукацыйны працэс фізічнага выхавання навучэнцаў і лячэбна-карэкцыйны працэс.
Навуковыя работы студэнтаў і магістрантаў факультэта фізічнага выхавання штогод удзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў і маюць практыкаарыентаваны характар, што пацвярджаецца актамі аб укараненні ў адукацыйны і вытворчы працэс устаноў і арганізацый. Вынік удзелу – 6 дыпломаў за апошнія 3 гады (5 дыпломаў II ступені і 1 – III ступені), што з’яўляецца адносна невысокім паказчыкам у параўнанні з дасягненнямі студэнтаў іншых факультэтаў БДПУ. У 2020 г. на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў заяўлена 8 работ студэнтаў і магістрантаў.
Уладзімір Сцяпанавіч Валчанкоў, старшыня камісіі па падрыхтоўцы пытання, падкрэсліў, што камісія працавала па некалькіх напрамках: дзейнасць савета факультэта і НМС па планаванні і арганізацыі працы па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу; кадравы патэнцыял кафедраў; вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу; удзел студэнтаў у навукова-даследчай рабоце; арганізацыя педагагічных практык; якасць выкладання вучэбных дысцыплін і інш.
У.С.Валчанкоў зрабіў выснову, што на факультэце ажыццяўляецца дастаткова сур’ёзная праца па ўдасканаленні вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, але разам з тым адзначаецца пэўная нераўнамернасць удзелу кафедраў у рэалізацыі мерапрыемстваў па разглядаемым пытанні. Ад імя камісіі У.С.Валчанкоў выказаў шэраг прапаноў, якія атрымалі ўвасабленне ў пастанове Савета.
Аляксандр Іванавіч Жук, рэктар БДПУ, падводзячы вынікі абмеркавання, падкрэсліў, што, нягледзячы на праводзімую факультэтам фізічнага выхавання працу па ўдасканаленні вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, адзначаюцца аспекты, якія патрабуюць далейшага паляпшэння. Не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя формы працы, не па ўсіх дысцыплінах распрацаваны вучэбныя курсы на платформе MOODLE. Паспяховасць студэнтаў па выніках 2019 / 2020 навучальнага года ніжэйшая за мэтавыя паказчыкі БДПУ, што сведчыць пра неабходнасць узмацнення работы па фарміраванні вучэбнай матывацыі і стварэння больш эфектыўнай сістэмы педагагічнага ўзаемадзеяння выкладчыкаў са студэнтамі. На факультэце назіраецца вострая патрэба ў высокакваліфікаваных кадрах з вучонымі ступенямі і званнямі.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.