На пасяджэнні з дакладам выступіў рэктар Аляксандр Іванавіч Жук. Ён адзначыў, што ў 2023 г. фінансава-эканамічная дзейнасць БДПУ была накіравана на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021-2025 гады, фінансавага забеспячэння эфектыўнай дзейнасці ўсіх структурных падраздзяленняў універсітэта, павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, паляпшэнне сацыяльных і матэрыяльных умоў працы супрацоўнікаў.
Рэктар падкрэсліў, што за апошнія два гады бюджэтнае фінансаванне БДПУ павялічылася на 26 %. Асноўныя сродкі бюджэту накіроўваліся на заработную плату, стыпендыі і сацыяльныя выплаты, аплату камунальных плацяжоў, іншыя бягучыя і капітальныя выдаткі.
Выдаткі на заработную плату склалі 58 % ад агульнага аб’ёму выдаткаў. Заработная плата супрацоўнікаў універсітэта ў 2023 г. вырасла ў параўнанні з 2022 г. больш чым на 15 %, прафесарска-выкладчыцкага саставу – на 17 %, іншага персаналу – амаль на 15 %.
Вялікая ўвага надаецца стымуляванню якасці працы ўсіх работнікаў. У 2023 г. на выплату прэміі накіравана звыш 2 млн. руб., што на 24 % больш у параўнанні з папярэднім годам. Кожнаму работніку выплачвалася дадатковая прэмія да Дня настаўніка, Дня ўніверсітэта, Новага года, 23 лютага, 8 Сакавіка, дня Перамогі, па выніках навучальнага года. Усе супрацоўнікі ў снежні 2023 г. атрымалі матэрыяльную дапамогу.
На выплату стыпендый у 2023 г. было накіравана 6,4 млн. руб. Стыпендыю атрымліваюць больш за 92 % студэнтаў, якія навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту.
Уладальнікамі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца 8 студэнтаў БДПУ, імянных стыпендый – 28 чалавек. Штомесячную надбаўку (да 380 руб.) атрымліваюць 428 студэнтаў і 10 аспірантаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, навуковай і грамадскай працы. Матэрыяльную дапамогу атрымалі амаль 800 студэнтаў, прэмію – 542 студэнты.
У 2023 г. павысілася эфектыўнасць працы факультэтаў, інстытутаў і структурных падраздзяленняў па атрыманні даходаў ад аказання дадатковых платных паслуг. Універсітэтам забяспечана выкананне ўстаноўленага паказчыка па знешнеэканамічнай дзейнасці.
Большая частка даходаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці БДПУ, накіроўваецца на мадэрнізацыю і абнаўленне вучэбных карпусоў, інтэрнатаў, дапаможных памяшканняў.
Падагульняючы выступленне, А.І.Жук вызначыў асноўныя напрамкі развіцця фінансава-эканамічнай дзейнасці БДПУ на 2024 г. і наступныя гады:
- захаванне фінансавай стабільнасці ўніверсітэта;
- павышэнне пазабюджэтных даходаў за кошт дыверсіфікацыі іх відаў і пашырэння экспарту;
- выкарыстанне рынкавых механізмаў прыцягнення фінансавых сродкаў;
- аптымізацыю структуры расходаў і капітальных укладанняў на аснове максімальнай эканоміі.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.