Перад пачаткам працы Савета была арганізавана выстава-дэгустацыя прадукцыі прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў гандлёвага комплексу БДПУ.
На пачатку пасяджэння рэктар А.І.Жук адзначыў, што кіраўніцтвам універсітэта надаецца павышаная ўвага ўдасканаленню сістэмы грамадскага харчавання і павышэнню яго якасці, паколькі правільнае харчаванне з’яўляецца неад’емнай часткай здаровага ладу жыцця.
Дырэктар гандлёвага комплексу БДПУ Тамара Іванаўна Ражкаван у сваім выступленні паведаміла, што ўніверсітэтам выконваюцца ўсе асноўныя нарматыўныя дакументы па функцыянаванні сістэмы харчавання. Арганізацыю харчавання студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта ажыццяўляе гандлёвы комплекс, у структуры якога працуюць 2 сталовыя, 2 кафэ, 6 буфетаў і 1 кіёск, размешчаныя ў вучэбных карпусах і інтэрнатах студэнцкага гарадка. Паслугі гандлёвага комплексу ў сярэднім выкарыстоўваюць каля 3000 чалавек у дзень. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца сталовая № 1 (галоўны корпус) і «Наша кафэ» (вучэбны корпус № 7). Рэжым работы гандлёвых аб’ектаў узгоднены з графікам правядзення вучэбных заняткаў.
Дадзеныя маніторынгу сведчаць, што сярэдні кошт абеду ў пунктах харчавання БДПУ ў верасні 2018 года знаходзіўся ў дыяпазоне ад 1,75 да 4 руб. Пастаўшчыкамі прадукцыі з’яўляюцца больш за 30 прадпрыемстваў і арганізацый. Нізкі ўзровень коштаў падтрымліваецца шляхам заключэння прамых дагавораў з вытворцамі зыходнай сыравіны і прадуктаў харчавання. У цэлым аб’екты харчавання ўніверсітэта выконваюць асартыментныя пералікі, правілы гандлю, тэрміны рэалізацыі прадуктаў. Вынікі анкетавання студэнтаў і супрацоўнікаў паказваюць, што большасць рэспандэнтаў (87,3%) ацэньваюць узровень арганізацыі харчавання ў БДПУ як дастаткова высокі.
Першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева падкрэсліла, што за апошнія 2 гады была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база гандлёвага комплексу, у сталовай № 1 пашыраны вытворчыя памяшканні, адрамантаваны кандытарскі цэх, складскія памяшканні, абноўлены абедзенныя залы. У 2017 годзе пасля рамонту адкрыты «Наша кафэ» і «Дашкольнае кафэ».
З мэтай узмацнення кантролю за якасцю харчавання і абслугоўвання студэнтаў i работнiкаў у БДПУ створана грамадская камісія па кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання пад кіраўніцтвам прарэктара А.А. Юшчыка. У склад камісіі ўваходзяць дэканы факультэтаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Штодня членамі камісіі ажыццяўляецца маніторынг якасці прыгатаваных страў, культуры абслугоўвання і эстэтычнага афармлення абедзенных залаў.
Як паведаміла С.І. Копцева, універсітэтам сумесна з 33-й гарадской студэнцкай паліклінікай зацверджана «Комплексная праграма па ўмацаванні здароўя студэнтаў на 2018-2021 гады». Адным з напрамкаў Праграмы з’яўляецца арганізацыя збалансаванага рацыянальнага харчавання, што прадугледжвае забеспячэнне навучэнцаў рэгулярнай гарачай ежай, пашырэнне асартыменту страў у сталовых універсітэта, правядзенне вітамінізацыі страў, арганізацыю танных комплексных абедаў, а таксама ажыццяўленне кантролю за арганізацыяй грамадскага харчавання з боку рэктарата і грамадскіх арганізацый. З мэтай далучэння студэнтаў да культуры правільнага харчавання і фарміравання здаровага ладу жыцця ў БДПУ рэалізуюцца праекты «Мой стыль сёння – маё здароўе і поспех заўтра!», «Разам – да здароўя нацыі!», «Будучыя педагогі – за здаровы лад жыцця!», «Гарбузовы фэст», «Восеньскія прысмакі». Напярэдадні Сусветнага дня сэрца ў верасні 2018 года для студэнтаў і работнікаў БДПУ былі праведзены выязныя кансультацыі ўрачоў РНПЦ «Кардыялогія», а таксама лекцыі па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў, дзе шырока асвятляліся пытанні здаровага харчавання.
Такім чынам, у БДПУ створаны ўсе неабходныя ўмовы для забеспячэння студэнтаў і супрацоўнікаў якасным, даступным і збалансаваным харчаваннем. Разам з тым было адзначана, што існуе патрэба ў далейшым умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлёвага комплексу. У апошні час у аб’ектах харчавання БДПУ назіраецца высокая цякучасць кадраў. З мэтай павышэння прывабнасці паслуг гандлёвага комплексу неабходна часцей арганізоўваць выставы-продажы вырабаў уласнай вытворчасці і выпечкі.
Выступленне старшыні Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДПУ Вольгі Мікалаеўны Дымковай было прысвечана працы камісіі па кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання ў БДПУ. Па словах выступоўцы, у БДПУ наладжаны здаровы дыялог адміністрацыі гандлёвага комплексу, кіраўніцтва ўніверсітэта і прафсаюзнага актыву. В.М. Дымкова адзначыла станоўчую дынаміку ў цэнаўтварэнні на паслугі гандлёвага комплексу: у меню забяспечаны асартымент страў, кошт якіх дазваляе студэнтам складаць комплексны абед вартасцю да 2 рублёў, а таксама сфармулявала шэраг прапаноў па паляпшэнні сістэмы арганізацыі харчавання ў БДПУ.
Па ініцыятыве рэктара БДПУ было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.