З дакладам выступіла дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі Святлана Міхайлаўна Кабачэўская. Дакладчык адзначыла, што на факультэце праводзіцца паслядоўная работа па ўсіх напрамках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Створана сістэма кіравання выхаваўчай і ідэалагічнай работай, у яе структуру ўваходзяць калегіяльныя органы: савет факультэта, навукова-метадычны савет, савет куратараў, органы студэнцкага самакіравання.
Выхаваўчая работа са студэнтамі праводзіцца ў вучэбных карпусах, у інтэрнатах студэнцкага гарадка, на базе ўстаноў адукацыі г. Мінска, а таксама ў музеях, тэатрах, бібліятэках. Мерапрыемствы, праектная дзейнасць факультэта маюць практыкаарыентаваны характар і накіраваны на фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў, выхаванне асоб, якія валодаюць высокімі грамадзянскімі і патрыятычнымі якасцямі, духоўна-маральнай і эстэтычнай культурай.
У адукацыйным працэсе выкарыстоўваецца патэнцыял вучэбных дысцыплін мастацка-эстэтычнай скіраванасці з мэтай асваення навучэнцамі культурных каштоўнасцей, створаных на беларускіх землях у працэсе гістарычнага развіцця.
Грамадзянская пазіцыя навучэнцаў фарміруецца таксама ў працэсе работы над курсавымі і дыпломнымі праектамі, магістарскімі дысертацыямі. Іх тэматыка адлюстроўвае духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне асобы на аснове гістарычных традыцый, народнай культуры Беларусі.
Сістэма куратарскай працы на факультэце ахоплівае студэнтаў 1−3 курсаў. Важным элементам дзейнасці куратараў з’яўляецца ініцыіраванне імі і рэалізацыя са студэнтамі аўтарскіх праектаў сумесна з установамі адукацыі і культуры («Айчыне служым», «Майстрам народная песні», «Лялька ваеннага і пасляваеннага часу» і інш.). Абмену вопытам па арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай працы куратараў садзейнічае правядзенне адкрытых куратарскіх гадзін.
Належная ўвага адводзіцца развіццю студэнцкага самакіравання і фарміраванню лідарскіх якасцей будучых настаўнікаў. Гэтаму спрыяе валанцёрскі і студатрадаўскі рух. Традыцыйна на факультэце фарміруецца педагагічны атрад «Ліра», у склад якога ўваходзяць 15 студэнтаў факультэта. Падчас трэцяга працоўнага семестра студэнты факультэта працуюць у складзе ўніверсітэцкіх атрадаў «Сузор’е» і «Ветразь». На працягу шэрага гадоў на факультэце актыўна працуе валанцёрскі атрад «Вясёлка», які аб’ядноўвае 52 студэнты.
Адмысловая ўвага ў ідэалагічнай і выхаваўчай працы факультэта надаецца фарміраванню грамадзянска-патрыятычных каштоўнасцей будучых педагогаў у рамках атрада «Зорны фэст» (38 чалавек) − актыўнага ўдзельніка Зорных паходаў студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. У 2022 г. упершыню ўдзельнікамі сталі студэнты і выкладчыкі з Арменіі і Таджыкістана.
Напярэдадні Дня Перамогі факультэт праводзіць Міжнародны вакальна-харавы фестываль-конкурс «Песні, апаленыя вайной», у якім штогод прымаюць удзел больш за 1000 сольных выканаўцаў і творчых калектываў з розных краін свету.
На факультэце функцыянуюць 17 творчых калектываў і аб’яднанняў, з якіх 3 маюць статус універсітэцкіх і званне «народны». У клубных фарміраваннях бяруць удзел больш за 80 % студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі. За 2019-2022 гг. творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы сталі ўладальнікамі больш за 200 дыпломаў лаўрэатаў рэспубліканскіх, міжнародных фестываляў і конкурсаў, удзельнікамі звыш 200 канцэртных праграм.
Істотная ўвага на факультэце надаецца працы з замежнымі студэнтамі. З мэтай стварэння спрыяльных умоў для адаптацыі да жыцця і вучобы, далучэння студэнцкай моладзі да міжкультурнай супольнасці, павышэння міжнароднага іміджу прафесіі настаўніка мастацтва, інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі рэалізуецца культурна-адукацыйны праект «Партытура міжнароднага поспеху: узаемадзейнічаем і ствараем разам». У 2021 г. гэты праект стаў пераможцам і ўдастоены прэміі асацыяцыі ўсходнееўрапейскіх універсітэтаў у сферы інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі ў Расіі і СНД.
Удзел у пасяджэнні прынялі выпускнікі факультэта эстэтычнай адукацыі − Юрый Саламонаў, галоўны мастак Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дыпламант міжнародных тэатральных фестываляў і конкурсаў, і Таццяна Князева, кіраўнік узорнага хору «Элегія» гімназіі № 5 г. Гродна, дзіцячай студыі эстраднага вакалу «Яварынка». У выступленнях яны падкрэслілі вялікую ролю выкладчыкаў факультэта ў станаўленні свайго прафесійнага майстэрства, а таксама падзяліліся ўспамінамі пра гады, праведзеныя ў БДПУ.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні.

WI-FI




















