На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і намеснікі дырэктараў інстытутаў па навуковай рабоце, загадчыкі кафедраў.
У пачатку пасяджэння А.І.Жук адзначыў, што навуковая дзейнасць з’яўляецца вельмі важным напрамкам працы ўніверсітэта. БДПУ ўжо двойчы быў прызнаны найлепшай навуковай арганізацыяй краіны. Гэта невыпадкова, таму што ў нашай ВНУ актыўна ажыццяўляюцца як фундаментальныя, так і прыкладныя даследаванні, паспяхова абараняюцца шматлікія кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, плённа развіваецца студэнцкая навука.
З асноўным дакладам выступіла дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вера Васільеўна Мартынава. Дэкан адзначыла, што
факультэтам арганізавана сістэма навукова-даследчай дзейнасці, якая носіць фундаментальны і навукова-прыкладны характар, прадстаўлена разнастайнымі формамі арганізацыі і арыентавана на павышэнне якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.
На факультэце працуе 41 штатны супрацоўнік з ліку асоб прафесарска-выкладчыцкага складу, з іх 21 мае вучоную ступень кандыдата навук і 2 – вучоную ступень доктара навук.
ПВС факультэта ажыццяўляе кіраўніцтва і прымае ўдзел у выкананні шэрага навуковых даследаванняў рознага ўзроўню па прыярытэтных напрамках развіцця навукі і адукацыі Рэспублікі Беларусь (распрацоўваецца 12 розных праектаў).
Па выніках праведзеных даследаванняў на працягу 2021–2023 гг. апублікавана 5 навуковых манаграфій, звыш 880 артыкулаў у навуковых выданнях.
Вынікі НДР адлюстроўваюцца ў навукова-метадычнай рабоце ПВС факультэта. Распрацаваны і ўкаранёны адукацыйныя рэсурсы, якія забяспечваюць падрыхтоўку спецыялістаў па спецыяльнасцях агульнай і паглыбленай вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, у іх ліку: 8 адукацыйных стандартаў, больш за 20 вучэбных планаў і больш за 250 вучэбных праграм, каля 60 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
На кафедрах факультэта ў 2021–2023 гг. навучаліся каля 80 аспірантаў, саіскальнікаў і дактарантаў, падрыхтоўку большасці з іх забяспечвала кафедра педагогікі.
На факультэце працуюць СНТ і 8 СНДЛ, 2 з якіх – міжнародныя. Больш за 30 навукова-даследчых праектаў, распрацаваных у рамках удзелу студэнтаў у СНДЛ, удастоены дыпломаў I ступені на конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню.
Каля 40% дыпломных работ выконваецца студэнтамі па заяўках устаноў – заказчыкаў кадраў. Студэнтамі распрацаваны, рэалізаваны і прадстаўлены ў дыпломных работах, выкананых па заяўках устаноў адукацыі, больш за 50 навукова-даследчых праектаў.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.