Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка
Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка

Университет

26 декабрь 2018

Адбылося пасяджэнне Савета ўніверсітэта

На пачатку пасяджэння рэктар А.І. Жук адзначыў, што выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўніверсітэта.

Дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Сяргей Іванавіч Васілец у сваім выступленні паведаміў, што ў адпаведнасці з Канцэпцыяй інфарматызацыі БДПУ на 2015−2018 гады, рашэннямі Савета БДПУ ў адукацыйным працэсе на фізіка-матэматычным факультэце ўкараняецца дыстанцыйнае навучанне, прэзентацыйныя тэхналогіі, вікі-тэхналогіі, 3D-мадэляванне, дапоўненая рэальнасць, сэрвісы WEB 2.0 і інш. У якасці сеткавых тэхналогій выкарыстоўваюцца: лакальная сетка БДПУ, воблачныя тэхналогіі, сайты ўніверсітэта, факультэта, кафедраў, блогі выкладчыкаў, сістэма для правядзення вэбінараў Adobe Acrobat Connect, электронная пошта.

Акрамя падрыхтоўкі настаўнікаў інфарматыкі факультэт забяспечвае фарміраванне ІКТ-кампетэнцый будучых педагогаў на няпрофільных спецыяльнасцях іншых факультэтаў і інстытутаў. Па завяршэнні курса «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» студэнты абараняюць праект у галіне выкарыстання камп’ютарных тэхналогій у адукацыйным працэсе ў адпаведнасці са сваёй спецыяльнасцю. У 2018−2019 навучальным годзе пачаліся заняткі ў рамках факультатыву «Асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі» для студэнтаў  факультэтаў  пачатковай адукацыі і дашкольнай адукацыі. На факультэце дашкольнай адукацыі пачала працаваць СНДЛ «Фарміраванне даследчых кампетэнцый выхавальніка дашкольнай адукацыі ў галіне прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІТ-дзяцінства)» (кір. Г.Ф. Клімовіч).

Дакладчык адзначыў, што ў лістападзе 2017 г. пры садзейнічанні ААТ «Пріорбанк», ААТ «БайТэхСалюшн», ААТ «Сістэмныя тэхналогіі», Асацыяцыі па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій «Адукацыя для будучыні» на фізіка-матэматычным факультэце быў адкрыты «Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі» (РРЦАР). На базе рэсурснага цэнтра ў 2018 г. былі праведзены 6 курсаў павышэння кваліфікацыі па адукацыйнай праграме «Асновы адукацыйнай робататэхнікі для рэалізацыі праграм факультатыўных заняткаў», на якіх займаліся больш за 90 настаўнікаў школ і супрацоўнікаў БДПУ. Арганізавана звыш 50 экскурсій для школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, замежных дэлегацый. У рэсурсным цэнтры навучэнцы гімназій г. Мінска вывучаюць асновы праграмавання і  робататэхнікі.

На базе РРЦОР у жніўні бягучага года сумесна з Асацыяцыяй «Адукацыя ў мэтах устойлівага развіцця» прайшоў форум распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння (хакатон) для школьнікаў. У лістападзе 2018 г. у рэсурсным цэнтры сумесна з асацыяцыяй «Адукацыя для будучыні» ў рамках круглага стала, прысвечанага праблемам STEAM-адукацыі, праведзены майстар-клас па робататэхніцы. У РРЦАР на працягу навучальнага года праходзяць вучэбныя заняткі па праграмаванні, робататэхніцы, методыцы выкладання інфарматыкі са студэнтамі фізіка-матэматычнага факультэта.

На базе РРЦАР арганізавана праца трох факультэцкіх СНДЛ («8 біт», «Дыдыктатрон», «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі») і  запланавана рэалізацыя актуальнага адукацыйнага праекту «Разумны дом» (распрацоўка кап’ютарызаванай інтэлектуальнай сістэмы функцыянавання будынку, якая падтрымлівае бяспеку, рэсурсазберажэнне і камфорт карыстальнікаў).

Па словах С.І. Васільца, на працягу 2017–2018 гг. фізіка-матэматычны факультэт сумесна з цэнтрам развіцця інфармацыйных тэхналогій, філалагічным факультэтам і факультэтам сацыяльна-педагагічных тэхналогій удзельнічае ў міжнародным праекце «Інавацыйная адукацыя ў сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця» (IESED) праграмы Erasmus+. Па выніках праекту у вучэбныя праграмы спецыяльнасцей факультэта ўнесены змяненні, накіраваныя на выкарыстанне сучасных інавацыйных метадаў навучання, а ў вучэбныя планы ўключаны 6 новых факультатываў. На факультэце распрацаваны праект стварэння лабараторыі лічбавага мадэлявання фізічных працэсаў і абсталявання лекцыйнай аўдыторыі фізічных дэманстрацый (аўд. 102, 106, корп. 3). Плануецца стварэнне ўніверсітэцкага педагагічнага STEAM-парка, у склад якога ўвойдуць рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, лабараторыя, планетарый, STEAM-цэнтр факультэта прыродазнаўства.

Дацэнт кафедры педагогікі Вераніка Мікалаеўна Пунчык, якая з’яўляецца выпускніцай фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ, у сваім выступленні адзначыла, што менавіта на факультэце быў закладзены той трывалы падмурак, які з аднаго боку дазваляе ўпэўнена адчуваць сябе ў прафесійным аспекце, а з другога − забяспечвае шырокую платформу для бесперапыннай адукацыі. На яе думку, педагогіка ў педагагічным універсітэце мае асаблівы статус, яна з'яўляецца не проста інструментам і часткай сацыяльна-педагагічных тэхналогій, а выступае метадалагічнай падставай, агульным сістэмаўтваральным пачаткам усіх прыватных методык, пры гэтым не ўступае ў канкурэнтную барацьбу са зместам выкладаемых канкрэтных дысцыплін (матэматыкі, фізікі, геаграфіі, мовы і інш.). Менавіта гэтая метаідэя была закладзена ў аснову міжфакультэцкага студэнцкага адукацыйнага фестывалю «Педагагічныя магчымасці інфармацыйных тэхналогій», флагманам якога выступілі студэнты фізіка-матэматычнага факультэта. На ім былі рэалізаваны прынцыпы міждысцыплінарнасці, інтэграцыі, уключэння студэнтаў у сацыяльна важны  працэс стварэння ўласных адукацыйных прадуктаў.

Па выніках міжфакультэцкага студэнцкага адукацыйнага фестывалю «Педагагічныя магчымасці інфармацыйных тэхналогій» 14 лепшых відэаролікаў з 40 прадстаўленых рэкамендаваны арганізатарамі для выкарыстання ў адукацыйным працэсе нашага ўніверсітэта і размешчаны ў відэарэпазіторыі БДПУ.

В.М. Пунчык падкрэсліла, што лічыць вопыт фізіка-матэматычнага факультэта па выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе пазітыўным і вартым пераймання.

Студэнтка 2-га курса фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Ксенія Цішкевіч падзялілася асабістым вопытам выкарыстання інавацыйных тэхналогій падчас паступлення ва ўніверсітэт і ў працэсе навучання. Яна адзначыла, што ўжо на першым курсе студэнты мелі магчымасць пазнаёміцца з працай рэсурснага цэнтра, дзякуючы чаму здолелі паспяхова авалодаць графічнымі рэдактарамі CorelDraw, Fotoshop і праграмамі для анімацыі і мадэлявання Flash, 3d Мах. Рэсурсны цэнтр дазваляе ў індывідуальным рэжыме прапрацаваць лабараторныя заданні,  падрыхтавацца да заняткаў, выконваць разнастайныя разлікі, праводзіць даследаванні ў спецыяльным матэматычным асяроддзі.

Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, А.І. Жук адзначыў, што ва ўніверсітэце створана неабходная інфраструктура для выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Разам з тым маюцца і нявыкарыстаныя магчымасці для паляпшэння якасці адукацыйнага працэсу за кошт развіцця сістэмы дыстанцыйнага навучання, распрацоўкі новых і мадэрнізацыі дзеючых вучэбных праграм. Неабходна актывізаваць выкарыстанне блогаў і асабістых кабінетаў прафесарска-выкладчыцкага складу, распрацоўку сучасных ЭВМК, палепшыць планаванне сцэнарыяў, запіс і размяшчэнне «залатых» лекцый вядучых выкладчыкаў універсітэта.

Па ініцыятыве рэктара БДПУ было прынята некалькі важных рашэнняў, накіраваных на пашырэнне выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе ўніверсітэта.

Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе дасланы ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.

Фотогалерея

К следующим новостям