Традыцыйным фарматам святкавання для краіны стала правядзенне дыктоўкі на беларускай мове. Наш універсітэт не стаў выключэннем. У мінулым годзе па ініцыятыве студэнцкага савета і філалагічнага факультэта БДПУ першы раз была праведзена агульнаўніверсітэцкая дыктоўка. У гэтым годзе удзельнікаў стала больш, бо далучыліся вучні педкласаў з усёй Беларусі.
Адкрыў мерапрыемства народны літаратурны тэатр «Жывое слова» літаратурнай кампазіцыяй па творах класікаў беларускай літаратуры, сярод якіх сёлетні юбіляр Максім Танк, якому споўнілася б 110 гадоў.
Дыктавала тэкст выкладчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Вольга Прыгун. Сёлета адзначаюцца 140-гадовыя юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, таму быў выбраны фрагмент тэкста, звязаны з іх творчасцю. Мадэратарам мерапрыемства стала рэжысёр цэнтра студэнцкай творчасці, кіраўнік народнага літаратурнага тэатра «Жывое Слова» Алеся Сівохіна.
У дыктоўцы прынялі ўдзел 51 студэнт БДПУ, а таксама анлайн далучыліся супрацоўнікі ўніверсітэта і прафесарска-выкладчыцкі склад. Падчас трансляцыі на афіцыйным YouTube-канале БДПУ было зафіксавана 669 падключэнняў.