− Сёння такі праект будзе надзвычай актуальным, бо жывыя сустрэчы з цікавымі людзьмі падмяняюцца наплывам віртуальнай інфармацыі, у якой губляецца новае пакаленне студэнтаў. У клубе творчых дыялогаў студэнты бліжэй пазнаёмяцца з творчасцю аднаго з вядомых дзеячаў беларускай культуры, класіка ці сучасніка. Мэта праекта – далучыць студэнтаў да дасягненняў айчынных творцаў у галіне літаратуры і іншых відаў мастацтва,– лічыць рэжысёр тэатра «Жывое слова» Алесь Мойскі.
Першая сустрэча студэнтаў адбудзецца з Таццянай Сяргееўнай Грахоўскай – дачкой вядомага паэта, выпускніка Мінскага педагагічнага інстытута Сяргея Грахоўскага. Бібліятэка БДПУ падрыхтавала выставу кніг Сяргея Грахоўскага і фота-відэапрэзентацыю да клубу творчых дылогаў, які будзе насіць назву «Сустрэча першая. 19 гадоў». Таццяна Сяргееўна з’яўляецца перакладчыкам кнігі бацькі «19 лет», якая нядаўна была прэзентавана ў Мінску і перададзена ў бібліятэку БДПУ. Гэта дакументальныя аповесці аўтабіяграфічнага зместу, у якіх аўтар узгадвае сваё жыццё ў лагерах і ссылках, дзе пісьменнік правёў 19 гадоў. Сяргей Грахоўскі лічыў сваім галоўным абавязкам расказаць пра свой час, сваіх сучаснікаў і сяброў, якія назаўжды засталіся маладымі.
У сваю чаргу народны літаратурны тэатр «Жывое слова» рыхтуе да гэтай сустрэчы кампазіцыю па творах Сяргея Грахоўскага, пасля якой студэнты змогуць задаць свае пытанні Таццяне Сяргееўне, а таксама мадэратар з ліку «жываслоўцаў» прапануе дачцэ паэта расказаць цікавыя факты з гісторыі сваёй сям’і і падзяліцца ўражаннямі ад выступлення тэатра.
Пачатак мерапрыемства а 15 гадзіне па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая (382 аўдыторыя). Тэатр «Жывое слова» і бібліятэка БДПУ запрашаюць выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.
Даведачна:
Розныя пакаленні ўдзельнікаў тэатра «Жывое слова» ладзілі сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, дзеячамі культуры і навукоўцамі. Напрыклад, у лістападзе 2012 г. да 100-годдзя народнага паэта Беларусі Максіма Танка тэатр «Жывое слова» паказаў літаратурна-музычную кампазіцыю «Пуцявінамі жыцця Максіма Танка», пасля якой адбылася сустрэча з даследчыкам яго творчасці, дацэнтам кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, кандыдатам філалагічных навук Анатолем Іванавічам Вераб’ём.
Студэнты даведаліся, чаму іх універсітэт носіць імя менавіта гэтага паэта, а Анатоль Іванавіч адказаў на ўсе пытанні аўдыторыі, ухваліў кампазіцыю, зробленую тэатрам «Жывое слова» і распавёў яшчэ шмат цікавых фактаў пра жыццё і творчасць Максіма Танка. Таксама ў гэтым тэатральным сезоне запланавана яшчэ некалькі сустрэч у межах праекта.