У клубе творчых дыялогаў адбылася сустрэча з Таццянай Грахоўскай – дачкой выпускніка педагагічнага інстытута і вядомага беларускага паэта Сяргея Грахоўскага. У мінулым годзе споўнілася 80 гадоў з моманту страшных сталінскіх рэпрэсій, большасць з якіх адбылася ў 1937 годзе. Падпала пад іх і творчая інтэлегенцыя Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Сярод рэпрэсаваных быў і выпускнік літфака Сяргей Грахоўскі.
Сёння Сяргея Іванавіча ведаюць як вядомага ў Беларусі і за яе межамі пісьменніка, якога, на жаль, ужо няма ў жывых. Але яго alma mater наведала дачка Т. Грахоўская, з якой сустрэліся студэнты гістарычнага і філалагічнага факультэтаў БДПУ, каб задаць хвалюючыя пытанні. Нядаўна Таццяна Сяргееўна выдала кнігу дакументальных аповесцей «19 лет», а менавіта столькі гадоў сумарна яе бацька правёў у ссылцы.
− Першая сустрэча клуба творчых дыялогаў адмыслова прайшла пад назвай «Сустрэча першая. 19 гадоў», бо большасці ўдзельнікаў тэатра «Жывое слова» сёння таксама каля дзевятнаццаці. І гэтай сустрэчай мы хацелі данесці, што нашы беларускія пісьменнікі таксама былі студэнтамі, таксама стваралі і марылі, а не толькі глядзяць сур’ёзнымі пасівелымі тварамі са школьных падручнікаў, – распавяла кіраўнік тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна.
Падчас паседжання клуба творчых дыялогаў бібліятэка БДПУ падрыхтавала цудоўную выставу і мультымедыйную прэзентацыю не толькі кніг Сяргея Грахоўскага, але і артыкулаў у газетах і часопісах ўласна яго аўтарства і матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта.
«Жываслоўцы» паказалі літаратурную кампазіцыю з вершаў Сяргея Іванавіча, у якіх цэнтральным вобразам стаў паэт, маладосць якога была страчана, як тыя «рукапісы, што згарэлі» і былі знішчаны НКУС і ДПУ. Але ў кнігах захоўваецца памяць пра падзеі даўніны, і менавіта літаратурныя творы са сцэны заўсёды даносіць «Жывое слова».
Удзельніца тэатра Святлана Чыжык выступіла мадэратарам адкрытай гутаркі з дачкой пісьменніка Таццянай Грахоўскай, якая напрыканцы сустрэчы прачытала любімыя вершы бацькі і расказала пра лёс сваёй сям’і, пра настаўніцкую дзейнась Сяргея Грахоўскага і яго бязмежную любоў да дзяцей.
У гэтым тэатральным сезоне запланавана яшчэ некалькі сустрэч у межах клуба творчых дыялогаў. І вясной адбудзецца «Сустрэча другая», куды тэатр «Жывое слова» і бібліятэка БДПУ запрашаюць студэнтаў і выкладчыкаў, якія могуць сачыць за абвесткамі ва ўніверсітэце, на афіцыйным сайце і ў сацыяльных сетках.