Наталля Сцяпанаўна Старжынская працуе ў БДПУ амаль 30 гадоў: спачатку дацэнтам на кафедры методык дашкольнай адукацыі факультэта дашкольнай адукацыі, потым – загадчыкам гэтай кафедры, а зараз прафесарам.
Галіной навуковых даследаванняў Н.С. Старжынскай з’яўляецца маўленчае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту, навучанне беларускай мове дашкольнікаў, лінгвістыка дзіцячага маўлення, падрыхтоўка дзяцей да навучання грамаце. Яна распрацавала канцэпцыю маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту ў Беларусі, у межах якой праводзяцца даследаванні па развіцці маўлення і навучання роднай мове дзяцей ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму.
Н.С. Старжынская мае больш за 450 навуковых і метадычных работ, у тым ліку 45 кніг і звыш 20 вучэбна-метадычных праграм. Пад яе кіраўніцтвам абаронена шэсць дысертацыйных даследаванняў на прысваенне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук, два з якіх былі прызнаныя Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь лепшымі даследчымі работамі года. Два аспіранты БДПУ, якія выконваюць свае даследаванні пад яе кіраўніцтвам, атрымалі гранты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, кіравала навуковымі заданнямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Наталля Сцяпанаўна з’яўляецца членам міжнароднай асацыяцыі даследчыкаў дзіцячага маўлення (International Association for the Study of Child Language, Psychology Department, University of Washington, Seattle, USA, 1995), акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі (Масква), старшынёй навукова-метадычнага савета па педагогіцы дзяцінства БДПУ, членам рэдакцыйнага савета часопісаў «Пралеска», «Пачатковая школа», «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа», «Беларуская мова і літаратура». Выконвала абавязкі намесніка спецыялізаванага Савета па абароне кандыдацкіх дысертацый, члена спецыялізаванага Савета па абароне доктарскіх дысертацый, члена экспертнага савета па педагогіцы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.

Супрацоўнікі кафедры методык дашкольнай адукацыі. Н.С. Старжынская – у першым радзе другая справа.

WI-FI




















