З уступным словам да прысутных звярнулася намеснік дэкана Алёна Ігараўна Жышкевіч, якая пажадала плённай і актыўнай працы ўдзельнікам мерапрыемства.
Мадэратарам творчай гасцёўні з’яўляўся старшыня МААСПБ, вядомы беларускі пісьменнік Леанід Міхайлавіч Крыванос. Ён пазнаёміў прысутных з дзейнасцю аддзялення, з выдадзенымі ў Год гістарычнай памяці кніжнымі навінкамі для дарослых і юных чытачоў. Асаблівую ўвагу Леанід Міхайлавіч звярнуў на кнігу «Няўжо забыцца можна пра вайну».
Эмацыянальнасцю і шчырасцю вызначалася выступленне пісьменніцы Таццяны Рыгораўны Каленік. Яна не толькі расказала аб дзейнасці творчай пляцоўкі «Сябрына» і стварэнні аднайменнага альманаха, але і падзялілася ўспамінамі пра Максіма Танка, што натхніў яе на паэтычную творчасць.
Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, знакамітая паэтэса і дзіцячая пісьменніца Алена Анатольеўна Стэльмах паведаміла аб выніках плённай працы секцыі дзіцячай літаратуры. Чытанне вершаў у аўтарскім выкананні выклікала захапленне ў студэнтаў і навяло на думку пра будучае супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў.
Завяршэннем творчай гасцёўні стала паэтычна-музычнае прывітанне ад удзельніцы праекта «Сябрына», паэтэсы Марыны Аляксееўны Лайковай. Да ўвагі выкладчыкаў і студэнтаў былі прапанаваны вершы Максіма Танка, песні на творы Міколы Шабовіча і іншых аўтараў.

WI-FI




















