Узімку студэнты філфака і «жываслоўцы» ў 52-м Зорным паходзе па месцах баявой і працоўнайм славы беларускага народа наведалі навучальныя ўстановы Стаўбцоўскага раёна. Для большасці студэнтаў гэта быў першы падобны паход і вялікі гонар прадстаўляць родны ўніверсітэт перад школьнікамі і настаўнікамі Стаўбцоўшчыны. «Зорнікам-першапачаткоўцам» настолькі спадабалася, што на гэты раз яны вырашылі выправіцца не ў адну са сталічных школ і гімназій, а ў чарговую вандроўку. Маршрут ляжаў у аграгарадок Лугавая Слабада Мінскага раёна.
У Лугаваслабадской сярэдняй школе ўдзельнікі «Зорнага пахода» сустрэліся з вучнямі ўсіх класаў. Для малодшых школьнікаў народны літаратурны тэатр паказаў казачную праграму. А для старэйшых класаў, акрамя канцэрта «Жывога слова» і філфака, была праведзена прафарыентацыя. Падчас сустрэчы з выпускнікамі «зорнікі» запрасілі іх паступаць у БДПУ, расказалі пра перавагі вядучай педагагічнай навучальнай установы. У Год навукі будучыя педагогі распавялі школьнікам пра навуковую базу ўніверсітэта і кірункі даследаванняў, асаблівасці навучальнага працэсу і перавагі педагагічнай адукацыі. Вучні пачулі інфармацыю літаральна пра ўсе факультэты БДПУ з першых вуснаў, бо ў складзе тэатра «Жывое слова» – студэнты самых розных факультэтаў.
– Мы не абмяжоўваемся філфакам, калі праводзім набор у тэатр і спадзяемся, што вучні Лугаваслабадской сярэдняй школы, калі паступяць у БДПУ, прыдуць займацца да нас. Мы іх запрасілі і пачулі ў адказ сапраўднае жаданне, нечаканае захапленне і неверагодную ахвоту, – распавяла мастацкі кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна.
– Гэтай зімой для мяне здарыўся б пяты зорны паход, але з-за спартыўнай траўмы давялося, на жаль, прапусціць найцікавейшую вандроўку. І калі выдалася магчымасць паўдзельнічаць у «Зорным плюс», то я не ўпусціў шанец далучыцца да роднага факультэта і любімага тэатра», – дадаў яшчэ адзін кіраўнік «Жывога слова» Алесь Мойскі.
Чытайце таксама:
Наталля Кухарава: “Спыніўся – ужо штосьці згубіў”