Новости События Общее

Современный белорусский литературный язык

19-10-2019 Лекции
Предлагается теоретический материал (лекции) по современному белорусскому литературному языку (1 курс), тематика лекционных занятий.

ТЭАРЭТЫЧНЫ РАЗДЗЕЛ

 

         1.1.  ЛекцыІ

 

1.Уводзіны

Тэма 1.1 СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ МОВА ЯК АБ’ЕКТ ВЫВУЧЭННЯ

План лекцыі

1. Мэты і задачы дысцыпліны “Сучасная беларуская літаратурная мова”, яе сувязь з іншымі лінгвістычнымі дысцыплінамі. Раздзелы дысцыпліны.

2. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа.

3. Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры.

 4. Беларуская мова сярод славянскіх моў, яе адметнасць.

 

1. Мэты і задачы дысцыпліны “Сучасная беларуская літаратурная мова”, яе сувязь з іншымі лінгвістычнымі дысцыплінамі. Раздзелы дысцыпліны.

Грамадства не можа існаваць без перадачы інфармацыі. Для забеспячэння зносін паміж людзьмі, для абмену думкамі прызначана чалавечая мова. Яна дазваляе найбольш рацыянальным спосабам атрымліваць і перадаваць любую інфармацыю.

Агульная колькасць моў на Зямлі – ад 2,5 да 5 тысяч. Акрамя таго, налічваецца ад 6 да 8 тысяч дыялектаў.

Беларуская мова ўваходзіць у сотню найбольш развітых моў свету. Яна з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу насельніцтва 1999 г. яе назвалі роднай 73,6% жыхароў Беларусі.

Беларуская мова з’яўляецца прадметам вывучэння шэрага лінгвістычных дысцыплін, якія даследуюць яе гісторыю, сучасны стан, дыялектны склад, стылістычную сістэму і інш.

Курс “Сучасная беларуская літаратурная мова” змяшчае навуковую характарыстыку беларускай літаратурнай мовы на сучасным этапе яе развіцця і займае цэнтральнае месца сярод усіх лінгвістычных дысцыплін, якія выкладаюцца на беларусазнаўчых спецыяльнасцях філалагічных факультэтах ВНУ Рэспублікі Беларусь.

Аб’ект вывучэння дысцыпліны – сучасная беларуская літаратурная мова.

Мэта дысцыпліны – выпрацаваць навуковы погляд на сучасную беларускую літаратурную мову і дасканала авалодаць яе сістэмай.

Курс “Сучасная беларуская літаратурная мова” цесна звязаны з такімі лінгвістычнымі дысцыплінамі, як:

 “Беларускае мовазнаўства”;

 “Гісторыя беларускай мовы”;

 “Беларуская дыялекталогія”;

 “Стылістыка беларускай мовы”;

 “Методыка выкладання беларускай мовы”;

 “Параўнальная граматыка ўсходнеславянскіх моў” і інш.

Раздзелы дысцыпліны “Сучасная беларуская літаратурная мова”

Адзінкі мовы (фанема, марфема, слова, словазлучэнне, сказ) як элементы яе сістэмы маюць розныя функцыі і значэнні. Кожная з іх уяўляе сабой пэўную сукупнасць аднародных элементаў, якія складаюць адпаведныя ўзроўні мовы. Вылучаюць:

 фаналагічны ўзровень;

 марфалагічны ўзровень;

 лексічны ўзровень;

 сінтаксічны ўзровень;

 семантычны ўзровень і інш.

 Адзінкі кожнага моўнага ўзроўню даследуюцца ў адпаведным раздзеле лінгвістыкі (гл. табліцу 1). Курс “Сучасная беларуская літаратурная мова” ўключае наступныя раздзелы:

 фаналогія;

 арфаэпія;

 графіка;

 арфаграфія;

 лексікалогія;

 фразеалогія;

 парэміялогія;

 афарыстыка;

 марфемалогія;

 дэрываталогія;

 марфалогія;

 сінтаксіс;

 пунктуацыя;

 лексікаграфія.

Раздзел мовазнаўства  Аб’ект вывучэння        Даследчыкі

Фаналогія Гукавыя адзінкі мовы і маўлення, склад, націск і інтанацыя. М.В. Бірыла, В.Р. Бурлыка, І.Р. Бурлыка, Н.Т. Вайтовіч, П. Векслер, Л.Ц. Выгонная, А.А. Крывіцкі, А.І. Падлужны, П.В. Садоўскі, В.М. Чэкман, П.Я. Юргелевіч, Ф.М. Янкоўскі  і інш.

Арфаэпія  Нормы літаратурнай мовы, якія ахопліваюць правілы вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў.         М.В. Бірыла, Л.Ц. Выгонная, А.А. Каляда, А.І. Падлужны, П.В. Садоўскі, В.М. Чэкман, Э.Р. Якушаў, Ф.М. Янкоўскі і інш.

Графіка    Сукупнасць пісьмовых сродкаў беларускай мовы, якая ўключае графемы, знакі прыпынку, націск, розныя прыёмы скарачэння слоў, шрыфтавыя вылучэнні і інш., суадносіны паміж літарамі і гукамі, абрысы літар, знакаў і г. д. А.М. Булыка, У.М. Дубоўка, Я.М. Камароўскі, Я.Ю. Лёсік, А.І. Яновіч і інш.

Арфаграфія       Сукупнасць правіл, якімі рэгулюецца аднастайная перадача вуснай мовы на пісьме.         М.В. Бірыла, І.А. Гапоненка, А.І. Жураўскі, В.І. Іўчанкаў, А.А. Каўрус, У.І. Куліковіч, Л.П. Кунцэвіч, І.Я. Лепешаў, А.А. Лукашанец, А.Я. Міхневіч, А.І. Падлужны, Ф.А. Піскуноў, П.В. Садоўскі, Д.Ф. Саўка, П.У. Сцяцко і інш.

Лексікалогія      Слоўнікавы склад мовы, спосабы сістэматызацыі лексікі, паходжанне слоў, вызначэнне сферы і асаблівасцей ужывання слова ў маўленні і інш. М.В. Абабурка, У.В. Анічэнка, А.М. Бардовіч, А.Я. Баханькоў, М.В. Бірыла, М.Г. Булахаў, М.С. Васілеўскі, Г.Ф. Вештарт, Л.Ц. Выгонная, А.П. Груцо, А.І. Жураўскі, А.А. Лукашанец, Г.М. Мезенка, А.Я. Міхневіч, Б.А. Плотнікаў, М.Р. Прыгодзіч, В.І. Рагаўцоў, І.С. Роўда, А.А. Станкевіч, В.Д. Старычонак, А.Я. Супрун, П.У. Сцяцко, Л.М. Шакун, П.П. Шуба, В.В. Шур, Ф.М. Янкоўскі і інш.

Анаматалогія    Уласныя імёны – іх узнікненне, развіццё і функцыянаванне ў мове. М.В. Бірыла, У.М. Генкін, В.А. Жучкевіч, А.В. Кавалёва, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова, Г.М. Мезенка, В.І. Рагаўцоў, Я.Н. Рапановіч, І.Э. Ратнікава, А.Ф. Рогалеў, Г.К. Семянькова, В.В. Шур і інш.

Фразеалогія       Фраземны склад мовы, структура фразем, іх суадносіны са словам і словазлучэннем, тыпы фразем у залежнасці ад семантычнай еднасці кампанентаў, паходжанне і ўжыванне ў маўленні.   А.С. Аксамітаў, М.М. Аляхновіч, Н.В. Гаўрош, М.А. Даніловіч, Я.Я. Іваноў, І.А. Кісялёў, У.І. Коваль, І.Я. Лепешаў, Г.М. Малажай, В.І. Несцяровіч, Н.М. Нямковіч, Т.І. Тамашэвіч, Т.М. Трыпуціна, Г.Ф. Юрчанка, Ф.М. Янкоўскі і інш.

Парэміялогія     Устойлівыя, узнаўляльныя алегарычныя выказванні звычайна павучальнага характару.     А.С. Аксамітаў, С.Ф. Іванова, Я.Я. Іваноў, І.Я. Лепешаў, Г.М. Малажай, М.А. Якалцэвіч і інш.

Афарыстыка     Сукупнасць выслоўяў фальклорнага ці літаратурнага паходжання.       Н.В. Гаўрош, Я.Я. Іваноў, А.Я. Леванюк, А.Я. Міхневіч, М.І. Новік, Н.М. Нямковіч, Т.М. Тыпуціна, Ф.М. Янкоўскі і інш.

Марфемалогія   Тыпы марфем, іх разнавіднасці, асаблівасці ўзаемаадносін і функцыянавання марфем у слове. Л.А. Антанюк, Г.А. Арцямёнак, А.М. Бардовіч, М.С. Васілеўскі, П.В. Вярхоў, М.М. Круталевіч, В.П. Лемцюгова, А.А. Лукашанец, М.А. Паўленка, М.Р. Прыгодзіч, П.У. Сцяцко, Л.М. Шакун, П.П. Шуба, А.І. Яновіч і інш.

Дэрываталогія (словаўтварэнне)         Структура слоў, шляхі і спосабы іх утварэння. М.А. Аўласевіч, У.В. Анічэнка, Г.А. Арцямёнак, З.І. Бадзевіч, А.М. Бардовіч, В.Л. Варановіч, М.С. Васілеўскі, І.У. Кандраценя, М.М. Круталевіч, А.А. Лукашанец, В.А. Ляшчынская, М.Р. Прыгодзіч, П.У. Сцяцко, П.М. Чайкун, М.В. Шабовіч, Л.М. Шакун, П.П. Шуба

Марфалогія       Формы словазмянення, граматычныя катэгорыі, граматычна-семантычныя класы слоў (часціны мовы).       У.В. Анічэнка, Л.А. Антанюк, М.Г. Булахаў, П.В. Вярхоў, М.А. Жыдовіч, І.А. Кісялёў, Ю.Ф. Мацкевіч, А.І. Наркевіч, А.Я. Супрун, Т.Ф. Сцяшковіч, П.П. Шуба і інш.

Сінтаксіс   Сродкі і віды сінтаксічнай сувязі, словазлучэнні і сказы, іх тыпы, значэнні, функцыянальныя асаблівасці. М.А. Аўласевіч, Т.П. Бандарэнка, Л.І. Бурак, І.Л. Бурак, Н.В. Гаўрош, К.І. Гурскі, Ц.П. Ломцеў, А.Я. Міхневіч, А.І. Наркевіч, Л.П. Падгайскі, М.С. Яўневіч і інш.

Пунктуацыя      Заканамернасці станаўлення і функцыянавання сістэмы знакаў прыпынку ў мове.        Л.І. Бурак, І.Л. Бурак, Г.Н. Клюсаў, А.Л. Юрэвіч і інш.

Лексікаграфія   Тэорыя і практыка складання слоўнікаў розных тыпаў.М.Я. Байкоў, М.В. Бірыла, М.Ф. Гуліцкі, С.М. Грабчыкаў, А.І. Кісялеўскі, К.К. Крапіва, К.П. Любецкая, С.М. Некрашэвіч, В.М. Нікалаева, Л.В. Рычкова, І.І. Савіцкая, М.Р. Суднік, С.У. Шахоўская, В.К. Шчэрбін і інш.

Сучасная беларуская літаратурная мова як аб’ект вывучэння

І. Тэрмін сучасная ў дачыненні да беларускай літаратурнай мовы пакуль канчаткова не акрэслены. Спроба вызначыць храналагічныя межы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ад часу з’яўлення першых арыгінальных (аўтарскіх) беларускіх твораў у ХІХ ст. супярэчыць адной з найважнейшых прымет літаратурнай мовы – наяўнасці аднастайных (адзіных) нормаў яе ўжывання ў грамадстве.

У беларускай літаратурнай мове ХІХ ст. не існавала ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На беларускай мове не ствараліся падручнікі, не вялося навучанне, яна не дапускалася ў сферу справаводства.

Храналагічнай мяжой сучаснай беларускай літаратурнай мовы з’яўляецца т. зв. “нашаніўскі перыяд” (пачатак ХХ ст., час выдання газеты “Наша ніва” ў 1906 – 1915 гг.). Для яго характэрна станаўленне лексічнага складу, нацыянальных нормаў, функцыянальных стыляў і іншых спецыфічных асаблівасцей беларускай мовы. На старонках газеты былі надрукаваны творы новага пакалення беларускіх пісьменнікаў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, М. Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца, Ядвігіна Ш. і інш.).

ІІ. Тэрмін беларуская азначае, што гэта мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь, дзяржаўная мова нашай краіны.

ІІІ. Пад тэрмінам літаратурная мова ў сучасным мовазнаўстве разумеюць адну з формаў існавання нацыянальнай мовы – найвышэйшую форму выяўлення нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай культуры, што ўспрымаецца носьбітамі мовы як правільная, узорная, унармаваная мова.

2. Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа

3. Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры.

І. Беларуская мова сфарміравалася на аснове старажытнаўсходнеславянскай мовы і гаворак былых славянскіх плямён (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў) у XIV – XVI стст., калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

У гэты перыяд у беларускай мове замацаваліся такія адметныя фанетычныя рысы, як дзеканне, цеканне, цвёрды гук [р], аканне.

У галіне лексікі агульнаўжывальнымі сталі старажытныя дыялектызмы багна, вавёрка, воўна, вырай, гай, грэбля, жыта, збожжа, крыніца, смага, брахаць, жадаць, лагодзіць і інш.

Многія агульнаславянскія і агульнаўсходнеславянскія словы набылі фанетычную адметнасць беларускай мовы: аржаны, іржа, возера, вока, дрыжаць, крывавы і інш.

Асноўная ж частка новай лексікі была ўтворана афіксальным спосабам пры дапамозе ўласцівых беларускай мове суфіксаў і прыставак: авечка, сцежка, частка, выбавіць, выбраць і інш.

Лексічная сістэма беларускай мовы папоўнілася значнай колькасцю запазычанняў найперш з польскай, лацінскай, нямецкай, літоўскай і цюркскіх моў.

Беларускія пісьмовыя помнікі XVI ст. сведчаць, што к гэтаму часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

Найбольш шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыдычнай дакументацыі (дагаворы, акты, граматы, метрыкі, статуты), дыпламатычнай перапісцы, у летапісах і перакладных творах.

У пачатку XVI ст. старабеларуская мова пачынае ўжывацца ў кананічных рэлігійных творах. Гэтаму паспрыяў Ф. Скарына, які ў 1517 – 1519 гг. у Празе выдаў большую частку кніг Старога Запавету. У канфесійных выданнях ён не проста захаваў царкоўнаславянскую моўную аснову, а наблізіў мову рэлігійных тэкстаў да жывой народнай. Прыкладна ў сярэдзіне XVI ст. быў зроблены пераклад на беларускую мову Псалтыра – самай папулярнай кнігі ў хрысціян.

З другой паловы XVI ст. на беларускай мове друкуюцца разнастайныя рэлігійныя творы (“Катэхізіс” і “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” С. Буднага, “Евангелле” В. Цяпінскага і інш.).

З канца XVI ст. беларуская мова ўведзена як абавязковы прадмет у праваслаўных брацкіх школах, што істотна пашырыла яе выкарыстанне ў розных культурна-грамадскіх сферах жыцця.

У гэты час беларуская мова ў рэлігійнай сферы атрымала найбольшае пашырэнне, найперш у разнастайных павучальных тлумачэннях тэкстаў Святога пісання (“Казанне Кірылы, патрыярха Іерусалімскага, пра антыхрыста” С. Зізанія (1596), “Евангелле вучыцельнае” (1616), “Духоўныя гутаркі” Макарыя Егіпецкага (1627), “Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа” (1637) і інш.). На беларускай мове друкаваліся разнастайныя настаўленні аб хрысціянскіх рытуалах, яна выкарыстоўвалася нават у царкоўным заканадаўстве.

Разам з тым у гэты ж перыяд адбывалася паступовае збліжэнне Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у палітычнай і культурнай сферах, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы.

ІІ. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. у складзе Рэчы Паспалітай сфера выкарыстання беларускай літаратурна-пісьмовай мовы пачала звужацца, і ў сярэдзіне XVIІ ст. у дзяржаўных канцылярыях яна практычна выйшла з ужытку. Юрыдычна дзяржаўнага статусу беларуская мова была пазбаўлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў у 1696 г., у афіцыйнай сферы яе замяніла польская мова. У выніку роля беларускай мовы пачала скарачацца і ў іншых сферах грамадска-культурнага жыцця Рэчы Паспалітай. Перасталі выдавацца беларускамоўныя кнігі, а разнастайная канфесійная літаратура друкавалася выключна на царкоўнаславянскай мове.

У другой палове XVII ст. і на працягу ўсяго XVIII ст. кнігадрукаванне на Беларусі было выключна польска-лацінскім. Адукацыя перайшла пад уладу розных рымска-каталіцкіх ордэнаў (езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў і інш.), якія адкрылі свае навучальныя ўстановы практычна ва ўсіх буйных населеных пунктах Беларусі, дзе навучанне ажыццяўлялася выключна на польскай і лацінскай мовах. Беларускую мову ў гэты час вывучалі толькі ва ўніяцкіх базыльянскіх школах і карысталіся ёй у неафіцыйным набажэнстве. Аднак размаўляць па-беларуску працягвалі ў побытавых зносінах сяляне, дробная шляхта і гарадскія рамеснікі. Акрамя таго, на ёй па-ранейшаму ствараліся фальклорныя творы разнастайных жанраў. У выніку функцыянаванне польскай мовы ў найважнейшых сферах грамадска-культурнага жыцця на тэрыторыі Беларусі доўжылася да 1830-х гг., пасля чаго польскую мову ў гэтай ролі паступова замяніла руская мова.

ІІІ. Новая беларуская літаратурная мова пачала фарміравацца ў першай палове ХІХ ст. на дыялектнай аснове ў агульным кантэксце тагачаснага славянскага нацыянальнага адраджэння, але без працягу папярэдніх (старажытных) пісьмовых традыцый. Яе натуральнае развіццё запавольвалася панаваннем у тагачасным грамадстве памылковага меркавання пра беларускую мову як дыялекту рускай ці польскай моў, а таксама адсутнасцю дзяржаўнага статусу.

У ХІХ ст. на беларускай мове ствараюцца ананімныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”, друкуецца кніга “Кароткі збор хрысціянскай навукі” (1835), пачынаюць літаратурную творчасць Я. Баршчэўскі, А. Рыпіньскі, Я. Чачот, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч і інш.

На гэтым пачатковым этапе новая беларуская літаратурная мова яшчэ не была ўнармаванай, не выкарыстоўвалася ў адукацыйнай і дзяржаўнай сферах. Пісьменнікі стваралі літаратурныя творы, арыентуючыся на свае родныя гаворкі.

Пэўнай перашкодай на шляху да ўнармавання беларускай літаратурнай мовы было карыстанне ў асяроддзі інтэлігенцыі дзвюма графічнымі сістэмамі – кірылічнай і лацінскай, што абумоўлена некаторымі культурна-гістарычнымі і грамадскімі прычынамі.

На пачатку ХХ ст. важная роля ў стварэнні арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы па праве належыць газеце “Наша ніва” (1906 – 1915), на якую пачалі арыентавацца і іншыя тагачасныя беларускія перыядычныя выданні.

Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай і стала мовай навучання, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, перыядычнага друку.

Асноўныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ўпершыню на навуковай аснове былі сфармуляваны ў “Беларускай граматыцы для школ” Б.А. Тарашкевіча (1918), а яе асноўныя прынцыпы выкарыстаны ў шэрага вучэбных дапаможнікаў 1920-х гг.

Паступова нормы беларускай мовы стабілізаваліся і кадыфікаваліся ў граматыках і слоўніках. Яна пачала паўнавартасна функцыянаваць у вуснай і пісьмовай формах у розных сферах грамадска-культурнага жыцця, стала агульнанацыянальным сродкам зносін, найважнейшым складнікам нацыянальнай культуры.

4. Беларуская мова сярод славянскіх моў, яе адметнасць

Беларуская мова належыць да славянскай групы індаеўрапейскай сям’і моў.

Славяне як сфарміраваная этнічная супольнасць упершыню былі зафіксаваны ў візантыйскіх пісьмовых крыніцах IV – VI cтст. У гэты час яны карысталіся адной – агульнаславянскай мовай-асновай, або праславянскай мовай, якая складалася з блізкароднасных дыялектаў.

Рассяленне славянскіх плямён у VI – VIІ стст. істотна паслабіла ўнутраныя сувязі, што і прывяло ў VІІІ – IX стст. да пераўтварэння дыялектаў у самастойныя славянскія мовы. У гэты час сфарміравалася і агульнаўсходнеславянская (старажытнаруская, усходнеславянская) мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася ў эпоху Кіеўскай Русі да XIII ст. Ад праславянскай мовы яна часткова захавала фанетычную сістэму, граматычны лад і асноўны лексічны фонд.

У VI – IX стст. у агульнаўсходнеславянскай мове адбыліся пэўныя працэсы, што абумовілі з’яўленне ў ёй шэрага спецыфічных рыс у галіне фанетыкі:

 поўнагалоссе: берегъ, голова;

 пачатковае [о] на месцы спалучэння [ϳе]: озеро, олень;

 шыпячыя [ж] і [ч] на месцы спалучэння гукаў [d], [t], [k] з [ϳ]: межа, ночь і інш.

У XI – XIII стст. адбылося т. зв. падзенне рэдукаваных галосных ъ і ь і фанетычная сістэма ўсходнеславянскіх моў істотна наблізілася да сучаснага выгляду.

У галіне марфалогіі старажытная сістэма скланення назоўнікаў (па асновах) змянілася на новыя тыпы скланення (па родах), што абумовіла змены склонавых канчаткаў назоўнікаў. Дзеяслоў набыў катэгорыю трывання, але страціў такія формы прошлых часоў, як аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект.

Істотна папоўніўся лексічны склад мовы за кошт утварэння новых слоў ад агульнаславянскіх каранёў, змянення семантыкі традыцыйных слоў, а таксама запазычанняў з грэчаскай, скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

У другой палове XIII ст. Кіеўская Русь падзялілася на асобныя феадальныя княствы, што садзейнічала актывізацыі на беларускіх землях мясцовых гаворак і фарміраванню беларускай народнасці і яе мовы. На гэты перыяд прыпадае фарміраванне рускай і ўкраінскай народнасцей і іх моў. Блізкасць усходнеславянскіх моў, што развіліся з агульнаўсходнеславянскай мовы-асновы, пацвярджаецца агульнасцю іх некаторых фанетычных рыс, якія адсутнічаюць у заходне- і паўднёваславянскіх мовах:

 паўнагалоссе:

▫ руск. золото, берег;

▫ белар. золата, бераг;

▫ укр. золото, берег;

▫ параўн. балг. злато, бряг;

▫ польск. złoto, brzeg;

 наяўнасць гукаў [ж], [ч] на месцы старажытных спалучэнняў *dϳ, *tϳ:

 ▫ белар. мяжа, свечка;

▫ руск. межа, свеча;

▫ укр. межа, свіча, з *medja, *svetja;

▫ параўн. балг. межда, свещ;

▫ польск. miedza, świeca і інш.;

 замена агульнаславянскага спалучэння [ϳе] у пачатку слова на [о]:

 ▫ белар. алень, адзін;

▫ руск. олень, один;

▫ укр. олень, один;

▫ параўн. балг. елен, един;

▫ польск. jeleń, jeden і інш.

У галіне марфалогіі ўсе ўсходнеславянскія мовы толькі часткова захавалі складаную (аналітычную) форму выражэння прошлага часу (белар. прыйшоў быў), амаль страцілі адрозненні ў тыпах скланення назоўнікаў множнага ліку і інш.

Лексіка ўсходнеславянскіх моў характарызуецца большай колькасцю запазычанняў з іншых моў у параўнанні з заходнеславянскімі і паўднёваславянскімі мовамі, а таксама наяўнасцю агульных слоў, што адсутнічаюць у астатніх

славянскіх мовах:

▫ белар. сорак;

▫ руск. сорок;

▫ укр. сорок;

▫ белар. сям’я;

▫ руск. семья;

▫ укр. сім’я;

▫ белар. дзевяноста;

▫ руск. девяносто;

▫ укр. дев’яносто і інш.

Тым не менш кожная з усходнеславянскіх моў мае шэраг сваіх адметных лексічных адзінак, неўласцівых іншым славянскім мовам. Напрыклад, у беларускай мове: бацька, падлетак, паляўнічы, шпак, певень, сківіца, скроня, чарот, суніца, навальніца, золак, летуценне, пакута і многія іншыя.

 

 

Тэма 1.2. БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ МОВА

План лекцыі

1. Паняцце беларускай нацыянальнай мовы. Літаратурная мова як форма нацыянальнай мовы, яе прыметы і асаблівасці.

2. Нормы беларускай літаратурнай мовы.

3. Беларуская літаратурная мова і дыялекты, іх узаемадзеянне.

 

1.Паняцце беларускай нацыянальнай мовы. Літаратурная мова як форма нацыянальнай мовы, яе прыметы і асаблівасці

Літаратурная мова – гістарычна сфарміраваная сістэма агульнаўжывальных моўных элементаў, маўленчых сродкаў, што прайшлі працяглую культурную апрацоўку ў пісьмовых і вусных тэкстах аўтарытэтных майстроў слова, у зносінах носьбітаў нацыянальнай мовы.

У літаратурнай мове сканцэнтраваны такія моўныя сродкі, якія дазваляюць найбольш дакладна, выразна і дыферэнцавана называць складаны свет ідэй, уяўленняў, пачуццяў яе носьбітаў, усю шматстайнасць прадметаў, паняццяў і з’яў навакольнай рэчаіснасці. Асноўнае прызначэнне літаратурнай мовы – забяспечваць зносіны людзей, што размаўляюць на гэтай нацыянальнай мове, ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці.

Варта строга размяжоўваць паняцці літаратурная мова і мова (мастацкай) літаратуры.

Літаратурная мова      Мова (мастацкай) літаратуры

разнавіднасць нацыянальнай мовы, якая найбольш прыдатная для камунікацыі ў большасці сацыяльных сфер (навуцы, адукацыі, дыпламатыі, юрыспрудэнцыі), у службовых і паўсядзённых зносінах адукаваных і выхаваных людзей        мае ў аснове літаратурную мову, шырока выкарыстоўвае элементы іншых формаў нацыянальнай мовы – тэрытарыяльных і сацыяльных дыялектаў, прастамоўя, індывідуальнай словатворчасці пісьменніка і г. д.

Літаратурная мова – катэгорыя гістарычная. Яна фарміруецца на пэўным этапе сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця этнасу, калі ў грамадстве ўзнікае ўсведамленне пра неабходнасць у больш дасканалым, чым тэрытарыяльныя дыялекты, агульназразумелым сродку зносін ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і дзейнасці. Гістарычнасць літаратурнай мовы выяўляецца:

 у паступовай зменлівасці моўных нормаў;

 у фарміраванні функцыянальных стыляў мовы, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексічна-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі;

 у развіцці пісьменнасці, назапашванні разнажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў);

 у стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову літаратурнай мовы як агульнанацыянальнай духоўнай каштоўнасці.

Літаратурная мова валодае шэрагам уласцівасцей, што істотна адрозніваюць яе ад іншых формаў нацыянальнай мовы:

 літаратурная мова існуе ў вуснай і пісьмовай формах у адрозненне, напрыклад, ад тэрытарыяльных і сацыяльных дыялектаў, якія прадстаўлены пераважна вуснай формай (хаця на некаторых з іх нярэдка ствараюцца мастацкія творы і друкуюцца перыядычныя выданні);

 літаратурная мова – кадыфікаваная моўная сістэма, якой уласцівыя адзіныя, абавязковыя для ўсіх носьбітаў больш-менш устойлівыя нормы; моўныя нормы мэтанакіравана ўдасканальваюцца і фіксуюцца ў граматыках і нарматыўных слоўніках;

 літаратурная мова – поліфункцыйная падсістэма, прыдатная для выкарыстання ў разнастайных сферах чалавечай дзейнасці;

 літаратурная мова – функцыйна дыферэнцаваная падсістэма мовы, якая ў залежнасці ад сферы выкарыстання і ўскладзеных на яе функцый падзяляецца на разнавіднасці (кніжную і размоўную) і функцыянальныя стылі (навуковы, афіцыйны, публіцыстычны);

 літаратурная мова – сацыяльна прэстыжная; як адзін з найважнейшых кампанентаў культуры яна ўяўляе сабой такую камунікатыўную сістэму нацыянальнай мовы, на якую арыентуюцца ўсе, хто ёй карыстаецца, незалежна ад ступені валодання літаратурнай формай;

 літаратурнай мове ўласцівая пэўная варыянтнасць, якая мае стылістычныя і сэнсавыя адценні;

 літаратурнай мове характэрная стабільнасць, без чаго было б немагчыма абменьвацца культурнымі каштоўнасцямі паміж пакаленнямі носьбітаў гэтай мовы; стабільнасць забяспечваецца падтрыманнем стылявых традыцый і захаваннем кадыфікаваных нормаў, што рэгулююць сінхранічнае існаванне і развіццё мовы.

IV. Для вызначэння нацыянальнай спецыфікі літаратурнай мовы прынцыповае значэнне маюць сацыяльныя ўмовы яе існавання, або моўная сітуацыя, у якой узнікае, развіваецца і функцыянуе літаратурная мова.

Моўная сітуацыя кардынальна ўплывае на фарміраванне і выкарыстанне ў маўленчай дзейнасці сістэмы стыляў, на актуалізацыю эвалюцыйных змен у галіне лексікі, лексічнай семантыкі, фразеалогіі, словаўтварэння, арфаэпіі, часткова ў сінтаксісе, ідыяматыцы, тыпалогіі тэкстаў і інш.

2. Нормы беларускай літаратурнай мовы

Нормы – прынятыя ў грамадска-моўнай практыцы адзіныя і абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы правілы вымаўлення, напісання, словаўжывання, выкарыстання традыцыйна сфарміраваных граматычных, стылістычных і іншых моўных сродкаў.

Норма – адна з істотных уласцівасцей літаратурнай мовы, што забяспечвае яе паўнавартаснае функцыянаванне. Норма абавязкова захоўвае маўленчыя традыцыі і цалкам задавальняе паўсядзённыя патрэбы грамадства.

Паняцце нормы літаратурнай мовы распаўсюджваецца на ўсе яе ўзроўні. У адпаведнасці з гэтым вылучаюць:

▫ арфаэпічныя нормы – дакладнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў у вусным маўленні; напр., нарматыўным з’яўляецца:

▫ вымаўленне фрыкатыўнага гука [γ] у спрадвечна беларускіх словах [γалава́] (галава), [γнуц’] (гнуць);

▫ вымаўленне выбухнога [г] у некаторых запазычаных словах [шва́г’ер, [гвалт], [га́нак], [гу́з’ік];

▫ цвёрдае вымаўленне шыпячых і [р]: [ша́пка], [часно́к], [жа́ба], [рэ́зац’];

▫ аглушэнне звонкіх зычных перад глухімі і на канцы слова: [лы́шка], [бл’íска], [агаро́т], [дуп] і інш.;

▫ акцэнталагічныя нормы – правільная пастаноўка націску: спíна, а не спіна́, мы́сленне, а не мысле́нне, цяжа́р, а не ця́жар, вы́падак, а не выпа́дак і г. д.

▫ арфаграфічныя нормы – аднастайная перадача вуснага маўлення на пісьме:

▫ напісанне прыставак з-, уз-, раз-, без- (бяз-), цераз- перад звонкімі зычнымі з літарай з, а перад глухімі – з літарай с: зрабіць, бездакорны, ускласці, бясшумны;

▫ напісанне прыставак ад-, над-, пад-, перад-, аб- нязменна перад звонкімі і перад глухімі зычнымі: адрэзаць, адкапаць, перадсвяточны, перадвыбарчы, абгаварыць, абхадзіць;

напісанне звонкіх зычных у сярэдзіне слова перад глухімі і на канцы слова: градка, адказ, моладзь, мядзведзь і інш.;

▫ марфалагічныя нормы – правілы словазмянення:

▫ ужыванне лічэбнікаў два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры ў творным склоне адзіночнага ліку з канчаткам -ма: двума, дзвюма, трыма, чатырма, абодвума, абедзвюма;

▫ напісанне суфікса -іва- (-ыва-) у дзеясловах тады, калі ў 1-й ас. адз. л. ён канчаецца на -ваю і перад -ва ёсць спалучэнне зычных з апошнімі л, н, р: падкрэсліваю – падкрэсліваць, запэўніваю – запэўніваць, адыгрываю – адыгрываць; калі ж перад -ваю няма такога спалучэння зычных, то пішацца суфікс -ва-: выбельваю – выбельваць, выменьваю – выменьваць і інш.;

▫ сінтаксічныя нормы – правілы пабудовы граматычных канструкцый:

▫ пры дзеясловах смяяцца, жартаваць і інш. ужываецца дапаўненне з прыназоўнікам з: смяяцца з яго, жартаваць з дзяцей;

▫ пры дзеясловах дзякаваць, дараваць, прабачыць дапаўненне ставіцца ў давальным склоне: даруйце мне, прабачце мне і інш.;

▫ лексічныя нормы – правільнае ўжыванне слова: адчыніць акно, але: адкрыць (пачаць) сход; у літаратурнай мове немэтазгодна ўжываць вузка дыялектную (каплу́н ‘цура’, жудзе́ль ‘парасё’) або прастамоўную лексіку (трапло́ ‘балбатун’, швэндацца ‘хадзіць’ і інш.).

Сведчаннем грамадскага прызнання той ці іншай нормы літаратурнай мовы з’яўляецца рэгулярнасць і масавасць ужывання канкрэтнай з’явы ў працэсе камунікацыі. Найбольш паказальнай формай такога прызнання выступае кадыфікацыя – апісанне і замацаванне нормаў літаратурнай мовы ў слоўніках, граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, вучэбных дапаможніках і інш.

Нарматыўнасць літаратурнай мовы з’яўляецца рэгулятарам яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі (сацыяльнымі) і ўнутранымі (сістэмна-структурнымі) фактарамі.

Знешнія фактары         Унутраныя фактары

 неабходнасць стандартызацыі дакументаў;

 агульнасць дыдактычных задач школы;

 дыялектныя і іншамоўныя ўплывы і інш.           наяўнасць моўна-маўленчых варыянтаў;

 працэсы фанетычнага і лексічна-граматычнага развіцця;

 адзінства правапіснай сістэмы і інш.

Значная роля ў захаванні і пашырэнні нормаў літаратурнай мовы належыць мастацкай літаратуры, тэатру, сістэме адукацыі, сродкам масавай інфармацыі.

3. Беларуская літаратурная мова і дыялекты беларускай мовы, іх узаемадзеянне.

І. Беларуская нацыянальная мова – мова вусных і пісьмовых зносін беларускай нацыі, адна з найбольш істотных яе прымет.

Як катэгорыя пэўнай гістарычнай эпохі, нацыянальная мова фарміруецца ў перыяд пераўтварэння народнасці ў нацыю, якая характарызуецца агульнасцю тэрыторыі, мовы, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу насельніцтва. Мова выступае як адзін з найважнейшых кансалідуючых фактараў, які яднае, ператварае народнасць у нацыю.

Як і іншыя развітыя нацыянальныя мовы, беларуская нацыянальная мова функцыянуе ў некалькіх формах, асноўнымі з якіх выступаюць:

▫ літаратурная мова;

▫ тэрытарыяльныя дыялекты;

▫ сацыяльныя дыялекты (жаргоны).

ІІ. На сучасным этапе на беларускай літаратурнай мове ствараецца разнастайная мастацкая літаратура, друкуюцца вынікі навуковых даследаванняў, працуюць радыё, тэлебачанне, тэатры, ствараюцца мастацкія фільмы і г. д.

ІІІ. Дыялектная форма існавання нацыянальнай мовы (дыялектная мова) – разам узятыя мясцовыя тэрытарыяльныя разнавіднасці нацыянальнай мовы.

Беларуская дыялектная мова складаецца з шэрага тэрытарыяльных гаворак, што сфарміраваліся ў агульнаўсходнеславянскі і ўласнабеларускі гістарычныя перыяды і адрозніваюцца паміж сабою некаторымі рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Паводле падабенства мясцовыя гаворкі аб’ядноўваюцца ў групы, дыялекты і дыялектныя зоны. Згодна з адзінствам паходжання ад агульнай старажытнай асновы вылучаюць паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты, якія падзяляюцца на групы, а таксама дзве пазадыялектныя групы гаворак – сярэднебеларускія гаворкі і заходнепалескія гаворкі (брэсцка-пінскія, загародскія).

Дыялектная і літаратурная мовы знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні і вызначаюцца адзінствам асноўных сваіх асаблівасцей:

 аканнем, яканнем;

 дзеканнем, цеканнем;

 зацвярдзеннем шыпячых, губных і [р];

 фрыкатыўным гукам [γ] і інш.

Такое адзінства абумоўлена паходжаннем іх ад агульнай старажытнай асновы. Разам з тым паміж імі існуюць і істотныя адрозненні .

№ Літаратурная мова  Дыялектная мова

1. адзіная на ўсёй тэрыторыі пашырэння мовы нацыі для ўсіх яе носьбітаў; тэрытарыяльна неаднастайная;

2. выступае ў дзвюх формах – вуснай і пісьмовай;  існуе пераважна ў вуснай форме, хаця дастаткова прыкладаў яе выкарыстання і ў пісьмовых зносінах:

 рукапісны варыянт “Пінскай шляхты” В. Дуніна-Марцінкевіча на гаворцы жыхароў наваколляў г. Пінска;

 выданне на заходнепалескай гаворцы бюлетэня “Балесы Полісься” і газеты “Збудінне” ў канцы 1980-х гг.;

 публікацыя перакладу Новага Запавету (2010), вершаў (2012) і аповесці (2013) Ф.Д. Клімчука на драгічынскай гаворцы і інш.;

3 . адносна стабільная, змены некаторых нормаў ажыццяўляюцца рэдка; характарызуецца большай унутрысістэмнай зменлівасцю, што абумоўлена ўплывам розных лінгвістычных і экстралінгвістычных фактараў;

4 . абслугоўвае ўсе патрэбы ў сферы культурнага жыцця і грамадскай дзейнасці народа.

сфера выкарыстання – пераважна побытавая, ёй карыстаюцца ў сям’і, зносінах з аднавяскоўцамі, промыславых занятках, пры выкананні традыцыйных абрадаў і фальклорных твораў.

Дыялектная мова, як і літаратурная, існуе, рэалізуецца і вывучаецца ў маўленні. У штодзённых зносінах людзі выкарыстоўваюць моўныя сродкі індывідуальна ў залежнасці ад канкрэтных абставін і мэты выказвання. У працэсе маўлення выбіраюцца пэўныя словы і паслядоўнасць іх размяшчэння.

У ХІХ – пачатку ХХ ст. дыялектная мова стала асновай сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Для апошніх дзесяцігоддзяў ХХ – пачатку ХХІ ст. характэрныя працэсы актыўнага ўздзеяння рускай літаратурнай мовы на беларускую дыялектную мову, у сувязі з чым знікаюць некаторыя істотныя асаблівасці мясцовых гаворак.

ІІІ. Да сацыяльных дыялектаў (сацыялектаў) як адной з формаў існавання высокаразвітой нацыянальнай мовы традыцыйна адносяць своеасаблівае маўленне пэўных груп насельніцтва, напрыклад:

 прафесійны жаргон (ганчароў, шаўцоў, цесляроў, рыбакоў і інш.);

 маўленне т. зв. дэкласаваных элементаў грамадства (крымінальны жаргон);

 спецыфічны жаргон розных узроставых груп насельніцтва (школьны, студэнцкі, маладзёжны жаргон) і інш.

1. Да нядаўняга часу было прынята лічыць, што сацыяльныя дыялекты як адна з формаў існавання беларускай нацыянальнай мовы з’яўляюцца толькі гістарычным фактам аднаго з папярэдніх этапаў яе развіцця, маючы на ўвазе т. зв. умоўныя мовы дрыбінскіх шапавалаў, слуцкіх жабракоў, янаўскіх лабараў і інш. сацыяльных груп беларусаў у ХІХ ст., даследаваныя і апісаныя ў свой час Е.Р. Раманавым і іншымі вучонымі.

Сучасная маўленчая сітуацыя практычна не пацвярджае дадзеных высноў. Зараз у беларускай нацыянальнай мове адсутнічаюць умоўныя мовы, а таксама крымінальны жаргон, што як моўны факт традыцыйна з’яўляецца адной з формаў існавання рускай мовы. Аднак на Беларусі рэальна існуюць такія формы сацыялектаў, як студэнцкі і маладзёжны слэнг, актыўна фарміруецца ў сацыяльных сетках беларускамоўны камп’ютарны слэнг – своеасаблівы слоўнік спецыялістаў у галіне камп’ютарнай тэхнікі і камп’ютарных тэхналогій. Актыўна развіваецца беларуская мова інтэрнэт-, sms-, мэсенджар-камунікацыі.

2. Важнай і нетыповай адметнасцю развіцця беларускай нацыянальнай мовы ў другой палове ХХ – пачатку ХХІ ст., неўласцівай большасці развітых нацыянальных моў, з’яўляецца фарміраванне і шырокае распаўсюджанне (асабліва ў апошнія два дзесяцігоддзі) такой яе формы, як “тарашкевіца”.

Некаторыя навукоўцы схільныя лічыць “тарашкевіцу” другім, паралельным варыянтам беларускай літаратурнай мовы, што “развіўся і аўтаномна функцыянаваў на працягу другой паловы ХХ ст. паралельна з сучасным літаратурным стандартам у асяроддзі беларускамоўнай дыяспары” (А.А. Лукашанец). Дадзеная разнавіднасць літаратурнай мовы ў сваёй аснове ма́е:

 пісьмовую традыцыю 1920-х гг. (арыентацыя на правапіс, выкладзены ў “Беларускай граматыцы для школ” Б.А. Тарашкевіча з пэўнымі змяненнямі);

 пісьмова-вусную практыку яе выкарыстання беларускамоўнымі эмігрантамі.

Гэты паралельны варыянт беларускай літаратурнай мовы адрозніваецца ад афіцыйнага, заканадаўча зацверджанага, шэрагам фанетычных, марфалагічных, сінтаксічных, словаўтваральных і арфаграфічных асаблівасцей. Ён актыўна пашырыў вусную і пісьмовую сферы выкарыстання на тэрыторыі Беларусі і ўспрымаецца многімі яго карыстальнікамі як альтэрнатыўны сучаснай беларускай літаратурнай мове.

3. У сучаснай моўнай сітуацыі Беларусі прысутнічае і такая нетыповая з’ява для большасці развітых нацыянальных моў,  як “трасянка” – разнавіднасць змешанага, пераважна вуснага беларуска-рускага маўлення, што ўзнікла “шляхам механічнага змяшэння ў розных прапорцыях элементаў матэрыі і формы… дзвюх моў – рускай і беларускай” (Г.А. Цыхун).

Дакладны статус т. зв. “трасянкі” ў агульнай сістэме беларускай нацыянальнай мовы на сённяшні дзень навукоўцамі канчаткова не вызначаны. Аднак гэты феномен сучаснай беларускай моўнай рэчаіснасці апошнія дзесяцігоддзі ў самых розных аспектах актыўна даследуецца айчыннымі і замежнымі навукоўцамі (Г. Генчэль, С.М. Запрудскі, Ю.Б. Каракоў, У.В. Лянкевіч, Н.Б. Мячкоўская, М.Р. Прыгодзіч, Г.А. Цыхун і інш.).

4. Некаторыя асаблівасці станаўлення і функцыянавання беларускай нацыянальнай мовы ў розных сферах жыццядзейнасці беларусаў абумовілі адсутнасць у ёй пэўных пластоў прастамоўя (характэрнага, напр., для сучаснай рускай літаратурнай мовы). Тым не менш сучасная беларуская мова мае некаторую колькасць прастамоўных лексічных і фразеалагічных адзінак, што дазваляе асобным навукоўцам сцвярджаць пра наяўнасць гэтай формы ў складзе і беларускай нацыянальнай мовы (А.А. Лукашанец).

Дыялектная аснова беларускай літаратурнай мовы

І. Фарміраванне сучаснай беларускай літаратурнай мовы навукоўцы адносяць да пачатку ХІХ ст.

У гэты час пачалі з’яўляцца першыя мастацкія творы на літаратурнай мове. Аднак характэрнай асаблівасцю пачатковага этапу станаўлення сучаснай беларускай літаратурнай мовы з’яўлялася адсутнасць у ёй адзінай дыялектнай асновы. Мастацкія творы гэтага перыяду мелі відавочныя прыметы той гаворкі, якая была роднай для іх аўтараў (ананімныя творы XVIII – пачатку ХІХ стст., творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, А. Абуховіча і інш.).

Пры ўсёй дыялектнай стракатасці тагачаснай мовы беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі найбольш актыўна працэс утварэння літаратурнай мовы адбываўся ў цэнтры Беларусі (зона паміж Вільняй і Мінскам).

Гукавы склад, граматыка і слоўнік цэнтральных беларускіх гаворак пакладзены ў аснову літаратурнай мовы і вызначаюць своеасаблівае нацыянальнае аблічча і самабытнасць нашага агульнага сродку зносін.

Важнае значэнне мела лексічная сістэма (слоўнікавы склад) жывой народнай мовы цэнтральнай тэрыторыі ў распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі, у прыватнасці прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай (назвы жывёльнага і расліннага свету ў беларусаў, найменні традыцыйных сродкаў вытворчасці, звязаных з рамёствамі і заняткамі мясцовага насельніцтва і інш.).

На фанетычныя асаблівасці дыялектнай мовы насельніцтва цэнтральных раёнаў арыентуюцца ў сучасным літаратурным вымаўленні тэатры, радыё і тэлебачанне. На іх грунтаваліся навукоўцы і пры распрацоўцы арфаэпічных нормаў літаратурнай мовы.

Паралельна з узнікненнем і развіццём на беларускай мове арыгінальнай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі ў гэты перыяд актывізавалася праца па збіранні фальклорных твораў (П. Баброўскі, А. Багдановіч, Я. Баршчэўскі, П. Бяссонаў, У. Дабравольскі, А. Кіркор, І. Насовіч, М. Нікіфароўскі, А. Сержпутоўскі, І. Шыдлоўскі, М. Янчук і інш.). Сабраныя фальклорныя матэрыялы дазвалялі шырокаму колу зацікаўленых людзей бліжэй пазнаёміцца са слоўнікам і фразеалогіяй жывой народнай мовы, стваралі неабходныя ўмовы для глыбокага і дэталёвага вывучэння яе асаблівасцей.

Адначасова з фальклорнымі публікацыямі з’явіліся навуковыя даследаванні беларускай дыялектнай мовы, былі падрыхтаваны першыя слоўнікі (К. Апель, У. Дабравольскі, Я. Карскі, М. Коласаў, І. Насовіч, І. Нядзёшаў, Е. Раманаў, І. Сербаў, А. Сержпутоўскі і інш.).

Усё гэта мела велізарнае значэнне ў складаным працэсе фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, устанаўленні яе нацыянальнай спецыфікі, у адборы найбольш характэрных і адначасова самых пашыраных сродкаў для агульнанародных зносін з ліку назапашаных за стагоддзі скарбаў моўнай творчасці.

Асаблівасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы сфарміраваліся з трох асноўных крыніц:

 агульнабеларускія рысы;

 асаблівасці паўночна-ўсходняга дыялекту;

 асаблівасці паўднёва-заходняга дыялекту

ІІ. Абапіраючыся ў сваім станаўленні і развіцці на беларускую дыялектную мову, літаратурная мова ўспрыняла і засвоіла шэраг яе агульнабеларускіх рыс:

 дзеканне і цеканне;

 аканне, яканне;

 пераход е ў о: мёд, возера;

 цвёрдае вымаўленне шыпячых і [ц]: жыта, чысты, цэп;

 наяўнасць спалучэнняў [шч], [дж]: шчупак, дажджы;

 пераход [в] і [л] пры пэўных умовах у [ў]: праўда, здароў, пайшоў, шоўк;

 наяўнасць чаргаванняў ро – ры, ло – лы: гром – грымець; глотка – глытаць;

 цвёрдае вымаўленне губных на канцы слова і перад [ϳ]: сем, сып, б’ю, п’ю, сям’я;

 невыбухны (фрыкатыўны) характар гука [γ];

 цвёрдае вымаўленне гука [р] у пераважнай большасці беларускіх гаворак: грыбы, дрэва;

 мяккасць зычных перад галоснымі пярэдняга рада: вяселле, зіма;

 наяўнасць прыстаўных галосных на пачатку слова перад спалучэннем плаўнага з зычным: іржа, ільняны, аржаны;

 наяўнасць клічнай формы: браце, дружа, сябра;

 пераход  [γ], [к], [х] у [з], [ц], [с] у склонавых формах назоўнікаў: нага – назе; страха – страсе; малако – на малацэ;

 мяккасць т (ць) у формах 3-й асобы адз. і мн. л. дзеясловаў і інш.

Пералічаныя вышэй агульнабеларускія дыялектныя рысы мелі выключна важнае значэнне ў фарміраванні сучаснай беларускай літаратурнай мовы і яе далейшым развіцці.

ІІІ. З ліку шырока распаўсюджаных асаблівасцей паўднёва-заходняга дыялекту ў літаратурнай мове прадстаўлены:

 недысімілятыўнае аканне, г.зн. вымаўленне гука [а] на месцы галосных няверхняга пад’ёму [а], [о], [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных у першым складзе перад націскам незалежна ад якасці націскнога галоснага, характару суседніх зычных і склада: трава́, вада́, каса́, кава́ль, цана́, травы́, траво́й, траву́, вады́, вадзе́, вадо́й і інш.;

 недысімілятыўнае яканне, г. зн. вымаўленне гука [а] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам на месцы [а], [о], [э] незалежна ад якасці націскнога галоснага і характару суседніх зычных: [з’амл’а́], [в’асна́], [с’астра́], [з’амл’і́], [в’асны́], [с’астры́], [з’амл’у́], [в’асну́], [с’астру́], [гл’аджу́], [в’ас’о́лы], [н’аве́стка] і г. д.;

 цвёрдае вымаўленне гука [р], уласцівае большасці беларускіх гаворак: [тры], [рабы́], [б’аро́за], [γрыб], [рэ́чка], [з’в’э́р], [ц’ап’э́р] і г. д.;

 наяўнасць канчатка -ы (-і) у Н. с. адз. л. прыметнікаў, неасабовых займеннікаў і парадкавых лічэбнікаў у м. р.: бе́лы, сі́ні, пя́ты, гэ́ты;

 ужыванне займеннікаў гэ́ты, гэ́такі;

 адсутнасць канчатка -ць у формах 3-й асобы адз. л. дзеясловаў І спр. (нясе́, вязе́, зна́е) і наяўнасць гэтага канчатка ў дзеясловах ІІ спр. (ко́сіць, но́сіць, ляжы́ць);

 паслядоўнае і дакладнае размежаванне формаў 3-й асобы мн. л. дзеясловаў І спр. на -уць (-юць): бяру́ць, чыта́юць і ІІ спр. на -аць (-яць): ко́сяць, глядзя́ць;

 ужыванне націскной фіналі -це ў форме 2-й асобы мн. л. дзеясловаў абвеснага ладу: несяце́, бераце́;

 выкарыстане формаў дзеясловаў 1-й асобы мн. л. загаднага ладу на -ем, -ма: нясе́м, жнем, гля́ньма, ся́дзьма;

 выкарыстанне дзеепрыслоўяў на -учы (-ючы), -ачы (-ячы), уласцівае большасці беларускіх гаворак: спява́ючы, ко́сячы, несучы́;

 ужыванне сінтаксічных канструкцый з дзеясловам-выказнікам: Ён пайшо́ў;

 ужыванне прыназоўніка да пры дзеясловах у канструкцыях тыпу пайшо́ў да ле́су, да рэ́чкі, да во́зера;

 выкарыстанне безасабова-прэдыкатыўных канструкцый са словамі трэ́ба, патрэ́бна, няма;

 ужыванне традыцыйнай народнай лексікі: гаспада́р, гаспады́ня, гаспада́рка, хло́пец, ка́чка, абру́с, бру́чка, сенажа́ць, мянта́шка і г. д.

IV. З ліку рэгіянальных асаблівасцей паўночна-ўсходняга дыялекту літаратурная мова засвоіла наступныя:

 фанемны склад галосных гукаў [а], [о], [у], [ы], [і], [э] (у супрацьвагу гаворкам паўднёва-заходняга дыялекту, дзе ёсць закрытыя галосныя [ô], [ê]);

 наяўнасць падоўжаных зычных на месцы старажытнага спалучэння “мяккі зычны + ьϳ” у пазіцыі перад галосным: зе́лле, кало́ссе, каме́нне, ружжо́, су́чча, суддзя́, пало́ззе, куцця́, заці́шша;

 аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова і ў сярэдзіне слова перад глухімі: [сат], [дз’ет], [но́шка], [ка́ска] і азванчэнне глухіх зычных у сярэдзіне слова перад звонкімі: [каз’ба́], [про́з’ба]; гэтая фанетычная асаблівасць характэрная таксама і шэрага гаворак паўднёва-заходняга дыялекту;

 формы назоўнікаў м. р. і н. р. на -ы (-і) у Н. с. мн. л.: дамы́, гарады́, сёлы, вёдры, во́кны, палі́, бало́ты;

 поўныя нясцягненыя формы прыметнікаў ж. р. і н. р. у Н. с. і В. с. адз. л.: нов́ая ха́та, но́вае сяло́, но́вую ха́ту;

 форма М. с. адз. л. прыметнікаў, займеннікаў і парадкавых лічэбнікаў м. р. і н. р. на -ым (-ім): аб бе́лым, аб сíнім, аб гэ́тым, аб пя́тым;

 форма Д. с. мн. л. назоўнікаў м. р. і н. р. з канчаткам -ам (-ям): ляса́м, нажа́м, паля́м;

 форма М. с. мн. л. назоўнікаў м. р. і н. р. з канчаткам -ах (-ях): у дама́х, у гарада́х, у паля́х;

 ужыванне дзеяслова ёсць;

 формы дзеясловаў 1-й асобы мн. л. з націскам на канчатку -ом (-ём): вязём, ідзём, бяро́м;

 формы дзеясловаў 2-й асобы мн. л. загаднага ладу на -ыце (-іце): бяры́це, нясі́це, вязі́це;

 формы будучага складанага часу з дзеясловам буду: бу́ду рабі́ць, бу́ду хадзі́ць, бу́ду чыта́ць;

 супадзенне формаў Р. с. і В. с. у назоўнікаў, якія абазначаюць назвы жывых істот: пагна́ць каро́ў, лаві́ць мышэ́й;

 супадзенне формаў Н. с. і Р. с. у словах, што абазначаюць неадушаўлёныя прадметы: зрабíў стол, знайшо́ў грыб;

 ужыванне традыцыйнай народнай лексікі: пу́ня, кут, ляме́ш, ла́пік, бу́льба, дзірва́н і інш.

Такім чынам, сучасная беларуская літаратурная мова ў пачатковы перыяд свайго фарміравання цалкам абапіралася на структуру тых народных гаворак, у якіх аб’ядналіся найбольш агульныя і пашыраныя рысы буйнейшых дыялектных адзінак – паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў.

Гэта абумовіла дваісты характар нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы і ў пэўнай ступені тлумачыць шматлікія ваганні пры выбары яе асобных нормаў.

Літаратурная мова ўспрыняла ў якасці нормаў тыя рэгіянальныя асаблівасці цэнтральных гаворак, якія характэрныя для большасці астатніх беларускіх гаворак або для аднаго з дыялектаў. Па-за нормамі літаратурнай мовы засталіся ў асноўным тыя дыялектныя рысы, што з’яўляюцца вузкарэгіянальнымі або невядомыя цэнтральным беларускім гаворкам.

Функцыянальна-стылявая дыферэнцыяцыя беларускай літаратурнай мовы

Выкарыстанне літаратурнай мовы ў розных сферах чалавечых зносін абумовіла фарміраванне ў ёй некалькіх функцыянальных стыляў. Кожны з іх вылучаецца пэўным наборам моўных сродкаў і іх выкарыстаннем у залежнасці ад задач камунікацыі ў канкрэтнай сферы. Такім чынам, літаратурная мова ўяўляе сабою сістэму функцыянальных стыляў.

Функцыянальны стыль – форма грамадскага выкарыстання мовы. Вусная разнавіднасць літаратурнай мовы прадстаўлена адным стылем – гутарковым, а пісьмовая – трыма: навуковым, публіцыстычным і афіцыйным.

І. У паўсядзённым жыцці па-за сферамі прафесійнай і грамадскай дзейнасці чалавека карыстаюцца гутарковым стылем.

Характэрныя рысы:

 размоўная лексіка;

 эліптычныя сказы (максімальна скарочаныя выказванні, у якіх апускаюцца некаторыя словы);

 усечаныя формы слоў (Пал Саныч замест Павел Аляксандравіч), парамоўныя сродкі (гучнасць, паўзы, мадуляцыі голасу, міміка, жэсты) і інш.

У пісьмовай форме гутарковы стыль выкарыстоўваецца пераважна ў маўленні персанажаў мастацкіх твораў.

ІІ. Навуковы стыль – выкарыстанне літаратурнай мовы ў сферы навукі, тэхнікі і адукацыі для абгрунтавання навуковых ідэй, тэорый, гіпотэз, для тлумачэння дасягненняў навукі і тэхнікі, забеспячэння навучальнага працэсу.

Асноўныя віды тэкстаў:

 манаграфіі;

 дысертацыі; артыкулы;

 лекцыі на навуковыя тэмы;

 энцыклапедыі;

 падручнікі;

 дапаможнікі і інш.

 Характэрныя рысы:

 дакладнасць;

 лагічнасць;

 доказнасць фармулёвак;

 абстрактная лексіка;

 спецыяльныя тэрміны;

 кніжныя словы і звароты;

 запазычанні;

 складаныя сказы;

 адасобленыя члены сказа;

 пабочныя словы і інш.

IІІ. Публіцыстычны стыль – выкарыстанне літаратурнай мовы ў сферы грамадска-палітычнага жыцця для інфармавання грамадзян пра сацыяльна важныя справы і для ўздзеяння на свядомасць і пачуцці людзей.

Асноўныя віды тэкстаў:

 перыядычныя выданні;

 публічныя прамовы;

 даклады і лекцыі на грамадска-палітычныя тэмы.

Характэрныя рысы:

 эмацыянальнасць;

 узнёсласць маўлення;

 грамадска-палітычная лексіка;

 запазычаныя словы;

 вобразныя словы і выразы;

 фраземы;

 прастамоўныя і дыялектныя словы;

 жарганізмы;

 рытарычныя пытанні;

 паўторы і г. д.

ІV. Афіцыйны стыль – выкарыстанне літаратурнай мовы ў афіцыйных зносінах для рэгулявання знешніх і ўнутрыдзяржаўных афіцыйных адносін.

Асноўныя віды тэкстаў:

 законы;

 пастановы;

 указы;

 дагаворы;

 пратаколы;

 рэзалюцыі;

 дыпламатычныя ноты;

 камюніке;

 справаздачы;

 даведкі;

 распіскі;

 заявы і інш.

 Характэрныя рысы:

 сцісласць выкладу матэрыялу;

 строгая дакладнасць падачы інфармацыі;

 сухасць і бясстраснасць маўлення;

 традыцыйныя і канцылярскія выразы;

 фармулёўкі;

 спецыяльныя тэрміны;

 сінтаксічныя штампы.

V. Традыцыйна ў сістэму функцыянальных стыляў даследчыкі ўключаюць і мастацкі стыль, або стыль мастацкай літаратуры. Аднак апошнім часам шэраг навукоўцаў кваліфікуюць яго як своеасаблівую форму літаратурнай мовы.

Мастацкая літаратура ў грамадстве выконвае не толькі камунікатыўную, але і эстэтычную функцыю, якая рэалізуецца ў творы моўнымі сродкамі ўсіх функцыянальных стыляў і нават пазалітаратурнымі (дыялектызмы, жарганізмы, вульгарызмы, прастамоўныя і іншыя словы). Такім чынам, мова мастацкай літаратуры ў адрозненне ад функцыянальных стыляў уяўляе сабой незамкнёную, адкрытую сістэму, а таму можа разглядацца як своеасаблівая форма існавання літаратурнай мовы.

 4. Беларуская літаратурная мова на сучасным этапе. Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

У другой палове 1980-х гг. прыметна ўзрасла цікавасць беларусаў да роднай мовы. Грамадская актыўнасць жыхароў краіны па захаванні і развіцці свайго нацыянальнага скарбу была падтрымана на дзяржаўным узроўні. У выніку ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. нацыянальная мова беларускага народа атрымала важную заканадаўчую падтрымку: 26 студзеня 1990 года быў прыняты закон “Аб мовах у Беларускай ССР”, які зацвердзіў беларускую мову дзяржаўнай мовай краіны. Гэта садзейнічала істотнаму пашырэнню сферы яе ўжывання і актыўнаму развіццю.

Зараз дзяржаўнымі мовамі ў нашай шматнацыянальнай краіне з’яўляюцца беларуская і руская мовы як найбольш пашыраныя і зразумелыя абсалютнай большасці жыхароў. Такі статус іх замацаваны ў арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 187-3 ад 13 ліпеня 1998 г. Удакладненне артыкула Канстытуцыі і адпаведнага Закона аб дзяржаўнай мове было ажыццёўлена па выніках агульнанацыянальнага рэферэндуму 1995 г.

Сёння беларуская літаратурная мова – высокаразвітая мова, якая здольная паспяхова забяспечваць усе камунікатыўныя, інфармацыйныя і культурныя патрэбы грамадзян Рэспублікі Беларусь. Яна з’яўляецца сімвалам нацыянальнай свядомасці, фактарам нацыянальнай адметнасці і ідэнтыфікацыі.

Статус беларускай мовы ў сучасным грамадстве характарызуецца наступнымі прыметамі:

 дзяржаўная мова краіны;

 мова тытульнай нацыі, прадстаўнікі якой складаюць пераважную большасць жыхароў Беларусі;

 мова, якая выкарыстоўваецца ў вуснай і пісьмовай формах;

 мова, якая функцыянуе ў шэрага формаў, што неаднолькава запатрабаваныя ў розных сферах ужытку (літаратурная мова, тэрытарыяльныя дыялекты, сацыяльныя дыялекты, тарашкевіца, “трасянка” і інш.);

 мова, якая дастаткова імкліва развіваецца і ўдасканальваецца;

 мова, якая актыўна пашырае сферы функцыянавання (канфесійная, інтэрнэт-камунікацыя і інш.);

 самастойная славянская мова ўсходнеславянскай падгрупы, якая захоўвае сваю нацыянальную адметнасць і спецыфіку;

 мова, якой уласцівыя агульнаславянскія тэндэнцыі да інтэрнацыяналізацыі і нацыяналізацыі;

 мова з працяглай, але перарванай пісьмовай традыцыяй.

Разам з тым у першыя дзесяцігоддзі ХХІ ст. беларуская мова апынулася ў новай для сябе сацыяльнай сітуацыі – яна функцыянуе ва ўмовах дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя.

На сённяшні дзень пад дзяржаўным двухмоўем разумеецца права кожнага грамадзяніна краіны карыстацца той або іншай мовай у любой маўленчай сітуацыі. У выніку значная частка сучаснага беларускага грамадства паўсядзённым сродкам зносін абірае пераважна рускую мову, што змяншае ў грамадстве запатрабаванасць беларускай мовы (А.А. Лукашанец). Такім чынам, прэстыжнасць беларускай мовы ў грамадстве і сфера яе функцыянавання апошнім часам звузілася, хаця юрыдычныя нормы цалкам дазваляюць істотна пашыраць сферы выкарыстання беларускай мовы.

 

2.  ЛЕКСІКАЛОГІЯ

Тэма 2.1 Лексікалогія як раздзел мовазнаўства

План лекцыі

1. Паняцце аб лексіцы.

2. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства.

3. Сувязь лексікалогіі з іншымі раздзеламі мовазнаўства.

 

1. Паняцце аб лексіцы

І. Лексіка (ад грэч. lexikos ‘які адносіцца да слова, слоўнікавы’) – 1) слоўнікавы склад мовы; 2) сукупнасць слоў мовы, аб’яднаных пэўнымі крытэрыямі: літаратурная лексіка, дыялектная лексіка, кніжная лексіка, стылістычна нейтральная лексіка і інш.

2. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства.

Лексікалогія (ад грэч. lexikos ‘які адносіцца да слова, слоўнікавы’+ logos ‘вучэнне’) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексіка як сукупнасць слоў мовы.

Адрозніваюць агульную, прыватную, супастаўляльную лексікалогію.

Агульная лексікалогія вывучае заканамернасці функцыянавання слоў, уласцівыя для ўсіх моў.

У межах прыватнай лексікалогіі адрозніваюць:

 апісальную, або сінхранічную, лексікалогію (даследуе слоўнікавы склад мовы ў яго сучасным стане);

 гістарычную, або дыяхранічную, лексікалогію (вывучае гісторыю слоўнікавага складу мовы);

 параўнальную лексікалогію (выяўляе спецыфіку слоўнікавага складу роднасных моў, асаблівасці яго развіцця).

Супастаўляльная лексікалогія апісвае агульныя і прыватныя лексічныя з’явы, уласцівыя не толькі роднасным, але і няроднасным мовам.

3. Сувязь лексікалогіі з іншымі раздзеламі мовазнаўства.

ІІ. Лексікалогія звязана з навуковымі дысцыплінамі:

 семасіялогіяй, або семантыкай (ад грэч. sēmasia ‘значэнне, сэнс’ + logos ‘вучэнне’; sēmantikos ‘які абазначае’) – вывучае значэнні слоў і змяненне значэнняў;

 этымалогіяй (ад грэч. etymon ‘першапачатковае значэнне’ + logos ‘вучэнне’) – высвятляе паходжанне слоў і наступныя стадыі іх развіцця;

 анамасіялогіяй (ад грэч. onyma ‘імя’ + logos ‘вучэнне’) – даследуе перадумовы і прычыны абазначэння прадметаў і з’яў адпаведнымі назвамі;

 анаматалогіяй (ад грэч. onoma ‘імя’ + logos ‘вучэнне’) – вывучае ўласныя імёны і геаграфічныя назвы;

 дыялекталогіяй (ад грэч. dialektos ‘гаворка’ + logos ‘вучэнне’) – высвятляе словы пэўных гаворак;

 фразеалогіяй (ад грэч. phrasis ‘выраз’ + logos ‘вучэнне’) – аналізуе ўстойлівыя спалучэнні слоў;

 стылістыкай (ад грэч. stylos ‘прылада пісьма ў старажытных грэкаў’) – навукай, якая выяўляе сферу ўжывання слоў;

 лексікаграфіяй (ад грэч. lexikos ‘слоўнікавы’ + graphõ  ‘пішу’) – сістэматызуе словы і падае іх у выглядзе слоўнікаў.

ІІІ. Аб’ектам вывучэння лексікалогіі выступаюць не толькі асобныя адзінкі – словы, але і іх групы. На падставе гэтага вылучаюцца наступныя паняцці:

 лексічна-семантычная група (ЛСГ) аб’ядноўвае словы з агульнай семантычнай прыметай (архісемай); напр., архісема маральныя якасці яднае кампаненты ЛСГ шчыры, сумленны, добразычлівы, чуйны, справядлівы, далікатны і інш.;

 семантычнае поле (СП) складаецца з некалькіх ЛСГ, куды ўваходзяць словы розных граматычна-семантычных класаў; напр., колер – чырвоны, чырвань, чырванець, белы, белізна, бялець, сіні, сінь, сінець і інш.;

 тэматычная група (ТГ) аб’ядноўвае словы на падставе агульнасці тэмы, дэнататыўнай суаднесенасці: кветка – ружа, васілёк, півоня, нарцыс, гваздзік і інш.

ІV. У беларускай лінгвістыцы вывучэннем лексікалогіі займаліся А.Я. Баханькоў, М.В. Бірыла, М.Г. Булахаў, А.М. Булыка, Г.Ф. Вештарт, І.І. Крамко, В.П. Красней, В.П. Лемцюгова, А.Я. Міхневіч, К.У. Скурат, Г.А. Цыхун, І.Р. Шкраба, В.К. Шчэрбін, А.К. Юрэвіч, А.І. Яновіч і інш.

 

Тэма 2.2 Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Лексічнае і граматычнае значэнні слова

План лекцыі

1. Паняцце слова.

2.Лексічнае і граматычнае значэнні слова.

3. Тыпы лексічных значэнняў слова: паводле сувязі з рэчаіснасцю (прамое і пераноснае); паводле ступені матываванасці: невытворнае (нематываванае, першаснае) і вытворнае (матываванае першым, зыходным значэннем).

 

 

 

1. Паняцце слова.

І. Слова – найменшая самастойная адзінка мовы, што складаецца з аднаго гука або граматычна аформленага гукавога комплексу, які мае значэнне і служыць сродкам моўных зносін.

 У навуцы вядома звыш 70 крытэрыяў вылучэння слова; сярод іх вызначаюцца асноўныя крытэрыі:

 графічны – слова пазіцыянуецца як паслядоўнасць літар паміж прабеламі;

 фанетычны – для слова характэрны адзіны націск, гармонія галосных, пэўныя змены гукаў, адлучанасць паўзай ад іншых слоў;

 марфалагічны – у слове ёсць характэрная паслядоўнасць марфем: напр., прыстаўка, корань, суфікс, канчатак;

 семантычны – прадмет аб’ектыўнай рэчаіснасці і яго назва звязаны паміж сабой праз семантыку слова;

 сінтаксічны – слова  з’яўляецца найменшай часткай сказа або мінімальнай сінтаксічнай адзінкай.

Кожны з гэтых крытэрыяў мае недакладнасці, і толькі ў сукупнасці яны дапаўняюць адзін аднаго і ствараюць аснову для разумення сутнасці слова.

У маўленні слова ўжываецца ў розных граматычных формах і лексічных значэннях. Таму прынята адрозніваць паняцці лексема, алалекс і словаформа.

Лексема (ад грэч. léxis ‘слова’) – слова як сукупнасць граматычных формаў і лексічных значэнняў ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях; напр., формы слова дарога (дарога, дарогі, дарозе, дарогай, аб дарозе і інш.) у розных спалучэннях, дзе яны маюць рознае значэнне (‘шлях’, ‘прастора для праходу, доступ’, ‘вандроўка, падарожжа’, ‘сродак для дасягнення пэўнай мэты’ і інш.), прадстаўляюць адну лексему – дарога.

Алалекс (ад грэч. allos ‘іншы’ і léxis ‘слова’), або лекс, – маўленчая рэалізацыя лексемы; алалекс мае пэўную граматычную форму і лексічнае значэнне; напр., у сказе Недзе поруч ляжалі дарогі, кліч кахання ляцеў ад ніў… (У. Караткевіч) лексема дарога рэалізуецца ў алалексе дарогі – граматычнай форме Н. с., мн. л. і ў лексічным значэнні ‘паласа зямлі, прызначаная для перамяшчэння’.

 Словаформа – слова, ужытае ў пэўнай граматычнай форме: верасы, павольная, шэпчуцца.

ІІ. Асноўныя прыметы слова:

 фанетычная аформленасць;

 семантычная валентнасць;

 непранікальнасць;

 адзіны асноўны націск;

 лексічна-семантычная аднесенасць;

 пастаянства гучання і значэння;

 узнаўляльнасць;

 цэласнасць і адзінааформленасць;

 пераважнае ўжыванне ў спалучэннях слоў;

 ізаляванасць;

 намінатыўнасць.

 2. Лексічнае і граматычнае значэнні слова

І. Значэнне слова (унутраны сэнс, план зместу) звязана з прадметам абазначэння і з паняццем. Значэнне адлюстроўвае разнастайнасць свету, якая выражаецца ў выглядзе сувязі гучання слова (формы) і яго сэнсавай суаднесенасці (зместу). Самастойнае (паўназначнае) слова заўсёды мае рэальны змест, або лексічнае значэнне.

Лексічнае значэнне – гэта суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай ці аб’ектам рэчаіснасці. Так, лексічнае значэнне слова радзіма можна вызначыць як ‘краіна, якая гістарычна належыць пэўнаму народу і якую гэты народ насяляе; бацькаўшчына’. У службовых словах лексічнае значэнне рэалізуецца пры ўжыванні з самастойным словам.

Асноўнай функцыяй самастойных (паўназначных) слоў з’яўляецца намінатыўная (ад лац. nomen ‘імя, назва’), або назыўная. Яе сутнасць у тым, што лексічныя адзінкі называюць пэўную з’яву аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Лексічнае значэнне слова ўключае кампаненты:

 дэнататыўны, або прадметны, – вызначаецца адносінамі формы слова да дэнатата – факта аб’ектыўнай рэчаіснасці. Роля дэнататыўнага кампанента найперш праяўляецца ў словах са значэннем прадметнасці: гарадзішча ‘месца, дзе захаваліся астаткі старажытнага пасялення’; запальнічка ‘кішэнная машынка для здабывання агню’; калатоўка ‘прылада ў выглядзе палачкі з сучкамі на ніжнім канцы для збівання масла, размешвання чаго-небудзь’;

 сігніфікатыўны, або паняційны, – вызначаецца адносінамі слоў да сігніфікатаў – абазначаемых імі паняццяў. Сігніфікатыўны кампанент уяўляе сабой абстрактную частку зместу значэння і пераважае ў словах адцягненага зместу: дабрадзейнасць ‘маральныя якасці, учынкі дабрадзея; дабрачыннасць’; задавальненне ‘прыемнае пачуццё ад паспяховага ажыццяўлення, завяршэння чаго-небудзь’; індывідуалізм ‘імкненне да праяўлення сваёй асобы’;

 структурны – уключае парадыгматычныя і сінтагматычныя адносіны. Парадыгматычныя адносіны рэалізуюцца на этапе намінацыі пры пошуку альтэрнатыўнага абазначэння і маюць разнавіднасці: 1) родава-відавыя: кветка – ружа, чалавек – мужчына; 2) сінанімічныя: падарожнік – вандроўнік, шчасце – фартуна. Сінтагматычныя адносіны выяўляюцца лінейна, у маўленчым аспекце і сведчаць пра спалучальныя магчымасці слова, або яго валентнасць. Так, з прыслоўем акуратна спалучаюцца дзеясловы рабіць, пісаць, а з прыметнікам басаногі – назоўнікі хлопчык, дзяўчынка, дзіця;

 прагматычны – характарызуе слова праз адносіны да яго зместу носьбітаў пэўнай мовы. Ён уключае канататыўны кампанент значэння. Канатацыя (ад лац. con ‘разам’ і notatio ‘абазначэнне’) – дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні да асноўнага лексічнага значэння. У канататыўны кампанент уваходзяць ацэначныя і эмацыянальна-экспрэсіўныя элементы значэння. Ацэначныя элементы рэалізуюцца, напрыклад, у словах прайдзісвет, лежабока, ветрагон, эмацыянальна-экспрэсіўныя – у словах лагодненька, малюпасенькі, зладзюга.

ІІ. Кожнае самастойнае слова па граматычных законах мовы можа звязвацца з іншымі словамі. У гэтым выпадку яно мае не толькі лексічнае, але і граматычнае значэнне.

Лексічнае значэнне слова цесна звязана з граматычным. Граматычнае значэнне ўдакладняе лексічнае. Напрыклад, у сказе З саду далятала вясёлая гамана (Т. Хадкевіч) дзеяслоў далятала мае лексічнае значэнне ‘чулася’ і граматычныя значэнні абвеснага ладу, незалежнага стану, незакончанага трывання, прошлага часу, І спр., адз. л., ж. р.

Граматычнае значэнне можа выражацца рознымі моўнымі сродкамі – прыстаўкамі, суфіксамі, канчаткамі, чаргаваннем гукаў, націскам, прыназоўнікамі, суплетыўнымі формамі. Так, суфікс -эйш- у прыметніку старэйшы ўтварае простую форму вышэйшай ступені параўнання, а граматычнае значэнне мн. л. у назоўніку вучні выражаецца канчаткам -і.

Дзякуючы лексічнаму і граматычнаму значэнням слова ў маўленні выконвае свае асноўныя функцыі.

Паміж лексічным і граматычным значэннямі ёсць істотныя адрозненні (гл. табліцу 9).

Табліца 9

№ Лексічнае значэнне         Граматычнае значэнне

1. унутраны змест слова;    фармальны бок слова;

2. значэнне лексічных адзінак;    значэнне граматычных формаў;

3 . уласцівае канкрэтнаму слову; уласцівае цэламу класу слоў;

4. названае ў слове і ўласцівае ўсім яго формам;   не названае ў слове;

5 . выражаецца каранёвай марфемай    выражаецца канчаткамі, прыстаўкамі, суфіксамі, націскам

 

3. Тыпы лексічных значэнняў слова: паводле сувязі з рэчаіснасцю (прамое і пераноснае); паводле ступені матываванасці: невытворнае (нематываванае, першаснае) і вытворнае (матываванае першым, зыходным значэннем).

Вылучаюць наступныя тыпы лексічных значэнняў слова:

 паводле сувязі з рэчаіснасцю:

▫ прамое – непасрэднае адлюстраванне рэчаіснасці: ельнік ‘яловы лес’; засцерагальны ‘які служыць для засцярогі ад чаго-небудзь’; кідаць ‘штуршком прымушаць ляцець’.

▫ пераноснае – апасродкаванае адлюстраванне рэчаіснасці (звычайна праз прамыя значэнні; часта абумоўлена кантэкстам); напр., у сказе Янка Купала – зорка першай велічыні не толькі ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце (У. Юрэвіч) слова зорка ўжыта ў пераносным значэнні ‘пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю’. У сказе Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы (І. Навуменка) слова зорка мае прамое значэнне ‘нябеснае цела’;

 паводле ступені матываванасці:

▫ матываванае (у вытворных словах) – заснаванае на значэнні іншай лексемы; напр., слова рыбак матывавана часткамі рыб(а) + -ак (суфікс надае ўтваральнай аснове значэнне асобы); слова дачаўладальнік матывавана часткамі ўладальнік дач(ы);

▫ нематываванае (значэнне невытворнага слова) – не заснаванае на значэнні іншай лексічнай адзінкі: дом, мір, тыгр, факт, халат;

 паводле лексічнай спалучальнасці:

▫ свабоднае – уласціва словам з неабмежаванай спалучальнасцю: бацькоўская хата, вясковая хата, хата ў мястэчку, пабудаваць хату і інш.;

▫ несвабоднае (звязанае):

◦ фразеалагічна звязанае – рэалізуецца толькі ў складзе фразеалагічных спалучэнняў; напр., у спалучэннях лістам слаць (слацца), па белым свеце,  сабаку з’еў словы лістам, белым, сабаку маюць фразеалагічна звязаныя значэнні толькі ў спалучэнні са словамі слаць (слацца), свет, з’есці;

◦ сінтаксічна абумоўленае – выяўляецца ў словах пры іх адметнай сінтаксічнай функцыі ў сказе; напр., у ролі выказніка некаторыя словы (варона, жук і інш.) набываюць сінтаксічна абумоўленае значэнне: варона ‘нерастаропны, нехлямяжы чалавек’; жук ‘хітры, пранырлівы чалавек’: Бронік ці Алесь… Яны ўсе круціліся ля Івана. А той варона.  (А. Кудравец); “Жук гэты Адзярыха”, – думае Саша. (І. Навуменка);

◦ канструктыўна абумоўленае – рэалізуецца толькі ва ўмовах пэўнай сінтаксічнай канструкцыі; напр., дзеяслоў пабыць шматзначны: ён можа ўжывацца ў прыназоўнікавай сінтаксічнай канструкцыі “дзеяслоў + прыназоўнік на + назоўнік у М. с.” са значэннем ‘папрысутнічаць’: пабыць на вечарыне; у беспрыназоўнікавай канструкцыі “дзеяслоў + назоўнік у Т. с.” гэты дзеяслоў рэалізуе значэнне ‘прабыць нейкі час у пэўнай якасці’: пабыць настаўніцай.

 

Тэма 2.3 Мнагазначнасць слова

План лекцыі

1. Паняцце мнагазначнасці слова.

2. Асноўныя тыпы пераносных значэнняў: метафара, метанімія,

сінекдаха.

3. Метафары прывычныя (акамянелыя, сцёртыя), агульнамоў-ныя (узуальныя), індывідуальна-аўтарскія (аказіянальныя).

 

1. Паняцце мнагазначнасці слова.

І. У беларускай мове многія словы маюць толькі адно лексічнае значэнне. Яны называюцца адназначнымі, або монасемантычнымі, монасемічнымі (ад грэч. monos ‘адзін’ + sēmantikos ‘азначальны’): пакоша ‘скошаная сенажаць’, масаж ‘расціранне цела з мэтай паляпшэння кровазвароту, абмену рэчываў у тканках і інш.’, нерат ‘рыбалоўная снасць, сплеценая з лазовых дубцоў, у выглядзе доўгага конуса з кароткім конусападобным уваходам’.

ІІ. У сувязі з дзеяннем закона эканоміі моўных сродкаў у адназначных словах можа развівацца мнагазначнасць, або полісемія.

Мнагазначныя словы, або полісемантычныя, полісемічныя (ад грэч. poly ‘многа’ +  sēma ‘знак’) маюць некалькі (два і больш) значэнняў; напр., слова нос ужываецца з пяццю значэннямі: 1) Выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з’яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху; 2) Дзюба ў птушкі; 3) Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад.; 4) Выступаючая пярэдняя частка якога-н. прадмета; 5) Пярэдняя частка абутку, панчох і пад. Усе гэтыя значэнні маюць агульныя элементы сэнсу.

Асобныя значэнні мнагазначнага слова называюцца лексічна-семантычнымі варыянтамі (ЛСВ).

2. Асноўныя тыпы пераносных значэнняў: метафара, метанімія,

сінекдаха.

ІІІ. Мнагазначнасць развіваецца ў выніку набыцця словам пераноснага значэння. Пры прамым ужыванні слова называе замацаваны за ім дэнатат, пры пераносным – толькі некаторыя адзнакі дэнатата. Паводле прымет, якія ляжаць у аснове пры пераносе назвы аднаго прадмета на іншы, вылучаюць наступныя тыпы пераносных значэнняў слова: метафару, метанімію, сінекдаху. 

1. Метафара (ад грэч. metaphora ‘перанос’) – перанос назвы з аднаго аб’екта рэчаіснасці на іншы на аснове падабенства:

 формы: конь ‘жывая істота’ і конь ‘шахматная фігура’;

 колеру: залатыя ‘рэчы’ і залатыя ‘валасы’;

 функцыі: магніт ‘рэч’ і магніт ‘прывабны чалавек’;

 месца знаходжання: макаўка ‘плод маку’ і макаўка ‘на галаве’;

 гучання: трэск ‘галінак’ і трэск ‘пустата слоў’;

 уздзеяння: горкі ‘смак’ і горкі ‘сумны’.

Метафарызуюцца словы розных граматычна-семантычных класаў:

 назоўнікі: Агонь трасе чупрынай (Р. Барадулін);

 прыметнікі: Гэта першы нясмелы снег бязгучна апусціцца на скаваную маразамі зямлю (П. Пестрак);

 дзеясловы: Доўга не ўціхаў, зырчаў неспакой у Міканора (І. Мележ);

 прыслоўі: Памаленечку, але з кожным днём усё смялей і ўладарней наступала вясна (Б. Сачанка).

3. Метафары прывычныя (акамянелыя, сцёртыя), агульнамоў-ныя (узуальныя), індывідуальна-аўтарскія (аказіянальныя).

Паводле распаўсюджанасці і ступені выразнасці метафары падзяляюцца на тры групы:

 прывычныя (сцёртыя, акамянелыя, мёртвыя) – на сучасным этапе ў іх не адчуваецца вобразнасці: ручка дзвярэй, ляціць самалёт, корань слова;

 агульнамоўныя (паэтычныя, іншасказальныя) – пераносныя назвы, якія адзначаюцца тлумачальнымі слоўнікамі: Зноў замерлі ў небе маторы, быццам самалёт увайшоў у піке (А. Асіпенка); Маша прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы (І. Шамякін);

 індывідуальна-стылістычныя (аўтарскія) – метафары, характэрныя толькі для стылю пэўнага пісьменніка: Ліст шалёны да любай напішаш тайком (П. Панчанка); Над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца (У. Караткевіч); І вось я сяджу на аўсяных снапах, пазіраю ў нябачныя чорныя ціхія вочы дзяўчынкі (Я. Брыль).

У мастацкіх творах можа ўжывацца разгорнутая метафара, у структуру якой уваходзяць розныя вобразныя сродкі. Напрыклад, у “Слове пра паход Ігаравы” бітва метафарычна асэнсоўваецца як жніво, у паэме А. Куляшова “Цунамі” жыццё – як акіян.

2. Метанімія (ад грэч. metõnymia ‘перайменаванне’) – перанос назвы з аднаго аб’екта рэчаіснасці на іншы на аснове сумежнасці; напр., можа пераносіцца:

 назва формы на змест: купілі вядро – назбіралі вядро ‘назбіралі грыбоў’, упрыгожылі школу – школа выйшла на працу ‘вучні і настаўнікі працуюць’;

 назва расліны на прадукт з яе: вырасла капуста – з’еў капусты;

 назва навукі на адпаведны падручнік: хімія – прачытаў хімію;

 назва органа цела на хваробу: сэрца – залёг з сэрцам;

 назва дзеяння на вынік: ліццё ‘працэс выплаўкі’ – ліццё ‘літыя металічныя вырабы’;

 назва дзеяння на сродак: упрыгожанне пакоя – залатое ўпрыгожанне;

 назва матэрыялу на выраб з яго: золата ‘метал’ – фігурыстка ўзнагароджана золатам ‘медалём’;

 назва дзеяння на месца гэтага дзеяння: выхад тут магчымы – запасны выхад;

 імя аўтара на яго твор: вучыць верш Янкі Сіпакова – вучыць Сіпакова;

 імя вынаходніка на аб’ект вынаходніцтва: Рэнтген – прайсці рэнтген.

3. Сінекдаха (ад грэч. synekdochē ‘суаднесенасць’) – ужыванне слова як назвы цэлага і часткі гэтага цэлага.

Асаблівасці сінекдахі:

 адзіночны лік ужываецца замест множнага і наадварот: Каб выжыць, і немца білі – ён жа знішчыць усіх хацеў (Т. Бондар);  Толькі мне не да казак – пачуцці не тыя: зданню вязні майданекаў ходзяць жывыя (А. Бачыла);

 назвы частак цела ўжываюцца са значэннем асобы: Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае… Гэта, брат, галава! (Кандрат Крапіва);

 назва адзення ўжываецца замест назвы асобы: Тут кажух, і шынель, / І бурнос, лапсярдак, / і сурдут, і мундзір… (Ф. Багушэвіч);

 назва цэлага ўжываецца са значэннем часткі: – Дзе ружжо? Падавай яго сюды, мярзавец! – крычыць начальства і нагамі тупае (Якуб Колас).

 

 

Тэма 2.4 Аманімія. Амонімы

План лекцыі

1. Аманімія. Амонімы.

2. Адрозненне аманіміі ад мнагазначнасці.

3. Лексічныя амонімы, іх разнавіднасці (поўныя і няпоўныя).

4. Шляхі ўзнікнення лексічных амонімаў.

5. Тыпы амонімаў.

 

1. Аманімія. Амонімы.

І. Аманімія – з’ява супадзення ў адным гучанні і напісанні розных па значэнні слоў.

Амонімы (ад грэч. homos ‘аднолькавы’ і onyma ‘імя’) – словы, аднолькавыя ў вымаўленні і напісанні, але семантычна несупастаўляльныя: раўнаваць ‘рабіць гладкім, роўным’ – раўнаваць ‘выказваць рэўнасць да каго-небудзь’; мазурка ‘прадстаўніца насельніцтва паўночна-заходняй часткі Польшчы’ – мазурка ‘польскі нацыянальны танец’; спарыш ‘два спараныя боты’ – спарыш ‘аднагадовая расліна’.

2. Адрозненне аманіміі ад мнагазначнасці.

ІІ. Аманімія адрозніваецца ад мнагазначнасці:

 у мнагазначным слове паміж ЛСВ заўсёды захоўваецца агульная семантычная аснова, а значэнні амонімаў не маюць нічога агульнага. Напрыклад, слова ключ мнагазначнае, бо паміж яго ЛСВ ‘металічная прылада для адмыкання і замыкання замка’, ‘тое, што служыць для разгадкі, разумення чаго-небудзь’ існуе семантычная агульнасць. Словы галка ‘птушка сямейства крумкачовых’ і галка ‘круглы камяк, шарык, скатаны з чаго-небудзь мяккага’ з’яўляюцца амонімамі, бо не выяўляюць ніякага сэнсавага падабенства. Мнагазначнае слова ў слоўніках падаецца ў адным слоўнікавым артыкуле, амонімы – у аўтаномных;

 словы-амонімы ўтвараюць розныя па значэнні лексічныя адзінкі: такт – тактавы, такт – тактоўны;

 словы-амонімы маюць розную спалучальнасць: тэрмін ‘пэўны прамежак часу’ (здаць у тэрмін, прыйсці ў тэрмін, месячны тэрмін), тэрмін ‘слова для абазначэння навуковага паняцця’ (лінгвістычны тэрмін, слоўнік матэматычных тэрмінаў).

3. Лексічныя амонімы, іх разнавіднасці (поўныя і няпоўныя).

ІV. У залежнасці ад характару супадзення ў гучанні і напісанні вылучаюць лексічныя, граматычныя, фанетычныя, графічныя амонімы.

1. Лексічныя амонімы – словы адной часціны мовы, якія могуць супадаць:

 ва ўсіх граматычных формах (поўныя амонімы): слова быліна ў значэнні ‘народная эпічная песня’ і слова быліна ў значэнні ‘сцяблінка’ – назоўнікі ж. р., маюць аднолькавыя склонавыя формы (быліны, быліне, быліну, былінай, у быліне; былін, былінам, быліны, былінамі, у былінах);

 у некаторых граматычных формах (няпоўныя амонімы): слова зверабой ‘паляўнічы на марскога звера’ і слова зверабой ‘расліна’ супадаюць у адз. л., паколькі форму мн. л. мае толькі назоўнік са значэннем ‘паляўнічы’.

4. Шляхі ўзнікнення лексічных амонімаў.

 супадзенне ў гучанні і напісанні спрадвечна беларускага і запазычанага слова: лінь (белар. ‘прэснаводная рыба сямейства карпавых’) – лінь (гал. lijn ‘тонкі канат’); скат (белар. ‘схіл, адхон’) – скат (нарв. skata ‘марская рыба’);

 супадзенне ў гучанні і напісанні іншамоўных слоў: рэйд (гал. rede ‘водная прастора для стаянкі судна на якары’) – рэйд (англ. reid ‘пранікненне вайсковай адзінкі ў тыл ворага’); малох (фінік. Molek ‘бязлітасная сіла, якая патрабуе мноства ахвяр’) – малох (лац. moloche ‘аўстралійская яшчарка’);

 запазычванне слоў-амонімаў з адной пэўнай мовы: карабін (франц. carabine ‘разнавіднасць вінтоўкі’) – карабін (франц. carabine ‘спружыновая зашчапка, якая адкрываецца ўнутр’); канфедэратка (пол. konfederatka ‘польскі мужчынскі галаўны ўбор, які насілі раней канфедэраты’) – канфедэратка (пол. konfederat ‘удзельніца канфедэрацыі’);

 утварэнне амонімаў на аснове наяўных моўных адзінак: ягаднік ‘збіральнік ягад’ – ягаднік ‘ягадныя расліны’ (аманімічны суфікс -нік); горны (ад гар-а) – горны (ад гор-а) – амонімы ўтвораны ад розных асноў пры дапамозе аднолькавага фарманта;

 утварэнне амонімаў у выніку канверсіі: люты ‘люты звер’ – люты ‘назва месяца’; шкода ‘ў значэнні назоўніка’ – шкода ‘ў значэнні слова катэгорыі стану’;

 распад полісеміі: лаўка – аддзел у гандлёвым радзе – невялікі магазін. Выпадзенне прамежкавага звяна аддзел у гандлёвым радзе пасадзейнічала ўзнікненню амонімаў лаўка ‘невялікая лава’ – лаўка ‘невялікі магазін’.

4. Тыпы амонімаў.

2. Граматычныя амонімы, або амаформы (ад грэч. homos ‘аднолькавы’ + лац. forma ‘форма’) – аднолькавыя па гучанні і напісанні формы ў межах граматычнай парадыгмы аднаго слова або парадыгмаў розных слоў. Разнавіднасці амаформаў:

 амаформы ў межах парадыгмы аднаго слова (супадзенне ў гучанні і напісанні граматычных формаў скланяльных часцін мовы): чалавек (назоўнік Н. с. адз. л.) – чалавек (назоўнік Р. с. мн. л.);

 амаформы ў межах парадыгмаў слоў адной часціны мовы (супадзенне ў гучанні і напісанні граматычных формаў слоў адной часціны мовы): лячу (форма 1-й ас. адз. л. ад дзеяслова ляцець) – лячу (форма 1-й ас. адз. л. ад дзеяслова лячыць);

 амаформы ў межах парадыгмаў слоў розных часцін мовы (супадзенне ў гучанні і напісанні граматычных формаў слоў розных часцін мовы): пакрывала (назоўнік Н. с. адз. л.) – пакрывала (дзеяслоў адз. л., пр. ч., ж. р. і н. р.).

3. Фанетычныя амонімы, або амафоны (ад грэч. homos ‘аднолькавы’ + phõnē ‘голас, гук’), – словы з аднолькавым гучаннем, але розным напісаннем. Гукавое супадзенне ўзнікае ў вусным маўленні як вынік дзеяння фанетычных законаў у наступных пазіцыях:

 аглушэнне звонкіх зычных: код – ко[т], лёд – лё[т];

 асіміляцыя звонкіх зычных: казка – [каска], грубка – [γрупка].

Разнавіднасцю амафонаў з’яўляюцца супадзенні ў гучанні ўласных і агульных найменняў: Надзея – надзея, Раман – раман.

4. Графічныя амонімы, або амографы (ад грэч. homos ‘аднолькавы’ + graphõ ‘пішу’), – словы з аднолькавым напісаннем, але розным вымаўленнем (націскам). Разнавіднасці амографаў:

 лексічныя (рабíнка – ра́бінка, му́зыка – музы́ка);

 граматычныя (бе́рагу – назоўнік, берагу́ – дзеяслоў; сталы́ – назоўнік, ста́лы – прыметнік).

V. Вылучаюць міжмоўныя амонімы, якія ўзнікаюць паміж тыпалагічна блізкімі мовамі (белар. нядзеля ‘сёмы дзень тыдня’ – руск. неделя ‘усе дні тыдня’) і няроднаснымі мовамі (белар. пароль ‘сакрэтнае слова’ – франц. parole ‘слова мовы’).

VІ. Амонімы выкарыстоўваюцца як стылістычны сродак стварэння каламбураў (франц. calembour) – невялікіх гумарыстычных вершаў, пабудаваных на аманімічных рыфмах: З недапісаным раманам / Лез у класікі Раман. / Кажуць, і сыны Рамана / Пішуць той жа ўсё раман (Х. Жычка); Я на елку палячу – / І галінкі палячу: / Дзюба ў мяне доўгая, / Буду слухаць доўга я… / З журавін зрабіў каралі – / Журавы мяне каралі, / А суніцы ледзь паспелі, / Іх дразды скляваць паспелі… (С. Грахоўскі).

 

Тэма 2.5 Паранімія. Паронімы.

План лекцыі

1. Паранімія. Паронімы, крытэрыі іх вызначэння.

2. Адрозненне паронімаў ад амонімаў і сінонімаў.

3. Стылістычнае выкарыстанне амонімаў і паронімаў.

 

1. Паранімія. Паронімы, крытэрыі іх вызначэння.

Паранімія – з’ява гукавога і марфалагічнага падабенства слоў пры адрозненні ў іх значэннях.

Паронімы (ад грэч. para ‘каля, побач’ + onyma ‘імя’) – словы адной часціны мовы, якія ўтвораны ад аднаго кораня, маюць блізкае гучанне, але адрозніваюцца значэннем: бібліятэкарскі ‘які мае адносіны да бібліятэкара’ – бібліятэчны ‘які мае адносіны да бібліятэкі’; гнуткі ‘здольны лёгка гнуцца’ – гнуты ‘які мае выгнутую форму’; скавародка ‘невялікая скаварада’ – скавароднік ‘плоскі круглы хлеб, праснак’.

І. Прыметы паронімаў:

 наяўнасць аднолькавага кораня;

 выразнае адрозненне лексічных значэнняў;

 сугучнасць прыставак і суфіксаў;

 прыналежнасць да аднаго граматычна-семантычнага класа слоў (часціны мовы).

ІІ. Шляхі ўзнікнення паронімаў:

 словаўтваральны (сэнсаадрознівальныя суфіксы і прыстаўкі далучаюцца да адной і той жа асновы):  раса: рас-ян-ы ‘які мае адносіны да расы’ – рос-н-ы ‘пакрыты расою’; хапіць: а-хапіць ‘уключыць у сферу дзеяння’ – аб-хапіць ‘абняць’;

 запазычванне іншамоўнай лексікі: далікатны (франц.) ‘ветлівы’– далікатэсны (франц.) ‘прыемны на смак’; міякард (грэч.) ‘мышачная сценка сэрца’ – міякардыт (грэч.) ‘захворванне сардэчнай мышцы’.

2. Адрозненне паронімаў ад амонімаў і сінонімаў.

ІІІ.  Паронімы адрозніваюцца ад амонімаў і сінонімаў (гл. табліцу 10).

Табліца 10

№ Адрозненні ад амонімаў         Адрозненні ад сінонімаў

1 . паронімы – розныя па гучанні і марфалагічнай будове словы (фабрыкант ‘уладальнік фабрыкі’ – фабрыкат ‘гатовы фабрычны выраб’), амонімы – абсалютна аднолькавыя (дзяркач ‘птушка’ – дзяркач ‘венік’); паронімы – аднакаранёвыя словы або спрадвечна беларускія (цярпімы ‘з якім можна мірыцца’ – цярплівы ‘які мае вялікае цярпенне’), або запазычаныя (магістрат ‘орган гарадскога самакіравання’ – магістрант ‘асоба з першай вучонай ступенню’);

у сінанімічным радзе могуць прысутнічаць аднакаранёвыя і рознакаранёвыя словы як спрадвечна беларускія, так і запазычаныя (сям’я, дом, фамілія);

2. у семантыцы паронімаў, акрамя дыферэнцыяльных прымет, ёсць і агульныя; напрыклад, паронімы чарапахавы ‘зроблены з панцыра чарапахі’ – чарапашы ‘які належыць чарапасе’ маюць агульную сему ‘звязаны з чарапахай’;

амонімы семантычна ніяк не звязаны паміж сабой;

паронімы – узаеманезамяняльныя словы, якія рэдка ўжываюцца ў адным кантэксце, сінонімы размяшчаюцца сумесна і могуць замяняцца адзін другім (напрыклад, сінонімы ў сказе Якуба Коласа: Але там, дзесь у патаемных глыбінях, нешта бурліла, кіпела, узнімалася, ірвалася наверх)

3. лексічнае значэнне паронімаў не залежыць ад кантэксту;

дыферэнцыяцыя значэнняў амонімаў выяўляецца пры супастаўленні кантэкстаў іх ужывання: даслаць пісьмо шатландцы ‘прадстаўніцы шатландскага народа’ – пашыць сукенку з шатландкі ‘тканіны ў каляровыя клеткі’       

ІV. Вылучаюць міжмоўныя паронімы – блізкія па гучанні, але сэнсава не тоесныя словы розных моў:  белар. канюшына ‘расліна’ – руск. конюшня ‘месца для коней’; белар. пільны ‘ўважлівы’ – руск. пыльный ‘пакрыты пылам’.

3. Стылістычнае выкарыстанне амонімаў і паронімаў.

V. У адным кантэксце могуць ужывацца сугучныя словы, як уласна паронімы, так і рознакаранёвыя. Такое ўжыванне называецца паранамазіяй.

Паранамазія, або паранімічная атракцыя (ад грэч. para ‘ўсюды’ + onomazo ‘назва’), – стылістычная з’ява,  заснаваная на збліжэнні сугучных слоў: руіны запарушваюцца / рунь / уваскрашае руны / неба блізка (А. Разанаў); Духмянасць, нібы мацыёла ад сонечнага мацыёну (П. Панчанка).

 

Тэма 2.6 Сінанімія. Сінонімы

План лекцыі

1. Сінанімія.

2. Сінонімы, іх тыпы (семантычныя, стылістычныя і

семантычна-стылістычныя).

3. Сувязь сінаніміі з мнагазначнасцю

 

1. Сінанімія

Сінанімія – семантычная з’ява, якая праўляецца ў здольнасці розных па гучанні слоў абазначаць адну і тую ж рэалію.

Сінаніміка – сукупнасць усіх сінонімаў мовы.

2. Сінонімы, іх тыпы (семантычныя, стылістычныя і

семантычна-стылістычныя).

Сінонімы (ад грэч. synõnymos ‘аднайменны’) – словы, якія абазначаюць адно паняцце, але адрозніваюцца адценнямі значэння або стылістычнай афарбоўкай: сустрэча – спатканне; прасіць – заклінаць; асілак – бугай; піць – жлукціць.

І. Шляхі ўзнікнення сінонімаў:

 утварэнне новых слоў шляхам афіксацыі (жоўты – зжаўцелы), асноваскладання (раўназначны – раўнацэнны), канверсіі (сталоўка – сталовая), абрэвіяцыі (жыллёва-эксплуатацыйная служба – ЖЭС);

 засваенне іншамоўных слоў (малакроўе – анемія, правільны – карэктны);

 пранікненне ў літаратурную мову народна-дыялектных, прафесійных, спецыяльных слоў, неалагізмаў (нядаўна – кагадзе, кіёск – буцік);

 развіццё ў семантычнай структуры слова пераноснага значэння, на аснове якога складваецца новы сінанімічны рад (слова маяк з пераносным значэннем ‘перадавік вытворчасці’ ўступае ў сінанімічныя адносіны са словамі прыклад, узор).

ІІ. Вылучаюць наступныя тыпы сінонімаў:

 абсалютныя сінонімы, або лексічныя дублеты, – словы, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні пры магчымым разыходжанні ў спалучальнасці: прыстаўка – прэфікс; васілёк – валошка; халодны – сцюдзёны; знаць – ведаць;

 семантычныя сінонімы, або ідэаграфічныя, – словы, якія пры абазначэнні аднаго і таго ж паняцця адрозніваюцца паміж сабой аб’ёмам семантыкі: хацець ‘мець жаданне’ – прагнуць ‘моцна жадаць чаго-небудзь’ (адрозненне ў ступені праяўлення жадання); ісці ‘перамяшчацца, робячы крокі’ – крочыць ‘перамяшчацца, робячы шырокія крокі’ (адрозненне ў асаблівасці крокаў).

 стылістычныя сінонімы – словы, тоесныя або блізкія па значэнні, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў: конік – каваль, кавалёк, скакун (абл.); вочы – бельмы, бельмачы, буркалы, зіркачы, лупы, зекры (разм., зняваж.); адрозніваюць:

▫ эўфемізмы (ад грэч. euphēmismos ‘кажу ветліва’) – словы і спалучэнні слоў для замены грубых абазначэнняў: падучка – эпілепсія; дэбіл – разумова адсталы; пражора – плячысты на жывот;

▫ дысфемізмы – стылістычна зніжаныя словы для замены нейтральных абазначэнняў: валасы – пэйсы; памерці – апруцянець;

 семантычна-стылістычныя сінонімы – словы, якія адрозніваюцца адначасова значэннем і стылістычнай афарбоўкай: ісці ‘перамяшчацца’ (стылістычна нейтральнае) – джгаць ‘ісці вялікімі крокамі’ (размоўнае); дождж ‘кроплі вады’ (стылістычна нейтральнае) – грыбасей ‘цёплы імжысты дождж’ (размоўнае);

 кантэкстуальныя сінонімы, або сінонімы маўлення, аўтарскія, аказіянальныя сінонімы (ад лац. occasionalis ‘выпадковы’) – словы, якія сэнсава збліжаюцца толькі ў пэўным кантэксце: Жыла ў мяне радасць – цёплая, ласкавая і пушыстая (Я. Сіпакоў); Закалыханыя, спяць песні, усе трэлі, свісты, перасвісты, куванні, звоны, перазвоны, куганні, гулы, перагуды, лясныя шумы, перашумы (Максім Танк).

ІІІ. Сінанімічны рад – некалькі слоў, звязаных сінанімічнымі адносінамі.

Першым у сінанімічным радзе падаецца слова-дамінанта (ад лац. dominans ‘асноўны’) – стылістычна нейтральная адзінка, якая выражае агульнае значэнне ўсіх слоў рада: паэт – вершапісец – пясняр – песнятворца.

У сінанімічны рад уваходзяць:

 словы аднаго граматычна-семантычнага класа (часціны мовы);

 спалучэнні службовых і паўназначных слоў: ананімны – без подпісу;

 лексікалізаваныя спалучэнні: абзац – чырвоны радок;

 словазлучэнні дублетнага і перыфрастычнага характару: бяднець – рабіцца бедным, бульба – другі хлеб;

 разгорнутыя назвы: лінкар – лінейны карабель;

 фраземныя спалучэнні: кленчыць – кідацца на калені.

3. Сувязь сінаніміі з мнагазначнасцю

ІV. Сінанімізацыя мнагазначнага слова адбываецца па адным кампаненце. Так, да значэнняў полісемічнага слова лёгкі можна падабраць некалькі сінанімічных радоў:

– лёгкі – даступны – просты ‘ступень разумення’;

– лёгкі – нязначны – невялікі – слабы – нямоцны ‘нізкая ступень праяўлення чаго-небудзь’;

– лёгкі – павярхоўны – бесклапотны – легкадумны ‘адносіны да чаго-небудзь’.

V. Стылістычныя функцыі сінонімаў:

 функцыя замяшчэння (ужываецца, каб пазбегнуць таўталогіі): Гайліс крочыў у зашпіленым шынялі, вецер ірваў полы шыняля і, было відаць, замінаў ісці. Але Гайліс не зважаў на вецер, ішоў роўна, цярпліва. Барыс ступаў каля Гайліса. Ганна не дала яму ніякай увагі. Яна адзначыла: Чарнаштан дыбаў ззаду ўсіх (І. Мележ);

 функцыя проціпастаўлення (назіраецца ў пэўных сінтаксічных канструкцыях): А матылькі сваім убраннем / Касуюць тут усіх дазвання / І не лятаюць – танцы правяць, / Ну, каго хочаш, зацікавяць (Якуб Колас);

 функцыя ўдакладнення (дазваляе больш поўна выказаць думку): Многія хаты ў сённяшняй вёсцы больш адпаведна называць дамамі (Я. Брыль);

 функцыя тлумачэння (дарэчная пры ўжыванні незразумелых для чытача слоў – спецыяльных, запазычаных, архаізмаў, экзатызмаў і інш.): На арбіце адсутнічае гравітацыя, таму вырашальную ролю пачынаюць адыгрываць сілы паверхневага нацяжэння, адгезія (зліпанне), капілярныя эфекты і іншыя міжмалекулярныя ўзаемадзеянні (“Настаўніцкая газета”).

 

Тэма 2.7 Антанімія. Антонімы

План лекцыі

1. Антанімія.

2. Антанімія і мнагазначнасць.

3. Антонімы, іх разнавіднасці.

4. Рознакаранёвыя і аднакаранёвыя антонімы

 

1. Антанімія

І. Антанімія – з’ява проціпастаўленасці слоў з супрацьлеглым значэннем.

Антонімы (ад грэч. anti ‘супраць’ + onyma ‘імя’) – словы аднаго граматычна-семантычнага класа (часціны мовы), якія маюць супрацьлеглыя значэнні: багацце – беднасць, ласкавы – гнеўны, радаваць – засмучаць, тут – там, на – з, так – не, добры дзень – бывай. Антанімія звязана з сінаніміяй і полісеміяй.

Сувязь антаніміі з сінаніміяй праяўляецца ў тым, што кампанент антанімічнай пары можа мець свае сінонімы (чысты – светлы, крыштальны, белы і брудны – агідны, гідкі, брыдкі). Антанімічныя адносіны ўстанаўліваюцца паміж гэтымі групамі сінонімаў, узятымі агульна. 

2. Антанімія і мнагазначнасць.

Сувязь з полісеміяй выражаецца ў наступных з’явах:

 кожны ЛСВ мнагазначнага слова або некаторыя з іх маюць свае антонімы; напр., прыметнік стары да свайго асноўнага значэння ‘які пражыў шмат год’ мае антонім малады (малады чалавек – стары чалавек), да значэння ‘які быў раней’ – новы (стары адрас – новы адрас).

 супрацьлеглыя значэнні могуць развівацца ўнутры мнагазначнага слова. Такая з’ява называецца ўнутрыслоўнай антаніміяй, або энантыясеміяй (ад грэч. enantios ‘процілеглы’ + sēma ‘знак’); напр., дзеяслоў праслухаць мае значэнні ‘пачуць’ (праслухаць лекцыю) і ‘не пачуць’ (праслухаць з-за шуму), праславіцца ‘набыць добрую славу’ і ‘набыць дрэнную рэпутацыю’. Энантыясемія выразна праяўляецца ў кантэксце.

3. Антонімы, іх разнавіднасці.

ІІ.  Існуюць два падыходы да класіфікацыі антонімаў – структурны і семантычны.

Згодна са структурным падыходам антонімы падзяляюцца на:

4. Рознакаранёвыя і аднакаранёвыя антонімы

 рознакаранёвыя (уласна лексічныя): жыццё – смерць; дабро – зло; дзень – ноч; халодны – гарачы;

 аднакаранёвыя (лексічна-граматычныя): сабраць – разабраць; талковы – бесталковы; смачна – нясмачна.

Пры семантычным падыходзе вылучаюцца:

 квалітатывы (ад лац. qualitativus ‘якасць’) – рэалізуюць градуальнасць апазіцый; напр., паміж кампанентамі пары малады – стары прысутнічаюць іншыя словы, што дазваляе ўявіць паступовую змену якасці: малады – сярэдніх гадоў – сталы – стары;

 каардынатывы (ад лац. coordinatio ‘ўпарадкаванасць’) – рэалізуюць градуальнасць апазіцый у словах з абазначэннем асноўных прасторавых і часавых каардынат: верхні – сярэдні – ніжні, лета – зіма, вясна – восень у замкнёным цыкле вясна, лета, восень, зіма;

 кантратывы (ад лац. contrarius ‘супрацьлеглы’) – выражаюць супрацьлеглую накіраванасць дзеянняў, уласцівасцей, прымет, што павінны суадносіцца з адной і той жа асобай, прадметам ці з’явай прыроды: узнікаць – знікаць; гігіенічны – антыгігіенічны; уверх – уніз; напр.: Лыжнік на старце апярэдзіў скарахода, а на фінішы адстаў ад яго;

 камплементатывы (ад лац. complementum ‘дапаўненне’) – абазначаюць супрацьлеглыя відавыя паняцці, што дапаўняюць адно другое да родавага паняцця і па сваёй сутнасці з’яўляюцца крайнімі, бо паміж імі адсутнічаюць прамежкавыя члены: жанаты – халасты; жывы – мёртвы; можна – нельга;

 канверсівы (ад лац. conversio ‘змяненне’) – утвараюцца з папярэдніх разнавіднасцей антонімаў на аснове пэўнага ўжывання; з дапамогай канверсіваў перадаецца адна і тая ж сітуацыя, якая ацэньваецца з пункту гледжання розных яе ўдзельнікаў: Іван маладзейшы за Васіля – Васіль старэйшы за Івана.

ІІІ. Дзякуючы актуалізацыі пераносных значэнняў узнікаюць кантэкстуальныя антонімы, супрацьлегласць якіх выяўляецца толькі ў пэўнай сітуацыі маўлення: Ужо за парогам / Мы, як за мяжой, / I ў хаце сваёй –

У запеччы (Р. Барадулін). Словы парог і хата па сваіх прамых значэннях антонімамі не з’яўляюцца, але ў кантэксце ўтвараюць супрацьпастаўленні ў выніку пераноснага ўжывання.

ІV. Антонімы – лексічная аснова для шэрага стылістычных фігур кантрасту:

 антытэза (ад грэч. antithesis ‘супрацьпастаўленне’) – заснавана на проціпастаўленні супрацьлеглых вобразаў: Слову жывому – на глебу ўрадлівую, / Мёртваму слову – на камень, на жвір. / Шчыраму сэрцу – долю шчаслівую, / Чэрстваму сэрцу – балота і вір (С. Дзяргай); Гэтую яловую і пачуццёвую змрочнасць вобміг рассеяла пранізліва-белая яснасць, што ўдарыла шквалам у вочы, як толькі я выбраўся з лагчыны і ўзышоў на пагорак… (У. Рубанаў);

 аксíмаран, або аксю́маран  (ад грэч. oxymõron ‘дасціпна-бязглуздае’) –заснаваны на лагічна несумяшчальных паняццях, якія кантрасна характарызуюць адзін аб’ект ці з’яву рэчаіснасці; аксімаран рэалізуецца на ўзроўнях:

▫ складанага слова: доля-нядоля, спасцігальна-неспасціжны;

▫ спалучэння слоў: свет сонечны і сівы, я мінаю і настаю;

▫ словазлучэння: звонкая цішыня, радасны боль;

▫ сказа (паміж кампанентамі аксімарана ўзнікаюць адносіны прэдыкатыўнасці): нябожчыкі жывуць, мінулае жыве. 

 акратэза – сцвярджае адну з прымет, з’яў ці дзеянняў аб’ектаў рэчаіснасці шляхам адмаўлення супрацьлеглага: не дабро, а зло; святло, а не цемра;

 альтэрнатэза – абумоўлівае альтэрнатыўны выбар аднаго з кантрасных прадметаў, з’яў, прымет, дзеянняў і грунтуецца на антонімах, звязаных размеркавальнымі злучнікамі: далёка ці блізка; то цяпло, то холад;

 амфітэза – сцвярджае супрацьлеглыя з’явы ці прыметы, у выніку чаго яны ахопліваюцца поўнасцю: старыя і малыя ‘ўсе, увесь народ’; удзень і ўначы ‘заўсёды’.

 дыятэза – характарызуе сярэднюю ступень шляхам адмаўлення антонімаў: не стары і не малады ‘сталы’; ні святло, ні цемра ‘паўзмрок’.

 антыменабала – заснавана на перамене пазіцый і сінтаксічных функцый антонімаў: Вучацца нанава вымаўляцца словы, лічацца лічбы… / Гуляе жыццё з імі ў смерць, смерць – у жыццё (А. Разанаў).

 

Тэма 2.8 ЛЕКСІКА СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПАВОДЛЕ ПАХОДЖАННЯ

План лекцыі 1

1. Лексіка сучаснай беларускай мовы паводле паходжання

2. Спрадвечна беларуская лексіка.

3. Гістарычныя пласты спрадвечна беларускай лексікі: індаеўрапейскія словы.

 

1. ЛЕКСІКА СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПАВОДЛЕ ПАХОДЖАННЯ

Лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы фарміравалася на працягу  стагоддзяў, няспынна развівалася і ўдасканальвалася. Сёння яна ахоплівае многія сотні тысяч слоў, розных як па часе ўзнікнення, так і па паходжанні.

2. Спрадвечна беларуская лексіка.

Асновай лексічнай сістэмы беларускай мовы на ўсіх этапах яе гістарычнага развіцця з'яўлялася і з'яўляецца спрадвечна беларуская лексіка. Менавіта    яна вызначае самабытнасць беларускай мовы.

3. Гістарычныя пласты спрадвечна   беларускай лексікі

Вылучаюцца чатыры гістарычныя пласты спрадвечна беларускай лексікі: індаеўрапейскія словы,  агульнаславянскія словы,  агульнаўсходнеславянскія словы,  уласнабеларускія словы.

 Індаеўрапейскія словы (індаеўрапеізмы) – самы старажытны пласт спрадвечна беларускай лексікі, які адносіцца да перыяду існавання індаеўрапейскай мовы-асновы, індаеўрапейскага моўнага адзінства.

                       Заўвага. Праіснаваўшы некалькі тысячагоддзяў, індаеўрапейская моўная супольнасць распалася (не пазней IV тысячагоддзя да н.э.), і на аснове яе дыялектаў пачалі складвацца мовы (германскія, раманскія, славянскія і інш.). Мовы, якія паходзяць ад агульнаіндаеўрапейскай мовы, з'яўляюцца роднаснымі, і на гэтай падставе іх аб'ядноўваюць у адну моўную сям'ю – індаеўрапейскую. Л. Сямешка.

Адрозніваюць наступныя тэматычныя групы індаеўрапейскіх слоў:

- назвы асоб паводле роднасці і сваяцтва: брат, дзед, маці, сын, сястра;

- назвы частак цела чалавека і жывёл: бровы, вока, вуха, зуб, калена, нос;

- назвы раслін і іх частак: бяроза, дуб, зерне, кара, салома, семя;

- назвы жывёл і і інш. жывых істот: алень, бабёр, воўк, карова, каза, мыш;

- назвы з'яў прыроды: вецер, снег, балота, холад;

- назвы жылля, пабудоў і іх частак, гаспадарчых прылад: дом, двор, дзверы,  кола, жорны;

- назвы прадуктаў харчавання: мёд, мяса, соль;

- назвы дзеянняў: жыць, есці, ісці, піць, біць, везці, гарэць;

- часавыя паняцці: век, вечар, дзень, ноч, зіма;

- абстрактныя паняцці: бог, вера, дух, дзіва, імя;

- прыметы і якасці: стары, сівы, босы, новы, востры і інш.

Індаеўрапеізмамі ў беларускай мове з'яўляюцца асобныя лічэбнікі (два, тры, сто), займеннікі (ты, вы, сам),  прыназоўнікі (аб, па, пры, пра), злучнікі (а, ды), часціцы і выклічнікі (а, жа, не, чуць).

Пераважная большасць індаеўрапеізмаў мае адпаведнікі ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах або ў асобных іх групах. Напрыклад: бел. дом, укр. дім, руск. дом, балг. домът, серба-харв. дом, польск. dom, чэшск. du•m, ст.-руск.  і ст.-слав. домъ, што ўзыходзяць да праслав. domъ 'дом', 'жыллё' і маюць адпаведнікі ў ст.-інд. damos 'дом', авесц. dam-, лац. domus; бел. два, укр. два, руск. два, балг. два, серба-харв. двȃ, чэшск. dva, польск. dwa, ням. zwei, англ. two, літ. du, лат. divi, ст.-пруск. dwai, лац.duo, гоц. twai.

3. Другі пласт спрадвечна беларускай лексікі – словы агульнаславянскія (праславянскія), якія захаваліся з перыяду агульнаславянскага моўнага адзінства і якія ўжываюцца ў большасці сучасных славянскіх моў. Напрыклад: бел. галава, укр. голова, руск. голова, балг. главаʹ, серба-харв. глаʹва, славен. glȃva, чэшск. hlaʹva, польск. glowa; бел. салавей, укр. соловій, руск. соловей, балг. славей, чэшск. slavik, польск. slowik, славен. sla'vэc.

 

План лекцыі 2

1. Гістарычныя пласты спрадвечна   беларускай лексікі:

агульнаславянскія словы, агульнаўсходнеславянскія словы, уласнабеларускія словы.

2. Запазычаныя словы ў беларускай мове. Запазычанні са славянскіх і неславянскіх моў, іх прыметы. Асваенне запазычаных слоў.

3. Калькі і паўкалькі.

4. Інтэрнацыянальная лексіка. Экзатызмы. Варварызмы.

 

1. Гістарычныя пласты спрадвечна   беларускай лексікі:

агульнаславянскія словы, агульнасходнеславянскія словы, уласнабеларускія словы.

Агульнаславянскі лексічны пласт ахоплівае разнастайныя тэматычныя групы слоў:

-  назвы асоб паводле роднасці і сваяцтва: баба, дзіця, нявестка, сірата, купец;

- назвы органаў і частак цела чалавека і жывёл: барада, галава, лоб, локаць, рука;

- назвы жывых істот: бык, варона, заяц, мядзведзь, конь, жук, чарвяк;

- назвы раслін і іх частак: авёс, жыта, колас, корань;

- назвы прадуктаў харчавання: блін, квас, каша, кісель, крупы, сала;

- назвы прадметаўбыту: вядро, бочка, мех, кажух;

- назвы часавых паняццяў: год, восень, лета, месяц;

- назвы абстрактных паняццяў: воля, віна, грэх, крыўда, праўда;

- назвы дзеянняў: дыхаць, бегчы, ехаць, ляцець, гаварыць;

- назвы якасцей і ўласцівасцей: багаты, бедны, здаровы, мудры;

- назвы ліку: восем, дзесяць, тысяча;

- займеннікі: я, ён, мы, хто, што і інш.

Трэці пласт спрадвечна беларускай лексікі – гэта словы агульнаўсходнеславянскага перыяду, якія з'яўляюцца здабыткам трох усходнеславянскіх народаў – беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Такіх слоў няма ў іншых славянскіх мовах, напрыклад: бел. сарока, руск. сорока, укр. сорока, параўн.: балг. каракашка; бел. ястраб, руск. ястреб, укр. ястріб, параўн.: балг. Карагуй. Некаторыя словы сустракаюцца ў беларускай і ўкраінскай мовах (бел. вежа, краіна, лічыць – укр. вежа, краіна, лічити), а ў рускай мове ім адпавядаюць іншыя лексічныя адзінкі (башня, страна, считать); асобныя словы характэрны для рускай і ўкраінскай моў (руск. белка, клюква – укр. білка, клюква), а ў беларускай мове ўжываюцца іншыя словы (вавёрка, журавіны); ёсць лексічныя адзінкі агульныя для беларускай і рускай моў (бел. ваўчок, кадушка – руск. волчок, кадушка), а ва ўкраінскай мове яны не выкарыстоўваюцц (дзига, бодня).

Фарміраванне і ўзбагачэнне слоўніка агульнаўсходнеславянскага перыяду адбывалася за кошт 

- уласных, унутраных рэзерваў мовы: племя → пляменнік, двор → дваранін, сяло → селянін;

- ускладнення і змянення сэнсавай структуры слова: зямля – 'глеба', 'дол' → 'дзяржава', 'народ', 'уладанне', 'свет'; вытворныя: зямлянін, земскі, земец;

- змены семантыкі слова: жывот   'жыццё' → жывот 'частка цела чалавека', пагост (ад гость – 'купец') 'пастаялы двор' → пагост 'стан для князёў і дружыны' → пагост 'паселішча на праезджай дарозе' → пагост 'могілкі пры царкве', 'могілкі'.

Узбагаціліся адпаведныя тэматычныя групы слоў:

- назвы асобы, роднасці і сваяцтва: бацька, дзядзька, падчарка, знахар, весялун;

- назвы органаў, частак цела чалавека і жывёл: тулава, шчака, кулак, клык, туша;

- назвы жывых істот: жаваранак, кошка, сабака, мошка;

- назвы раслін і іх частак: грэчка, хвошч, шчаўе, малачай, грузд;

- назвы з'яў прыроды: вясёлка, мяцеліца, студзень;

- назвы сельскагаспадарчых паняццяў, гаспадарчых пабудоў: адрына, слабада, сенажаць, ураджай, цаліна, плуг;

- назвы прадметаў быту: лыжка, лучына, самавар, сарочка, кубак, боты, дзяруга;

- назвы абстрактных паняццяў: давер, марока, пацеха, журба;

- назвы дзеянняў, працэсаў: гуляць, калыхаць, балаваць, журчаць;

- назвы прымет і якасцяў: курносы, махнаты, рабы, ветлівы;

- назвы лікаў: адзінаццаць, дванаццаць, дваццаць, сорак і інш.

Названы пласт слоў даволі значны, багацейшы за праславянскую лексіку ў колькасных і лексіка-семантычных адносінах, але да нашага часу застаецца пакуль што мала даследаваным.

 Уласнабеларускія словы – словы, якія ў працэсе фарміравання і развіцця беларускай мовы ўзніклі на ўласнай, беларускай, аснове ці ўтвораны пры дапамозе ўласных словаўтваральных сродкаў ад запазычаных лексічных адзінак. Гэта словы, якія сучасным рускай і ўкраінскай мовам не ўласцівы або вядомы ім як устарэлыя ці вузкамясцовыя лексічныя адзінкі. Сярод уласнабеларускіх слоў вылучаюцца:

- назвы асобы, міфічных істот: абібок, асілак, летуценнік, араты, сейбіт, вадзянік, нячысцік;

- назвы жывых істот: бусел, вусень, кнігаўка;

- назвы раслін: абабак, буякі, ваўчкі, каліва, алешнік;

- назвы з'яў прыроды: змрок, золак, світанне, спёка, заранка;

- назвы пабудоў і іх частак: падпаветка, вазоўня, вочап, вушак;

- назвы страў: дранікі, зацірка;

- назвы адзення: спадніца, хустка, вопратка;

- назвы часавых паняццяў: адвячорак, раніца, сакавік, красавік;

- назвы абстрактных паняццяў: абставіны, асяроддзе, знямога, жаданне, мара, пяшчота, летуценне;

- назвы дзеянняў і працэсаў: абняславіць, адлюстраваць, гаманіць, пакутаваць, сачыць і інш.

Да характэрных асаблівасцей уласнабеларускіх слоў адносяцца

-  поўнагалоссе: серада, прахалода, старонка, салодкі, палон;

- прыстаўныя гукі: ілгаць, ільняны, возера, вока;

- спалучэнні ры, лы на месцы даўніх ръ, лъ, рь, ль у пазіцыі паміж зычнымі: дрыгва, крывавы, хрыбет, блыха і некаторыя інш.

Уласнабеларускімі лічацца словы, утвораныя

- ад агульнаславянскіх і ўсходнеславянскіх каранёў пры дапамозе беларускіх словаўтваральных сродкаў (прыставак, суфіксаў, уласцівых беларускай мове): авечка ( параўн.: аг.-сл. овьца, руск. овца), пустка (параўн.: аг.-сл. пустъ, руск. пустошь);

- на базе беларускіх каранёў і афіксаў на ўзор адпаведных рускіх слоў: выбіральнасць (параўн.: руск. избирательность), самадзейны (параўн.: руск. самодеятельный), аглядальнік (параўн.: руск. наблюдатель), першасны (параўн.: руск. первичный);

- на базе беларускіх і рускіх словаўтваральных элементаў (беларускі корань + рускі афікс, рускі корань + беларускі афікс): вапнаванне (параўн.: руск. известкование), выдатнік (параўн.: руск. отличник), выхавацель (параўн.: руск. воспитатель);

- словы, якія аднолькава можна лічыць і беларускімі і рускімі (грузавік, лётчык, халадзільнік), або беларускімі і ўкраінскімі (буйны, варыва, звычай), або беларускімі і польскімі (згода, мова, смутак).

 

2. Запазычаныя словы ў беларускай мове. Запазычанні са славянскіх і неславянскіх моў, іх прыметы. Асваенне запазычаных слоў.

Побач са спрадвечнабеларускімі словамі на працягу многіх стагоддзяў існуюць словы, запазычаныя з іншых моў. Запазычванне – натуральны вынік эканамічных, палітычных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў.

 Заўвага. Усе народы мяняюцца словамі і пазычаюць іх адзін у аднаго.            В. Бялінскі.

Пераважная большасць іншамоўных слоў прыйшла ў беларускую мову разам з новымі рэаліямі і паняццямі, частка іх – гэта сінонімы да вядомых слоў. Іншамоўныя словы пранікаюць у беларускую мову двума шляхамі:

- вусным – праз жывую гаворку, непасрэдны кантакт з носьбітамі другой мовы,

- пісьмовым – праз навуковую, справавую, мастацкую літаратуру і г. д.

Лексічныя запазычанні бываюць

- прамыя (непасрэдныя), калі слова прыйшло да нас непасрэдна з мовы-крыніцы (ваенрук, глушыцель – з руск., здрада, моц – з польск.),

- ускосныя (апасрэдаваныя), калі слова пранікла ў беларускую мову праз мову-пасрэдніцу (бавоўна – праз польск. з чэшск., табар – праз венгерск., польск. з цюркск.).

7. Усе лексічныя запазычанні можна падзяліць на запазычанні са славянскіх моў і запазычанні з неславянскіх моў.

Лексічныя запазычанні са славянскіх моў:

- з рускай мовы (русізмы): мясарубка, басаножкі, балалайка, распашонка, песцік, лунка, балванка, загатоўка, агнямёт, савет, бальшавік, ваенрук, прараб, прафорг;

- з украінскай мовы (украінізмы): варэнікі, гапак, забабоны, плюгавы, чубаты, боршч, бублік;

- з польскай мовы (паланізмы): вяндліна, клёцкі, ксёндз, касцёл, літасць, цнота, апантаны, парэнчы, рахунак, утрапёны, енчыць.

Сувязі беларускай мовы з іншымі славянскімі мовамі да нашага часу застаюцца недастаткова даследаванымі.

Лексічныя запазычанні з неславянскіх моў:

- з літоўскай і латышскай моў (балтызмы): пуня, клуня, мянташка, гірса, ёўня;

- з татарскай і турэцкай моў (цюркізмы): аркан, таракан, бархан, балык, халва, атаман, халат, сарафан, шашлык, парча;

- з нямецкай мовы (германізмы): ланцуг, ліхтар, шпіль, штурм, штаб,  дах, бутэрброд, паштэт, гандаль, вага;

- з французскай мовы (галіцызмы): адэкалон, кулон, парасон, вуаль, вернісаж, ваяж, батальён, авеню, альянс;

- з англійскай мовы (англіцызмы): бокс, футбол, мітынг, бізнес, парламент, дызайн, джынсы, джэм, джунглі, супермен, дэфолт, офіс, холдынг, інтэрнэт, слэнг, хот-дог;

- з грэчаскай мовы (грэцызмы): гіпотэза, афарызм, акіян, дэльфін, электрон, тэарэма, палітыка, тэрмас;

- з лацінскай мовы (лацінізмы): абарыген, асіміляцыя, дэфіс, легенда, глобус, экватар, экзамен, лекцыя, сінус;

- з італьянскай мовы (італьянізмы): аперэта, маэстра, опера, саната, макароны, карнавал;

- з японскай мовы (япанізмы): васабі, сушы, дайкон, кімано, самурай, гейша, ікебана, арыгамі, цунамі, хоку, гадзіла;

- з кітайскай мовы (кітаізмы): чай, жэньшэнь, байхавы і інш.

Запазычанні з іншых моў нешматлікія.

Да слоў іншамоўнага паходжання адносяцца таксама стараславянізмы – словы, запазычаныя са стараславянскай (царкоўнаславянскай) мовы: абраз, благаславенне, вобраз, вочы, дзяржава, лік (твар), неба, скрыжалі, улада, чало і інш.

Прыметы запазычаных слоў:

- наяўнасць спалучэнняў зычных дл, тл, шп, шт, хт, кс, пс, мв, мп: вяндліна, тлусты, шпіль, штыль, шыхта, лексіка, псіхіка, сімвал, сімптом;

- наяўнасць спалучэнняў бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюджэт, гравюра, кювет, пюрэ, фюзеляж;

- наяўнасць заднеязычных  [г], [к], [х] перад галоснымі: агент, келіх, схема, Гюго, Хельсінкі;

- наяўнасць спалучэнняў аж, яж, ён, ёр, эт, ус, ум, іс, ос, ас, оз, ёз, ак, ал, ык, ча ў канцы слова: віраж, ваяж, медальён, сапёр, сілуэт, косінус, акварыум, тэзіс, хаос, тэрмас, гіпноз, кур'ёз, кішлак, аксакал, шашлык, парча;

- наяўнасць спалучэнняў галосных гукаў паміж зычнымі ў розных частках слова: ідэал, сеанс, дуэт, гуаш, мініяцюра, дыяспара, кансіліум;

- наяўнасць спалучэнняў лье, лья, нья у сярэдзіне слова: альянс, барэльеф, віньетка;

-  наяўнасць спалучэнняў ант, анп, анс, онс, ент, энт, янт, унак: авантура, аванпост, асананс, анонс, абанемент, інцыдэнт, брыльянт, рахунак;

- наяўнасць канцавых націскных галосных: філе, дражэ, журы, пано, кафэ;

- наяўнасць у слове гука [ф]: фактар, факт, фунт, фізіка;

- спалучэнняў пачатковых галосных гукаў аа, ау, аэ: аазіс, аўдыторыя, аэрадынаміка;

- этымалагічна пачатковых гукаў [а], [э], [о]: армяк, атам, эра, эпоха, опера;

- спалучэнняў дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дыверсія, тэарэма, тыгр;

- гук [ц] на месцы ўсходнеславянскага [ч]: моц, цуд;

- сінгарманізма галосных гукаў (паўтор аднаго і таго ж галоснага): саранча, барабан, кішміш, урук;

- прыставак архі-, контр-, рэ-, дэ-, дэз-, дыс-: архіепіскап, контратака, рэканструкцыя, дэмабілізацыя, дыслакацыя, дэзынфармацыя;

- суфіксаў -ізм-(-ызм-), -іст-(-ыст-), -ір-(-ыр-), -ізн- (-ызн-) і інш.: сацыялізм, дэмакратызм, анархіст, манціраваць;

- цвёрдасць зычных перад [е(э)]: сэнс, мэбля, пэндзаль;

- спалучэнняў ен(эн), ён(он), ян(ан) на месцы насавых гукаў: енчыць, парэнчы, ксёндз, наконт, паляндвіца, апантаны і інш.

 Асваенне запазычаных слоў

Пры лексічным запазычванні адбываецца не механічны пераход слова з адной мовы ў другую, а, па сутнасці, узнікненне новага слова на аснове чужога матэрыялу ў выніку яго графічнай, фанетычнай, марфалагічнай і семантычнай адаптацыі:

- графічнае асваенне іншамоўнага слова (перадача запазычанага слова сродкамі беларускай графікі): параўн.: рус. щёлочь – бел. шчолач, польск. moc – бел. моц;

- фанетычнае асваенне іншамоўнага слова (асваенне гукавога складу слова згодна з нормамі беларускай фанетыкі): параўн.: руск. декабрист – бел. дзекабрыст, польск. kochac – бел. кахаць, польск. hetman – бел. гетман;

- граматычнае асваенне іншамоўнага слова (адаптацыя запазычанага слова да граматычнай сістэмы беларускай мовы): параўн.: ням. Dach (н. р.) -- бел. дах (м. р.), англ. beefsteaks (мн. л.) – бел. біфштекс (адз.л.), лац. biceps (прыметнік 'двухгаловы') – бел. біцэпс (назоўнік 'цягліца пляча'), фр. aˋ  jour – бел. ажур (з'ява лексікалізацыі);

- семантычнае асваенне іншамоўнага слова (захаванне або змяненне (звужэнне або пашырэнне) значэння слова): параўн.: польск. dratwa – бел. дратва 'нітка для шыцця абутку', ням. Maler 'жывапісец' – бел. маляр 'рабочы па афарбоўцы памяшканняў, будынкаў', ням. Börse 'кашалёк; установа для заключэння фінансавых і камерцыйных дамоў з каштоўнымі паперамі; будынак, дзе размешчана такая ўстанова' – бел. біржа 'установа для заключэння фінансавых і камерцыйных дамоў з каштоўнымі паперамі; будынак, дзе размешчана такая ўстанова ' і інш.

3. Калькі і паўкалькі

Своеасаблівае месца сярод запазычанняў у беларускай мове займаюць калькі і паўкалькі.

Калькі (фр. calgue 'копія') – словы і выразы, пабудаваныя на ўзор іншамоўных шляхам літаральнага капіравання сродкамі роднай мовы. Працэс утварэння слоў і выразаў па іншамоўных мадэлях з выкарыстаннем элементаў роднай мовы  называецца калькаваннем. Існуюць калькі лексічныя (словаўтваральныя) і семантычныя.

Лексічныя (словаўтваральныя) калькі – словы, створаныя паводле ішшамоўнай словаўтваральнай мадэлі, але са сродкаў пэўнай мовы: выдатнік <

руск. отличник, пяцігодка < руск. пятилетка, алфавіт < грэч. alpha 'альфа'  і beta 'віта',  месяцаход < руск. луноход.

Семантычныя калькі – пераносныя значэнні, што ўзніклі ў беларускім слове пад уплывам семантыкі іншамоўных слоў: левы < руск. левый (фр. gauche)  'прагрэсіўны, ліберальны', крыніца < руск. источник (Кніга – крыніца ведаў).

Акрамя словаўтваральных і семантычных калек у беларускай мове сустракаюцца паўкалькі – гібрыдныя словы, утвораныя з разнамоўных элементаў:  тэлеглядач – грэч. tele + бел. гляд-ач (руск. телезритель), ардэнаносец – лац. оrdo  (ordinis) + бел. нос-ец (руск. орденоносец).

4. Інтэрнацыянальная лексіка. Экзатызмы. Варварызмы

Сярод запазычанняў вылучаецца пласт інтэрнацыянальнай лексікі (інтэрнацыяналізмаў, інтэрлексаў, еўрапеізмаў) – слоў, якія паходзяць з адной першакрыніцы і ўжываюцца ў многіх роднасных і няроднасных мовах з анолькавым або блізкім значэннем. Напрыклад:  англ. molekule, ням. Molekül,  фр. mole´cule, бел. малекула; англ. industry, ням.     Industrie, фр. industrie, бел. індустрыя. Такія словы, як правіла, не маюць дакладных адпаведнікаў у нацыянальных мовах. Інтэрнацыяналізмы – гэта пераважна тэрміны з вобласці  навукі і тэхнікі: логіка, космас, тэлескоп, геаметрыя;  грамадска-палітычнага жыцця: канстытуцыя, рэвалюцыя, дыктатура, адміністрацыя; эканомікі: банк, імпарт, крэдыт, працэнт; літаратуры і мастацтва: анапест, навела, драма, опера і інш.

Асобнае месца сярод іншамоўных слоў належыць экзатычнай лексіцы, або экзатызмам (грэч. exotikos 'чужы, іншаземны') --  словам, што называюць прадметы, з'явы, паняцці, характэрныя для жыцця і побыту іншых народаў і не ўласцівыя для нашай рэчаіснасці. Вылучаюцца наступныя тэматычныя групы экзатычных слоў:

- назвы страў і напояў: чабурэк, лаваш, джын;

- назвы адзення і абутку: унты, чалма, паранджа, кімано;

- назвы жылля і населеных пунктаў: аул, кішлак, юрта, сакля;

- назвы песень, танцаў і музычных інструментаў: бугі-вугі, джок, тамтам, чардаш;

- назвы грашовых адзінак, мер плошчы, вагі і г.д.: юань, крона, ліра, акр;

- назвы асоб, пасад, тытулаў, званняў: аксакал, бай, клерк, шэрыф, містар, мула;

- назвы ўстаноў, арганізацый і г.д.: бундэстаг, бундэсвер (ФРГ), меджліс (Іран, Турцыя), рыксдаг (Швецыя), сейм (Польшча), рада (Украіна) і інш.

У вусным і пісьмовым маўленні часам выкарыстоўваюцца такія іншамоўныя словы, чужароднасць якіх адчуваецца надзвычай выразна, гэта т. зв. варварызмы (грэч. barbarismos 'іншамоўнае слова'), або ксенізмы (грэч. хenos 'чужы') -- устойлівыя словы і выразы, якія даўно ўжываюцца ў мове без перакладу, але не ўваходзяць у яе склад, перадаюцца сродкамі беларускай графікі (пся крэў, проша пані, гуд бай, о'кей, дэжа вю) або захоўваюць фанетыка-граматычныя якасці мовы-крыніцы (mon ami 'мой сябра', de fakto 'фактычна', post scriptum 'пасля напісанага').

З'ява запазычвання сама па сабе непазбежная і неабходная, але нельга злоўжываць запазычанымі словамі без патрэбы.

                                         Заўвага. Перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі – можа і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і чамусьці забыта ці ўжываецца і невядома нам.    Я. Колас.

 

Тэма 2.9 ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПАВОДЛЕ СФЕРЫ ЎЖЫВАННЯ

План лекцыі

1. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання

2. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання.

3Дыялектная лексіка. Дыялектныя словы, іх тыпы.

4. Спецыяльная лексіка.

5. Жаргонная лексіка і аргатызмы

6. Стылістычнае выкарыстанне лексікі абмежаванага ўжывання.

 

 

 

1. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання

Паводле сферы ўжывання лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы  падзяляецца на дзве вялікія групы:  агульнаўжывальная лексіка і  лексіка абмежаванага выкарыстання.

2. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання

Агульнаўжывальная лексіка -- словы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў штодзённых моўных зносінах (у вусным і пісьмовым маўленні) без усякіх абмежаванняў: іх ўжыванне не залежыць ад месца жыхарства, прафесіі, узросту, роду заняткаў, адукацыйнага і культурнага ўзроўню, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы): горад, дом, аргумент, настальгія, жыта, вялікі, добры, есці, гатаваць, моцна, хто, яны, перад, але, ах, гэй і інш.

Агульнаўжывальная лексіка з'яўляецца найважнейшай часткай слоўнікавага складу беларускай мовы,  складае ядро яе лексічнай сістэмы,  неабмежавана пранікае ва ўсе стылі мовы,  утварае базу для ўсіх колькасных і якасных пераразмеркаванняў у моўнай сістэме.

Лексіка абмежаванага выкарыстання – словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай або сацыяльна абмежаванай групы людзей, людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці. Вылучаюцца наступныя лексічныя падгрупы:

- дыялектная лексіка (тэрытарыяльна абмежаваная лексіка),

- спецыяльная лексіка (тэрміны і прафесіяналізмы),

- жаргонная лексіка і аргатызмы (сацыяльна абмежаваная лексіка).

Дыялектная і жаргонная лексіка знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы.

3.  Дыялектная лексіка. Дыялектызмы, іх тыпы

Дыялектная лексіка (грэч. dialektos – гаворка, дыялект) – гэта лексіка, якая характэрна для беларускіх народных гаворак і дыялектаў і распаўсюджанне якой абмежавана той ці іншай тэрыторыяй. Народныя  гаворкі і дыялекты маюць свае характэрныя фанетычныя, марфалагічныя, лексічныя і сінтаксічныя асаблівасці.

Дыялектныя словы, уведзеныя ў літаратурны тэкст, але поўнасцю не асвоеныя літаратурнай мовай, называюцца дыялектызмамі (правінцыялізмамі).

У залежнасці ад характару адрознення дыялектных і літаратурных слоў вылучаюцца дыялектызмы  лексічныя,  фанетычныя, граматычныя,  словаўтваральныя.

Лексічныя дыялектызмы – гэта словы, якія не ўжываюцца ў літаратурнай мове і адрозніваюцца ад слоў літаратурнай мовы гукавым комплексам і значэннем. Сярод іх вылучаюць  уласналексічныя,  этнаграфічныя,  семантычныя.

Уласналексічныя дыялектызмы – мясцовыя назвы агульнавядомых прадметаў і з'яў аб'ектыўнай рэчаіснасці. Яны маюць адпаведнікі ў літаратурнай мове, але адрозніваюцца ад іх сваім гукавым комплексам (фонамарфалагічным складам): вятроўкі – басаножкі, дуйка – завея, кагадзе – нядаўна, картопля – бульба, агоўтацца – прывыкнуць.

Этнаграфічныя дыялектызмы – назвы прадметаў і з'яў, якія характарызуюць асаблівасці жыцця, побыту і дзейнасці людзей пэўнай тэрыторыі, мясцовасці. Гэта мясцовыя назвы мясцовых прадметаў (з'яў), яны не маюць адпаведнікаў у літаратурнай мове і могуць быць растлумачаны толькі апісальна: кузёмка 'пасудзіна з кары для збірання ягад', каўган 'лыжка з дубовага кораня для мукі ці зерня', мач 'старажытная драўляная прылада для накідвання гною', таўчонікі 'аладкі (бліны) з тоўчанай бульбы'.

Семантычныя дыялектызмы – словы, якія ў вымаўленні і напісанні супадаюць са словамі літаратурнай мовы, але адрозніваюцца ад іх значэннем: тавар 'буйная рагатая жывёла', кабан 'певень', чайка 'рыбацкая лодка-пласкадонка', гуска 'белая лілея', чалавек 'муж, гаспадар'.

Фанетычныя дыялектызмы супадаюць па значэнні з адпаведнымі словамі літаратурнай мовы, але адлюстроўваюць гукавыя асаблівасці пэўнай гаворкі ці дыялекта (адрозніваюцца гукавым афармленнем): гавёс – авёс, тато – тата, муло – мыла, мабуць – мабыць, пасоля, хвасоля – фасоля, дохтар – доктар.

Граматычныя дыялектызмы перадаюць граматычныя (марфалагічныя) асаблівасці гаворак і адрозніваюцца ад слоў літаратурнай мовы граматычнымі формамі і катэгорыямі: пасага – пасаг, валасэ – валасы, штанэ – штаны, маладэй, маладый – малады, нясець – нясе, кажаць – кажа, гавора – гаворыць, жыцьму – буду жыць, рабіцьмем – будзем рабіць.

Словаўтваральныя дыялектызмы адрозніваюцца ад літаратурных аднакаранёвых слоў словаўтваральнай структурай: вобуй – абутак, дабытак – прыбытак, настольніца – настольнік,  дамаўё – дамавіна, пявун – певень, вудар – вудзільшчык.

Дыялектныя словы – крыніца ўзбагачэння слоўнікавага складу літаратурнай мовы. Многія з іх, пранікнуўшы ў літаратурную мову, сталі агульнанароднымі, напрыклад: весніцы, таптуха, нерат, арэлі, бруіцца, немаўлёнак, мэндлік,ставок, сухадрэвіна, гарышча і інш.

Заўвага.   Трэба больш увагі аддаваць вывучэнню дыялектаў... Па-першае, з дапамогай дыялектаў могуць запоўніцца нашы прабелы, знойдуцца словы, якіх не стае; па-другое, нядрэнна будзе мець і новыя адменнікі ўжо вядомых слоў. Але гэта не значыць, што дыялектызмы трэба ўводзіць у такой колькасці, каб абцяжарыць мову, зрабіць яе незразумелай.   М. Лужанін.

Адзін са шляхоў пранікнення дыялектных слоў у літаратурную мову – іх шырокае выкарыстанне ў творах мастацкай літаратуры. Дыялектызмы шырока выкарыстоўвалі ў сваіх творах такія беларускія пісьменнікі, як Ц. Гартны, М. Гарэцкі,  Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Лынькоў, І. Мележ, К. Чорны, В. Адамчык, Р. Барадулін, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, І. Чыгрынаў і інш.: Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. (І. Мележ), Дзе падзеліся людзі, і досі ніхто нічога пэўнага сказаць не можа (Б. Сачанка), Чалавек мой палясоўшчыкам робя, а дачка – магазінершай!.. (Я.Пархута).

З усіх разнавіднасцей дыялектызмаў найбольшую верагоднасць замацавацца сёння  ў літаратурнай мове маюць уласналексічныя, семантычныя і этнаграфічныя дыялектныя адзінкі, здольныя ўзбагаціць намінатыўныя і сінанімічныя сродкі літаратурнай мовы.

4. Спецыяльная лексіка

IІІ.  Спецыяльная лексіка – сукупнасць слоў і словазлучэнняў, якія  называюць прадметы і паняцці з розных сфер сацыяльнай дзейнасці чалавека. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, номены і прафесіяналізмы.

1. Тэрмін (лац. terminus ‘мяжа, канец’) – узнаўляльны моўны знак, які абазначае паняцце спецыяльнай галіны ведаў або дзейнасці, заключае ў сабе дакладную дэфініцыю гэтага паняцця, выкарыстоўваецца ў працэсе пазнання і сістэматызацыі навуковых, прафесійна-тэхнічных аб’ектаў і адносін паміж імі: клімат ‘сукупнасць атмасферных умоў, характэрных для дадзенай мясцовасці’; культура клетак ‘вырошчванне асобных клетак або іх невялікіх груп на цвёрдым асяроддзі або ў падвешаным стане ў вадкім асяроддзі’; наміналізм ‘кірунак у сярэднявечнай філасофіі, прыхільнікі якога лічылі агульныя паняцці, што абазначаюць пэўны клас прадметаў, толькі імёнамі, а не рэальнымі рэчамі’.

Тэрміналогія – сукупнасць тэрмінаў натуральнай мовы ў цэлым або пэўнай галіны навукі, тэхнікі, культуры, а таксама навуковая дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем тэрмінаў і прынцыпаў арганізацыі тэрміналагічных сістэм.

Тэрміналагічная лексіка – гэта самастойны пласт лексікі агульналітаратурнай мовы. Тэрміны з’яўляюцца адзінкамі агульнай лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, у якую яны ўваходзяць у складзе канкрэтнай тэрміналогіі.

Номен – узнаўляльны моўны знак, які з’яўляецца назвай адзінкавага паняцця, а таксама канкрэтнай масавай прадукцыі, якая вырабляецца па пэўным узоры вызначаную колькасць разоў: бульба “Скараспелка”, ГАЗ-21, кіслата борная, помпавая станцыя СНП 50/80, пыласос “Тайфун”, цукеркі “Арахісавыя” і інш.

Тэрміны і номены адрозніваюцца паміж сабой цэлым шэрагам прымет (гл. табліцу 11).

Табліца 11

№ Крытэрый    Тэрміны     Номены

1. Паняційны змест    абазначаюць навуковыя паняцці   абазначаюць канкрэтныя аб’екты навукі

2 . Функцыі        называюць і прадстаўляюць навуковыя паняцці      толькі называюць навуковыя паняцці

3. Матываванасць      валодаюць нізкай ступенню матываванасці    валодаюць высокай ступенню матываванасці

4. Словаўтварэнне     пераважае афіксацыя   пераважае абрэвіяцыя

5 . Адносіны да штучных моў      уваходзяць у склад натуральных моў часткова ўваходзяць у склад штучных моў

2. Прафесіяналізм – неафіцыйная назва паняцця спецыяльнай галіны ведаў або дзейнасці, уласцівая маўленню прадстаўнікоў пэўнай прафесіі.

Прафесійнай лексіцы ўласцівая экспрэсіўнасць, таму прафесіяналізмы выразна проціпастаўляюцца тэрмінам сваёй недакладнасцю і стылістычнай афарбаванасцю (гл. табліцу 12). Так, напрыклад, у ядзернай фізіцы паскаральнік пратонаў з арбітай пастаяннага радыуса працяглы час называўся тэрмінам сінхрафазатрон, а ў вусным маўленні спецыялістаў яму адпавядаў прафесіяналізм каструля (падабенства па форме). Паліграфісты неразборлівае месца ў арыгінале набору называюць мухай, медыкі працэдуру рассячэння рагавой абалонкі вока для паляпшэння зроку пры блізарукасці (керататамію) – насечкай.

Значэнне прафесіяналізма звычайна ўзнікае на аснове метафарычнага пераасэнсавання слова або звароту, нярэдка перасякаецца са значэннямі іншых прафесіяналізмаў.

Статус прафесіяналізмаў у сучаснай навуцы канчаткова не вырашаны. Розныя лінгвісты іх адносяць:

 да тэрмінаў;

 да адзінак вытворчай лексікі;

 да спецыяльнай лексікі неназыўнога характару;

 да неўнармаванай спецыяльнай лексікі, абмежаванай ва ўжыванні вусным маўленнем прафесіяналаў.

У асобных выпадках прафесіяналізмы могуць выкарыстоўвацца ў пазіцыі афіцыйных тэрмінаў, іх экспрэсіўнасць пры гэтым заўважна зніжаецца: зуб шасцярні, калена трубы, плячо рычага і інш. Да прафесіяналізмаў па сваіх характарыстыках набліжаюцца розныя каламбурныя ўтварэнні; напр., у прафесійным жаргоне праграмістаў: піжамкер – англ. page maker; чэкіст – тэкставая праграма Check It; ямеля, мыла – англ. e-mail; гейміць – англ. game ‘гульня’.

Табліца 12

№ Крытэрый     Тэрміны     Прафесіяналізмы

1 Час і шляхі ўзнікнення      ствараюцца мэтанакіравана ствараюцца стыхійна

2 Нарматыўны статус афіцыйна ўзаконены    не ўзаконены афіцыйна

3 Адносіны да экспрэсіўнасці       стылістычна нейтральныя    стылістычна афарбаваныя

4 Выкарыстанне ў тыпах тэкстаў пераважаюць у пісьмовых тэкстах пераважаюць у вуснай камунікацыі

5 Пашыранасць могуць мець агульна-нацыянальны або інтэр-нацыянальны характар часта носяць мясцовы характар

5. Жаргонная лексіка і аргатызмы

Словы і выразы, характэрныя для прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, звязаных агульнымі ўмовамі жыцця, роду заняткаў, інтарэсаў, узросту, складаюць аснову сацыяльна абмежаванай лексікі. Сацыяльная разнавіднасць мовы, што выступае ў якасці сродку зносін  у асобных сацыяльных групах і ўзроставых калектывах, называецца сацыялектам (сацыяльным дыялектам). Да сацыялектаў адносяцца жаргоны і арго.

Жаргон (фр. jargon – умоўная гаворка) – сацыяльная разнавіднасць мовы (маўлення), якой карыстаюцца групы, калектывы людзей, аб'яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і інш. Існуюць жаргоны прафесіянальныя (музыкантаў, акцёраў, карэспандэнтаў, маракоў, кіроўцаў і інш.), моладзевыя, студэнцкія, жаргоны школьнікаў,  гульцоў ў карты  і інш.

     Апошнім часам назіраецца масавае выкарыстанне жаргоннай лексікі ўсімі пластамі насельніцтва, ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.  Жаргонная лексіка ўсё часцей  з’яўляецца на тэлебачанні, у інтэрнэце, на старонках газет і часопісаў і г.д. Назіраецца  тэндэнцыя жарганізацыі беларускай мовы. Асабліва выразна гэта праяўляецца ў маўленні сучаснай моладзі. У моладзевым жаргоне можна вылучыць наступныя тэматычныя групы:

 - назвы асобы: зорка, чуві′ха, чыкса′ ‘дзяўчына’;  мажо′р,  чува′к 'малады чалавек’;   інве′стары, мазафа′зары,  радакі′ ‘бацькі’; тормаз ‘чалавек, які доўга думае’;  каме′нда  ‘камендант студэнцкага інтэрната’;

- назвы частак цела чалавека: башка′, ку′мпал, рэпа ‘галава’; гры′ва, па′тлы, ха′ір ‘валасы’; зе′нькі, о′птыка, фа′ры ‘вочы’; калю′гі, капыты′, ла′сты ‘ногі’; 

- назвы абутку і адзення: красачы′, кросы  ‘красоўкі’;   калёсы, шу′зы  ‘абутак’; абця′жкі ‘легінсы’;  джы′ны  ‘джынсы’;  лапсярда′к, піжма′к, с'ют ‘пінжак’;

-назвы ежы і пітва: бу′цік  ‘бутэрброд’; жра′чка, ха′ўчык ‘ежа’; мака′рыкі ‘макароны’; морж  ‘марожанае’; пірожка ‘пірожнае’;   джы′н з Толікам  ‘джын-тонік’; паміра′лка ‘мінеральная вада’;

- назвы грашовых адзінак:  бабосы, лавандос, лавэ, ма′ні ‘грошы’; ба′ксы, гры′ны, зе′лень, капу′ста, касары′, ту′грыкі  ‘даляры’; лімон  ‘мільён’;

- назвы транспартных сродкаў: бу′сік, мі′крык ‘мікрааўтобус’; ля′сік ‘веласіпед’; моцык  ‘матацыкл’;   рага′ты, тра′лік, троль  ‘тралейбус’; саба′ка, электрон  ‘электрычка’;

- назвы прадметаў быту: мабі′ла, сотавік ‘мабільны тэлефон’;   тэлік ‘тэлевізар’;

- найменні, звязаныя з вучэбным працэсам: абіту′ра ‘абітурыент’;  шпора ‘шпаргалка’;  двая′к  ‘два балы’;   траяба′н  ‘тры балы’; дзесятогі, дзесятон  ‘дзесяць балаў’; курса′ч  ‘курсавая работа’; ла′ба  'лабараторная праца'; пе′нсія  ‘стыпендыя’; пз  ‘практычныя заняткі’;  уніве′р  ‘універсітэт’; чыта′лка  ‘чытальная зала’;

- найменні будынкаў, плошчаў, вуліц, мікрараёнаў горада (урбанонімы): Жда′нікі, Жданы′ – кірмаш “Ждановічы”; Зялёнка – мікрараён Зялёны Луг;   Лош-А′нджэлес – мікрараён Лошыца; Рыа-дэ-Шабанэйра – мікрараён Шабаны; Серабронкс, Се′рбія – мікрараён Серабранка;  Сухары′ – мікрараён Сухарава;  Тройка – Траецкае прадмесце; Чыка′га – мікрараён Чыжоўка;

- назвы дзеянняў і працэсаў:  каўба′сіцца ‘адпачываць’;  маладзі′цца  ‘цалавацца’;  разве′сці  ‘падмануць’; разрулі′ць ‘вырашыць праблему’; скірдава′ць  ‘набіраць пэўную суму грошай’;  тупі′ць ‘доўга думаць’;

- назвы якасцяў і прымет: галі′мы ‘дрэнны’; кісло′тны ‘вельмі яркі, кідкі’; клёвы, ку′льны, лю′ты, фа′йны  ‘круты’; ржа′чны  ‘вельмі смешны’; ума′тавы  ‘вельмі дрэнны’; ба′ска  ‘хораша’;  су′пер, класна, клёва  ‘цудоўна’;

- найменні камп'ютара, яго частак і праграмнага забеспячэння:   апара′т, банду′ра, ба′нка, керага′з, та′чка, лічбагры′з  ‘персанальны камп’ютар’; балва′нка, кружэ′лка  ‘чысты дыск’;  ве′нік  ‘вінчэстар’;   кейборда, кла′ва, педа′ль, рая′ль, сту′калка ‘клавіятура’;  ма′мка  ‘мацярынская плата’; мазгі′, прафе′сар  ‘цэнтральны працэсар’;

- устойлівыя выразы і словазлучэнні:  бы′ць у тэ′ме, рубі′ць фі′шку ‘разумець, пра што гавораць’;  забі′ць стрэ′лку  ‘дамовіцца аб сустрэчы’; закіда′ць бусла′ ‘заляцацца’.

Група камп’ютарнай  жаргоннай  лексікі ўяўляе сабой яркі прыклад таго, як развіваецца моладзевы жаргон. Як і ўсе сацыяльныя дыялекты, моладзевы жаргон у сваёй аснове ўяўляе   лексікон, які паходзіць з агульнанацыянальнай мовы, існуе на яе фанетычнай і граматычнай аснове.

Адбываецца пастаяннае абнаўленне слоўнікавага складу жаргоннай лексікі, што сведчыць пра яе рухомасць, няўстойлівасць у часе. Да асноўных шляхоў і спосабаў утварэння жаргонных слоў адносяцца:

- запазычванне з розных моў: фрэнд ‘сябар’, фазар ‘бацька’, бёздэй ‘дзень нараджэння’, рэспект ‘павага’,  лузар ‘няўдачнік’, дрынк ‘напой’, піпл ‘людзі’;

- афіксацыя:   прыкол ‘тое, над чым можна насміхацца’, прыкаліст ‘той, хто любіць насміхацца над кім-н.’, прыкольны ‘цікавы, забаўны’, прыкольна ‘весела, арыгінальна’;

- абрэвіяцыя: дбз ‘дабазарыліся; дамовіліся’,  пз ‘практычныя заняткі’, мб ‘можа быць’, бб ‘бай-бай’, нп ‘няма праблем’;

- усячэнне каранёў, ці апокапа (ад грэч. apokope ‘адсячэнне’): трам ‘трамвай’, комп, камп ‘камп’ютар’, трал ‘тралейбус’, сем ‘семінар’, універ ‘універсітэт’,  Жданы ‘гандлёвы цэнтр «Ждановічы»’, Маліна ‘мікрараён Малінаўка’, Курасы ‘мікрараён Курасоўшчына’;

- асноваскладанне: кайфалом ‘той, хто псуе асалоду’, мазжачокнуцца ‘звар’яцець’;

- універбацыя, або кампрэсіўнае словаўтварэнне (ад лац. unus ‘адзін’ + verbum ‘слова’):  акадэмка ‘акадэмічны водпуск’, аўтамат ‘залік, атрыманы аўтаматычна’, лаба ‘лабаторная праца’, Зялёнка ‘мікрараён Зялёны Луг’, залікоўка ‘заліковая кніжка’, чыталка ‘чытальная зала’;

- каламбур (фр. calembour ‘гульня словамі’): бязбаб’е ‘безграшоўе’ (ад бабкі ‘грошы’), сэм 'самагонка';

- фанетычная (гукавая) асацыяцыя: Рыа-дэ-Шабанэйра ‘мікрараён Шабаны’ (па аналогіі з Рыа-дэ-Жанэйра), Чыкага ‘мікрараён Чыжоўка’ (па аналогіі з Чыкага), Капыльгаген ‘горад Капыль’ (па аналогіі з Капенгагенам), Бярэзінбург ‘горад Бяроза’ (па аналогіі з Брандэнбургам);

- аўтанамасія (імя ўласнае выступае як агульнае): лівайсы, луіс ‘джынсы фірмы «Levis»’, слухаць мендэльсона ‘прысутнічаць на вяселлі’;

- метатэза (ад грэч. metathesis ‘перастаноўка’): фуфлі ‘туфлі’, ласома 'салома' ;

- метафарызацыя:  арматура ‘худы, высокі чалавек’, бензавоз ‘энергічны, актыўны чалавек’, блін ‘кампакт-дыск’, вешалка ‘худая, высокая дзяўчына’;

- полісемія (мнагазначнасць):  кінуць 1) ‘украсці што-н. у каго-н.’; 2) ‘узяць што-н. у каго-н. і не аддаваць’; 3) ‘падмануць, не выканаць абяцанне’; каўбасіцца 1) ‘праводзіць шмат часу ў мітусні і клопатах’; 2) ‘выконваць нудную працу’; 3) ‘адпачываць, весела бавіць час’;

- сінанімія: ко′мп, камп, та′чка, апара′т, машы′на, жалезаскры′ня ‘камп’ютар’; паві′с, звалі′ўся,  павалі′ўся, пату′х ‘пра камп’ютар, які адмовіўся працаваць’; жужуля′тар,  шру′ба,  ха′рд,  цяжкі′  драйв ‘жорсткі дыск’;

- антанімія:  жыраф – гном; кабан – малюпася, галімы – файны;

- аманімія: башка ‘галава як частка тулава’ і башка ‘пра кемлівага, знаходлівага чалавека’; педалі ‘ногі як частка цела чалавека’ і педалі ‘агульная назва абутку’.

Экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць і вобразнасць – характэрныя  асаблівасці жаргоннай лексікі.

Арго (фр. аrgot 'умоўная, тайная мова') – гэта разнавіднасць жаргону, якую звычайна звязваюць з тайнай, умоўнай мовай дэкласаваных элементаў  грамадства (злодзеяў, махляроў, ашуканцаў, спекулянтаў, шулераў, бадзяг і інш.). Арго ствараецца і функцыянуе ў закрытых прафесійных і крымінальных групах людзей, якія спецыяльна засакрэчваюць сваю мову.

Беларускія арго к. XVIII ст. -- XIX ст. уяўлялі сабой сумесь беларускай і рускай (афенскай) моў, часткова ўкраінскай і мелі назвы: ле′мезень, ле′мез, ле′мент – 'мова тайная', арго (параўн.:  ідыш. leimaden – ‘вучэнне, навукі’, leimed – ‘вучэнне’, а таксама  ле′мант, ле′мент – ‘крык’, лементлівы – ‘крыклівы’). Да ліку беларускіх умоўных моў адносяцца катрушніцкі лемезень (мова шапавалаў), парушніцкі лемез (мова  краўцоў і шапавалаў), адверніцкая гаворка (мова рамеснікаў),  любецкі лемент (мова жабракоў),  выцірняцкі гаўрыднік  (мова лабараў – прафесійных збіральнікаў ахвяраванняў на патрэбы касцёла і царквы) і інш.

Першымі слоўнікамі беларускай аргатычнай лексікі з’яўляюцца слоўнікі тайных моў  А. Меера (1786),  С. Мікуцкага (1854), Ф. Стаўровіча (1869,1870), Ф. Сцяпуры (1880),   Е. Р. Раманава (1890—1912) і інш. Да сучасных слоўнікаў, у якіх адлюстравана жаргонная лексіка, можна аднесці «Слоўнік новых слоў беларускай мовы» В. І. Уласевіч і Н. М. Даўгулевіч (Мінск, 2009), а таксама анлайн-слоўнікі (напрыклад, слоўнік жаргоннай лексікі Анатоля V).

Аргатычная лексіка ўтвараецца ў выніку 

- скажэння слоў беларускай мовы (перастаноўка складоў ці ўстаўка іншых гукаў): шухашута 'хата',  кувясна 'вясна', кубакуцька 'бацька';

- утварэння слоў на базе беларускай мовы з дапамогай розных словаўтваральных сродкаў: рыкуха 'карова', кісляты 'яблыкі', зевок 'рот', гудка 'пчала';

- запазычвання з іншых арго: керыць 'піць', лох 'мужык, мужчына', клёвы 'добры', тройман 'твар';

- запазычвання са славянскіх і неславянскіх моў: мелюс 'мёд', петрус 'камень' (з грэч.), шнейдэр 'кравец' (з ням ці ідыш), дзевент 'дзевяць' (з польск.), Ахвес 'Бог' (з ст.-яўр. праз грэч.), басаць 'рэзаць' (з татар.) і інш.

Умоўныя мовы практычна выйшлі з ужытку, адышлі ў мінулае сацыяльныя ўмовы, што спарадзілі іх. Асобныя “слоўцы” са старых умоўных моў захаваліся ў дыялектах або перайшлі ў жаргоны новага тыпу, напрыклад, у моладзевы жаргон: клёва, лох і г. д.

Побач з тэрмінамі жаргон, арго часта выкарыстоўваецца тэрмін слэнг (англ. slang).  Слэнг – сацыяльная разнавіднасць мовы, якая выступае ў якасці сродку зносін людзей пэўных прафесій і інтарэсаў, сацыяльных праслоек, маргінальных груп, нефармальнай моладзі (хіпі, панкаў, рокераў, футбольных фанатаў, камп'ютарных карыстальнікаў і інш.). Адны вучоныя разглядаюць тэрміны жаргон і слэнг як сінонімы-дублеты, паколькі рэзкай мяжы  паміж жаргонам і слэнгам няма, другія іх размяжоўваюць. У адрозненне ад жаргону і арго слэнг не мае строгай сацыяльна-групавой арыентацыі (ім карыстаюцца прадстаўнікі розных прафесій, рознага сацыяльнага і адукацыйнага статусу, нават рознага узросту), у адрозненне ад арго слэнг не ўключае ў свой склад вузкаспецыяльных, невядомых шырокаму колу карыстальнікаў намінацый: нэт 'Інтэрнэт', Хрюша 'Windows XP', сімка 'модуль памяці SIMM', чайнік 'нявопытны праграміст', юзар 'карыстальнік',  бук 'ноўтбук' і інш.

Заўвага. Толькі мёртвыя мовы не маюць жаргонаў.  К. Чукоўскі.

Узнікненне і распаўсюджванне жарганізмаў і слэнгізмаў, з аднаго боку, справядліва ацэньваецца як адступленне ад літаратурнай нормы, як негатыўная з'ява ў развіцці нацыянальнай мовы.  Нягледзячы  на тое, што адзінкі сацыяльна абмежаванай лексікі з'яўляюцца адным з самых яркіх моўных сродкаў, які прыцягвае   экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, трэба памятаць, што яны нясуць адценне вульгарнасці і грубасці, рэзка зніжаюць якасць маўлення. Вядома, жаргоны і жарганізмы нельга забараніць, але іх выкарыстанне павінна быць матываваным, стылістычна апраўданым. З другога боку, якімі б ні былі тыя ці іншыя жаргоны, само іх існаванне даказвае, што мова жывая і здаровая.

6. Стылістычнае выкарыстанне лексікі абмежаванага ўжывання

Лексіка абмежаванага ўжывання шырока ўжываецца ў якасці стылістычнага сродку, з мэтай  стварэння пэўнага стылістычнага эфекту.

Дыялектызмы ў мастацкіх тэкстах выконваюць разнастайныя стылістычныя функцыі:  маўленчай характарыстыкі літаратурнага персанажа,  індывідуалізацыі маўленчых паводзін герояў літаратурнага твора,  узмацнення маўленчай выразнасці,  стварэння мясцовага каларыту,  стварэння камічнага эфекту і інш.: Даўней ліс быў то ліс! Елка ў елку. А дубіна! А бярэзіна! А цяпер – салома, а не ліс! (Я. Пархута), Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчвэрці зямлі (Я. Колас).

Спецыяльная лексіка (прафесіяналізмы і тэрміны) у мастацкай літаратуры можа  ўжывацца з мэтай апісання месца дзеяння, абставін, дэталізацыі ў перадачы спецыяльных паняццяў,  для моўнай характарыстыкі герояў: На верстаку ляжалі рубанкі, шархебелі, фуганкі, акатнікі, далаты розных памераў (Б. Мікуліч), Праўда, меў сапраўдную рыбацкую гаспадарку: два чаўны і розныя там сеткі, мярэжы, бучы, перамёты і шмат іншага, чаму Мікола і назвы не ведаў (М. Машара).

Жаргонныя словы, якія ўжываюцца за межамі жаргону (у мастацкай літаратуры, гутарковым маўленні), называюцца жарганізмамі: Але ж бачыш, кінуў я ўсю гэтую муру (М. Лынькоў),  «Фіфа, ты – не вытрымала Буйнова. – Чым ты фарсіш?..» (Я. Хвалей), Запомні, кіска, на першы раз дарую… Глядзі, не паўтарай! (Я. Хвалей), «Адбіваешся ад кампаніі, фра′ер...» – зацягнуўся Цім (Я. Хвалей), Цыганы былі маладыя, нахабныя, добра, але без густу “прыкінутыя”... (Ю. Станкевіч). 

Аргатычныя словы і выразы, выкарыстаныя ў літаратурнай мове, у творах мастацкай літаратуры, у публіцыстычных тэкстах з пэўнай стылістычнай мэтай, называюцца аргатызмамі:   Яму служаць прадажныя генералы і крымінальная “братва”, якую кантралюе сын мільярдэра (Звязда),

На вуліцах нашых гарадоў не грымяць выбухі, не чуваць страляніны “мафіёзных разборак”, айчынныя “зладзеі ў законе” не лезуць пішчом ва ўладныя структуры (Чырвоная змена), Яны вельмі баяцца, што іх “развядуць” на грошы (Чырвоная змена).  І жарганізмы, і аргатызмы  ўжываюцца для перадачы адметнасцяў розных сацыяльных груп і катэгорый людзей, рэалістычнай замалёўкі іх побыту, для маўленчай  характарыстыкі  персанажаў; яны вызначаюцца яркай экспрэсіўнасцю, маюць адценне грубасці, таму іх  выкарыстанне патрабуе ад аўтара вялікага майстэрства і тактоўнасці.

 

Тэма 2.10 Стылістычная дыферэнцыяцыя лексікі беларускай літаратурнай мовы

План лекцыі

1. Паняцце аб стылістычнай дыферэнцыяцыі лексікі беларускай мовы. Агульнае паняцце пра стылістычнае размежаванне лексікі.

2. Лексіка стылістычна нейтральная (міжстылёвая).

3. Стылістычна афарбаваная лексіка: кніжная і гутарковая.

 

1.Паняцце аб стылістычнай дыферэнцыяцыі лексікі беларускай мовы. Агульнае паняцце пра стылістычнае размежаванне лексікі

У беларускай мове гістарычна склаліся і аформіліся пяць асноўных функцыянальных стыляў: навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны, размоўна-бытавы і мастацкі. Апошнім часам вылучаюць яшчэ адзін стыль --  канфесіянальны (стыль рэлігійнай літаратуры).

Стыль (лац. stylus 'завостраная палачка для пісьма') – функцыянальная разнавіднасць мовы (маўлення), традыцыйна замацаваная за пэўнай сферай грамадска-сацыяльнага жыцця (навуковай, палітычнай, афіцыйна-справавой і інш.), якая характарызуецца спецыфічным наборам моўных і мастацкіх сродкаў. Моўныя адзінкі, што нязменна выкарыстоўваюцца ў адпаведным функцыянальным стылі мовы, набываюць своеасаблівую стылістычную афарбоўку. Разрады лексікі, характэрныя для пэўнага стылю, звязаныя з той ці іншай маўленчай сітуацыяй, з мэтай выказвання называюцца стылістычнымі разрадамі лексікі. Адрозніваюць два найбольш яркія разрады лексікі – стылістычна нейтральную (міжстылёвую) і стылістычна афарбаваную.

 2 Лексіка стылістычна нейтральная (міжстылёвая)

Стылістычна нейтральная (міжстылёвая) лексіка выкарыстоўваецца  ў розных стылях мовы і не мае ніякай стылістычнай афарбоўкі. Яна складае ядро слоўнікавага саставу, з'яўляецца агульнаўжывальнай і зразумелай для ўсіх носьбітаў мовы, не мае эмацыянальна-экспрэсіўнай (канатацыйнай) афарбоўкі. Стылістычна нейтральная лексіка ўжываецца ва ўсіх сферах моўных зносін, таму ў яе склад уваходзяць словы, якія абазначаюць жыццёва важныя  рэаліі навакольнага асяроддзя (прадметы, якасці, дзеянні, стан, лік і інш.): вада, хлеб, снег, сабака, жыта, конь, бацька, дачка, дом, хата, белы, зялёны, ісці, бегаць, спаць, сто, два, дзесяць, дваццаць пяць, далёка, добра, цудоўна, за, але, на і інш. Стылістычна нейтральныя словы складаюць большую частку лексікі беларускай мовы і з'яўляюцца лексічнай асновай усіх стыляў. У слоўніках стылістычна нейтральная лексіка падаецца без памет.

3  Стылістычна афарбаваная лексіка

Стылістычна афарбаваная лексіка ў залежнасці ад сферы яе выкарыстання падзяляецца на два разрады: кніжную (пісьмовую) і размоўную, або гутарковую (вусную). Словы гэтых разрадаў не толькі называюць пэўныя прадметы і з'явы навакольнага асяроддзя, але і выражаюць дадатковыя эмацыянальна-экспрэсіўныя (канатацыйныя) адценні, характарызуюцца стылістычнай афарбоўкай, даюць станоўчую або адмоўную ацэнку. У слоўніках такія словы звычайна суправаджаюцца паметамі кніжн. -- кніжнае, разм. -- размоўнае, прастам. -- прастамоўнае, ласк. -- ласкальнае, памянш.-ласк. -- памяншальна-ласкальнае,  спец. -- спецыяльнае, уст. -- устарэлае і інш.

Да разраду кніжнай лексікі адносяцца словы, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў пісьмовай мове. Гэта лексіка цесна звязана з асноўнымі стылямі беларускай літаратурнай мовы (навуковым, публіцыстычным, афіцыйна-справавым і мастацкім), таму сферамі яе функцыянавання з'яўляюцца навукова-тэхнічная, грамадска-палітычная і грамадска-культурная дзейнасць, справаводства, літаратурна-мастацкая творчасць. У адпаведнасці з гэтым у складзе кніжнай лексікі адрозніваюць наступныя функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці (пласты): тэрміналагічная (навуковая), публіцыстычная (газетна-публіцыстычная), афіцыйна-справавая (канцылярская) і мастацкая (літаратурна-мастацкая) лексіка.

Аснову  лексічнай сістэмы тэкстаў навуковага стылю складае  тэрміналагічная (навуковая) лексіка -- словы, што абазначаюць паняцці розных галін навукі, культуры і тэхнікі і аб'ядноўваюцца пад агульнай назвай  «тэрміны». У складзе тэрміналагічнай лексікі вылучаюцца наступныя разрады:

- словы агульнанавуковага ўжывання, што выкарыстоўваюцца ў навуковых тэкстах розных галін ведаў (аналіз, эксперымент, доказ, вывад, працэс, сістэма, гіпотэза, класіфікацыя),

- агульнанавуковая (сказ, гук, прыстаўка, мова, націск) і вузкаспецыяльная (плюсквамперфект, полісемія, канатацыя, пеяратыў, сема, паранамазія, морф, марфемнае шво) тэрміналогія – словы і спалучэнні, якія дакладна абазначаюць спецыяльныя паняцці і ўжываюцца пераважна ў навуковых тэкстах.

Паміж асобнымі пластамі навуковай тэрміналогіі не існуе строга акрэсленай мяжы, таму ў некаторых галінах навукі сустракаюцца адны і тыя самыя тэрміны: марфалогія – у лінгвістыцы, заалогіі, батаніцы, асіміляцыя – у лінгвістыцы, гісторыі, біялогіі, геалогіі і інш. Акрамя тэрмінаў і тэрміналагічных спалучэнняў, у навуковым стылі  шырока выкарыстоўваюцца словы з іншамоўнымі марфемамі (антыфразіс, дээтымалагізацыя, фаналогія, вакалізм, гіперфанема), абстрактная лексіка (форма, метад, спосаб, сутнасць, паняцце), абрэвіятуры і разнастайныя скарачэнні (ТСБМ – Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, м. р., адз. л., Н. скл., I спр. ), аддзеяслоўныя назоўнікі (даследаванне, дыферэнцыяцыя,  рэалізацыя, распрацоўка),  вытворныя прыназоўнікі (у сувязі з, на працягу, пры дапамозе, шляхам) і інш.

 Публіцыстычны стыль абслугоўвае сферу масавай камунікацыі (тэлебачанне, радыё, друк і інш.). Да лексікі публіцыстычнага (газетна-публіцыстычнага) стылю адносяцца 

- спецыяльная публіцыстычная тэрміналогія  -- словы і спалучэнні слоў, што характарызуюцца высокай частотнасцю выкарыстання ў СМІ (інтэрв'ю, аглядальнік, каментарый, афіцыяльна, урэгуляваць, рубрыка, навіны);

- грамадска-палітычная лексіка (палітыка, парламент, інфляцыя, дэмакратыя, свабода, патрыёт, роўнасць, апазіцыйны);

- абрэвіятуры (ЕС, МВФ, SOS-вёска, TUT.BY, ІП, ЕБРР, 3D-прынтар, электрамабіль);

- газетныя клішэ і штампы (рабочая дынастыя, блакітнае паліва, зялёны канвеер, працоўная вахта, гібрыдная вайна, кантактная група);

- журналізмы і жарганізмы (іпэшнікі, жоўтая прэса, голас народа, шэрыя зарплаты, дошка ганьбы, эканоміка на пальцах, у палітыкі не жаночы твар, «адмазаць», «кідала», «злізаць», «адфільтраваць», «пад кайфам», «зліваць»);

-  эмацыянальна-ацэначная лексіка (валакіта, народзец, ваеншчына, юліць, жалезабетонны, мітынгоўшчык, доблесны, цынічны).

Акрамя таго шырока ўжываюцца  адцягненыя назоўнікі (пераемнасць, супрацоўніцтва, пераўзбраенне), назоўнікі з  афіксамі іншамоўнага паходжання (усеагульны, звышмагутны, праамерыканскі, ізаляцыя, антыфашызм) і інш.

         Лексіка афіцыйна-справавога стылю -- афіцыйна-справавая (канцылярская) -- вылучаецца ўстойлівасцю, замкнёнасцю сваіх межаў, а самі тэксты афіцыйнасцю, «сухасцю», бязвобразнасцю.  У афіцыйна-справавых тэкстах не ўжываюцца эмацыянальна афарбаваныя словы, словы з пераносным значэннем, іншастылявыя элементы. Да характэрных лексічных асаблівасцей афіцыйна-справавых тэкстаў адносяць выкарыстанне

- абстрактнай, тэрміналагічнай, спецыяльнай лексікі (заканадаўства, упраўленне, міністэрства,   палажэнне, парадак, камісія, правы, абавязкі, адказчык, ісцец,  сведка);

- лексікі пэўных тэматычных груп: назваў дакументаў (пратакол, загад,  акт, распараджэнне), абазначэнняў службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні (прысутнічалі, слухалі, пастанавілі, загадваю), складанаскарочаных найменняў устаноў, арганізацый (ЖЭС, Белтрансгаз,  ГК РБ, НДІ), назваў асоб, задзейнічаных у афіцыйна-справавой сферы (субпадрадчык, арандатар, кватэранаймальнік, спажывец),

- аддзеяслоўных назоўнікаў (невыкананне, зацвярджэнне, развіццё, забеспячэнне),

- адыменных прыназоўнікаў і састаўных злучнікаў (у адпаведнасці, у выніку таго што, з прычыны таго што),

- інфінітываў (даручыць, рэкамендаваць, узмацніць).

Словы, спалучэнні слоў, некаторыя граматычныя формы і канструкцыі, што выкарыстоўваюцца ў афіцыйна-справавым (канцылярскім) стылі, справаводстве, юрыспрудэнцыі, атрымалі назву канцылярызмаў: ніжэйпададзены, вышэйадзначаны, за справаздачны перыяд,  прыняць да ведама,  прыцягнуць да адказнасці і інш. Ужыванне такіх стандартных формул у канцылярскім стылі апраўдваецца зручнасцю, скарачэннем часу афармлення дзелавых папер. Але выкарыстанне канцылярызмаў у іншых стылях, жанрах непажаданае, бо яны надаюць маўленню шаблоннасць, пазбаўляюць яго эмацыянальнасці, экспрэсіўнасці, парушаюць стылістычныя нормы: ажыццявіць рамонт аўдыторый – адрамантаваць аўдыторыі, аказаць дапамогу – дапамагчы, ажыццяўляць кіраўніцтва – кіраваць. У мове мастацкіх твораў яны сустракаюцца ў якасці сродку маўленчай характарыстыкі персанажаў, сродку стварэння гумару і іроніі: Што ж да маіх рэчаў, ...дык аб іх я падумаў у першую чаргу і зрабіў такія практычныя мерапрыемствы. Я вынес іх на заезджы двор і пачаў развешваць на частаклеце... Зразумела, што мае рэчы прыцягнулі ўвагу самых шырокіх мас (А. Мрый).

Стыль мастацкай літаратуры выконвае не толькі камунікатыўную функцыю, а і спецыфічную, уласцівую толькі яму – эстэтычную. Гэты стыль спалучае ў сабе элементы розных стыляў, характарызуецца выкарыстаннем разнастайных лексічных сродкаў: у першую чаргу вобразных сродкаў мовы – тропаў (метафар,  метанімій, сінекдах, параўнанняў, эпітэтаў, перыфраз і інш.), а таксама сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, мнагазначных слоў, устарэлых слоў, паэтызмаў,  дыялектызмаў, жарганізмаў, прафесіяналізмаў, канцылярызмаў, экзатызмаў, варварызмаў, прастамоўных слоў.  Нелітаратурныя лексічныя сродкі і асобныя элементы іншых стыляў  функцыянуюць у стылі мастацкай літаратуры, падпарадкоўваючыся закону эстэтычнай арганізацыі зместу і формы і набываючы своеасаблівую літаратурна-мастацкую  афарбоўку.Напрыклад: Набытак шчасця мой бясспрэчны: пяро і чысты аркуш дня... (Я. Янішчыц), Ужо танцуе ўся Сафія – што крок, што момант – весялей (Н.Гілевіч), Празрыстая далеч. Сутонлівы шлях. Адвечныя мары. Прытоены страх (Э. Акулін), Свечка свеціць, свечка ззяе, свечка дагарае... (М. Багдановіч), Эх, і ўбухаўся я тады ў такую гісторыю, аж валасы на сабе рваў (М. Чавускі), ...Не шаптала мне слоўцаў сардэчных каханне (Я. Купала), Як адзінокія вартавыя стаялі вячыстыя дубы (Т. Хадкевіч).

Стыль мастацкай літаратуры неаднародны, таму што ў яго межах выдзяляюцца тры падстылі: празаічны, паэтычны і драматургічны. Для кожнага з гэтых падстыляў, у залежнасці ад жанру, характэрны свае лексічныя  асаблівасці.

Да разраду размоўнай (гутарковай) лексікі адносіцца лексіка,  што абслугоўвае пераважна сферу вусных зносін, выкарыстоўваецца пры непасрэдных, неафіцыйных моўных кантактах і вызначаецца адценнем гутарковасці, размоўнасці. З боку лексікі размоўны (гутарковы) стыль характарызуецца шырокімі магчымасцямі выкарыстання любога слова беларускай мовы, якое ў працэсе камунікацыі можа падвяргацца сэнсавай мадыфікацыі (змяняць, пашыраць або звужаць сваю семантыку,  набываць новыя адценні значэння і г. д.). Але, нягледзячы на разнастайнасць размоўнай лексікі ў тэматычных і стылістычных адносінах, у яе межах можна вылучыць пласт лексічных адзінак, якія найбольш часта ўжываюцца ў гутарковым маўленні. Гэта 

- бытавізмы – словы, звязаныя з паўсядзённым жыццём, бытам чалавека: грошы, відэлец, бліны, зацірка, бялізна, кашуля, гатаваць, прасаваць, мыць, снедаць;

- эмацыянальна-ацэначныя словы: страшэнна, здаравенны, беларучка, гаварыльня, сонейка, дачушка, сынок, бабуленцыя, абібок;

- жаргонныя словы: жэсць, кайф, клёва, фіялетава, лох;

- эліптычныя ўтварэнні – словы, утвораныя шляхам скарачэння зыходнага словазлучэння: электрычка, газіроўка, вячорка, камсамолка, залікоўка, лабараторка, дыплом;

- субстантываваныя назвы са значэннем асобы, што з'явіліся ў выніку выдзялення прыметніка з адпаведнага словазлучэння: гарадскія, вясковыя, мінскія, універсітэцкія;

- дыялектныя словы, што выкарыстоўваюцца як сродак камунікацыі ў вуснай і пісьмовай гутарковай мове: мага'зін, лісапед, кілометр, даку'мент, портфель і інш.

Словы і выразы, якія ўжываюцца толькі ў размоўным стылі, называюцца калоквіялізмамі (лац. collogui 'размаўляць, гутарыць'). У тлумачальных слоўніках яны фіксуюцца з паметай «разм.». Калоквіялізмы складаюць асноўны пласт уласна размоўнай лексікі.

Акрамя ўласна размоўнай лексікі вылучаецца прастамоўная лексіка – лексіка, якая характарызуецца ярка выражанай зніжанай стылістычнай афарбоўкай (фамільярнай, грубай, пагардлівай, зневажальнай, вульгарнай і г. д.) і знаходзіцца на мяжы літаратурнай нормы: ёлуп, ідыёт, асталоп, дурыла, зяпа, рыла, мурло, смаркач, жэрці, здохнуць. У тлумачальных слоўніках такія словы маюць паметы «праст.», «груб.», «вульгар.», «зневаж.»  і інш.

Гутарковыя і прастамоўныя словы выкарыстоўваюцца ў вусным маўленні і ў мове мастацкай літаратуры як экспрэсіўны характарыстычны сродак: Ах, каб ты выпруціўся, чортаў сын, вучоная раскірэка! (А. Мрый), Вышчарыцца на яго, а ён толькі лыпае вачыма, трымціць як асінавы ліст (М. Лынькоў).

Па-за межамі літаратурнай нормы знаходзіцца абсцэнная лексіка (лац. оbscenus 'непрыстойны') -- вельмі грубыя, зняважлівыя, непрыстойныя (часта мацерныя) словы, нецэнзурная лаянка. У слоўніку носьбітаў беларускай мовы абсцэнная лексіка складае нязначную частку. Трэба памятаць, што вульгарная і абсцэнная лексіка не павінна служыць сродкам самавыражэння, а яе выкарыстанне ў мове сведчыць пра нізкую маўленчую і агульную культуру чалавека.

Адрозненні паміж словамі па іх стылістычнай афарбоўцы адлюстроўвае лексіка-стылістычная парадыгма (грэч. рaradeigma 'узор, прыклад' – сукупнасць усіх форм моўнай адзінкі), якая складаецца з трох пазіцый: стылістычна нейтральнае слова – кніжнае слова – размоўнае слова: твар (нейтр.) -- лік (кніж., уст., высок.) -- морда (разм.), мыза (вульгар., груб.). Лексіка-стылістычныя парадыгмы бываюць поўнымі (складаюцца з трох асноўных пазіцый) і няпоўнымі (складаюцца з дзвюх пазіцый): памерці (нейтр.) -- спачыць (кніж., высок.) -- апруцянець, адубець, здохнуць, загнуцца (разм., груб.); жывот (нейтр.) -- трыбух, пуза  (разм., груб); персі (кніж., уст., паэт.) -- грудзі (нейтр.). Асобныя пазіцыі лексіка-стылістычнай парадыгмы могуць быць прадстаўлены адным або некалькімі словамі, у адпаведнасці з гэтым  вылучаюцца аднакампанентныя або шматкампанентныя пазіцыі.

Лексіка-стылістычная парадыгма адлюстроўвае адрозненні паміж словамі як паводле стылістычнай афарбоўкі, так і паводле эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных (канатацыйных) адценняў значэння.  Словы тыпу лік, спачыць, адубець, апруцянець, морда, трыбух, пуза выконваюць не толькі намінатыўную функцыю (абазначаюць прадмет, з'яву), але і  выражаюць адносіны таго, хто гаворыць, перадаюць адпаведныя эмоцыі і ацэнкі. 

Лексіка, у семантычную структуру якой уваходзяць канатацыйныя кампаненты (эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, ацэначнасць), называецца канатацыйнай (лац.  con    'разам',   notare    'абазначаць'). Канатацыйная лексіка выкарыстоўваецца як у вусным, так і ў пісьмовым маўленні, але найбольш часта яна сустракаецца ў размоўным стылі.

Асноўнымі сродкамі выражэння канатацыйных значэнняў слова з’яўляюцца:

- само лексічнае значэнне слова, яго канатацыйная скіраванасць (прайдзісвет, абібок, шэльма, жміндлівы,  плесціся, плявузгаць);

- суфіксы і прыстаўкі эмацыянальна-суб’ектыўнай ацэнкі (дачушка, рабацяга, мужычок,  паэцік, чалавечына, шафяруга, хітранькі,  даездзіцца);

- пераносна-фігуральныя (метафарычныя) значэнні мнагазначных слоў (калода, зялёнка, торба, ануча, жук, слізкі, недапечаны, брахаць).

На характар канатацыйнай афарбоўкі значна ўплывае гукавы “лад” слова, яго гукавое афармленне: хлюст, абдзірач,  скупярдзяй, дохлік, апівоха, бубніць, зюзюкаць, дрыхнуць. У складзе канатацыйнай лексікі вылучаюцца словы са станоўчай (меліяратыўнай) і з адмоўнай (пейяратыўнай)  ацэначнасцю: малайчына, анёлачак, сыночак, ясачка, касатачка, зайчык, даражэнькі, сакатаць (словы з адценнем павагі, ласкальнасці, адабрэння); скнара, бабуленцыя, звяруга, даўгалыгі, зялёны, тарахцець (словы з адценнем неадабрэння, знявагі, фамільярнасці, іроніі, сарказму і інш.).

Межы канатацыйнай лексікі даволі рухомыя, бо практычна любое слова ў працэсе камунікацыі можа набываць тую або іншую эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначную афарбоўку (Паселяцца ў новым доме людзі самавітыя, найлепшым чынам гарадскія – не тое што заводскія Казікавы сябры, гэтакія ж рабочыя, як і ён (М. Стральцоў)),  і нават можа змяняць яе ў залежнасці ад кантэксту і маўленчай сітуацыі (параўн.: А ці абедаў жа ты, сынок? (Я. Брыль)  і фашысцкі сынок).

 

Тэма 2.11 АКТЫЎНАЯ І ПАСІЎНАЯ ЛЕКСІКА

План лекцыі

1. Актыўная і пасіўная лексіка. Агульнае паняцце пра актыўную і пасіўную лексіку.

2. Устарэлыя словы. Гістарызмы, іх тыпы.

3.Тыпы архаізмаў.

4. Неалагізмы, шляхі іх узнікнення.

5. Разнавіднасці неалагізмаў. Індывідуальна-аўтарскія неалагізмы (аказіяналізмы).

6. Развіццё лексікі беларускай мовы. Крыніцы і шляхі ўзбагачэння літаратурнай лексікі.

 

  1. Актыўная іпасіўная лексіка. Агульнае паняцце пра актыўную і пасіўную лексіку

Слоўнікавы склад беларускай мовы няспынна развіваецца і ўдасканальваецца. Змены, якія адбываюцца ў розных сферах жыцця (грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай) уплываюць на развіццё мовы і адлюстроўваюцца ў лексіцы. Менавіта мова фіксуе працэс узнікнення новых рэалій, паняццяў і слоў, знікненне і змяненне старых рэалій, паняццяў і, адпаведна, слоў. Адны прадметы і з'явы існуюць спрадвечна, і словы, якія называюць жыццёва важныя паняцці, не старэюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы, другія – знікаюць, а з імі адміраюць  і іх назвы або змяняюць сваё значэнне, гучанне, трэція – узнікаюць і разам з імі паяўляюцца новыя словы.

У слоўнікавым складзе мовы на любым этапе яе развіцця вылучаюцца два пласты слоў: актыўная лексіка і пасіўная лексіка.

Да актыўнай лексікі адносяцца агульнавядомыя словы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове, не маюць адценняў устарэласці або навізны і значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. З улікам асаблівасцей функцыянавання сярод іх вылучаюцца 

- стылістычна нейтральныя словы з развітой сістэмай значэнняў, шырокай спалучальнасцю і высокай словаўтваральнай актыўнасцю, якія абслугоўваюць паўсядзённую маўленчую дзейнасць чалавека: дарога, вуліца, высокі, малады, жыць, вучыцца, радасна, весела, яна, ты, Беларусь і інш.;

- словы-тэрміны розных галін навукі, тэхнікі і культуры, якія актыўна выкарыстоўваюцца, хоць і не заўсёды могуць быць зразумелыя ўсім носьбітам мовы: нематоды, квазары, ізатоп, афрыката, этымалогія, дактыль і інш.

Першая група слоў уваходзіць у актыўны слоўнікавы запас любога носьбіта беларускай мовы, другая – у актыўны слоўнік тых носьбітаў мовы, якія працуюць у адпаведнай галіне навукі, тэхнікі ці культуры.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, пераважна зразумелыя, але непрывычныя, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Гэта – назвы рэдкіх рэалій, вузкаспецыяльныя тэрміны,  а таксама ўстарэлыя словы (гістарызмы, архаізмы) і неалагізмы.

 

2. Устарэлыя словы. Гістарызмы, іх тыпы

Устарэлыя словы – гэта словы, якія выйшлі ці выходзяць са сферы актыўнага ўжывання, у сучаснай мове сустракаюцца зрэдку  і таму з'яўляюцца невядомымі ці малавядомымі большасці носьбітаў мовы: перст, шкаляр, конка, лікбез, камбед, вярста, шляхта і інш.

Да прычын, па якіх словы выходзяць з разраду актыўнай лексікі і пераходзяць у разрад пасіўнай, можна аднесці

- знікненне назваў асобных паняццяў, якія  перастаюць існаваць у аб'ектыўнай рэчаіснасці,

- замену адных слоў  іншымі, больш дасканалымі ў структурных ці семантычных адносінах, больш сістэмнымі ці лаканічнымі, што звязана з развіццём і ўдасканальваннем лексічнага складу мовы.

У адпаведнасці з гэтым устарэлыя словы падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы – гэта словы, якія выйшлі з актыўнага ўжытку і перайшлі ў пасіўны запас у сувязі са знікненнем тых рэалій і з'яў, якія яны абазначалі і якія «сталі гісторыяй». Да іх адносяцца словы, што абазначаюць

- назвы даўнейшых грамадска-палітычных з'яў і органаў кіравання: абшчына, веча, губерня, земства,

- назвы асоб: гетман, дзесяцкі, рэкрут, лёкай, канюшы,

- назвы ваеннага рыштунку: кальчуга, латы, мушкет, піка,

- назвы адзення і абутку: жупан, камзол, кафтан, армяк, лапці,

- назвы сродкаў перамяшчэння: конка, кабрыялет, арба;

- назвы старых мер вагі, даўжыні, плошчы, грашовых адзінак: асьміна, гарнец, пуд, локаць, валока, сажань, грыўня, дукат, чырвонец і інш.

Гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове.

3 Тыпы архаізмаў

Архаізмы (грэч. аrchaios 'даўнейшы, старадаўні, устарэлы') – старыя, даўнейшыя назвы, якія ў працэсе развіцця мовы былі замененыя новымі словамі-сінонімамі. У адрозненне ад гістарызмаў – назваў устарэлых (зніклых) рэчаў і з'яў, архаізмы – устарэлыя назвы сучасных рэчаў і з'яў. Устарэлым можа быць цэлае слова, яго асобнае значэнне, марфемная структура, а таксама вымаўленне. У залежнасці ад гэтага адрозніваюць некалькі тыпаў архаізмаў:

- уласналексічныя архаізмы – устарэлыя словы, выцесненыя з актыўнага ўжытку іншымі словамі, з іншым коранем: балонка – аконная шыба, старонка кнігі, лемантар – буквар, чало – лоб, атрамант – чарніла, скрыжалі – закон, тлумач – перакладчык, прастакутнік – прамавугольнік;

- семантычныя архаізмы – сучасныя словы, асобныя значэнні якіх выйшлі з ужытку і сталі ўстарэлымі: жывот у значэнні 'жыццё', калена  ў значэнні 'пакаленне', старац у значэнні 'жабрак', бабыль у значэнні 'беззямельны адзінокі селянін', дружына ў значэнні 'прыбліжаныя князя; князева войска', камора ў значэнні 'кантрольны пункт у дарэвалюцыйны час';

- лексіка-словаўтваральныя архаізмы – словы, якія адрозніваюцца ад сінанімічных ім сучасных слоў словаўтваральнымі элементамі (часцей суфіксамі): кісліна – кіслата, тэза – тэзіс, прасвета – асвета, абставы – абставіны, дзейца -- дзеяч, злуч – злучок;

- лексіка-фанетычныя архаізмы – словы, якія адрозніваюцца ад сучасных адпаведнікаў вымаўленнем аднаго ці некалькіх гукаў: кроніка – хроніка, міт – міф, сымболь – сімвал, філёзаф – філосаф, гімнасія – гімназія, часопісь – часопіс, хэмія – хімія, Эўропа – Еўропа;

- лексіка-марфалагічныя архаізмы – словы, якія адрозніваюцца ад слоў сучаснай літаратурнай мовы асобнымі граматычнымі значэннямі і сродкамі іх выражэння: кляса – клас, лякаматыва – лакаматыў.

У перыяды карэнных сацыяльна-палітычных змен асобныя словы пераходзяць у гістарызмы і архаізмы за адносна кароткі час, напрыклад,  будзёнаўка, нэп, нэпман, эсэр, нарком (т. зв. саветызмы), бамбавоз (бамбардзіроўшчык), лятун (лётчык), сказнік (выказнік).

Устарэласць слоў адзначаецца ў слоўніках пры дапамозе спецыяльных памет «уст.» (устарэлае) і «гіст.» (гістарычнае) або шляхам указання на час і месца выкарыстання слова пры тлумачэнні яго значэння: «даўней на Беларусі», «у дарэвалюцыйнай Расіі».

У творах мастацкай літаратуры гістарызмы і архаізмы выкарыстоўваюцца з пэўнай стылістычнай мэтай (іх называюць гістарызмамі і архаізмамі стылістычнага ўжывання): 

- для стварэння гістарычнага каларыту пэўнай эпохі, рэальных гістарычных абставін: Цэлы тыдзень тлумна на Яраслававым двары. Сышліся наўгародцы на веча, узброеныя, як раць (Я. Сіпакоў), Па старому, часоў вуніі, звычаю, які амаль знік у XIX стагоддзі, беларускія паны аддавалі сыноў на «дзядзькаванне» у сялянскія сем'і (У. Караткевіч);

- для надання стылю адцення ўрачыстасці, узвышанасці ці, наадварот, камічнасці, жартаўлівасці, іроніі: Яго высокасці Эльбрусу ў захапленні б'ём чалом (М. Калачынскі), Песні для народа тварыў баян Купала (М Аўрамчык), Пасівералі губы, пасеклася чало (Н. Гілевіч).

У беларускай літаратуры гістарызмы і архаізмы шырока і ўмела скарыстаны ў творах на гістарычную тэматыку такіх аўтараў, як У. Караткевіч, У. Арлоў, Л. Дайнека, А. Лойка і інш.

Гістарызмы і архаізмы, ужытыя ў творах, дакументах, напісаных не ў наш час (нават нядаўна), з'яўляюцца гістарызмамі і архаізмамі часу. Сёння для нас яны – устарэлыя, хоць у час напісання адпаведных твораў актыўна ўжываліся як намінатыўныя, нейтральныя назвы прадметаў і з'яў і таму не былі устарэлымі: На рабфаку на вячэрнім вучацца студэнты (Я. Купала), Разгорнем рамёны мы шырай і вызвалім край (Я. Колас), На падлозе насыпаны былі пілавіны, сталы былі пазаліваны атрамантам і голыя (К. Чорны).

Устарэлыя словы могуць узнаўляцца ў мове, вяртацца з пасіўнага запасу ў актыўны. Так, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, пры новым грамадскім ладзе, многія словы выйшлі з актыўнага выкарыстання, але потым некаторыя з іх вярнуліся ў актыўны слоўнік, сталі агульнаўжывальнымі: адмірал, афіцэр, апалчэнец, прапаршчык, міністр, яфрэйтар, гвардыя, пагоны, ліцэй, гімназія.

3. Неалагізмы, іх шляхі ўзнікнення

Неалагізмы (грэч. neos  'новы' і  logos  'слова') – словы  і выразы, якія з'явіліся ў мове як назвы новых прадметаў і з'яў або замянілі старыя назвы прадметаў і з'яў. Галоўная прымета неалагізмаў – іх навізна, свежасць, незвычайнасць, малавядомасць: ювеналогія 'навука пра маладосць, пра тое, як прадоўжыць чалавеку самы актыўны перыяд яго жыцця', юнітард 'камбінезон для заняткаў спортам у выглядзе суцэльнаскроеных кароткіх легінсаў і купальніка', дыянетыка 'канцэпцыя душэўнага здароўя і дапамогі чалавека самому сабе, заснаваная на вучэнні аб перасяленні душ (рэінкарнацыі)', аэраграфія 'нанясенне малюнка на паверхню з папамогай спецыяльнага фарбавальнага аэразолю'. Як толькі знікаюць гэтыя характэрныя асаблівасці, неалагізмы пераходзяць у разрад актыўнай лексікі:  мультымедыя, электарат, шопінг, харызма, інаўгурацыя, саміт і інш.

Да прычын ўзнікнення новых слоў  адносяцца:

- сацыяльная неабходнасць у абазначэнні новых прадметаў, з'яў, паняццяў: петанк, пейнтбол, піяр, плацэба;

- пераасэнсаванне ранейшых значэнняў слоў і словазлучэнняў: чаўнок 'дробны гандляр, які ўвозіць тавар з-за мяжы ці вывозіць яго за мяжу з наступнай рэалізацыяй на мясцовых рынках', вертыкаль 'сістэма арганізацыіорганаў кіравання', банк (даных) ' сукупнасць даных, аб'яднаных агульнасцю прымянення, выкарыстання', сабака 'спецыяльны знак -- @, які выкарыстоўваецца пры запісе адраса электроннай пошты';

- тэндэнцыя да ўніфікацыі і эканоміі моўных сродкаў: этнаджаз 'музычны напрамак, які спалучае джаз з этнічнай музыкай', эма (скарач. ад эмоцыя, эмацыянальны) 'прадстаўнікі моладзевай субкультуры, якім уласціва адкрытае праяўленне эмоцый', экамабіль 'экалагічны аўтамабіль';

- тэндэнцыя да нацыяналізацыі моўных сродкаў: летнік 'летні дзіцячы аздараўленчы лагер', выбітны 'незвычайны, выключны, выдатны', аповед 'апавяданне, расказ', выстава 'выстаўка', імпрэза 'мерапрыемства', святар 'свяшчэннік', улётка 'лістоўка';

- дасягненне эмацыянальна-экспрэсіўнай і стылістычнай выразнасці: Людскуюцца ў вітрынах партрэты дэлегатаў (М. Лужанін), Блукаюць грыбазбіры, якоча рэхам лес (П. Панчанка).

Найбольш прадуктыўныя спосабы ўтварэння неалагізмаў:

- афіксацыя: чараіт, гагарыніт, танзаніт, сумніў, бальшыня, дэфляцыя;

- слова- і асноваскладанне: інтэрнэт-залежнасць, інтэрнэт-крама, ракетадром, электралёт, кібарг, касмабачанне;

- абрэвіяцыя: СМС, СПА, СМІ, ТБ-прагноз, ПК, ;

- калькаванне і запазычванне: звышгукавы, усюдыход, іншапланецянін, матэль, тэлефакс, хоспіс, смартбук, цюнінг, паркур;

- семантычная дэрывацыя: галаўны мозг – галаўны інстытут і інш.

Калі для абазначэння ўжо вядомага прадмета (з'явы) узнікае новае слова, то нейкі час у мове існуюць паралельна два ці больш слоў-дублетаў. Адно з іх застаецца ў актыўным ужыванні, другое (другія) паступова архаізуецца, а потым і зусім можа знікнуць: граніца – мяжа – кардон, лімон – цытрына, святар – свяшчэннік, вернік – веруючы, выстава – выстаўка і інш.

Адрозніваюць лексічныя і семантычныя неалагізмы.

Лексічныя неалагізмы -  словы, якія з'явіліся ў мове толькі што ці зусім нядаўна для абазначэння новых прадметаў і з'яў і навізна якіх адчуваецца як у форме, так і ў значэнні гэтых слоў: суіцыдалогія, сумка-кенгуру, аэрограф, ассамбляж, арт-бук, авердрафт, дэмаальбом, квазігрошы, біткаін. Лексічныя неалагізмы ўзнікаюць у мове ў сувязі з развіццём навукі, тэхнікі, вытворчасці і г. д., яны ўтвараюцца на базе вядомых мове структурных элементаў і словаўтваральных мадэляў: раздрукоўка, раздзяржаўленне, разбалансаванасць, працатэрапія, пранаменклатурны, піяраўскі, паркуршчык, электрадубінка.

Семантычныя неалагізмы – гэта новыя значэнні, якія развіваюцца ў семантыцы агульнавядомых слоў: дыялог 'кантакты, перагаворы паміж краінамі, партыямі, грамадскімі дзеячамі', вектар 'ідэалагічная  скіраванасць чаго-небудзь', чорны 'нелегальны, незаконны', ценявы 'звязаны з падпольнай вытворчасцю, крымінальнымі спосабамі абагачэння', заяц 'безбілетны пасажыр'.

Вылучаецца таксама група індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў – лексічных наватвораў, створаных, прыдуманых канкрэтнымі аўтарамі (пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі, публіцыстамі і інш.) з мэтай павышэння мастацкай выразнасці і вобразнасці выказвання: мілагучны, адлюстроўваць, дабрабыт, мэтазгодны (У. Дубоўка), скаменены, шумнацечны, нязгледны (Я. Купала), срэбразвонны, шаўкарунны, вольнаплынны, светапогляд (Я.Колас), языкачосы, грыбазбіры, аўтатабуны (П.Панчанка) і інш. Некаторыя з гэтых слоў трывала ўвайшлі ў склад беларускай літаратурнай мовы.

Індывідуальна-аўтарскія неалагізмы часта называюць аказіяналізмамі ( лац. оccasio 'выпадак', occasionalis 'выпадковы') – аўтарскімі наватворамі, якія цесна звязаны з умовамі пэўнага кантэксту і часам бываюць проста незразумелыя па-за яго межамі. Свежасць, вобразнасць і незвычайнасць гэтых слоў захоўваецца ў адпаведным кантэксце. Да таго ж яны ў большасці сваёй не валодаюць асноўнай асаблівасцю адзінкі мовы – узнаўляльнасцю: іх мы разумеем, але імі, як правіла, не карыстаемся: Пачалася веснафікацыя душы (Л.Дайнека), Калышацца вагон чаёва, вечарова... (У. Някляеў), Нос разаб'еш у вершапацёмках... (А. Звонак), Падарыла ты мне чарнабровасць... (Я. Пушча), Над галавою ліставір, пад клёнам, як пад сонцам... (А.Пісарык).

Большая частка аўтарскіх неалагізмаў не выходзіць за межы індывідуальнага словаўжывання і таму не набывае статуса агульнамоўных лексічных адзінак, не ўключаецца ў слоўнікі агульнага карыстання.

4.Развіццё лексікі сучаснай беларускай мовы. Крыніцы і шляхі ўзбагачэння літаратурнай лексікі

Пад уплывам шэрага паза- і ўнутрымоўных фактараў (перамены ў эканоміцы, палітыцы, навуцы, спорце, масавай культуры і г. д.) лексічныя працэсы ў сучаснай беларускай мове канца XX - пачатку XXI стст. маюць некаторыя спецыфічныя рысы. Гэты перыяд можна вызначыць як своеасаблівы этап у развіцці беларускай мовы, паколькі ён характарызуецца значнымі зменамі ў грамадскім жыцці, якія паўплывалі на развіццё і функцыянаванне мовы.

У сучасным беларускім грамадстве склаліся дзве плыні разумення таго, па якіх шляхах развіцця і ўдасканалення павінна далей рухацца мова:   «рэфарматарская» («радыкальная»)  і «традыцыяналісцкая» («кансерватыўная»). «Рэфарматары» лічаць патрэбным аднавіць моўныя узоры 20-х гадоў  XX ст. у галіне правапісу, арфаграфіі, граматыкі, а таксама словаўтварэння і словаўжывання. «Традыцыяналісты» выступаюць за захаванне тых моўных норм, што склаліся ў маўленчай практыцы ў савецкі перыяд. Вядома, функцыянаванне мовы ў такіх умовах не магло не паўплываць на яе лексічную сістэму.

Пачынаючы з 90-х гадоў XX ст. беларуская мова папоўнілася значнай колькасцю новых слоў. Адной з вызначальных рыс беларускай мовы згаданага перыяду выступае тэндэнцыя да «нацыяналізацыі», якая праходзіць пад знакам «беларусізацыі» («дэрусізацыі») і праяўляецца ў замене лексічных адзінак, агульных з рускай мовай, наватворамі або запазычаннямі з польскай і ўкраінскай моў: аб'ядновец – аб'яднальнік, бізнесовец, бізнесоўца – бізнесмен, выбітны – выдатны, выключны, амбасада – пасольства, аповед -- апавяданне, выступ -- выступленне, выстава -- выстаўка, напрыканцы – у канцы, пад канец, наступства – вынік, наступленне, сумніў -- сумненне,  унёсак – узнос, уклад, лепта, здогад – здагадка, меркаванне, абазнаны -- дасведчаны, кіроўца – вадзіцель, шафёр і інш. Трэба адзначыць, што некаторыя з гэтых лексем рознымі даследчыкамі кваліфікуюцца або як запазычанні з польскай і ўкраінскай моў,  або як уласныя беларускія новаўтварэнні. Частка слоў знаходзілася пэўны час у пасіўным слоўнікавым запасе, але пачынаючы з 90-х гадоў  адбываецца працэс ажыўлення ўстарэлых слоў: адсотак -- працэнт,  стасункі – адносіны, сувязь, зносіны, жарсць -- страсць, мапа -- карта, гледзішча – пункт погляду (гледжання), звяз -- саюз, задзіночанне -- аб'яднанне, кружэлка – грамафонная пласцінка, кампакт-дыск, узаеміны -- узаемаадносіны, травень -- май і інш.

Адначасова праяўляцца тэндэнцыя да «інтэрнацыяналізацыі», якая абумоўлена пашырэннем і інтэнсіфікацыяй міжнародных кантактаў у эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу. У беларускай мове з'явілася значная колькасць запазычаных слоў, асабліва з англійскай мовы і яе амерыканскага варыянта (т. зв. англіцызмы і амерыканізмы): геймер, прынтар, сканер,  мультымедыя, кілер, маркетынг, кліп, фаст-фуд, фрыстайл, хэтчбэк, хоспіс, хэпі-энд.

Тэматычна запазычанні ахопліваюць ўсе сферы грамадскага жыцця:

- палітыку, сацыяльны лад (электарат, саміт, брыфінг, імпічмент, іпатэка, спікер),

- эканоміку (дэфолт, афшор, тэндар),

- культуру, мастацтва, музыку, шоу-бізнэс (кастынг, бодзі-арт, шоумэн, экшн),

- спорт (дартс, кёрлінг, кікбоксінг, допінг, декатлон),

- медыцыну (ліфтынг, эўтаназія, эпіляцыя, эргатэрапія, цыгун),

- камп'ютарныя тэхналогіі (смартфон, ультрабук, ноўтбук-планшэт, планшэт-трансформер, вінчэстар),

- быт (шэйкер, блэндар, чызбургер, чупа-чупс, эспрэса) і інш.

У большасці выпадкаў іншамоўныя словы пранікаюць у беларускую мову праз пасрэдніцтва рускай мовы, пры гэтым пераважаюць прамыя запазычанні.

У беларускай мове апошнім часам узмацніўся рост абрэвіятурных неалагізмаў у выглядзе графічна незасвоеных лексем (IQ, tax-free, hands free), гібрыдных утварэнняў (CD-плэер, GSM-аператар, SPA-салон, SMS-паведамленне, SOS-вёска), адначасова графічна незасвоеных і графічна засвоеных моўнай сістэмай слоў (сідзіром і  CD-Rom, піар і PR, онлайн і ON-LINE,  Інтэрнэт і Internet).

Запазычванне – натуральны працэс, без якога нельга абысціся. Але многія запазычанні замяняюць вядомыя, звычныя, словы, таму іх ужыванне часам трэба разглядаць як немэтазгоднае: брутальны – жорсткі, пазітыўны – станоўчы, дадатны, шоп – магазін, крама, буцік – крама моднага адзення, кансэнсус – згода, пагадненне, пазіцыяніраваць – дэманстраваць.

Заўвага. Кожны наватвор і запазычанне толькі тады атрымаюць распаўсюджанне, калі яны будуць адпавядаць духу мовы і яе фразеалагічнаму складу.   Якуб Колас.

Апошнім часам назіраецца і тэндэнцыя інтэнсіўнай «дэмакратызацыі» беларускай мовы, якая праяўляецца ў актыўным выкарыстанні субстандартных (прастамоўных, жаргонных і нават абсцэнных) элементаў на старонках перыядычных і мастацкіх выданняў, у вусным маўленні, а таксама ў Інтэрнэце: бабкі, баксы, капуста, адарвацца, тусоўка, кайф, фішка, лох, замачыць, дастаць, нахіляць, сарцір і інш. У наш час такія словы пачалі трапляць ужо і ў слоўнікі нарматыўнай лексікі, бо іх удзельная вага з кожным годам павялічваецца, а іх сацыяльная база ахоплівае ўсе слаі насельніцтва.

Характэрная асаблівасць дынамічных моўных працэсаў -- павелічэнне колькасці семантычных неалагізмаў (неасемантызмаў): пірацкі 'незаконны; які робіцца, ажыццяўляецца з парушэннем выдавецкага ці аўтарскага права', альбом 'збор песень якога-небудзь выканаўцы або группы на аўдыё-, відэакасеце, кампакт-дыску', камбайн 'універсальны куханны апарат', гастраляваць 'учыняць супрацьпраўныя дзеянні ў розных населеных пунктах', кінуць 'падмануць, ашукаць, змахлярыць'. Пашырэнне семантыкі слова цесна звязана з метафарычнасцю, у выніку чаго ўзнікаюць новыя ўстойлівыя выразы: залатая моладзь, гарачы тэлефон, тэлефон даверу, сусветная павуціна, экалогія мовы, абвал рубля і інш.

Асноўным спосабам узбагачэння лексічнага складу беларускай мовы з'яўляецца словаўтварэнне. Працэс утварэння новых слоў з уласных моўных рэсурсаў адбываецца пастаянна. Пры гэтым актывізуюцца традыцыйныя для беларускай мовы спосабы словаўтварэння:

- словаскладанне: боўлінг-клуб, сток-магазін, шопінг-тур, шоу-індустрыя, гала-канцэрт, фітнэс-бар, аквамабіль, вэб-камера;

- суфіксацыя і нульсуфіксацыя: вернік, дапаможца, дароўца, вертыкальшчык, моладзевы, нармалёвы, пераслед, назоў;

- прэфіксацыя: звышдзяржава, пасляпутчавы, антыглабаліст, псеўдапатрыёт;

- універбацыя: гуманітарка 'гуманітарная дапамога', дасціпнік 'дасціпны чалавек', мінімалка 'мінімальная зарплата', пастаянец 'пастаянны наведвальнік'.

Змены ў слоўнікавым складзе сучаснай беларускай мовы цесна звязаны са зменамі ў жыцці грамадства. Гэтыя змены абумоўлены ўнутранымі  (адкрытасцю і пранікальнасцю лексічнай сістэмы мовы, дзеяннем законаў моўнай эканоміі, сістэмнасці, аналогіі і інш.) і знешнімі (значнымі зменамі ў грамадскім жыцці, развіццём міжнародных і міжмоўных кантактаў, уплывам сродкаў масавай інфармацыі і інш.) працэсамі.

Заўвага. Сёння беларуская мова – гэта поўнафункцыянальная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Праблема заключаецца толькі ў тым, каб яна ў кожнай з гэтых сфер была прадстаўлена ў той ступені, у якой павінна быць прадстаўлена дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі.   А. Лукашанец.

 

 

 

3. Фразеалогія

Тэма 3.1 Фразеалогія як раздзел мовазнаўства. Фразеалагізм як адзінка мовы

 

План лекцыі

1. Фразеалогія як раздзел мовазнаўства.

2. Фразеалагізм як адзінка мовы, яго асноўныя асаблівасці (цэласнасць, устойлівасць, узнаўляльнасць, склад, сінтаксічная непадзельнасць, эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка і інш.).

3. Фразеалагізм і слова. Фразеалагізм і словазлучэнне.

4. Варыянтнасць фразеалагічных адзінак.

5. Мнагазначнасць, аманімічнасць, сінанімічнасць i антанiмiчнасць фразеалагізмаў.

 

1. Фразеалогія як раздзел мовазнаўства

І. Беларуская мова, як і любая развітая мова, разам з лексічным мае і фразеалагічны фонд. Ён налічвае больш за 6000 устойлівых выразаў з непадзельным, цэласным сэнсам – фразем (фразеалагізмаў, фразеалагічных адзінак, фразеалагічных зваротаў і інш.), у якіх адлюстроўваецца карціна свету беларусаў.

Фраземы, як і словы, – будаўнічы матэрыял для сказаў.

Фразеалогія (ад грэч. phrasis ‘выраз’, logos ‘вучэнне, навука’) – раздзел мовазнаўства, які вывучае фразеалагічны запас мовы – структурна-семантычныя, марфалагічна-сінтаксічныя і стылістычныя ўласцівасці фразем у іх сучасным стане і ў развіцці. Фразеалогіяй называюць таксама сукупнасць фразеалагічных адзінак той ці іншай мовы (фразеалогія беларускай мовы), пэўнага пісьменніка (фразеалогія Якуба Коласа), твора (фразеалогія “Новай зямлі”).

У беларускім мовазнаўстве фразеалогія выдзелілася ў асобны раздзел параўнальна нядаўна. Яшчэ ў 1960-я гг. лічылася, што яна знаходзілася ў стадыі “скрытага развіцця” (І.Я. Лепешаў).

Найбольш цесна фразеалогія звязана з лексікалогіяй і парэміялогіяй.

ІІ. Значны ўклад у развіццё тэорыі і практыкі беларускай фразеалогіі зрабілі А.С. Аксамітаў, М.А. Даніловіч, У.І. Коваль, І.Я. Лепешаў, В.А. Ляшчынская, В.К. Мароз, Ф.М. Янкоўскі і інш.

Аб’ём і межы фразеалогіі

Працяглы час у беларускім мовазнаўстве адносна аб’ёму і межаў фразеалогіі існавала наступнае меркаванне: фразеалогію разглядалі ў вузкім разуменні (уключаюцца толькі ўласна фраземы) і ў шырокім разуменні (акрамя ўласна фразем, уключаюцца і іншыя ўстойлівыя адзінкі – прыказкі, перыфразы і інш.). Сёння такі падыход аспрэчваецца: лінгвісты лічаць нелагічным гаварыць пра вузкае і шырокае разуменне фразеалогіі.

2. Фразема як адзінка мовы, яго асноўныя асаблівасці

3. Фразеалагізм і слова. Фразеалагізм і словазлучэнне

Фразема (фразеалагізм) – устойлівая, узнаўляльная, падзельна аформленая моўная адзінка, якая складаецца не менш як з двух кампанентаў, мае адзінае, цэласнае значэнне, спалучаецца са словамі і сінтаксічна не падзяляецца.

Як і словы, фраземы – гатовыя моўныя адзінкі, яны не ўтвараюцца ў размове, пры пісьме, а выкарыстоўваюцца як вядомыя таму, хто гаворыць, і таму, хто слухае, таму, хто піша, і таму, хто чытае.

Фразеалагічныя адзінкі зместам падобныя да лексічных адзінак, а формай – да сінтаксічных адзінак (спалучэнняў, словазлучэнняў, сказаў).

Асаблівасці фразем:

    устойлівасць – пастаянства замацаванага за імі зместу, кампанентага складу і структуры; напр., фразема хварэць на кішэнь мае значэнне ‘быць без грошай’, якое перадаецца строга акрэсленымі кампанентамі, структурна аб’яднанымі ў словазлучэнне пэўнай мадэлі (параўн. хварэць на грып);

    узнаўляльнасць – рэгулярная паўтаральнасць, выкарыстанне фраземы як гатовай цэласнай адзінкі: арганізуючы сваё маўленне, мы не прыдумваем, не ўтвараем новыя словы, новыя фраземы, мы “ўспамінаем” іх, узнаўляем у памяці;

    семантычная цэласнасць – сэнсавае адзінства, якое не раскладаецца на суму значэнняў кампанентаў: Ніхто не стане на зямлі прарокам, калі баіцца, што ўсё выйдзе бокам (А. Грачанікаў); О, колькі званняў з лёгкае рукі, не разбіраючы, мы шчодра падавалі… (Я. Сіпакоў); З багацця за Янінай засталася вялікая – хоць ваўкоў ганяй – хата і … высокі куфар (А. Кудравец);

    структурная падзельнасць – фразема складаецца не менш як з двух кампанентаў; мінімальнымі адзінкамі ў фразеалогіі лічацца выразы, якія маюць мадэль “прыназоўнік + назоўнік” (пад носам, з рукі, на вачах), а максімальнымі – фраземы-сказы (бракуе аднае клёпкі, волас з галавы не ўпаў, зуб на зуб не пападае).

Многім фраземам уласцівая вобразнасць, якая, на думку даследчыкаў, з’яўляецца больш спецыфічнай, чым лексічная і граматычная.

Фраземы – структурныя элементы сказа. Яны спалучаюцца са словамі, выступаюць у ролі пэўнага члена сказа.

Пры фразема можа быць слова, якое ў фразему не ўваходзіць, але без якога яна звычайна не ўжываецца (прыфразелагічнае, прыфраземнае слова): (зірнуць) адным вокам, (засталіся) адны косці, (памятаць) да новых венікаў.

4. Варыянтнасць фразем

Фраземная варыянтнасць – здольнасць пэўнай фраземы выступаць у дзвюх і больш разнавіднасцях, тоесных у сэнсавых і стылістычных адносінах і ўзаемазамяняльных у любым кантэксце.

З’явай варыянтнасці ахоплена каля 31% фразем (І.М. Хлусевіч), што сведчыць пра ўзаемадзеянне ў фразеалогіі беларускай мовы дзвюх тэндэнцый:

    імкненне да пастаяннага кампанентнага складу;

    імкненне да яго відазмянення.

У фразеалогіі адрозніваюць наступныя тыпы варыянтаў:

    лексічныя (найбольш пашыраны тып) – слоўна-кампанентныя разнавіднасці фраземы: званіць (біць) ва ўсе званы; адлягло ад душы (сэрца); калом (кіем, палкай) не загоніш; як пшаніцу (пяньку, проса, муку, лыка) прадаўшы; і (ні) пары з рота не пусціць; сем (сорак) патоў выйшла (выцекла, вылілася) і інш.;

    марфалагічныя – адрозніваюцца граматычнай формай аднаго з кампанентаў: язык па-за вушамі (па-за вушшу) ходзіць; вока ў вока (вочы ў вочы); свет не мілы (міл); за вушы не адцягнеш (не адцягнуць);

    словаўтваральныя – адрозніваюцца словаўтваральнай структурай аднаго з кампанентаў: выцягнуць (працягнуць) ногі; танцаваць ад печы (печкі); на адно слова (слоўца); перамываць косці (косткі, костачкі) і інш.

    фаналагічныя – адрозніваюцца гукавым афармленнем і (або) месцам націску ў адным з кампанентаў: шэрая (шарая) гадзіна; воўк у авечай скуры (шкуры); зямля ненаедная (ненаежная) і інш.; пля́скаць (пляска́ць) языком; на ла́скавым (ласка́вым) хлебе; за́тычка (заты́чка) ва ўсе дзіркі і інш.; до́ўгі (даўгí) рубель; зачарава́нае (зачаро́ванае) кола; кало́м (ко́лам) стаяць і інш.;

    канструктыўна-колькасныя – адрозніваюцца наяўнасцю / адсутнасцю факультатыўнага кампанента: вешаць лапшу на вушы / вешаць лапшу;  рассыпацца дробным макам / рассыпацца макам; паставіць на сваё месца / паставіць на месца і інш.;

    камбінаваныя варыянты з’яўляюцца прадуктам розных відаў вар’іравання:

▫      лексічнага і канструктыўна-колькаснага (браць (прымаць) грэх на <сваю> душу);

▫      лексічнага і марфалагічнага: вастрыць (тачыць) зубы / зуб);

▫      марфалагічнага, лексічнага і словаўтваральнага: валасы (волас) становяцца (падымаюцца, устаюць) дыбам (дыбе) і інш.

5. Семантычныя з’явы ў фразеалогіі: мнагазначнасць, аманімічнасць, сінанімічнасць iантанiмiчнасць фразеалагізмаў.

Фраземы, як і словы, могуць уступаць у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Акрамя таго, ім уласцівая полісемія, аманімія і паранімія.

І. Фраземная полісемія (мнагазначнасць) – здольнасць фразем мець некалькі значэнняў.

Па падліках І.Я. Лепешава, мнагазначнымі з’яўляюцца 15% фразем, зафіксаваных у яго “Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы”, напр.: падняцца на ногі – 1) ‘пачаць хадзіць, акрыяць’ (пасля хваробы); 2) ‘абжыцца, выйсці з бядноты, нястачы, галечы’.

Полісемія ў фразеалогіі больш бедная, чым у лексіцы: у фразеалагічным запасе беларускай мовы мнагазначныя фраземы складаюць прыметна меншую частку, чым мнагазначныя словы ў лексічным запасе (прыкладна чацвёртая частка лексікі беларускай літаратурнай мовы – полісеманты). Большасць мнагазначных фразем мае два значэнні, тады як вялікая колькасць слоў мае тры і больш значэнні.

Мнагазначнасць у лексіцы і фразеалогіі адрозніваецца неаднолькавым узаемадзеяннем стылістычнай афарбоўкі з сэнсавай структурай полісемантычных слоў і фразем. Прыватныя значэнні слова-полісеманта часцей за ўсё неаднародныя ў стылістычных адносінах. Пераважная большасць фразем-полісемантаў характарызуецца стылістычнай аднароднасцю, маналітнасцю іх стылістычнага значэння. Так, усе шэсць значэнняў фраземы рот разяўляць маюць адценне неадабрэння і з’яўляюцца прастамоўнымі.

ІІ. Фраземная сінанімія – здольнасць фразем абазначаць тое самае ці блізкае паняцце, адрозніваючыся пры гэтым адценнем значэнняў ці стылістычнай афарбоўкай.

Прадуктам сінаніміі ў фразеалогіі з’яўляюцца фраземы-сінонімы. Так, у сінанімічны рад з агульным значэннем ‘спрытна ашукваць’ аб’ядноўваюцца 30 фразем: абводзіць вакол пальца (каго); абуваць у лапці (каго); бакі забіваць (каму); браць на арапа (каго); браць на бога (каго); браць на вудачку (каго); браць на пушку (каго); вадзіць за нос (каго); вешаць <лапшу> на вушы (каму); віляць хвастом; выводзіць у поле (каго); гнуць дугі; гуляць у ката і мышку і інш.

У якасці дамінанты сінанімічнага рада звычайна выступае найбольш ужывальная фразема, якая мае шырокую спалучальнасць і можа больш-менш свабодна замяшчаць у кантэксце іншыя сінанімічныя выразы.

Сінанімія фразем цесна звязана з іх мнагазначнасцю. Калі фразеалагічная адзінка мае некалькі значэнняў, то кожнае яе значэнне можа мець свае сінанімічныя сувязі.

Працяглы час лічылася, што фраземы могуць уступаць у сінанімічныя адносіны са словамі. Сёння гэтая магчымасць некаторымі навукоўцамі (І.Я. Лепешаў, В.А. Ляшчынская і інш.) аспрэчваецца. Іх аргументы наступныя: словы і фраземы – адзінкі розных узроўняў – лексічнага і фразеалагічнага, а таму яны павінны выяўляць сінанімічныя адносіны ў межах сваіх узроўняў, г.зн. ёсць сінонімы-фразеалагізмы і сінонімы-лексемы.

ІІІ. Фраземная антанімія – тып семантычных адносін паміж фразеалагічнымі адзінкамі, якія маюць супрацьлеглае значэнне.

Фраземы-антонімы – выразы з палярна супрацьлеглым значэннем: на кані – пад канём; са шчытом – на шчыце; выбіваць козыры ў рукі – даваць козыры ў рукі; са спакойным сэрцам – з цяжкай душой; сядзець на шыі – злазіць з карка і інш.

Псіхалагічную аснову антаніміі ўтвараюць уяўленні і асацыяцыі паводле супрацьпастаўлення, супрацьлегласці, кантрасту.

Антанімія фразем значна радзейшая, чым іх сінанімія: толькі 7% ад агульнай колькасці фразем уступаюць у антанімічныя адносіны з іншымі фразеалагічнымі адзінкамі (параўн.: сінанімічнымі адносінамі ахоплена 62% ад агульнай колькасці фразем).

Фраземы лічацца лічацца антонімамі пры дзвюх умовах:

    наяўнасць супрацьлеглага значэння;

    аднолькавая спалучальнасць са словамі свабоднага ўжывання.

Антанімія фразем мае цесную сувязь з іх мнагазначнасцю. Часцей за ўсё ў фраземе-полісеманце антанімізуецца толькі адно яго значэнне. Так, у пяцізначнай фраземе ставіць на ногі толькі адно яго значэнне ‘вылечваць’ утварае антанімічную пару з выразам валіць з ног.

Цікавае ўзаемадзеянне назіраецца паміж сінаніміяй і антаніміяй у фразеалогіі. Бывае, што адзін сінанімічны рад антанімізуецца з другім сінанімічным радам. Такая група фразем, аб’яднаная паралельнымі антанімічнымі і сінанімічнымі адносінамі, называецца антоніма-сінанімічным радам.

ІV. Пытанне аб аманіміі фразем застаецца адным са складаных з прычыны розных падыходаў да яго вырашэння. У сучаснай фразеалогіі факты міжузроўневай аманіміі (паміж фразеалагічнымі і сінтаксічнымі адзінкамі, фразеалагічнымі і лексічнымі адзінкамі) не разглядаюцца. Відаць, справядлівым будзе меркаванне лічыць аманімію сістэмнай семантычнай з’явай. Стаўленне даследчыкаў да аманіміі ў фразеалогіі неаднолькавае: адны яе адмаўляюць, другія прызнаюць.  Няма канкрэтных крытэрыяў, якія б дазволілі размяжоўваць мнагазначныя фраземы і фраземы-амонімы.

У фразеалагічных слоўніках фраземы-амонімы або зусім не вылучаюцца, або так кваліфікуюцца толькі адзінкавыя выразы.

Аманімічнымі фраземамі прынята лічыць такія, якія ў зыходнай форме поўнасцю супадаюць у структурна-фанетычным і графічным афармленні і не маюць нічога агульнага ў сваім значэнні; напр., фраземы зялёная вуліца ‘строй салдат са шпіцрутэнамі’ і зялёная вуліца ‘свабодны шлях, без перашкод і затрымак’ з’яўляюцца амонімамі.

Аманімічнымі нельга лічыць такія фраземы, якія маюць неаднолькавае катэгарыяльнае значэнне: хоць куды ‘вельмі добры, выдатны’ (прыметнікавае значэнне) і хоць куды ‘вельмі добра, выдатна’ (прыслоўнае значэнне). Амонімы павінны мець аднолькавыя спалучальныя асаблівасці.

V. Паранімічныя фраземы – неаднародныя сугучныя адзінкі, неўзаемазамяняльныя, нятоесныя па сваёй семантыцы, лексічнай спалучальнасці: убіваць у галаву – убівацца ў галаву; ні на грош – ні за грош; без галавы – з галавой – за галавой – праз галаву і інш.

 

Тэма 3.2 Тыпы фразеалагізмаў

План лекцыі

1. Тыпы фразеалагізмаў паводле семантычнай злітнасцікампанентаў (зрашчэнні, адзінствы, спалучэнні).

2. Тыпы фразеалагізмаў паводле суадноснасці з часцінамі мовы(назоўнікавыя, прыметнікавыя, дзеяслоўныя, прыслоўныя)

3. Тыпы фразеалагізмаў паводле адпаведнасці сінтаксічнымадзінкам (адпаведныя словазлучэнню, сказу, спалучэнню).

4. Спалучальнасць фразеалагізмаў.

5. Сінтаксічная функцыя фразеалагізмаў.

 

1. Тыпы фразеалагізмаў паводле семантычнай злітнасці кампанентаў (зрашчэнні, адзінствы, спалучэнні).

У адпаведнасці з класіфікацыяй фразем паводле семантычнай злітнасці кампанентаў, прапанаванай акад. В.У. Вінаградавым у сярэдзіне ХХ ст., вылучаюцца:

    фразеалагічныя зрашчэнні – эквіваленты слоў, семантычна непадзельныя фразеалагічныя адзінкі, значэнне якіх не матывуецца і не залежыць ад значэнняў кампанентаў; зрашчэнні могуць мець граматычныя архаізмы, могуць страчвацца жывыя сінтаксічныя сувязі паміж кампанентамі: з глузду з’ехаць, цюцелька ў цюцельку, бібікі (лынды) біць, шчылінкі прыняўшы і інш.;

    фразеалагічныя адзінствы – семантычна непадзельныя адзінкі, якія адрозніваюцца ад зрашчэнняў патэнцыяльнай вывадзімасцю свайго агульнага значэння з семантычнай сувязі кампанентаў: носам кляваць, на ўсе лапаткі, жывыя смехі, дурыкі выгнаць, кату па пяту і інш.;

    фразеалагічныя спалучэнні (злучэнні) – адзінкі, сэнс якіх вынікае са значэннняў кампанентаў; гэта, як правіла, двухкампанентныя словазлучэнні, у якіх адзін кампанент мае свабоднае значэнне, а другі – несвабоднае значэнне, што выяўляецца толькі ў спалучэнні з адным ці некалькімі пэўнымі словамі: кароткая памяць, расквасіць нос, закадычны сябар і інш.

Супраць уключэння адзінак трэцяга тыпу – фразеалагічных спалучэнняў – у склад фразеалогіі выказваўся ў 1956 г. Б.А. Ларын. Такога ж меркавання прытрымліваюцца беларускія даследчыкі Ф.М. Янкоўскі, І.Я. Лепешаў, В.А. Ляшчынская і інш. 

2. Тыпы фразеалагізмаў паводле суадноснасці з часцінамі мовы (назоўнікавыя, прыметнікавыя, дзеяслоўныя, прыслоўныя)

І. Фраземы, як і словы, маюць не толькі прыватнае, але і абагульненае, катэгарыяльнае значэнне. Паводле яго большасць фразеалагічных адзінак суадносіцца з рознымі часцінамі мовы па трох крытэрыях:

    семантычным  грунтуецца на выніках супастаўлення фраземы з яе прыватным значэннем: напр., выраз з жабіны прыгаршчы мае значэнне ‘вельмі мала’ (прыслоўе), значыць, ён прыслоўны.

    марфалагічным  улічваецца граматычна-семантычны клас галоўнага кампанента, напр., назоўнікавымі з’яўляюцца наступныя ўстойлівыя выразы: бабіна лета (з бабіным летам, у бабіна лета); марскі воўк (у марскога ваўка, з марскім ваўком…); бярозавая каша (бярозавай кашы);

    сінтаксічным – абумоўліваецца сінтаксічнай функцыяй фраземы ў сказе; значная частка фразем выконвае тыповую для іх сінтаксічную ролю, якая прадыктавана семантыкай: дзеяслоўныя фраземы, як правіла, – выказнікі, прыслоўныя – акалічнасці і г. д.

Пры аднясенні фраземы да пэўнага семантычна-граматычнага разрада трэба ўлічваць усе тры паказчыкі – семантыку, марфалагічныя асаблівасці, сінтаксічную функцыю.

ІІ. Па суаднесенасці фразем з той ці іншай часцінай мовы вылучаюцца наступныя семантычна-граматычныя тыпы:

    дзеяслоўныя фраземы (каля 2200 адзінак) абазначаюць дзеянне і зрэдку стан: даваць (даць) задні ход, кідацца (кінуцца) у вочы, дзе ты дзенешся, весці рэй, не ў каня корм, як на свет нарадзіўся, не гарыць, ад варот паварот, у лес не ўцячэ і інш.;

    прыслоўныя фраземы (каля 1700) абазначаюць прымету дзеяння або ступень якасці, а таксама розныя акалічнасці, пры якіх адбываецца дзеянне; паводле семантыкі адрозніваюць:

▫      азначальныя: з усіх ног, па канец рук, з пятага на дзесятае, як дроў, усімі праўдамі і няпраўдамі, з вока на вока і інш.;

▫      акалічнасныя: за светам, рукой падаць, спакон вякоў, чуць свет, ні з таго ні з сяго, пад гарачую руку, для адводу вачэй, на злосць і інш.;

    назоўнікавыя фраземы (больш за 600) абазначаюць паняцце, прадмет, апрадмечаную якасць і інш: пярэдні край, воўчае мяса, залатыя горы, светлая галава, вольная птушка, паўзучы гад, перакаці-поле, грушы на вярбе і інш.

    прыметнікавыя фраземы (каля 300 адзінак) абазначаюць прымету асобы ці прадмета: лёгкі на нагу, падбіты ветрам, на ўсе рукі, вады не замуціць, пальчыкі абліжаш, адзін пад адзін, як у полі вецер, кроў з малаком і інш.;

    выклічнікавыя фраземы выражаюць розныя пачуцці і волевыяўленні, не называючы іх; такія фраземы сінтаксічна не звязаны са структурай сказа і не з’яўляюцца членам сказа: гэтага яшчэ не хапала, дзякуй за ласку, глядзі ў мяне, хлеб ды соль, маё шанаванне, слова гонару і інш.;

    мадальныя фраземы (каля 70) перадаюць адносіны таго, хто гаворыць, да зместу выказвання: вядомая рэч, лёгка сказаць, чаго добрага, не тут казана, што праўда то праўда, на словах, адным словам і інш.

Значная частка фразем беларускай мовы (каля 600) не суадносіцца са словамі пэўных граматычна-семантычных класаў. Гэта, як правіла, фраземы, якія маюць адкрытую структуру сказа і патрабуюць інфарматыўнай падтрымкі з боку залежных слоў: шкура гарыць, каша заварылася, галава варыць, рукі свярбяць, мядзведзь на вуха наступіў, песенька спета, чорна ў роце, хаця святых вынось, нос не дарос і інш.

3. Тыпы фразеалагізмаў паводле адпаведнасці сінтаксічным адзінкам (адпаведныя словазлучэнню, сказу, спалучэнню).

І. Большасць фразем узнікла на аснове адзінак іншых моўных узроўняў – словазлучэння, сказа, слова. Адпаведна з гэтым вылучаюцца тры спосабы утварэння фразем:

    сінтаксічны (асноўны): утварэнне фразем на базе сінтаксічных адзінак (свабодных словазлучэнняў і састаўных тэрмінаў) у выніку іх пераасэнсавання: натапырыць вушы, убірацца ў пер’е, рабіць з мухі слана, костачкі перамываць, высокай пробы, даваць гарбуз, перад носам, абсалютны нуль, цяжкая артылерыя і інш.;

    эліптычны: утварэнне фразем у выніку скарачэння прыказак: адрэзаная луста, дабры бабры, за саломінку ўхапіцца, злавіць двух зайцаў, садзіцца не ў свае сані (адпаведна з прыказак: адрэзанае лусты не прылепіш; усе бабры дабры, адна выдра ліхая; хто топіцца, за саломінку ўхопіцца; за двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш; не ў свае сані не садзіся); такіх фразем у беларускай мове, па падліках І.Я. Лепешава, каля сотні;

    лексічны: утварэнне фразем на базе асобнага слова, у выніку “разгортвання слова ў фразеалагізм” (В.М. Макіенка): адкрытым тэкстам, плесці кашалі, гарэць сінім полымем, браць верх, гарачая галава і інш.

Вылучаюць таксама ўнутрыфразеалагічны спосаб – утварэнне фразем на базе існуючых фразеалагічных адзінак: цягнуць гізунты, і жук і жаба, асіна плача, агульная мова, на валаску і інш.

5. Сінтаксічная функцыя фразем

Вылучаюць тры структурна-граматычныя разнавіднасці фразем:

    фраземы-словазлучэнні;

    фраземы-сказы;

    фраземы-спалучэнні.

Усе разнавіднасці ўключаюць некалькі структурных тыпаў, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на шэраг мадэляў. За ўсякай фраземай замацавана свая структура, такая ж устойлівая, як і семантыка.

І. Фраземы са структурай словазлучэння – самая шматлікая структурна-граматычная разнавіднасць фразем (60% ад агульнай колькасці). Устойлівыя выразы гэтай групы ўтварыліся па структурных схемах усіх шасці тыпаў словазлучэння, вядомых у сінтаксісе беларускай мовы: віць гняздо, браць да галавы, трымаць вуха востра, трымаць камень за пазухай, цёплае месца, пад гарачую руку, без крывінкі ў твары, тугі на вуха, на сваіх дваіх, сам па сабе, дагары нагамі, як маслам па душы і інш.

Адны з гэтых тыпаў і мадэляў надзвычай прадуктыўныя, другія – менш пашыраныя, трэція – сустракаюцца рэдка.

ІІ. Фраземы-сказы структурна арганізаваныя як сказы розных тыпаў:

    фраземы са структурай двухсастаўнага неразвітага сказа: гром грымнуў, рукі не даходзяць, свет не мілы і інш.

    фраземы са структурай двухсастаўнага развітага сказа: якая муха ўкусіла, душа мохам абрасла, зямля гарыць пад нагамі, язык у роце не месціцца і інш.;

    фраземы са структурай безаасабовага сказа: закруціла ў носе, забівае дух, кідае ў жар, пацягнула за язык, зносу няма і інш.;

    фраземы са структурай абагульнена-асабовага сказа: хлебам не кармі, вадой не разальеш, за вушы не адцягнеш і інш.;

    фраземы са структурай нерасчлянёнага сказа (сюды ўваходзяць шматлікія выклічнікавыя і мадальныя фраземы): у добры час, што і казаць, вядомая рэч і інш.;

    фраземы са структурай даданага параўнальнага сказа: як вадой змыла, як мухі на мёд, як сабак і інш.;

    фраземы са структурай даданага ўступальнага сказа: хоць разарвіся, хаця лажыся і памірай, хаця выкручвай і пад. (факультатыўным кампанентам у складзе такіх фразеалагічных адзінак часта выступае слова ты);

    фраземы са структурай даданага месца: куды вочы глядзяць, дзе бог пашле, куды крумкач касцей не заносіў і інш.;

    фраземы са структурай даданага меры і ступені: аж пяткі блішчаць, аж нос гнецца, колькі ўлезе, колькі душа пажадае і інш.;

    фраземы са структурай даданага дапаўняльнага сказа: дзе сабака закапаны, дзе дзяваць вочы, куды сябе дзець і інш.;

    фраземы, якія суадносяцца са складанымі сказамі розных відаў: пусці павалюся, еш не хачу, не ведаць на якім свеце знаходзішся і інш.

ІІІ. Структуру спалучэння слоў маюць галоўным чынам прыслоўныя фраземы: душа ў душу, ад званка да званка, у абрэз і інш.

Аналагічную структуру маюць і некаторыя іншыя фраземы:

    назоўнікавыя: і стары і малы, абяцанкі-цацанкі;

    прыметнікавыя: як без рук, адзін пад адзін;

    дзеяслоўныя: тут як тут, і дняваць і начаваць і інш.

ІV. Фраземы (за выключэннем мадальных і выклічнікавых) аб’ядноўваюцца са словамі ў структуры сказа і абавязкова выконваюць ролю якога-небудзь члена сказа. Сінтаксічная функцыя фразем дыктуецца іх семантыкай і катэгарыяльным значэннем; напр., дзеяслоўныя фраземы звычайна выступаюць у сваёй тыповай ролі дзеслоўнага выказніка: У той бібліятэцы я ўпершыню сустрэўся з “Прыгодамі Швейка”, старонкі якога вельмі адпаведна накладваліся і на нашу штодзённую салдацкую рэчаіснасць, там пачаў Рэйманавых “Мужыкоў”, знайшоўшы толькі першы том, не кончыў Прусаву “Ляльку”, бо і тут не хапіла другога тома, перачытваў па-новаму Чэхава, Мапасана, браў на зуб іншыя выпадковыя кнігі (Я. Брыль).

 

Тэма 3.3 Фразеалогія беларускай мовы паводле паходжання

План лекцыі

1. Фразеалогія беларускай мовы паводле паходжання.

2. Спрадвечна беларускія і запазычаныя фразеалагізмы.

3. Гістарычныя пласты спрадвечна беларускай фразеалогіі:

агульнаславянскія, усходнеславянскія і ўласнабеларускія

фразеалагізмы.

4. Фразеалагічныя калькі.

5. Крыніцы беларускай фразеалогіі.

6.Функцыянальна-стылявыя разрады фразем

7. Перыфраза

 

 

  1. Фразеалогія беларускай мовы паводле паходжання
  2. Спрадвечна беларускія і запазычаныя фразеалагізмы

Паводле паходжання адрозніваюць:

    спрадвечна беларускія фраземы – устойлівыя адзінкі, якія ўзніклі ў беларускай мове або перайшлі па спадчыне з агульнаславянскай мовы ці з’яўляюцца агульнымі для беларускай, рускай, украінскай моў:

3. Гістарычныя пласты спрадвечна беларускай фразеалогіі:

агульнаславянскія, усходнеславянскія і ўласнабеларускія

фразеалагізмы.

▫      агульнаславянскія: на край свету, як з вядра, сам не свой, у чатырох сценах, між двух агнёў і інш.;

▫      агульнаўсходнеславянскія: лезці на ражон, чалом біць, хаця гаць гаці, самі з вусамі, ад шчырага сэрца і інш; у гэтую групу ўваходзіць не менш як 1000 фразеалагічных адзінак;

▫      уласна беларускія (найбольш аб’ёмны пласт): гады ў рады, з жабіны прыгаршчы, рукой пайсці, як серада на пятніцу, ад зямлі не адрос і інш.

    запазычаныя фраземы (больш за 100 адзінак); фраземы запазычваюцца пераважна з роднасных моў і выкарыстоўваюцца без значнай змены ў структуры і ў кампанентным складзе: блудны сын, раб божы, насіць на руках, соль зямлі, воля ваша і інш. – з царкоўнаславянскай мовы; пайшла пісаць губерня, ні ў зуб нагой, казанская сірата, танцаваць ад печкі, шыварат-навыварат і інш. – з рускай мовы;  збіцца з панталыку, даць гарбуз, як дурань з пісанай торбай і інш. –  з украінскай мовы;

  1. Фразеалагічныя калькі.
  2.  Крыніцы беларускай фразеалогіі.

    фраземы-калькі – выразы, створаныя сродкамі ўласнай мовы ў выніку літаральнага, трафарэтнага перакладу (капіравання) адпаведных іншамоўных адзінак; пераважаюць калькі з неславянскіх моў: лебядзіная песня, пуп зямлі, праваліцца скрозь зямлю і інш. – з грэчаскай; вісець на валаску, з глыбіні душы, яблык разладу і інш. – з лацінскай; кідаць цень, сіняя птушка, праглынуць язык і інш. − з французскай; ні рыба ні мяса, пробны камень, плысці па цячэнні і інш. – з нямецкай; сыходзіць са сцэны, халодная вайна, за круглым сталом і інш. – з англійскай; блакітная кроў, пятая калона, браць быка за рогі і інш. – з іспанскай і інш.;

    паўкалькі (няпоўныя калькі) – частковыя запазычанні з іншай мовы: як зрэнку вока, перці супраць ражна, каменя на камені не пакінуць – з царкоўнаславянскай мовы; малая сошка, бітая гадзіна, пацёмкінская вёска – з рускай мовы; добры геній, адваротны бок медаля – з французскай мовы.

  1. Функцыянальна-стылявыя разрады фразем

Фраземы ўзнікаюць не столькі для намінацыі, колькі для выражэння мадальных ацэнак і адносін да выказвання. У іх сэнсавай структуры звычайна прысутнічае стылістычнае значэнне – канататыўны элемент, які афарбоўвае лексічнае значэнне фраземы, надаючы выказванню ўрачыстасць, фамільярнасць, непашану і інш.

І. Стылістычнае значэнне складаюць два ўзаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя  кампаненты:

    функцыянальна-стылявая афарбоўка (паказвае, да якога стылю адносіцца фразема);

    экспрэсіўна-ацэначная афарбоўка, кампанентамі якой з’яўляюцца:

▫      ацэначнасць – станоўчая або адмоўная характарыстыка каго- ці чаго-небудзь; параўн.: іграць першую скрыпку ‘быць галоўным у якой-небудзь справе’ і аж у роце чорна ‘злы (пра чалавека)’;

▫      эмацыянальнасць – звязана з выражэннем розных пачуццяў, суб’ектыўных адносін да асоб, з’яў, прадметаў: абы з рук ‘абы-як’; вады не замуціць ‘быць ціхім, сціплым, лагодным’;

▫      экспрэсіўнасць – інтэнсіўнасць праяўлення пэўнай прыметы, дзеяння, якасці; яна атаясамліваецца з выразнасцю: каша заварылася ‘распачалася складаная, непрыемная справа’; лынды біць ‘гультаяваць, займацца нявартымі справамі’.

Існуюць разнастайныя віды экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкі. Адны фраземы (асядлаць Пегаса, вока за вока, класці галаву і інш.) маюць павышаную афарбоўку, другія (кату па пяту, даставаць гізунты, даць пытлю і інш.) – зніжаную. Іншымі відамі стылістычнай афарбоўкі з’яўляюцца адабрэнне, неадабрэнне, жартаўлівасць, іранічнасць і інш.

ІІ. З улікам сферы ўжывання і эмацыянальна-экспрэсіўных асаблівасцей фраземы падзяляюцца на дзве групы:

    функцыянальна замацаваныя за пэўнымі стылямі:

▫      кніжныя фраземы маюць адценне афіцыйнасці, урачыстасці, узнёсласці, паэтычнасці і ўжываюцца ў пісьмовай, кніжнай мове (усе кніжныя фраземы страцілі сваю ўнутраную форму і ўспрымаюцца як нематываваныя адзінкі): залаты фонд, пятая калона, кануць у лету, біць крыніцай, святая святых, аддаваць належнае і г. д.;

▫      размоўныя (гутарковыя) фраземы маюць зніжаную экспрэсіўна-стылістычную афарбоўку (адценне непашаны, асуджэння, іроніі, фамільярнасці і інш.) і выкарыстоўваюцца пераважна ў вуснай мове, а таксама ў мове мастацкіх твораў: малако на губах не абсохла, блёкату аб’еўся, да сёмага поту, толькі пяткі блішчаць, збоку прыпёку, матаць на вус і інш.;

▫      прастамоўныя фраземы належаць да найбольш зніжанай часткі фразеалагічнага фонду; яны ўжываюцца ў вусным маўленні, у мастацкай літаратуры (пераважна ў мове персанажаў): хвастом віляць, лыткі трасуцца, хвастом накрыцца, галаву задурыць, кроў з носа і інш.;

    функцыянальна не замацаваныя; іх колькасць актыўна папаўняецца за кошт кніжных і размоўных фразем; многія кніжныя паводле паходжання фраземы страцілі кніжны каларыт і пачалі шырока ўжывацца ў гутарковым маўленні: лебядзіная песня, пець дыфірамбы, белая пляма і інш.

ІІІ. Адрозніваюць два тыпы стылістычных функцый фразем:

    узуальныя – агульныя, сталыя функцыі, якія рэалізуюцца ў любым кантэксце; яны дыктуюцца ўласцівасцямі саміх фразем;

    аказіянальныя – прыватныя стылістычныя функцыі, якія могуць рэалізавацца толькі ў спецыяльна арганізаваным кантэксце (гл. схему 5).

7. Перыфраза

Часта замест слова, якое называе прадмет, прымету, дзеянне, ужываюць перыфразу (ад грэч. paraphrasis ‘апісальны зварот’) – семантычна непадзельную апісальную назву, якая ствараецца непасрэдна ў маўленчай плыні, у канкрэтным мастацкім тэксце, у пэўнай сітуацыі і з’яўляецца адзінкай маўлення; напр., замест слова вада  беларускія паэты ўжываюць наступныя перыфрастычныя выразы: сок крынічны, студні звычайны скарб, срэбра чыстае, белая кроў: Цяпер бы паблукаць за лосем, што прагна сок крынічны п’е (П. Панчанка); Нічога тут так не шануецца, як студні звычайны скарб (А. Астрэйка); Ён срэбра чыстае з ракі не браў сабе біклажнае (М. Калачынскі); Хай раскажа магутны Дняпро… хто цяплом сваіх рук распаліў яго белую кроў (А. Звонак).

Па фармальна-семантычных характарыстыках перыфрастычныя выразы набліжаюцца да фразем, аднак у межы фразеалогіі не ўваходзяць.

Перыфраза можа адарвацца ад першапачатковага кантэксту, страціць аўтарства і пры частым ужыванні ператварыцца ў традыцыйную. Такія перыфразы займаюць прамежкавае становішча паміж індывідуальна-аўтарскімі выразамі (адзінкамі маўлення) і фраземамі (адзінкамі мовы): цар звяроў, пан сахі і касы, вадкае паліва і інш.

Перыфраза ўзнікае ў працэсе моўных зносін і характарызуецца паасобнасцю афармлення – мае структуру свабоднага словазлучэння, зрэдку – сказа. Яна адначасова называе і характарызуе з’явы жыцця.

Важную ролю ў раскрыцці значэння перыфразы адыгрывае кантэкст, пад якім разумеецца не толькі слоўнае акружэнне, але і жыццёвая сітуацыя, якая дае “ключ” для разумення перыфразы.

У мове сучаснай беларускай літаратуры перыфраза – актыўны стылістычны сродак. Перыфразы часцей ужываюць тыя пісьменнікі, стыль якіх вызначаецца высокай эмацыянальнасцю, паэтычнасцю.

 

4 Лексікаграфія

Тэма 4.1 Лексікаграфія як раздзел мовазнаўства. Тыпы слоўнікаў

План лекцыі 1

1. Лексікаграфія як раздзел мовазнаўства.

2. Энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі (даведнікі).

3. З гісторыі беларускай лексікаграфіі.

4. Будова слоўнікавага артыкула.Тыпы дэфініцый

5. Сістэма граматычных і стылістычных памет.

6. Тыпы лінгвістычных слоўнікаў

 

 

 

1. Лексікаграфія як раздзел мовазнаўства

І. Лексікаграфія (ад грэч. lexikós ‘слоўнікавы’ і grápho ‘пішу’) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. Адрозніваюць тэарэтычную і практычную лексікаграфію.

Тэарэтычная лексікаграфія распрацоўвае фундаментальныя асновы, навуковыя палажэнні, на якія абапіраюцца лексікографы ў практычнай працы па стварэнні слоўнікаў; сфера яе інтарэсаў:

 тэорыя слоўнікаў, іх тыпалогія;

 агульная структура слоўніка, або макраструктура (тып і аб’ём слоўніка, адбор лексікі, размяшчэнне матэрыялу);

 мікраструктура слоўніка (пабудова слоўнікавага артыкула, тыпы дэфініцыі, уключэнне розных відаў інфармацыі пра слова, сістэма памет, тыпы моўных ілюстрацый і інш.). 

Тэарэтычную лексікаграфію складана аддзяліць ад лексікалогіі: абедзве дысцыпліны з рознымі мэтамі распрацоўваюць блізкія праблемы – лексічнае значэнне слова, мона- і полісемія, сінанімія, антанімія, аманімія і інш.

Практычная лексікаграфія займаецца назапашваннем моўнага матэрыялу і стварэннем слоўнікаў; яна вырашае наступныя праблемы:

 збіранне, апрацоўка, сістэматызацыя і захаванне слоўнікавых матэрыялаў;

 аптымізацыя працэсу навучання роднай і няродным мовам;

 рэгуляванне міжмоўных зносін і інш.

Сучасная лексікаграфія абапіраецца на дасягненні ўсёй сукупнасці лінгвістычных дысцыплін (лексiкалогii, фразеалогii, арфаграфii, арфаэпii, марфалогii, сiнтаксiсу, стылістыкі, дыялекталогіі і інш.). Асноўная задача лексікаграфіі: апісанне слоўнікавага складу мовы ва ўсім аб’ёме і ва ўсіх аспектах яе існавання.

Лексікаграфія з’яўляецца самастойнай галіной лінгвістычных ведаў і характарызуецца наяўнасцю асаблівых тэхналогій, метадаў, методык апрацоўкі моўнага матэрыялу, г. зн. валодае ўласнай метадалогіяй.

Метадалогія лексікаграфіі – агульная праграма лексікаграфічнай працы, вучэнне пра методыкі, метады і тэхналогіі сістэмнай параметрызацыі мовы.

Лексікаграфічная методыка – працэдура выкарыстання тых або іншых метадаў і прыёмаў на ўсіх этапах лексікаграфавання, якая залежыць ад асобы спецыяліста-лексікографа, задач, пастаўленых навуковай арганізацыяй, сацыяльнага заказу і інш.

Метад лексікаграфіі – сукупнасць лексікаграфічных тэхналогій і аперацый, якая дазваляе сабраць, захаваць, упарадкаваць моўныя дадзеныя і прадставіць іх у выглядзе слоўніка.

Тэхналогія лексікаграфіі – сукупнасць канкрэтных прыёмаў лексікаграфічнай апрацоўкі мовы.

ІІ. Падраздзелы лексікаграфіі:

1. Вучэнне пра спосабы назапашвання моўных адзінак (стварэнне праграм для збірання лексікі, апытальнікаў і інш.).

2. Сістэмная параметрызацыя мовы (укладанне слоўнікаў).

3. Метатэорыя лексікаграфіі (вывучэнне і даследаванне гісторыі стварэння слоўнікаў, іх тыпалогіі, структуры, тыпаў карыстальнікаў і інш.).

ІІІ. Тэарэтычная лексікаграфія сфарміравалася як самастойная дысцыпліна ў ХХ ст. і абапіраецца на шматвекавы вопыт стварэння слоўнікаў.

Тэорыя лексікаграфіі сфарміравалася і атрымала развіццё ў працах замежных лінгвістаў Х. Касараса (Іспанія), Г.Э. Віганда (Германія), Р.Р.К. Хартмана (Вялікабрытанія), Л.У. Шчэрбы, П.Н. Дзянісава, В.В. Маркоўкіна, Ю.М. Каравулава, Ю.Д. Апрэсяна (Расія) і інш. У беларускім мовазнаўстве вывучэннем гісторыі і тэорыі лексікаграфіі займаліся  М.Ф. Гуліцкі, А.І. Кісялеўскі, К.П. Любецкая, Л.В. Рычкова, І.І. Савіцкая, М.Р. Суднік, С.У. Шахоўская, В.К. Шчэрбін і інш.

 Слоўнік як асноўная адзінка лексікаграфіі

 Функцыі слоўнікаў:

 нарматыўная – вызначаюць нормы выкарыстання моўных адзінак, іх граматычных формаў, садзейнічаюць уніфікацыі мовы як сродку зносін;

 даведачная – дазваляюць у сціслай форме апісаць лексіку пэўнай сферы, перыяду развіцця моўнай сістэмы або мовы ўвогуле;

 пазнавальная – адлюстроўваюць інфармацыю пра моўныя адзінкі і рэаліі, якія яны называюць, а таксама сістэмныя адносін паміж імі;

 камунікатыўная – садзейнічаюць міжмоўным зносінам;

 сістэматызацыйная – структурызавана прадстаўляюць сувязі (ідэаграфічныя, парадыгматычныя) паміж моўнымі адзінкамі;

 вучэбная –  дапамагаюць у навучанні роднай або замежным мовам і інш.

У слоўнiках не толькi фiксуецца, сiстэматызуецца i апiсваецца лексiка мовы, але i замацоўваюцца лiтаратурныя нормы, што спрыяе павышэнню пiсьменнасцi i культуры маўлення.

2. Энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі (даведнікі).

 Адрозніваюць энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі (гл. табліцу 106):

 у энцыклапедычных слоўніках аб’ектам апісання з’яўляюцца прадметы і з’явы пазамоўнай рэчаіснасці, паняцці навукі, тэхнікі, культуры;

 у лінгвістычных слоўніках найперш апісваюцца словы, якімі названы аб’екты, з’явы, прадметы (тлумачыцца значэнне, паходжанне, утварэнне, структура, асаблівасці выкарыстання слоў, фіксуецца правільнае напісанне, вымаўленне, прапануецца пераклад слоў на іншую мову).

Табліца 106

№ Лінгвістычны слоўнік      Энцыклапедычны слоўнік

1 Апісваюцца адзінкі мовы. Апісваюцца прадметы і з’явы навакольнага свету.

2 Уключаюцца займеннікі, прыназоўнікі, злучнікі, выклічнікі. Уключаюцца назоўнікі, радзей – прыметнікі, дзеясловы, лічэбнікі, прыслоўі.

3 Асноўная ўвага надаецца агульнай лексіцы.        Значная ўвага надаецца тлумачэнню фактаў, рэалій, названых уласнымі імёнамі.

4 Важную ролю адыгрывае граматычная, фаналагічная, этымалагічная і інш. інфармацыя.       Граматычная, фаналагічная, этымалагічная інфармацыя адсутнічае.

5 Падаецца лексічнае значэнне слова.   Характарызуецца навуковае паняцце, яго класіфікацыйныя прыметы.

6 Адсылкі з’яўляюцца спосабам тлумачэння слоў: амбасада – тое, што і пасольства.         Адсылкі паказваюць узаемасувязь і ўзаемазалежнасць паняццяў: ратуша гл. магдэбургскае права.

7 Схемы і малюнкі сустракаюцца толькі ў асобных тыпах слоўнікаў. Графічная інфармацыя (схемы, малюнкі, графікі, партрэты, карты, рэпрадукцыі) прадстаўлена шырока.

Ва ўніверсальных энцыклапедычных слоўніках даецца тлумачэнне паняццяў і тэрмінаў розных навук і сфер ведаў, прыводзяцца звесткі пра найбольш важныя гістарычныя падзеі пэўных эпох, геаграфічныя рэаліі розных краін і г. д.: “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (у 12 т.; Мн., 1969 – 1975), “Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя” (у 5 т.; Мн., 1978 – 1981), “Беларуская энцыклапедыя” (у 18 т.; Мн., 1996 – 2004) і інш.

У галіновых энцыклапедычных слоўніках падаюцца звесткі пра паняцці, з’явы, персаналіі, звязаныя з адной канкрэтнай навукай, яе раздзелам або тэмай: “Этнаграфія Беларусі” (Мн., 1989), “Беларуская мова: энцыклапедыя” (Мн., 1994), “Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік” (Мн., 1993), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (у 6 т.; Мн., 1993 – 2003), “Тэатральная Беларусь” (у 2 т.; Мн., 2002 – 2003), “Культуралогія: энцыклапедычны даведнік” (Мн., 2003), “Гарады і вёскі Беларусі” (апублікавана 9 т.; Мн., 2004 – 2015), “Беларускі фальклор” (у 2 т.; Мн., 2005 – 2006), “Вялікае Княства Літоўскае” (у 3 т.; Мн., 2005 – 2010), “Блакітны скарб Беларусі” (Мн., 2007), “Ваенная энцыклапедыя Беларусі” (Мн., 2010), “Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік” (Мн., 2011) і інш.

Своеасаблівымі тыпамі энцыклапедый з’яўляюцца: а) біяграфічныя энцыклапедычныя слоўнікі, аб’ект апісання якіх − жыццё і дзейнасць вучоных, палітыкаў, людзей мастацтва і інш.: “Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік” (у 6 т.; Мн., 1992 – 1995), “Асветнікі зямлі беларускай: Х – пачатак ХХ ст.: энцыклапедычны даведнік” (2-е выд; Мн., 2006), “Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары Слова о полку Игореве” М.Г. Булахава (Мн., 2012) і інш.; б) персанальныя энцыклапедычныя слоўнікі, прысвечаныя адной славутай асобе: “Янка Купала: энцыклапедычны даведнік” (Мн., 1986), “Францыск Скарына і яго час: энцыклапедычны даведнік” (Мн., 1988), “Максім Багдановіч: энцыклапедыя” (Мн., 2011) і інш.

3. З гісторыі беларускай лексікаграфіі

І. XIІІ ст. – XVIII ст.

Характэрныя асаблівасці:

▫ лексікаграфія як асобная галіна навукі адсутнічае;

▫ асноўная роля ў стварэнні слоўнікаў належыць канкрэтным асобам;

▫ мова прадстаўляецца не сістэмна – адлюстроўваюцца толькі пэўныя факты (напр., незразумелыя словы);

▫ лексікаграфічнае апісанне закранае некаторыя аспекты функцыянавання моўных адзінак (напр., паходжанне слова і значэнне);

▫ фіксуюцца канкрэтныя моўныя формы, сувязі паміж рознымі формамі моўнай адзінкі не з’яўляюцца вызначальнымі;

▫ пры характарыстыцы моўнай адзінкі ўлічваецца яе роля толькі ў пэўным тэксце.

Раннія слоўнікі ўсходніх славян былі ў асноўным падборкамі іншамоўных і ўстарэлых слоў. Першы такі спіс (з вядомых нам) змяшчаецца ў Наўгародскай кормчай кнізе 1282 г., напісанай для архіепіскапа Клімента. У ім тлумачацца пераважна грэчаскія і старажытнаяўрэйскія словы (174 адзінкі), якія сустракаюцца ў Святым Пісанні.

Узнікненне лексікаграфіі на беларускіх землях было падрыхтавана працяглым працэсам развіцця пісьменнасці і пашырэння кніжнай справы. У гэты перыяд былі выпрацаваны асобныя элементы будучых слоўнікаў беларускай мовы. Першы вопыт лексікаграфавання – стварэнне глос.

Глосы – пераклады і апісальныя тлумачэнні незразумелых царкоўнаславянскіх, візантыйскіх, грэчаскіх і інш. слоў з дапамогай лексічных, граматычных, словаўтваральных сродкаў агульнаўсходнеславянскай мовы.

Асноўныя віды глос:

– эквівалентныя: кивотъ – скриня, левиафана – кит, тимпан – бубен, торъ – мовца, троскотъ – былие;

– тлумачальныя: птица – врабъ (з класа птушак вылучаецца прадстаўнік атрада вераб’іных, канкрэтызуецца агульнае паняцце “птушка”), гора – оливетская (пэўная гара, на якой растуць аліўкавыя дрэвы), рамнум – осот (рамнум – від асоту);

– этымалагічныя: катихисіс слово естъ греческого языка, сказует же ся на словенскую рhчь оглашеніе или гласомъ ученіе;

– адсылачныя: гледи о тыхъ словахъ вышей.

Глосы маглі размяшчацца на палях рукапісаў (маргінальныя) або паміж радкамі (інтэрлінеарныя).

Сістэма гласіравання выкарыстоўваецца ў кнігах Ф. Скарыны, “Евангеллі” В. Цяпінскага, “Катэхізісе” С. Буднага, а таксама ў іншых помніках старабеларускай пісьменнасці.

Працяглая практыка гласіравання спрыяла выпрацоўцы прыёмаў тэкставай семантызацыі (тлумачэння) лексікі пісьмовых помнікаў. З цягам часу сфарміравалася гласаграфія: глосы пачалі змяшчаць у асобныя слоўнікі (гласарыі) і падаваць у канцы кнігі.

Пазней лексіка і фразеалогія старабеларускай мовы апісваліся шляхам складання перакладных і аднамоўных слоўнікаў. Узніклі так званыя азбукоўнікі – першыя ўласна лексікаграфічныя працы, якія складаліся з азбукі са складамі і пропісямі, сціслых граматычных, гістарычных і рэлігійна-павучальных звестак.

Азбукоўнікі прызначаліся галоўным чынам для тлумачэння незразумелай лексікі ў тэкстах Святога Пісання і навучання грамаце. Словы падаваліся па алфавіце, указвалася іх паходжанне, пераклад і тлумачэнне. Многія слоўнікавыя артыкулы ўтрымлівалі інфармацыю па гісторыі, прыродазнаўстве, касмаграфіі. У азбукоўніках сумяшчаліся задачы будучых тлумачальных, арфаграфічных, этымалагічных, энцыклапедычных слоўнікаў, а таксама слоўнікаў іншамоўнай лексікі.

Найбольш важнымі лексікаграфічнымі працамі гэтага перыяду сталі наступныя:

“Лексисъ съ толкованіемъ словенских мовъ просто” (Вільня, 1586; 908 сл. арт.) – адна з першых спроб стварэння тлумачальна-перакладнога слоўніка. Ён павінен быў спрасціць перапісчыкам карыстанне “свяшчэннымі кнігамі”. У слоўніку спалучаны алфавітнае і гнездавое размяшчэнне слоў. У рэестр увайшлі царкоўнаславянскія, агульнаўсходнеславянскія словы, запазычанні з грэчаскай, лацінскай і інш. моў, якія апісваліся з дапамогай старабеларускай мовы.

“Лексис сиречъ реченїя въкратъце събранны и из словенскаго языка на просты русскій діялектъ истолкованы Л.Z.” Лаўрэнція Зізанія (Вільня, 1596; 1061 сл. арт.) – першы друкаваны старабеларускі слоўнік, у якім царкоўнаславянскія словы тлумачацца сродкамі “простай мовы” (падборам аднаго ці некалькіх беларускіх адпаведнікаў або шляхам апісання). Рэестр “Лексиса” арганізаваны па дыферэнцыйным прынцыпе: падаюцца толькі тыя словы, якія па форме або значэнні адрозніваюцца ад усходнеславянскіх. У некаторых слоўнікавых артыкулах пасля тлумачэння слова прыводзяцца царкоўнаславянскія кантэксты і фразеалагічныя спалучэнні з загаловачным словам. Лаўрэнцій Зізаній першым з усходніх славян выкарыстаў большасць вядомых сёння прыёмаў укладання слоўніка.

“Лексіконъ славеноросскїй и именъ тлъкованїе” Памвы Бярынды (Кіеў, 1627; 2-е выд. Куцейна, 1653; 6982 сл. арт.) – адзін з найбольш аб’ёмных старабеларускіх слоўнікаў. Крыніцай інфармацыі для яго паслужылі даступныя лексікаграфічныя выданні (напр., “Лексіс” Л. Зізанія), кнігі Максіма Грэка, візантыйскага аўтара  XV – XVI ст. Мануіла Рытара, глосы з выданняў Ф. Скарыны, усходнеславянскія азбукоўнікі і інш. “Лексіконъ” сумяшчае рысы тлумачальнага, энцыклапедычнага і этымалагічнага слоўнікаў. У ім дзве часткі (царкоўнаславянская і ўкраінска-беларуская), перакладны слоўнік іншамоўных слоў, агульных назваў і ўласных імён, што сустракаліся ў тагачаснай літаратуры. Рэестравыя словы перакладаюцца адным або двума адпаведнікамі, пасля загаловачнага слова часам падаецца тлумачэнне (нярэдка – энцыклапедычнага характару): красота – оздоба; лествица – драбина; агница – овечка, овца; лето – время, рокъ, год, годище.  Упершыню ўведзены граматычныя, семантычныя і акцэнталагічныя паметы.

“Сіноніма славенаросская” – тлумачальна-перакладны слоўнік XVII ст. (каля 5 тыс. сл. арт.). У рэестравай частцы пераважае старабеларуская лексіка, адрозная ад старарускай па значэнні, асаблівасцях словаўтварэння, граматычных або фанетычных характарыстыках: безъ заганы – непорочный; вага – мерило, превесъ, весъ; веселля – бракъ; волоки – поля, ланы, резны, лазы; гукъ – звукъ, кличъ, плищ, вопль, молва; жебракъ – нищий; журба – печаль, скорбь. Загаловачныя словы падаюцца ў алфавітным парадку, сустракаюцца выпадкі алфавітна-гнездавога размяшчэння. Слоўнік засведчыў, што старабеларуская мова ў XVI – XVII ст. была сфарміраванай сістэмай са сваімі спецыфічнымі асаблівасцямі ў галіне фаналогіі, лексікі, граматыкі.

Іншыя слоўнікі гэтага перыяду: “Лексікон” Сымона Буднага (паміж 1560 – 1593 гг.), рукапісны слоўнік, змешчаны ў “Ізмарагдзе” Івана Праскуры (1593), “Лексеконъ вкротцh албо рhчникъ выбоных речей к словенщизнh закритыхъ” (1660), рукапісны беларуска-лацінска-польскі слоўнік, які стаў крыніцай для маскоўскага “Лексикона треязычного…” Ф.П. Палікарпава-Арлова (1704), польска-лацінска-грэчаскі слоўнік Г. Кнапскага (1621), шматмоўныя “Номенкляторы (лексиконы)” І.Ф. Капіеўскага (1700), “Лексікон’” невядомага аўтара (1722) і інш.

З канца XVII ст. развіццё айчыннай лексікаграфіі фактычна спынілася ў выніку інтэнсіўнай паланізацыі беларускіх зямель і далейшай іх русіфікацыі.

ІІ. XIX ст. – пач. ХХ ст.

Характэрныя асаблівасці:

 беларуская лексікаграфія развіваецца ў межах расійскай лексікаграфічнай традыцыі;

 асноўная роля ў стварэнні слоўнікаў належыць канкрэтным асобам;

 мова апісваецца несістэмна: адлюстроўваюцца толькі пэўныя факты;

 лексікаграфічнае апісанне закранае асобныя аспекты функцыянавання моўных адзінак;

 фіксуюцца канкрэтныя моўныя формы, сувязі паміж рознымі формамі моўнай адзінкі не з’яўляюцца вызначальнымі;

 пры апісанні моўных адзінак улічваецца толькі іх роля ў пэўным тэксце.

Беларуская лексікаграфія ў гэты перыяд развіваецца ва ўмовах адсутнасці нацыянальнай дзяржаўнасці. Моўны матэрыял нярэдка сістэматызуецца ў межах апісання лексікі рускай мовы, а лексікаграфічныя працы, якія змяшчаюць беларускую лексіку, разглядаюцца як слоўнікі народнай “гаворкі”.

У адпаведнасці з акадэмічным статутам 1841 г. разам з іншымі працамі планавалася ўкласці “Словарь областных слов”. Для збору дыялектнай лексікі была распрацавана кароткая інструкцыя, якая прадугледжвала: а) поўнае напісанне слоў з пазначэннем націску; б) дакладнае тлумачэнне семантыкі; в) уключэнне ілюстрацый. Сабраныя матэрыялы планавалася падрыхтаваць да выдання ў выглядзе зводнага слоўніка. Аднак аб’яднаць лексіку розных моў у межах адной канцэпцыі аказалася немагчымым. На дыялектнай аснове былі створаны “Опыт областного великорусского словаря” (1852) і “Дополнение к опыту областного великорусского словаря” (1858). Беларускія і ўкраінскія матэрыялы засталіся пераважна ў рукапісах.

Беларуская лексіка і фразеалогія гэтага перыяду адлюстравана ў рукапісах і публікацыях К.Ф. Калайдовіча (1822), А.Ф. Рыпіньскага (1840), Ф.С. Шымкевіча (1842), П.М. Шпілеўскага (1846, 1852, 1853), Я. Чачота (1846), Я.П. Тышкевіча (1847), Г. Кладніцкага (1850), К. Мальчэўскага (1850), Ф.Ф. Галатузава (1852), П.П. Дуброўскага (1852), І.І. Насовіча (1852, 1854, 1867, 1869), М. Анімеле (1853), С.П. Мікуцкага (1853, 1854, 1855), А.-Г. Кіркора (1857, 1858), І. Трусевіча (1865), М. Каміньскага (1866), Р.Б. Валовіча (1867), А.І. Сабалеўскага (1876), С.І. Сакалова (1854), А.І. Вярыгі-Дароўскага (1867), П.В. Шэйна (1873, 1893), В.А. Каратыньскага (1876), Ф. Сцяпуры (1880, 1881), У. Дубоўскага (1881), Е.Р. Раманава (1885 – 1886), А.А. Антонава (1888), П.У. Уладзімірава (1888), М.Я. Нікіфароўскага (1895, 1897, 1898) і іншых беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх даследчыкаў.

У ХІХ ст. перад беларускай лексікаграфіяй стаялі дзве асноўныя задачы: а) правесці слоўнікавае апісанне жывой народнай мовы; б) стварыць слоўнік старабеларускай мовы. Для іх вырашэння неабходна было падрыхтаваць планы ўкладання розных слоўнікаў, распрацаваць тыпы слоўнікавых артыкулаў, сфарміраваць прыёмы лексікаграфічнай апрацоўкі слова.

“Собрание слов литовско-русского (белорусского) наречия” Ф.С. Шымкевіча (рукапіс, 1838; 2259 сл. арт.)  – адзін з першых аб’ёмных збораў беларускай лексікі ХІХ ст. Ён з’яўляецца дапаможным матэрыялам для складання параўнальнага слоўніка. Беларускія лексічныя адзінкі тлумачацца або перакладаюцца на рускую мову адным ці некалькімі сінонімамі: вакенник – стекольщик; жарнасек – каменщик, делающий жернова; хлында – бродяга, бесприютный.

  “Словарь белорусского наречия” П.М. Шпілеўскага – першая значная самастойная лексікаграфічная праца ХІХ ст. (рукапіс, 1845; каля 1,5 тыс. сл. арт.). У слоўнік уключаны ўласна беларускія словы, якія адрозніваюцца ад рускіх і польскіх. Паслядоўна перадаецца цвёрдасць р, ж, ч, ш, цеканне, падаўжэнне зычных, аканне. Рэестравыя словы тлумачацца або перакладаюцца на рускую мову: бо́хан – большой ломоть хлеба; на́метка – головной женский убор (у простого народа); паве́тра – холера, моровая язва; пачека́нка – временение, ожидание; ро́ндель – кастрюля; саладу́ха – бурда, сладкая похлебка; свита – верхняя одежда белорусцев, зипун. У слоўнікавых артыкулах прыводзіцца граматычная інфармацыя: указваецца часціна мовы, канчаткі назоўнікаў Р. с. адз. л., канчаткі прыметнікаў ж. і н. р. адз. л., адзначаецца трыванне дзеясловаў, зваротная форма, формы будучага і прошлага часоў. У некаторых слоўнікавых артыкулах змешчана этнагістарычная інфармацыя.

Азеро́д, с. да, род строения из жердей. Это собственно белорусская выдумка для проветривания убранного с поля хлеба в снопах; ся нигдть невидно,  даже по соседству,  в Украине и прочих южных губерниях. Без складки в азерод белорусцы не станут класть снопов в овин. Потому-то у них хлеб хорошо умолачивается и бывает бел.

Дадаткам да слоўніка з’яўляецца беларускі мужчынскі і жаночы іменаслоў, у якім пададзены найбольш пашыраныя мясцовыя  варыянты хрысціянскіх імён.

 “Словарь западнорусского наречия” І.І. Грыгаровіча (рукапіс, 1850-я гг.; 4259 сл. арт. на літары А, Б, В). Аснова рэестра – лексіка, выбраная з помнікаў пісьменства (старажытныя назвы асоб, будынкаў, прылад працы і зброі, подацей і пошлін, царкоўных прыналежнасцей і рэлігійных абрадаў): бекет – передовая стража в казачьем войске, пикет; веселины – название дворянского герба в Литве; веревщик – измеряющий землю посредством веревки. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць зону ілюстрацый (цытаты са статутаў, актаў, летапісаў) і зону пашпартызацыі. Указваюцца канчаткі рэестравых назоўнікаў у форме Р. с. адз. л., канчаткі прыметнікаў ж. і н. р.:

Вабик, -а, с. м. Свисток для приманки птиц. Барвистый, -ая, -ое; -ст, -а, -о, прил. Имеющий яркий цвет.

Дзеясловы закончанага і незакончанага трыванняў падаюцца ў асобных слоўнікавых артыкулах, пазначаецца трыванне, канчаткі 1-й і 2-й асобы адз. л.: Вапить, ваплю, вапишь; сов. павапить…

Выкарыстоўваюцца стылістычныя паметы: указваецца галіна дзейнасці, да якой адносіцца слова, час і сфера яго выкарыстання і інш. У сувязі са смерцю аўтара (1852 г.) слоўнік застаўся незавершаным.

Слоўнікавая картатэка С.П. Мікуцкага (1854 – 1855; 2010 слоў) утрымлівае лексіку, якая адрозніваецца ад рускіх слоў фанетычнымі і марфалагічнымі рысамі: аблога, агурок, карагод, папар, рамонак. Да назваў раслін, жывёл, птушак падабраны лацінскія адпаведнікі. Словы суправаджаюцца граматычнымі паметамі: падаюцца канчаткі назоўнікаў Р. с. адз. л., абазначаецца род і лік; указваюцца канчаткі прыметнікаў ж. р. і н. р.; да дзеясловаў, прыведзеных у формах інфінітыва, падаюцца фіналі 1-й і 2-й асобы адз. л. Словы перакладаюцца на рускую мову адным або некалькімі адпаведнікамі. Для ілюстрацый выкарыстоўваюцца ўрыўкі песень, прыказкі, прымаўкі, загадкі і інш.

Кра́ма, ы, с. ж. Лавка. Немашь той крамы, што б продавались родныя мамы.

Скрипли́вый, ая, ое; в, ва, во, пр. Скрипучий. Мое ворота не скрипливыя, мое собаки не брахливыя.

Найбольш значным дасягненнем беларускай лексікаграфіі ХІХ ст. стаў  “Словарь белорусского наречия” І.І. Насовіча (С.-Пб., 1870; каля 30 тыс. сл. арт.). Аўтар планаваў стварыць лексікаграфічнае выданне, якое б уключала ўсе словы беларускай мовы, адрозныя ад рускіх. Праца над слоўнікам заняла 16 гадоў, першыя пяць аркушаў адрэдагаваў акад. І.І. Сразеўскі, астатнія  акад. А.Ф. Бычкоў. У слоўніку сабрана лексіка беларускіх гаворак Магілёўскай губерні, у меншай ступені –  Віленскай, Гродзенскай і Мінскай. У якасці фактычнага матэрыялу для слоўніка выкарыстана жывое маўленне мясцовых жыхароў, старабеларускія пісьмовыя помнікі, акты, граматы, перыядычны друк, часткова – лексікаграфічныя працы па рускай мове. Важнымі пісьмовымі крыніцамі матэрыялу сталі: а) “Алфавитный указатель старинных слов, извлеченных из Актов, относящихся к истории Западной России ХIV – XVIII вв.” І.І. Насовіча (рукапіс); б) яго ж “Собрание белорусских слов по алфавиту” (рукапіс); в) слоўнікі-дадаткі да фальклорных зборнікаў, а таксама працы І.І. Грыгаровіча і С.П. Мікуцкага.

Слоўнік планаваўся як нарматыўнае выданне. У рэестравых словах адзначаны доўгія і кароткія склады, уведзены спецыяльныя знакі скарачэння, націску і інш.

Словы размешчаны групамі (словаўтваральнымі гнёздамі) па алфавіце. Іменныя часціны мовы падаюцца ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку, прыметнікі – пераважна ў форме мужчынскага роду, дзеясловы – у форме інфінітыва. Марфалагічныя і фанетычныя варыянты  слоў уключаны ў рэестр і аформлены асобнымі слоўнікавымі артыкуламі з адсылкай да асноўнага слоўнікавага артыкула.

Жи́жа, и,  с. ж. (Лит. zize – огонь, Слав. жизати) детск. 1) Огонь. Жижа кусь, не рушъ. 2) Человекъ пламеннаго характера, вспыльчивый. Ой ты жижа, все огнемъ смалишъ!..

Кĕлза́ць, сов. закелза́ць, гл. д. 1) Взнуздывать, мундштучить. Кореннаго келзай, закĕлзай коня, а ворчаковаго не треба кĕлзать. 2) перен. Ограничивать чью либо волю, закабаливать. Хочешъ не хочешъ, а кĕлзаюць въ работники. Не люблю гетой девки, да бацьки келзаюць.

І.І. Насовіч распрацаваў дасканалую сістэму граматычных і стылістычных памет (гл. табліцу 108).

Табліца 108

Граматычныя паметы         Стылістычныя паметы

часціна мовы, да якой адносіцца слова (с. – назоўнік, гл. – дзеяслоў, нар. – прыслоўе і г. д.)

род назоўнікаў (м. – мужчынскі, ж. – жаночы, ср. – ніякі);

стан дзеяслова (д. – незалежны, стр. – залежны стан)     ласк. (ласкальнае) бабу́лька, бра́цичекъ, ма́мочка

бранное ці ругат. (сварлівае) – словы агу́ндеръ (сабачы сын), баби́ла (марудлівы чалавек), костолы́га (плут) 

Да фразем падаюцца тлумачэнні, граматычная і стылістычная характарыстыка. Напрыклад, пры назоўнікавых выразах ёсць граматычная памета “с.” (рус. существительное), прыведзены канчаткі ў Р. с.

Апісанне некаторых фразеалагічных адзінак дапаўняецца этымалагічнымі звесткамі.

Пасля з’яўлення водгукаў на слоўнік І.І. Насовіч доўгі час яго дапрацоўваў і збіраў матэрыялы для папаўнення рэестра. Яны былі апублікаваны пад назвай “Дополнение к белорусскому словарю И.И. Носовича. Слова, извлечённые из составленного им рукописного собрания Белорусских песен и сказок” у “Сборнике Отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук” (1881). Дадатак складаецца з 22 старонак, уключае 420 слоўнікавых артыкулаў, складзеных па ўзоры “Словаря белорусского наречия”. Да рэестравых слоў падаюцца тлумачэнні, граматычныя паметы, а таксама ілюстрацыі з твораў вуснай народнай творчасці. Размяжоўваюцца мнагазначныя словы, пазначаюцца пераносныя значэнні.

З 1870-х гг. да канца ХІХ ст. Я. Ціхінскі збіраў матэрыялы для вялікага беларуска-польска-рускага слоўніка (рукапіс налічваў больш за 150 тыс. сл. арт.). У час Другой сусветнай вайны матэрыялы слоўніка часткова загінулі. Зараз некалькі тысяч старонак рукапісу (каля 125 тыс. сл. арт.) захоўваюцца ў Літве. У рукапісе беларускія рэестравыя словы перадаюцца літарамі лацінскага  алфавіту, у дужках прыводзіцца іх кірылічнае напісанне і адпаведнікі ў польскай і рускай мовах.

Damaǔník (дамауникъ)       domownik  домовой

Salcasón (сальцасонъ)

kаǔbasa (каубаса)

Kishkahrubajanapchanajamiasmasiakanymiuwendzanaja  salceson

Kishkagrubanadziewanamięsemiuwędzona      колбаса

Грубая кишка набитая сеченною говядиной и выкопченная

“Белорусский словарь” С.М. Мядзведскага (рукапіс, 1910; 1658 сл. арт.) складзены на падставе ўласных запісаў аўтара (зробленых, верагодна, на Талачыншчыне) і “Опыта описания Могилевской губернии” А.С. Дэмбавецкага. У рэестр, акрамя агульнай лексікі, уключаны асобныя ўласныя імёны (Аўлас, Ахрэм, Паланея, Самусь), назвы гарадоў (Амсціслаў, Вытыбск). Тлумачэнні вызначаюцца дакладнасцю і даступнасцю: апо́ўзлік 1) малое ползующее дитя; 2) ироническое название всякого человека малого ростом; ко́хлик – коклюш, детская болезнь; муро́г – луговая овсяница (Festuca elatior); па́жилка – связка, соединяющая нит с поножем (ножная педаль) в ткацком станке. Аўтар спрабуе вырашыць шматлікія праблемы прыкладной лексікаграфіі: размежаваць амонімы і мнагазначныя словы, стварыць сістэму адсылак, распрацаваць падачу граматычных варыянтаў і ажыццявіць лексікаграфічнае апісанне спецыяльнай лексікі.

“Смоленский областной словарь” У.М. Дабравольскага (Смоленск, 1914; 16560 сл. арт.) сістэматызуе лексіку беларуска-рускага памежжа (бытавая, сельскагаспадарчая, рамесніцкая, абрадавая, а таксама онімы, устойлівыя і вобразныя словазлучэнні, пашыраныя пераважна ў наваколлях Смаленска). У слоўніку адлюстраваны значэнні слоў, іх сэнсавыя адценні, размежавана аманімія і полісемія, аднак адсутнічаюць граматычныя і стылістычныя паметы. Рэестравыя адзінкі забяспечаны тлумачэннямі або рускімі і лацінскімі адпаведнікамі (для назваў жывёл, раслін, анатамічных тэрмінаў). У якасці ілюстрацый шырока выкарыстоўваюцца прыказкі, прымаўкі, урыўкі з народных песень, замовы:

Кленови́к – сок добываемый из кленового дерева весною.

Когда пьют, приговаривают:

Новая навина,

Камарова ида,

Да парогу бигва́,

Мяжвежжия сила

За́ичча ло́васть. Лучи́ница – уменьш. лучина.

Запалила пук лучиницы,

Пук лучиницы сасновыя;

Заранила ина искырку ягневую.

Краснин. у.

Да гэтага перыяду адносяцца першыя спробы стварэння гістарычных слоўнікаў з выкарыстаннем матэрыялу старабеларускай мовы.

“Словарь древняго актоваго языка Северо-Западнаго Края и Царства Польскаго” М.І. Гарбачэўскага (Вільня, 1874; каля 5 тыс. сл. арт.) уключае словы для абазначэння чыноўніцкіх званняў, пасад з пералікам іх функцый, пошлін і подацей, назвы свят і тыдняў года, старажытную метралогію, назвы адзення, пабудоў і інш.: лазни  сторожевыя хижины или будки. Такия хижины имели в королевских лесах осочники и сторожа, бортники и таможенные служители; слепет, свепет – два улья или две борти на одном дереве, соединенные вместе; тубылец  туземец, житель известной местности  indigenus.

“Справочный словарь юридических терминов дрhвняго актового языка Югозападной Россіи” І.П. Навіцкага (Кіеў, 1871; каля 600 сл. арт.) падае назвы дзяржаўных і службовых асоб, устаноў, тэрміны прававых адносін і інш. Словы забяспечаны тлумачэннямі пераважна апісальнага характару: Каптуры, каптуровые суды – суды, установлявшиеся на время междуцарствия.

Беларускія антрапонімы адлюстраваны ў тагачасных працах: “Географический словарь русской земли” М.П. Барсава (Вільня, 1865), “Географическій словарь Жомойтской земли ХVI столhтія” І.Я. Спрогіса (Вільня, 1888), “Этимологія местныхъ названій Витебской губерніи”  Ю.Ю. Трусмана (Рэвель, 1897) і інш.

ІІІ. 1920-я гг.

Характэрныя асаблівасці:

 інтэнсіўнае развіццё беларускай лексікаграфіі;

 асноўная роля ў стварэнні слоўнікаў належыць канкрэтным асобам, праца якіх каардынуецца навуковымі структурамі;

 імкненне да сістэмнага апісання з улікам функцыянавання моўных адзінак;

 фіксуюцца канкрэтныя моўныя формы, сувязі паміж імі не з’яўляюцца вызначальнымі;

 пры апісанні моўнай адзінкі звяртаецца ўвага на яе ролю ў розных тэкстах.

Утварэнне БССР (1919 г.) істотна змяніла моўную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі. Замест адной афіцыйнай мовы (рускай) у краіне быў заканадаўча зацверджаны дзяржаўны полілінгвізм. У адпаведнасці з асноўным складам насельніцтва афіцыйнымі мовамі абвяшчаліся беларуская, руская, польская і ідыш. Асаблівая ўвага надавалася развіццю беларускай мовы як сродку зносін карэннай, тытульнай нацыі. Перад лексікаграфіяй былі пастаўлены 4 асноўныя задачы:

– падрыхтаваць тэрміналагічныя слоўнікі па розных галінах навукі, тэхнікі, культуры;

– распрацаваць перакладныя слоўнікі (найперш руска-беларускія) для забеспячэння камунікатыўных патрэб грамадства;

– максімальна поўна апісаць дыялектную лексіку і фразеалогію;

– стварыць вялікі збор беларускай лексікі (на ўзор слоўніка ўкраінскай мовы Б.Д. Грынчэнкі або польскай мовы Я.-А. Карловіча).

Цэнтрам лексікаграфічнай працы стаў Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), адкрыты ў Мінску ў 1922 г.

Вынікам дзейнасці Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта ў 1922 – 1930 гг. было выданне 23 тэрміналагічных слоўнікаў па матэматыцы, літаратуразнаўстве, геаграфіі і касмаграфіі, логіцы і псіхалогіі, геалогіі, батаніцы, музыказнаўстве, лясной гаспадарцы, анатоміі, правазнаўстве, грамадазнаўстве, заалогіі, анатоміі, лінгвістыцы, глебазнаўстве, бухгалтарскай справе, хіміі, сельскай гаспадарцы, фізіцы, педагогіцы. Агульны аб’ём апублікаваных тэрміналагічных праектаў  49153 слоўнікавыя артыкулы. Структура і змест слоўнікаў адрозніваюцца ў залежнасці ад мэт і прызначэння канкрэтнага выдання:

Существительное       Назоўнік (лац. Nomen substantivum)

     ” именное

     ” счетное

     ” местоименное

     ” разносклоняемое

     ” несклоняемое           ” іменны, або іменнік

     ” лічэбны

     ” займенны

     ” рознаскланяльны (ст. тэр.)

     ” нескланяльны

 (Вып. 15. Слоўнік граматычна-лінгвістычнае тэрмінолёгіі; Мн., 1927)

 

Pulmo       Легкое        Лёгкае

     Basis pulmonis           Основание легкого      Спод лёгкага

     Apex pulmonis           Верхушка легкого       Вяршок лёгкага

(Вып. 13. Nomina Anatomica Alboruthenica; Мн., 1927)

Слоўнікі, уякіх апісваліся беларускія тэрміны, ствараліся і за межамі Беларусі.

“Слоўнік геамэтрычных і трыганамэтрычных тэрмінаў і сказаў (расійска-беларускі і беларуска-расійскі)” К.С. Дуж-Душэўскага і В.Ю. Ластоўскага (Коўна, 1923; 594 сл. арт. У рускай частцыі 623 – у беларускай) складзены на матэрыяле найбольш пашыраных у той час падручнікаў па матэматыцы. Ад іншых тагачасных тэрміналагічных слоўнікаў ён адрозніваецца суб’ектывізмам у адборы і апісанні моўных сродкаў. Матэрыял, сабраны ў гэтым слоўніку, дастаткова багаты, але прадстаўлены інтуітыўна. Структура слоўнікавага артыкула вар’іруецца ў залежнасці ад канкрэтнага слова, часам у яе ўваходзяць паметы, якія адлюстроўваюць уласныя адносіны аўтара да тэрміна:

АДНОСІНЫ (СТАСУНАК) – отношение (лат. relatio – отношу).

КРУЖАК, ДЫСК – диск; кружаковы, дысковы – дисковый.

КУБ – куб (грэч. kubos – предмет с шестью гранями; напр. игральная кость). (Кубам завецца правільны шасьцісьцен).

СТАЦЬЦЯВЫ (стоцьны) – вертикальный; стоць, стацьма – вертикально.

“Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік” Зоські Верас (Вільня, 1924; 424 сл. арт.) змяшчае беларускія народныя назвы раслін і адпаведнікі ў польскай, рускай і лацінскай мовах: званец – dzwoniec pospolity – погремок – phinanthus vulgaris; сытнік – rozchodnik ostry – очисток острый – sedum acre; трыбулька – trybulka – лук мелкий – allium schoenoprassum. Крыніцай матэрыялу паслужыла праца М. Федароўскага “Lud Białoruski na Rusi Litewskiej” (т. 1), “Маскоўска-беларускі слоўнік” М.І. Гарэцкага і Г.І. Гарэцкага (Вільня, 1921), матэрыялы В.Ю. Ластоўскага па Лепельшчыне, Дзісеншчыне і Пружаншчыне, а таксама ўласныя запісы аўтара, зробленыя на Гродзеншчыне.

Дзякуючы актыўнай працы айчынных тэрмінолагаў (А.П. Круталевіча, Л.Л. Більдзюкевіча і інш.) беларуская мова пачала актыўна выкарыстоўвацца ў сферы навукі, адукацыі, культуры. Выпрацоўваліся стылі літаратурнай мовы, развівалася тэорыя тэрмінаграфіі і тэрміназнаўства.

Задачай Слоўнікавай камісіі Інбелкульта была падрыхтоўка практычных перакладных руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў. Камісія аналізавала слоўнікі ХІХ (У.М. Дабравольскага, С.М. Мядзвецкага, І.І. Насовіча, М. Федароўскага, Я. Ціхінскага, П.М. Шпілеўскага) і стварала на іх аснове картатэку беларускай лексікі.

Першыя перакладныя слоўнікі вызначаліся невялікім аб’ёмам, адсутнасцю прадуманай мікраструктуры, аўтарскім суб’ектывізмам у апісанні мовы. У першай палове 1920-х гг. былі ўкладзены: “Маскоўска-беларускі слоўнік” М.І. Гарэцкага і Г.І. Гарэцкага (Смаленск, 1918; 2-е выд., дапрац. Вільня, 1921; каля 4,5 тыс. сл. арт.), “Невялікі беларуска-маскоўскі слоўнік” М.І. Гарэцкага (Вільня, 1919; 2-е выд. 1921; каля 9 тыс. сл. арт.), “Беларуска-расійскі слоўнічак” М.І. Каспяровіча (Менск, 1925; каля 1,5 тыс. сл. арт.), рукапісны руска-беларускі слоўнік А.В. Ярушэвіча (1921; каля 9,5 тыс. сл. арт.).

Найбольшым аўтарытэтам карысталіся перакладныя слоўнікі М.Я. Байкова і М.І. Гарэцкага, М.Я. Байкова і С.М. Некрашэвіча, створаныя пад эгідай Інбелкульта, а таксама некаторыя іншыя выданні.

“Практычны расійска-беларускі слоўнік” М.Я. Байкова і М.І. Гарэцкага (Мн., 1924; 2-е выд., дапрац. 1926; каля 20 тыс. сл. арт.)  адзін з першых аб’ёмных двухмоўных слоўнікаў 1920-х гг. Ён змяшчае агульнаўжывальную лексіку, а таксама асобныя тэрміны, пазначаныя спецыяльнымі паметамі. Першае і другое выданні слоўніка істотна адрозніваюцца, што сведчыць як пра навуковую эвалюцыю аўтараў, так і пра станаўленне метадалогіі лексікаграфічнага апісання (гл. табліцу 109).

Табліца 109

рэестравае слова        Практычны расійска-беларускі слоўнік

1-е выд., 1924 г.         2-е выд., 1926 г.

абонемент         абонэмэнт, перадплата, падпіска   перадплата

богобоязненный        богабаязны         

инок         чарнец, манах     манах

луг заливной    сенажаць заліўны, пойма      сенажаць заліўная, пойма, поплаў

напрямик проста, напрасьцень    напрасьцень, нацянькі

свеча        сьвеча        сьвяча, сьвечка

симфония сымфонія, сугучнасьць         сымфонія

скорлупа шкарлюпа шалупка, луска

щавель     шчавель     шчавель, шчаўе

“Беларуска-расійскі слоўнік” М.Я. Байкова і С.М. Некрашэвіча (Мн., 1926; больш за 20 тыс. сл. арт.) быў падрыхтаваны за рэкордна карокія тэрміны  4 месяцы. Як адзначалі аўтары, слоўнік павінен “даць дапамогу пры чытаньні сучасных беларускіх выданьняў тым асобам, якія хаця й маюць або элемэнтарна-тэорэтычнае, або практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ ня зусім дакладна ўяўляюць сабе тое слоўнікавае багацьце, якім ўладае сучасная навукова-літаратурная беларуская мова ў параўнанні з мовай расійскай”. У слоўнік уключана лексіка, якая адрозніваецца ад рускай па сэнсе, вымаўленні, напісанні. Крыніцамі фактычнага матэрыялу сталі слоўнікі М.Я. Байкова і М.I. Гарэцкага, У.М. Дабравольскага, І.I. Насовіча, А.К. Сержпутоўскага, Я. Ціхінскага, А.Д. Ярушэвіча, першыя выпускі “Беларускай навуковай тэрміналогіі”, мастацкія тэксты Ф. Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, М.  Багдановіча, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, М. Чарота, навукова-метадычныя выданні Б.А. Тарашкевіча і Я.Ю. Лёсіка. Спосаб арганізацыі рэестра – алфавітна-гнездавы. У слоўніку выкарыстоўваюцца граматычныя паметы, якія абазначаюць часціну мовы, яе функцыянальныя і фармальныя асаблівасці: м. (мужчынскі род), аг. (назоўнік агульнага роду), в. ст. (вышэйшая ступень параўнання), з мес. (з месным склонам), дзс. безас. (безасабовы дзеяслоў) і інш.

Асаблівасцю выдання з’яўляецца наяўнасць у асобных слоўнікавых артыкулах зоны пашпартызацыі:

Мечахвостыя (ракі) – мечехвостые раки НТ5 [Беларуская навуковая тэрміналогія].

Міжусобіца ж. – междоусобие. Ян. К. Песьня аб п. Іг. IV [Янка Купала].

Нягледзячы на пэўныя хібы, адзначаныя ў публікацыях Я.Ю. Лёсіка і Л.М. Цвяткова, “Беларуска-расійскі слоўнік” М.Я. Байкова і С.М. Некрашэвіча адыграў значную ролю ў працэсе выпрацоўкі нормаў беларускай літаратурнай мовы.

“Расійска-беларускі слоўнік” і С.М. Некрашэвіча і М.Я. Байкова (Мн., 1928; каля 60 тыс. сл. арт.) – найбольш аб’ёмны (з апублікаваных) перакладны слоўнік першай паловы ХХ ст. У аснове рэестра – лексічны матэрыял з выданняў У.М. Дабравольскага, Цішкі Гартнага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, І.І. Насовіча, А.К. Сержпутоўскага, Я. Ціхінскага, П.В. Шэйна. М. Федароўскага, а таксама запісы, зробленыя падчас палявых экспедыцый на Бабруйшчыне. Рэестравыя словы перакладаюцца звычайна адным або некалькімі сінанімічнымі беларускімі адпаведнікамі, з якіх на першае месца пастаўлены больш ужывальныя ў тагачаснай літаратурнай мове: объём – аб’ём, абойма, абнíм, ахоп; побороться – паборацца, пабарука́цца, паду́жацца; растолочь – растаўчы́. Спосаб арганізацыі рэестра ў слоўніку – алфавітна-гнездавы; многія слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць зону семантызацыі:

милость – ла́ска, лю́басьць, мíласьць, íмасьць

       быть в милости – быць у ла́сцы

       сделайте милость – калí ла́ска, бу́дзьце ла́ска́вы

мять – мяць, це́рці (лён), каме́чыць (папе́ру, валасы́), драсава́ць, дратава́ць (траву́)

 

У слоўніку выкарыстоўваецца разгалінаваная сістэма граматычных і стылістычных памет: драм. (драматургія), м. (мужчынскі род), нареч. (прыслоўе), уст. (устарэлае), физиол. (фізіялогія), юрид. (юрыдычны тэрмін) і інш.

Рэцэнзенты лічылі, што слоўнік мае вялікае значэнне для станаўлення лексічнай сістэмы нацыянальнай мовы, аднак адзначалі некаторую нелагічнасць пры перакладзе асобных слоў: навылет – наскрозь; насквозь – наскрозь, скрозь, навылет; сквозь – скрозь, праз, пераз, наскрозь; контур – абры́с; абрис – на́рыс; витязь – рыцар; засыреть – завільжэць; ветреность – пустата; дотекать – даплываць і інш.

“Падручны беларуска-польскі слоўнік” Б. Друцкага-Падбярэскага (Вільня, 1929; каля 15 тыс. сл. арт.), па словах аўтара, ствараўся як “слоўнік жывой беларускай мовы, на якой гутарыць народ і на якой пішуцца беларускія кніжкі і газэты”:

дармавіна [darmawina] otrzymane darmo

даражыцца [daražycca] drożyć

тадышні [tadyšni] ówczesny

Беларуская частка рэестра створана на аснове папулярных у той час лексікаграфічных выданняў М.І. Гарэцкага, В.Ю. Ластоўскага, М.В. Байкова і С.М. Некрашэвіча.

Найбольш арыгінальным (па змесце і спосабах арганізацыі лексікі) аўтарскім слоўнікам першай паловы ХХ ст. з’яўляецца “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” В.Ю. Ластоўскага (Коўна, 1924).

У выданні сабраны многія цяжкія для перакладу словы. Выданне складаецца з некалькіх раздзелаў: а) асноўная частка (каля 13 тыс. сл. арт.); б) “Крыўскі (беларускі) іменнік”; в) “Назовы птахаў”; г) “Іменнік расьцін”; д) “Вайсковая каманда”; е) “Дапаўненьні”. Асноўная частка разам з “Дапаўненнямі” складае корпус слоўніка. Аўтар падае рускае слова, указвае яго род і паходжанне (для запазычанай лексікі), тлумачыць яго разгорнутым сказам і дае беларускі адпаведнік з прыкладам ужывання ў маўленні з указаннем крыніцы. Да запазычанняў з іншых моў В.Ю. Ластоўскі імкнуўся падбіраць натуральныя беларускія адпаведнікі: комизм – сьмешнасьць, сьмешны, сьмешнік. Пры адсутнасці тоесных паняццяў у беларускай мове для перакладу часта выкарыстоўваюцца ўласныя наватворы: пакет – спокладак, спокладзень. Афармленне артыкулаў у слоўніку неўніфікаванае: розныя рэестравыя словы апісваюцца па-рознаму.

АИСТ м. пералётны птах з сям’і чапель; бусел; буслай, гультай; буслаіць, гультаіць, валондацца бяз працы.

АПЕТИТ м. лац. позыў да ежы; жадаедзь, апэтыт, смач.

АПЛОДИРОВАТЬ каму, франц. біць у ладкі, пакляскаць, покляскі.

БДЕТЬ, човіць, чоўкі, чоўны, чукавы, які ня сьпіць, ня счыняе вачэй; чуйнасьць, чоўкасьць – свомасьць чоўкага.

БЛАГОРОДСТВО ср. пачуцьце праўдзівай чэсьці і маральнасьці: крывічэсьлівасьць. Крывічэсьлівы паступак. Дабрародлівасьць.

ВРАЩЕНИЕ ср. аварот.

ГЛАВНОНАЧАЛЬСТВУЮЩИЙ, галоўназьверхні, дыктатар.

ДОШАГАТЬ, дакрочыць, дажыргаць, датупеняць.

ЗАЛП м. адначасовы выстрэл многіх гармат, стрэльбаў; раптуг, раптугом.

ЗЕМЛЯК-ЧКА, крывец, крывічка, крыўцы.

ЗЕМЛЯК, пабратым, крывец.

Адбор лексікі ў значнай ступені таксама мае суб’ектыўны характар. Уключалася лексіка з розных рэгіёнаў Беларусі. У адзін слоўнікавы артыкул часта зводзяцца розныя лексічныя адзінкі, якія абазначаюць падобныя паняцці: КОЛЬЦО ср. мэталічны кружок на палец; пярсьцёнак, персьцень, пярсьцёнік; персьцень з пячаткай сыгнэт; персьцень з бліскучым камяшом у аправе, кляйнодзік. Кружок з пустатой у сярэдзіне да змацаваньня чаго, абручок, банька.

У лютым 1925 г. слоўнікавая камісія была пераўтворана ў Камісію па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы (тлумачальнага). Планавалася, што слоўнік будзе адлюстроўваць як літаратурную, так і дыялектную лексіку беларускай мовы. Былі вызначаны два спосабы збірання народнага матэрыялу: а) па спецыяльна распрацаванай праграме; б) укладанне дыялектных (“краёвых”) слоўнікаў. Колькасць рэгіянальных карэспандэнтаў (настаўнікі, студэнты, вучні старшых класаў), якія збіралі матэрыял, праводзілі яго першасную апрацоўку і дасылалі ў Інбелкульт, дасягала 2500 чалавек. Да канца 1927 г. было назапашана каля 400 тыс. картак-слоў літаратурнай і дыялектнай мовы.

У галіне дыялектнай лексікаграфіі меркавалася выдаць 10 краёвых слоўнікаў па колькасці акруг Савецкай Беларусі (Аршанскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Віцебскай, Калінінскай, Магілёўскай, Мазырскай, Мінскай, Полацкай, Слуцкай), а таксама 3 рэгіянальныя слоўнікі па заходняй частцы Беларусі і столькі ж па Гомельшчыне, Смаленшчыне, Невельшчыне. Прыкладны аб’ём запланаваных слоўнікаў – да 10 тыс. сл. арт.

“Віцебскі краёвы слоўнік” М.І. Каспяровіча (Віцебск, 1927; 9703 сл. арт.) уключае лексіку, сабраную ў амаль 600 населеных пунктах Віцебшчыны. Рэестравыя словы забяспечаны граматычнымі паметамі і тлумачацца сродкамі рускай мовы. Указана часцінамоўная прыналежнасць загаловачных адзінак, род назоўнікаў, паказаны канчаткі субстантываў у Р. с. Паслядоўна адлюстраваны націск. Да заалагічных і батанічных назваў прыведзены лацінскія адпаведнікі. Выкарыстоўваюцца ілюстрацыі з указаннем мясцовасці, у якой пашырана слова:

КУРАЛЕСЫ, аў, м. – небылица. І павёў жа ён сваі куралесы! (Оўсішча, Сен. р.).

КУРАПАЦЬ, ж. – серая куропатка. Perdix cinerea L. Тры курапаці забіў (Слабодка, Куз. р.).

У канцы працы змешчаны “Слоўнічак уласных іменьняў”, у якім беларускія ўласныя імёны перакладаюцца на рускую мову.

“Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” М.В. Шатэрніка (Мн., 1929; каля 9 тыс. сл. арт.) уключае агульнанародны і рэгіянальны лексічны матэрыял з 35 населеных пунктаў Пухавіцкага, Смілавіцкага і Шацкага раёнаў. Пераважная большасць слоў (прыкладна 90%) зафіксавана ў вёсцы Старына, дзе нарадзіўся і вырас аўтар. Мікраструктура слоўніка мае шмат агульнага з арганізацыяй слоўнікавых артыкулаў у “Віцебскім краёвым слоўніку”. Рэестравыя словы фіксуюцца, як правіла, у зыходных формах. Пасля ў дужках з адпаведнай паметай нярэдка прыводзяцца і некаторыя іншыя іх формы: пры назоўніках – формы Р. с. адз. л. (або множнага, калі назоўнік pluralia tantum); павелічальныя, памяншальныя і ласкальныя формы пры якасных прыметніках:

Клець, і, ж. – небольшой амбар для хранения зерна и разн. продуктов. Прынясі сала с клеці. В. Старына. Кладзі гной на поле густа, то ў клеці ня будзе пуста. Прык. В. Дайнава, Пух. р.

Клешч, а́, м. (Acarus L.) – клещ. Сабака ўсё трэцца: мусіць кляшчэ ў яго ё. В. Старына.

“Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” І.К. Бялькевіча (Мінск, 1970; больш за 20 тыс. сл. арт.) адлюстроўвае лексіку гаворак жыхароў Мсціслаўскага, Крычаўскага, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Хоцімскага, Краснапольскага, Быхаўскага, Чэрыкаўскага, Чавускага і інш. раёнаў. Матэрыял для слоўніка збіраўся і апрацоўваўся ў 1925 – 1930-я гг. (першапачатковая назва – “Краёвы слоўнік Калініншчыны”), аднак сам слоўнік быў апублікаваны толькі ў 1970 г. Словы і фраземы падаюцца ў алфавітным парадку з захаваннем іх гучання ў мясцовых гаворках. Пры тлумачэнні дыялектных слоў выкарыстоўваюцца звычайна літаратурныя адпаведнікі. Спецыфічна мясцовыя назвы прадметаў і з’яў тлумачацца апісальна. Пасля дэфініцыі падаюцца ілюстрацыі.

 

КВАСЕ́Ц, -сца, м. бат. Кісліца, заячая капуста. Які смачны квасец, мо таму і зайцы яго любяць есьці. Ушакі Чэрык.

КЫБЫЗО́М, прысл. Вытыркнуўшыся. Ні ў голавы, ні пад бок – тырчыць кыбызом. Палуж Краснап.

МА́КЫЎКУ ЗЬДЗЕ́ЛЫЦЬ. Акунуцца ў ваду. Макыўку зьдзелый і вылазь з рэчкі. Хвёдараўка Краснап.

́Слоўнік І.К. Бялькевіча добра адлюстроўвае лексічнае багацце беларускай мовы. Напрыклад, толькі на літару “А” ў ім зафіксавана некалькі дзясяткаў слоў з семай “пабіць”: аббізу́ніць, абдзяўжу́ліць, абжа́рыць, абсцёбаць, адбізу́ніць, адбуксы́рыць, аддуба́сіць, аджву́чыць, аддзя́жыць, адпе́таваць, адпра́жыць, адпаласава́ць, адсцяга́ць, адшабасава́ць, адвазíць, адваля́ць, адкалату́шыць, адлупцава́ць, адпе́таць, адпру́дзіць, адпу́дзіць, адсвіста́ць, адсцёбаць, адсцяга́ць, адту́заць, адтусава́ць, адхлёпаць, адхлопаць, адхламазда́ць, адхляста́ць, адцяга́ць, адчуба́сіць, адчаса́ць, адшколіць, адшпа́рыць, атадра́ць, адця́ць.

Мікраструктура розных “краёвых” слоўніках параўноўваецца ў табліцы 110.

Табліца 110

Віцебскі краёвы слоўнік     Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны      Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны

ДАЗВОЛ, у, м. – разрешение. Калі ёсьць дазвол, дык пойдзем (Навікі, Віц. р.). Дазвол, у, м. – позволение.  Ня далі дазволу на лес. В. Старына.      ДАЗВО́Л, -у, м. Дазвол. Хто табе на ета даў дазвол? Гібалы Касцюк. Штоб пасьцівіць у лесі, нада раньшы дазвол палучыць. Арцёмаўка Міласл.

КЕПСКІ – плохой. Кепскія абцугі (Кляшчыно, Беш. р.) Кепскі, прм. (прс. кепска) – плохой, скверный. Кепская надвор’я. Кепска рада, браця! Ня будзе табе там кепска. В. Старына.     КЕ́ПСКІЙ, прым. Кепскі, нядобры. Ны дваре стаіць кепскыя пагода. Кажамякіна Краснап. Кепскыя работа – кепскія й зыплата. Канічы Касцюк. Аглыбля сасновыя кепскыя, някрэпкыя, бярозувыя луччы. Пухнава Раснян.

МЯШАЦЬ, дзс. – 1) мешать. А ці я-ж, маменька, мяшала каму? (Лужасна, Куз. р.); 2) второй раз вспахивать поле. Янка мяшаець пад авёс (Вейна, Сен. р.); 3) смешивать. Мяшай усё разам! (Матушова, Лёз. р.).         Мяшаць, дзс. – 1) смешивать. Ня мяшай усяго ў вадну кучу. – 2) пахать вторично. Пара ўжо мяшаць на ячмень. – 3) мешать в работе. Ня мяшайця мне, дзеці! В. Старына.   МЯША́ЦЬ, дзеясл. Мяшаць, араць другі раз. Ужо пычалі мяшаць пад жыта. Іванаўка Хоцім. Сянні паеду мяшаць, а заўтры пачнём сеяць. Барысавічы Клім.

Акрамя названых, А.Я. Крукоўскім быў падрыхтаваны “Краёвы слоўнік Мазырскай акругі” (1927; страчаны ў гады вайны), У. Шалешка працаваў над стварэннем слоўніка мовы в. Недраска Заслаўскага раёна (лёс рукапісу невядомы).

У Інбелкульце праводзілася праца па ўкладанні гістарычнага і арфаграфічнага слоўнікаў беларускай мовы, польска-беларускага і беларуска-польскага слоўнікаў, а таксама слоўнікаў мовы асобных пісьменнікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Гаруна, Ядвігіна Ш., Ф. Багушэвіча, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, М. Гарэцкага і інш.

IV. 1930-я гг.

Характэрныя асаблівасці:

 запаволенае развіццё беларускай лексікаграфіі;

 асноўная роля ў стварэнні слоўнікаў належыць навуковым структурам;

 моўныя адзінкі лексікаграфуюцца з улікам іх камунікатыўных характарыстык (як адзінкі перакладных слоўнікаў);

 несістэмнае апісанне мовы;

 фіксуюцца канкрэтныя моўныя формы, сувязі паміж рознымі формамі моўнай адзінкі не з’яўляюцца вызначальнымі;

 пры апісанні моўнай адзінкі ўлічваецца толькі яе роля ў пэўным тэксце.

З пачатку 1930-х гг. адбываецца заўважнае звужэнне лексікаграфічнай дзейнасці (у першую чаргу, па палітычных матывах). Інтэнсіўная лексікаграфічная праца ў галіне беларускага мовазнаўства прыпынілася і пачалася барацьба з т. зв. “нацдэмакратызмам”, пад якім разумелася любое праяўленне нацыянальнай самасвядомасці. Слоўнікі, створаныя ў 1920-я гг., былі прызнаны “шкодніцкімі”, што адмоўна адбілася на стане беларускай мовы.

На працягу 1930-х гг. навуковымі супрацоўнікамі Акадэміі навук БССР былі падрыхтаваны адзінкавыя слоўнікі, пераважна тэрміналагічнага характару: “Тэхнічная тэрміналёгія” (Мн., 1932; каля 6,5 тыс. сл. арт.), “Яўрэйска-беларускі слоўнічак” С. Плаўніка і Н. Рубінштэйна (Мн., 1932; каля 10 тыс. сл. арт.), “Ваенны руска-беларускі слоўнік” (Мн., 1933; каля 4,5 тыс. сл. арт.), “Беларуска-літоўскі і руска-літоўскі тэрміналагічны слоўнік” В. Копкі (Мн., 1934; каля 750 сл. арт.).

Пасля забароны ў 1930 г. “Расійска-беларускага слоўніка” С.М. Некрашэвіча і М.Я. Байкова (1928) беларускае грамадства сем гадоў не мела нарматыўнага перакладнога слоўніка агульнаўжывальнай лексікі. У гэты перыяд калектывам лексікографаў Інстытута мовазнаўства вялася праца над укладаннем двухтомнага руска-беларускага слоўніка (першы том на літары А – О ахопліваў 45 тыс. сл. арт. і ў 1932 г. быў здадзены ў выдавецтва), які, аднак, не быў апублікаваны.

Найбольш вядомым выданнем гэтага перыяду з’яўляецца “Руска-беларускі слоўнік”, падрыхтаваны пад рэд. А.І. Александровіча (Мн., 1937; каля 40 тыс. сл. арт.). У ім перакладаліся словы, якія “пашыраны ў штодзённым жыцці, а таксама словы, што ўжываюцца ў мастацкай, грамадска-палітычнай і навукова-папулярнай літаратуры” (прадмова). Рускія рэестравыя адзінкі ў адпаведнасці з алфавітам перадаваліся сродкамі беларускай мовы:

пропашка – прапа́шка; пропашные культуры – прапа́шныя культу́ры.

пропащий – прапа́шчы.

пропекать – прапяка́ць.

пропеллер ав. – прапе́лер.

Слоўнік прызначаўся галоўным чынам для партыйнага, камсамольскага, прафсаюзнага, калгаснага актыву і адрозніваўся палітызаванасцю і тэндэнцыйнасцю пры перакладзе лексічных адзінак. У якасці перакладных адпаведнікаў нярэдка прапаноўваліся відавочныя русізмы: брэд, бруха, брэдзіць, булыжнік, войлак, воран, дрэбедзень, звысака, кавёр, карасін, карзіна, кружка, лента, лікаваць, прарок, праслойка, рухнуць, сігарэтка, хлябаць і інш.

Слоўнік меў і іншыя недахопы: а) аб’ём рэестра недастатковы для забеспячэння ўсіх камунікатыўных патрэб грамадства; б) адсутнасць многіх рускіх слоў, складаных для перакладу (благообразный, долженствовать, извояние, излияние, предпочтительный, тяготиться і інш.); в) адсутнасць граматычнай характарыстыкі слоў; г) адсутнасць фразеалагічных і ідыяматычных выразаў.

V. Канец 1940-х – 1980-я гг.

Характэрныя асаблівасці:

 асноўная роля ў стварэнні слоўнікаў належыць навуковым структурам і аўтарскім калектывам;

 мова апісваецца сістэмна і шматаспектна;

 пры лексікаграфаванні ўлічваецца, што моўная адзінка з’яўляецца сукупнасцю розных яе формаў, якія рэалізуюцца ў вуснай і пісьмовай камунікацыі;

 робяцца  спробы аўтаматызаваць працэс стварэння слоўнікаў (напр., ствараюцца канкардансы).

У пасляваенны перыяд беларускае грамадства сутыкнулася з глыбокім крызісам лексікаграфіі: адсутнічалі тлумачальныя, арфаграфічныя, тэрміналагічныя, дыялектныя, анамастычныя і перакладныя слоўнікі. У выніку забароны выданняў 1920-х гадоў фактычна адзінай працай, якой можна было карыстацца, з’яўляўся “Руска-беларускі слоўнік” (1937). Перад Інстытутам мовазнаўства паўсталі некалькі асноўных задач:

асэнсаваць і абагульніць багаты практычны вопыт выпрацоўкі прынцыпаў пабудовы разнастайных слоўнікаў;

стварыць крытэрыі вызначэння структуры слоўнікавага артыкула ў сувязі з семантычным, граматычным і стылістычным аналізам слова;

устанавіць шляхі і прыёмы адрознення значэння слова ад яго сэнсавых адценняў.

Гэтыя і іншыя задачы былі дастаткова поўна вырашаны, дзякуючы арганізатарскім здольнасцям К.К. Атраховіча (Крапівы), М.Р. Судніка, М.В. Бірылы і інш. айчынных вучоных.

Беларуская савецкая лексікаграфія гэтага перыяду развівалася ў некалькіх асноўных напрамках:

 стварэнне перакладных (найперш, руска-беларускага і беларуска-рускага) слоўнікаў;

 стварэнне слоўнікаў беларускай дыялектнай мовы;

 стварэнне акадэмічнага тлумачальнага слоўніка;

 стварэнне арталагічных слоўнікаў;

 стварэнне гістарычнага і этымалагічнага слоўнікаў;

 стварэнне тэрміналагічных слоўнікаў.

Важная роля ў падрыхтоўцы слоўнікаў належыць Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў шэрага буйных лексікаграфічных праектаў. Тут праводзілася збіранне моўнага матэрыялу, яго апрацоўка і ўкладанне “Руска-беларускага слоўніка” (1953; каля 86 тыс. сл. арт.), “Беларуска-рускага слоўніка” (1962; каля 90 тыс. сл. арт.), “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (у 5 т.; 1977 – 1984), “Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (у 5 т.; 1979  1986), “Тураўскага слоўніка” (у 5 т.; 1982  1987), “Слоўніка беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987), “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (апубл. т. 1 – 13; 1978 – 2010), “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (апубл. т. 1 – 35; 1982 – 2015) і інш.

Многія з апублікаваных слоўнікаў з’яўляюцца ўнікальнымі выданнямі і да нашага часу запатрабаваны беларускім грамадствам.

VI. 1990-я – наш час.

Характэрныя асаблівасці:

 асноўная роля ў стварэнні слоўнікаў належыць навуковым структурам і аўтарскім калектывам;

 мова апісваецца сістэмна і шматаспектна;

 пры лексікаграфаванні ўлічваецца, што моўная адзінка з’яўляецца сукупнасцю розных яе формаў, якія рэалізуюцца ў вуснай і пісьмовай камунікацыі;

 актыўнае выкарыстанне праграмна-тэхнічных сродкаў пры лексікаграфаванні, стварэнне электронных слоўнікаў.

Прыняцце закона “Аб мовах у Беларускай ССР” і набыццё беларускай мовай статусу адзінай дзяржаўнай мовы (1990)        прывялі да актыўнага росту колькасці слоўнікаў, найперш тэрміналагічных. Для гэтага перыяду характэрна суіснаванне нарматыўнай і альтэрнатыўнай лексікаграфіі, адсутнасць агульных метадалагічных прынцыпаў лексікаграфавання.

У нарматыўных слоўніках кадыфікуюцца нормы беларускай мовы, зафіксаваныя ў “Граматыцы беларускай мовы” (у 2 т.; Мн., 1962 – 1966), “Беларускай граматыцы” (у 2 т.; Мн., 1985 – 1986).

Альтэрнатыўныя слоўнікі прапануюць аўтарскае бачанне працэсу нармалізацыі беларускай мовы са спасылкай на існуючую маўленчую практыку (гл. табліцу 111).

Табліца 111

Слова ў рускай мове Руccко-белорусский словарь в 3 т.

(2012)      Руccко-белорусский математический словарь

(1993)      Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ (1993)

возводить  в квадрат узводзіць у квадрат     падвышаць у квадрат  падвышать да квадрату, квадратаваць

нарастающий    нарастаючы        нарастальны       нарастальны

отношение (терм.)      адносіны, адносіна      дачыненне, стасунак    стасунак

потенциальный патэнцыяльны    патэнцыяльны    патэнцыяльны, патэнцыйны

символ     сімвал        сімвал        сымболь

Больш падрабязна многія слоўнікі, створаныя пасля 1990 г., разглядаюцца ў § 6.

 

4. Будова слоўнікавага артыкула. Тыпы дэфініцый

Сучасныя слоўнікі з’яўляюцца вынікам напружанай інтэлектуальнай дзейнасці чалавека і, як правіла, укладаюцца з выкарыстаннем складаных спосабаў сістэмнага апісання моўных адзінак.

Адрозніваюць тры ўзроўні структуры слоўніка: мега-, макра- і мікраструктуру.

І. Мегаструктура слоўніка – парадак арганізацыі асноўных структурных элементаў у слоўніку (напр.: прадмова, правілы карыстання, спіс умоўных скарачэнняў, алфавіт, корпус, індэкс, дадаткі і інш.).

Корпус слоўніка – асноўная зместавая частка слоўніка, сукупнасць слоўнікавых артыкулаў.

ІІ. Макраструктура слоўніка – спосаб размеркавання рэестравых адзінак у корпусе слоўніка.

Рэестр – спіс загаловачных слоў (лем), размешчаных у пэўным парадку. Рэестр стварае вобласць апісання слоўніка, ён можа быць прадстаўлены:

– словамі ў пачатковай форме (у тлумачальных, дыялектных, этымалагічных слоўніках);

– словаформамі (у граматычных слоўніках);

– спалучэннямі слоў (у слоўніках фразем);

– марфемамі (у слоўніках марфем).

Адрозніваюць некалькі спосабаў арганізацыі рэестра:

– алфавітны – размяшчэнне слоўнікавых артыкулаў у алфавітным парадку паводле пачатковых літар загаловачных адзінак (у інверсійных слоўніках словы размяшчаюцца па алфавіце канцавых літар);

– алфавітна-гнездавы – уключэнне слоўнікавага матэрыялу ў рады аднакаранёвых слоў; слоўнікавыя артыкулы размяшчаюцца ў алфавітным парадку, але прыводзяцца не да ўсіх слоў, а толькі да невытворных;

– ідэаграфічны – размяшчэнне моўных адзінак у слоўніку тэматычнымі групамі.

ІІІ. Мікраструктура слоўніка – парадак арганізацыі асноўных зон інфармацыі ў тыповым слоўнікавым артыкуле.

Слоўнікавы артыкул – апорны элемент мікраструктуры слоўніка; складаецца з загаловачнай адзінкі і яе апісання ў пэўных інфармацыйных зонах.

Найбольш важнымі з’яўляюцца наступныя інфармацыйныя зоны:

 зона намінацыі (загаловачная адзінка, рэестравае слова, лема, вакабула) ¬– моўная адзінка (слова, спалучэнне слоў, марфема і інш.), апісанню якой прысвечаны слоўнікавы артыкул; загаловачная адзінка з’яўляецца аб’ектам слоўнікавага апісання і прыводзіцца звычайна ў кананічнай (пачатковай) форме: для назоўнікаў гэта форма адз. л., Н. с.; для прыметнікаў ¬– форма м. р., адз. л., Н. с.; для дзеясловаў – форма інфінітыву;

 зона фаналагічнай інфармацыі ўключае ўказанне на вымаўленне загаловачнай адзінкі – транскрыпцыю, знак націску і інш.;

 зона граматычнай інфармацыі змяшчае звесткі пра асноўныя марфалагічныя ўласцівасці загаловачнай адзінкі:

▫ паметы лексічна-граматычнага класу слоў (ліч. – лічэбнік, займ. – займеннік, прысл. – прыслоўе і інш.), паметы трывання (зак. – закончанае, незак. – незакончанае), роду (м. – мужчынскі, ж. – жаночы, н. – ніякі) і інш.;

▫ граматычныя формы (Р. с. адз. л. назоўнікаў, пры неабходнасці – і ў іншых склонах, родавыя формы прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў і некаторых займеннікаў, формы 1-й, 2-й, 3-й асобы дзеясловаў адз. л., а пры неабходнасці – мн. л.);

 зона стылістычнай інфармацыі (семантызацыі) утвараецца паметамі, якія паказваюць на прыналежнасць слова да пэўнага стылю: абл. – абласное, кніжн. – кніжнае, разм. – размоўнае і інш.;

 зона семантычнай інфармацыі раскрывае значэнні слова і іх сэнсавыя адценні з пункту гледжання наіўнай карціны свету або праз лагічнае азначэнне паняцця (дэфініцыю), выяўленне яго зместу і характэрных прымет; адрозніваюць наступныя тыпы дэфініцый:

▫ апісальная – указанне на з’яву рэчаіснасці, названую рэестравым словам: вызначэнне родавага паняцця (класа індывідуальных з’яў) і дыферэнцыйных прымет: квадрат – раўнабаковы прамавугольнік;

▫ сінанімічная – тлумачэнне слова шляхам падбору блізказначных слоў; выкарыстоўваецца пры апісанні стылістычна і экспрэсіўна афарбаваных лексічных адзінак, устарэлых і дыялектных слоў, якія маюць больш пашыраныя і стылістычна нейтральныя адпаведнікі: танклявы – статны;

▫ адсылачная – тлумачэнне загаловачнай адзінкі, якое ўтрымлівае характарыстыку матывавальнага значэння слова і захоўвае сувязь матывавальнага і матываванага значэнняў: панамскі – той, які мае дачыненне да панамцаў, камандзірскі – прым. да камандзір.

Патрабаванні да тлумачэння лексічнага значэння слова

(паводле Ю.Д. Апрэсяна)

1. Тлумачэнне не павінна быць таўталагічным (арыштоўваць – заключаць пад арышт).

2. У тлумачэнне павінны ўключацца ўсе неабходныя кампаненты значэння.

3. Тлумачэнне не павінна ўтрымліваць збыткоўных кампанентаў.

4. Тлумачэнне павінна складацца са слоў, больш простых па сэнсе, чым адзінка, якая імі тлумачыцца.

 зона функцыянальнай інфармацыі складаецца са звестак пра асаблівасці выкарыстання слова ў маўленні;

 зона этымалагічнай інфармацыі раскрывае паходжанне і гістарычнае развіццё слова;

 зона частотнай інфармацыі паказвае пашыранасць пэўнага слова ў мове;

 зона пазамоўнай (экстралінгвістычнай) інфармацыі аб’ядноўвае дадзеныя пра з’явы, прадметы, працэсы, названыя загаловачным словам;

 зона ілюстрацый уключае сказ або словазлучэнне, якія ўтрымліваюць загаловачную адзінку і дэманструюць яе семантычныя паводзіны ў характэрным кантэксце; функцыі зоны ілюстрацыі:

▫ пацвярджэнне наяўнасці слова або значэння лексемы ў мове;

▫ падмацаванне кантэкстам тлумачэння семантыкі;

▫ паказ пераходу слова з мовы ў маўленне, набыццё ім дадатковых адценняў значэння;

▫ паведамленне звестак пазамоўнага характару.

Тыпы тэкставых ілюстрацый:

▫ ілюстрацыі, сканструяваныя ўкладальнікам слоўніка (словазлучэнні або невялікія сказы – у кампактных тлумачальных слоўніках);

▫ ілюстрацыі з мастацкіх, навуковых, публіцыстычных тэкстаў (звычайна ў шматтомных слоўніках);

▫ ілюстрацыі з вуснага маўлення (у дыялектных слоўніках);

 зона пашпартызацыі паказвае на пісьмовую або вусную крыніцу, з якой узяты ілюстрацыйны матэрыял.

Апісанне рэестравай адзінкі пры неабходнасці можа замяняцца адсылкай – словам або словазлучэннем, з дапамогай якога вызначаецца сувязь паміж элементамі слоўніка (звычайна загаловачнымі словамі).

Кожны тып лінгвістычнага слоўніка характарызуецца сваёй структурай слоўнікавага артыкула.

5 Сістэма граматычных і стылістычных памет

IV. Важнае значэнне ў арганізацыі макра- і мікраструктуры слоўніка маюць лексікаграфічныя паметы.

Лексікаграфічная памета – спецыяльнае ўказанне ў слоўнікавым артыкуле на пэўныя характэрныя прыметы загаловачнай адзінкі або асаблівасці яе выкарыстання.

Тыпы памет:

 граматычныя – фіксуюць фармальныя характарыстыкі загаловачнай адзінкі: часцінамоўную прыналежнасць, катэгорыі роду, ліку, трывання і інш.:

наз. – назоўнік,

прым. – прыметнік,

дзеясл. – дзеяслоў,

карот. ф. – кароткая форма,

ж. – жаночы род,

м. – мужчынскі род,

н. – ніякі род,

мн. – множны лік,

зак. – закончанае трыванне,

незак. – незакончанае трыванне,

перах. − пераходны і г. д.;

 функцыянальна-стылістычныя – паказваюць на сферу выкарыстання загаловачнага слова і адлюстроўваюць характар яго ўжывання:

▫ абмежавальныя – паказваюць на функцыянальную інтэнсіўнасць загаловачнай адзінкі і яе адносіны да ядра сучаснай мовы:

 звыч. – звычайнае,

рэдк. – рэдкае,

архаіч. – архаічнае,

неал. – неалагічнае,

стар. – старое,

толькі незак. – толькі незакончанае трыванне,

толькі мн. л. – толькі ў множным ліку,

уст. – устарэлае і г. д.;

▫ забараняльныя – акцэнтуюць увагу на няправільнасці або немагчымасці ўжывання пэўнай граматычнай формы загаловачнай адзінкі; звычайна выкарыстоўваюцца пры вызначэнні правільнага націску ў слове, указанні на нарматыўнае ўтварэнне формаў слова:

не выкарыст. – не выкарыстоўваецца,

не пажад. – не пажадана,

няправ. – няправільна і г. д.;

▫ канатацыйныя – удакладняюць эмацыйна-экспрэсіўную афарбоўку загаловачнай адзінкі:

вульг. – вульгарнае,

жарт. – жартаўлівае,

зневаж. – зневажальнае,

іран. – іранічнае,

свар. – сварлівае і г. д.;

▫ стылістычныя – фіксуюць прыналежнасць загаловачнай адзінкі да пэўнага стылю маўлення:

кніжн. – кніжнае,

паэт. – паэтычнае,

прастам. – прастамоўнае,

разм. – размоўнае і г. д.;

▫ сацыяльна-стратыфікацыйныя – сведчаць пра адносіны слова да пэўнай формы існавання нацыянальнай мовы:

абл. – абласное,

арг. – аргатычнае,

дыял. – дыялектнае,

жарг. – жаргоннае і г. д.;

▫ тэрміналагічныя − акрэсліваюць спецыяльную сферу ўжывання загаловачнай адзінкі:

бат. – батанічнае,

заал. – заалагічнае,

лінгв. – лінгвістычнае,

мат. – матэматычнае,

хім. – хімічнае і г. д.;

 этымалагічныя – удакладняюць крыніцу запазычвання загаловачнай адзінкі і мову-пасрэдніцу:

англ – англійскае,

грэч. – грэчаскае,

лац. – лацінскае,

верх.-ням. – верхненямецкае,

фр. – французскае і г. д.

 

Тэма 4.2 Тыпы лінгвістычных слоўнікаў

План лекцыі

1. Тыпы лінгвістычных слоўнікаў: аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя; тлумачальныя, перакладныя, гістарычныя, этымалагічныя, дыялектныя, фразеалагічныя, тэрміналагічныя, арфаэпічныя, арфаграфічныя, марфемныя, словаўтваральныя, граматычныя, іншамоўных слоў, слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, слоўнікі эпітэтаў; частотныя, адваротныя, асацыятыўныя, слоўнікі мовы пісьменнікаў; анамастычныя слоўнікі і інш.

 

1. Тыпы слоўнікаў

Лексічны склад мовы з’яўляецца адкрытай сістэмай, якая пастаянна папаўняецца і змяняецца. Статус развітага грамадства прадугледжвае бесперапынную інвентарызацыю і сістэматызацыю моўных рэсурсаў у слоўніках.

Існуючыя слоўнікі неаднародныя. Яны істотна адрозніваюцца па аб’ёме, аб’екце фіксацыі, змесце, прызначэнні, спосабах лексікаграфічнай сістэматызацыі матэрыялу. На сучасным этапе развіцця лінгвістыкі апісаць усю лексіку мовы з пункту гледжання яе паходжання, структуры, значэння, функцыянавання ў адным слоўніку немагчыма. Таму вучонымі ствараюцца розныя лексікаграфічныя працы, прысвечаныя асобным аспектам апісання моўных адзінак. Падобныя або аднолькавыя фармальна-зместавыя характарыстыкі слоўнікаў з’яўляюцца падставай для групоўкі лексікаграфічных прац па  пэўных тыпах.

Стварэнне комплекснай класіфікацыі слоўнікаў з’яўляецца адной з важных праблем сучаснай тэарэтычнай лінгвістыкі. Падзел слоўнікаў на тыпы дазваляе не толькі сістэматызаваць здабыткі лексікаграфіі, але і прагназаваць узнікненне новых тыпаў слоўнікаў.

У мовазнаўстве існуе некалькі дзясяткаў навуковых тыпалогій слоўнікаў, пабудаваных на падставе розных крытэрыяў.

У адпаведнасці са структурна-функцыянальнай тыпалогіяй месца слоўніка сярод іншых слоўнікаў вызначаецца:

    фармальным выражэннем моўных адзінак: слова або спалучэнне слоў;

    планам апісання: моўныя адзінкі адлюстроўваюцца ў пэўным парадку без дадатковых тлумачэнняў або апісваецца іх структура, значэнне і функцыянаванне ў мове (семантычны, функцыянальны, структурны, інвентарызацыйны планы);

    аспектам апісання: мовы апісваюцца ў іх сучасным стане або ў працэсе развіцця (сінхранічны, дыяхранічны аспекты);

    сутнаснымі характарыстыкамі моўных адзінак і тыпам інфармацыі пра іх (напр., агульныя або ўласныя імёны, тлумачэнне або пераклад і г. д.);

    паўнатой ахопу моўных адзінак: апісана ўся лексіка мовы або толькі пэўная група слоў, напр., антонімы, тэрміны, неалагізмы і інш.

Існуючыя тыпы лінгвістычных слоўнікаў узаемна дапаўняюцца адзін другім і апісваюць розныя аспекты функцыянавання моўнай сістэмы (гл. схему 27).

У падручніках па беларускай мове з вучэбнымі мэтамі звычайна выкарыстоўваецца спрошчаная класіфікацыя слоўнікаў.

Усю сукупнасць беларускіх слоўнікаў можна аб’яднаць у наступныя групы (гл. § 6):

    лексемныя слоўнікі:

▫      тлумачальныя (літаратурнай мовы, дыялектнай мовы, тэрмінаў, мовы аўтара, іншамоўных слоў, неалагізмаў, гістарычныя, этымалагічныя, лексічных формаў, скарачэнняў, анамастычныя, устарэлых слоў, эпітэтаў, частотныя, асацыятыўныя, словаўтваральныя);

▫      перакладныя;

▫      слоўнікі-рэестры (арталагічныя, граматычныя, інверсійныя, марфемныя);

    ідыёмныя (фразем, прыказак, параўнанняў, перыфраз, афарызмаў).

І. Лексемныя слоўнікі – клас лексікаграфічных прац, у якіх асноўным аб’ектам апісання з’яўляецца слоўнікавы склад мовы.

       Да лексемных адносяцца:

Тлумачальныя слоўнікі

Асноўная задача тлумачальных слоўнікаў – апісваць семантычныя асаблівасці моўных адзінак у канкрэтны гістарычны момант або ў працэсе развіцця гэтых адзінак.

1. Тлумачальныя слоўнікі літаратурнай мовы – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якім раскрываецца значэнне слоў, пашыраных у мастацкім, навуковым, афіцыйным і публіцыстычным стылях мовы.

У тлумачальным слоўніку даецца граматычная характарыстыка слоў, паказваецца сфера выкарыстання лексікі, акрэсліваецца спалучальнасць слоў (дзякаваць каму, хварэць на што), фіксуюцца ўстойлівыя словаспалучэнні тэрміналагічнага (○) і фразеалагічнага (◊) характару з раскрыццём іх значэння, паказваецца паходжанне іншамоўных слоў.

Тлумачальны слоўнік – гэта камбінаваны і ўніверсальны лексікаграфічны даведнік, таму ён займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай лексікаграфіі.

Слоўнікавы артыкул тлумачальнага слоўніка, як правіла, уключае наступныя зоны інфармацыі: 1) з. намінацыі, 2) з. граматычнай інфармацыі, 3) з. стылістычнай інфармацыі, 4) з. семантычнай інфармацыі (значэнне), 5) з. функцыянальнай інфармацыі, 6) з. ілюстрацый, 7) з. пашпартызацыі.

БАЛАЦĺНА(1), -ы, ж.(2) Разм.(3) Невялікае балота, лагчына; балоцістае месца.(4) Трэба капаць зямлю, засыпаць балаціны на будаўнічай пляцоўцы.(6) Грахоўскі(7).

(“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, 1977 – 1984)

ВЯНÓК(1), -нка́, м.(2) 1. Упрыгожанне з кветак або галінак, сплеценых у кружок.(3) Дзеці на сенажаці рвуць кветкі і ўюць вянкі.(6) Пестрак(7).

2. Рад бярвенняў зруба.(4) Стаяла некалькі зрубаў. На некаторых былі ўжо кроквы і латы, некаторыя былі даведзены толькі да верхніх вянкоў.(6) Чорны.(7) Вянок за вянком вырастаў зруб новай Тарэнтавай хаты.(6) Галавач(7).

3. Тое, што і н і з к а1.(3) Вянок грыбоў(6).

○ Вянок санетаў(5) – твор з пятнаццаці санетаў, звязаных паміж сабою так, што апошні радок аднаго санета паўтараецца ў першым радку наступнага, а пятнаццаты санет складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх чатырнаццаці санетаў(4).

◊ Гарохавы вянок(5) – адмова ў каханні.(4) Лаўровы вянок(5) – вянок з лісця лаўру як сімвал перамогі, узнагароды, трыумфу, што прысуджаецца, падносіцца пераможцам у спартыўных спаборніцтвах, артыстам і пад.(4) Цярновы вянок(5) – сімвал мучэння, пакут (з евангельскага сказання пра калючы цярновы вянок, надзеты на Ісуса Хрыста перад яго распяццем на крыжы)(4).

(“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, 1977 – 1984)

ЗАРАБĺЦЬ(1), -раблю́, -робіш, -ро́біць; -ро́блены; зак.(2), што(5). 1. Набыць работай, атрымаць за работу.(4) З. семсот тысяч рублёў. З. права на адпачынак.(6) 2. Атрымаць у выніку чаго-н.(4) (разм. іран.).(3) З. па карку. З. вымову.(6) 3. Закласці, замураваць.(4) З. адтуліну.(6) ◊ Зарабіць як Заблоцкі на мыле(5) (разм. жарт.)(3) – пагарэць на якой-н. справе(4) || незак. зарабля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е(2).

(“Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы”)

Паводле функцый і мэты стварэння існуючыя тлумачальныя слоўнікі падзяляюцца на дэскрыптыўныя і нарматыўныя.

Дэскрыптыўныя слоўнікі прызначаны для поўнага апісання лексікі мовы і фіксацыі максімальнага аб’ёму словаўжыванняў.

Нарматыўныя слоўнікі адлюстроўваюць стандарт выкарыстання слова. Яны выключаюць няправільныя ўжыванні слоў, звязаныя з памылковым разуменнем іх значэнняў, і выпадкі, якія супярэчаць камунікатыўнай сітуацыі (сітуацыі выкарыстання літаратурнай мовы, дыялектнай мовы, жаргону адрозніваюцца, а іх змяшэнне з’яўляецца парушэннем нормы).

Найважнейшыя тлумачальныя слоўнікі:

“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ) у 5 тамах пад рэд. К.К. Атраховіча (Мн., 1977 – 1984; 97935 сл. арт.). Слоўнік – дэскрыптыўны, ён створаны на аснове фундаментальнай картатэкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, сабранай у сярэдзіне ХХ ст. шляхам франтальнага распісвання мастацкай, навуковай, тэхнічнай, публіцыстычнай і справавой літаратуры. Крыніцамі лексікі паслужылі таксама даведнікі па лексіцы і фразеалогіі літаратурнай і дыялектнай мовы, апрацаваныя тэксты вуснай народнай творчасці.

У слоўнік уключаны:

    агульнаўжывальная лексіка і фразеалогія, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх жанрах і стылях беларускай літаратурнай мовы;

    навуковыя тэрміны, якія ўжыты ў школьных падручніках, у навукова-папулярных выданнях і перыядычным друку;

    новыя словы, утвораныя з беларускіх каранёў і афіксаў або запазычаныя з іншых моў;

    іншамоўныя словы (экзатызмы), якія абазначаюць рэаліі, спецыфічныя для грамадскага жыцця, прыроды або побыту народаў былога СССР і замежжа;

    устарэлая лексіка, якая выкарыстоўваецца ў тэкстах мастацкай літаратуры;

    назвы сучасных народаў, а таксама гістарычна вядомыя назвы зніклых народаў і плямён, назвы жыхароў пэўных геаграфічных рэгіёнаў;

    геаграфічныя назвы, якія набылі пераноснае значэнне, гістарычныя, міфалагічныя і літаратурныя імёны, якія атрымалі абагульненае або сімвалічнае значэнне;

    лексічныя дыялектызмы, засведчаныя ў аўтарытэтных літаратурных крыніцах і інш.

“Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (ТСБЛМ) пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко (Мн., 1996, 4-е выд. 2005; больш за 65 тыс. сл. арт.). Крыніцамі слоўніка сталі фундаментальная картатэка Інстытута мовазнаўства АН Беларусі, лексікаграфічныя працы: “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (у 5 т.; Мн., 1977 – 1984), “Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (Мн., 1987), “Беларуска-рускі слоўнік” (у 2 т.; Мн., 1988 – 1989), а таксама мастацкія і публіцыстычныя тэксты 1980 – 1990-х гг.

У ТСБЛМ уключана шмат слоў, якія з’явіліся ў мове пасля выхаду ТСБМ: брокер, дыскета, імпічмент, істэблішмент, лецішча, маркетынг, мікрапрацэсар, трылер, файл і інш. У рэестр слоўніка не ўвайшлі шматлікія аддзеяслоўныя назоўнікі, зваротныя дзеясловы залежнага стану, прыставачныя дзеясловы, многія тэрміны, рэдкаўжывальная, устарэлая і дыялектная лексіка.

У 2016 г. ТСБЛМ у перапрацаваным выглядзе быў апублікаваны пад рэд. І.Л. Капылова. У параўнанні з папярэднімі выданнямі была папоўнена лексікаграфічная база і адбноўлены рэестр слоўніка за кошт увядзення актуальных для сучаснай мовы слоў: аповед, безнаяўны, выстава, гіпермаркет, гулец, дамафон, інтэрнэт, карыстальнік, клон, мікрахвалёўка, напой, снегавік, фітнес, хмарачос і інш. Унесены неабходныя ўдакладненні ў значэнні некаторых слоў, асобныя артыкулы цалкам зменены. Удакладнена граматычная характарыстыка некаторых слоў, аднастайна пададзены лічэбнікі і канчаткі назоўнікаў агульнага роду, прыведзены варыянты канчаткаў назоўнікаў роднага склону множнага ліку, уключана значная колькасць дзеясловаў без суфікса -ірава- і інш. (гл. табліцу 112).

Табліца 112

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (Мн., 2005)         Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (Мн., 2016)

     БЕЛАРУСЫ, -аў, адз. -ру́с, -а, м. 1. Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Беларусь. ‖  ж. белару́ска, -і, ДМ -ру́сцы, мн. -і, -сак. ‖ прым. белару́скі, -ая, ае. Беларуская мова.           БЕЛАРУСЫ, -аў, адз. -ру́с, -а, м. 1. Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Беларусь. 2. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь. ‖  ж. белару́ска, -і, ДМ -ру́сцы, мн. -і, -сак. ‖ прым. белару́скі, -ая, ае. Беларуская мова.

     ФО́РМА, -ы, мн. -ы, форм, ж. 1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета...              ФО́РМА, -ы, мн. -ы, форм і -аў, ж. 1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета...

Для вучняў агульнаадукацыйных устаноў прызначаны “Тлумачальны слоўнiк беларускай мовы: для сярэдняй школы” А.Я. Баханькова, I.М. Гайдукевiча, П.П. Шубы (Мн., 1966, 10-е выд. 2006; каля 7,5 тыс. сл. арт.), “Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы” Г.М. Малажай, Л.І. Яўдошынай (Мн., 2007; каля 4 тыс. сл. арт.), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для школьнікаў”  І.Л. Капылова, С.Я. Рапацэвіча (Мн., 2009; каля 8,5 тыс. сл. арт.) і інш.

Акрамя зводных тлумачальных слоўнікаў беларускай мовы, адрозніваюць аспектныя тлумачальныя слоўнікі. Так, у выданні “Беларускія прыназоўнікі і іх аналагі. Граматыка рэальнага ўжывання” М.І. Канюшкевіч (у 3 ч.; Гродна, 2008 – 2010; 9990 сл. арт.) рэестравыя словы апісваюцца ў семантычным, граматычным, функцыянальным аспектах і прапануецца прынцыпова новае разуменне прыназоўніка як морфасінтаксічнай катэгорыі.

 

2. Тлумачальныя слоўнікі дыялектнай мовы – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх сабрана і апісана лексіка пэўнай гаворкі, групы гаворак, дыялекту.

Асновай для стварэння такіх слоўнікаў з’яўляюцца: запісы дыялектнага маўлення ў выглядзе тэкстаў або адказаў на пытанні спецыяльных праграм-апытальнікаў, фальклорныя помнікі, часам творы мастацкай літаратуры. Характар крыніц абумоўлівае паўнату дыялектнага слоўніка. Асаблівасцю дыялектных слоўнікаў з’яўляецца лакалізацыя лексікі – суаднясенне з канкрэтным дыялектам; у слоўнікавы артыкул уключаецца інфармацыя пра зону пашырэння лексемы ці яе асобных значэнняў.

Па спосабе тлумачэння большасць дыялектных слоўнікаў адносяцца да слоўнікаў тлумачальнага тыпу (гл. табліцу 113).

Табліца 113

№    Крытэрый Віды слоўнікаў

1     Тэрыторыя ахопу лексікі     зводныя (прадстаўлена лексіка розных рэгіёнаў ці розных гаворак);

                 рэгіянальныя (прадстаўлена лексіка пэўнай гаворкі або групы гаворак).

2     Прынцып адбору лексікі      дыферэнцыяльныя (уключаюць лексіку, якая адсутнічае ў слоўніках літаратурнай мовы або ў дыялектнай мове мае асаблівасці марфемнай будовы, значэння); беларускія дыялектныя слоўнікі пераважна з’яўляюцца дыферэнцыяльнымі;

                 суцэльныя, або поўныя (змяшчаюць усю лексіку дыялекту, а таксама словы, агульныя для дыялекту і літаратурнай мовы).

3     Характар рэестра        сістэмныя (адлюстроўваюць лексічную сістэму безадносна да яе тэматычнага падзелу);

                 тэматычныя (дэманструюць лексіку адной тэматычнай групы).

Беларускімі мовазнаўцамі створана некалькі соцень дыялектных слоўнікаў, у якіх адлюстравана лексіка розных абласцей Беларусі.

Брэстчына: “Дыялектны слоўнік Брэстчыны” пад рэд. Г.М. Малажай і Ф.Д. Клімчука (Мн., 1989; каля 4,3 тыс. сл. арт.), “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” А.Ф. Зайкі (Слонім, 2011; каля 4 тыс. сл. арт.), прысвечаны мове жыхароў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна, “Сказана – звязана: матэрыялы да рэгіянальнага слоўніка Брэстчыны” В.М. Касцючык (Брэст, 2013; каля 1,5 сл. арт.) і інш.;

Віцебшчына: “Віцебскі краёвы слоўнік (матар’ялы)” М.І. Каспяровіча (Мн., 1927; 3-е выд. Смаленск, 2015; 9703 сл. арт.), “Brasławszczyzna. Pamęć i współczesność” (т. 2) пад рэд. Э. Смулковай  (Варшава, 2009; 26 тэматычных груп), “Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны” (у 2 ч.; Віцебск, 2012 – 2014; каля 10 тыс. сл. арт.), “Слоўнік Сенненшчыны” (у 3 т.; т. 1; Мн., 2013; каля 5 тыс. сл. арт.), “Мова Сенненшчыны: дыялектны слоўнік” (у 2 т.; Мн., 2015; каля 14 тыс. сл. арт.) і інш.;

Гомельшчына: “Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны” Т.С. Янковай (Мн., 1982; каля 7000 сл. арт.), “Матэрыялы да слоўніка гаворак Мазырскага Палесся” В.А. Купрэенкі і В.В. Шура (Мазыр, 1996; каля 850 сл. арт. у асн. частцы), “Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён” І.М. Кучука і А.К. Малюка (Мазыр, 2000; каля 2,5 тыс. сл. арт.) і інш.;

Гродзеншчына: “Дыялектны слоўнік: з гаворак Зэльвеншчыны” П.У. Сцяцко (Мн., 1970; больш за 2 тыс. сл. арт.), “Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны” П.У. Сцяцко (Гродна, 2005; больш за 2,5 тыс. сл. арт.), “Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці” Т.Ф. Сцяшковіч (Мн., 1972; каля 10 тыс. сл. арт.) і яе ж “Слоўнік Гродзенскай вобласці” (Гродна, 1983; каля 9 тыс. сл. арт.), “Скарбы народнай мовы: з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна” А.П. Цыхуна (Гродна, 1993; 2-е выд. 2014; каля 6,5 тыс. сл. арт. у асн. частцы), “Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны” пад рэд. М.А. Даніловіча і П.У. Сцяцко (Гродна, 1999; 2,2 тыс. сл. арт.) і інш.;

Магілёўшчына: “Дыялектны слоўнік” Ф.М. Янкоўскага (у 3 вып., Мн., 1959 – 1970; каля 5 тыс. сл. арт.) – уключае лексіку гаворак Глускага раёна, “Дыялектны слоўнік: з гаворак Мсціслаўшчыны” Г.Ф. Юрчанкі (Мн., 1966; 2170 сл. арт.), “Народная сінаніміка”  Г.Ф. Юрчанкі (Мн., 1969; 440 сл. арт. у асн. частцы), “Сучаснае народнае слова: з гаворкі Мсціслаўшчыны” Г.Ф. Юрчанкі (Мн, 1988; каля 3 тыс. сл. арт.), “Народнае вытворнае слова: з гаворкі Мсціслаўшчыны” Г.Ф. Юрчанкі  (у 3 вып., Мн., 1981 – 1985; каля 8 тыс. сл. арт.), “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” І.К. Бялькевіча (Мн, 1970; больш за 20 тыс. сл. арт.), “Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны” (у 2 вып., Мн, 1981 − 2005; больш за 3 тыс. сл. арт.), “Сучасная народная лексіка: з гаворкі Мсціслаўшчыны” Г.Ф. Юрчанкі (у 3 ч.; Мн., 1993 – 1998; каля 9 тыс. сл. арт.) і інш.;

Міншчына: “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” М.В. Шатэрніка (Мн., 1929; 3-е выд. Смаленск, 2015; каля 9 тыс. сл. арт.), “Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак” (у 3 ч.; Мн., 1970 – 1977; больш за 6 тыс. сл. арт.), “Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі” (у 2 т.; т. 1; Мн., 1990; каля 1,7 сл. арт.) і інш.

Па сваёй сутнасці гэтыя слоўнікі з’яўляюцца рэгіянальнымі, дыферэнцыяльнымі, сістэмнымі.

Лексічны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі сабраны ў працы У.В. Анічэнкі “Вопыт літаратурна-дыялектнага слоўніка беларускай мовы” (Гомель, 1999; 11630 сл. арт.). “Словарь народных говоров Брянщины” П.А. Растаргуева (Мн., 1973; каля 8 тыс. сл. арт.) адлюстроўвае лексіку гаворак, якія захоўваюць беларускую моўную аснову.

Найбольш буйнымі і аўтарытэтнымі публікацыямі з’яўляюцца 5-томныя “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (1979 – 1986; каля 40 тыс. сл. арт.) і “Тураўскі слоўнік” (Мн., 1982 – 1987; каля 20 тыс. сл. арт.).

“Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” ў 5 т. пад рэд. Ю.Ф. Мацкевіч з’яўляецца зводным, суцэльным, сістэмным дыялектным слоўнікам. Ён уключае матэрыял, сабраны на тэрыторыі, куды ўваходзяць заходнія арэалы асноўных беларускіх дыялектаў (паўночна-ўсходняга, паўднёва-заходняга), сярэднебеларускія гаворкі, часткова заходнепалеская група гаворак (Гродзешчына, частка Брэстчыны, Міншчыны, Віцебшчыны), а таксама беларуская лексіка памежных раёнаў Польшчы, Літвы, Латвіі.

“Тураўскі слоўнік” (рэгіянальны, дыферэнцыяльны, сістэмны) пад рэд. А.А. Крывіцкага з’яўляецца слоўнікам адной гаворкі – у ім апісваецца лексіка, пашыраная ў маўленні жыхароў 34 вёсак Столінскага і Жыткавіцкага раёнаў.

Мікраструктура дыялектных слоўнікаў можа складацца з наступных інфармацыйных зон (у залежнасці ад матэрыялу): 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. стылістычнай інфармацыі (пры патрэбе); 4) з. семантычнай інфармацыі; 5) з. функцыянальнай інфармацыі; 6) з. этымалагічнай інфармацыі (пры патрэбе – у “Слоўніку гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”); 7) з. ілюстрацый; 8) з. пашпартызацыі.

БАНБЭ́НАК(1) м.(2) муз.(3) Бубен.(4) У банбэнак стукаюць, ён бумбум.(7) Лайпушкі Ігн.(8); параўн. польск. bębenek памянш. да bęben ‘барабан’(6).

(“Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”)

БРУ́Й(1) м.(2) Хваляванне, рабізна.(4) Бруй на возеры бываіць – быта волначка ідзець.(7) Ахрэмаўцы Брасл.(8).

(“Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”)

ВУ́ГЛІКІ(1) мн.(2) Складкі (у ботах).(4) Ідзе жонка, у ее андарак мах, гармонікі вуглікамі на чоботах.(7) Сямігосцічы.(8) ∆ Н а  в у г л і к і.(5) У зборках (пра халявы).(4) Хачэнь(8).

(“Тураўскі слоўнік”)

У тэматычных дыялектных слоўніках лекcіка ўпарадкавана па пэўных сэнсавых групах, напр.: дзікая і свойская жывёла, дзікія і свойскія птушкі, паўзуны і земнаводныя, рыба і рак, насякомыя і ніжэйшыя.

Каралёк

Самая маленькая лясная птушка з шаравата-зялёным пер’ем на целе і аранжавым або жоўтым цемем.

Каралёк м. – Паст. (СПЗБ), вузёлчык м. – Нясв. (Мат. апыт.), блыха́ ж., блы́шка ж. – Стол. (ПБ), вало́ўе во́ка – Стол. (ПБ).

Лексікографамі Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створаны комплекс тэматычных слоўнікаў: “Жывёльны свет: тэматычны слоўнік” (Мн., 1999), “Раслінны свет: тэматычны слоўнік” (Мн., 2001), “Чалавек: тэматычны слоўнік” (Мн., 2006), “Сельская гаспадарка: тэматычны слоўнік” (Мн., 2010).

Дыялектная лексіка, якая сустракаецца ў фальклорных творах, тэкстах мастацкай літаратуры, адлюстравана ў слоўніках: “Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў” М.В. Абабуркі (Мн., 1979; каля 700 сл. арт.) і “Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры” (Мн., 1983; каля 3500 сл. арт.).

3. Тлумачальныя слоўнікі тэрмінаў – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх сістэматызуюцца моўныя адзінкі для абазначэння паняццяў спецыяльнай галіны ведаў або дзейнасці.

Сістэма тэрмінаў лінгвістыкі і сумежных дысцыплін прадстаўлена ў цэлым шэрага тэрміналагічных слоўнікаў: “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” А.Л. Юрэвіча (Мн., 1962; каля 1250 сл. арт.), “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” П.У. Сцяцко, М.Ф. Гуліцкага, Л.А. Антанюк (Мн., 1990; каля 1,5 тыс. сл. арт.), “Слоўнік пра камічнае: мовазнаўчы аспект” В.І. Рагаўцова (Магілёў, 2010; больш за 210 сл. арт.), “Слоўнік рытарычных тэрмінаў” Т.А. Казімірскай (Магілёў, 2012; каля 200 сл. арт.), “Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў” М.В. Абабуркі, Т.А. Казімірскай, В.М. Саўчанка (Магілёў, 2012; 1163 сл. арт.) і інш.

Макра- і мікраструктура тэрміналагічных слоўнікаў адрозніваецца ў залежнасці ад тыпу выданняў, іх адрасатаў і асаблівасцей аўтарскай канцэпцыі:

ДЭРЫВА́ЦЫЯ – утварэнне новых слоў ад дадзенага слова.

(“Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў”, Мн., 1962)

ДЭРЫВА́ЦЫЯ (лац. derivation – адвод, утварэнне) – утварэнне новых слоў пры дапамозе афіксаў ці бязафіксным спосабам ад існуючых слоў, асноў або каранёў паводле словаўтваральных мадэлей мовы; словаўтварэнне.

(“Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў”, Мн., 1990)

4. Слоўнікі мовы аўтара – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх падаюцца і тлумачацца словы, ужытыя ў творах пэўнага аўтара або асобным яго творы. Умоўна ў паняцце “слоўнік мовы пісьменніка” ўключаюцца таксама слоўнікі лексікі і фразеалогіі, выкарыстанай на старонках газет, часопісаў і інш.

Такія слоўнікі ствараюцца найперш на матэрыяле творчасці найбольш выдатных асоб у гісторыі нацыянальнай культуры. Слоўнікі мовы пісьменнікаў важныя для вывучэння стылю пісьменніка, гісторыі літаратурнай мовы той эпохі, калі працаваў пісьменнік, для вызначэння яго месца і ролі ў літаратурна-моўным працэсе.

Крыніцамі для “Слоўніка мовы Скарыны” У.В. Анічэнкі (у 3 т.; Мн., 1977 – 1994; каля 12 тыс. сл. арт.) сталі кнігі “Бібліі”, перакладзеныя Ф. Скарынам і надрукаваныя ў Празе ў 1517 – 1519 гг., прадмовы і пасляслоўі да кніг “Бібліі”, напісаныя Ф. Скарынам, а таксама іншыя выданні Ф. Скарыны (“Псалтыр”, 1517; “Апостал”, 1525).

У рэестр слоўніка ў алфавітным парадку ўключаны: формы Н. с. адз. л. скланяльных часцін мовы і множналікавыя назоўнікі, формы інфінітыва, формы дзеясловаў, якія адрозніваюцца трываннем, аднакратнасцю, шматкратнасцю, станам, а таксама прыназоўнікі, злучнікі, часціцы і прыслоўі, колькасныя, парадкавыя і зборныя лічэбнікі, уласныя імёны, геаграфічныя назвы і словы, вытворныя ад іх (т. 3) і інш.

Тыповы слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. семантычнай інфармацыі; 3) з. функцыянальнай інфармацыі; 4) з. ілюстрацый; 5) з. пашпартызацыі.

КОРЕНИЕ(1) зборн. да корень. 1. Карэнне.(2)  от винограда убо содомска ест вино ихъ, и корение ихъ отъ гоморы(4) Д 3 62(5); волъ снедаеть траву даже до самого корения(4) ЛК 48.(5) 2. Радаслоўе.(2) Корение народовъ гордыхъ усушилъ естъ богъ.(4) ІС 18б.(5) ◊ пустити корение:(3) прелюбодеевъ щепение не пустить корения глубоко.(4) ПБ 6б(5).

“Слоўнік мовы Янкі Купалы” (у 8 т.; Мн. – Гомель, 1997 – 2012; 31817 сл. арт.) змяшчае ўсе адлюстраваныя ў мове Янкі Купалы знамянальныя і службовыя словы беларускай мовы. Задачы слоўніка: зафіксаваць кожнае купалаўскае слова, паказаць частотнасць яго ўжывання, вызначыць семантычны аб’ём, падаць характэрныя выпадкі выкарыстання лексем і раскрыць іх функцыі ў мове Янкі Купалы, праілюстраваўшы адпаведнымі прыкладамі.

У першых шасці тамах змешчана апелятыўная лексіка. У шостым томе зарэгістравана анамастычная лексіка з твораў Янкі Купалы, прыведзена частотнасць ужывання і від наймення: персанаж, назва твора, гістарычная асоба, геаграфічны аб’ект і пад. Сёмы і восьмы тамы складае дадатак, у які ўвайшла лексіка з твораў Янкі Купалы, не ўключаных у збор твораў па цэнзурных меркаваннях.

Рэестр слоўніка ўтвараецца назоўнікамі (у тым ліку назоўнікамі-прыдаткамі, абрэвіятурамі, формамі суб’ектыўнай ацэнкі), прыметнікамі, дзеясловамі (у тым ліку дзеепрыметнікамі, дзеепрыслоўямі), прыслоўямі (у тым ліку формы суб’ектыўнай ацэнкі і формы ступеняў параўнання), займеннікамі, службовымі часцінамі мовы і выклічнікамі.

У “Тлумачальным слоўніку адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа” Г.У. Арашонкавай і Н.А. Чабатар (Мн., 2003; каля 1800 сл. арт.)  раскрываецца значэнне слоў, выкарыстаных Якубам Коласам у мастацкіх і публіцыстычных тэкстах, у дзённіках і лістах, але не зафіксаваных нарматыўнымі даведнікамі беларускай мовы.

 “Слоўнік лексічных варыянтаў у мове твораў Якуба Коласа” (Мн., 2012; каля 3200 сл. арт.) змяшчае разнастайныя відазмяненні аднаго і таго ж слова, якія выкарыстоўваюцца ў творах класіка і захоўваюць тоеснасць лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічнай структуры, але адрозніваюцца фанетычным афармленнем або формаўтваральнымі афіксамі.

“Слоўнік мовы Нашай Нівы (1906 – 1915)” В.П. Лемцюговай (у 5 т.; Мн., 2003 – 2015, т. 1 – 3, выданне працягваецца) адлюстроўвае лексіку і фразеалогію, якая выкарыстоўвалася на старонках газеты. У першыя чатыры тамы ўключана агульная лексіка і фразеалогія ў поўным аб’ёме. Пяты том павінен змясціць уласныя імёны, прозвішчы, псеўданімы, назвы населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў. У рэестр слоўніка ўвайшлі ўсе фанетычна-арфаграфічныя, фанетычна-марфалагічныя, марфалагічныя, словаўтваральныя, графіка-арфаграфічныя варыянты слоў. Матэрыяльнай базай для слоўніка стала 300-тысячная картатэка, створаная шляхам суцэльнага распісвання тэкстаў.

Тыповы слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. частотнай інфармацыі; 3) з. граматычнай інфармацыі; 4) з. стылістычнай інфармацыі; 5) з. семантычнай інфармацыі (значэнне); 6) з. функцыянальнай інфармацыі; 7) з. ілюстрацый; 8) з. пашпартызацыі.

Вячысты(1) (10)(2) прым.(3) Паэт.(4) Векавечны; векавы.(5) Вышле сонца сказ вячысты – Ў свет прывет сваім звычаем: З Першым маем! З Першым маем!(7) З Першым маем IV 380(8). Насельнікаў зямлі вячыстай, Што звыкліся ў крыві купацца, Сярпом і молатам агністым Зраўнуеш, дыктатура працы.(7) Дыктатура працы IV 184(8).

◊ Спаць сном вячыстым(6) гл. Спаць.

Адз. м. Р. вячыстага: IV  455. В. вячысты: IV 380. Т. вячыстым: ІІ 89; ІІІ 95. М. вячыстым: VII 60. ж. Р. вячыстай: IV 184. Т. вячыстай: V 184. М. вячыстай: ІІ 48. н. Т. вячыстым: ІІІ 59; IV 32(3, 6).

(“Слоўнік мовы Янкі Купалы”)

БАЦЯН (2), БАТЯН(1, 2) м.(3) Заал.(4) Бусел.(5) Бацян меле, бацян меле, а крук засыпае, А верабейчык, добры хлопчык муку адбірае.(7) 1908, №24, с. 8. Народная песня(8).

(“Слоўнік мовы Нашай Нівы (1906 – 1915)”)

6. Слоўнікі неалагізмаў – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх прадстаўлены неалагізмы – словы, якія нядаўна з’явіліся ў мове, а таксама новыя значэнні, што развіліся ў існуючых слоў і не ўключаны ў тлумачальныя слоўнікі літаратурнай мовы.

“Слоўнік новых слоў беларускай мовы” В.І. Уласевіч і Н.М. Даўгулевіч (Мн., 2009; каля 4500 сл. арт.) змяшчае новую лексіку (пераважна запазычаную), не адлюстраваную ў пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”, семантычныя неалагізмы, лексіку 1920-х гг., якая пачала актыўна выкарыстоўвацца ў сучаснай мове: адсотак, амбасада, закладнік, маклер, пабытовы, спампаваць, флаер, чаўнок і інш.

ДЗЯРЖА́ЎЦА, -ы, м. Той, хто кіруе дзяржавай. Герцаг Гацье стаў дзяржаўцам Фларэнцыі. ЛІМ. 1996. №48. С. 3. // *РБС-24.

Своеасаблівым працягам гэтай працы стаў “Беларуска-рускі тлумачальны слоўнік новых слоў і новых значэнняў слоў” В.І. Уласевіч і Н.М. Даўгулевіч (Мн., 2013; каля 4200 сл. арт.). У ім лексікаграфічнае апісанне слова пашырана за кошт увядзення зоны перакладу (гл. табліцу 114).

Табліца 114

Слоўнік новых слоў беларускай мовы

(Мн., 2009)       Беларуска-рускі тлумачальны слоўнік новых слоў і новых значэнняў слоў

(Мн., 2013)

ЛАЗА́ННЯ, -і, ж. (іт. lasagnia). Нацыянальная італьянская страва на аснове макароны. ЛАЗА́ННЯ, -і, ж. (іт. lasagnia) (нацыянальная італьянская страва на аснове макароны) лаза́нья, -и, ж.

 “Словаклад: слоўнік адметнай лексікі” А.А. Каўруса (Мн., 2013; 2940 сл. арт.) уключае беларускую лексіку, якая шырока ўжываецца ў сучаснай мастацкай і публіцыстычнай літаратуры, аднак не была прадстаўлена ў акадэмічных слоўніках: актыўнік, выступ, гатэль, грудок, жвіроўня, жыццярыс, заляцанак, зіхуткі, кнігар, кутнік, майдан, набожнік, паганяч, покліч, фундаваць і інш.

НЕСМАЧ, -ы, ж.; перан. Безгустоўнасць. Думалася паглядзець добры спектакль, каб перабіць несмач банальных пастановак, абавязкова дыхнуць паветрам мастацтва дзе-небудзь у музеі… (М. Лужанін).

Крыніцамі выбаркі паслужылі матэрыялы прэсы 1990 – 2008 гг., а таксама тэксты, змешчаныя ў сетцы інтэрнэт.

7. Гістарычныя слоўнікі – тып семантычных лексемных слоўнікаў, мэта якіх – адлюстраваць гісторыю слоў на ўсім працягу іх існавання ў мове. У гістарычных слоўніках рэгіструецца фанетычная, графічная, марфалагічная варыянтнасць слова, асноўныя змяненні ў яго семантыцы і прагматычных характарыстыках (ступень выкарыстальнасці, пашыранасць у розных падсістэмах мовы, стылістычная прыналежнасць і інш.).

Адрозніваюцца два тыпы гістарычных слоўнікаў: слоўнікі сінхроннага (гарызантальнага) зрэзу і дыяхранічныя слоўнікі. Слоўнікі сінхроннага зрэзу апісваюць лексіку пэўных перыядаў гісторыі мовы. У іх больш падрабязна прасочваецца дынаміка функцыянавання слова. Да слоўнікаў гэтага тыпу адносяцца: “Слоўнік беларускай літаратурнай мовы ХІХ ст.” А. Макміліна (Лондан, 1973), “Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя” Н.М. Сянкевіч (Мн., 2015).

Гістарычным у поўным сэнсе гэтага тэрміна быў бы такі слоўнік, які даваў бы гісторыю ўсіх слоў на працягу пэўнага прамежку часу, пачынаючы з той або іншай пэўнай даты або эпохі, прычым указвалася б не толькі ўзнікненне новых слоў і новых значэнняў, але і іх адміранне, а таксама відазмяненне (Л.У. Шчэрба).

Дыяхранічныя слоўнікі маюць шырокія храналагічныя межы і ўзнаўляюць гісторыю слова на працягу значных перыядаў развіцця мовы. Дыяхранічным з’яўляецца “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (вып. 1 – 36; Мн., 1982 – 2016; выданне працягваецца), які змяшчае лексіку, што ў XIV – пачатку XVIII ст. ужывалася ў сферах бытавога, грамадска-палітычнага, юрыдычнага, сацыяльна-эканамічнага, прафесійна-вытворчага, гаспадарчага, ваеннага, навуковага, культурнага, рэлігійнага жыцця беларускага народа. Крыніцамі матэрыялу сталі старабеларускія арыгінальныя і перакладныя пісьмовыя помнікі – дагаворы, граматы, канцылярска-юрыдычныя дакументы, статуты, летапісы, хронікі, хранографы, воінскія і рыцарскія раманы і аповесці, мемуарная, публіцыстычная, навуковая і рэлігійная літаратура.

Поўны слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі, 2) з. граматычнай інфармацыі, 3) з. семантычнай інфармацыі, 4) з. ілюстрацый, 5) з. функцыянальнай інфармацыі, 6) з. пашпартызацыі.

Напавати, напавать(1) дзеясл.(2) Паіць.(3) Сuхими рыбъками кормил водою напавал та их чвичил(4) (Зб. 261, 146б)(6); прищли дочки попа мадианского… напавати wвец до wнои стuдни(4) (Бельск., 41б)(6) <…>. ◊ Н а п а в а т и  п л а ч у(5) – выклікаць слёзы, жаль.(3) Домовыхъ всhхъ, подрuчныхъ и насъ напаваетъ Горкопам#тливого пелынного плачu(4) (Лям., 8)(6).

“Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі” (у 2 т.; Мн., 2013; каля 24 тыс. сл. арт.) створаны на аснове картатэкі “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”. У ім тлумачыцца найбольш актуальная, шырокаўжывальная частка зарэгістраваных у картатэцы назоўнікаў, якія выконвалі ў старабеларускай мове камунікатыўную функцыю. У “Падручны слоўнік…” не ўвайшлі: а) словы вузкага, пераважна кніжнага ўжытку; б) іншамоўныя запазычанні; в) асабовыя найменні, утвораныя ад этнонімаў, тапонімаў, антрапонімаў, не звязаныя з асвятленнем паўсядзённага жыцця ў Вялікім Княстве Літоўскім.

У “Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы” (Мн., 2015; каля 30 тыс. сл. арт.) А.М. Булыкі ўключана старабеларуская лексіка, якая была прадстаўлена ў мове канцылярска-юрыдычных, актавых дакументаў і арыгінальных твораў XIV – пачатку XVIII ст. У адрозненне ад “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, у рэестр не трапілі словы вузкага, пераважна кніжнага ўжытку (аполексия ‘назва кнігі’, одигитрия ‘назва іконы Багародзіцы’, кипотафионъ ‘надмагільны помнік’ і інш.), іншамоўныя ўкрапванні (адаръ ‘сакавік’, квинтиль ‘ліпень’, принцепсъ ‘кіраўнік’ і інш.), онімная лексіка, а таксама вытворныя ад яе прыметнікі (гл. табліцу 115).

Табліца 115

Гістарычны слоўнік беларускай мовы

(1982 – 2014)    Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі (2013)         Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы (2015)

Пральня наз. Пральня. пральню, выгоны, водлуг ревизыи Богдана Сапеги, при мhстh нашомъ мhщаномъ Новгородскимъ права Майдебурского зоставуемъ (АЮЗР, І, 279, 1598).       Пральня – пральня: пральню, выгоны…мhщаномъ Новгородскимъ права Майдебурского зоставуемъ (АЮЗР, І, 279, 1598). Пральня гл. прати

Прати мыць: речку переходил в которой девки хусты прали (Пралог, 534б). – Выпирати, выпрание, выпрати (выпратити), выпратненье, исперетися, исправший, перучий, пирати, пральня, пранье, прачка, прачъ, спрати (изопрати, исперети, испрати, сопрати, сперети), сопрание.

Канцылярска-юрыдычная, грамадска-палітычная, сацыяльна-эканамічная, канфесійная, бытавая, ваенная, прыродазнаўчая лексіка старабеларускай мовы адлюстравана ў выданні “Старабеларускі лексікон: падручны перакладны слоўнік”  М.Р. Прыгодзіча і Г.К. Цівановай (Мн., 1997; больш за 6000 сл. арт.) і ў “Падручным слоўніку старабеларускай літаратурнай мовы” А.С. Дзядовай і В.Э. Зіманскага (Віцебск, 2004; каля 4000 сл. арт.).

Узорам апісання лексікі адной пэўнай сферы ў гістарычным аспекце з’яўляецца “Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы” І.У. Будзько (Баранавічы, 2003; каля 4 тыс. сл. арт.).

8. Этымалагічныя слоўнікі – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх змяшчаюцца асноўныя звесткі пра паходжанне і гісторыю развіцця слоў адной мовы ці групы або сям’і роднасных моў.

Адрозніваюць 2 тыпы этымалагічных слоўнікаў: навуковыя (поўныя) і папулярныя (кароткія, школьныя).

Навуковы слоўнік характарызуецца максімальна шырокім рэестрам, дакладным аналізам розных пунктаў гледжання на этымалогію пэўнага слова, наяўнасцю бібліяграфіі. У іх фіксуецца першаснае значэнне слова, узнаўляецца яго архаічная форма, паказваецца, як утварылася слова, якая прымета ляжыць у яго аснове і г. д. Кожны артыкул будуецца як разгляд этымалогіі аднаго слова (каранёвага або вытворнага).

Папулярны слоўнік мае абмежаваны рэестр, вызначаецца агульнадаступным выкладам слоўнікавых артыкулаў, адсутнасцю бібліяграфічных спасылак.

Беларуская лексіка ўпершыню была ўключана ў “Корнеслов русского языка, сравненного со всеми главнейшими славянскими наречиями и с двадцатью четырьмя иностранными языками” Ф.С. Шымкевіча (СПб., 1842) і ў “Этымалагічны слоўнік славянскіх моў” Ф. Міклашыча (Вена, 1886).

Праца над шматтомным “Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы” пачалася ў сектары агульнага і славянскага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР у 1966 г. (В.У. Мартынаў, А.Я. Супрун, Г.А. Цыхун, Р.У. Краўчук, А.Я. Міхневіч і інш.), першы том выйшаў у 1978 г. Слоўнік адлюстроўвае: а) словаўтваральныя і семантычныя архаізмы; б) новыя з’явы ў мове (у тым ліку, тэрытарыяльна абмежаваныя); в) запазычаную лексіку; г) экспрэсіўную лексіку; д) інфармацыю пра геаграфічнае пашырэне лексікі. Крыніцамі для стварэння выдання сталі больш за 120 слоўнікаў, манаграфій, навуковых артыкулаў, апублікаваных у ХІХ – ХХ стст. “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” мае важнае значэнне не толькі для нацыянальнага мовазнаўства, але і для славянскай лінгвістыкі ўвогуле.

Слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) зоны намінацыі; 2) зоны гістарычна-словаўтваральнай інфармацыі; 3) зоны пашпартызацыі.

Агрэ́ст(1) ст.-бел. агрестъ (1722)(2) (Булыка, Запазыч.)(3) з польск. agrest(2) (Рыхардт, Poln., 29; Кюнэ, Poln., 39)(3), якое з італ. agresto(2) (Брандт, РФВ, 18, 19; Брукнер, PF, 7, 172; Фасмер, 1, 61; Саднік – Айцэтмюлер, 1, 13)(3).

Сыгне́т(1) ‘пярсцёнак з пячаткай’(2) (Нас., Сцяшк.)(3), сыгнэ́т ‘тс’(2) (Касп.)(3), ‘залаты пярсцёнак’(2) (маладз., Гіл.)(3). Ст.-бел. сыкгнетъ (сегнетъ, сегнитъ, секгнетъ, сигнетъ, сыгнетъ) ‘тс’ з 1498 г., запазычанне са ст.-польск. sygnet (XV ст.), якое з с.-лац. signetum(2) (Булыка, Лекс. Запазыч., 34)(3), што да лац. signum ‘знак’(2) (Брукнер, 528)(3).

Па сваім змесце слоўнікавыя артыкулы могуць быць рознымі ў залежнасці ад этымалагічнага “характару” слова з аднаго боку і існуючай літаратуры па яго паходжанні з другога. У зоне гістарычна-словаўтваральнай інфармацыі паказваецца сфера пашырэння і характар пераафармлення слова ў розных мовах. Гэта важна для вызначэння шляхоў пранікнення слова ў беларускую мову, для акрэслення геаграфіі новых слоў, этымалогіі розных варыянтаў аднаго і таго ж слова, характэрных прыёмаў апрацоўкі т. зв. інтэрнацыяналізмаў у асобных славянскіх мовах.

Паходжанне слоў, агульных для беларускай мовы з іншымі ўсходнеславянскімі мовамі, можна ўдакладніць па выданнях, падрыхтаваных рускімі, украінскімі, нямецкімі і інш. лінгвістамі: “Этимологический словарь славянских языков: праславянский лексический фонд” (вып. 1 – 39; М., 1974 – 2014; выданне працягваецца),“Этимологический словарь русского языка” М. Фасмера (т. 1 – 4; М., 1964 – 1973; 4-е выд. 2009), “Этимологический словарь русского языка” пад рэд. М.М. Шанскага (да 1999), А.Ф. Жураўлёва (з 1999) (вып. 1 – 10; М., 1963 – 2007; выданне працягваецца), “Историко-этимологический словарь современного русского языка” П.Я. Чарных (у 2 т.; М., 1993; 5-е выд. 2002); “Етимологічний словник української мови” Я.-Б.А. Рудніцкага (у 2 т.; Вініпег, 1962 – 1982), “Етимологічний словник української мови” (у 8 т.; т. 1 – 7; Кіеў, 1982 – 2012) і інш.

9. Слоўнікі лексічных формаў  – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх аб’ектам апісання з’яўляюцца групы слоў, аб’яднаных адносінамі фармальнай або семантычнай тоеснасці (амонімы, сінонімы), падабенства (паронімы),  апазіцыйнасці (антонімы).

У слоўніках амонімаў з рознай ступенню падрабязнасці прадстаўлены лексічныя адзінкі, якія супадаюць па форме, але адрозніваюцца па значэнні. Зона семантычнай інфармацыі для слоўнікаў амонімаў абавязковая, паколькі дазваляе паказаць адрозненне паміж амонімамі.

“Слоўнік амонімаў беларускай мовы” В.Д. Старычонка (Мн., 1991; каля 1265 тыс. сл. арт.) створаны на аснове лексікі, зафіксаванай у акадэмічных перакладных, этымалагічных і тлумачальным слоўніках, а таксама дыялектных слоўніках І.К. Бялькевіча, М.І. Каспяровіча, М.В. Шатэрніка, Р. Яўсеева, “Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” і інш. Кожны артыкул змяшчае пары ці групы амонімаў з разгалінаванай сеткай значэнняў, даецца ўказанне на колькасць кампанентаў аманімічнай пары. Індэкс паказвае на спосаб утварэння амонімаў. У канцы слоўніка размешчаны “Індэксавы паказчык тыпаў амонімаў і іх суаднесенасці з рознымі часцінамі мовы”.

ВЕРХАВО́ДКА 1 – 2, тып ІІІ1

Верхаводка1 ж. Заправіла, важак. Верхаводка кіруе ўсімі, вядзе за сабой.

Верхаводка2 ж. Вада, якая залягае недалёка ад зямной паверхні. Яма запоўнілася верхаводкай.

Слоўнікі сінонімаў прызначаны для сістэматычнага апісання сінанімічных груп, радоў, парадыгмаў, характэрных для слоўнікавага складу мовы.

“Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М.К. Клышкі (Мн., 1976; 3-е выд. 2005; каля 1900 сл. арт.) уключае агульнаўжывальную лексіку, размоўна-бытавыя словы, фраземы, устойлівыя адзінкі і інш. Матэрыял згрупаваны па сінанімічных радах. Пасля дамінанты прыводзяцца стылістычна нейтральныя сінонімы і блізказначныя словы. Потым пералічваюцца сінонімы і блізказначныя словы, што належаць да гутарковага стылю, кніжныя, устарэлыя, народна-паэтычныя адпаведнікі і словы, якія ўжываюцца жартоўна, іранічна, у пераносным сэнсе. Сінонімы і блізказначныя словы ілюструюцца прыкладамі.

“Слоўнік сінонімаў беларускай мовы” С.М. Шведава (Мн., 2004; каля 10400 сл. арт.) уключае лексіку сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Значнае месца ў ім займаюць навуковыя тэрміны, устарэлыя словы, іншамоўная лексіка і неалагізмы. Аўтар дастаткова шырока і вольна разумее паняцце “сінонімы” і не пацвярджае прыведзены матэрыял прыкладамі з літаратурных тэкстаў (гл. табліцу 116).

Табліца 116

“Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М.К. Клышкі (1976)       “Слоўнік сінонімаў беларускай мовы” С.М. Шведава (2004)

КУХАР, ПОВАР, КУЛІНАР / у вайсковай часці ці ў рабочай арцелі: КАШАВАР.

Рыбу нам засмажыць кухар. А. Вялюгін.

Добры повар і з карэння зварыць смачну страву. М. Засім.

Чарга выпадала Андрэю на гэты раз быць кулінарам, але Сава не даваў яму дакрануцца да гаршка. П. Пестрак.

Вось мы зараз да кашавара: “Так і так – давай афіцэрскую яду хворым салдатам…” Кандрат Крапіва.      ку́хар ● кухмістр (гіст.), кухарчык, кашавар, кашапар, повар, паварчук.

◊ Панскі кухар…

У “Слоўніку паронімаў беларускай мовы” С.М. Грабчыкава (Мн., 1994; каля 1420 сл. арт.) сабраны групы слоў, падобныя па марфалагічным складзе, але адрозныя па семантыцы. Крыніцамі матэрыялу паслужылі “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5 т., а таксама акадэмічныя перакладныя (руска-беларускі і беларуска-рускі) слоўнікі.

УЗМЕЖАК // УЗМЕЖЖА

Узме́жак. Край мяжы; мяжа.

На ўзмежках палеткаў чырванеюць буйныя ягады шыпшыны. Я. Брыль.

Узме́жжа. Неўзараная зямля паміж палеткамі.

А ў сад зайдзі узмежжам да рабін – гараць, ірдзеюць на марозе. А. Пысін.

У “Слоўніку антонімаў беларускай мовы: канкрэтныя выпадкі ўжывання” У.М. Лазоўскага (Мн., 1994; 625 сл. арт.) прадстаўлены антанімічныя пары слоў, паказана залежнасць антанімічных сувязей ад кантэксту. Значэнні антонімаў тлумачацца і ілюструюцца прыкладамі з мастацкай літаратуры, публіцыстыкі і перыядычнага друку, а таксама фраземамі, прыказкамі і прымаўкамі.

ЦВІСЦІ – ВЯНУЦЬ

Паступова раскрывацца пялёсткам бутона.  Паступова высыхаць і ападаць пялёсткам бутона

Цвісці (вянуць) кветцы.

Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі на высокіх сцёблах (Чорны).

У апошнія дзесяцігоддзі ў беларускім мовазнаўстве акрэслілася тэндэнцыя да ўкладання комплексных слоўнікаў лексічных формаў, у якіх прадстаўлены розныя групы лексікі, напр.: “Слоўнік лексічных формаў: сінонімы, амонімы, антонімы, паронімы, амографы, амафоны” Я.І. Хвалея і У.В. Шарпілы (Мн., 2004; каля 650 сл. арт.), “Беларуска-рускі слоўнік: міжмоўныя амонімы, паронімы і полісемія” В.А. Выхота (Мн., 2004; каля 2,2 тыс. сл. арт.), “Слоўнік беларускай мовы: амафоны, амаформы, амографы, амонімы, антонімы, паронімы, сінонімы” А.Л. Баршчэўскай і Р.І. Шастак (Мн., 2006; больш за 2 тыс. сл. арт.), “Комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы: сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы” Л.М. Гамеза (Мн., 2008; каля 500 сл. арт.) і інш. Многія з такіх выданняў з’яўляюцца механічным аб’яднаннем пад адной вокладкай канцэптуальна розных слоўнікаў і вылучаюцца адсутнасцю адзінага лексікаграфічнага падыходу.

10. Слоўнікі скарачэнняў – тып семантычных лексемных слоўнікаў, у якіх апісваюцца разнастайныя абрэвіятуры – назоўнікі, утвораныя з усечаных слоў або ўсечаных кампанентаў зыходнага складанага слова.

У акадэмічным “Руска-беларускім слоўніку скарачэнняў” (у 2 т.; Мн., 1996; каля 23 тыс. сл. арт.) прадстаўлены розныя тыпы ўтварэнняў: ініцыяльныя скарачэнні (ІМР – Інстытут мінеральных рэсурсаў), складанаскарочаныя складовыя словы (ваенкамат – ваенны камісарыят), складанаскарочаныя словы змешанага тыпу (БелСЭ – Беларуская Савецкая Энцыклапедыя), запазычаныя скарачэнні (Бі-бі-сі – англ. ВВС – British Broadcasting Corporation), умоўныя графічныя скарачэнні простых і складаных слоў (ст. – стагоддзе, а/п − аэрапорт) і інш.

Ва ўмовах сусветнай глабалізацыі важнае значэнне для міжмоўнай камунікацыі ў розных сферах маюць слоўнікі, у якіх уваходнай мовай з’яўляецца англійская, напр.: “Англійска-беларускі слоўнік скарачэнняў” Ю.М. Кардубан (Мн., 2010; каля 8,5 тыс. сл. арт.), “Англа-руска-беларускі слоўнік асноўных скарачэнняў у галіне інфармацыйных тэхналогій для студэнтаў, выкладчыкаў, спецыялістаў” П.Ю. Бранцэвіча і А.С. Кабайлы (Мн., 1996; каля 600 сл. арт.), “Англа-руска-беларускі слоўнік асноўных скарачэнняў у галіне інфарматыкі” А.С. Кабайлы і Н.Я. Савіцкай (Мн., 2009; каля 600 сл. арт.) і інш.

11. Анамастычныя слоўнікі – тып лексемных слоўнікаў, у якіх фіксуюцца розныя віды асабовых найменняў.

Тапанімічныя слоўнікі ўтрымліваюць геаграфічныя назвы – найменні водных аб’ектаў (гідронімы), асабовыя імёны ўнутрыгарадскіх аб’ектаў (убанонімы), назвы сельскіх паселішчаў (камонімы) і г. д. Антрапанімічныя слоўнікі змяшчаюць асабовыя найменні чалавека  (прозвішчы, уласныя імёны, імёны па бацьку і інш.).

Беларускія антрапонімы (уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы) зафіксаваны ў працах М.В. Бірылы “Беларуская антрапанімія” (ч. 1 – 3; Мн., 1966 – 1982).

Уласныя імёны ў розных аспектах апісаны ў выданнях М.Р. Судніка “Слоўнік асабовых уласных імён” (Мн., 1965; 2-е выд. 2005; больш за 2,5 тыс. сл. арт.), Г.К. Усціновіч “Слоўнік асабовых уласных імён” (Мн., 2011; каля 2,5 тыс. сл. арт.), І.Я. Яшкіна “Слоўнік беларускіх імёнаў” (Мн., 2009; больш за 2 тыс. сл. арт.) і “Слоўнік беларускіх імёнаў і сямейна-родавых паняццяў” (Мн., 2013; больш за 2 тыс. сл. арт.), а таксама ў калектыўным “Анамастычным слоўніку твораў Якуба Коласа” (Мн., 1990; каля 6 тыс. сл. арт.). Беларускія ўласныя імёны з іх адпаведнікамі ў рускай мове падаюцца ў “Слоўніку асабовых уласных імёнаў” У.А. Сарокі (Мн., 2000; каля 2780 сл. арт.).

Адзіным слоўнікам, дзе пад адной вокладкай сабраны псеўданімы і крыптанімы беларускіх пісьменнікаў, з’яўляецца “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХVІ – ХХ стст.)” Я. Саламевіча (Мн., 1983; каля 5 тыс. сл. арт.).

Слоўнікавы артыкул навуковага антрапанімічнага слоўніка можа ўключаць граматычную, этымалагічную, частотную, функцыянальную, семантычную інфармацыю пра ўласныя імёны:

ЦІХАН, канан. правасл. Тихон. Вытворныя: 1) ад асновы Ціхан з суфіксамі -ец, -ка, -яка: Ціханец, Ціханка, Ціханяка; 2) ад усечанай асновы Ціх- з суфіксамі -ja, -ька: Ціша, Цішка. Зарэгістравана Ціхан Бр. в. Драг., Ів., Кам. (45), Лун., Малар., Пін.; Мін. в. Люб. (27), Мал. Ціханец Бр. в. Кобр. Ціханка Бр. в. Драг., Ів., Пін. Ціханяка Бр. в. Ів. Ціша Бр. в. Малар. Цішка Бр. в. Бар. У XVI – XVIII стст. Тихон, Тифон (па адной фіксацыі), Тиш (4), Тиша (4), Чышка, Тихно (3) БА І 161.

(“Беларуская антрапанімія” М.В. Бірылы)

Слоўнікі, прызначаныя для масавага чытача, маюць спрошчаную мікраструктуру:

Цíхан (разм. Ціхо́н, Цíшка)

Цíханавіч, Цíханаўна – Ти́хон

(“Слоўнік асабовых уласных імён” М.Р. Судніка)

Цíхан, Цíханавіч, Цíханаўна       Ти́хон, Ти́хонович, Ти́хоновна

(“Слоўнік асабовых уласных імёнаў” У.А. Сарокі)

Тапонімы Беларусі сабраны ў цыклах выданняў Я.Н. Рапановіча “Слоўнік назваў населеных пунктаў…” (па абласцях; Мн., 1977 – 1986), у працы В.А. Жучкевіча “Краткий топонимический словарь Белоруссии” (Мн., 1974), а таксама ў дзясятках іншых лексікаграфічных выданняў: “Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны” (ч. 1; Гродна, 2005; каля 10,5 тыс. сл. арт.), “Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны” В.І. Рагаўцова і С.Я. Кечык (Магілёў, 2000; каля 6 тыс. сл. арт.), “Айканімія Гомельшчыны” Н.А. Багамольнікавай і А.А. Станкевіч (Гомель, 2003; каля 3,8 тыс. сл. арт.), “Віцебшчына ў назвах вуліц” Г.М. Мезенка (у 2 ч.; Віцебск, 2008; каля 5,5 тыс. сл. арт.), “Назвы азёр Беларусі” С.У. Шахоўскай (Мн., 2014; 3746 сл. арт.) і інш.

Значным набыткам беларускай лексікаграфіі з’яўляецца шасцітомны слоўнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” пад рэд. В.П. Лемцюговай (па абласцях; Мн., 2003 – 2010). Слоўнікавы артыкул у ім складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) зона намінацыі, 2) зона ідэнтыфікацыі, 3) зона граматычнай інфармацыі; 4) зона эквівалентаў.

Тып па-селішча Назва на беларус-кай мове   Род

(лік) Парадыгма скланення Транслітарацыя на лацінку  Назва на рускай мове

п.(2)         Граза(1)     ж.(3) -зы, -зой і -зою, -зе́(3)  Hraza(4)     Гроза(4)

п.(2)         Межы(1)    мн.(3)         Меж і Межаў,

-жамі, -жах(3)   Mieży(4)     Межи(4)

12. Слоўнікі ўстарэлых слоў – тып функцыянальных лексемных слоўнікаў, у якіх адлюстравана лексіка, што выйшла з актыўнага выкарыстання.

Слоўнікі ўстарэлых слоў з’яўляюцца тлумачальнымі: рэестравыя адзінкі суправаджаюцца лексічна-граматычнай характарыстыкай: як правіла, указваецца род, лік, зборнасць назоўніка, трыванне дзеяслова і інш., некаторыя словы маюць стылістычную характарыстыку.

“Слоўнік устарэлых слоў беларускай мовы” А.В. Макарэвіча (Брэст, 2005; каля 3500 сл. арт.) створаны на аснове беларускіх лексікаграфічных прац другой паловы ХХ ст. У рэестр уключаны самастойныя часціны мовы (назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі), а таксама выклічнікі, прыназоўнікі і часціцы. У слоўніку апісваюцца ўстарэлыя словы (азбукоўнік, войт, інсургент і інш.), устарэлыя значэнні слоў (галава, жывот, прапаршчык і інш.), устарэлыя “неалагізмы-саветызмы” (акцябрыны, лікбез, наркамат і інш.), устарэлыя формы слоў (гэст, кроніка, магнэс і інш.).

У “Слоўніку архаізмаў і гістарызмаў (па творах беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі)” С.М. Струкавай (Мн., 2007; каля 5 тыс. сл. арт.) фіксуюцца ўстарэлыя словы, вызначаецца іх семантычны аб’ём, прыводзяцца канкрэтныя выпадкі ўжывання лексем у тэксце. Матэрыялам для слоўніка паслужылі творы мастацкай і публіцыстычнай літаратуры ХІХ – ХХ ст., а таксама асобныя тэксты эпісталярнага жанру. У слоўнік уключаны выкарыстаныя ў мастацкіх і публіцыстычных творах самастойныя часціны мовы: назоўнікі (у т.л. уласныя назвы, абрэвіятуры, формы суб’ектыўнай ацэнкі), дзеясловы (формы незакончанага і закончанага трывання, дзеепрыметнікі), прыметнікі, прыслоўі, лічэбнікі.

Тыповы слоўнікавы артыкул у слоўніках устарэлай лексікі складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. стылістычнай інфармацыі; 4) з. семантычнай інфармацыі; 5) з. ілюстрацый; 6) з. пашпартызацыі; 7) з. функцыянальнай інфармацыі.

Каза́льніца(1), -ы, ж.(2) (уст.)(3). Амбон(4).

Саўнарга́с(1), -а, м.(2) (савет.)(3). Скарачэнне: Савет народнай гаспадаркі(4).

(“Слоўнік устарэлых слоў беларускай мовы”)

Борка(1) ж.(2) (разм.)(3). Бітва.(4) Ці харобраму князю Мсціславу, Што ў борцы зарэзаў, як згледзеў, Перад войскам касожскім Радзедзю(5) (Я.Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 249)(6).

Панюх(1) м.(2) Драбок табакі.(4)

◊ Ні за панюх табакі (прапасці, гінуць і пад.)(7) – дарэмна, нізавошта.(4) З легіянерамі вы лёгка справіліся. А тут армія, і не абы-якая армія. Дубальтоўкамі яе не спыніш. Пакласці лепшых людзей ні за панюх табакі – карысці мала(5) (С.Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка – ЭСФ, 269)(6).

(“Слоўнік архаізмаў і гістарызмаў (па творах беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі)”)

13. Слоўнікі эпітэтаў – тып функцыянальных лексемных слоўнікаў, у якіх адлюстраваны вобразныя азначэнні. Крыніцай матэрыялу для існуючых слоўнікаў эпітэтаў беларускай мовы сталі мастацкія і публіцыстычныя творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ – пачатку ХХІ ст., а таксама сучасныя перыядычныя і лексікаграфічныя выданні.

 “Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы” М.П. Пазнякова (Мн., 1988; 418 сл. арт.) рэгіструе агульнамоўныя, народна-паэтычныя і індывідуальна-аўтарскія вобразныя азначэнні. 

Загаловачнымі словамі з’яўляюцца назоўнікі, найбольш ужывальныя ў беларускай мове. Да іх па семантычных групах прыводзяцца адпаведныя прыметнікі, дзеепрыметнікі (у значэнні прыметнікаў), а таксама асобныя эпітэты-назоўнікі (у значэнні прыслоўяў).

У дапрацаваным выглядзе слоўнік М.П. Пазнякова пад той жа назвай быў перавыдадзены ў 2012 г. (у 2 т.; Мн.; 431 сл. арт.).

“Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы” Н.В. Гаўрош (Мн., 1998; 235 сл. арт.) вызначаецца больш складанай мікраструктурай. Унутры слоўнікавага артыкула эпітэты групуюцца па семантычных прыметах, прычым спачатку прыводзяцца тыя, якія даюць станоўчую ацэнку з’яве, потым (пасля знака ○) эпітэты з адмоўнай характарыстыкай. Калі адны і тыя ж эпітэты могуць быць аднесены да некалькіх значэнняў загаловачнага слова, то яму даецца абагульненае (праз кропку з коскай) азначэнне.

Мікраструктура слоўнікаў эпітэтаў складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) зона намінацыі; 2) зона семантычнай інфармацыі; 3) зона лексічнай інфармацыі; 4) зона стылістычнай інфармацыі; 5) зона ілюстрацый; 6) зона пашпартызацыі.

Ноч.(1) Аб стане надвор’я; аб афарбоўцы неба, аб наяўнасці месяца, зор.(2) Аксамітная, апраметная, асенняя, белабрысая, белазорая, белая, беспрасветная, блакітная, бледная, бэзавая, бязветраная, бяззорная, бязмесячная, важкая, ветраная(3)  …. Аксамітная, чорна-сіняя ранняя ноч моўчкі прыпала да роснага шоўку травы.(5) М. Нікановіч.(6) Хмель прыбярэжжу шэпча: “Лезу…” Не ціхне туркавак дакор. Ноч белабрысая ад бэзу, і белазорая ад зор.(5) Р. Барадулін(6)  ….

Аб працягласці; аб позняй, ранняй ночы; аб адсутнасці або наяўнасці гукаў, шуму.(2) Бясконцая, бяскрайняя, бясшумная, вераб’іная, вялізная, вялікая, глухая, грымотная, гулкая(3)  ….“Мусіць, будзе вераб’іная ноч”, − ціха сказаў я, успомніўшы, што грымотныя ночы называюць вераб’інымі.(5) М. Ваданосаў.(6) Ноч, цёмная, глухая, ляжала над вёскай.(5) Якуб Колас(6)  ….

Аб уражанні, псіхалагічным успрыманні; аб характары правядзення ночы.(2) Азяблая, баязлівая, белазубая, бесклапотная, беспакойная, беспрытульная, бесталковая, бурная, бяздомная, бяссонная, вар’яцкая, горкая, дзівосная(3)  …. Можна, абпаліўшы край фіранак, сонца ў ноч азяблую ўкаціць…(5) Т. Бондар.(6) За тлумачэнне дзякуй, Elena – ноч белазубая светлай Гаваны.(5) Р. Барадулін(6)  ….

(“Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы” М.П. Пазнякова)

Ноч (ночы).(1) 1. Пра стан надвор’я, пра колер неба; пра наяўнасць месяца і зорак і інш.:(2) зімовая, восеньская, вясновая, гарачая, душная, мяккая, пагодная, парная, сухая, цёплая ○ важкая, вільготная, волкая, грымотная, дажджлівая …; аксамітная, аксамітна-цёмная, белабрысая(3) (аўт.)(4), белазорая(3) (аўт.)(4), белая, блакітная(3) …. Добра, што ноч… мяккая, вясновая…(5) (П. Пестрак).(6) Ой, гарачыя ночы ды ліпнёвыя ночы. Калі конікі ў полі востраць косы, стракочуць, Калі кветкі і дрэвы ўсе абмыты расою(5) (Максім Танк)(6) ….

2. Пра даўжыню, працягласць (ночы)(2) бясконцая, вечная, глухая, глыбокая, доўгая, позняя, спрадвечная, шырокая(3). Як адзін доўгі-доўгі дзень, як адна бясконцая, дурнотная ноч успаміналася Ганне яе замужняе жыццё… (І. Мележ)(5) ….

Ночка-змоўшчыца, ночка-цыганка, ночка-чараўніца ○ ноч-аблога, ноч-цямніца(3) ….

(“Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы” Н.В. Гаўрош)

14. Частотныя слоўнікі – тып функцыянальных слоўнікаў, якія ствараюцца ў выніку суцэльнага падліку тэкставых адзінак і паказваюць частату ўжывання лексікі ў спецыяльна сфарміраванай выбарцы тэкстаў.

Частотныя слоўнікі ўкладаюцца з апорай на розныя адзінкі падліку (словаформы, лексемы або словазлучэнні) і  выкарыстоўваюцца ў сферы прыкладной лінгвістыкі. Дадзеныя пра частотнасць неабходныя пры выяўленні аўтарства тэкстаў, пры вызначэнні лексічных мінімумаў і стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу і праграм аўтаправеркі. Частотныя слоўнікі адыгралі значную ролю ў фарміраванні асобнай галіны статыстычнага мовазнаўства – лексікастатыстыкі, прадмет якой – лінгвістычная і статыстычная інтэрпрэтацыя размеркавання слоў у мове і тэксце.

Першымі беларускімі частотнымі слоўнікамі з’яўляюцца  выпускі  “Частотнага слоўніка беларускай мовы” Н.С. Мажэйка і А.Я. Супруна, якія адлюстроўваюць лексіку мастацкай прозы (Мн., 1976; каля 22 тыс. слоў), публіцыстыкі (Мн., 1979; каля 18 тыс. слоў), вуснай народнай творчасці (Мн., 1982; каля 21 тыс. слоў), гутарковай мовы (Мн., 1989; каля 20350 слоў), паэзіі (Мн., 1992; каля 24,6 тыс. слоў). Гэтыя працы ствараліся ў першую чаргу для вызначэння межаў актыўнага слоўнікавага складу беларускай мовы.

“Частотны слоўнік беларускай мовы” Н.С. Мажэйка (Мн., 2006; 64536 сл. арт.) складзены на аснове агульнай выбаркі з мастацкіх, фальклорных, публіцыстычных, гутарковых і афіцыйных тэкстаў. Слоўнік паказвае, што найбольш частотнымі ў беларускай мове з’яўляюцца: злучнікі: і, а, як, што, ж, калі; прыназоўнікі: у, на, з, да, па; часціцы: не, ж; займеннікі: ён (яна, яно, яны), я (мы),  ты (вы), гэта (гэты),  той, увесь; дзеяслоў быць. З ліку назоўнікаў часта ўжываюцца словы, якія абазначаюць: а) назвы асоб, калектываў, прафесій: бацька, маці, брат, сусед, народ, насельніцтва, настаўнік, доктар; б) назвы рэчаў і з’яў навакольнага асяроддзя: зямля, вада, лес, дрэва, вецер; в) найменні частак цела чалавека: вока, галава, вуха, рука, нага; г) назвы ўчынкаў, дзеянняў, пачуццяў, станаў і пад.: боль, бяда, здароўе,  памяць, увага і інш.

У макраструктуру слоўніка ўваходзяць тры асноўныя часткі: алфавітны спіс слоў (корпус), алфавітна-частотны спіс першай тысячы самых частых слоў (з частатой 209 і вышэй), частотны спіс першай тысячы найбольш частых слоў у парадку змяншэння частот да частаты 209 уключна, тлумачальны слоўнічак рэдкіх слоў.

Слоўнікавыя артыкулы адрозніваюцца адзін ад аднаго ў залежнасці ад спецыфікі моўнага матэрыялу. У мікраструктуры слоўніка можна вылучыць наступныя інфармацыйныя зоны: 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. стылістычнай інфармацыі; 4) з. семантычнай інфармацыі, 5) з. частотнай інфармацыі.

зморана(1) (прысл.)(2) – 1-1 (1-1,-,-,-,-,-)(5)

крыляць(1) (тут: ‘лятаць’)(4) – 3-3 (-,-,3-3,-,-,-)(5)

падпанак(1) (разм., іран.)(3) – 4-4 (-,4-4,-,-,-,-)(5)

Малапашыраныя і незразумелыя словы пазначаюцца астэрыскам (*), які азначае, што іх семантыку можна ўдакладніць у тлумачальным слоўніку рэдкіх слоў, змешчаным у якасці дадатку ў канцы “Частотнага слоўніка…”:

касла* – 1-1 (-,1-1,-,-,-,-)

КАСЛА – тут: крыніца даходу. – Касла згасла (Пр., 472)

15. Асацыятыўныя слоўнікі – тып функцыянальных лексемных слоўнікаў, у якіх апісваецца сістэма ўстойлівых паралелей у мове, атрыманая з дапамогай псіхалінгвістычнага эксперыменту. Лексічны матэрыял сістэматызуецца на аснове псіхалагічных асацыяцый пэўнага слова з рознымі прадметамі і з’явамі. Яны запатрабаваныя ў мовазнаўстве, псіхалінгвістыцы і этналінгвістыцы, паколькі дазваляюць акрэсліць перспектыўныя шляхі ў выяўленні механізмаў маўленчага ўзаемадзеяння і паводзін, а таксама ў вывучэнні семантычных законаў у мове ў цэлым, прынцыпаў суаднясення семантыкі і сінтаксісу ў мове і маўленні, заканамернасцей сацыялізацыі індывідуальных семантычных змяненняў і ўстанаўленні новых тыпавых асацыятыўных сувязей.

У “Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы” А.І. Цітовай (Мн., 1981) уключана 150 артыкулаў-стымулаў (слоўнікавых артыкулаў). Да кожнага з іх даюцца асацыянты, атрыманыя ў выніку эксперыменту з 1000 інфармантаў – студэнтаў беларускіх ВНУ. Прадстаўленыя асацыяцыі адлюстроўваюць не толькі агульныя псіхалагічныя асаблівасці людзей, але таксама і асаблівасці мовы, якой яны карыстаюцца.

Слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) зона намінацыі (слова-стымул); 2) зона лексічнай інфармацыі (словы-рэакцыі); 3) зона частотнай інфармацыі.

Шпаркі(1) – 145 конь; 145 бег; 140 крок (у т.л. крокі 8); 98 хуткі (у т.л. вельмі хуткі 1); 62 чалавек; 40 ход (у т.л на хаду 5); 31 хлопец (у т.л. хлапец 4); 30 быстры; 23 рух; 18 поезд (у т.л. як поезд 1); 12 бегчы (у т.л. бегаць 2, бяжыць 2); заяц (у т.л. як заяц 2); 10 хлопчык (у т.л. хлапчук 2); шустры(2, 3) <…>

Беларускі лексічны матэрыял (113 слоў-стымулаў) уключаны ў калектыўную працу “Славянский ассоциативный словарь: русский, белорусский, болгарский, украинский” Н.У. Уфімцавай, Г.А. Чаркасавай, Ю.М. Караулава, Я.Ф. Тарасава (М., 2004).

16. Словаўтваральныя слоўнікі – тып структурных лексемных слоўнікаў, у якіх адлюстроўваецца словаўтваральная структура слова і ўзаемасувязь паміж вытворнымі словамі. Задача такіх слоўнікаў – даць даведку пра словаўтваральную будову ўтворанага слова: утваральнае слова, словаўтваральны сродак, спосаб утварэння, змены пры далучэнні словаўтваральнага сродку да ўтваральнай асновы.

У залежнасці ад спосабу кампаноўкі матэрыялу словаўтваральныя слоўнікі бываюць гнездавымі і алфавітнымі.

У гнездавым словаўтваральным слоўніку ў межах аднаго слоўнікавага артыкула разглядаюцца ўсе аднакаранёвыя словы, звязаныя словаўтваральнымі адносінамі, у алфавітным – толькі ўтворанае і ўтваральнае словы (гл. табліцу 117).

Табліца 117

Тып словаўтваральнага слоўніка         Дадатныя якасці Адмоўныя якасці

гнездавы  паказваецца паслядоўнае ўтварэнне аднаго слова ад другога ў шэрага аднакаранёвых слоў, адлюстроўваецца ступеневы характар словаўтварэння;         утвораныя словы размяшчаюцца не па алфавіце, а ў пэўных словаўтваральных гнёздах;

алфавітны         утвораныя словы размяшчаюцца па алфавіце; адлюстроўваецца толькі пара слоў: утворанае слова і звязанае з ім словаўтваральнымі адносінамі ўтваральнае слова.

Да алфавітных слоўнікаў адносіцца “Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы” А.М. Бардовіча, М.М. Круталевіча, А.А. Лукашанца (Мн., 2000; каля 40 тыс. сл. арт.) і “Школьны словаўтваральны слоўнік беларускай мовы” тых жа аўтараў (Мн., 2006; каля 25 тыс. сл. арт.).

вінагра́д-ар-(ø) – суф., ад вінагра́д-(ø)

вінагра́дар-ск-(і) – суф., ад вінагра́дар-(ø)

вінагра́д-арств-(а) – суф., ад развядзенне вінагра́д-(у)

вінагра́дз-ін-(а) – суф., ад вінагра́д-(ø), чарг. д/дз’

вінагра́д-нік-(ø)* – суф., ад вінагра́д-(ø)

вінагра́дн-ік-(ø)** – суф., ад вінагра́дн-(ы), чарг. н/н’

Гнездавым з’яўляецца “Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы” М.А. Аўласевіча і Т.І. Якубовіч (выд. 1 т. на літары А – К; Магілёў, 2002; каля 2 тыс. артыкулаў-гнёздаў).

вінагра́д →   вінагра́д-ар   →   вінагра́дар-ск-і

                                                    вінагра́дар-ств-а

                      вінагра́д-нік

                      вінагра́д-н-ы

Перакладныя слоўнікі

Перакладныя слоўнікі – тып семантычных лексічных слоўнікаў, у якіх да рэестравых слоў адной мовы падбіраюцца перакладныя эквіваленты з іншай мовы (або з некалькіх моў). Асноўная задача слоўнікаў гэтага тыпу заключаецца ў забеспячэнні разумення тэксту на замежнай мове, яго перакладу на родную мову.

Найбольш запатрабаванымі ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя з’яўляюцца руска-беларускія і беларуска-рускія слоўнікі.

“Русско-белорусский словарь” (10-е выд. Мн., 2012; каля 110 тыс. сл. арт.) пад рэдакцыяй А.А. Лукашанца з’яўляецца перапрацаваным і дапоўненым перавыданнем аднайменнага слоўніка, падрыхтаванага ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР пад рэд. Якуба Коласа, К.К. Атраховіча, П.Ф. Глебкі (Мн., 1953). У слоўніку максімальна поўна адлюстраваны сучасны стан лексічнага фонду дзвюх славянскіх моў. Слоўнік істотна адрозніваецца ад першага выдання: відавочныя русізмы заменены беларускімі адпаведнікамі (частушка – прыпеўка, тлятворны – шкодны, шыкарны – шыкоўны і інш.), адлюстраваны змены, якія адбыліся ў сістэме геаграфічных найменняў за апошнія дзесяцігоддзі, зменены або выключаны са слоўніка многія неактуальныя саветызмы, фраземы-калькі заменены на нацыянальныя эквіваленты, упарадкавана сістэма памет.

“Русско-белорусский словарь общеупотребительной лексики” М.Н. Крыўко (Мн., 1999; каля 50 тыс. сл. арт.) з’яўляецца скарочаным, кампактным варыянтам трохтомнага “Русско-белорусского словаря”.

 “Беларуска-рускі слоўнік” (4-е выд. Мн., 2012; каля 110 тыс. сл. арт.) пад рэд. А.А. Лукашанца ўпершыню быў апублікаваны пад рэд. К.К. Атраховіча (Мн., 1962, 1988) і А.І. Падлужнага (Мн., 2003). Інфарматыўнасць слоўніка істотна павялічана за кошт новай лексікі. У ім удакладнена напісанне асобных слоў, прыведзена ў адпаведнасць з сучасным станам сістэма геаграфічных назваў, зменены або выключаны прыклады, якія адлюстроўвалі рэаліі савецкай эпохі.

У руска-беларускім і беларуска-рускім слоўніках падаецца:

    агульнаўжывальная лексіка сучаснай беларускай мовы ўсіх яе стыляў;

    дыялектызмы, пашыраныя ў мастацкай літаратуры;

    найбольш распаўсюджаныя тэрміны;

    назвы буйных населеных пунктаў, водных аб’ектаў, а таксама прыметнікі, утвораныя ад іх;

    найбольш ужывальныя абрэвіятуры;

    асобныя ўстарэлыя словы, якія сустракаюцца ў мастацкіх тэкстах.

Слоўнікавы артыкул уключае наступныя інфармацыйныя зоны: 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. стылістычнай інфармацыі; 4) з. семантычнай інфармацыі; 5) з. эквівалентаў; 6) з. функцыянальнай інфармацыі. Выкарыстоўваецца разгалінаваная сістэма адсылак.

Русско-белорусский словарь (2012)     Беларуска-рускі слоўнік (2012)

БЛУЖДА́//НИЕ(1) блука́нне(5) -ння ср.(2); ~ТЬ(1) несов.(2), прям., перен.(4) блука́ць(5); (плутать)(4) блудзі́ць(5); ~ЮЩИЙ(1) 1. прич.(2) які (што) блу́дзіць(2); 2. прил.(2) блука́ючы(5); ~ющий нерв(1) анат.(3) блука́ючы нерв(5), ~ющая по́чка(1) мед.(3) блука́ючая ны́рка(5); ~ющие звёзды(1) блука́ючыя зо́ркі(5); ~ющие то́ки(1) блука́ючыя то́кі(5).

БЛУКА́ННЕ(1) ср.(2) 1. блужда́ние(5); 2. блужда́ние, скита́ние, скита́льчество; шата́ние(5); 1, 2 см. блука́ць 2, 3; ◊ б. па паку́тах(6) хожде́ние по му́кам(5).

БЛУКА́ЦЬ(1) несов.(2) 1. Броди́ть(5); б. па ле́се(6) броди́ть по́ лесу(5); 2. (ходить в поисках дороги)(4) блужда́ть, плута́ть(5); 3. (странствовать)(4) блужда́ть, скита́ться(5); (бродить без дела)(4) шата́ться(5); 4. перен. (о мыслях, улыбке и т. п.)(4) броди́ть, блужда́ть(5).

Цэлы шэраг слоўнікаў прызначаны для забеспячэння камунікацыі беларусаў з іншымі суседнімі народамі:

а) палякамі: “Падручны польска-беларускі слоўнік” пад рэд. А. Абрэмбскай-Яблонскай і М.В. Бірылы (Варшава, 1962; больш за 30 тыс. сл. арт.), “Беларуска-польскі, польска-беларускі слоўнік” Т. Ясіньскай і А. Барташэвіча (Варшава, 1996; каля 20 тыс. сл. арт.), “Польска-беларускі слоўнік” Я.В. Волкавай і В.Л. Авілавай (Мн., 2004; 2-е выд. 2005; больш за 40 тыс. слоў); “Польска-беларускі тэматычны слоўнік для школьнікаў і студэнтаў” Л. Баршчэўскага (Мн., 2012; больш за 17,5 тыс. сл. арт.); “Беларуска-польскі слоўнік” пад рэд. Т. Хыляк-Шрэдар, Т. Глушкоўскай-Бабіцкай, Т. Ясіньскай-Сохі (Варшава, 2012; больш за 40 тыс. сл. арт.);

б) украінцамі: “Украінска-беларускі слоўнік” В.П. Лемцюговай (Мн., 1980; каля 30 тыс. сл. арт.); “Беларуска-ўкраінскі слоўнік” Р.П. Піўтарака і А.І. Скапненкі (Кіеў, 2007; каля 40 тыс. сл. арт.);

в) латышамі: “Беларуска-латышскі слоўнік” М.Э. Абала (Рыга, 2010; каля 40 тыс. сл. арт.) і інш.

Беларускімі і замежнымі лінгвістамі створаны шматлікія слоўнікі, якія павінны забяспечыць пераклад з (на) англійскую, нямецкую, французскую і інш. мовы: “Англійска-беларускі слоўнік” пад рэд. Т.М. Сушы (Мн., 2013; каля 40 тыс. сл. арт.), “Ангельска-беларускі слоўнік” В. Пашкевіч (Мн., 2006; больш за 25 тыс. сл. арт.), “Ангельска-беларускі слоўнік. Беларуска-ангельскі слоўнік” Я. Пятроўскага (Мн., 1993; каля 10 тыс. сл. арт. у абедзьвюх частках), “Нямецка-беларускі слоўнік” М. Кур’янкі (Мн., 2006; больш за 40 тыс. сл. арт.), “Беларуска-нямецкі слоўнік” пад рэд. М. Кур’янкі, Л. Баршчэўскага, Т. Вайлера (Мн., 2010; больш за 30 тыс. сл. арт.), “Французска-беларуска-рускі слоўнік” пад рэд. С.М. Батуры (Мн., 1992; каля 7 тыс. сл. арт.), “Ідыш-беларускі слоўнік”  А. Астравуха (Мн., 2008; каля 25 тыс. сл. арт.), “Вугорска-беларускі слоўнік” пад рэд. А. Голаша і Л. Станкевіч (Нірэдзьгаза, 2007; каля 15 тыс. сл. арт.), “5000 слов к экзамену HSK: китайско-белорусско-русский тематический словарь” (Мінск, 2015) і інш.

Арыгінальным вопытам стварэння шматмоўнага перакладнога слоўніка з’яўляецца выданне Л.П. Баршчэўскага “ЕўраСлоўнік: беларуска-лацінска-англійска-балгарска-венгерска-грэцка-дацка-ірландска-ісландска-іспанска-італьянска-латышска-літоўска-мальтыйска-нарвежска-нідэрландска-нямецка-партугальска-польска-румынска-славацка-славенска-фінска-французска-харвацка-чэшска-шведска-эстонскі слоўнік” (Мінск, 2008; Вроцлаў, 2008; больш за 5 тыс. сл. арт.).

Выдадзены асобныя слоўнікі, у якіх адбываецца пераклад лексічных адзінак у адзінкі кінетычнай мовы: “Русско-белорусский словарь жестового языка” (Мн., 2006; каля 5 тыс. сл. арт.).

Найбольш аб’ёмнай групай перакладных слоўнікаў з’яўляюцца тэрміналагічныя перакладныя слоўнікі. Беларускімі і замежнымі лексікографамі створаны сотні лексікаграфічных даведнікаў, у якіх прапануецца пераклад на (з) беларускую мову тэрмінаў гуманітарных, тэхнічных, фізіка-матэматычных, прыродазнаўчых навук.

Першымі слоўнікамі, у якіх падбіраліся нацыянальныя адпаведнікі да рускіх філалагічных тэрмінаў сталі выданні: “Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва” (Мн., 1923; 1706 сл. арт.) і “Слоўнік граматычна-лінгвістычнай тэрміналогіі”, падрыхтаваны Галоўнай тэрміналагічнай камісіяй Інстытута беларускай культуры (Мн., 1927; 1592 сл. арт.). Сучасную тэрмінасістэму мовазнаўства адлюстроўваюць “Русско-белорусский словарь” пад рэд. М.В. Бірылы і П.У. Сцяцко (Мн., 1988; каля 5,5 тыс. сл. арт.), “Беларуска-польска-рускі слоўнік лінгвістычных тэрмінаў і спецыяльнай лексікі” В. Бекіша і Г. Фантаньскага (Катавіцэ, 1997; каля 1700 сл. арт.) “Словарь славянской лингвистической терминологии” (у 2 т.; Прага, 1977 − 1979) і інш.

прычы́нны злу́чнік     spójnik przyczynowy (kauzalny)     сою́з причины

прэдыкаты́ў, безасабо́ва-прэдыкаты́ныя словы, катэго́рыя стану         predykatyw, praedicativum, przysłówek przykatywny        предикати́в, катего́рия состоя́ния

(“Беларуска-польска-рускі слоўнік лінгвістычных тэрмінаў і спецыяльнай лексікі”)

Найбольш аб’ёмнымі і аўтарытэтнымі слоўнікамі тэрмінаў іншых галін навук і тэхнікі з’яўляюцца: “Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии” пад рэд. М.В. Бірылы і М.Р. Судніка (Мн., 1970; больш за 10 тыс. сл. арт.), “Русско-белорусский словарь математических, физических и технических терминов” М.М. Касцюковіча, У.В. Люшціка, В.К. Шчэрбіна (Мн., 1995; каля 18,5 сл. арт.), “Руска-беларускі фізічны слоўнік” А.М. Каладзінскага, Д.М. Карацінскай, П.У. Сцяцко (Гродна, 1999; каля 19 тыс. сл. арт.), “Русско-белорусский политехнический словарь” пад рэд. І.Л. Бурак, Г.У. Арашонкавай, У.В. Люшціка (у 2 т.; Мн., 1997 – 1998; каля 20 тыс. сл. арт., у якіх апісана каля 157 тыс. тэрмінаў), “Русско-белорусский словарь по инженерно-техническому оборудованию, системам и процессам” Б.М. Хрусталёва и М.Р. Пшонік (Мн., 2009; каля 14 тыс. сл. арт.) і інш.

Слоўнікі-рэестры

Слоўнікі-рэестры (слоўнікі моўных формаў) – група інвентарызацыйных лексемных слоўнікаў, у якіх фіксуюцца галоўным чынам асаблівасці формаў слоў, а іх тлумачэнне або адсутнічае ўвогуле, або адыгрывае дапаможную функцыю. Да такіх слоўнікаў адносяцца арталагічныя (арфаграфічныя, арфаэпічныя, акцэнталагічныя), граматычныя, інверсійныя, а таксама слоўнікі марфем (умоўна).

Арталагічныя слоўнікі з’яўляюцца прыналежнасцю мовы з развітымі літаратурнымі стандартамі; у іх вызначаюцца нормы літаратурнага напісання слоў і асобных граматычных формаў, нормы вымаўлення і нормы пастаноўкі націску. Працяглы час функцыю найбольш аўтарытэтнага арталагічнага слоўніка беларускай мовы выконваў комплексны “Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне”, падрыхтаваны пад рэд. М.В. Бірылы (Мн, 1987; каля 118 тыс. сл. арт.). У яго ўключана лексіка з акадэмічных перакладных і тлумачальнага слоўнікаў, словаўтваральныя і акцэнтныя варыянты слоў, якія сустракаюцца ў творах мастацкай літаратуры, важнейшыя геаграфічныя назвы.

Найбольш аб’ёмнымі сучаснымі арталагічнымі слоўнікамі з’яўляюцца “Беларускі арфаграфічны слоўнік” (Мн., 2009; 3-е выд., выпр. 2012; каля 55 тыс. сл. арт.) пад рэд. А.А. Лукашанца і “Слоўнік беларускай мовы” (Мн., 2012; каля 130 тыс. сл. арт.) пад рэд. А.А. Лукашанца і В.П. Русак (гл. табліцу 118).

Табліца 118

Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987)         Слоўнік беларускай мовы

(2012)

чуллíвасць [льлі] [сьць] -цю

чэ́знуць незак., -ну, -неш [зьне], -не, -нуць; чэ́знуў, чэ́зла, -лі [зьлі]  чуллíвасць -цю

чэ́знуць незак., -ну, -неш, -не, -нуць

Напісанне найбольш ужывальных беларускіх слоў можна праверыць па “Беларускім арфаграфічным слоўніку для школьнікаў” І.У. Кандрацені, Л.П. Кунцэвіч (Мн., 2009; 3-е выд. 2013; больш за 20 тыс. сл. арт.) і “Слоўніку беларускай мовы: арфаграфія, націск, словазмяненне, стылістычныя паметы” В.М. Сіўковіч (Мн., 2012; больш за 40 тыс. сл. арт.).

Па сваёй сутнасці да арфаграфічных слоўнікаў прымыкаюць таксама шматлікія даведнікі, прысвечаныя асобным аспектам беларускага правапісу: “Асобна, разам, праз дэфіс” (Мн., 1994; каля 19 тыс. сл. арт.) і “Пішам без памылак: разам, асобна, праз дэфіс” М.Р.Прыгодзіча (Мн., 2002; каля 19 тыс. сл. арт.), “Разам, асобна, праз злучок” Н.Д. Бандарэнка, І.Л. Капылова, Т.М. Маракулінай (Мн., 2012; каля 13 тыс. сл. арт.), “Слоўнік арфаграфічных новаўвядзенняў беларускай мовы” Т.М. Маракулінай і І.Л. Капылова (Мн., 2010; каля 4 тыс. сл. арт.) і інш.

Асаблівасці акцэнтуацыі беларускай літаратурнай мовы прыведзены ў “Слоўніку націску ў беларускай мове” М.В. Бірылы (Мн., 1992; каля 5500 сл. арт.).

Граматычныя слоўнікі – лексікаграфічныя працы, у якіх апісваюцца марфалагічныя ўласцівасці слоў, правілы словазмянення і формаўтварэння.

Беларускімі вучонымі падрыхтаваны і выдадзены комплекс аб’ёмных слоўнікаў па ўсіх самастойных часцінах мовы: “Граматычны слоўнік дзеяслова” (Мн., 2007; 2-е выд., дапрац., 2013; каля 34 тыс. сл. арт.), “Граматычны слоўнік назоўніка” (Мн., 2008; 2-е выд., дапрац., 2013; каля 46 тыс. сл. арт.), “Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя” (Мн., 2009; 2-е выд., дапрац., 2013; каля 25 тыс. сл. арт.).

У слоўніках рэалізаваны лінейны прынцып разгортвання парадыгмы, пры якім усе магчымыя словаформы прыводзяцца паслядоўна ў пэўным парадку, г. зн. названыя выданні па сутнасці з’яўляюцца слоўнікамі парадыгмаў (гл. табліцу 119).

Табліца 119

Граматычны слоўнік назоўніка

(2013)      Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя

(2013)      Граматычны слоўнік дзеяслова

(2013)

сіне́ча ж. сіне́ча, РДМ сіне́чы, сіне́чу, сіне́чай (-аю) сíні Н сíні (-яя, -яе), Р сíняга (-яй/яе, -яга), Д сíняму (-яй, -яму), В сíні (-юю, -яе), Т сíнім (-яй/яю, -ім), М сíнім (-яй, -ім); мн. НВ сíнія, РМ сíніх, Д сíнім, Т сíнімі    сіне́ць незак. сіне́ю, сіне́еш, сіне́е, сіне́ем, сіне́еце, сіне́юць; сіне́ў, сіне́ла, сіне́лі; сіне́ючы

Апублікаваны даведнік, у якім апісваюцца не ўсе, а толькі адзін, найбольш  “праблемны”, элемент парадыгмы слова – выданне А.М. Сяргеевай, В.І. Уласевіч, Н.А. Чабатар “А або У: слоўнік-даведнік канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду  ў родным склоне адзіночнага ліку” (Мн., 2014; каля 21 тыс. сл. арт.).

У беларускай лексікаграфіі існуе вопыт тыпалагічна-парадыгматычнага падыходу да арганізацыі мікраструктуры граматычнага слоўніка. Так, унікальны “Вялікі слоўнік беларускай мовы” Ф.А. Піскунова (Мн., 2012; 223 тыс. сл. арт.) створаны на матэрыяле больш за 2300 літаратурных крыніц (агульны аб’ём больш за 70 млн. словаўжыванняў). Акрамя агульнаўжывальнай лексікі слоўнік змяшчае асноўную навуковую і тэхнічную тэрміналогію.

Мікраструктура слоўніка складаецца з некалькіх інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. семантычнай інфармацыі (пры неабходнасці).

Усе змяняльныя словы забяспечаны індэксамі, якія накіроўваюць чытача да табліц з узорамі парадыгмаў, размешчанымі ў канцы слоўніка.

няўдо́бны(1) (пра зямлю: неўрадлівы)(3)       ad1(2)

паго́ня(1), -і; Р мн. -нь(2)    f21(2)

сумо́ўца(1), аг.: м. ДМ -у, Т -ам; ж. ДМ -ы, Т -ай/-аю; РВ мн. -аў(2)         m121/f61(2)

трапа́ць(1) незак., траплю́, трэ́пле; ЗЛ трапí(2)        v23  С/(2)

ячме́нны(1)       ad1(2)

Такі спосаб падачы матэрыялу ўскладняе карыстанне слоўнікам для чытача без філалагічнай адукацыі, аднак дазваляе ў кампактнай форме прадставіць лексіку мовы як лагічную сістэму, адкрытую для папаўнення новымі адзінкамі.

Інверсійны слоўнік (адваротны слоўнік, слоўнік a tergo) –  лексікаграфічнае выданне рэестравага тыпу, у якім словы размяшчаюцца па алфавіце канцавых літар. Выраўноўванне адбываецца па правым краі. У выніку такой будовы ў адваротным слоўніку групуюцца, як правіла, словы з тоеснымі або падобнымі канцавымі граматычнымі і фанетычнымі элементамі. Напр., на літару “А”:

“радовішча”,

“відовішча”,

“зімовішча”,

“становішча”,

“вандровішча”,

“сховічша” і інш.

Асобныя кампактныя групы ўтвараюць словы з аднолькавымі канчаткамі, суфіксамі, аднатыпнымі гукамі і іх спалучэннямі. Часам у адваротным слоўніку могуць указвацца стылістычныя характарыстыкі слоў (ласкальнае, кніжнае, размоўнае, устарэлае і пад.), а таксама можа пазначацца графічная, акцэнтная, фанетычная, граматычная варыянтнасць лексем (сяголета і сёлета, льносушылка і лёнасушылка). З дапамогай адваротных слоўнікаў можна ўстанавіць існуючыя тыпы скланення і спражэння, вызначыць ступень пашыранасці тых ці іншых словаўтваральных і словазмяняльных тыпаў, прааналізаваць прадуктыўнасць словаўтваральных мадэлей, выявіць матэрыял для фаналагічных даследаванняў. Інверсійныя слоўнікі выкарыстоўваюцца пры дэшыфроўцы тэкстаў і складанні праграм для камп’ютарнай апрацоўкі тэкстаў.

Лексіку беларускай мовы фіксуюць чатырохтомны “Слоўнік a tergo сучаснай беларускай мовы” А. Барташэвіча і І. Камендацкай (Варшава, 1988 – 1989; каля 100 тыс. сл. арт.), а таксама “Адваротны слоўнік беларускай мовы” Л.М. Вардамацкага і В.І. Несцяровіча (Мн., 1994; каля 14 тыс. слоў).

Марфемны слоўнік – тып аднамоўнага слоўніка, які адлюстроўвае марфемную структуру слоў.

Найбольш поўным выданнем гэтага тыпу ў айчынным мовазнаўстве з’яўляецца “Марфемны слоўнік беларускай мовы” А.М. Бардовіча і Л.М. Шакуна (Мн., 1975; 2-е выд. 1989; каля 75 тыс. сл. арт.). У слоўніку ў алфавітнай паслядоўнасці прыводзяцца словы розных граматычна-семантычных класаў. Назоўнікі падаюцца ў форме Н. с. адз. л., прыметнікі і дзеепрыметнікі – у форме Н. с., дзеясловы – у форме інфінітыва.

Самую ўжывальную лексіку змяшчаюць “Школьны марфемны слоўнік беларускай мовы” (Мн., 2005; 2-е выд. 2006; каля 40 тыс. сл. арт.), “Марфемны слоўнік беларускай мовы (для сярэдняй школы)” М.А. Аўласевіча і Т.І. Якубовіч (Магілёў, 1998; каля 13 тыс. сл. арт.), “Марфемны слоўнік беларускай мовы” Т.І. Якубовіч (Магілёў, 2003; каля 13 тыс. сл. арт.).

 

Беларускія фразеаграфічныя і парэміяграфічныя слоўнікі

План лекцыі

1. Беларускія фразеаграфічныя слоўнікі.

2. Парэміяграфічныя зборнікі (прыказак і прымавак).

3. Зборнікі ўстойлівых параўнанняў, крылатых слоў і

афарызмаў, перыфраз.

 

1. Беларускія фразеаграфічныя слоўнікі.

ІІ. Ідыёмныя слоўнікі – клас лексікаграфічных прац, у якіх асноўным аб’ектам апісання з’яўляюцца падзельна аформленыя моўныя адзінкі і сінтаксічныя канструкцыі.

1. Слоўнікі фразем – тып семантычных ідыёмных слоўнікаў, у якіх сістэматызуюцца фраземы – устойлівыя, узнаўляльныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў іх кампанентаў.

Гісторыя беларускай фразеаграфіі пачалася ў ХІХ ст., калі ўстойлівыя выразы пачалі сістэматызавацца і тлумачыцца ў працах Я. Ляцкага, І.І. Насовіча, Е.Р. Раманава, А. Рыпіньскага, Яна Чачота, П.М. Шпілеўскага і інш.

Адрозніваюць тлумачальныя і перакладныя слоўнікі фразем. Тлумачальныя слоўнікі могуць уключаць як матэрыял літаратурнай мовы, так і фраземы, пашыраныя ў народных гаворках.

Вяршыняй беларускай фразеаграфіі з’яўляюцца працы І.Я. Лепешава: “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” (у 2 т.; Мн., 1993; каля 6 тыс. сл. арт.) і “Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы” (у 2 т.; Мн., 2008; каля 7 тыс.  сл. арт.).

У гэтых слоўніках фраземы маюць трохбаковую характарыстыку – семантычную, граматычную і стылістычную. У іх уключаны выразы актыўнага фразеалагічнага фонду, якія па сферы ўжывання адносяцца да агульнамоўных. Прадстаўлены асобныя выразы пасіўнага складу з паметамі устар. і абл.

Мікраструктура слоўніка складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. стылістычнай інфармацыі; 4) з. функцыянальнай інфармацыі; 5) з. семантычнай інфармацыі; 6) з. ілюстрацый; 7) з. пашпартызацыі.

ГУЛЯЙ • ГУЛЯЙ-ВЕЦЕР(1). Мн. не ўжыв. Вык. ці азн.(2) Разм. Неадабр.(3) Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы.(4) Легкадумны, пусты чалавек; ветрагон.(5) Сін.: узвей-вецер.(4) – А цікава было б пабачыць гэта, – задзіркавата падхапіў ліслівы гуляй-вецер Юзік. Мурашка. Ды ён [Сінёў] і не такі гуляй-вецер, як ты…(6) Масарэнка.(7) Аскольд казаў, што я па натуры гуляй-вецер і што ўсіх у семнаццаць [гадоў] некуды цягне.(6) Марчук(7).

У “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” І.Я. Лепешава (Мн., 2004; каля 1750 сл. арт.) тлумачыцца сэнс і раскрываецца паходжанне фразем беларускай мовы.

Слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. этымалагічнай інфармацыі; 3) з. семантычнай інфармацыі; 4) з. ілюстрацый; 5) з. пашпартызацыі.

Турусы на калёсах.(1) Відаць, недакладная паўкалька з італ. м. (turres ambulatoriae, літаральна “турусы рухомыя, якія ходзяць”).(2) Бязглуздзіца, балбатня, небыліцы.(3) [Голас з грамады:] Разводзь, разводзь, даўгавалосы, турусы на калёсах!(4) (Якуб Колас. На шляхах волі).(5)

Турусамі ў старажытнасці называлі вялікія перасовачныя вежы для асады крэпасцей. Многія не верылі ў існаванне такіх асадных машын і гаворку пра іх успрымалі як лухту. Выраз фіксуецца ў “Зборніку беларускіх прыказак” І.І. Насовіча: гоніць турусы на калёсах ‘гаворыць бязглуздзіцу’(2).

Для школьнікаў прызначаны “Фразеалагічны слоўнік” Н.В. Гаўрош, І.Я. Лепешава, Ф.М. Янкоўскага (Мн., 1973; 1339 сл. арт.).

Устойлівыя выразы, выкарыстаныя асобнымі класікамі беларускай літаратуры, сістэматызавана ў “Фразеалагічным слоўніку мовы твораў Якуба Коласа” пад. рэд. А.С. Аксамітава  (Мн., 1993; больш за 6 тыс. сл. арт.) і “Слоўніку фразеалагізмаў мовы твораў Янкі Купалы” В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай (Гомель, 2007; каля 2 тыс. сл. арт.).

Дыялектая фразеалогія прадстаўлена ў цэлым шэрага слоўнікаў: “Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі” Е.С. Мяцельскай і Я.М. Камароўскага (Мн., 1972; 2015 сл. арт.), “З народнай фразеалогіі: дыферэнцыяльны слоўнік” І.Я. Лепешава (Мн., 1991; каля 700 сл. арт.), “Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны” М.А. Даніловіча (Гродна, 2000; 2167 сл. арт.), “Рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік” М.І. Пашкевіча (Брэст, 2008; 200 фразеалагізмаў),  “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” А.Ф. Зайкі (Брэст, 2014; каля 2,5 тыс. сл. арт.), у серыі выданняў Г.Ф. Юрчанкі: “І коціцца і валіцца” (Мн., 1972), “І сячэ і паліць” (Мн., 1974), “Слова за слова” (Мн., 1977) (у трох слоўніках серыі 4425 сл. арт.) і інш.

У перакладных фразеалагічных слоўніках прыводзяцца нацыянальныя ўстойлівыя выразы і іх адпаведнікі ў іншых мовах. Да такіх выданняў адносяцца: “Англа-беларускі слоўнік фразеалагізмаў параўнальнага тыпу” Л.Д. Корсак і Л.С. Марціновіч (Мн., 1984; 348 сл. арт.), “Słownik frazeologiczny białorusko-polski” А. Аксамітава і М. Чурак (Варшава, 2000; 1877 сл. арт.), “Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем” З.Ф.  Санько (Мн, 1991; 871 фразеалагізм), “Руска-беларускі фразеалагічны слоўнік: для сярэдняй школы” І.А. Кісялёва (Мн., 1991; каля 800 сл. арт.), “Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі” Н.А. Ганчаровай і М.Г. Антанюк (Мн, 2000; каля 1,3 тыс. сл. арт.), “Англа-беларускі слоўнік саматычных фразеалагізмаў; Беларуска-англійскі слоўнік саматычных фразеалагізмаў” Л.У. Кулік і В.А. Ляшчынскай (Гомель, 2010; 586 сл. арт.), “Слоўнік фразеалагізмаў з кампанентамі-заонімамі: на матэрыяле беларускай і нямецкай моў” С.В. Мілач (Брэст, 2010; 139 сл. арт. у белар. частцы), “Беларуска-англійскі ідэаграфічны слоўнік фразеалагізмаў з прасторавай семантыкай” В.А. Арцёмавай (Мн., 2013; 2-е выд. 2014; каля 550 сл. арт.).

2. Парэміяграфічныя зборнікі (прыказак і прымавак).

2. Слоўнікі парэмій – тып семантычных ідыёмных слоўнікаў, у якіх апісваюцца (тлумачацца, перакладаюцца) прыказкі ¬– кароткія вобразныя суджэнні, якія характарызуюцца рытмічнай арганізацыяй і ўжываюцца ў мове па прынцыпе аналогіі.

Гісторыя беларускай парэміяграфіі пачынаецца прыкладна з сярэдзіны ХІХ ст. Беларускія  прыказкі (побач з фраземамі) прадстаўлены ў “Сборнике белорусских пословиц” І.І. Насовіча (СПб., 1874; 3715 сл. арт.) і працы “Люд беларускі на Русі Літоўскай” М. Федароўскага (Варшава, т. 4, 1935; 13231 сл. арт.).

Адрозніваюць тлумачальныя і перакладныя парэміялагічныя слоўнікі. Да тлумачальных адносяцца “Крынічнае слова” І.Р. Шкрабы і Р.І. Шкрабы (Мн., 1987; каля 750 сл. арт.), “Слоўнік беларускіх прыказак” І.Я. Лепешава і М.А. Якалцэвіч (Мн., 1996; 3-е выд., дапоўн.; Мн., 2006; 1629 сл. арт.), “Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў” С.Ф. Івановай і Я.Я. Іванова (Мн., 1997; 141 сл. арт.),  “Прыказкі і прымаўкі: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак i прымавак з архіўных, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў XIX i XX стст.” А.С. Аксамітава (Мн., 2000; 2-е выд., дапрац. Мн., 2002; каля 3,5 тыс. сл. ст.).

Найбольш поўным сучасным парэміялагічным слоўнікам з’яўляецца “Тлумачальны слоўнік прыказак” І.Я. Лепешава і М.А. Якалцэвіч (Гродна, 2011; каля 1,8 сл. арт.), у якім апісаны афарызмы народнага паходжання. Слоўнік створаны на аснове картатэкі, сабранай шляхам франтальнага і выбарачнага распісвання мастацкай і публіцыстычнай літаратуры галоўным чынам ХХ ст. (выкарыстаны творы амаль 400 аўтараў). Пры распрацоўцы мікраструктуры аўтары імкнуліся ўлічваць сінанімічныя сувязі паміж прыказкамі.

Да перакладных парэміялагічных слоўнікаў належаць: “Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем” З.Ф. Санько (Мн., 1991; 478 прыказак), “Русско-белорусский словарь пословиц” Я.Я. Іванова (у 2 ч.; Магілёў, 2001; 777 сл. арт.), “Беларуска-нямецкі парэміялагічны слоўнік” Я.Я. Іванова і Н.К. Раманавай (Магілёў, 2006; каля 500 прыказак на беларускай мове і больш за 800 прыказак на нямецкай мове), “Русско-белорусский паремиологический словарь” Я.Я. Іванова і В.М. Макіенкі (Магілёў 2007; каля 300 сл. арт.), “Польска-беларускі парэміялагічны слоўнік” Я.Я. Іванова і С.Ф. Івановай (Магілёў, 2007; 200 сл. арт. ), “Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік” пад рэд. Я.Я. Іванова (Магілёў, 2009; каля 300 сл. арт.) і інш.

3. Зборнікі ўстойлівых параўнанняў, крылатых слоў і

афарызмаў, перыфраз

3. Слоўнікі параўнанняў – тып функцыянальных ідыёмных слоўнікаў, што змяшчаюць фігуры, пабудаваныя на падабенстве двух прадметаў, у якіх праяўляецца агульная прымета.

Беларускія параўнанні прадстаўлены ў невялікім выданні Ф.М. Янкоўскага “Беларускія народныя параўнанні: кароткі слоўнік” (Мн., 1973). У сучасным “Слоўніку беларускіх народных параўнанняў” Т.В. Валодзінай і Л.М. Салавей (Мн., 2011; больш за 8 тыс. сл. арт.) змяшчаюцца параўнальныя выразы рознага тыпу, адабраныя з дыялектных слоўнікаў, фальклорных зборнікаў і інш. крыніц. У слоўнікавым артыкуле пазначаецца зона пашырэння таго або іншага параўнання, даецца стылістычная характарыстыка, тлумачыцца значэнне, указваецца крыніца інфармацыі:

ланту́х      разрабíцца як ланту́х. Віл. Няўхв. Пра тоўстага і непаваротлівага чалавек. СПЗБ 2, 617. ˂ Лантух – мех.

пры́ца       лíпнуць як пры́ца. Мсцісл. Пра прыліпанне нечага глейкага. Юрчанка, 194.

“Слоўнік параўнанняў у мове мастацкіх твораў Янкі Купалы” В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай (Гомель, 2004; больш за 800 сл. арт.) сістэматызуе параўнанні, якія сабраны з мастацкіх твораў Янкі Купалы і адлюстроўваюць асацыятыўнае поле паэта.

4. Слоўнікі перыфраз – тып функцыянальных ідыёмных слоўнікаў, у якіх адлюстраваны семантычна непадзельныя, іншасказальныя выразы, якія з’яўляюцца апісальнай перадачай зместу іншых слоў або іх спалучэнняў.

У выданне Г.М. Малажай “Беларуская перыфраза (кароткі слоўнік)” (Мн., 1974; 692 сл. арт.) уключаны і індывідуальна-аўтарскія, і традыцыйныя апісальныя выразы. Асноўнай крыніцай матэрыялу для слоўніка стала мова мастацкай літаратуры і публіцыстычных выданняў. Кожнай перыфразе прысвечаны невялікі артыкул, у якім тлумачыцца значэнне апісальнага выразу, даецца стылістычная характарыстыка (грэбл. – з адценнем грэблівасці, узнёсл. – з адценнем узнёсласці і інш.), запісваецца ілюстрацыйны прыклад. У дужках падаюцца варыянтныя формы кампанентаў перыфразы.

Крылатыя малацьбіты. Жартаўл. Птушкі.

Крылатыя малацьбіты з азартам дзюбамі разбівалі каробачкі путазелля і наперабой выцягвалі зярняты (“Звязда”, 1967, 24 лютага).

Параўн.: Крылатыя памочнікі хлебаробаў.

У сучаснай лінгвістыцы слоўнікі параўнанняў, перыфраз і інш. лексікаграфічныя выданні, у якіх апісваюцца разнастайныя “фігуры пераасэнсавання”, аб’ядноўваюць у групу слоўнікаў вобразна-выяўленчых сродкаў.

5. Слоўнікі афарызмаў – тып інвентарызацыйных ідыёмных слоўнікаў, у якіх сабраны кароткія арыгінальныя выслоўі закончанага зместу і дасканалай формы.

Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў розных гістарычных эпох сабраны і сістэматызаваны ў слоўніку Ф.М. Янкоўскага “Крылатыя словы і афарызмы” (Мн., 1960; 220 сл. арт.), выданні А.Я. Леванюк “Майстры кажуць… Беларускія літаратурныя афарыстычныя выслоўі” (Брэст, 2010; каля 150 сл. арт.) і працы Н.В. Гаўрош, Н.М. Нямковіч “Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў” (Мн., 2012; каля 3,6 тыс. сл. арт.).

У слоўніку Ф.М. Янкоўскага да асобных афарызмаў прыводзіцца экстралінгвістычная інфармацыя і каментарыі.

68. Жартачкі – ён так мудра піша, што тлумачэнне патрабуецца

Выраз з апавядання Змітрака Бядулі “Тры крыжыкі” (1926).

Герой апавядання “Тры крыжыкі” селянін Янка Гарбач – непісьменны. Калі трэба распісацца, то ён, “як сахою па раллі. Водзіць пяром па паперы”, ставячы тры крыжыкі. Пісьменныя людзі ставяць пры гэтых крыжыках яго імя і прозвішча. Так даецца тлумачэнне да іх, каб у канцылярыі ведалі, што гэтыя крыжыкі абазначаюць “Янка Гарбач”.

       Янка вельмі гардзіцца тлумачэннем пісьменных: жартачкі – ён так мудра піша, што тлумачэнне патрабуецца.

Змітрок Бядуля, Збор твораў, т.1, Мінск, 1951, стар. 193.

У слоўніках А.Я. Леванюк, Н.В. Гаўрош і Н.М. Нямковіч выслоўі падаюцца па розных тэматычных групах (напр., “Пра прыроду, грамадства, Сусвет”, “Пра чалавека, чалавечыя якасці”, “Пра мінуўшчыну і будучыню”). Пасля кожнага афарызма ўказваецца аўтар і крыніца.

 

Пакуль са мною плачуць вочы друга

Над цяжкай стратай – ёсць яшчэ жыццё.

Караткевіч У. Крумкачы [46, с. 21]

 

Крылатыя выразы беларускай мовы, якія паходзяць з антычных, заходнееўрапейскіх, амерыканскіх і ўсходнеславянскіх літаратурных і фальклорных крыніц прыводзяцца ў працах “Крылатыя выразы ў беларускай мове: тлумачальны слоўнік” пад рэд. Я.Я. Іванова і С.Ф. Івановай (у 2 ч.; Магілёў, 2004 – 2006; каля 450 сл. арт.), “Крылатыя афарызмы ў беларускай мове: тлумачальны слоўнік” Я.Я. Іванова (Магілёў, 2011; каля 160 сл. арт.) і інш.

5 ФАНЕТЫКА. ФАНАЛОГІЯ

Тэма 5.1 Прадмет і задачы фанетыкі. Паняцце гука

План лекцыі

1. Прадмет і задачы фанетыкі.

2. Асноўныя фанетычныя адзінкі (гук, склад, фанетычнае слова, маўленчы такт (сінтагма), фраза).

3. Паняцце гука, аспекты яго характарыстыкі (акустычны (фізічны), артыкуляцыйны, функцыянальны).

4. Артыкуляцыйная класіфікацыя гукаў

 

1. Прадмет і задачы фанетыкі

І. Фанетыка (ад. грэч. phōne ‘гук’, phōnētikos ‘гукавы’) – раздзел фаналогіі, у якім вывучаюцца гукі, іх утварэнне, акустычныя ўласцівасці, класіфікацыя, змены ў маўленчай плыні.

Фанетыкай таксама называецца гукавы лад пэўнай мовы: напр., фанетыка беларускай мовы, рускай, украінскай.

Адрозніваюць:

 агульную фанетыку – вывучае заканамернасці, характэрныя для гукавога ладу ўсіх моў свету, будову маўленчага апарату чалавека і яго выкарыстанне пры ўтварэнні гукаў, класіфікацыю гукаў, іх суадносіны з фанемамі і інш.;

 прыватную фанетыку  даследуе гукавы лад адной пэўнай мовы або групы роднасных моў: напр., фанетыка польскай мовы, фанетыка ўсходнеславянскіх моў.

Прыватная фанетыка можа быць гістарычнай і апісальнай:

 гістарычная (дыяхранічная) фанетыка вывучае гукавы бок мовы ў яе развіцці, даследуе фанетычныя асаблівасці помнікаў пісьменства і выяўляе заканамернасці развіцця кожнага гука;

 апісальная (сінхранічная) фанетыка займаецца вывучэннем гукавога ладу мовы на пэўным этапе яе развіцця, звычайна – на сучасным.

Супастаўленне фанетычных сістэм роднасных моў з’яўляецца прадметам параўнальнай (кантрастыўнай) фанетыкі.

Эксперыментальная фанетыка прадугледжвае вывучэнне гукаў мовы з выкарыстаннем інструментальных метадаў даследавання – пры дапамозе спецыяльных тэхнічных сродкаў.

IІ. Фанетыка мае шэраг прыкладных аспектаў. Яе дадзеныя выкарыстоўваюцца:

 пры вывучэнні асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці людзей;

 пры дыягностыцы і даследаванні афазій (неўралогія);

 з мэтай выпраўлення дэфектаў маўлення (лагапедыя);

 для навучання маўленню людзей, якія не маюць слыху (сурдапедагогіка);

 для паляпшэння якасці перадачы гуку па каналах сувязі, у робататэхніцы і інш.

2. Асноўныя фанетычныя адзінкі (гук, склад, фанетычнае слова, маўленчы такт (сінтагма), фраза).

 Маўленне чалавека ўяўляе сабой гукавую плынь, у якой вылучаюцца  асобныя кампаненты – сегментныя адзінкі.

 фраза (ад грэч. phrasis ‘выраз, зварот мовы’) – найбольшая фанетычная адзінка маўленчай плыні, аб’яднаная інтанацыяй закончанасці і фразавым націскам і адмежаваная ад суседніх адзінак працяглымі паўзамі; напр., гукавая плынь Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. / Сонца хiлiлася на захад, / i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны (У. Караткевіч) падзяляецца паўзамі на тры фразы, межы паміж якімі абазначаюцца дзвюма нахіленымі рыскамі; фраза адпавядае адносна закончанаму па сэнсе выказванню;

 сінтагма (ад грэч.  syntagma ‘аб’яднанае разам’), або маўленчы такт, – частка фразы, якая вымаўляецца без прыпынку, без закончанай інтанацыі і аддзяляецца ад наступнага ўрыўка непрацяглай паўзай: Дзед з малодшымi сядзеў на прызбе, / доўгi, / снежна-белы ў сваёй кужэльнай вопратцы (У. Караткевіч);

 фанетычнае (акцэнтнае) слова – адрэзак маўленчай плыні, аб’яднаны адным слоўным націскам; фанетычнае слова не заўсёды супадае са словам лексічным, паколькі службовыя словы звычайна не маюць націску. У маўленчай плыні яны прымыкаюць да самастойных слоў і ўтвараюць з імі адно фанетычнае слова;

 склад – мінімальная адзінка маўленчай плыні, якая складаецца з гука найбольшай гучнасці (галоснага)  – аднаго або ў спалучэнні з гукам меншай гучнасці (зычным) і вымаўляецца адным штуршком паветра;

 гук – вынік комплексу артыкуляцыйных дзеянняў, пэўны акустычны эфект, які фарміруе гукавую абалонку значымых адзінак маўлення і ўспрымаецца слыхавой сістэмай чалавека. Гукі маўлення вывучаюцца ў артыкуляцыйным (анатама-фізіялагічным), акустычным і фаналагічным планах.

Суперсегментныя адзінкі служаць для аб’яднання сегментных у большыя структуры.

 націск – вылучэнне ў маўленчай плыні асобных элементаў (гука ў складзе, склада ў слове, слова ў сінтагме, сінтагмы ў складзе фразы) фанетычнымі сродкамі.

 інтанацыя (ад лац. intonare ‘гучна вымаўляць’) – сукупнасць фанетычных сродкаў арганізацыі вуснага маўлення, якія характарызуюць яго сэнсавы і эмацыйна-экспрэсіўны бакі.

3. Акустычны (фізічны) аспект характарыстыкі гукаў. Артыкуляцыйны аспект характарыстыкі гукаў

З боку акустыкі, гукі маўлення – вынік вагання пругкага цела. Гукі маюць такія акустычныя характарыстыкі, як вышыня, сіла, працягласць і тэмбр:

 вышыня гука – колькасць ваганняў галасавых звязак у секунду; вышыня гука залежыць ад даўжыні галасавых звязак і іх напружання. Гукі з малой частатой ваганняў успрымаюцца як нізкія, з вялікай – як высокія. У жанчын і дзяцей галасавыя звязкі карацейшыя, чым у мужчын, таму іх галасы больш высокія;

 сіла (інтэнсіўнасць) гука залежыць ад амплітуды ваганняў, якую стварае напор струменя выдыхаемага паветра, і вымяраецца ў дэцыбелах (дБ). Ваганні выклікаюць змяненне паветранага ціску ў параўнанні з атмасферным – ціск памяншаецца ці павялічваецца. Чым большая амплітуда ваганняў, тым больш моцны гук. З сілай гука звязана вызначэнне так званай мяжы гучнасці – значэння гукавога ціску, пры якім гук практычна перастае быць чутным, і мяжы болю – значэння гукавога ціску, пры якім гук пераходзіць у адчуванне болю. Кожны гук мае сваю мяжу гучнасці і мяжу болю;

 працягласць (даўжыня) гука залежыць ад часу яго вымаўлення і вымяраецца ў мілісекундах (мс). Выяўлена, што сярод галосных найбольш працяглыя націскныя гукі, а сярод зычных – шчылінныя. Мінімальная працягласць гука, пры якой чалавечае вуха можа паспець яго ўспрыняць, складае 30 – 50 мс;

 тэмбр гука – спецыфічная яго афарбоўка, якая дазваляе адрозніваць тоны адной і той жа сілы і вышыні. Вагальныя рухі, што ўтвараюць гукавую хвалю, звычайна складаюцца з асноўнага тону і дадатковых абертонаў, суадносіны якіх і вызначаюць тэмбр. Тэмбр адрознівае, напрыклад,  галасы людзей, гучанне музычных інструментаў і інш.

І. Артыкуляцыя (ад лац. articulatio ‘падзяляю, выразна вымаўляю’) – дзейнасць маўленчых органаў, накіраваная на ўтварэнне і вымаўленне гукаў.

З пункту гледжання артыкуляцыі, кожны гук маўлення ўтвараецца ў выніку складаных рухаў артыкуляцыйнага (маўленчага) апарату.

ІІ. Тэрмін артыкуляцыйны апарат у лінгвістыцы выкарыстоўваецца ў розных значэннях:

 у шырокім разуменні да маўленчага апарату адносяць цэнтральную нервовую сістэму (ад яе залежыць работа ўсіх органаў маўлення), органы слыху (дапамагаюць успрымаць маўленне), і артыкуляцыйныя органы (органы, якія выкарыстоўваюцца для ўтварэння гукаў);

 у вузкім разуменні маўленчы апарат – гэта сукупнасць фізіялагічных органаў чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні і вымаўленні гукаў.

ІІІ. Да органаў артыкуляцыйнага апарату адносяцца:

 дыхальны апарат (лёгкія, бронхі, трахея) – забяспечвае праход струменя паветра да органаў вымаўлення, у выніку чаго ўтвараецца гук;

 гартань і галасавыя звязкі – забяспечваюць утварэнне голасу; пры ўтварэнні глухіх зычных, як і пры звычайным дыханні, галасавыя звязкі не напружаныя, калі ж галасавыя звязкі збліжаюцца і напружваюцца, то пры выхадзе з лёгкіх паветра яны вагаюцца, у выніку чаго ўзнікае голас і ўтвараюцца галосныя, санорныя і звонкія зычныя гукі;

 надгартанныя поласці (поласці глоткі, рота і носа) – выконваюць ролю рэзанатараў, надаюць гукам спецыфічныя ўласцівасці; у гэтых поласцях утвараюцца пабочныя рэзанатарныя тоны і розныя шумы, адбываецца канчатковае фарміраванне гукаў.

ІV. Да органаў вымаўлення адносяцца язык, губы, цвёрдае і мяккае паднябенне, альвеолы і зубы, ніжняя і верхняя сківіцы.

Паводле ўдзелу ва ўтварэнні гукаў органы вымаўлення падзяляюцца на:

 актыўныя (рухомыя):

▫ язык – найбольш рухомы орган вымаўлення; адрозніваюць корань, спінку (складаецца з пярэдняй, сярэдняй і задняй частак) і кончык языка; дзякуючы языку ўтвараюцца язычныя зычныя гукі, ад яго становішча пры ўтварэнні гукаў залежыць рад і пад’ём галосных;

▫ губы – пярэднія рухомыя краі ротавай поласці, якія прымаюць актыўны ўдзел ва ўтварэнні гукаў: галосныя гукі, утвораныя пры дапамозе губ, называюцца лабіялізаванымі, зычныя – лабіяльнымі (губнымі);

▫ мяккае паднябенне і паднябенную занавеску з увулай, якія таксама прымаюць актыўны ўдзел ва ўтварэнні гукаў: калі мяккае паднябенне падымаецца і закрывае праход паветра ў поласць носа, утвараюцца ненасавыя гукі, калі апускаецца і адкрывае – узнікаюць насавыя гукі;

▫ ніжняя сківіца;

 пасіўныя (нерухомыя):

▫ зубы – косны орган, змешчаны ў пярэдняй частцы ротавай поласці; пры ўзаемадзеянні зубоў з актыўнымі органамі ўтвараюцца гукі;

▫ альвеолы – бугаркі ля каранёў пярэдніх зубоў, што ўтвараюць няроўны выпуклы валік;

▫ цвёрдае паднябенне – пярэдняя косная частка паднябення, якая пачынаецца альвеоламі і заканчваецца на ўзроўні апошніх зубоў;

▫ верхняя сківіца (гл. схему 3).

V. Крыніцамі гука служаць:

 галасавая крыніца – мадуляцыя паветра, якое выдыхаецца, ваганнямі галасавых звязак;

 шумавая крыніца – поўнае змыканне артыкуляцыйных органаў (змычка) ці іх значнае збліжэнне (шчыліна).

Гукі ўтвараюцца пры ўдзеле адной або некалькіх крыніц; напр.: галосныя гукі ўтвараюцца пры ўдзеле голасу, а зычныя – з дапамогай голасу і шуму.

VІ. Адрозніваюць два тыпы артыкуляцыі:

 асноўная артыкуляцыя стварае акустычныя ўласцівасці гука, якія садзейнічаюць яго ўспрыняццю як асобнага гука маўлення;

 дадатковая артыкуляцыя дадаецца да асноўнай, у выніку чаго змяняецца тэмбр гука.

Артыкуляцыя кожнага гука складаецца з трох фаз:

 экскурсія (пачатковая фаза) – пераход органаў з папярэдняга становішча ў неабходнае для вымаўлення гука;

 кульмінацыя (вытрымка) –  знаходжанне органаў маўлення ў рабочым становішчы;

 рэкурсія (канцавая фаза) – вяртанне органаў маўлення ў пачатковае, нейтральнае становішча.

Сукупнасць тыповых рухаў органаў маўленчага апарату, неабходных для вымаўлення гукаў, складае артыкуляцыйную базу мовы.

4. Артыкуляцыйная класіфікацыя гукаў

І. На падставе акустычных, артыкуляцыйных і функцыянальных асаблівасцей гукі маўлення падзяляюцца на галосныя і зычныя:

 галосныя гукі ўтвараюцца з удзелам толькі голасу; струмень паветра пры гэтым слабы і праходзіць праз органы маўлення, не сустракаючы перашкод;

 зычныя гукі ўтвараюцца пры ўдзеле голасу і шуму (санорныя і звонкія) або толькі шуму (глухія); на шляху паветра, якое выдыхаецца з лёгкіх, узнікаюць перашкоды – органы маўлення або змыкаюцца, або збліжаюцца; сіла выдыху мацнейшая, чым пры ўтварэнні галосных.

Па сваіх функцыях зычныя гукі не з’яўляюцца складаўтваральнымі. 

ІІ. Сістэма галосных гукаў пэўнай мовы называецца вакалізмам.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове 6 галосных гукаў: [а], [і], [о], [у], [ы], [э].

Галосныя гукі адрозніваюцца паводле месца і спосабу ўтварэння, а таксама па ўдзеле губ у артыкуляцыі.

1. Пры класіфікацыі галосных паводле месца ўтварэння ўлічваецца становішча языка ў поласці рота па гарызанталі, а таксама тое, якая частка спінкі языка  прымае актыўны ўдзел у гукаўтварэнні.  У залежнасці ад гэтага вылучаюць:

 галосныя пярэдняга рада ([і], [э]) – пры іх утварэнні язык рухаецца наперад, кончык языка ўпіраецца ў ніжнія зубы; пры гэтым найбольш актыўна дзейнічае пярэдняя частка спінкі языка;

 галосныя сярэдняга рада ([ы], [а]) – утвараюцца пры актыўным удзеле сярэдняй часткі спінкі языка;

 галосныя задняга рада ([у], [о]) утвараюцца, калі актыўна дзейнічае задняя частка спінкі языка.

2. Класіфікацыя галосных гукаў па спосабе ўтварэння грунтуецца на ўліку ступені пад’ёму языка да паднябення пры артыкуляцыі. Адрозніваюць:

– галосныя верхняга пад’ёму ([і], [ы], [у]) – утвараюцца, калі язык займае самае высокае становішча ў поласці рота;

– галосныя сярэдняга пад’ёму ([э], [о]) – узнікаюць пры сярэднім становішчы языка ў адносінах да паднябення;

– пры ўтварэнні галосных ніжнага пад’ёму ([а]) язык займае максімальна нізкае становішча.

3. Паводле ўдзелу губ пры артыкуляцыі вылучаюць:

– лабіялізаваныя (агубленыя) гукі ([о], [у]) – галосныя гукі, ва ўтварэнні якіх удзельнічаюць губы;

– нелабіялізаваныя (неагубленыя) гукі ([і], [ы], [э], [а]) – галосныя гукі, утвораныя без удзелу губ.

Артыкуляцыйная класіфікацыя галосных гукаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы адлюстравана ў табліцы 5.

Табліца 5

Удзел губ Нелабіялізаваныя        Лабіялізаваныя

    Рад

     Пад’ём         Пярэдні     Сярэдні      Задні

     Верхні [і]      [ы]    [у]

     Сярэдні        [э]               [о]

     Ніжні            [а]    

ІІІ. Сістэма зычных пэўнай мовы называецца кансанантызмам.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове 39 зычных гукаў: [б], [б’], [в], [в’], [г], [г’], [γ], [γ’], [д], [ž], [z], [z’], [ж], [з], [з’], [й], [к], [к’], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [с], [с’], [т], [ў], [ф], [ф’], [х], [х’], [ц], [ц’], [ч], [ш].

У беларускай транскрыпцыі знакамі [г], [г’] пазначаюцца выбухныя гукі ([гу́з’ік], [мазг’í]), а знакамі [γ], [γ’] – фрыкатыўныя ([γалава́], [дараγ’í]).

Гукі [дз] і [дж] звычайна транскрыбуюцца пры дапамозе лацінскіх сімвалаў [z] і [ž] адпаведна.

Пры класіфікацыі зычных гукаў улічваюцца:

 артыкуляцыйныя прыметы:

▫ месца ўтварэння;

▫ спосаб утварэння;

▫ наяўнасць або адсутнасць дадатковай артыкуляцыі;

 акустычная прымета:

▫ удзел голасу і шуму.

І. Па месцы ўтварэння зычныя гукі класіфікуюцца ў залежнасці ад таго, якія актыўныя і пасіўныя органы маўлення ўдзельнічаюць у артыкуляцыі; адрозніваюць:

 губныя (лабіяльныя) гукі:

▫ губна-губныя гукі (білабіяльныя) утвараюцца пры збліжэнні ніжняй губы з верхняй: [б], [б’], [м], [м’], [п], [п’], [ў];

▫ губна-зубныя гукі (лабіяльна-дэнтальныя) утвараюцца пры збліжэнні актыўнага органа (ніжняй губы) з пасіўным (верхнімі зубамі): [в], [в’], [ф], [ф’].

 язычныя гукі ў залежнасці ад таго, якая частка языка актыўная ў артыкуляцыі, падзяляюцца на:

▫ пярэднеязычныя гукі – утвараюцца пры змыканні або збліжэнні пярэдняй часткі спінкі языка і яго кончыка з пасіўным органам (зубамі, альвеоламі, паднябеннем):  [д], [z], [z’], [з], [з’], [л’], [л’], [н], [н’], [с], [с’], [т], [ц], [ц’] – зубныя гукі; [ž], [ж], [ш], [ч], [р] – пярэднепаднябенныя гукі;

▫ сярэднеязычныя гукі – утвараюцца пры збліжэнні сярэдняй часткі языка з цвёрдым паднябеннем: [й];

▫ заднеязычныя – утвараюцца пры збліжэнні або змыканні задняй часткі спінкі языка з мяккім паднябеннем: [γ], [γ’], [г], [г’], [к], [к’], [х], [х’].

ІІ. Паводле спосабу ўтварэння (характару перашкоды і спосабу яе пераадолення) зычныя гукі падзяляюцца на наступныя групы:

 змычныя (выбухныя) – утвараюцца пры поўным змыканні органаў маўлення, калі паветра з сілай разрывае створаную імі перашкоду: [б], [б’], [д], [т], [г], [г’], [к], [к’] [п], [п’];

 шчылінныя (фрыкатыўныя) – утвараюцца пры збліжэнні актыўнага органа маўлення з пасіўным, у выніку чаго ўзнікае трэнне паветра аб сценкі набліжаных органаў: [в], [в’], [γ], [γ’], [ж], [з], [з’], [й], [с], [с’], [ф], [ф’], [х], [ў], [х’], [ш];

 змычна-шчылінныя (афрыкаты) – узнікаюць, калі органы маўлення спачатку змыкаюцца, а затым плаўна размыкаюцца, утвараючы шчыліну для струменя паветра: [ž], [z], [z’], [ц], [ц’], [ч];

 змычна-праходныя – утвараюцца ў выніку таго, што адны органы маўлення змыкаюцца, а іншыя ўтвараюць праход для паветра:

▫ насавыя (назальныя) – гукі, пры ўтварэнні якіх струмень паветра праходзіць праз поласць носа: [м], [м’], [н], [н’];

▫ ротавыя (латэральныя) – гукі, якія ўзнікаюць, калі паветра праходзіць праз ротавую поласць: [л], [л’].

 вібранты (дрыжачыя) – утвараюцца ў выніку вібрацыі ў поласці рота пярэдняй часткі спінкі языка: [р].

IІІ. Паводле акустычнай прыметы (удзел голасу і шуму) зычныя гукі падзяляюцца на шумныя і санорныя:

 шумныя гукі складаюцца з голасу і шуму з перавагай шуму над голасам (звонкія гукі [б], [б’], [γ], [γ’], [г], [г’], [д], [z], [z’], [ž], [ж], [з], [з’] і інш.) або толькі з шуму  (глухія [п], [т], [ч], [ш], [с] і інш.);

 санорныя (сананты) утвараюцца з голасу і шуму з перавагай голасу; яны не маюць парных глухіх і не аглушаюцца ў слабай пазіцыі, глухія зычныя перад імі не азванчаюцца: [в], [в’], [й], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [р], [ў].

ІV. У залежнасці ад наяўнасці дадатковай артыкуляцыі, якая дадаецца да асноўнай, вылучаюцца:

 мяккія гукі (палаталізаваныя) – утвараюцца ў выніку дадатковай артыкуляцыі – пад’ёму  сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення (у беларускай мове ўсе зычныя могуць быць палаталізаванымі, акрамя [ž], [ж], [р], [ў], [ч], [ц], [ш]);

 цвёрдыя гукі (велярызаваныя) – узнікаюць пры дадатковай артыкуляцыі, у выніку якой задняя частка спінкі языка збліжаецца з мяккім паднябеннем; у беларускай мове ўсе непалаталізаваныя зычныя гукі велярызаваныя, акрамя [г], [γ], [к], [х], для якіх велярызацыя – асноўная артыкуляцыя (таму іх называюць велярнымі). Цвёрдыя зычныя, якія ў старажытнай мове былі мяккімі, прынята называць зацвярдзелымі: [ž],  [ж], [р], [ц], [ч], [ш].

Класіфікацыя зычных гукаў беларускай мовы адлюстравана ў табліцы 6.

 

Тэма 5.3 Змены гукаў у маўленчай плыні

План лекцыі

1. Паняцце змены гукаў у маўленчай плыні.

2. Пазіцыйныя змены зычных (асіміляцыя, дысіміляцыя, сцяжэнне гукаў, дзеканне і цеканне [д] – [z’], [т] – [ц’], аглушэнне зычных у канцы слова, узнікненне прыстаўных гукаў і інш.).

3. Пазіцыйныя змены галосных.

 

 

1. Змены гукаў у маўленчай плыні

У выніку ўзаемадзеяння ў маўленчай плыні адны гукі могуць уплываць на некаторыя характарыстыкі другіх гукаў. Гэта звязана з асаблівасцямі іх артыкуляцыі: органы маўленчага апарату не паспяваюць вярнуцца ў зыходнае становішча для ўтварэння наступнага гука і “прыстасоўваюцца” да яго артыкуляцыі.

Якасць гука вызначаецца:

–     пазіцыяй гука ў слове (пад націскам або не, у пачатку слова або ў абсалютным канцы);

–     асаблівасцямі спалучэння гука з іншымі гукамі.

Змены, якія залежаць ад пазіцыі гукаў у слове або ўплыву аднаго гука на другі, называюцца фанетычнымі працэсамі.

Адрозніваюць пазіцыйныя і камбінаторныя змены гукаў.

 

  1. Пазіцыйныя змены зычных гукаў
  2. 3. Пазіцыйныя змены галосных гукаў

Пазіцыйныя гукавыя змены абумоўлены становішчам гукаў у слове. Да іх адносяцца:

    рэдукцыя галосных;

    аглушэнне звонкіх на канцы слова;

    пратэза.

1. Рэдукцыя (ад лац. reductio ‘вяртанне назад’) – змяненне акустычных і артыкуляцыйных характарыстык гука ў пэўных фанетычных умовах, звычайна ў ненаціскным становішчы. Рэдукуюцца ў асноўным галосныя гукі, бо менавіта яны з’яўляюцца складаўтваральнымі.

У беларускай мове галосныя гукі пад націскам больш доўгія, у першым пераднаціскным складзе – больш кароткія, а ў іншых ненаціскных складах – яшчэ больш кароткія.

Адрозніваюць колькасную і якасную рэдукцыю галосных гукаў:

    колькасная рэдукцыя – скарачэнне часу вымаўлення ненаціскнога галоснага гука  ([і], [ы], [у], [а]), г. зн. змяншэнне яго працягласці; напр., рэдукцыя гука [а] назіраецца ў словах трава́ – травяны́, але адсутнічае ў слове тра́вы;

    якасная рэдукцыя – страта ненаціскным галосным гукам сваёй якасці, напр., гукі [о], [э] не пад націскам вымаўляюцца як [а]: ст[о́]л – ст[а]ле́шніца; с[в’э́]тлы ‒ с[в’а]тло́ – с[в’а]тле́ць.

Рэдукцыя зычных гукаў – іх паслабленне ў пэўных фанетычных умовах (у цэлым беларускай мове не ўласцівая).

Рэдукцыя гукаў можа быць поўнай і частковай. Вынікам поўнай рэдукцыі з’яўляюцца:

    сінкопа (ад грэч. synkopē ‘сцісканне’) – выпадзенне гука або групы гукаў унутры слова: гэт[ø]кі і гэт[а]кі, не[йа]к і не[й]к;

    апокапа (грэч. apokope ‘усячэнне’) – адпадзенне гука або некалькіх гукаў у абсалютным канцы слова: можа і мо, хтосьці і хтось, мама – мам (зварот).

2. Аглушэнне на канцы слова – замена звонкіх зычных глухімі ў абсалютным канцы слова: дубы – ду[п]; сказаць – ска[с]; снягі – сне[х].

3. Пратэза (ад грэч. prothesis ‘пастаноўка спераду’) – узнікненне гука ў пачатку слова; адрозніваюць:

    кансанантную пратэзу – узнікненне зычных гукаў перад галоснымі ў пачатку слова: [в], [γ], [й], якія ўзнікаюць перад пачатковымі гукамі [о], [у], [э]: [в]окны, [в]уда, [γ]эты, [γ]альшанскі, [йо]н, [йа]на;

    вакалічную пратэзу – узнікненне галосных гукаў (у беларускай мове [і], [а]) перад складаным для вымаўлення спалучэннем зычных у пачатку слова: [і]мгла, [і]льну, [а]ржаны.

ІІ. Камбінаторныя змены гукаў

1. Камбінаторныя гукавыя змены ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння гукаў у маўленчай плыні; адрозніваюць:

    поўныя і няпоўныя змены;

    рэгрэсіўныя і прагрэсіўныя змены;

    кантактныя і дыстактныя змены.

Поўныя і няпоўныя гукавыя змены адрозніваюцца вынікам узаемадзеяння гукаў:

    пры поўных зменах адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: зжаты – [ж:]аты, у спаднічцы ‒ у спадні[ц:]ы, крыўдзішся ‒ крыўдзі[с:’]я;

    пры няпоўных гукавых зменах адбываецца частковае прыпадабненне гукаў, напрыклад змякчэнне: сліва ‒ [с’л’]іва, з’есці ‒  [з’й]есці, смешны ‒ [с’м’]ешны.

Рэгрэсіўныя і прагрэсіўныя змены абумоўлены напрамкам уздзеяння гукаў:

    пры рэгрэсіўных зменах наступны гук выклікае змену папярэдняга: напр., у слове хрэсьбіны пад уздзеяннем звонкага і мяккага гука [б] азванчаецца і памякчаецца папярэдні яму гук [с]: хрэ[з’]біны (параўн. з хро[с]т);

    у выніку прагрэсіўных змен папярэдні гук выклікае змену наступнага (сучаснай беларускай літаратурнай мове гэтая з’ява не ўласцівая).

2. Да камбінаторных гукавых змен адносяцца:

    акамадацыя;

    асіміляцыя;

    дысіміляцыя.

Акамадацыя (ад лац. ассоmоdаcіо ‘прыстасаванне’) – частковае прыстасаванне артыкуляцыі сумежных гукаў (галоснага да зычнага ці наадварот):

    вакалічная акамадацыя – прыстасаванне галосных гукаў да зычных: напр., галосныя непярэдняга рада [а], [о], [у] пад уздзеяннем мяккіх зычных становяцца больш пярэдняга ўтварэння: мята ‒ [м’˙а]та, лёд ‒ [л’˙о]д, людзі ‒ [л’˙у]дзі;

    кансанантная акамадацыя – прыстасаванне зычных гукаў да галосных: лабіялізацыя або палаталізацыя зычных.

Перад лабіялізаванымі галоснымі зычныя гукі лабіялізуюцца: параўн. [с]ад і [с˚]он, [д]ым і [д˚]умка, [м]эта і [м˚]узыка.

Пры спалучэнні цвёрдых зычных з галоснымі пярэдняга рада [і], [э] зычныя гукі палаталізуюцца: бры[д]у – бры[z’]еш; пля[т]у – пля[ц’]еш.

Асіміляцыя (ад лац. аssіmilаtіо ‘прыпадабненне’) – артыкуляцыйна-акустычнае прыпадабненне аднатыпных (зычных ці галосных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў; адрозніваюць:

    поўную асіміляцыю – адзін гук цалкам прыпадабняецца да іншага: надта ‒ на[т:]а; мучышся ‒ мучы[с’:]я; сшыць ‒ [ш:]ыць;

    няпоўную асіміляцыю – гук прыпадабняецца да іншага часткова, па адной або некалькіх прыметах:

▫      па звонкасці: бара[z’]ба;

▫      па глухасці: баро[т]ка;

▫      па мяккасці: [з’н’]янацку;

▫      па цвёрдасці: астраха[нс]кі;

▫      па шыпячасці: пя[шч]аны;

▫      па глухасці і шыпячасці: перака[шч]ык;

▫      па глухасці і мяккасці: ве[с’ц’]і (параўн. з вя[з]у).

У выніку прагрэсіўнай асіміляцыі ў беларускай мове ўтварыліся ўсе фанетычна падоўжаныя гукі: світа[н’:]е, вясе[л’:]е, збо[ж:]а і г. д. У гэтых словах гук [й] поўнасцю прыпадабніўся да папярэдніх зычных [н], [л], [ж] (параўн. са словамі пер’[й]э, каліў[й]э).

Рэгрэсіўная асіміляцыя шырока прадстаўлена ў беларускай мове: прыка[с]ка, даро[ш]ка, [з’б’]ерагчы, падне[с’ц’]і і г. д.

Дысіміляцыя (ад лац. dіssітіlаtіо ‘распадабненне’) ‒ распадабненне двух аднолькавых або артыкуляцыйна блізкіх гукаў, замена аднаго з гукаў менш падобным.

Вынікам гэтага працэсу з’яўляецца ўтварэнне інфінітыўных формаў дзеясловаў на -сці (напрыклад, *vedti → *vetti → весці). У наш час дысіміляцыя характэрна пераважна для дыялектнай мовы, прастамоўя і дзіцячага маўлення. Адрозніваюць два тыпы дысіміляцыі:

    кансанантная:

▫      паводле спосабу ўтварэння: тра[х]тар замест тра[к]тар;

▫      паводле месца ўтварэння: тра[н]вай замест тра[м]вай; ла[н]па замест ля[м]па;

    вакалічная – сустракаецца ў некаторых беларускіх гаворках (вымаўленне гукаў [ъ] або [ы] замест галоснага [а] пасля цвёрдых зычных у першым пераднаціскным складзе перад складам з [а]): вада ‒ в[ъ/ы]да, галава ‒ г[ъ/ы]л[ъ/ы]ва, трава ‒ тр[ъ/ы]ва).

Да камбінаторных змяненняў гукаў традыцыйна адносяць і фанетычныя працэсы, якія ўзнікаюць на асіміляцыйнай і дысіміляцыйнай аснове, – эпентэзу, метатэзу, дыерэзу, гаплалогію, кантракцыю.

Эпентэза (ад грэч. epenthesis ‘устаўка’) – узнікненне ўнутры слова гука, які этымалагічна адсутнічаў, звычайна для палягчэння вымаўлення пэўных груп гукаў. У беларускай мове эпентэтычныя зычныя з’яўляюцца, напрыклад, у запазычаных словах з неўласцівым для мовы збегам галосных [іо], [іэ], [іа] (міль[йo]н, патры[йo]т, тры[йа]лет), а таксама паміж зычнымі ў фіналях слоў для лягчэйшага іх вымаўлення (вецер ← старабел. ветръ, рубель ← старабел. рубль і інш.).

Метатэза (ад грэч. metathesis ‘перастаноўка’) – перастаноўка гукаў або складоў у слове з мэтай пазбегнуць нязручнага вымаўлення: напр., з нямецкай мовы мальберт – Malbrett, друшляг – Durchschlag.

Дыерэза (ад грэч. diairesis ‘падзеленасць’) – выпадзенне гука ў выніку асіміляцыі або дысіміляцыі; напр., выпадзенне выбухных гукаў [д], [т], [к], [б], [п] у спалучэннях тыпу [рдц], [стн], [скн] і інш.: сэ[рц]а – параўн. са[рд]эчны; ненаві[сн]ы – параўн. нянаві[с’ц’]ь; няшча[сн]ы – параўн. шча[с’ц’]е. Разнавіднасцю дыерэзы з’яўляецца гаплалогія (ад грэч. gaplos ‘просты’ і logos ‘слова’) – выпадзенне аднаго з двух аднолькавых або падобных суседніх складоў на стыку марфем: трагікамедыя ← трагіка + камедыя, прастамоўнае бензапраўка замест бензазапраўка і г. д.

Кантракцыя (ад лац. contractio ‘сцяжэнне’) – сцяжэнне двух гукаў на сумежжы марфем у адзін: напр., казак- + -ск- → каза[ц]кі; прус- + -ск- → пру[с]кі; француз- + -ск- → францу[с]кі; чэх- + -ск- → чэ[с]кі; шавец- + -ск- → шаве[ц]кі і інш.

 

Тэма 5.4 Склад як фанетычная адзінка

План лекцыі

1. Паняцце склада як фанетычнай адзінкі.

  1.  

тэорыі склада.

3. Складападзел.

4. Тыпы складоў у беларускай мове.

 

1. Паняцце склада як фанетычнай адзінкі.

І. Сілабіка (грэч. syllabe ‘склад’) – раздзел фаналогіі, у якім вывучаецца склад, прынцыпы падзелу гукавой плыні на склады, тыпы складоў і іх пазіцыйная абумоўленасць.

Склад – мінімальная адзінка маўленчай плыні, якая складаецца з гука найбольшай гучнасці (галоснага) – аднаго або ў спалучэнні з гукам меншай гучнасці (зычным) і вымаўляецца адным штуршком паветра.

Кожны склад мае вяршыню (ядро) і перыферыю:

    ядро – галосны гук;

    перыферыя – зычны ці некалькі зычных гукаў.

2.  Артыкуляцыйная  (экспіраторная)  і  акустычная  (санорная)

тэорыі склада.

ІІ. У сучаснай лінгвістыцы існуе некалькі тэорый склада.

1. Экспіраторная (артыкуляцыйная) тэорыя: склад – гук або спалучэнне гукаў, якія вымаўляюцца адным выдыхаемым штуршком паветра: ча-ла-ве-чнасць, мно-га-га-ло-ссе, па-ра-зу-ме-нне і г. д. Гэтая тэорыя вядомая з антычнасці, аднак у наш час прызнана памылковай, паколькі ў некаторых словах колькасць складоў не супадае з колькасцю выдыхаў: напр., у слове ау два склады, але адзін выдых, а ў слове сплаў – адзін склад, але два выдыхі.

2. Санорная тэорыя прапанавана О. Есперсэнам і распрацавана Р.І. Аванесавым. У адпаведнасці з ёй склад – частка фанетычнага слова, якая складаецца з найбольш гучнага гука або спалучэння больш і менш гучнага гукаў: а-ло-вак. Найбольш гучны гук – складаўтваральны, найменш гучны – нескладаўтваральны. Ступень гучнасці ў розных гукаў неаднолькавая. Больш гучнымі з’яўляюцца галосныя гукі, якія і ўтвараюць склады. Менш гучныя санорныя гукі. У некаторых мовах яны з’яўляюцца складаўтваральнымі (чэшская, славацкая мовы і інш.). Пасля санорных па ступені гучнасці вылучаюцца шумныя. У рэдкіх выпадках шумныя гукі з’яўляюцца складаўтваральнымі, напр.: у выклічніках кс-кс-кс (падзыванне ката), цс (знак цішыні), кш (адпуджванне). Найменш гучнымі з’яўляюцца глухія гукі.

3. Мускульная тэорыя (тэорыя напружання) прапанава Л.У. Шчэрбам:  склад – частка маўленчага такта, што вымаўляецца адным імпульсам мускульнага напружання артыкуляцыйных органаў, якое расце ў кірунку да вяршыні склада, а пасля спадае. Кожны імпульс мае тры фазы: узмацненне напружання, вяршыню і аслабленне. Мускульная тэорыя спалучае ў сабе асаблівасці артыкуляцыйнай і санорнай тэорый, таму што ў ёй улічваецца і артыкуляцыя, і акустычныя асаблівасці гукаў.

4. Дынамічная тэорыя: склад – комплексная з’ява, абумоўленая акустычнымі, артыкуляцыйнымі, прасадычнымі і фаналагічнымі фактарамі. Гукі, якія валодаюць найбольшай санорнасцю і напружаннем, характарызуюцца большай сілай і інтэнсіўнасцю. Самы моцны, інтэнсіўны гук у складзе – складаўтваральны, менш моцны – нескладаўтваральны.

3. Складападзел.

ІІІ. Складападзел – падзел маўленчай плыні на склады.

Пры складападзеле ва ўсходнеславянскіх мовах улічваецца закон узыходнай гучнасці. У адпаведнасці з ім гукі ў слове пачынаюцца з менш гучнага і заканчваюцца больш гучным, таму ва ўсходнеславянскіх мовах большасць неканцавых складоў адкрытыя: ба-ра-да, га-ла-ва, вя-чэ-ра.

Паводле закону ўзыходнай гучнасці:

    санорныя гукі, якія знаходзяцца ў слове перад галоснымі, адносяцца да наступнага склада: му-рог, го-лас;

    спалучэнне шумных зычных паміж галоснымі адносіцца да наступнага склада: мо-шка, пя-лё-стак;

    спалучэнне шумнага з санорным адыходзіць да наступнага склада: кро-пля, ле-тні;

    пры спалучэнні санорнага з шумным першы адыходзіць да папярэдняга склада, другі – да наступнага: шор-ты, мел-ка;

    спалучэнне санорных гукаў адыходзіць да наступнага склада: ша-рла-тан, мі-рны;

    зычны ў інтэрвакальнай пазіцыі адыходзіць да наступнага склада: на-ра-да, у-зме-жак.

Нельга атаясамліваць складападзел як фанетычную з’яву з такой арфаграфічнай з’явай, як перанос слоў. Пры складападзеле ўлічваецца ступень гучнасці гукаў, пры пераносе – марфемная будова слова.

4. Тыпы складоў у беларускай мове.

IV. Адрозніваюць наступныя тыпы складоў:

    непрыкрыты – склад, які пачынаецца складаўтваральным гукам: ас, ох;

    прыкрыты – склад, які пачынаецца  нескладаўтваральным гукам: пра-цяг, на-ры-хтоў-ка;

    адкрыты – склад, які заканчваецца складаўтваральным гукам: гра-ма-та, сце-ра-гу;

    закрыты – склад, які заканчваецца нескладаўтваральным гукам: зай-граць, зай-чык.

 

Тэма 5.8 Фаналогія. Фанеміка

План лекцыі

1. Паняцце фанемы.

2Дыферэнцыйныя (фаналагічна істотныя,

сэнсаадрознівальныя) і інтэгральныя (тоесныя, агульныя)

прыметы фанем.

3. Асноўныя функцыі фанем у мове.

4. Моцная (незалежная) і слабая (залежная) пазіцыя фанемы.

5. Вырыянт і варыяцыя фанемы.

6. Фанемны рад.

 

1. Паняцце фанемы.

І. Фаналогія (ад грэч. phōne ‘гук’ і logos ‘вучэнне’) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца гукавыя сродкі мовы, асаблівасці іх утварэння і функцыянавання ў маўленні.

Як самастойная дысцыпліна фаналогія пачала фарміравацца ў 1870 – 1880-я гг. Яе заснавальнікам лічыцца І.А. Бадуэн дэ Куртэнэ. Канчаткова аформілася ў 1920 – 1930-я гг. у працах М.С. Трубяцкога, Р.В. Якабсона, Я.Д. Паліванава.

ІІ. Адрозніваюць сінхранічную і дыяхранічную фаналогію:

    сінхранічная фаналогія вывучае гукавую сістэму мовы ў яе сучасным стане;

    дыяхранічная (гістарычная) фаналогія займаецца даследаваннем гукавой сістэмы мовы ў гістарычным плане.

Сучасная фаналогія ахоплівае з’явы двух падузроўняў гукавога ладу мовы – сегментнага і суперсегментнага, у сувязі з чым часам вылучаюць:

    сегментную фаналогію –  вывучае лінейныя адрэзкі маўленчай плыні: гук, фанетычнае слова, сінтагма і фраза (сегментныя адзінкі);

    суперсегментную фаналогію ‒ даследуе націск і інтанацыю (суперсегментныя адзінкі).

Фанеміка – раздзел фаналогіі, які вывучае гукавы бок мовы і функцыянальную ролю гукаў у сістэме мовы. Асноўнымі адзінкамі фанемікі з’яўляюцца фанемы, якія вызначаюцца комплексамі артыкуляцыйных і акустычных прымет.

І. Фанема (ад грэч. phōnema ‘гук’) ‒ найменшая гукавая адзінка мовы, якая служыць для ўтварэння, распазнавання і адрознення значымых адзінак мовы ‒ марфем і слоў.

Тэрмін фанема ўведзены ў мовазнаўства І.А. Бадуэнам дэ Куртэнэ, які першым выказаў думку пра несупадзенне фізічных і функцыянальных уласцівасцей гукаў.

Сукупнасць фанем пэўнай мовы, звязаных тыповымі адносінамі, называюць сістэмай фанем мовы.

Паняцці фанема і гук адрозніваюцца:

    фанема – абстрактная адзінка, а гук – канкрэтная: фанема – адзінка мовы, абстрагаваная ад канкрэтных рэалізацый, яна ўключае агульныя ўласцівасці гукаў без уліку артыкуляцыі і пазіцыі ў слове; гук – сукупнасць артыкуляцыйна-акустычных характарыстык; напр., у словаформах парог і парога ў апошнім складзе вылучаецца фанема <г>, але гукі  [х] (паро[х]) і [γ] (паро[γ]а);

    фанема – адзінка мовы, гук – адзінка маўлення;

    фанема – з’ява сацыяльная (агульная для ўсіх носьбітаў пэўнай мовы), а гук – індывідуальная (кожны асобны чалавек вымаўляе гукі з уласцівымі толькі яму акустычна-тэмбравымі асаблівасцямі).

2 Дыферэнцыйныя (фаналагічна істотныя, сэнсаадрознівальныя) і інтэгральныя (тоесныя, агульныя) прыметы фанем.

ІІ. Фанема валодае сукупнасцю канстытуцыйных (пазіцыйна незалежных) прымет, якія падзяляюцца на дыферэнцыйныя і інтэгральныя.

1. Дыферэнцыйная прымета – прымета, паводле якой пэўная фанема адрозніваецца ад іншай фанемы, што супадае з ёй па ўсіх іншых параметрах: напр., дыферэнцыйнай прыметай фанемы <д> у адносінах да <т> з’яўляецца звонкасць; па гэтай прымеце яна супрацьпастаўляецца фанеме <т>.

Дыферэнцыйнымі прыметамі для зычных у беларускай мове з’яўляюцца:

    звонкасць / глухасць: <ж>ыць ‒ <ш>ыць; ка<з>ка ‒ ка<с>ка; <б’>іць ‒ <п’>іць; <д>ом ‒ <т>ом;

    цвёрдасць / мяккасць: <л>ук ‒ <л’>юк; <м>ы ‒ <м’>і (нота); <в>оз ‒ <в’>ёз;

    спосаб утварэння: <б>ыць ‒ <м>ыць; <ž>ала ‒ <ж>ала (дзеяслоў у форме ж.р. пр.ч.); г<н>ом – г<р>ом;

    месца ўтварэння: <с>ом ‒ <р>ом; <в>оўк ‒ <ш>оўк; <л’>іра ‒ <м’>іра (асвечаны араматычны алей);

    назальнасць / неназальнасць: <н>амерыць – <д>амерыць; <м>ак – <б>ак.

Дыферэнцыйнымі прыметамі для галосных у беларускай мове з’яўляюцца:

    ступень пад’ёму языка: напр., <а>, як фанема ніжняга пад’ёму, супрацьпастаўлена іншым галосным;

    наяўнасць / адсутнасць лабіялізацыі: лабіялізаваныя фанемы <о> і <у> супрацьпастаўляюцца нелабіялізаваным фанемам.

2. Інтэгральныя прыметы з’яўляюцца агульнымі для некалькіх фанем і не могуць быць выкарыстаны для іх адрознення. Напрыклад, фанемы <п> і <т> маюць наступныя інтэгральныя прыметы: кансанантнасць, шумнасць, глухасць, змычнасць, цвёрдасць.

3. Асноўныя функцыі фанем у мове.

ІІІ. Асноўнымі функцыямі фанемы з’яўляюцца:

    перцэптыўная функцыя (ад лац. percepcio ‘успрыняцце’) – заснавана на здольнасці фанемы атаясамліваць адны і тыя ж словы і марфемы; напр., у словах іграць і сыграць перцэптыўную функцыю выконвае галосная фанема <і>;

    сігніфікатыўная функцыя (ад лац. significare ‘абазначаць’) – заснавана на здольнасці фанемы адрозніваць словы і марфемы: <д>ом, <т>ом, <с>ом, <л>ом, <р>ом, <к>ом.

4. Моцная (незалежная) і слабая (залежная) пазіцыя фанемы.

IV. Пазіцыя фанемы – становішча фанемы, якое ўплывае на яе гукавыя рэалізацыі; напр.,  націскное становішча: кара́, ало́вак, бро́м і інш.

1. Вылучаюць два тыпы пазіцый:

    сігніфікатыўныя – пазіцыі адрознення / неадрознення фанем;

    перцэптыўныя – пазіцыі атаясамлівання фанем.

Перцэптыўна і сігніфікатыўна моцная пазіцыя фанемы называецца абсалютна моцнай. У гэтай пазіцыі фанема рэалізуецца асноўным варыянтам – дамінантай (напр., фанема <а> ў слове мак).

У слабай пазіцыі адбываецца нейтралізацыя фанемы.

2. Нейтралізацыя – супадзенне, адсутнасць адрознення дзвюх або некалькіх фанем у пэўнай пазіцыі.

5. Вырыянт і варыяцыя фанемы.

У залежнасці ад пазіцыі фанемы ў слове вылучаюць:

    асноўны варыянт фанемы (асноўны алафон – ад грэч. allos ‘іншы’ + phōne ‘гук’) ‒ варыянт, які выступае ў перцэптыўна і сігніфікатыўна моцнай пазіцыі; для галосных гэта пазіцыя пад націскам, для шумных зычных – перад галосным або санорным (для санорных паняцце пазіцыі неактуальнае, паколькі яны не змяняюцца ў маўленчай плыні): [а́]там, а[к]но;

    варыяцыю фанемы – відазмяненне фанемы, якое не супадае з асноўным варыянтам ніводнай іншай фанемы: сто[л] – на ста[л’]е;

    варыянт фанемы – алафон, які па гучанні супадае з асноўным алафонам іншай фанемы; напр., у слове хлеб (хле[п]) гук [п] з’яўляецца варыянтам фанемы <б>, у слове багаж (бага[ш]) гук [ш] – варыянт фанемы <ж>, у слове сказ (ска[с]) гук [с] – варыянт фанемы <з>.

6. Фанемны рад.

Усе варыянты фанемы складаюць фанемны рад, які ўзначальваецца найбольш тыповым варыянтам (знаходзіцца ў моцнай пазіцыі): напр., фанема <з> рэалізуецца ў варыянтах [з], [с], [с’], [з’], [ж] і інш.: [з    аркай], [с    са́лам], [с’    с’іро́пам], [з’    в’íшн’ам’і], [ж    жа́хам].

Для абазначэння слабай фанемы выкарыстоўваецца таксама тэрмін архіфанема.

Архіфанема – моўная адзінка, прадстаўленая шэрагам гукаў, якія чаргуюцца ў залежнасці ад пазіцыі і складаюць агульную частку нейтралізаваных фанем; так, фанемы <д> і <т> супрацьпастаўляюцца па звонкасці / глухасці. У слабай пазіцыі, напр., у абсалютным канцы слова, прымета глухасць / звонкасць нейтралізуецца: код – [кот]. Таму ў архіфанемы <д/т> яна  адсутнічае. Для вызначэння, якой фанеме адпавядае гук у слабай пазіцыі, трэба змяніць слова так, каб слабая пазіцыя ў марфеме змянілася на моцную – кодавы, кода (Р. с. ад код).

Калі ў пэўнай марфеме фанему ў слабай пазіцыі нельга прывесці ў моцную пазіцыю, гавораць пра гіперфанему.

Гіперфанема – слабая фанема (архіфанема), якая не мае дыферэнцыяльнай моцнай пазіцыі: напр., у слове баран фанема <а> у слабай пазіцыі, і праверыць яе шляхам замены на моцную пазіцыю немагчыма.

 

6 Арфаэпія

Тэма 6.1 Арфаэпія як раздзел мовазнаўства. Арфаэпічныя нормы

План лекцыі

1. Арфаэпія як раздзел мовазнаўства.

2.  Арфаэпічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай

мовы.

3. Прычыны адхіленняў ад нормаў беларускага літаратурнага

вымаўлення.

 

1. Арфаэпія як раздзел мовазнаўства

І. Арфаэпія (ад грэч. orthoepeia < orthos ‘правільны’ + epos ‘маўленне’) – раздзел мовазнаўства, які вызначае нормы літаратурнага вымаўлення.

Тэрмінам арфаэпія  таксама называюць сукупнасць нормаў літаратурнай мовы, звязаных з гукавым афармленнем значымых адзінак маўлення.

Арфаэпія цесна звязана з фанетыкай, паколькі адлюстроўвае ўсе фанетычныя працэсы, якія адбываюцца ў мове. Найбольш выразна сувязь фанетыкі і арфаэпіі ілюструе фанетычная транскрыпцыя.

ІІ. Арфаэпія ўключае наступныя падраздзелы:

    вымаўленне галосных і зычных гукаў;

    вымаўленне спалучэнняў гукаў.

 

2.  Арфаэпічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Літаратурныя маўленчыя нормы, якія вывучаюцца ў рамках арфаэпіі, уключаюць нормы вымаўлення ненаціскных галосных гукаў; звонкіх і глухіх, мяккіх і цвёрдых зычных гукаў; спалучэнняў зычных і галосных гукаў у беларускай мове; спалучэнняў галосных гукаў у запазычаных словах і інш.

Па меркаванні шэрага вучоных (Д.Э. Разэнталь, В.В. Іваноў, М.А. Целянкова), інтанацыя і націск не з’яўляюцца аб’ектамі вывучэння арфаэпіі, хаця альтэрнатыўны погляд у навуковым асяроддзі таксама дастаткова пашыраны.

ІІІ. У беларускім мовазнаўстве розныя пытанні арфаэпіі закраналіся ў працах М.В. Бірылы, В.Р. Бурлыкі, Л.Ц. Выгоннай, В.А. Мандзік, А.І. Падлужнага, П.В. Садоўскага, В.М. Чэкмана, Ф.М. Янкоўскага і інш.

 Вымаўленне галосных гукаў

1. Галосныя гукі ў слове могуць знаходзіцца ў націскным і ненаціскным становішчы. Пад націскам (у моцнай пазіцыі) усе галосныя вымаўляюцца выразна. Галосныя ў ненаціскным становішчы (у слабай пазіцыі) звычайна вымаўляюцца менш гучна і менш працягла.

2. Ненаціскны галосны [у] вымаўляецца выразна: музы́ка, мурашка, зверху (у становішчы пасля галоснага гэты гук набывае шумную афарбоўку і вымаўляецца як [ў]: на [ў]злеску, ва [ў]рочышчы). У запазычаных словах на -ум, -ус пасля галоснага гук [у] вымаўляецца нязменна: калокві[у]м, рады[у]с, меды[у]м, архівары[у]с.

3. Ненаціскны галосны [і] звычайна вымаўляецца выразна: мільён, цікавасць, запіс.

У становішчы пасля прыстаўкі на галосны, а таксама пасля слова, якое заканчваецца на галосны, [і] змяняецца на гук [й]: пры[й]сці, за[й]граць, сонца [й]грала, маці [й]шла, я [й] яна.

Пасля прыстаўкі ці слова на зычны (акрамя [γ], [к], [х]) на месцы гука [і] вымаўляецца [ы]: над[ы]сці, раз[ы]граць, ён [ы]граў, брат [ы] сястра; але: толькі іх [і] не было.

4. Ненаціскныя галосныя [о], [э] пасля цвёрдых зычных вымаўляюцца як гук [а]: стог – ст[а]жкі, дождж – д[а]жджу, рэчка – р[а]ка, грэх – гр[а]шыць. У словах іншамоўнага паходжання пачатковы гук [э], а таксама [э] пасля шыпячых і р, д, т, ц, як правіла, захоўваецца: эрудыцыя, экскурсія, ветэран, гардэроб, жэлацін, рэформа, тэрмометр.

Пасля мяккіх зычных галосныя гукі [о], [э] вымаўляюцца як [’а] толькі ў першым складзе перад націскам: лекі – л[’а]карства, змей ‒ зм[’а]я, слёзы – сл[’а]за, клёкат – кл[’э]катаць, не быў ‒ н[’а] быў.

5. Ётавыя літары е, ё, ю, я, а таксама літара і (пад націскам) у пэўным становішчы абазначаюць два гукі ([йэ], [йо], [йу], [йа], [йі]):

    у пачатку слова: [йэ́]м, [йо́]д, [йу]ла́, [йа́]ма, [йí]хні;

    пасля апострафа: аб’[йэ́]хаць, куп’[йо́], б’[йу́], п’[йа́]ўка, аб’[йí]нелы;

    пасля раздзяляльнага мяккага знака: ль[йэ́], паль[йу́], Іль[йí]нскі;

    пасля галоснай: па[йэ́]сці, мы́[йу], ба[йа́]цца, руча[йí]на;

    пасля ў: заро́ў[йэ], саў[йу́], мураў[йа́], салаў[йí]ны.

6. У спалучэннях галосных [іо], [іа], [іэ] ў сярэдзіне запазычаных слоў узнікае эпентэтычны (устаўны) гук [й]: б[ійа]логія, д[ыйэ]рэза, пац[ыйэ]нт.

Вымаўленне зычных гукаў

1. Зычныя гукі ў становішчы перад галоснымі вымаўляюцца выразна і нязменна: [даро́га], [чаро́ды], [грымо́ты].

2. Перад гукамі [р], [л], [м], [н], [в], [й] зычныя вымаўляюцца выразна: д[р]овы, с[л]ых, з[м]ычка, с[в]абода, [бйу].

3. Афрыкаты [ž] (дж), [z] (дз) вымаўляюцца як адзін непадзельны гук: даж[ž]ыць, [ž]аз, пэн[z]аль, [z’]яды.

4. Зычныя [ž], [ж], [р], [ч], [ш] заўсёды вымаўляюцца цвёрда: бязме[ж]ны, [ш]кола, [ž]ынсы, [ч]овен, [р]ыба.

5. Зычныя гукі [д], [з], [с], [ц] перад мяккімі губнымі і мяккімі зубнымі зычнымі вымаўляюцца мякка: [z’в’]есце, [з’в’]іць, [з’м’]ест, у [с’п’]ешцы, [с’ц’]яты, [ц’в’]ісці (але: а[дв’]есці, (у) бі[тв’]е і інш.). Перад мяккімі [γ], [г], [к], [х] яны заўсёды цвёрдыя: [атх’]існуцца, [зγ’]інаць, [ск’]еміць, [сх’]ітрыць.

6. Глухія зычныя перад звонкімі азванчаюцца: ка[з’]ба, баске[д]бол, ва[г]зал, звонкія зычныя перад глухімі ў сярэдзіне слова аглушаюцца: старо[ш]ка, бо[п]ка, сало[т]ка.

7. Звонкія шумныя зычныя на канцы слова вымаўляюцца як глухія: хола[т], абяро[х], маро[с].

8. Зычны гук [γ] у беларускай мове фрыкатыўны: [γ]нуткі, па[γ]оня, [γ]рыва.  Выбухны [г] вымаўляецца ў нешматлікіх словах, пераважна запазычаных з іншых моў: [г]анак, [г]узік, а[г]рэст, маз[г’]і, шва[г’]ер, [г]онта, ане[г]дот і інш.

9. Спалучэнне зычных гукаў у беларускай мове нярэдка істотна ўплывае на якасць іх вымаўлення (гл. табліцу 7)

Табліца 7

Спалучэнне гукаў      Вымаў-ленне      Ілюстрацыі

[ж]+[с]

[ш]+[ с]

(паміж галосным і зычным гукамі)       [с:]    не бянтэжся – не бянтэ[с’:]я, апранаешся – апранае[с’:]я

       [с]     парыжскі ‒ пары[с]кі, чэшскі ‒ чэ[с]кі

[ж]+[ц]

[ш]+[ц]     [сц]   па дарожцы – па даро[сц]ы, на маку[сц]ы, на стрэшцы – на стрэ[сц]ы

[з]+[ш]

[с]+[ш]     [ш:]   прывёзшы ‒ прывё[ш:]ы, сшыць – [ш:]ыць

[з]+[ж]      [ж:]   зжаць ‒ [ж:]аць

[д]+[ч]

[т]+[ч]      [ч:]    перакладчык – перакла[ч:]ык, лётчык – лё[ч:]ык

[д]+[ц]

[т]+[ц]

[ч]+[ц]      [ц:]    на кладцы – на кла[ц:]ы, варотцы – варо[ц:]ы,  у рэчцы – у рэ[ц:]ы

[д]+[т]      [т:]    надта – на[т:]а

[з]+[ч]

[с]+[ч]

[ж]+[ч]     [шч]  рэзчык – рэ[шч]ык, перапісчык – перапі[шч]ык, мужчына – му[шч]ына

 [д], [т], [к], [ч] каранёвыя

+ [с] суфіксальны       [ц]     горад ‒ гара[ц]кі, саветы – саве[ц]кі, казак – каза[ц]кі, ткач – тка[ц]кі

 [з], [с] каранёвыя

+ [с] суфіксальны       [с]     каўказец – каўка[с]кі, папуас – папуа[с]кі

 [д] прыставачны

+ [с] каранёвы  [тс]    падсоўваць – па[тс]оўваць, падстаўляць – па[тс]таўляць

3. Прычыны адхіленняў ад нормаў беларускага літаратурнага

вымаўлення.

Вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў, якое не адпавядае арфаэпічным правілам беларускай літаратурнай мовы, з’яўляецца ненарматыўным і сведчыць пра нізкую маўленчую культуру носьбіта мовы.

Асноўнымі прычынамі парушэння арфаэпічных нормаў з’яўляюцца:

    уплыў рускай мовы;

    адрозненні ў вымаўленні і напісанні слоў (уздзеянне арфаграфіі);

    уздзеянне дыялектнага маўлення.

 

7. ГРАФІКА

Тэма 7.1 Графіка як раздзел мовазнаўства. Літарныя і нялітарныя  графічныя сродкі.

План лекцыі

1. Графіка як раздзел мовазнаўства.

2. Сувязь графікі з фанетыкай і арфаграфіяй.

3. Літарныя і нялітарныя (націск, апостраф, злучок, пунктуацыйныя знакі і інш.) графічныя сродкі.

4. Беларускі алфавіт.

5. Суадносіны літар і гукаў.

6. З гісторыі беларускай графікі.

 

1. Графіка як раздзел мовазнаўства

І. Графіка (грэч. graphikē, ад graphō ‘пішу, малюю’) – 1) раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца пісьмовыя знакі мовы, а таксама суадносіны паміж літарамі і гукамі пэўнай мовы; 2) сукупнасць графічных сродкаў і прыёмаў пісьма пэўнай мовы, сістэма ўзаемаадносін паміж літарамі і гукамі (фанемамі), а таксама малюнкі літар, знакаў.

2. Сувязь графікі з фанетыкай і арфаграфіяй.

Найбольш цесна графіка звязана з фаналогіяй, арфаэпіяй і арфаграфіяй.

1. Мінімальнай адзінкай пісьмовай мовы з’яўляецца графема (ад грэч. graphē  ‘абрыс’).

Графема адпавядае фанеме ў вуснай мове і можа выступаць у розных варыянтах у залежнасці ад стылю пісьма, месца ў слове ці словазлучэнні і г. д.; напр., графема “А” мае наступныя варыянты (друкаваныя і рукапісныя разнавіднасці): вялікая літара (“А”, “A”), малая (“а”, “а”), курсіўная (“А”, “а”).

5. Літарныя і нялітарныя (націск, апостраф, злучок,

пунктуацыйныя знакі і інш.) графічныя сродкі.

2. Сучаснае беларускае пісьмо ў асноўным літарна-гукавое. Сістэму графічных сродкаў беларускай мовы ўтвараюць:

    літарныя сродкі, або літары (ад лац. littera), – спецыяльныя пісьмовыя ці друкаваныя ўмоўныя знакі ў складзе алфавіта, якія служаць для абазначэння на пісьме гукаў (фанем);

    нялітарныя сродкі:

 ▫     знакі прыпынку;

▫      дэфіс;

▫      апостраф;

▫      знак націску;

▫      лічбы і матэматычныя знакі;

▫      скарачэнні слоў;

▫      прабелы паміж словамі;

▫      прапісныя літары;

▫      абзацы;

▫      падкрэсліванні;

▫      шрыфтавыя выдзяленні і інш.

Асноўнымі нялітарнымі графічнымі сродкамі беларускай графікі з’яўляюцца:

    знакі прыпынку (пунктуацыйныя знакі), якія служаць:

▫      для раздзялення аднародных членаў простага сказа, састаўных частак складанага сказа, цэлых сказаў (выкарыстоўваюцца адзіночныя пунктуацыйныя знакі: кропка, пытальнік, клічнік, коска, кропка з коскай, шматкроп’е, двукроп’е, працяжнік);

▫      для выдзялення са структуры сказа пэўных сінтаксічных канструкцый: адасобленых членаў сказа, звароткаў, пабочных і ўстаўных канструкцый (выкарыстоўваюцца парныя пунктуацыйныя знакі: дужкі, двайныя коскі або працяжнікі, а таксама двукоссе);

▫      для перадачы інтанацыйных паўз, тэмпу і мелодыкі маўлення;

    апостраф, або надрадковы  знак ( ’ ), які ўжываецца:

▫      для абазначэння ётавых галосных пасля прыставак, у корані слоў пасля губных, заднеязычных і [р]: пад’езд, вераб’і, Лук’янаў, бар’ер;

▫      у фанетычнай транскрыпцыі для абазначэння мяккасці зычных: лялька [л’а́л’ка];

▫      для аддзялення службовых слоў (часціц) у запазычаных уласных назвах: д’Артаньян;

    дэфіс, або злучок ( - ), – злучальная рыска паміж структурнымі часткамі пры паўзлітным напісанні слоў або іх спалучэнняў; дэфіс злучае:

▫      марфемы простых слоў: па-беларуску, што-небудзь;

▫      часткі складаных слоў: паўночна-заходні, чорна-белы, а таксама часткі складаных слоў, першым кампанентам якіх з’яўляецца лічэбнік, напісаны лічбай: 15-гадовы, 9-павярховы, 100-тысячны;

▫      спалучэнні двух сінанімічных слоў, якія выражаюць адно паняцце: сцежкі-дарожкі, гусі-лебедзі, а таксама пры паўтарэнні слоў з мэтай іх сэнсавага ўзмацнення (белы-белы, далёка-далёка) і ў некаторых іншых выпадках;

▫      акрамя таго, дэфіс служыць для абазначэння пераносу часткі слова на наступны радок;

    абзац – водступ управа ў пачатку радка друкаванага або пісьмовага тэксту; чырвоны радок;

    знак націску ( ˊ ) – выкарыстоўваецца для абазначэння націскнога склада: вы́падак, грамадзя́нін; для абазначэння пабочнага націску ў складаных словах існуе спецыяльны знак (  ̀ ) – гравіс: дˋобрасусе́дскі, вˋодалячэ́бны;

    параграф ( § ) – спецыяльны графічны знак, які служыць для падзелу тэксту на часткі, што характарызуюцца самастойнасцю значэння і сэнсавай завершанасцю.

3. Задачы графікі:

    устанаўленне ўзаемаадносін паміж гукамі вуснай мовы і літарамі алфавіта як важнейшымі сродкамі пісьмовай мовы;

    вызначэнне асноўных гукавых значэнняў літар, агульных умоў іх выкарыстання і чытання.

ІІ. У беларускай лінгвістыцы вывучэннем графікі займаліся А.К. Антановіч, А.М. Булыка, Л.Ц. Выгонная, У.М. Дубоўка, З.Я. Мажэйка, А.І. Яновіч і інш.

4. Беларускі алфавіт.

5. Суадносіны літар і гукаў.

І. Алфавіт (грэч. alphabetos, ад alpha + betа – назвы першых дзвюх літар α – альфа і β – бэта (навагрэч. – віта) грэч. алфавіта) – сукупнасць усіх літар мовы, размешчаных у пэўным парадку.

У якасці сіноніма да тэрміна алфавіт у моўнай практыцы выкарыстоўваецца слова азбука (ст.-слав. а (азъ) + б (букі) – назвы першых дзвюх літар); падобныя найменні назіраем і ў іншых мовах:

    alphabet, ABC – англійская;

    das Alphabet, ABC – нямецкая;

    abecadło – польская;

    le abécédaire – французская;

    abėcėlė – літоўская і інш.

 Алфавіт любой мовы  характарызуюць:

    дакладная колькасць літар, якія абазначаюць гукі (фанемы) мовы;

    устойлівая і абавязковая паслядоўнасць літар;

    прастата малюнкаў літар;

    зручнасць малюнкаў літар для напісання;

    выразнае знешняе адрозненне адной літары ад другой.

Замацаваная паслядоўнасць літар у алфавіце мае практычны характар: алфавітнага парадку традыцыйна прытрымліваюцца ў слоўніках, картатэках, спісах прозвішчаў, пры літарнай “нумарацыі”: а – першы, б – другі, в – трэці і г. д.

Пры размяшчэнні ў слоўніках і іншых лексікаграфічных працах, а таксама ў справавой дакументацыі лексічных адзінак, якія пачынаюцца з аднолькавай літары, улічваюцца другая і наступныя літары (любата́, любі́мец, любі́цель, любі́цельскі, любі́ць, любо́ў, любо́ўна, любо́ўны, лю́бы, любы́).

ІІ.У сучасным беларускім алфавіце 32 літары (гл. табліцу 8).

Табліца 8

Літары     Назвы літар        Літары       Назвы літар        Літары       Назвы літар

А а

Б б

В в

Г г

Д д

Е е

Ё ё

Ж ж

З з

І і

Й й  а

бэ

вэ

гэ

дэ

е

ё

жэ

зэ

і

і нескладовае    К к

Л л

М м

Н н

О о

П п

Р р

С с

Т т

У у

Ў ў  ка

эл

эм

эн

о

пэ

эр

эс

тэ

у

у нескладовае   Ф ф

Х х

Ц ц

Ч ч

Ш ш

Ы ы

Ь ь

Э э

Ю ю

Я я  эф

ха

цэ

чэ

ша

ы

мяккі знак

э

ю

я

 

Усе літары беларускага алфавіта падзяляюцца на:

    друкаваныя і рукапісныя (у залежнасці ад спосабу перадачы малюнка літары могуць адрознівацца велічынёй і таўшчынёй шрыфту, знешнімі абрысамі);

    вялікія (загалоўныя) і малыя (радковыя).

Літары ў, ы, ь звычайна выкарыстоўваюцца як радковыя. Але ў некаторых выпадках яны могуць ужывацца як загалоўныя:

    у вершаваных творах для захавання рытмікі і рыфмы: Ў дарозе будзеш ты ці дома, // Я аб адным цябе малю: // Нібы аб нечым невядомым, // Згадай, што я цябе люблю (М. Шабовіч);

    традыцыйна з вялікай літары пішацца кожны радок у паэтычных творах: Песняй вясны лебядзінаю, // Скінуўшы зімнія чары, // Шэпчуцца явар з калінаю // Ў сумнай даліне над ярам (Янка Купала);

    у некаторых уласных імёнах іншамоўнага паходжання і ў геаграфічных назвах літара Ы – загалоўная: г. Ыспарта (Турцыя), г. Ыштык (Кіргізія), г. Ынычкан (Расія), р. Ыт-Юрах (Якуція), Ыксан, Ыстам і інш. (мужчынскія імёны);

    у выпадках, калі ўсё слова пішацца загалоўнымі літарамі: ВАСІЛЬ БЫКАЎ, МІХАСЬ СТРАЛЬЦОЎ, АЛЕСЬ ПІСЬМЯНКОЎ, БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ.

ІІІ. Галосныя гукі ў беларускім алфавіце абазначаюцца 10 літарамі:

 а;

о;

у;

э;

ы;

і;

е;

ё;

ю;

я.

 У залежнасці ад колькасці галосных гукаў, якія можа перадаваць літара, адрозніваюць:

    неётава́ныя – літары, якія перадаюць толькі адзін галосны гук (а, о, у, э, ы): вада, сон, вуха, сэрца, сын;

    ётава́ныя – літары, якія ў залежнасці ад пазіцыі ў слове могуць абазначаць як адзін, так і два гукі (і, е, ё, ю, я): вясна [в’асна́] і явар [йа́вар]):

▫      палата́льныя – ётаваныя літары, якія перадаюць толькі адзін гук і ўжываюцца для абазначэння мяккасці папярэдняга зычнага: лета [л’э́та], сёмы [с’о́мы], любоў [л’убо́ў], пясняр [п’ас’н’а́р], ліпа [л’і́па];

▫      ётавыя – ётаваныя літары, якія перадаюць спалучэнні [й] + галосны: елка [йэ́лка], прыём [прыйо́м], юнга [йу́нγа], ядро [йадро́], імгла [йімγла́]); ётавымі літары могуць быць:

–     у пачатку слова: ежа [йэ́жа], ёгурт [йо́γурт], юрыст [йуры́ст], яліна [йал’і́на], іншы [йі́ншы];

–     пасля галоснага ў сярэдзіне ці на канцы слова: мясаед [м’асайэ́т], прыём [прыйо́м], спяваю [с’п’ава́йу], біялогія [б’ійало́γ’ійа], заіліць [зайі́л’іц’];

–     пасля раздзяляльнага мяккага знака і апострафа: з’езд [зйэ́ст], паштальён [паштал’йо́н], налью [нал’йу́], трох’ярусны [трохйа́русны], аб’інець [абйі́н’эц’];

–     пасля  ў: наўючыць [наўйу́чыц’], паўямы [паўйа́мы].

IV. Для перадачы зычных гукаў у беларускім алфавіце выкарыстоўваецца 21 літара:

б;

в;

г;

д;

ж;

з;

й;

к;

л;

м;

н;

п;

р;

с;

т;

ў;

ф;

х;

ц;

ч;

ш.

Для абазначэння афрыкат [ž] ([дж]) і [z] ([дз]) выкарыстоўваюцца спалучэнні літар – дыграфы (ад грэч.  di ‘двойчы’, graphō ‘пішу’) – д і ж, д і з:  нараджэнне, дзесяць.

Звонкія гукі [γ] (фрыкатыўны) і [г] (выбухны) звычайна абазначаюцца адной літарай – г: гутарка [γу́тарка] і гузік [гу́з’ік].

Літара ь (мяккі знак) гукавога выражэння не мае, яна служыць для абазначэння мяккасці папярэдніх зычных (гульня, восьмы) або паказвае на тое, што наступны галосны абазначае два гукі (мільён, Васільеў), і ўплывае на размяшчэнне слоў у слоўніках і даведніках.

Назвы літар для абазначэння зычных гукаў утвараюцца па некалькіх мадэлях:

    зычны гук + галосны [э]: бэ, вэ, гэ, дэ, жэ, зэ, пэ, тэ, цэ, чэ;

    зычны гук + галосны [а]: ка, ха, ша;

    галосны [э] +зычны гук: эл, эм, эн, эр, эс, эф.

Для некаторых літар выкарыстоўваюцца састаўныя назвы:

    й – “і нескладовае”;

    ў – “у нескладовае”;

    ь – “мяккі знак”.

V. Асноўная функцыя літар – абазначаць гукі. Ідэальнай лічыцца графіка, у якой вытрыманы прынцып “адна літара – адзін гук”.

У сучаснай беларускай мове 32 літары перадаюць на пісьме 45 гукаў, г. зн. многія літары беларускага алфавіта могуць мець некалькі значэнняў:

    асноўнае значэнне: літара абазначае на пісьме гук у моцнай пазіцыі (галосны гук пад націскам, зычны перад галосным або санорным): вол [о], рух [у], сады [д];

    дадатковае значэнне: літара абазначае на пісьме гук у слабай пазіцыі (галосны гук не пад націскам, зычны перад глухім зычным ці на канцы слова); гэтую літару можна ўмоўна замяніць іншай літарай, і ад гэтага значэнне слова не зменіцца: стол – сталы́ [а], казка [с], сад [т].

Паводле асноўнага значэння ўсе літары беларускага алфавіта падзяляюцца на дзве групы:

    адназначныя літары – маюць адно гукавое значэнне, абазначаюць адзін гук:

▫      галосныя:  а [а], о [о], у [у], э [э], ы [ы];

▫      зычныя:  д [д], ж [ж], й [й], т [т], р [р], ч [ч], ш [ш], ў [ў] і дыграф дж [ž];

    двухзначныя літары, якія маюць два гукавыя значэнні, абазначаюць два гукі:

▫      літары для перадачы спалучэння “й + галосны”: е [йэ], ё [йо], я [йа],

 ю [йу], і [йі];

▫      літары, якія абазначаюць адпаведныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі:

 б − [б], [б’];

в – [в], [в’];

г – [γ], [γ’], [г], [г’];

з – [з], [з’];

к – [к], [к’];

л – [л], [л’];

м – [м], [м’];

н – [н], [н’];

п – [п], [п’];

с – [с], [с’];

ф – [ф], [ф’];

х – [х], [х’];

ц – [ц], [ц’];

дз (дыграф) – [z], [z’].

 Большасць літар беларускага алфавіта двухзначныя. У складзе канкрэтнага слова двухзначная літара абазначае толькі адзін пэўны гук: нос [но́с] – нёс [н’о́с].

VI. Мяккасць зычных на пісьме можа перадавацца:

    ётаванымі е, ё, і, ю, я, якія стаяць непасрэдна пасля зычных і абазначаюць галосны гук і адначасова мяккасць папярэдняга зычнага: лес [л’э́с], зялёны [з’ал’о́ны], вялікі [в’ал’і́к’і], людзі [л’у́z’і];

    пры дапамозе мяккага знака на канцы слова або ў сярэдзіне слова пасля зычных: плынь [плы́н’], соль [со́л’], гульня́ [γул’н’а́];

    праз суседства з іншымі мяккімі зычнымі гукамі (асіміляцыйная мяккасць зычных гукаў [з’], [с’], [ц’], [z’]): знесці [з’н’э́с’ц’і], дзве [z’в’э́], цвік [ц’в’і́к].

Літара  й  (і нескладовае) пішацца ў сярэдзіне пасля галоснай літары ці ў канцы слова (майстар, вырай).

Ва ўсіх астатніх выпадках сярэднепаднябенны зычны гук [й] абазначаецца літарамі е, ё, і, ю, я:

    у пачатку слова: елка [йэ́лка], ёгурт [йо́γурт], іншы [йíншы], юнга [йу́нγа], явар [йа́вар];

    пасля галоcных: фае [файэ́], стадыён [стадыйо́н], краіна [крайі́на], спяваюць [с’п’ава́йуц’], варыянт [варыйа́нт];

    пасля гука [ў]: здароўе [здаро́ўйэ], салаўём [салаўйо́м], салаўі [салаўйі́], любоўю [л’убо́ўйу], паўяблыка [паўйа́блыка];

    пасля апострафа і раздзяляльнага мяккага знака: бар’ер [барйэ́р], мільён [м’іл’йо́н], вераб’і [в’эрабйі́], мільярд [м’іл’йа́рт], інтэрв’ю [йінтэрвйу́].

 Прынцыпы беларускай графікі

Сучасная беларуская графіка заснавана на двух прынцыпах:

    гукавым – адзін і той жа гук на пісьме заўсёды абазначаецца адной і той жа літарай: паводле гэтага прынцыпу:

▫      ужываюцца адназначныя літары: а, о, у, э, ы; д, ж, й, т, р, ч, ш, ў;

▫      выкарыстоўваецца дыграф дж;

    складовым – гукавая адпаведнасць пэўных літар праяўляецца толькі ў межах склада як графічнай адзінкі; паводле гэтага прынцыпу:

▫      выкарыстоўваюцца двухзначныя літары;

▫      перадаецца на пісьме мяккасць і цвёрдасць зычных гукаў;

▫      абазначаецца гук [й].

Складовы прынцып беларускай графікі мае практычнае значэнне: эканоміць графічныя сродкі (дазваляе не ўводзіць у алфавіт дадатковыя літары для абазначэння мяккіх зычных на пісьме).

6.З гісторыі беларускай графікі

І. Сучасная беларуская графіка склалася на аснове старажытнай славянскай азбукі – кірыліцы.

Усяго ў кірыліцы было 43 літары: 24 – візантыйскага паходжання, 19 – створаны ўпершыню.

27 літар кірылічнай азбукі выкарыстоўваліся для абазначэння лікаў: над літарай ставіўся знак цітла, а па баках– кропкі: •А̃• – лік 1, •Є̃• – лік 5 і інш.

У кірылічнай графіцы шырока выкарыстоўваліся разнастайныя надрадковыя знакі: прыдыхання, націску, скарачэння слоў і інш.

Акрамя кірыліцы, у старажытных пісьмовых помніках выкарыстоўвалася глаголіца (ад ст.-слав. глаголъ ‘слова’).

Абедзве сістэмы пісьма адпавядалі тагачаснай фанетычнай сістэме стараславянскай мовы. Азбукі мелі амаль аднолькавую колькасць літар (у глаголіцы 40 літар, у кірыліцы 43), а таксама аднолькавы парадак іх размяшчэння.

Глаголіца з’яўляецца больш старажытнай сістэмай пісьма, пра што сведчаць наступныя факты:

    самыя раннія помнікі напісаны пераважна глаголіцай;

    мова глагалічных помнікаў больш архаічная ў параўнанні з мовай помнікаў, напісаных кірыліцай;

    парадак літар глаголіцы адпавядае парадку лічбаў, а ў кірыліцы гэтая паслядоўнасць парушана;

    некаторыя кірылічныя літары з’яўляюцца спрашчэннем глагалічных знакаў;

    глаголіца менш дасканалая па складзе літар;

    наяўнасць палімпсе́стаў (грэч. palipmpseston ‘зноў саскрэбены’) – рукапісаў на пергаменце (кірылічных), зробленых паверсе змытага або саскрэбенага тэксту (глагалічнага).

Глаголіца не карысталася папулярнасцю ва ўсходніх славян і ўжо ў ХІ ст. была выцеснена кірыліцай.

Пачынаючы з Х ст. (асабліва пасля прыняцця хрысціянства ў Х – ХІ стст.) кірыліца пачала шырока выкарыстоўвацца ва ўсіх тыпах агульнаўсходнеславянскай мовы, а пасля перайшла ў спадчыну старарускаму, старабеларускаму і стараўкраінскаму пісьменству.

У ХІІІ – ХV стст. на аснове кірыліцы ўзнікла беларускае пісьмо. Аднак у працэсе развіцця беларускай мовы літарны склад кірыліцы перастаў адпавядаць гукавой сістэме старабеларускай мовы:

    адпала патрэба ў дублетных літарах, якія выкарыстоўваліся па традыцыі: o – w, е – h, i – è – v, ó – u – q – @, > – #, ç – s, ф – f, k – кси, j – пси;

    з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага [й], афрыкаты [ž], галосных гукаў [о] і [э] пасля мяккіх і цвёрдых зычных;

    наспела патрэба ў прыстасаванні кірылічнай графічнай сістэмы для перадачы на пісьме асаблівасцей жывой беларускай мовы.

Па гэтых прычынах паступова выходзілі з ужытку літары, якія служылі для абазначэння гукаў, што супалі ў гучанні з іншымі гукамі.

У выніку рэформы пісьма, праведзенай Пятром І у 1708 г. па праекце беларуса Ільі Капіевіча, з кірылічнай азбукі былі выключаны юсы (#, @, > \), амега (w), ксі (k). Акрамя таго, рэформа прадугледжвала:

    спрашчэнне абрысаў літар;

    набліжэнне кірылічных літар па форме да лацінскіх;

    ліквідацыю надрадковых знакаў (націскаў, цітлаў, камор, паерыкаў);

    увядзенне арабскіх лічбаў замест літарных абазначэняў (1, 2, 3, 4, 5, 6 і інш.).

Шрыфт, пакладзены ў аснову новага алфавіта, стаў называцца “грамадзянскім” (грамадзянка), ім друкаваліся ўсе дзяржаўныя пастановы і грамадзянскія акты. Царкоўныя кнігі працягвалі друкаваць літарамі старога алфавіта.

На працягу наступных стагоддзяў у “грамадзянцы” перасталі ўжывацца літары ¼ (псі), ¾ (зело) і інш., літара í (наш) набыла новую форму – “н”.

З ХVІІІ ст. замест кірылічных назваў літар пачалі выкарыстоўвацца лацінскія найменні: аз → а, букі → бэ, ведзі → вэ, глаголь → гэ, дабро→ дэ і інш.

Паралельна адбывалася стварэнне новых літар: у 1710 г. у алфавіт была ўведзена літара  э, у 1735 г. – й, у 1797 г. – ё.

Літара Ў  (ў) – “у нескладовае” – у старабеларускай графіцы не выкарыстоўвалася: у пісьмовых тэкстах таго часу гук [ў] абазначаўся літарамі в, у, л. Упершыню была прапанавана ў выглядзе спалучэння літары У з дыякрытычным знакам у 1870 г. рускім філолагам-славістам П.А. Бяссонавым, але доўгі час па тэхнічных прычынах у друку не выкарыстоўвалася. У друкаваных лацінкай тэкстах В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і інш. гук [ў] абазначаўся графемамі и, й. Шырокае выкарыстанне літары Ў (ў) пачалося на пачатку ХХ ст. у выданнях суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, а таксама ў газетах “Наша ніва” і “Наша доля”.

Такім чынам, у сваім развіцці беларуская кірылічная графіка прайшла тры этапы:

    устаў (да ХІV ст.) – тып пісьма агульнаўсходнеславянскіх рукапісаў, які характарызуецца прамым (амаль перпендыкулярным радку) выразным і дакладным напісаннем кожнай асобнай літары, адсутнасцю скарачэнняў;

    паўустаў (з сярэдзіны ХІV да ХVІІ ст.) – тып пісьма, які ўзнік у сувязі з неабходнасцю паскарэння працэсу пісьма; паўустаў характарызуецца больш спрошчаным напісаннем літар з нахілам у левы ці правы бакі, вялікай колькасцю скарачэнняў у словах; літары, як і ва ўставе пішуцца асобна адна ад адной.

    скорапіс – тып рукапіснага пісьма, якое прыйшло на змену ўставу і паўуставу і адрознівалася бесперапыннасцю ў напісанні літар, неабавязковасцю націску пяра пры пісьме, мноствам скарачэнняў, вынясеннем літар за межы радка (уверх або ўніз) і інш.; скорапіс ужываўся з ХV ст. пераважна ў прыватнай перапісцы і ў афіцыйна-справавой літаратуры (загады, пастановы), найбольшага росквіту дасягнуў у ХVІ – ХVІІ стст.

ІІ. З канца ХVІІ ст. кірылічны шрыфт на Беларусі выкарыстоўваўся абмежавана ў сувязі з актыўнай паланізацый і пашырэннем каталіцызму.

Асноўнай графічнай сістэмай стаў лацінскі алфавіт (лацінка).

Пасля ўваходжання Беларусі ў канцы ХVІІІ ст. у склад Расійскай імперыі і ўвядзення рускай мовы ў якасці адзінай мовы справаводства на тэрыторыі нашай краіны пачалі выкарыстоўвацца паралельна дзве графічныя сістэмы: і кірыліца (“грамадзянка”), і лацінка. “Грамадзянкай” друкаваліся некаторыя ананімныя творы і вершы Янкі Лучыны, лацінкай – “Мужыцкая праўда” К. Каліноўскага, творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і іншых пісьменнікаў XIX – пачатку ХХ ст. Часта адны і тыя ж выданні (газета “Наша ніва”, зборнікі ранніх твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі і інш.) друкаваліся паралельна і “грамадзянкай”, і лацінкай.

Суіснаванне дзвюх графічных сістэм адмоўна ўплывала на развіццё беларускай літаратурнай мовы і выпрацоўку яе нормаў, стварала цяжкасці ў выдавецкай справе.

У першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. “грамадзянка” была прыстасавана для перадачы жывой беларускай мовы:

    афрыкаты [ž] і [z]  пачалі адлюстроўвацца на пісьме пры дапамозе дыграфаў дж і дз;

    было ўдакладнена гукавое значэнне літар ц, т, д;

    у алфавіт уведзены літары  і, ў, ё;

    у якасці раздзяляльнага знака быў замацаваны апостраф ( ’ );

    выведзены з ужытку літары h, f, v і літара ъ на канцы слоў пасля цвёрдых зычных і як раздзяляльны знак;

    замест літары щ пачалі выкарыстоўваць дыграф шч.

Адзіны алфавіт, у аснову якога пакладзена “грамадзянка”, быў канчаткова ўзаконены як графічны сродак пісьмовай формы беларускай літаратурнай мовы пасля 1919 года, калі беларуская мова ў БССР набыла статус дзяржаўнай мовы і пачала выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця (у навуцы, адукацыі, культуры і інш.).

ІІІ. У ХVІ – ХVІІ стст. на беларускіх землях быў пашыраны таксама арабскі алфавіт, якім карысталіся татары, што пасяліліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з часоў князя Вітаўта. З цягам часу яны забылі сваю родную мову і пачалі далучацца да беларускай культуры. Аднак для захавання рэлігіі татары вымушаны былі перакласці Каран і іншыя рэлігійныя і ісламскія тэксты на беларускую мову, пакінуўшы пры гэтым арабскі алфавіт. Кнігі, якія былі напісаны на беларускай мове арабскай графікай, атрымалі назву кітабы.

Асаблівасці кітабаў:

    кітабы напісаны і чытаюцца не злева направа, а справа налева;

    тэкст пачынаецца там, дзе ў славянскіх кнігах заканчваецца;

    у кітабах няма падзелу на словы – радок суцэльны;

    адсутнічаюць знакі прыпынку і вялікая літара;

    кожны наступны радок павінен быць роўным з папярэднім;

    новы тэкст (раздзел) пачынаецца словамі баб (раздзел, пачатак новага зместу) ці хікайет (аповесць, апавяданне); калі такіх слоў няма, тады на палях пішуцца першапачатковыя словы (першы сказ), якія паказваюць на пачатак новага тэксту;

    колькасць старонак у розных кітабах вар’іруецца ад 70 да 1000.

Мова кітабаў адлюстроўвае лексічныя, фразеалагічныя і фанетычныя асаблівасці жывой (народнай) беларускай мовы.

 

 

Тэма 8.1 Арфаграфія як раздзел мовазнаўства. Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі

План лекцыі

1. Арфаграфія як раздзел мовазнаўства.

2. Сувязь арфаграфіі з фанетыкай і графікай.

3. Арфаграма і апорнае напісанне.

4. Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі.

5. Напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе правапісу.

6. Напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе

правапісу.

7. Традыцыйныя і дыферэнцыйныя напісанні ў беларускай

мове.

 

1. Арфаграфія як раздзел мовазнаўства

І. Арфаграфія (ад грэч. orthos ‘прамы, правільны’ і graphō‘пішу, малюю’) – 1) раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца правілы перадачы вуснай мовы на пісьме – правапісныя нормы літаратурнай мовы; 2) сістэма агульнапрынятых правіл перадачы вуснай мовы на пісьме, якія вызначаюць аднастайнае, унармаванае і абавязковае для ўсіх напісанне слоў і іх значымых частак (марфем), – правапіс.

Сучасная беларуская арфаграфія ўключае:

    правілы перадачы на пісьме гукавога складу слоў (правапіс галосных, правапіс зычных,  правапіс мяккага знака і апострафа);

    правілы напісання разам, праз злучок (дэфіс) ці асобна;

    правілы ўжывання вялікай літары;

    правілы пераносу слоў;

    правілы графічнага скарачэння слоў.

2. Сувязь арфаграфіі з фанетыкай і графікай

Арфаграфія цесна звязана з іншымі раздзеламі мовазнаўства. Найбольш цесную сувязь арфаграфія мае з графікай, арфаэпіяй, фаналогіяй і марфалогіяй.

Асноўнай задачай арфаграфіі, звязанай з адлюстраваннем нацыянальнай спецыфікі беларускай мовы, з’яўляецца вызначэнне правіл перадачы на пісьме гукавога складу асобнага слова або яго значымых частак.

3. Арфаграма і апорнае напісанне.

ІІ. Ключавыя паняцці арфаграфіі:

    арфаграфічная норма – найбольш пашыранае і агульнапрынятае напісанне слоў і іх частак (марфем), якое стала ўзорным і таму заканадаўча замацаваным у выглядзе правіл;

    арфаграфічнае правіла – палажэнне, якое рэгламентуе ўмовы выбару правільнага напісання слоў і іх частак (марфем) у адпаведнасці з канкрэтным арфаграфічным прынцыпам;

    арфаграфічны прынцып – заканамернасць, якая ляжыць у аснове арфаграфічнай сістэмы мовы і на аснове якой правілы напісання слоў і іх частак (марфем) аб’ядноўваюцца ў групы;

    арфаграма – нарматыўнае напісанне, якое выбіраецца з шэрага магчымых і адпавядае пэўнаму арфаграфічнаму правілу або традыцыі.

ІІІ. У беларускай лінгвістыцы вывучэннем арфаграфіі ў розных аспектах займаліся З.І. Бадзевіч, А.М. Булыка, І.А. Гапоненка, А.І. Жураўскі, С.М. Запрудскі, В.І. Іўчанкаў, Я.М. Камароўскі, А.А. Каўрус, Г.І. Кулеш, У.І. Куліковіч, І.Я. Лепешаў, А.А. Лукашанец, А.І. Падлужны, Ф.А. Піскуноў, М.Р. Прыгодзіч, М.Р. Суднік, Л.І. Сямешка і інш.

4. Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі

Сучасная беларуская арфаграфія грунтуецца на фанетычным і марфалагічным прынцыпах правапісу, а таксама на традыцыйным і дыферэнцыяльным напісаннях.

У аснове сучаснага правапісу ляжаць фанетычны і марфалагічны прынцыпы.

5. Напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе правапісу.

І. Фанетычны прынцып заключаецца ў тым, што напісанне таго ці іншага слова поўнасцю адпавядае яго літаратурнаму вымаўленню, гэта значыць, што паводле фанетычнага прынцыпу на пісьме перадаюцца арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы; напр., у словах мора – марскі, студэнт – студэнцкі ўсе літары абазначаюць тыя гукі, якія чуюцца пры вымаўленні гэтых слоў.

На фанетычным прынцыпе грунтуецца:

    правапіс націскных галосных: по́ле, край;

    правапіс літары а не пад націскам на месцы гукаў [о] і [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных ва ўсіх словах, незалежна ад іх паходжання (“аканне”): дамы́, сардэ́чны, жамчу́жына, Чалю́скін, ада́жыа, тры́а, партфо́ліа, То́кіа, Анта́рыа, Бака́чыа;

    правапіс літары я ў першым складзе перад націскам замест літар е, ё (“яканне”): мёд – мядо́вы, дзе́вяць – дзявя́ты, сем – сямна́ццаць, Нясві́ж, Сярге́й, калянда́р, сяржа́нт;

    правапіс санорных зычных: літаратура, лінія, стол;

    правапіс звонкіх і глухіх зычных перад галоснымі: закон, берагавы;

    правапіс падоўжаных зычных: у становішчы паміж галоснымі зычныя гукі [з’], [z’], [л’], [н’], [с’], [ц’], [ч], [ж], [ш] вымаўляюцца падоўжана і на пісьме абазначаюцца падвоеным напісаннем адпаведных літар (падоўжанае вымаўленне [z’] на пісьме перадаецца спалучэннем літар ддз): маззю, асяроддзе, наваколле, Наталля, каханне, Аксіння, двукоссе, Фядосся, пачуццё, Таццяна, роспаччу, падарожжа, Пабужжа, зацішша, Замошша;

    правапіс у спрадвечна беларускіх словах прыстаўнога [в] перад націскным [о] і каранёвым [у]: во́зера, во́йкаць, во́стры, во́бласць, во́страў, во́льха, Во́льга, ву́чань, ву́да, ву́зел, ву́ліца, вус;

    абазначэнне на пісьме цвёрдых зычных [д] і [т] літарамі дз і ц перад е, ё, і, ю, я і мяккімі [в’] і [м’] у корані слова (“дзеканне” і “цеканне”): загад – у загадзе, малады – маладзіца, куст – кусцік, пяты – пяцёрка, подзвіг, дзверцы, мядзведзь, бацвінне, ліцвін, ліцвінка, яцвяг, Дзвіна, Мацвей, Дзмітрый і інш.;

    правапіс літары т на месцы спалучэння [дт] на канцы іншамоўных слоў (Кранштат, Шміт, Рэмбрант);

    правапіс спалучэнняў зн, рц, рн, нц, сн, сл замест этымалагічных [здн], [рдц], [рдн], [лнц], [стн], [стл]: праязны, пачэсны, месны (аналагічна ў словах іншамоўнага паходжання: кантрасны, кампосны, фарпосны); шчаслівы, бескарыслівы, міласэрнасць, сэрца, сонца;

    правапіс літары ц на месцы [тс], [кс], [чс], [цс] (савецкі, настаўніцкі, пухавіцкі, студэнцкі);

    правапіс падвоенага чч на месцы суфіксальнага [цк] перад -ін- (-ын-) у геаграфічных назвах (Случчына, Полаччына, Нямеччына);

    правапіс літары с на месцы спалучэнняў [жс], [шс], [хс], [γс], [сс]: мноства, таварыскі, птаства, княскі, палескі;

    правапіс адной літары с у словах расада, расаднік, расол, расольнік, ростань;

    правапіс прыставак з-, без-(бяз-), раз-(роз-), уз-, цераз-: перад галоснымі і звонкімі зычнымі пішацца літара з (зверху, беззямелле, безасабовы, бязветраны, развязаць, роздум, узбегчы), перад глухімі зычнымі пішацца с (скруціць, беспрацоўе, бясстрашна, распаліць, росшук, ускрык, цераспалосіца); калі корань слова пачынаецца з галосных а, ы, у, э, звычайна пішацца прыстаўка с: сагітаваць, сарганізаваць, сысці, сыграць, сыскаць, сурочыць, сэканоміць;

    правапіс спалучэння літар шч у словах пяшчота, шчасце, рошчына, ушчуваць, нішчымны, нішчымніца, нашчадак і вытворных ад іх.

6. Напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе

правапісу.

ІІ. Марфалагічны прынцып заключаецца ў тым, што марфемныя часткі слова (корань, прыстаўка, суфікс і канчатак) ва ўсіх выпадках перадаюцца на пісьме аднолькава і не залежаць ад іх вымаўлення: касьба [каз’ба́], мароз [маро́с], адправіць [атпра́в’іц’], грамадства [γрама́цтва].

Пры марфалагічным прынцыпе ўлічваецца апорнае напісанне – абазначэнне на пісьме фанем у моцнай пазіцыі.

На гэтым прынцыпе грунтуецца:

    правапіс звонкіх зычных перад глухімі і на канцы слова: ножка, бярозка, дзед, снег, сувязь;

    правапіс глухіх зычных перад звонкімі: просьба, малацьба, лёгка;

    правапіс свісцячых зычных перад шыпячымі: перапісчык, пясчаны;

    правапіс шыпячых зычных перад свісцячымі: мыешся, смяешся, на печцы, на дошцы;

    правапіс зычных на стыку марфем (у геаграфічных назвах і вытворных ад іх: нясвіжскі, выбаргскі; у назоўніках перад суфіксам -чык-: лётчык, перабежчык, перакладчык; у прыметніках і назоўніках перад суфіксамі -ск-, -ств-: гарадскі, суседскі, грамадства);

    правапіс спалучэнняў літар дц, тц у словах, у якіх вымаўляецца падоўжаны гук [ц̅ ]: адцягваць, на кладцы, братцы, у вопратцы;

    правапіс слоў з асіміляцыйнай мяккасцю (на пісьме асіміляцыйная мяккасць зычных [з’], [с’], [z’], [ц’] не перадаецца): змяя, позні, смех, прысвяціць, подзвіг, дзверы, цвёрды, бацвінне;

    правапіс каранёвай літары я ў словах дзе́вяць, дзе́сяць, ме́сяц, мяккава́ты, па́мяць, по́яс, пяцярня́, святкава́ць, су́вязь, цягаві́ты, цягнікі́, ярына́; Пры́пяць, Ярасла́ў;

    правапіс суфіксаў -ядзь, -язь: дро́бязь, бо́язь, ро́ўнядзь;

    правапіс зычных б і д на канцы прыставак аб-, ад-, над-, пад- і прыназоўнікаў аб, ад, над, пад: абцас, аб становішчы, адшпіліць, ад печы, надпіс, над полем, падтэкст, пад сталом;

    правапіс часціцы не: не быў, не вельмі, не ведаў;

    правапіс прыназоўніка без: без выніку, без ведаў, без задавальнення;

    правапіс суфікса -ен- у дзеепрыметніках, утвораных ад асноў інфінітываў на -і-: (асветлены, запоўнены, зачынены, зроблены).

Марфалагічны прынцып дазваляе захаваць выразную марфемную структуру слова.

7. Традыцыйныя і дыферэнцыйныя напісанні ў беларускай

мове.

Апрача напісанняў, якія грунтуюцца на фанетычным і марфалагічным прынцыпах, у сучаснай беларускай мове сустракаюцца традыцыйныя і дыферэнцыяльныя напісанні.

ІІІ. Традыцыйнымі называюцца напісанні, якія былі прыняты ў мінулым і захаваліся цяпер, хоць поўнасцю не адпавядаюць сучаснаму гукавому і марфалагічнаму складу слова, г. зн. напісанні перадаюцца па традыцыі.

Традыцыйнымі з’яўляюцца:

    напісанне вялікай літары ў назвах міжнародных арганізацый: Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Таварыства Чырвонага Крыжа, ЮНЕСКА;

    напісанне вялікай літары ў назвах дзяржаўных дакументаў, дакументах міжнароднага значэння: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый;

    напісанне новага радка вершаванага твора з вялікай літары:

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

У сумнай даліне над ярам (Янка Купала).

IV. Дыферэнцыяльнае напісанне патрабуе дыферэнцыяцыі ў перадачы слоў, якія маюць аднолькавае гучанне, але адрозніваюцца значэннем.

Дыферэнцыяльным прынцыпам рэгламентуецца:

    напісанне слоў-амонімаў: грыб (бесхларафільная расліна ў выглядзе шапачкі на ножцы) і грып (вострая вірусная хвароба);

    напісанне агульных і ўласных назоўнікаў: капуста (расліна) і Капуста (прозвішча), арол (птушка) і Арол (населены пункт);

    напісанне канчаткаў творнага склону ў прозвішчах і назвах геаграфічных аб’ектаў: з Іванам Барысавым, пад горадам Барысавам;

    напісанне канчаткаў назоўнікаў Р. с. м. р.: тэрміну (тэрмін – пэўны адрэзак часу) і тэрміна (тэрмін – слова або словазлучэнне, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце якой-небудзь спецыяльнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва і пад.); дуба (буйное ліставое дрэва сямейства букавых з цвёрдай драўнінай і пладамі-жалудамі) і дубу (драўніна гэтага дрэва).

 

Тэма 8.2 З гісторыі беларускай арфаграфіі

План лекцыі

1. Асноўныя правілы беларускай арфаграфіі.

2. З гісторыі беларускай арфаграфіі (самастойна).

 

1. Асноўныя правілы беларускай арфаграфіі

Кожная часціна мовы мае свае правапісныя правілы, але існуюць і агульныя правілы перадачы слоў на пісьме.

І. Правапіс у, ў

1.У (у складовае) пішацца:

    у пачатку сказа, пасля знакаў прыпынку і пасля слоў, якія заканчваюцца на зычны: З Навагрудка Міхась пайшоў у свет, які завецца дарослым (А. Кажадуб);

    у пачатку ўласных назваў: на Украіне, ва Уруччы, на Ушачы, для Усяслава, за Уладзіміра;

    у пачатку і ў сярэдзіне слоў, калі у знаходзіцца пад націскам: Люблінская у́нія, вялікая у́рна, саксау́л, бау́л, у выклічніках у (у, які ты смелы!), ух (ух ты, як прыгожа!), уй (уй, які смешны!);

    у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: соцыум, кансіліум, вакуум, страус, соус, і вытворных ад іх: вакуумны, страусавы, соуснік;

    у канцы запазычаных слоў: фрау, ток-шоу, ноу-хау, Шоу, Ландау, Дахау.

2. Ў (у нескладовае) пішацца:

    у пачатку слова пасля галосных: на ўсё жыццё, скласці ўдвая, гучнае “ўра”, на ўніверсіядзе, для ўніята, каля ўніверсітэта, ва ўніверсаме, пайсці ўнаймы, з лёгкасцю ўздыхнуць;

    у сярэдзіне слова пасля галосных: аўкцыён, паўза, фаўна, джоўль, раўт, саўдзел, траўлер, клоўн, воўнаапрацоўчы, скаўт;

    пры чаргаванні в з ў: маўленне (мова), поўны (повен), кроў (крыві) і інш., а таксама ва ўласных назвах: Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора;

    пасля дэфіса ці двукосся, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны: па-ўчарашняму, паўднёва-ўсходні, класна-ўрочны, “Волга” ўехала ў двор, медаль “За адвагу” ўручылі на афіцыйнай сустрэчы, опера “Кастусь Каліноўскі” ўразіла школьнікаў.

У вершаваных творах з мэтай захавання рытму можа пісацца ў замест у і наадварот: Ты прыйдзі ка мне увосень, зоркаю прыйдзі; ў свет далёкі з шумам сосен думку павядзі… (Янка Купала).

ІІ. Правапіс мяккага знака і апострафа

1. Змякчальны мяккі знак пішацца:

    пасля мяккіх зычных з, л, н, с, дз (з мяккага д), ц (з мяккага т):

▫      на канцы слова: соль, камень, медзь, глядзець;

▫      у сярэдзіне слова перад цвёрдым зычным: касьба, дзядзька;

▫      у сярэдзіне слова паміж мяккімі зычнымі, калі пры змяненні слова (або пры замене яго іншым словам таго ж кораня) другі зычны становіцца цвёрдым, а першы застаецца мяккім: пісьменнік (пісьмо), цьмяны (цьма), васьмі (восем);

    пасля мяккага л перад любым зычным (цвёрдым або мяккім): вельмі, пальцы, гульні, бразільскі;

    мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці н:

▫      перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): нянька, карэньчык (корань), агеньчык (агонь);

▫      перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н’], і назоўніка восень: студзеньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных уласных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;

    у суфіксе -еньк-(-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі;

    мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:

▫      перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: станьма, кіньма, сядзьма;

▫      перад постфіксам -це: намыльце, сядзьце, станьце;

▫      перад постфіксам -ся: сунься, кінься;

    мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, дзецьмі;

    мяккі знак пішацца:

▫      у некаторых складаных лічэбніках: пяцьдзясят, шэсцьсот;

▫      у постфіксу -сьці: хтосьці, кудысьці, якісьці;

▫      у слове ледзьве (як і ў слове ледзь).

2. Мяккі знак не пішацца:

    пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: дождж, рэч, ціш, вар, купец, голуб, насып, верф;

    пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго аднакаранёвым) нельга паставіць гукі з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: снег, свет, дзверы, бацвінне;

    пры падаўжэнні зычных: калоссе, галлё, насенне, а таксама пры падваенні: ззяць, ссекчы;

    у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), разанскі (Разань), цянь-шанскі (Цянь-Шань).

3. Раздзяляльны мяккі знак пішацца:

    пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: рэльеф, дасье, парцье, мадзьяры, кастаньеты, Нью-Ёрк;

    ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-): Васільевіч, Васільеўскі (востраў), Арсеньеў, Кандрацьеў, Аркадзьевіч.

Трэба адрозніваць напісанне некаторых імён па бацьку з раздзяляльным мяккім знакам і без яго (гэта тлумачыцца тым, што яны ўтвораны ад розных формаў уласных асабовых імён): Васілій – Васільевіч і Васіль – Васілевіч, Аркадзій – Аркадзьевіч і Аркадзь – Аркадзевіч.

4. Апостраф пішацца:

    пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:

▫      пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычны, перад е, ё, ю, я і націскным і: аб’ехаць, пад’ём, між’ярусны;

▫      у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’е, аб’ект, ад’ютант, ін’екцыя, інтэрв’ю, сям’я, куп’істы, Лук’ян, Пракоф’еў, Юр’еў;

▫      у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, шмат’ёмісты.

5. Апостраф не пішацца:

    пасля ў перад літарамі е, ё, і, ю, я: здароўе, салаўі, саўюць;

    у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: дзяржюрвыдавецтва, цэхячэйка, трэд-юніёны.

ІІІ. Напісанні слоў разам, праз злучок і асобна

У залежнасці ад значэння, сэнсавай самастойнасці і спосабу ўтварэння словы сучаснай беларускай літаратурнай мовы перадаюцца на пісьме асобна, злітна (разам) і паўзлітна (праз злучок, або дэфіс).

1. Лексічна і граматычна самастойныя словы ў сказе пішуцца асобна: Карціна ж павінна быць жывой, у ёй усё павінна трапятаць і дыхаць, усё павінна быць адухоўлена (Л. Гаўрылкін).

2. У выпадку, калі два (ці больш) слоў страцілі сваю самастойнасць, зліліся ў лексічна і граматычна цэласную адзінку (сталі кампанентамі аднаго слова), выкарыстоўваецца злітнае напісанне.

Злітна пішуцца:

    складанаскарочаныя словы: філфак, дзяржцырк, прафкам;

    складаныя назоўнікі, утвораныя з дапамогай злучальных галосных о (а), е (я): льнозавод, новабудоўля, землекарыстанне, конезавод, далягляд;

    складаныя назоўнікі, назоўнікі і вытворныя ад іх словы з прыстаўкамі і прэфіксоідамі а-, авія-, агра-, анты-, архі-, астра-, аўдыя-, аўта-, аэра-, бія-, варыя-, вела-, відэа-, геа-, гідра-, гіпер-, грос-, дыс-, дэз-, заа-, звыш-, інтэр-, інфра-, квазі-, кіна-, контр-, макра-, медыя-, мета-, метэа-, між-, мікра-, мілі-, мона-, мота-, неа-, палеа-, пан-, паст-, полі-, псеўда-, радыё-, сацыя-, сейсма-, сін-, спарт-, стэрэа-, супер-, танц-, транс-, тэле-, тэрма-, ультра-, фіта-, фота-, хлор-, хрома-, хрона-, цепла-, экс-, электра-, экстра-, энерга-: астралогія, біякантроль, відэакліп, гіпертанічны, контратака, мікрасхема, міліметр, монакультура, мотакалона, радыёвыпуск, супермаркет, тэлемост, фотаконкурс і інш.;

    словы з пачатковай часткай поў-(паў-): поўдзень, паўлыжкі, паўста, паўяблыка, паўтары, паўпаліто;

    складаныя словы, першай часткай якіх з’яўляюцца лічэбнікі: двухбаковы, трохзначны, двухмоўе, чатырохрадкоўе, дваццацідвухгадовы, пяціразовы, дзевяціпавярховы, а таксама словы двукоссе, двукроп’е;

    складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў або спалучэння прыметнікаў з назоўнікамі ці прыслоўямі, а таксама складаныя прыметнікі, якія ўтвараюцца з дзвюх і больш лексічных частак і ўжываюцца для абазначэння навуковых і тэхнічных паняццяў: літаратуразнаўчы, чарназёмны; агульнаадукацыйны, беларускамоўны; дрэваапрацоўчы, гукапераймальны; шматразовы, мнагалюдны, высокакваліфікаваны, вечназялёны; індаеўрапейскі, старажытнаўсходнеславянскі;

    складаныя колькасныя лічэбнікі, апошняй часткай якіх з’яўляюцца

-дзесят (-дзясят), -сце, -ста, -сот, і складаныя парадкавыя лічэбнікі, апошняй часткай якіх з’яўляюцца -дзясяты, -соты, -тысячны, -мільённы,

-мільярдны: шэсцьдзясят, дзвесце, трыста, семсот; пяцідзясяты, васьмісоты, двухтысячны, васьмімільённы, чатырохмільярдны;

    прыслоўі, утвораныя ад назоўнікаў: уваччу, удзень, зранку, навекі, замужам, спадылба, дадому і інш.;

    прыслоўі, утвораныя ад прыметнікаў прыставачна-суфіксальным спосабам: дабяла, здалёку, справа, змалку, паціху, улева, надоўга, зацемна;

    прыслоўі, утвораныя ў выніку спалучэння прыназоўнікаў у і на з рознымі склонавымі формамі колькасных і зборных лічэбнікаў: надвое, натрое, удвух, упяцёх, утрох;

    прыслоўі, утвораныя ад займеннікаў: затым, зусім, нашто, штораз, штодзень, гэтаксама, тамсама і інш.;

    прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў прыставачным спосабам: залетась, назаўтра, незадоўга, нясмела, пазаўчора, паслязаўтра і інш., а таксама прыслоўе мімаволі;

    прыназоўнікі, якія ўтварыліся ў выніку зліцця прыназоўнікаў або часціц з іншымі часцінамі мовы (замест, звыш, наконт, або (альбо), ажно, каб, нібы, нібыта) і якія паходзяць ад прыслоўяў (знізу, наперадзе, насустрач, услед);

    постфікс -сьці (-сь) з займеннікамі і прыслоўямі: дзесь, дзесьці, кудысьці, хтось, хтосьці, якісьці і інш.

3. Паўзлітнае напісанне (напісанне праз злучок, або дэфіс) характэрнае для слоў, састаўныя часткі якіх страцілі сваю самастойнасць, але не сталі цэласнай лексічнай і граматычнай адзінкай.

Пішуцца праз злучок:

    словы, якія ўтвараюцца шляхам паўтарэння аднаго і таго ж слова: белы-белы, ледзь-ледзь, ціха-ціха, цып-цып-цып, глядзеў-глядзеў;

    словы, якія з’яўляюцца злучэннямі блізкіх або супрацьлеглых па значэнні слоў (жылі-былі, гусі-лебедзі, хлеб-соль, сёння-заўтра, туды-сюды і інш.), а таксама паўторамі слова ў іншай лексічна-граматычнай форме (сонца-сонейка, жыве-пажывае, калі-нікалі, сам-насам і інш.);

    назоўнікі, якія складаюцца з двух самастойных слоў без інтэрфікса і абазначаюць адно паняцце: плашч-палатка, магазін-салон, генерал-маёр, прэм’ер-міністр;

    назоўнікі з аднаслоўным прыдаткам: хлопчык-гарэза, дзед-мароз, горад-герой, вясна-красуня, Масква-рака;

    складаныя прыметнікі, часткі якіх абазначаюць раўнапраўныя паняцці (паміж гэтымі часткамі можна паставіць злучнік і: беларуска-рускі, сацыяльна-педагагічны) або адценні разнароднай якасці (кісла-салёны, ярка-светлы, чорна-белы);

    складаныя словы, першай (або апошняй) часткай якіх з’яўляецца літара або літарная абрэвіятура любога алфавіта: -часціца (альфа-часціца),

ДНК-залежны, Q-код (кю-код), а таксама лічба любога злічэння: 70-годдзе, 24-павярховы, алімпіяда-80;

    прыслоўі, утвораныя ад прыметнікаў і прыналежных займеннікаў, якія пачынаюцца прыстаўкай па- і заканчваюцца суфіксамі -аму (-яму),

 -ому, -му (-йму), -ску (-цку), -і (-ы): па-летняму, па-твойму, па-беларуску,

па-дзіцячы і інш., а таксама прыслоўі, утвораныя ад парадкавых лічэбнікаў: па-першае, па-другое і г. д.;

    прыстаўка абы- і постфіксы -небудзь, -кольвечы (-колечы, -кольвек) з займеннікамі і прыслоўямі: абы-хто, абы-дзе, што-небудзь, хто-кольвечы і г. д.;

    злучок (“вісячы дэфіс”) заўсёды ставіцца пасля першай часткі складанага слова або лічбы, калі другая (аднолькавая) частка апускаецца: газа- і водалічыльнік; сацыяльна- і культурназначны; электра- і цеплавозы; тэле- і радыёвяшчанне; 9-, 12- і 16-павярховы.

ІV. Правілы ўжывання вялікай літары

Вялікая літара – важны графічны сродак, які выконвае на пісьме наступныя функцыі:

    паказвае на пачатак тэксту і вершаванага радка ў паэтычным тэксце, на мяжу паміж асобнымі сказамі ў тэксце;

    служыць для адрознення ўласных імёнаў ад агульных назваў;

    выкарыстоўваецца са стылістычнай функцыяй: з вялікай літары могуць пачынацца агульныя назоўнікі, калі імі абазначаюцца важныя паняцці (Мір, Чалавек, Радзіма, Бацькаўшчына, Свабода і інш.).

1. Правапіс вялікай літары ў асабовых назвах, геаграфічных і астранамічных найменнях.

З вялікай літары пішуцца:

    імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, клічкі жывёл, уласныя назвы прыродных геаграфічных аб’ектаў, назвы краін, уласныя назвы астранамічных аб’ектаў: Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк); сабака Мухтар; Дзвіна, Палессе, Ай-Петры, Азоўскае мора, Рэспубліка Беларусь, Вялікае Княства Літоўскае, Нясвіж, Міхалова; Блізняты, Сонца;

    прозвішчы і імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду: браты Міцкевічы, спадчына Радзівілаў;

    прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад уласных назваў пры дапамозе суфіксаў -оў (-ов-),-аў (-ав-), -ёў (-ёв-), -еў (-ев-), -ін- (-ын-): Купалавы вершы, Багдановічаў артыкул, Брылёў твор, Таццяніна люстэрка, Красуліна малако;

    адносныя прыметнікі, якія ўтвараюцца ад імён, прозвішчаў і псеўданімаў пры дапамозе суфіксаў -ск-, -аўск-, -еўск- і ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў, якія з’яўляюцца сінанімічнымі назвам са словамі імя, памяці: Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія (прэмія імя Нобеля), Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Танкаўскія чытанні (чытанні, прысвечаныя памяці Максіма Танка).

2. Правапіс вялікай літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў.

З вялікай літары пішуцца:

    найменні найвышэйшых божастваў у рэлігійных культах і ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя найменні: Бог, Алах, Шыва, Гасподзь, Святая Тройца, Бог Сын, Святы Дух, Прасвятая Дзева Марыя, Месія;

    прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;

    асабовыя імёны заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама апосталаў, прарокаў, святых і інш.: Ісус Хрыстос, Буда, Іаан Хрысціцель, Апосталы Пётр і Павел, Святыя Сымон і Алена, Святая Ефрасіння;

    імёны язычніцкіх багоў, легендарных і міфалагічных асоб: Зеўс, Афрадзіта, Уран, Фурыя, Лада, Сварог, Пярун, але ў функцыі агульных назваў пішуцца з малой літары: пярун – удар грому, фурыя – злая жанчына;

    імёны казачных персанажаў, герояў літаратурных твораў: Чараўніца, Мачаха, Ліса, Дзед Мароз, Баба Яга, але ў якасці агульных назваў пішуцца з малой літары: дзед-мароз – ёлачная цацка, баба-яга – агідная старая.

3. Правапіс вялікай літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

З вялікай літары пішуцца:

    усе словы ў назвах вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў;

    першае слова ў найменнях органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Еўрапейскі саюз, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі;

    простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Таварыства Чырвонага Крыжа, Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый;

    слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў, а таксама словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Палац спорту, Палац шлюбу, Палац Рэспублікі.

4. Правапіс вялікай літары ў найменнях пасад і званняў, у назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, у назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў.

З вялікай літары пішуцца:

    афіцыйныя назвы асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Папа Рымскі, Далай-Лама;

    назвы асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах (акрамя слова кавалер): Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, кавалер ордэна Суворава;

    усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;

    усе словы ў поўных назвах ордэнаў і медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн, ступень): медаль “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза, ордэн Маці, ордэн Славы І ступені, Георгіеўскі Крыж;

    першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызоў і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру;

    аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Статут ВКЛ, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека;

    аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і ўнікальных прадметаў, твораў: Саракавая сімфонія Моцарта, Джаконда, Янтарны пакой, Псалтыр, Каран.

5. Правапіс вялікай літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, свят.

З вялікай літары пішуцца:

    уласныя аднаслоўныя найменні і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох: Адраджэнне, Грундвальдская бітва, Кулікоўская бітва, Крычаўскае паўстанне, Другая сусветная вайна;

    аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень ведаў, Вялікдзень, Каляды, Масленіца, Купалле, Рамадан.

V. Напісанне абрэвіятур

У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарвыканкам (гарадскі выканаўчы камітэт), інтэрпал (інтэрнацыянальная паліцыя), член-кар. (член-карэспандэнт).

Літарныя, гукавыя абрэвіятуры і абрэвіятуры змешанага тыпу звычайна пішуцца вялікімі літарамі без кропак, злучкоў і апострафаў: УА (установа адукацыі), СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў), СМІ (сродкі масавай інфармацыі), НАН Беларусі (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі).

Для правільнага напісання некаторых абрэвіятур, трэба ўлічваць:

    калі да абрэвіятуры далучаецца лічба, то яна пішацца праз злучок: МАЗ-200, ВАЗ-21;

    калі абрэвіятура змяняецца па склонах, яе канчаткі пішуцца разам малымі літарамі: у ВАКу, у ЦУМе;

    у некаторых камбінаваных абрэвіятурах пішуцца малыя літары: БелТА, ЛіМ, УП “Белкніга”;

    дапускаецца напісанне агульнавядомых абрэвіятур (тыпу: жэс, цэц) малымі літарамі;

    у некаторых абрэвіятурах напісанне не супадае з іх вымаўленнем: РІВШ (вымаўляецца [ры́ўш]), ТЮГ (вымаўляецца [ц’у́х]).

Напісанне запазычаных абрэвіятур вызначаецца па слоўніку. Поўны сэнсавы беларускі адпаведнік не расшыфроўвае такія абрэвіятуры, а перадае іх значэнне: завуч (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце), ЮНЕСКА (Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры), спецназ (атрад спецыяльнага прызначэння).

VI. Правілы скарачэння слоў

Скарачэнне слоў рэгламентуецца наступнымі правіламі:

    нельга скарачаць словы на літару, якая абазначае галосны гук, на ь, на й і на ў;

    пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай: ваенная справа − ваен. справа;

    пры збегу дзвюх або некалькіх зычных скарачэнне робіцца пасля апошняй зычнай: вусная народная творчасць − вусн. народн. творчасць;

    калі імя або імя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то ініцыялам выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзянісавіч – Д. Д.;

    пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя самыя знакі і пачатковыя літары, якія выкарыстоўваюцца пры поўным напісанні:

В.-Д. к. (Волга-Данскі канал), с.-г. (сельскагаспадарчы);

    стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: кг (кілаграм), м (метр), т (тона) і інш.

VII. Правілы пераносу слоў

Падзел слоў на часткі для пераносу грунтуецца на прынцыпе складападзелу (з магчымым захаваннем марфемнай структуры слова): вя-ліз-ны, па-маг-чы, кан-тэкст.

Пры пераносе трэба памятаць, што:

    нельга пакідаць адну літару (якая ўтварае склад) або пераносіць яе на наступны радок: эпі-лог, ялі-на, чор-ная;

    калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі ёсць спалучэнне зычных, то на наступны радок пераносіцца або ўсё гэтае спалучэнне, або любая яго частка: кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; рас-про-даж, ра-спро-даж; ка-рэн-не, ка-рэ-нне;

    спалучэнні літар дз, дж, якія абазначаюць адзін гук, не разбіваюцца для пераносу: хо-дзіць, гля-джу; спалучэнні літар дж і дз можна разбіваць пераносам, калі д адносіцца да прыстаўкі, а з, ж – да кораня: пад-загаловак, ад-жыць;

    літары й, ў, ь, а таксама апостраф не аддзяляюцца ад папярэдняй літары: камбай-нер, поў-нач, кась-ба, бар’-ер;

    у складаных словах кожная іх частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: збож-жа-на-ры-хтоў-ка.

Пры пераносе:

    не дзеляцца абрэвіятуры, якія пішуцца вялікімі літарамі або з’яўляюцца спалучэннем літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ААН, МУС, ВАК, ВАЗ-24, г. д., стст.;

    не адрываюцца ад лічбаў далучаныя да іх канчаткі або часткі канчаткаў: а 18-й (гадзіне), у ХХ-ым (стагоддзі);

    не адрываюцца ініцыялы ад прозвішчаў: М. Багдановіч, Міцкевіч К.М., І.І. Насовіч;

    не пераносяцца на наступны радок знакі прыпынку;

    не пераносіцца на наступны радок злучок (дэфіс), які супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставіцца);

    пры пераносе нельга адрываць ад лічбы скарочаныя назвы адзінак вымярэння: 10 кг, 100 км, ХІХ ст., 2015 г.

 

 

 

сессия

Похожие публикации


ЭУМК по "Культуре белорусской речи"

24-09-2018 Лекции
Лекционный и практический материал по культуре белорусской речи
задание ЭУМК
подробнее

Культура речи

19-10-2019 Лекции
Предлагается теоретический материал по дисциплине "Культура речи", тематика, вопросы.
сессия
подробнее