Новости События Общее

Минутки творчества на уроках литературного чтения

19-03-2020 Публикации
Развіццё творчых здольнасцей вучняў пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання

Хвілінкі творчасці на ўроках літаратурнага чытання

На свеце шмат яшчэ таго,

Што вышай розуму твайго

Здаецца напачатку.

А як сакрэты разгадаць?

А як адказ належны даць

На даўнюю загадку?

Артур Вольскі

Цікаўнасць да з'яў навакольнага асяроддзя, імкненне да актыўнага пазнання новага ўласціва цудоўнай пары дзяцінства. Успомнім узрост “Чамучак”, падчас якога дзеці не стамляюцца задаваць пытанні, а дарослыя цярпліва на іх адказваюць, разам чытаюць і абмяркоўваюць кнігі.

З паступленнем дзіцяці ў школу, сітуацыя, часам, мяняецца. Вучні, якія яшчэ зусім нядаўна былі Чамучкамі, задаюць значна менш пытанняў, і многія са школьнікаў не маюць належнага інтарэсу да вучобы. Таму дапамагчы дзецям вучыцца з інтарэсам, не страціць бляск цікаўнасці ў вачах - важная задача настаўніка.

Коратка спынімся на псіхалагічным абгрунтаванні важнасці займальнага характару дзейнасці ў адукацыным працэсе. Калі вучням на ўроку цікава, арыентыровачнай рэакцыяй на навізну з’яўляецца выдзяленне ў галаўным мозгу эндарфінаў, дзеянне якіх праяўляецца спектрам станоўчых эмоцый дзіцяці. З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што ў вучня падчас сістэматычнай вучэбнай працы паступова будзе фарміравацца і больш складаны механізм, які вызначае патрэбнасці ў атрыманні ведаў. Пры гэтым успрыманне новага мае пад сабой устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, пошук заканамернасцей, рашэнне праблемы, якая некаторы час заставалася невырашанай і інтрыгуючай. Такім чынам можна вызначыць сувязь паміж навучаннем, даследчай дзейнасцю і творчасцю вучняў. Кажучы іншымі словамі творчы характар дыдактычна правільна пабудаванага адукацыйнага працэсу заключаецца ў арыентацыі навучання на ўзбуджанне ў вучняў інтарэсу да новага, цікавага, невядомага, стымуляцыю актыўнай разумовай дзейнасці.

Пра абуджэнне і заахвочванне дзіцячай цікаўнасці і назіральнасці гавораць у сваіх творах і многія дзіцячыя пісьменнікі, якія імкнуцца размаўляць з юнымі чытачамі на іх, дзіцячай мове.

Не здзіўляйцеся тымчасова,

Што мне выбар такі па нутру:

Не “сур’ёзнай” –

Дзіцячаю мовай

Разважаю,

Пішу,

Гавару, - зазначае вядомы пісьменнік М. Чарняўскі.

Змест урокаў літаратурнага чытання дае магчымасць уключаць разнастайныя “Хвілінкі творчасці”, падчас якіх вучні на аснове спецыяльна падабранага літаратурнага матэрыялу будуць мець магчымасць для творчага асэнсавання падзей і ўчынкаў герояў, практыкаваць уменні выказваць і абгрунтоўваць свае думкі, прагназаваць далейшы ход падзей, развіваць уласныя творчыя здольнасці, узбагачаць маральную сферу асобы. Адзначым, што заданні на абуджэнне творчага мыслення вучняў не павінны быць зацягнутымі па часе. Педагагічны такт настаўніка дапаможа яму падвесці вынік заданню ў той момант, калі дзеці знаходзяцца ў сітуацыі поспеху. Добра, калі хвілінкі творчасці стануць традыцыйнымі (але не назойлівымі!), і дзеці будуць чакаць іх на кожным уроку. Неабыякавы да сваёй справы настаўнік заахвоціць дзяцей і самастойным пошукам літаратурнага матэрыялу, які можна ўключыць у хвілінкі творчасці, і прапанаваць яго аднакласнікам на наступных уроках.

Прапануем некаторыя варыянты заданняў і літаратурны матэрыял, які можна выкарыстоўваць на ўроках літаратурнага чытання.

Пытанні Чамучак

Настаўнік чытае ўрыўкі з вершаваных ці празаічных твораў, тэмы якіх блізкія да тых, што вывучаюцца на ўроку, у пэўным месцы спыняецца і дае магмасць вучням адказаць на пытанні, пастаўленыя ў творы. Педагог стварае добразычлівую абстаноўку ў класе, пры неабходнасці дэманструе ілюстрацыі па тэме, дзеліцца з вучнямі сваімі меркаваннямі. Важна, каб дзіця не баялася памыліцца, ведала, што кожная, нават самая незвычайная думка, будзе выслухана з павагай. У пазаўрочны час вучні могуць працягваць абмярковаць тэмы, якія іх зацікавілі, ствараць малюнкі і іншыя творчыя вырабы на аснове прачытанага. Настаўнік абавязкова павінен дапамагчы вучням зразумець выхаваўчы сэнс мастацкіх твораў і накіраваць думкі дзяцей у бок дабразычлівых узаемаадносінаў паміж людзьмі, беражлівых адносінаў да прыроды, клапатлівых адносінаў да сям’і і пажылых людзей, закрануць і іншыя выхаваўчыя тэмы.

Прапануем прыклады літаратурнага матэрыялу для творчых адказаў вучняў:

  • Вырас ландыш

Пад лісточкам,

Не відаць

Зайздросным вочкам.

Дожджык ландыш палівае.

Кім пасеяны?

Хто знае? Ф.Самойлава

 

-Хто сее садовыя кветкі? Паразважайце, дзе расце ландыш і кім ён пасеяны? Хто пасеяў незабудкі, званочкі, рамонкі? І г.д.

  • На каго падобна хмара?

На слана і ягуара…

На мядзведзя і янота…

На слана і бегемота…

На сабаку, кракадзіла,

На вялізную гарылу…

А яшчэ – на дзіўны дом,

Дзе жыве дзядуля Гром. Зм. Марозаў

-На каго падобна хмара? Раскажыце, хмаркі якой незвычайнай формы вы бачылі? Што дапамагло вам заўважыць гэта?

  • Чаму гудзе сярдзіта чмель?

Чаму чапляе човен мель?

Чаго, калі спадзе вада,

Чакае чапляў чарада? Р. Барадулін

-Адкажыце на пытанні, пастаўленыя ў вершы.(Можа быць праведзены аукцыён разнастайных адказаў, у якім разам з вучнямі будзе ўдзельнічаць і настаўнік).

  • Дзе жывуць чараўнікі,

У якой старонцы?

На вірлівым дне ракі

Ці ў бары бясконцым? І.Муравейка

-Хто з вас ведае, дзе жывуць чараўнікі? Хто з вас бачыў чараўнікоў? Каго вы можаце назваць чараўнікамі? Чаму?

  • Задаюць пытанні дзеці –

Ім цікава ўсё на свеце:

Чаму сонейка пячэ?

Адкуль ручаёк цячэ?

Куды воблачка плыве?

Дзе зімою рак жыве? М. Валько

-Як бы вы адказалі на пытанні, якія задавалі дзеці ў вершы? Паспрабуйце знайсці некалькі цікавых адказаў.

  • Петрусёк у дзень зімовы

Запытаў у снегіра:

Для чаго ты каляровы

І чырвоны, як зара? І. Муравейка

-Як вы думаеце, што адказаў снягір? Якая размова паміж хлопчыкам і птушкай магла адбыцца пазней? Як вы клапоціцеся пра птушак зімой?

  • Дзе жывуць скорагаворкі?

Можа, там, дзе свецяць зоркі?

Можа, дома пад падушкай

Шчабятлівай дрэмлюць птушкай?

Можа, у бары вясновым

Слова лётае за словам?

Паводле М. Чарняўскага

-Што такое скорагаворка? Як вы лічыце, як яны ўзнікаюць, дзе жывуць?

  • Ля жывой дарогі,

скраю збажыны,

сіні васілёчак

сніў зямныя сны. В. Жуковіч

-Якія сны сніліся васільку? Растлумачце свой адказ.Паразважайце, якія сны вельмі падабаюцца васільку і чаму.

  • Быццам дзіўныя карункі,

На махнатых лапках снег. У. Скарынкін

-Пра якую пару года ідзе размова ў вершы? Здагадайцеся, якое дрэва так прыгожа і вобразна апісаў паэт? З чым параўноўваецца снег? Намалюйце словамі (а затым і каляровымі алоўкамі) дзіўныя карункі на лапках елкі ці сасны.

  • Лісташэпт у нашым садзе,

Тайны шэпча лісту ліст.

Мовіць вабна, мовіць ціха,

Як цудоўнейшы артыст. Т.Мушынская

-Як вы разумееце сэнс слова лісташэпт? Якія тайны могуць паведаміць адзін аднаму лісцікі на дрэве? Чаму аўтар называе лісты артыстамі?

  • У мамы запыталася дачушка:

-Скажы, аблокі лёгкія, як птушкі?

Няўжо і не стамляюцца аблокі:

У іх жа шлях высокі і далёкі?

Плывуць яны і ўранку, і ўначы.

Яны і спяць, напэўна, плывучы? Ю.Свірка

-Якія адказы вы б далі на пытанні дзяўчынкі? Пафантазіруйце, як на кожнае пытанне адказалі б самі аблокі?Калі стамляюцца аблокі? Як яны спяць? На якіх птушак падобныя?

  • Выйшлі з хаты важаняты,

Павялі іх мама з татам

Баразёнкаю глыбокай,

Дзе шумеў быльнёг высокі.

А куды такой парою

Беглі вожыкі сям’ёю? І.Вярбіцкі

-Як вы лічыце, куды вялі мама з татам важанят? Чаму вучылі іх? Паспрабуйце знайсці і растлумачыць некалькі варыянтаў адказу.

  • Чаму рака мялее летам,

Бадай, усім вядома гэта.

Бо млее ўсё ад духаты,

І рыбы п’юць зашмат вады. І. Муравейка

-Сур’ёзны ці жартоўны характар мае верш? Чаму? Як бы вы адказалі на пытанне: “Чаму рака мялее летам?” на ўроку чалавек і свет; на ўроку літатурнага чытання? Прыдумайце цікавы, творчы, нечаканы адказ на гэтае пытанне.

“А што было далей?”

Вучні ўспрымаюць на слых (ці чытаюць самастойна) фрагмент твора і павінны працягнуць думку сваімі словамі. Зусім неабавязкова, каб дзеці цалкам “адгадалі” далейшыя словы аўтара. Галоўнае, каб яны разважалі, актыўна выказвалі меркаванні, не былі абыякавымі, давалі свой адказ. І калі адказ вучняў будзе нават больш цікавым, чым той, якія прапануе аўтар твора, варта парадавацца і адзначыць гэта. Затым дзецівучні маюць магчымасць пазнаёміцца з працягам твора – аўтарскай думкай. Творчыя адказы дзяцей могуць быць падмацаваны малюнкамі.

  • З усіх пор года Андрэйка больш за ўсе любіць лета. Чаму? Гэта кожны разумее! …

-Як вы лічыце, чаму хлопчык вельмі любіць лета?

Адказ аўтара: Не паспееш раніцою вочы расплюшчыць – у пакоі ўжо светла. Сонечны промень гарэзліва ззяе, падбухторвае хутчэй ускочыць з ложка і заняцца чым-небудзь цікавым. Т.Мушынская

  • -Ой, чаму ж у хамяка

Стала тоўстаю шчака?

Разбалеўся, можа зуб?

-Паразважайце, чаму ў хамячка стала тоўстаю шчака. Параўнайце свой адказ з аўтарскай думкай:

Адказ аўтара: За шчаку напхаў ён круп.

І паскардзіцца наўрад:

За шчакой

Ягоны склад. М.Чарняўскі

  • Знаеш дзікія жывёлы?

Як не знаць, -

Сказаў Мікола: -

Воўк, мядзведзь,

Яшчэ …

-Якіх яшчэ дзікіх звяроў назваў Мікола?

Адказ аўтара: Яшчэ: - ага! –

Баба злосная Яга. А. Дзеружынскі

  • Прастудзіўся Лістапад,

Апрануць кажух ён рад.

-Якія падзеі далей адбываліся з Лістападам?

Адказ аўтара:І калі заняўся дзень

У палях бязмежных

Лістапад кажух надзеў

І зрабіўся Снежнем. І. Муравейка

  • Мама дома, ля парога,

Папытала ў сына строга:

-Дык чаму ж ты, Васілёк,

Прагуляў учора ўрок?

-Што адказаў маме Васілёк?

Адказ аўтара: Васілёк сказаў панура:

-Вінавата фізкультура.

Як сказалі: “Разыдзіся!” –

Мы дадому падаліся. М. Маскевіч

  • Вясёлы восеньскі лісток,

Бо мне ў далонь упаў.

І я вясёлы, бо …

-Што далей паведаміў пра сябе хлопчык? Чаму ён вясёлы?

Адказ аўтара: І я вясёлы, бо за ўрок

Дзясятку атрымаў! Паводле Зм.Марозава

  • Чаму ты, бярозачка, гэтак прыбралася?

У госці да клёна, напэўна, сабралася:

На кожнай галінцы вісяць завушніцы,

Сукенка – сама пазайздросціць царыца.

-Што адказала бярозка?

Адказ аўтара: Хто з добрай душою – жаданы мой госць,

Для іх мой убор і мая прыгажосць.Н. Галіноўская

  • Вы не бачылі, сябры, -

Зоркі выпалі ў бары!

-Як вы разумееце гэтыя радкі верша? Якія зоркі выпалі ў бары? Паразважайце над пытаннем, што ў лесе нагадвае аўтару зоркі.

Адказ аўтара: У бары, у бары

Дол увесь іскрыцца,

У бары, у бары

Выспелі суніцы! В. Зуёнак

“Я ўмею разважаць!”

Агульнавядома, што складанне звязных выказванняў выклікае ў вучняў значныя цяжкасці. Поспеху дасягнуць дапамагае калектыўна складзены план і апорныя словы, аднак выказванні вучняў часцей маюць рэпрадуктыўны характар і не выклікаюць інтарэсу дзяцей. Для навучання дзяцей элементам разважання, можна прапаноўваць літаратурны матэрыял, падчас чытання і абмеркавання якога дзеці будуць тлумачыць сваё разуменне сэнсу пэўных вобразных выразаў і сказаў. Затым -спрабаваць паразважаць на прапанаваную тэму.

  • Маю я адно жаданне –

Падарыць вам прыгажосць. Н. Галіноўская

  •  
  • Лес пяе – пачуйце самі –

розных птушак галасамі. В. Жуковіч

-Якімі галасамі пяе лес? Настаўнік прапануе паслухаць аўдыязапіс птушыных спеваў і падабраць словы для іх апісання, дэманструюцца ілюстрацыі птушак.

  • Сон схаваўся пад падушкай,

Казкі шэпча мне на вушка. Т. Мушынская

-Як вы разумееце сэнс гэтых радкоў? У каго з вас пад падушкай хаваецца сон? Калі так кажуць? Якія казкі можа расказаць сон? Успомніце і раскажыце самы цікавы сон, які вам сніўся.

  • А якія ў лузе краскі!

Паглядзіце, калі ласка. Паводле В.Жуковіча

-Пра якія краскі гаворыць паэт? Апішыце, якія кветкі вы бачылі на лузе. Якія колеры падарыла прырода летнім кветкам? Якія лугавыя кветкі вы лічыце сваімі любімымі? Чаму? Намалюйце іх.

  • Куды ні глянь – усюды

Цябе чакаюць цуды. С. Грахоўскі

-Якія цуды вы назіралі ў прыродзе? У сям’і? У школе? (Пры ўзнікненні цяжкасцей настаўнік прапануе малюнкі і падводзіць да думкі, што кожну з’яву прыроды назіральны чалавек можа лічыць цудам. А маленькія цуды па хатняй гаспадарцы можа рабіць кожны чалавек.)

  • У дзядулевым двары

Два жывуць гаспадары. Г.Тумаш

  •  
  • Восень, восень залатая

Сее радасць на зямлі. С.Новік-Пяюн

-Як восень можа сеяць радасць на зямлі? Чым парадавала восень людзей у гэтым годзе? Чаму вы асабліва радаваліся восенню?

  • Верасень багаты, верасень руплівы,

Верасень не любіць доўга сумаваць. В. Шніп

-Чаму аўтар называе верасень багатым і руплівым? Як вы разумееце сэнс сказа “Верасень не любіць доўга сумаваць”?

  • Усміхнуўся Сакавік –

Зажурыўся снегавік. М.Чарняўскі

-Хто з вас бачыў, як усміхаецца сакавік? Раскажыце, як заўважыць усмешку сакавіка. Чаму зажурыўся снегавік? Якімі словамі вы яго суцешылі б?

  • У весні час і сярод лета,

Як самых лепшых сваякоў,

Чакае возера паэтаў,

І спевакоў, і мастакоў. В. Гардзей

-Паразважайце, чаму возера чакае паэтаў, спевакоў і мастакоў? Уявіце сябе прадстаўніком адной з гэтых творчых прафесій. Якія песні, малюнкі, вершы вы б стварылі пра кожную пару года?

  • Адкрывае школа цуды

Мне і ўсім маім сябрам. Э. Агняцвет

-Якія цуды адкрывае школа вучням? Якія веды, атрыманыя ў школе мы маглі б назваць цудамі? Чаму?

  • Эх, каб зналі мы лясную мову,

Колькі казак мы пачулі б новых! І.Муравейка

-Як вы разумееце сэнс выразу “лясная мова”? Хто з вас ці вашых знаёмых ведае лясную мову? Чаму вы так лічыце? Якія казкі можна пачуць і ўбачыць у лесе?

  • Нас паклонам траў вітаў

Луг за агародам.

Шмат у лузе розных траў –

І ўсе пахнуць мёдам. У.Скарынкін

-Як вы ўяўляеце сабе паклон траў, якім луг вітае людзей летам? Які ятравы пахнуць мёдам? Паспрабуйце ўявіць, пра што размаўляюць кветакі на лузе раніцай? Пра што папярэджваюць адна адну, калі на луг прыходзяць людзі? З якімі словамі яны сустракаюць пчолак, чмялёў і конікаў?

  • Зямля даўно зярнят чакае,

не дачакаецца зярнят…М.Дукса

-Як вы разумееце сэнс гэтых радкоў? Калі зямля чакае зярнят? Як называецца праца людзей, падчас якой яны сеюць збожжа? Падумайце, з якімі словамі зямля сустракае зярняткі; якая размова можа адбыцца паміж зямлёй і зярняткамі, якія прараслі і сталі каласкамі.

  • Павучок саткаў калыску,

Каб у ёй люляць вятрыску. А.Прохараў

  •  
  • Дождж танцуе зграбна, лёгка…

То зямлю ледзь-ледзь кранае,

А то хвалямі прыпусціць,

А то раптам адпускае.

 

І смяецца гучна сонца –

Кожнай кропляй, кожнай кропляй.

І з дажджом танцуе разам –

Кожным промнем, кожным промнем. Т.Мушынская

-Як выглядае танец дажджу? Які танец (полька, вальс і інш) нагадвае веснавы дожджык, навальнічны лівень, грыбны дождж? Хто з вас бачыў, як сонца танцуе з дажджом? Раскажыце пра гэта. Пафантазіруйце, калі і хто вучыць дождж танцаваць. Хто яшчэ танцуе разам з ім? Пад якую мелодыю танцуе дождж? Калі людзі заўважаюць танец дажджу? Ці танцуюць людзі разам з дажджом? Растлумачце сваю думку.

Нараджэнне новага твора

Творчае асэнсаванне ўрыўкаў мастацкіх твораў можа стаць важнай прыступкай да складання казак, апавяданняў, небыліц. Падчас гэтай працы мэтазгодна выкарыстоўваць малюнкі, фотаздымкі па тэме, часам, і музычнае суправаджэнне. А яшчэ - разам з дзецьмі больш чытаць, абмяркоўваць твораў дзіцячай літаратуры, звяртаць увагу на кампазіцыю твораў (пачатак падзей, развіццё сюжэту, кульмінацыю, заканчэнне твора).

  • Прыгоды шчупака

У затоцы адной

Жыў гарэза шчупак –

Ад цямна да цямна

Ён прыгоды шукаў. І. Муравейка

-Якім вам уяўляецца гарэза-шчупак? Пафантазіруйце і складзіце казку пра яго прыгоды. Пры ўзнікненні цяжкасцей вучням прапануюцца імёны дзеючых асоб, якія будуць героямі казкі (напрыклад, шчупак, карасік, акунькі, хлопчык, дзяўчынка, дзядуля і інш.), а, магчыма, і план разгортвання падзей казкі.

  • Птушыная школа

Там, дзе ручай цурчыць вясёла,

Дзе ў небе многа сінявы,

Адчынена для птушак школа –

Для непісьменнае дзятвы. А. Прохараў

  •  
  • Ты чуў?

Ты чуў? Вырас у кошкі чуб.

Ніяк не зачэша яго да канца

І просіць у пеўня яна грабянца.

 

Ты чула? Кіта праглынула акула.

Акула на дно нырнула.

А кіт хоча пабачыць блакіт. Р.Барадулін

Далей дзеці спрабуюць па прапанаваным узоры скласці свае небыліцы, пачынаючы іх словамі: “Ты чуў? …”. Могуць быць прапанаваны назвы звяроў і птушак, пра якіх дзеці выкажуць творчыя думкі.

  • Дзядзька Тыдзень

Жыў на свеце дзядзька Тыдзень,

Працаваць любіў і ўмеў.

Трох сыноў меў дзядзька Тыдзень

І дачок чацвёра меў. М.Чарняўскі

  • Хто з вас знаёмы з дзядзькам Тыднем? Калі вы з ім сустракаецеся? Пра якіх сыноў і дачок Тыдня ідзе размова? Пафантазіруйце, што любіць кожны з дзяцей дзядзькі Тыдня. Выберыце галоўнага героя сваёй казкі і складзіце казку пра яго прыгоды ў кожны з дзён тыдня.
  • Лясное атэлье

На паляне атэлье,

Тут краўцы – майстры свае.

Дзюбы вострыя – нажнічкі

Крояць штонікі, спаднічкі.

Першым зайку шыюць футра,

Ажно ззяе перламутрам.

Рады тут краўцы заказам.

Ды чакайце – не ўсе разам! А. Прохараў

-Дзе працуе лясное атэлье? Што яно шые? Апішыце, якое футра пашылі краўцы вавёрцы, лісе, мядзведзю. Як адрозніваецца “адзенне” звяроў у розныя поры года? Як звяры сочаць за чысцінёй свайго адзення? Уявіце сябе краўцамі гэтага атэлье. Хто б працаваў разам з вамі? Адкуль бы вы даведваліся пра новыя мадэлі адзення? Раскажыце, якое будзённае, святочнае, спартыўнае адзенне вы б пашылі для лясных звяроў і іх дзіцянят. Размяркуйце ролі краўца, вожыка, барсука ( ці інш. звяроў), якія прыйшлі ў лясное атэлье, і складзіце іх размову. Калектыўна складзіце працяг казкі.

  • Хлопчык Пазяхай

Блізка дзесь, не ў царстве Сонным,

Жыў-быў хлопчык Пазяха′й.

Да абеду спаў штодзённа,

Не любіў сястру Устава′й. М. Чарняўскі

-Які хлопчык жыў у Сонным царстве? Падумайце, чаму ён атрымаў такое імя? Чаму ён не любіў сястру Уставай? Складзіце казку пра прыгоды Пазяхая. Прапануйце такую канцоўку казкі, у якой брат Пазяхай і сястра Уставай пасябравалі.

  • Званочак і Павучок

“Дзі-дон, дзі-дон”, - ціхенька спяваў Званочак. Павучок паварушыў лапкамі і адкрыў вочкі. Праз салодкі ранішні сон ён пачуў, як штосьці зусім побач праспявала: “Дзі-дон!”, потым, памаўчаўшы крыху, зноў: “Дзі-дон, дзі-дзі-дон!” В. Караткевіч

-Якую песеньку спяваў Званочак? Падумайце, пра што падумаў Павучок, калі раніцай пачуў песню Званочка. Складзіце працяг казкі. (Могуць быць прапанаваны некалькі відаў плану і малюнкі).

  • Агароднік- Сом

Жыў у рэчцы Сом вусаты, пад карчагай меў ён хату. Ну, не хату, а хаціну: дах з чароту, сцены – з ціны. Сом хаціну даглядаў: свежай цінай абкладаў, пад карчагай прыбіраў і карчагу праціраў. Словам, клопату не меў, ды аднойчы захацеў ён займець свой агарод. З трыснягу паставіў плот, глей рачны хвастом капаў ды вусамі разграбаў. Так рабіў за градкай градку, каб усё было ў парадку. Г.Аўласенка

-Дзе жыў Сом? Што ён захацеў мець каля хаты? Як ён пачаў рабіць грады? Уявіце сябе Сомам і раскажыце, якім атрымаўся агарод? Што б вы пасеялі на сваім агародзе? Як бы вы працавалі і які ўраджай атрымалі б? Каго пачаставалі б дарамі са свайго агарода? З дапамогай каляровых алоўкаў намалюйце ілюстрацыі да складзенай вамі казкі і выразна раскажыце яе.

  • Таямніца веснавых кветак

Была вясна. Аднойчы дзеці прынеслі ў клас букет вясновых кветак. Яны хвалілі іх водар. Толькі Волечка сцішана сядзела за партай без кветак. Яна разгарнула сшытак і на яго старонках усе ўбачылі рознакаляровыя малюнкі першых веснавых кветак. А з блакітнага неба на кожную кветку дзяўчынка паслала залацістыя промні сонца. В. Гарбук

-Што аднойчы прынеслі ў клас дзеці? Якія кветкі “прынесла” ў школу Волечка? Падумайце, чаму яна не стала рваць кветкі. Што б зрабілі вы, каб пазнаёміць аднакласнікаў з першымі вясновымі кветкамі? Як вы лічыце, што сказала дзецям настаўніца? Чаму? Складзіце сваё апавяданне ці казку па прапанаваным пачатку.

практика

Похожих публикаций нет