Тэма: Арганізацыя літаратурнага краянаўства ў школе
- Змест, мэты і задачы школьнага літаратурнага краязнаўства.
Пад літаратурным краязнаўствам у школе трэба разумець вобразна-выхаваўчую працу, у ходзе якой вывучаюцца літаратурныя факты, з’явы, падзеі, звязаныя з той мясцовасцю, дзе знаходзіцца школа.
Упрацэсе літаратурна-краязнаўчай дзейнасці вучні атрымліваюць шмат дадатковых звестак пра пісьменніка, чытаюць і перачытваюць яго творы, звяртаюцца да дадатковай літаратуры і ў выніку глыбей авалодваюць ідэйна-вобразным зместам мастацкіх твораў. Краязнаўчы матэрыял дае магчымасць лепш зразумець і адчуць жыццёвыя карані твораў. Пісьменнік правільней і паўней успрымаецца праз яго канкрэтныя, часта будзённыя справы, праз яго адносіны з людзьмі з блізкага для вучняў асяроддзя. У такім выпадку ён больш натуральна становіцца для юных чытачоў жыццёвым ідэалам.
Заняткі краязнаўствам пашыраюць уяўленне вучняў пра такія складаныя эстэтычныя паняцці, як творчая задума і яе ўваспабленне ў творы, аўтарскі ідэал, роля фактаў, назіранняў і фантазіі ў рабоце над творам, сродкі мастацкай тыпізацыі і інш. Большасць пісьменнікаў у сваёй творчасці ідуць ад асабіста перажытага, таму нельга адрываць яе ад таго асяроддзя, дзе яны нарадзіліся, выраслі і жылі, бо асяроддзе накладвае адбітак на іх светапогляд, дае першы жыццёвы вопыт і матэрыял для будучых твораў. Пра гэта сведчаць шматлікія прызнанні саміх пісьменнікаў, а таксама даследчыкаў псіхалогіі творчага працэсу.
Састаўной часткай літаратурнага развіцця вучняў побач з цікавасцю да мастацкага слова і культурай чытання з’яўляецца ўменне назіраць і расказваць пра ўбачанае. Краязнаўчую працу цяжка ўявіць без паходаў і экскурсій, дзе на першы план выступае менавіта назіранне. У сачыненнях вучняў, напісаных на мясцовым матэрыяле, як правіла, менш надуманага, трафарэтнага, чым у работах, якія не заснаваны на выкарыстанні ўласнага вопыту. Вучні любяць ісці ад таго, што яны добра ведаюць. Працы, выкананыя на мясцовым матэрыяле, звычайна падкупляюць шчырасцю, захопленасцю іх аўтараў прадметам апісання і наяўнасцю элементаў мастацкасці. Захапленне прыгажосцю спрыяе развіццю творчых здольнасцей дзяцей.
Школьнікі бяруць шэфства над гістарычнымі і культурнымі помнікамі, збіраюць фальклор, вывучаюць тапанімію і мікратапанімію. Яны працуюць пад непасрэдным кіраўніцтвам спецыяліста, набываюць навыкі работы над кнігай.
У век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, калі вельмі востра паўстала праблема чалавека і прыроды, краязнаўчыя заняткі даюць настаўніку дадатковую магчымасць тактоўна, без маралізатарства выхоўваць любоў і беражлівыя адносіны да прыроды.
Займаючыся краязнаўствам, вучні далучаюцца да пошукавай і даследчай дзейнасці. Іншы раз такія пошукі выяўляюць новыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка, пра яго акружэнне, узбагачаючы ўяўленне пра мастака.
Поспехі літаратурнага краязнаўства, эфектыўнасць выкарыстання рэгіянальных матэрыялаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе залежыць у першую чаргу ад падрыхтаванасці настаўніка ў гэтай галіне. Асновы методыкі літаратурна-краязнаўчай работы ў школе ён атрымлівае ў ВНУ. Аднак гэтыя веды, як і ўсе іншыя, патрабуюць папаўнення і паглыблення шляхам самстойнай работы. Настаўнік у першую чаргу звяртаецца да кніжных крыніц: знаёміцца з даведачнай літаратурай па тым рэгіёне, дзе знаходзіцца школа, шукае матэрыял у манаграфіях, прысвечаных жыццю і творчасці выдатных людзей, у мемуарнай, эпісталярнай літаратуры, вывучае фонды бліжэйшых да школы краязнаўчых музеяў, краязнаўчыя матэрыялы мясцовых бібліятэк.
Дакладныя факты з ліку знойдзеных настаўнікам адразу ж можна ўключыць у актыўную вучэбна-выхаваўчую працу: занесці на літаратурна-краязхнаўчую карту, выставіць у краязнаўчым музеі, кутку, уключыць у літаратурную вечарыну, паказаць на стэндзе. Калі ж краязнаўчы факт выклікае сумненне, яго можна выкарыстаць толькі для праблемнага задання і арганізацыі далейшых пошукаў, у выніку якіх адны здагадкі і меркаванні пацвярджаюцца і ўводзяцца ў актыўную пазакласную дзейнасць, а другія адхіляюцца. Паступова ў школе накопліваецца значны літаратурна-краязнаўчы матэрыял.
2 Формы і віды пазакласнай краязнаўчай працы па літаратуры
2.1 Экскурсіі (паходы) і экспедыцыі – любімая дзецьмі форма пазакласнай дзейнасці. У час экскурсій (паходаў) школьнікі вучацца назіраць і слухаць, развіваюць уменне ўспрымаць багацце фарбаў і гукаў прыроды. Хараство і багацце роднай зямлі, паэзію яе даляглядаў юнаму падарожніку можа дапамагчы спасцігнуць пісьменнік, які наведаў гэтыя мясціны і выявіў у сваіх творах уласныя адносіны да прыроды, культуры, людзей краю.
Некаторыя экскурсіі (паходы) даюць магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з тым асяроддзем, сустрэцца з тымі людзьмі, якія з’явіліся прадметам мастацкага асэнсавання ў творах таго ці іншага пісьменніка.
Паміж экскурсіяй і паходам істотнай розніцы няма: гэта падарожжы з асветнымі, адукацыйна-выхаваўчымі мэтамі. Калі маюцца на ўвазе мнагадзённыя экскурсіі і паходы, то першыя з іх транспартныя, а другія – пешыя. Акрамя таго, у паходах вырашаюцца і задачы аздараўлення школьнікаў, актыўнага адпачынку.
Істотна адрозніваюцца ад экскурсій і паходаў экспедыцыі. Перад удзельнікамі ставяцца больш складаныя задачы. Калі ў час паходаў і экскурсій вучні пераважна знаёмяцца з вядомымі ў навуцы фактамі, то ў экспедыцыях перад імі стаіць мэта знайсці штосьці новае пра пісьменніка, удакладніць той ці іншы факт. Экспедыцыі характарызуюцца праблемнай і даследчай накіраванасцю. У час іх правядзення запісваюцца творы вуснай народнай творчасці, беларускія імёны, назвы паселішчаў, вадаёмаў, урочышчаў, лясных масіваў, ваколіц і г.д. , наладжваюцца пошукі выяўленых рукапісаў, удакладняюцца літаратурныя мясціны і г.д.
У метадычнай літаратуры і школьнай практыцы вылучаюць розныя віды экскурсій (паходаў). Вядомы, напрыклад, экскурсіі (паходы) біяграфічныя, калі вучні знаёмяцца з мясцінамі, дзе жыў і працаваў пісьменнік. Мэта такіх экскурсій – паўней і глыбей вывучаць творчасць мастака слова, звязанага з родным для дзяцей краем, сустрэцца з людзьмі, якія ведалі ці ведаюць пісьменніка, запісаць іх успаміны, апісаць гэтыя мясціны.
Вылучаюць экскурсіі (паходы) па мясцінах, апісаных у адным ці некалькіх творах аднаго пісьменніка. У час экскурсій такога віду вучні знаёмяцца з прыродай, паселішчамі, сустракаюцца з людзьмі, апісанымі мастаком слова, параўноўваюць падзеі, адлюстраваныя ў творы, і рэчаіснасць і усведамляюць адметнасць аўтарскай тыпізацыі, ідэал пісьменніка і яго выяўленне ў вершы ці паэме, апавяданні ці рамане.
Часам увага можа быць сканцэнтравна на лёсе вобразаў-персанажаў, часцей за ўсё галоўнага героя, бо менавіта яго шляхамі, яго жыццёвымі дарогамі вядзе настаўнік сваіх вучняў.
Настаўнік літаратуры можа правесці экскурсію (паход), прысвечаную некалькім пісьменнікам, аб’яднаным падобным літаратурным ці жыццёвым лёсам. Вучняў можна зацікавіць творчасцю пісьменнікаў, якія ўваходзяць у адно літаратурнае аб’яднанне, тых, хто быў удзельнікам адной важнай для лёсу Аёчыны грамадскай падзеі, а таксама тых, хто нарадзіўся ў адной вёсцы, мястэчку, хто вучыўся ў адной навучальнай ўстанове і г.д.
Шырокія перспектывы мае кожны настаўнік у арганізацыі экскурсій (паходаў), прысвечаных літаратурнаму жыццю горада, раёна, школьнага мікрараёна. На экскурсіях гэтага віду ў поле зроку вучняў трапляюць мясціны, звязаныя з гісторыяй напісання твораў, з дзейнасцю фалькларыстаў і г.д.
Некаторыя метадысты вылучаюць параўнальныя літаратурныя экскурсіі (паходы), мэтай якіх з’яўляецца вызначэнне таго, як змяніўся край за пэўны перыяд, што набыў, а што беззваротна страціў.
Комплексныя паходы (экскурсіі) прадугледжваюць знаёмства школьнікаў з літаратурным жыццём краю, помнікамі дойлідства, прыроды, гісторыі і гд.
Пажадана, каб настаўнік распрацаваў усе віды экскурсій (паходаў), якія магчымы ў школьным мікрараёне. Гэта спрыяе больш гнуткаму іх выкарыстанню ў навучанні і выхаванні дзяцей, бо заўжды ёсць мажлівасць прапанаваць вучням некалькі тэм на выбар.
Арганізацыя экскурсіі (паходу) уключае ў сябе тры этапы: падрыхтоўку, правядзенне экскурсіі і падвядзенне вынікаў. Вельмі важнае значэнне мае першы этап. Ён звычайна працяглы, а часам ахоплівае ўвесь навучальны год. Пры падрыхтоўцы мнагадзённага паходу неабходна натрэніраваць вучняў у хадзьбе на значную адлегласць, пазнаёміць з тэхнікай бяспекі, арганізацыяй побыту ў час паходу, Вялікую ўвагу павінны ўдзяліць настаўнікі і дзеці вывучэнню той праблемы, якой прысвячаецца паход.
Неабходна дакладна вызначыць мэты кожнай экскурсіі (паходу). Від экскурсіі акрэслівае толькі агульныя задачы, таму яны патрабуюць удакладнення.
Пасля акрэслення мэт распрацоўваецца маршрут і карта-схема экскурсіі (паходу), у якіх вызначаюцца аб’екты агляду і паслядоўнасць іх наведвання. Некаторыя настаўнікі лічаць, што мэтазгодна карту-схему вывешваць на відным месцы, каб з ёю маглі пазнаёміцца ўсе вучні. Гэта дае мажлівасць выклікаць цікавасць да падарожжа, а таксама паказаць, якія цяжкасці чакаюць яго ўдзелькаў. Таму той, хто планаваў прыняць удзел у паходзе, але не разлічвае на свае сілы, можа своечасова адмовіцца.
Сваю спецыфіку мае падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў экспедыцыі. Найперш яны павінны добра ўсвядоміць мэту, дзеля якой праводзіцца экспедыцыя. Калі школьнікі будуць запісваць творы фальклору, то трэба ведаць яго асноўныя жанры, спецыфіку кожнага з іх, засвоіць, як пашпартызуюцца запісы народных твораў. Настаўніку неабходна растлумачыць школьнікам, каб яны праяўлялі далікатнасць і тактоўнасць у адносінах да тых, ад каго будуць запісваць казку ці прыказку, песню ці легенду.
Пры падрыхтоўцы да экспедыцыі па ўдакладненні літаратурных мясцін трэба выявіць тыя арыенціры, якія дадуць магчымасць гэта зрабіць. Іх можна знайсці ў мастацкіх творах, дзённіках, лістах пісьменніка, у даследваннях пра яго жыццё і творчасць. Арыенцірамі звычайна з’яўляюцца назвы геаграфмчных аб’ектаў: рэк, азёр, лясоў, вёсак, урочышчаў, хутароў і г.д.
Асаблівае значэнне мае абагульненне вынікаў экспедыцый. Калі экспедыцыя наладжвалася, каб запісаць творы вуснай народнай творчасці, мясцовую анамастыку, то вучням спатрэбіцца шмат часу для ўпарадкавання сабранага матэрыялу, яго трэба прааналізаваць, выявіць, ці ёсць у фалькларыстыцы, у мовазнаўстве аналагічныя запісы, вызначыць, ці з’яўляюцца тэксты, што пачулі вучні аўтэнтычнымі або гэта толькі варыянты раней запісаных, ці супадае тлумачэнне этымалогіі назваў паселішчаў, лясоў, лугоў, рэк і азёр вучонымі і мясцовымі жыхарамі.
Літаратурнай апрацоўкі патрабуе сабраны матэрыял пра пісьменнікаў, пра творчую гісторыю асобных вершаў, апавяданняў, паэм, раманаў, літаратурныя мясціны, папулярнасць мастака слова ў краі. Асабліва цікавыя, невядомыя навуцы матэрыялы рыхтуюцца да публікацыі ў школьных выданнях, часам ў раённым ці абласным друку, а астатнія прызначаюцца для паказу на стэндзе, на выстаўцы, у літаратурна-краязнаўчым кутку, для занясення на карту, уключэння ў экспазіцыю музея. Некаторыя экспедыцыі ставяць перад вучнямі такія праблемныя пытанні, якія патрабуюць далейшых настойлівых пошукаў.
2.2 Літаратурна-краязнаўчыя куткі і музеі
Вялікі вучэбна-выхаваўчы патэнцыял мае дзейнасць школьнікаў па арганізацыі літаратурна-краязнаўчых куткоў ці музеяў, якія належаць да сінтэтычных формаў пазакласных заняткаў па літаратуры. Далучаныя да музейнай справы, падлеткі шмат працуюць з кніжнымі крыніцамі: чытаюць і перачытваюць мастацкія творы, навуковыя даследаванні, лісты, дзённікі пісьменнікаў, звязаных з родным краем, сустракаюцца з даследчыкамі, краязнаўцамі-аматарамі, працуюць у архівах, вядуць перапіску з літаратурнымі музеямі рэспублікі і краіны, з пісьменнікамі, мастакамі, скульптарамі, з роднымі і блізкімі тых аўтараў, якія ўваходзяць у экспазіцыю. Пошукі экспанатаў патрабуюць арганізацыі экспедыцый. Актыў музея з’яўляецца і зацікаўленым прапагандыстам літаратурных і культурных традыцый краю.
У літаратурна-краязнаўчых музеях збіраюцца, зберагаюцца і экспануюцца матэрыялы пра пісьменнікаў, звязаных з той мясцовасцю, дзе жывуць і вучацца дзеці. Школьныя краязнаўчыя музеі могуць адлюстроўваць у сваіх экспазіцыях розныя аспекты літаратурных і культурных традыцый краю. У гісторыка-літаратурных музеях паказваюцца асноўныя перыяды развіцця літаратуры свайго краю. Манаграфічныя гісторыка-літаратурныя музеі адлюстроўваюць жыццё і творчасць выдатных пісьменнікаў. У школах рэспублікі працуюць музеі, якія знаёмяць з жыццём усіх пісьменнікаў краю. Можна вылучыць комплексныя музеі, якія зберагаюць і экспануюць дакументы і матэрыялы не толькі пра пісьменнікаў, але і пра жывапісцаў, грамадскіх дзеячаў, прадметы народнага прыкладнога мастацтва. Дзейнічаюць у школах Беларусі і літаратурна-мемарыяльныя музеі і куткі. Яны створаны ў вёсках, гарадах, дзе нарадзіліся, жылі і працавалі пісьменнікі, і размяшчаюцца ў будынках, якія звязаны з іх імёнамі.
Аснова музея — яго фонд. З пошукаў экспанатаў фактычна і пачынаецца яго стварэнне. Фондам музея з’яўляецца ўвесь матэрыял, які знаходзіцца ў экспазіцыі і ў запасніках. У залежнасці ад навуковай і мастацкай значнасці музейны фонд падзяляецца на асноўны і навукова-дапаможны. У першы ўваходзяць дакументальныя крыніцы, якія характарызуюць жыццё і творчасць пісьменніка, літаратуразнаўцы, жывапісц і інш. (рукапісы твораў, лістоў, дзённікаў, запісных кніжак і г д.); арыгінальныя творы жывапісу; фотакарткі, зробленыя з арыгінальных негатываў, іншыя фотаздымкі з аўтографамі пісьменнікаў і іншых выдатных дзеячаў культуры; скульптурныя творы, мэбля, прылады працы, творы прыкладнога мастацтва, плакаты, афішы. У асноўны фонд заносяцца таксама прыжыццёвыя выданні твораў пісьменнікаў мінулых эпох, кнігі з аўтографамі, газеты з першымі публікацыямі твораў мастакоў слова дарэвалюцыйнага, савецкага часу 20-40-х гг. Навукова-дапаможны фонд складаюць усе копіі з арыгіналаў, схемы, макеты, рэпрадукцыі карцін, вучнёўскія рэфераты, альманахі, альбомы. Для захоўвання каштоўных прадметаў трэба мець спецыяльнае сховішча, абавязкова трэба прызначаць адказнага за іх зберажэнне.
Усе прадметы, якія паступаюць у музей, дэталёва апісваюцца (паходжанне, сувязь з гістарычнымі падзеямі, памятнымі мясцінамі, выдатнымі асобамі і г.д.). Пры распрацоўцы экспазіцыі ўлічваюцца від музея і інтарэсы яго наведвальнікаў.
Адзін з этапаў працы па афармленні музея — стварэнне тэматычна-экспазіцыйнага плана. Вызначаецца, якія экспанаты будуць выстаўлены для агляду і якія подпісы да іх варта зрабіць. Тэксты не павінны быць доўгімі. Лепш за ўсё, каб гэта былі словы пісьменніка: вытрымкі з аўтабіяграфіі, з яго твораў, лістоў і г.д., а таксама аўтарытэтных літаратараў, культурных і грамадскіх дзеячаў. Матэрыялы на стэндах пажадана размяшчаць на адлегласці не ніжэй як 80 см ад падлогі і не вышэй як 200 см.
Экспанаты выстаўляюцца з этыкеткамі. На іх пазначаецца назва экспаната, звесткі, кім, дзе і калі ён быў створаны, адзначаецца тэхніка выканання. Рыхтуючы этыкетку на кнігу, трэба запісаць год першага выдання яе, назваць мастака, які яе афармляў (калі вокладка маляўнічая). Тыя звесткі, якія змяшчаюцца на вокладцы, на этыкетку не пераносяцца. Пры экспанаванні раскрытай кнігі або часопіса трэба змясціць іх выпускныя звесткі.
Пры музеі можна арганізаваць некалькі секцый — літаратурна-асветную, літаратурна-пошукавую, экспазіцыі і інш. Літаратурна-асветная секцыя наладжвае чытанні па тэматыцы музея, сустрэчы з пісьменнікамі, дзеячамі культуры і навукі, праводзіць экскурсіі, выступае з прапагандай літаратурных і культурных традыцый краю сярод вучняў школы і мікрараёна, рыхтуе разнастайныя конкурсы па краязнаўчай тэматыцы і інш. Члены літаратурна-пошукавай секцыі займаюцца папаўненнем асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў музея і з гэтай мэтай арганізоўваюць экспедыцыі. Асаблівы клопат тых, хто працуе ў такой секцыі, — апісанне паступіўшых экспанатаў, вырашэнне праблемных пытанняў. Секцыя экспазіцыі адказвае за абнаўленне асобных раздзелаў музея і адкрыццё новых, арганізуе знаёмства наведвальнікаў з матэрыяламі, якія захоўваюцца ў запасніках, але па той ці іншай прычыне не выстаўлены ў асноўнай экспазіцыі.
2.3 Карты, стэнды, выставы
Літаратурная геаграфія краю, сувязь пісьменніка з тым або іншым рэгіёнам можа быць паказана на краязнаўчай карце, якую вучні афармляюць пад кіраўніцтвам настаўніка. Яна дае агульнае ўяўленне пра літаратурныя мясціны вобласці або раёна. На карце абазначаюцца мясціны, звязаныя з імем таго ці іншага пісьменніка, пры дапамозе ўмоўных абазначэнняў ці фотаздымкаў мастакоў слова. Калі перавага аддаецца фотаздымкам, карта атрымліваецца больш нагляднай і вучні лягчэй запамінаюць, дзе і які пісьменнік бываў.
Сувязь пісьменнікаў з пэўным краем больш шырока і глыбока можна паказаць на стэндзе ці выставе. Гэта аператыўныя формы пазакласнай краязнаўчай працы, якія выкарыстоўваюцца галоўным чынам для папулярызацыі літаратурных і культурных традыцый рэгіёна, для прапаганды твораў пра тую мясцовасць, дзе жывуць і вучацца дзеці, пра іх выдатных землякоў. Стэнды звычайна прысвячаюцца пісьменніку — ураджэнцу вобласці ці раёна, групе пісьменнікаў аднаго ці розных пакаленняў, літаратурнаму жыццю краю ў цэлым.
У кабінеце беларускай мовы і літаратуры кожнай школы час ад часу варта арганізоўваць краязнаўчыя выставы. Пажадана, напрыклад, каб да юбілею пісьменніка-земляка была разгорнута прысвечаная яму кніжная выстава. Яна можа складацца з некалькіх раздзелаў, у першым з якіх паказваюцца творы юбіляра, у другім — даследаванні пра яго, а ў трэцім – вучнёўскія творчыя працы пра знакамітага земляка. Часам побач з кніжнай выставай можа дзейнічаць і такая, на якой сабраны партрэты пісьменніка розных перыядаў яго жыцця, а таксама літаратурнага акружэння, ілюстрацыі да кніг, кадры з фільмаў, сцэны са спектакляў па творах юбіляра, ноты песень, опер, араторый, кантат на яго словы. Пажадана, каб на такой выставе было адведзена месца і творчым працам школьнікаў
У наш час, калі грамадства нарэшце прыйшло да ўсведамлення неабходнасці ведаць свае вытокі, нацыянальныя традыцыі, народную культуру, некаторыя настаўнікі пачалі ствараць этнаграфічныя выставы.
Пытанні для самаправеркі
- Чым адрозніваецца агульнае краязаўства ад літартурнага краязнаўства?
Агульнае краязнаўства – гэта
Літаратурнае краязнаўства – гэта
- Якія віды школьнага літаратурнага краязноўства вам сталі вядомымі?
- Патлумачце сутнасць наступных відаў літаратурнага краязнаўства.
Экскурсія – гэта
Паход – гэта
Экспедыцыя – гэта
- З якіх экспанатаў складаецца фонд школьнага літаратурнага музея?
- Чым займаюцца вучні ў школьным літаратурным музеі?
- Што такое літаратурная карта рэгіёна?
- Складзіце літаратурную карту свайго раёна.

RSS





















