Новости События Общее

Разговорные синтаксические конструкции

05-12-2021 Учебные материалы
Материал адресуется студентам 4 курса ФДО по теме "Стилистика белорусского языка"

А.Г.Міхалевіч  (Мінск)

 

Гутарковыя сінтаксічныя  канструкцыі

ў паэтычнай  спадчыне

Максіма Танка

 

На розных этапах развіцця мова беларускай мастацкай літаратуры вызначалася актыўным узаемадзеяннем, з аднаго боку, з нарматыўна ўсвядомленай  літаратурнай мовай, а з другога – з вуснымі гаворкамі. Таму ў мастацкіх творах усіх жанраў побач з кніжнымі адзінкамі заканамерна ўжываюцца моўна-выяўленчыя сродкі размоўнага стылю. Адна з прычын гэтага заключаецца таксама ў ідэйна-тэматычнай накіраванасці беларускай мастацкай літаратуры: даволі вялікая колькасць твораў, і ў тым ліку паэтычных, прысвечана  паказу гістарычнага мінулага і сучасных праблем грамадства, што аб’ектыўна патрабавала ад пісьменнікаў і паэтаў ствараць ілюзію поўнай рэчаіснасці, рэальнага жыцця, народных характараў і быту.

Варта адзначыць, што свядомае, мэтанакіраванае выкарыстанне гутарковых адзінак на ўсіх узроўнях (лексічным, фанетычным, марфалагічным, словаўтваральным і сінтаксічным, аднак часцей за ўсё на апошнім) матывуецца мастацкімі задачамі паэта: элементы размоўнага стылю перадаюць у тэксце (кантэксце) разнастайныя стылістычныя і эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні і становяцца адзнакай індывідуальнага аўтарскага стылю. Прычым гутарковымі з’яўляюцца моўныя адзінкі (літаратурныя і нелітаратурныя), якія выдзяляюцца стылістычна пад уплывам пэўных умоў, такіх, як непадрыхтаванасць, нязмушанасць акта камунікацыі, непасрэдны ўдзел асоб у гэтым акце. Пералічаныя экстралінгвістычныя фактары садзейнічалі развіццю адной з тэндэнцый гутарковай мовы – да эканоміі элементаў моўнага выражэння. Пад яе ўплывам сфарміраваліся такія сінтаксічныя з’явы, як парцэляцыя, эліпсіс, сегментацыя і інш. Аднак найбольш выразна дадзеная тэндэнцыя праяўляецца ў структурах са шматлікімі варыянтамі пропуску моўных кампанентаў (канструкцыях з незамешчанымі сінтаксічнымі пазіцыямі), прычым згаданыя адзінкі вызначаюцца поліфункцыянальнасцю. Іх поліфункцыянальнасць зводзіцца да стварэння ў мастацкім тэксце вусна-гутарковай экспрэсіі, характарыстыкі і індывідуалізацыі персанажаў, афармлення своеасаблівага паэтычнага твора. Гэтую ж функцыю выконваюць і структуры з  паўторамі, структурная спецыфіка якіх заключаецца ў перыядычным паўтарэнні (як правіла, двойчы) адной сінтаксічнай пазіцыі з аднолькавым лексічным напаўненнем.

Названыя канструкцыі атрымалі шырокае ўжыванне ў  вершаваных  радках Максіма Танка. Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) – народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы. Пачаўшы паэтычную дзейнасць вясною 1932 года, калі былі апублікаваны першыя вершы ў падпольным рукапісным часопісе “Пралом” пад псеўданімам Граніт, Максім Танк увайшоў у гісторыю нацыянальнай літаратуры як аўтар зборнікаў “На этапах”, “Журавінавы цвет”, “Вастрыце зброю”, “Праз вогненны небасхіл”,”Каб ведалі”, “У дарозе”, “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзейны”, “Глыток вады”,  “Хай будзе святло”, “Нарачанскія сосны”, “Прайсці праз вернасць” і інш. , у якіх шырока закранаў старую і адначасова і сёння актуальную тэму вернасці роднай зямлі і мове.

У мове твораў аўтара даволі шырока прадстаўлены няпоўныя простыя сказы і састаўныя часткі складаных з кантэкстуальным пропускам сінтаксічных пазіцый дзейніка і выказніка, аднак больш частымі з’яўляюцца канструкцыі з пропускам дзейніка.  Дзейнікі, як правіла, адсутнічаюць у тым выпадку, калі з’яўляюцца аналагамі дзейнікаў папярэдняй канструкцыі ці прэдыкатыўнай часткі: Самыя балючыя раны [тут і далей выдзелена намі. – А.М.]  ў дзяцінстве / Перастаюць ныць ад пацалункаў маці. / У юнацтве – самі зажываюць да вяселля. / У сталасці – загойваюцца /Ад спагады сяброў, ад чаркі віна  [2, с.305].

Відавочна, што за кошт кантэкстуальна няпоўных канструкцый  Максіму Танку ўдалося стварыць больш поўнае філасофскае разважанне пра жыццё. Акрамя таго, падобныя   структуры, як і іх аналагі з гутарковай мовы, ствараюць кароткія, лаканічныя паведамленні, у якіх асноўная ўвага акцэнтуецца на прадмеце (аб’екце) апісання. Яны таксама садзейнічаюць больш сцісламу, сканцэнтраванаму паведамленню.

У мове вершаў Максіма Танка параўнальна шырока ўжываюцца і  канструкцыі з паўторам аднаго слова. Гэта звычайна наступныя часціны мовы: а) назоўнік: Пасылае маці  думы / Ў свет па сына,  - / Прылятаюць тыя думы / Бурай сіняй. / Пасылае  маці слёзы / Быстрай Шчарай, - / Прыплываюць тыя слёзы / Цёмнай хмарай [2, с.157]; б) займеннік: Ты не ўгаворвай лепш мяне! / Няма сягоння часу мне / Глядзець, як лёд рака ўзрывае, / А то вось раззлуюся я. / Яшчэ не жонка я твая [2, с.19]; в) прыметнік: На жоўтай-жоўтай пожні / На шэрай-шэрай грэблі, / На сіняй-сіняй руні, / На цёмнай-цёмнай пушчы / Лёг белы-белы снег [2, с.52]; г) дзеяслоў: Я пытаўся ў сустрэчных: / Можа, яны цябе бачылі?/ Пытаўся ў дрэў: / Можа, віталася з імі?/ Пытаўся ў прыдарожных валуноў:/ Можа, адпачывала ля іх? [2, с.62]; д) прыслоўе: Вецер кудлаты на нівах калоссе гайдае, / Стужкай дарога з-пад мокрых калёс выбягае / Там, дзе бярозы плакучае звесілі вецце, / Там, дзе адны толькі хмары, і месяц, і вецер [2, с.148].

Такія паўторы выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці выдзяляльнага сродку: з іх дапамогай выдзяляюцца семантычна важныя для выказвання моўныя элементы. Варта адзначыць і яшчэ адну функцыю – раздзяляльна-вылучальную, калі паўтор садзейнічае больш цэласнаму, вобразнаму  ўспрыняццю чытачом кампанентаў выказвання.

У вершаваных радках  Максіма Танка атрымала распаўсюджанне такая стылістычная фігура, як анафара, пад якой прынята разумець  паўтарэнне аднолькавых  лексічных адзінак (самастойных і службовых слоў,  выразаў) у пачатку вершаваных радкоў, строф ці сказаў. З дапамогай названай экспрэсіўнай фігуры стылістычна нейтральныя сінтаксічныя канструкцыі набываюць у вершаваным кантэксце своеасаблівую арганізацыю, уласцівую і гутарковай мове. Такая арганізацыя кантэксту (нярэдка нават усяго верша) дазваляе сканцэнтроўваць увесь час увагу чытача на семантычна важным кампаненце і найлепш зразумець аўтарскую задумку. Пры гэтым не страчваецца і лагічная сувязь паміж кампанентамі   паэтычнага твора.

Адметнасцю аўтарскага стылю Максіма Танка з’яўляецца анафарычны паўтор аднаго слова, але не самастойнай, а службовай часціны мовы, пераважна прыназоўнікаў. Паколькі першапачатковае значэнне невытворных прыназоўнікаў было прасторавае, то з дапамогай паўторных прыназоўнікаў выражаюцца менавіта такія адносіны. Напрыклад: Дык смялей выходзьце / На будаўнічыя пляцоўкі, / На перадавыя пазіцыі, / На прасторы палёў, / На ўдарныя рубяжы і міжзорныя трасы / Каб хутчэй сталі явай / Усе казкі дзяцінства, / Усе мары і сны, / Запаветы бацькоў / І надзеі Радзімы [1, с.32].

Нярэдкія паўторы прыназоўнікаў і з аб’ектнымі адносінамі: Здаецца, перагаварыў з усімі  / Сябрамі, знаёмымі і незнаёмымі, / З дрэвамі, звярамі, птушкамі, / З дажджамі, снягамі, вятрамі, / З дарогамі, рэкамі, што мог бы / І кропку пад інтэрв’ю паставіць, / Ды ўспомніў, што не закончыў яшчэ / Гутаркі з самім сабой [1, с.26].

Вылучаюцца і канструкцыі з паўторамі прыназоўнікаў, што выражаюць азначальныя адносіны: У кожным атэстаце / Выстаўляюцца адзнакі па розных дысцыплінах, / І толькі няма адзнак / За чалавечнасць, / За руплівасць, / За паводзіны ў сям’і, / За сталом, / Бо і па ядзе / Меркавалі калісьці, / На што хто здатны [1, с.157].

Не пазбег Максім Танк паўтору і іншых службовых часцін мовы, асабліва  падпарадкавальных злучнікаў (злучальных слоў): а) часавых:  Так было і са мной, – / Успамінае старая, / – Перад  самым жнівом, / Калі град выбіў жыта, / Калі ў блакаду згарэла сяло, / Калі прыйшла пахаронка… [1, с.177]; б) тлумачальных: Не карай мяне, лёс, глухатой, / Той, што перашкаджае пачуць, / Як світальнай вясновай парой  / Журавы на радзіму лятуць. / Як хто кліча мяне памагчы / Або грукае ў дзверы мае, / Як самотна хто плача ўначы / Ці ў застоллі сяброўскім пяе. / Як шумяць-каласяцца жыты, / Як звініць зарапад над зямлёй. / Шапацяць і дажджы, і лісты – / Не карай мяне, лёс, глухатой! [1, с.55]; в) мэтавых: Мы ў партыю ўступілі, / Каб свет не ведаў слёз, пакутаў і насілля, / Не панаваў злы лёс. / Каб войны і нягоды не нішчылі зямлю, / Ядналіся народы  / Ў братэрскую сям’ю. / Каб горда і высока палаў свабоды сцяг… [1, с.90].

У вершах Максіма Танка значную сэнсавую нагрузку нясуць таксама паўторы простых сказаў або прэдыкатыўных частак складаных сказаў. Напрыклад:

Ноччу, ціха падкраўшыся,

Выпаў снег.

Раніцой прачнуліся дрэвы

Ўсе ў казачнай белі

І не пазнаюць самі сябе.

Ты хто? – Пытае бяроза ў сасны.

Ты хто? – Пытае асіна ў алешыны.

Ты хто? [1, с.59];

Хаця б не забыць, што

Даўно мінуў поўдзень

І час завяршаць

Збор калосся на полі.

Хаця б не забыць, што 

Ноч не за гарамі,

І ўсім пажадаць

Добрага адпачынку.

Хаця б не забыць,

Калі заўтра пашчасціць

Убачыць світанне,

Падзякаваць сонцу,

Падзякаваць сонцу,

Што зноўку вярнула 

Да любае працы – 

Да збору калосся [1, с.3].

 Такім чынам, паэтычныя радкі Максіма Танка  і сёння хвалюююць чытачоў не толькі  актуальнасцю  ўзнятых праблем і тэм,  але і па-майстэрску  падабраных вобразна-выяўленчых сродкаў, у тым ліку і гутарковых.

 

 

 

Спіс літаратуры

 

1. Танк, Максім. Збор калосся: Вершы / Максім Танк. – Мінск: Маст. літ., 1989. – 302 с.

2. Танк, Максім. Мне пару крыл дало юнацтва… Выбраная лірыка / Максім Танк. – Мінск: Маст. літ., 2003. – 478 [1] с.

 

 

Учебные материалы

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Учебные материалы

11-11-2020 Учебные материалы
Даюцца заданні для студэнтаў групы 270518 ФПА
Учебные материалы
подробнее

Задания для группы 270518 ФНО

11-11-2020 Учебные материалы
Даюцца заданні для студэнтаў групы 270518 ФПА
Учебные материалы
подробнее