Алена Міхалевіч
Моўныя сродкі паказу ваеннай рэчаіснасці
ў рамане Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”
Language means of showing military reality
in Ivan Shamyakin's novel " heart in the palm of your hand”
Анатацыя: У артыкуле даецца характарыстыка творчай і стылістычнай індывідуальнасці Івана Шамякіна, разглядаюцца мастацкія сродкі, якія выкарыстоўвае народны пісьменнік Беларусі пры паказе рэчаснасці перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Аб’ектам даследавання сталі сінтаксічныя канструкцыі з паўторам і з пропускам лексем, ужытых у аўтарскай мове і мове персанажаў; тут жа паказаны матываванасць выкарыстання, структурныя асаблівасці і функцыянальная насычанасць згаданых адзінак.
Abstract: the article describes the creative and stylistic personality of Ivan Shamyakin, examines the artistic means used by the people's writer of Belarus when showing the prematurity of the great Patriotic war period. The object of the research is syntactic constructions with repetition and omission of lexemes used in the author's language and the language of characters; here the motivation for use, structural features and functional saturation of the mentioned units are shown.
Ключавыя словы: аналітычны стыль, індывідуальнасць, прыём паўтору, прыём пропуску, псіхалагізм, стылістычная манера.
Key words: analytical style, personality, repetition technique, skipping technique, psychologism, stylistic manner.
Сярод выдатных дзеячаў нашай краіны асаблівае месца займаюць празаікі і паэты, са старонак літаратурных твораў якіх можна даведацца пра найбольш значныя падзеі і герояў гэтых падзей. Пачэснае месца ў спісе першых займае Іван Шамякін – народны пісьменнік Беларусі, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат дзяржаўных і літаратурных прэмій. Звяртаючыся да адлюстравання разнастайных актуальных праблем, Іван Пятровіч, як і многія яго равеснікі, не абышоў падзей Вялікай Айчыннай вайны, паколькі сам быў удзельнікам баёў (у прыватнасці, пад Мурманскам і на Одэры) і таму пранікся дадзенай тэмай, што і адлюстраваў у сваіх аповесцях “Помста”, “Гандлярка і паэт”, “Ахвяры”, раманах “Глыбокая плынь”, “Снежныя зімы”, “Зеніт” і інш. З ліку апошніх асабліва высокім грамадзянскім пафасам і займальнасцю сюжэту вылучаецца раман “Сэрца на далоні”. Напісаны на працягу 1960-1963 гадоў, гэты твор уздымае, сярод іншых, праблему аб’ектыўнага асвятлення народнай гісторыі і вызначаецца спецыфічным паказам ваенных падзей.
Згаданая спецыфіка заключаецца ў тым, што аўтар, па-першае, апісвае тыя храналагічна ранейшыя падзеі, якія адбываюцца не на фронце, а ў падполлі; па-другое, спрабуе праз дзеянні герояў, асабліва журналіста Кірылы Шыковіча і ўрача Антона Яраша, аднавіць праўду ў дачыненні перш за ўсё да аднаго персанажа – загінуўшага патрыёта доктара Сцяпана Савіча, якога старшыня гарсавета Сямён Гукан свядома аб’явіў здраднікам. Для рэалізацыі аўтарскай задумы Іван Шамякін выпрацаваў своеасаблівы падыход да кампазіцыйнага афармлення рамана і падае ваенныя падзеі праз расказы, успаміны, маналогі, дыялогі розных герояў. Змяняючы пачаргова апавядальнікаў, пісьменнік па-мастацку выразна паказвае не толькі дзеянні, але і ўнутраны свет персанажаў, матывы іх паводзін і ўчынкаў. Адлюстраванне рэчаіснасці ў такім ракурсе дазваляе стварыць аб’ектыўнае апісанне, спалучыць яго з аўтарскім аналізам думак, перажыванняў, пачуццяў герояў. І дасягаецца гэта ў многім дзякуючы шматлікім моўна-выяўленчым сродкам, кожны з якіх у залежнасці ад мэты паведамлення выконвае пэўную функцыю. Сярод іх асабліва частымі выступаюць канструкцыі, структурная спецыфіка якіх заключаецца ў перыядычным паўтарэнні сінтаксічных пазіцый з аднолькавым лексічным напаўненнем, што служаць для перадачы дадатковых сэнсава-інфармацыйных значэнняў кантэксту. Напрыклад, ва ўспамін доктара Яраша пра пакаранне Паўла і іншых падпольшчыкаў праз павешанне пісьменнік уключае паўтор некалькіх фраз, за кошт чаго апісанне становіцца больш эмацыянальным: І раптам адбылося нечаканае. І для нас, і для фашыстаў. На царкве зазванілі званы [тут і далей выдзелена намі. – А.М.]. Вось на гэтай царкве, што на плошчы. Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганізавалі яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклік. Званы зазванілі так, як званілі яны адвечна, калі ішла бяда – нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клікалі: “Падымайся, народ! Падымайся, народ!” І людзі паднялі галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замітусіліся. Нешта крычалі Бругер і Кміт. Лучынскі кінуўся да царквы. За ім гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалі біць кулямёты па званіцы.
А званы ўсё клікалі: “Падымайся, народ! Падымайся, народ!”[1, с.74-75].
З пункту гледжання сінтаксічнай характарыстыкі ў рамане “Сэрца на далоні” пераважаюць паўторы галоўных членаў сказа, і перш за ўсё дзейніка, выражанага назоўнікам. Нярэдка ў тако й ролі выступае агульны назоўнік, што дазваляе пісьменніку даць максімальна вычарпальную характарыстыку апісанага аб’екта: Уявіліся павешаныя, так, як ні разу яшчэ за гэты доўгі і страшны дзень. Вецер гойдае іх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якім заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлівая, вясёлая, то хітрая, то сумная [1, с.87]. Аднак больш частымі ў творы з’яўляюцца канструкцыі з паўторам дзейніка – уласнага назоўніка, звычайна прозвішча. Напрыклад, ужыты ў няўласна-простай мове Кірылы Шыковіча “Нават Яраш, нястрымны і нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць!” [1, с.24] некантактны паўтор дзейніка Яраш дазваляе засяродзіць увагу на суб’екце апісання і яго характарыстыцы. Варта адзначыць, што ў аўтарскай мове твора атрымалі пашырэнне сінтаксічныя адзінкі, для якіх характэрны кампазіцыйны стык словаформы-дзейніка з яе лексемай-паўторам. Напрыклад: Ён [Кірыла Шыковіч. – А.М.] чакаў, што адкажа Яраш. Але Яраш адчуваў праўду ў яго словах, хоць з нечым і не згаджаўся [1, с.13]. Афармленне канструкцый гэтай мадыфікацыі звязана з імкненнем празаіка перадаць апісанне з дапамогай менш кампанентных паводле структуры сказаў. Своеасаблівай мадыфікацыяй згаданых канструкцый выступаюць сказы з паўторам дзейніка-імя, ужытыя з мэтай актуалізацыі ў рэпліках герояў і аформленыя як дыялог. Напрыклад: - Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзіў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савічу.
- Савіч? Той Савіч? – не вытрымаў і выказаў сваё здзіўленне Шыковіч.
- Але. Той Савіч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай піша, як пра здрадніка. Той Савіч, які супрацоўнічаў з немцамі, узначальваў аддзел управы і якому фашысты арганізавалі пышнае пахаванне [1, с.81].З гэтай жа мэтай аўтар уводзіць у маналагічную мову герояў, напрыклад расказ-успамін Антона Яраша, паўтор асабовых займеннікаў, асабліва часта – займенніка я: Маладому, самаўпэўненаму, мне адзін час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фігура ў падполлі [1, с.68-69].
Да моўных сродкаў паказу ў рамане Івана Шамякіна “Сэрца на далоні” ваеннай рэчаіснасці адносяцца і канструкцыі з паўторам выказніка, якія выконваюць пераважна дзве функцыі. Адна з іх – раздзяляльна-вылучальная – заключаецца ў тым, што паўтор выказніка, садзейнічаючы цэласнаму ўспрыняццю чытачом кампанентаў паведамлення, дае магчымасць разарваць доўгі ланцуг апісання і ўтрымаць у памяці папярэднія кампаненты выказвання. Пры гэтым пісьменнік таксама часта прыбягае да кампазіцыйнага стыку названых словаформ. Так, перадаючы пачуцці Антона Яраша ад сустрэчы з Зосяй Савіч, аўтар уключае ва ўнутраную мову героя кантэкст: Калі тая аперацыя! Праз месяц… І ці можна ўвогуле яе аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаванні. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй [1, с.47].
Другая функцыя, якую выконваюць у творы канструкцыі з паўторам выказніка, – функцыя падкрэслівання, выдзялення семантычна важнага для паведамлення моўнага кампанента: І вось гестапаўцы за рукі паднялі туды першага асуджанага. Яны спяшаліся. Яны білі яго. Білі Паўла [1, с.73]. Менавіта за кошт дадзенага прыёму аўтар максімальна праўдзіва перадае пачуцці Антона Яраша, на вачах якога вешаюць сяброў-падпольшчыкаў.
У мове персанажаў паўтор выказніка без удакладняльных або дапаўняльных кампанентаў выступае перш за ўсё як сродак перадачы загаду. Загад можа быць розным у залежнасці ад абставін: строгім, гнеўным або ласкавым, падобным да просьбы: - Гаварыце, гаварыце. – І зноў збоку здавалася, што кансультанта цікавяць толькі ўласныя рукі [1, с.46]. Паўтор можа служыць і для перадачы пэўных пачуццяў, напрыклад удзячнасці: “Дзякую, Зося, дзякую. Дзякую табе, дарагі таварыш” [1, с.293].
Для мовы дзейных асоб характэрны паўтор выказніка ў канструкцыі-адказе, што належыць аднаму і таму ж герою: Ты глядзі, што выходзіць. Выходзіць, што да яго, Гуканавага, прыходу ў горад партыйнага падполля не было…[1, с.12]. Такія канструкцыі ўключаны пісьменнікам у маналог персанажа, які пры пэўных умовах пераконвае ў нечым іншую асобу і, каб надаць сказанаму безапеляцыйнасць, выкарыстоўвае сказы з паўторам.
Часта ў выдзяляльна-акцэнтнай функцыі ў творы Івана Шамякіна выступае паўтор выказніка, пры якім ужываюцца так званыя “дадатковыя” кампаненты – звычайна акалічнасці розных разрадаў: Помню, добра помню, што боль… той невыказны і неапісаны боль, які адчувалі мы, калі здаваўся наш горад, быў самы моцны [1, с.57]; Не ведаю… І цяпер не ведаю, праз гэта ці так было задумана…[1, с.75]. Так, у другім кантэксце ўжыванне пры паўторным выказніку акалічнасці часу дазваляе перадаць успаміны Антона Яраша пра храналагічна розныя падзеі.
Адметнай асаблівасцю рамана з’яўляецца шырокае ўжыванне канструкцый з паўторам выказніка ў рэпліках розных персанажаў, аформленых як дыялог. Сінтаксічныя адзінкі такога тыпу звязаны пераважна з запытаннем і выступаюць у дзвюх мадыфікацыях:
- пытальны сказ – апавядальны сказ як адказ на пытанне з паўторам выказніка. Напрыклад: Ён [Антон Яраш. – А.М.] доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго і хораша ўсміхалася, шчасліва і збянтэжана.
– Дзе вы былі ўвесь гэты час?
– Апошнія тры гады тут, у нашым горадзе.
– І не ведалі пра мяне?
– Ведала. Бачыла некалькі разоў [1, с.49];
- апавядальны сказ – пытальны сказ як перапытванне. Прычым гэта можа быць як абсалютны паўтор аднаго слова, так і ў трансфармаваным выглядзе: “Цішэй! – шыкнуў я. – Я друг тых, каго сёння павесілі”. “Павесілі? А каго павесілі?” [1, с.82].
Паўторы даданых членаў сказа ў рамане “Сэрца на далоні” больш рэдкія. Так, акалічнасць-паўтор (у прыватнасці, часу) у рэпліцы аднаго героя фігуруе пераважна у клічных сінтаксічных адзінках як эмацыянальная рэакцыя на сітуацыю, што ўзмацняецца за кошт паўтору згаданай словаформы ў вуснах іншага персанажа. Такія паўторы, напрыклад, дапускае аўтар у сцэне апісання павешання Паўла і іншых падпольшчыкаў і – адпаведна – стану Антона Яраша: “ Лучынскі памрэ сёння!”
“Сёння!” Відаць, я падумаў уголас, бо Хіндэль спытаў:
“Што “сёння”?” [1, с.74].
Згаданы паўтор акалічнасці пісьменнік можа ўключыць і ў рэпліку аднаго героя. Так, супакойваючы хворую Зосю Савіч, доктар Яраш спыняе расхваляваную ад успамінаў героіню:
- Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе ўспамінамі [1, с.49].
Відавочна, што майстэрства Івана Шамякіна праявілася ў стылістычна апраўданым выкарыстанні канструкцый з лексічным паўторам у якасці экспрэсіўных моўна-выяўленчых сінтаксічных сродкаў, якія служаць для выражэння шматлікіх семантычных адценняў і адносяцца да фігур павелічэння аб’ёму выказвання. Сярод апошніх у рамане “Сэрца на далоні” пераважаюць дзве мадыфікацыі:
- анафара – паўтор аднолькавых слоў у пачатку сказаў: Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як і я [1, с.74]; Помню, добра помню, што боль … той невыказны і неапісаны боль, які адчувалі мы, калі здаваўся наш горад, быў самы моцны. Як ні за адзін горад. Ці таму, што гэта горад з такой гісторыяй. Ці таму, што вораг на Волзе!.. [1, с.57];
- эпіфара – паўтор аднолькавых слоў у канцы сказаў: За тыя дні я стаў другім чалавекам. За тыя два тыдні. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыдні [1, с.69].
Яшчэ адным сродкам паказу ваеннай рэчаіснасці ў рамане “Сэрца на далоні” з’яўляюцца канструкцыі з незамешчанымі сінтаксічнымі пазіцыямі (пропускам) перш за ўсё галоўных членаў сказа.З іх дапамогай у творы перадаюцца каларыт і дынамічнасць рэальных падзей, даецца характарыстыка персанажаў і інш. Так, для творчай манеры Івана Шамякіна ўласціва ўжыванне пасля апорнага поўнага сказа адной ці некалькіх канструкцый з прапушчаным дзейнікам, якія перадаюць не паслядоўныя дзеянні, а дэталізуюць апісаную карціну ці паўней характарызуюць асобу: Назар Авяр’янавіч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыі трымаў маленькую майстэрню тыпу “амерыканкі” [1, с.63-64]. Кантэкстуальны пропуск дзейніка дазваляе аўтару перадаць таксама напружанасць дзеянняў, як гэта мае месца ў сцэне, калі Антон Яраш з’явіўся ў гарадскую ўправу, каб вынесці прысуд здрадніку Радзімы Лучынскаму: Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку [1, с.77-78].
Абумоўленасць кантэкстам дазваляе Івану Шамякіну ўжываць у рамане і канструкцыі з незамешчанай сінтаксічнай пазіцыяй выказніка: - Чаму я расказаў? – Яраш як бы задумаўся на хвіліну. – Учора я спаткаў Зосю. - Савіч?! – Кірыла пераскочыў вогнішча. – Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савіча загінула. – Так і я думаў сямнаццаць год. Ну і ну! Дзе ты яе спаткаў? – У бальніцы. – Хворая? Чакай. Калі хавалі Савіча? – У маі сорак трэцяга [1, с.92-93]. Разгледжаныя структуры ствараюць кароткія, лаканічныя паведамленні, у якіх асноўная ўвага акцэнтуецца на аб’екце апісання.
У мове рамана ўжываюцца і эліптычныя няпоўныя сказы, якія ўключаюць дзейнік і даданы член сказа, нярэдка акалічнасць месца, і выражаюць запытанне. Напрыклад: Дзе Тарасік? Што з ім? [1, с.67]. Аформленыя такім чынам структуры падкрэсліваюць катэгарычнасць запытання і ўжываюцца героем у той сітуацыі, калі ён знаходзіцца ў стане адчаю і трывогі.
Нярэдка выкарыстоўвае Іван Шамякін у сваім рамане і канструкцыі з парцэляцыяй – стылістычным прыёмам, пры якім змест выказвання рэалізуецца ў дзвюх ці болей сінтаксічных адзінках: І раптам – бываюць жа стрэчы! – насустрач Лотке. У вопратцы рабочага [1, с.79-80]. Варта адзначыць, што да дадзенага моўна-выяўленчага сродку аўтар прыбягае для ўзмацнення сэнсавых і экспрэсіўных адценняў, ужываючы пераважна пры апісанні або знешняга выгляду герояў (напрыклад: Савіч наблізіўся. Сівы, ссутулены, стары [1, с.91]), або навакольнага асяроддзя (напрыклад: Ноч і раніца былі ясныя і халодныя. Па-асенняму [1, с.69]).
Такім чынам, для мастацкага адлюстравання ў рамане “Сэрца на далоні” ваеннай рэчаіснасці Іван Шамякін своеасабліва і часта выкарыстоўвае разнастайныя выразныя моўна-выяўленчыя сродкі, уключаючы ў аўтарскую мову і мову персанажаў сінтаксічныя канструкцыі як з пропускам, так і з лексічным паўторам членаў сказа, а таксама сінтаксічныя канструкцыі з парцэляцыяй. Такія структурныя адзінкі служаць для перадачы шматлікіх семантычных і суб’ектыўна-мадальных значэнняў.
Спіс літаратуры
- Шамякін, І. Сэрца на далоні: Раман / І. Шамякін. – Мінск: Маст. літ., 2001. – 414 с.

RSS





















