Звонкія, радасныя песні разносіліся паўсюль. Дзяўчаты збіраліся на самым высокім месцы ў вёсцы, рассцілалі там салому і, сеўшы, спявалі вясновыя песні – вяснянкі – да позняй ночы:
Благаславі, маці,
Вясну гукаць, у-у!
Вясну гукаць,
цёплага лета
Дажджа…, у-у!
Дажадаць.
– Ой, вясна, вясна
Вясняна…, у-у!
Кожны дзень гучаў гімн вясне, сонцу, маладосці, каханню. У сваіх песнях яны не толькі віталі надыход цёплых дзён, абуджэнне прыроды, але і нібы паведамлялі ўсім аб сваёй гатоўнасці да кахання і шлюбу. Жанчыны сустракалі вясну па-свойму. З цеста выпякалі фігуркі птушак, мяркуючы, што такім чынам яны дапамогуць ім хутчэй прыляцець. Дзяўчаты бралі гэтых птушак і, выконваючы «вяснянку», падкідвалі ўгору: «Жаўраначкі прыляціце, вясну прынясіце».
У пачатку 1990-х гадоў пачалі актыўна адраджацца абрады «гукання вясны», якія ўключаюць традыцыйныя элементы, песні, гульні. Сёння гэтае свята пад рознымі назвамі шырока распаўсюджана ў розных дарослых і дзіцячых калектывах Беларусі.

RSS





















