Новости События Общее

Каляндарна-тэматычны план

31-03-2020 Консультации
Патрабаванні да састаўлення каляндарна-тэматычнага плана

 

Саўко У. П.

 

КАЛЯНДАРНА-ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН: СУТНАСЦЬ, МЕТОДЫКА САСТАЎЛЕННЯ ВА ЎСТАНОВАХ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

 

          Вучэбны працэс у сучаснай школе рэгулюецца спецыяльнымі дзяржаўнымі дакументамі (адукацыйным стандартам, вучэбнай праграмай і інш.) і абавязкова плануецца.

          Існуюць розныя віды вучэбных планаў: каляндарна-тэматычны, тэматычны, паўрочны (план-канспект урока) і інш. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі настаўнікі найчасцей складаюць паўрочныя планы (канспекты ўрокаў). У пачатку навучальнага года ім неабходна мець каляндарна-тэматычны план.

Перад пачаткам кожнага навучальнага года Нацыянальным інстытутам адукацыі РБ распрацоўваецца ў дапамогу настаўнікам каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, у якім прапануецца размеркаванне вучэбных гадзін па тэмах, вызначаных праграмай. Але гэтае планаванне з’яўляецца не каляндарна-тэматычным, а тэматычным, паколькі ў ім адсутнічае ўказанне на каляндарны час вывучэння праграмных тэм у канкрэтным класе. Таксама, як зазначаюць аўтары планавання, яно з’яўляецца прыкладным, і настаўніку дастаткова часта прыходзіцца яго дапрацоўваць, уносячы змены з улікам асаблівасцей канкрэтнага класа ці ўстановы адукацыі (гімназія, ліцэй і інш.).

Каляндарна-тэматычны план – адзін з відаў вучэбных планаў, якім павінен кіравацца настаўнік пры арганізацыі навучальнага працэсу па беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Такі план дапамагае арганізаваць раўнамернае вывучэнне праграмнага матэрыялу, бачыць перспектыву ў вывучэнні прадмета і пры неабходнасці своечасова карэкціраваць вучэбны працэс.

Сутнасць каляндарна-тэматычнага плана яскрава відаць з яго назвы – гэта каляндар вывучэння пэўных тэм на канкрэтны навучальны год. Каляндарна-тэматычны план уяўляе сабой пералік праграмных раздзелаў і тэм з указаннем колькасці гадзін на іх вывучэнне, часу вывучэння і даты правядзення ўрокаў па вызначаных тэмах. Каб дакладна скласці гэты план, настаўнік павінен ведаць і ўлічыць наступнае: колькасць вучэбных гадзін (урокаў) на год і на тыдзень у дадзеным класе, аб’ём вучэбнага часу, адведзенага праграмай на вывучэнне кожнага раздзела, колькасць гадзін на пісьмовыя работы, а таксама дні тыдня, у якія праводзяцца ўрокі, працягласць кожнай чвэрці (трыместра) і канікул, асаблівасці каляндара вучэбнага года (колькасць вучэбных дзён можа быць рознай нават у паралельных класах у сувязі з супадзеннем ці несупадзеннем святочных дзён з выхаднымі днямі).

Рубрыкі каляндарна-тэматычныга плана, як правіла, наступныя:

 

Праграмныя тэмы

Колькасць гадзін

Час вывучэння

 

 

 

 

 

 

 

У каляндарна-тэматычным планаванні, якое распрацоўваецца НІА РБ, ёсць і іншыя рубрыкі: мэты вывучэння тэмы, матэрыял вучэбнага дапаможніка (даецца ўказанне нумароў практыкаванняў, якія неабходна выканаць пры вывучэнні тэмы), дамашняе заданне. Па нашым меркаванні, наяўнасць названых рубрык у гадавым плане не можа быць апраўданай, таму што, напрыклад, наўрад ці можна дакладна прадугледзець перад пачаткам навучальнага года, якое дамашняе заданне прапанаваць вучням па пэўнай тэме ў снежні ці красавіку. Немагчыма запланаваць адразу для ўсёй рэспублікі і тое, якія практыкаванні павінны выканаць вучні, таму што, як вядома, настаўнік павінен падбіраць заданні з улікам узроўню інтэлектуальнага развіцця вучняў канкрэтнага класа. Што датычыцца мэтаў урока, то гэта, як вядома, абавязковы кампанент паўрочнага плана.

Разгледзім методыку состаўлення каляндарна-тэматычнага плана на прыкладзе адной чвэрці.

Састаўленне каляндарна-тэматычнага плана пачынаецца з вызначэння колькасці вучэбных гадзін па прадмеце ў першай чвэрці (трыместры). Каб гэта зрабіць дакладна, неабходна ведаць працягласць чвэрці, колькасць гадзін на тыдзень, дні тыдня, у якія будуць праводзіцца ўрокі, а таксама памятаць, што ў рабочым тыдні могуць быць і святочныя дні. Падлічыўшы кольсць урокаў у першай чвэрці, настаўнік у адпаведнай графе плана пазначае, у які прамежак часу іх неабходна будзе правесці, напрыклад: 02.09 – 25.10 (02.09 – дата правядзення першага ўрока ў чвэрці, 25.10 – апошняга).

Пасля гэтага ў адпаведных графах плана спачатку запісваецца назва раздзела, указваецца агульная колькасць гадзін, адведзеных праграмай на яго вывучэнне (у тым ліку і колькасць гадзін на пісьмовыя работы), і пазначаецца каляндарны час вывучэння. Затым указваюцца назвы тэм, што разглядаюцца ў гэтым раздзеле, гадзіны на кожную тэму і канкрэтныя даты правядзення адпаведных ўрокаў. Напрыклад:

         

Каляндарна-тэматычны план вывучэння беларускай мовы ў 5 класе

на 2013/2014 навучальны год

 

Праграмныя тэмы

Колькасць гадзін

Час вывучэння

 

І чвэрць

24

02.09 – 25.10

І

Мова – найважнейшы сродак зносін

2

02.09 – 03.10

1

Чалавек і мова. Адрасат

1

02.09

2

Вусная і пісьмовая формы маўлення. Віды маўленчай дзейнасці. Умовы, неабходныя для ўспрымання і стварэння выказвання

1

03.09

ІІ

Паўтарэнне вывучанага ў І–ІV класах

10+2

06.09 – 01.10

3

Тэкст, яго будова. Тэма і асноўная думка тэксту

1

06.09

4

Сувязь сказаў у тэксце. Загаловак

1

09.09

5

Назоўнік. Род, лік, склон назоўнікаў

1

10.09

6

Змяненне назоўнікаў у адзіночным і множным ліку

1

13.09

7

Прыметнік. Сувязь прыметніка з назоўнікам

1

16.09

8

Асаблівасці змянення прыметніка па родах, ліках і склонах

1

17.09

9

Займеннік. Асабовыя займеннікі, іх змяненне

1

20.09

10

Дзеяслоў. Неазначальная форма дзеяслова. Часы дзеяслова

1

23.09

11

Змяненне дзеяслова па асобах і ліках у цяперашнім часе, правапіс канчаткаў

1

24.09

12

Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах, правапіс канчаткаў. Правапіс НЕ з дзеясловамі

1

27.09

13

План тэксту. Вусны і пісьмовы падрабязны пераказ тэксту па плане

2

30.09,

01.10

ІІІ

Сінтаксіс і пунктуацыя

20+3

04.10 – 02.12

14

Аналіз творчай працы, работа над памылкамі.

Словазлучэнне

1

04.10

15

Галоўнае і залежнае слова ў словазлучэнні

1

07.10

16

Знаёмства са стылямі маўлення (мэта і сфера выкарыстання, жанры)

2

08.10,

11.10

17

Сказ як адзінка маўлення. Апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя сказы

1

14.10

18

 Клічныя і няклічныя сказы. Знакі прыпынку ў канцы сказа (паўтарэнне)

1

15.10

19

Будова сказа. Галоўныя члены сказа: дзейнік і выказнік (паўтарэнне). Неразвітыя сказы

1

18.10

20

Даданыя члены сказы. Развітыя сказы

1

21.10

21

Кантрольны дыктант

1

22.10

22

Аналіз кантрольнага дыктанта. Работа над памылкамі

1

25.10

 

Такім жа чынам складаецца каляндарна-тэматычны план і на наступныя чвэрці.

Вызначаючы месца пісьмовых работ у агульнай сістэме ўрокаў, неабходна памятаць, што кантрольныя дыктанты рэкамендуецца праводзіць пасля вывучэння найбольш важных і складаных тэм, у канцы чвэрці і навучальнага года. Правядзенне кантрольных работ у панядзелак, пятніцу і на апошнім ўроку не дапускаецца. Мэтазгодна таксама, каб пісьмовыя працы былі раўнамерна прадстаўлены ў агульнай сістэме ўрокаў беларускай мовы.

Пры састаўленні каляндарна-тэматычнага плана трэба памятаць і пра тое, што ў ім могуць быць і ўрокі, не прадстаўленыя ў вучэбнай праграме, напрыклад урокі аналізу пісьмовых работ (урокі работы над памылкамі) і ўрокі паўтарэння і сістэматызацыі вывучанага па пэўным раздзеле. Работа над памылкамі, як вядома, абавязкова выконваецца вучнямі V–IХ класаў пасля кожнай кантрольнай работы, а пры неабходнасці  і пасля навучальных работ. На яе правядзенне пасля напісання кантрольных работ мэтазгодна было б запланаваць асобныя ўрокі. Але гэта, на жаль, не заўсёды атрымліваецца, таму настаўнік часта праводзіць аналіз пісьмовых прац на частцы ўрока, што і павінна быць адлюстравана ў каляндарна-тэматычным плане.

На працягу навучальнага года не заўсёды ўдаецца правесці тую колькасць гадзін, якая вызначана ў вучэбнай праграме, што абумоўлена рознымі прычынамі (напрыклад, каранцін у сувязі з эпідэміяй грыпу і інш.). Але ўсе тэмы, пазначаныя ў праграме, павінны быць пройдзены і зафіксаваны ў класным журнале. Памятаючы пра гэта, настаўніку неабходна своечасова карэкціраваць каляндарна-тэматычны план, уносіць у яго адпаведныя змены.

 

 

 

 

 

Похожих публикаций нет