МЕТОДЫКА ВЫКЛАДАННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ЯК НАВУКА. БЕЛАРУСКАЯ МОВА ЯК ВУЧЭБНЫ ПРАДМЕТ ВА ЎСТАНОВАХ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ
Саўко У. П.
Методыка выкладання беларускай мовы — педагагічная навука, якая вызначае мэты, змест, прынцыпы, метады, прыёмы, формы навучання беларускай мове, заканамернасці засваення яе вучнямі.
Методыка выкладання беларускай мовы з’яўляецца не толькі навукай, але і вучэбнай дысцыплінай, якая ўваходзіць у вучэбны план устаноў вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю і забяспечвае тэарэтычную і практычную падрыхтоўку студэнтаў-філолагаў да самастойнай прафесійнай дзейнасці.
Як і любая самастойная навука, методыка беларускай мовы мае свой прадмет вывучэння, свае задачы, змест, адпаведную сістэму паняццяў і тэрмінаў, уласныя метады даследавання.
Прадметам методыкі з’яўляецца працэс навучання беларускай мове, пры гэтым паняцце «навучанне» ўключае ў сябе: 1) дзейнасць настаўніка, накіраваную на перадачу ведаў школьнікам, арганізацыю іх вучэбна-пазнавальнай працы па засваенні таго ці іншага моўнага матэрыялу; 2) дзейнасць вучняў, у працэсе якой адбываецца авалоданне ведамі, уменнямі і навыкамі. Дзейнасць настаўніка і вучняў методыка разглядае як мэтанакіраванае ўзаемадзеянне, як супрацоўніцтва пры вядучай ролі настаўніка.
Методыка выкладання беларускай мовы вырашае наступныя задачы: 1) вызначае мэту і задачы навучання беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, змест і аб’ём школьнага курса беларускай мовы, яго структуру, размеркаванне вучэбнага матэрыялу па гадах навучання, класах; 2) распрацоўвае найбольш эфэектыўныя метады, прыёмы, формы і сродкі навучання; 3) вызначае крытэрыі і метады ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па беларускай мове.
Змест методыкі беларускай мовы як навукі і вучэбнай дысцыпліны складаюць наступныя раздзелы: 1) агульныя пытанні методыкі выкладання беларускай мовы; 2) методыка вывучэння раздзелаў курса беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі; 3) методыка развіцця маўлення вучняў; 4) методыка пазакласнай працы па беларускай мове.
Методыка выкладання беларускай мовы як навука выкарыстоўвае разнастайныя паняцці і тэрміны: мэта і змест моўнай адукацыі, прынцыпы, метады, формы, сродкі навучання, урок і іншыя.
Для правядзення навукова-тэарэтычных і практыка-арыентаваных даследаванняў у галіне методыкі выкладання беларускай мовы выкарыстоўваюцца разнастайныя метады, напрыклад: 1) тэарэтычны аналіз літаратуры па методыцы выкладання беларускай мовы і сумежных навуках: педагогіцы, псіхалогіі, лінгвістыцы і інш.; 2) вывучэнне і абагульненне перадавога педагагічнага вопыту; 3) мэтанакіраванае назіранне за вучэбным працэсам; 4) індывідуальныя гутаркі з ўдзельнікамі навукова-педагагічнага даследавання; 5) анкетаванне, тэсціраванне, педагагічны эксперымент; 6) статыстычная апрацоўка атрыманых вынікаў.
Найбольш пашыраным метадам даследавання з’яўляецца эксперымент. З яго дапамогай правяраецца эфектыўнасць новых вучэбных праграм, падручнікаў, дапаможнікаў, пэўных метадаў і сістэм навучання і іншыя
Як галоўны метад даследавання, эксперымент бывае канстатацыйны (канстатацыйны зрэз), навучальны і кантрольны (кантрольны зрэз). Мэта канстатацыйнага эксперымента — вызначыць рэальны ўзровень ведаў, уменняў і навыкаў вучняў, ступень засваення імі пэўнай тэмы, раздзела і інш. Гэта адбываецца, як правіла, з дапамогай спецыяльна падабраных заданняў. Пры арганізацыі навучальнага эксперымента вызначаюцца мэта і задачы эксперыментальнага навучання, яго змест, метады і прыёмы вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў. Пасля навучальнага эксперымента праводзіцца кантрольны зрэз, аналіз вынікаў якога дазваляе выявіць эфектыўнасць распрацаванай даследчыкам эксперыментальнай методыкі.
Беларуская мова ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі – гэта вучэбны прадмет, пры вывучэнні якога школьнікі атрымліваюць сістэму навуковых ведаў пра сучасную беларускую літаратурную мову, яе асноўныя фанетычныя асаблівасці, лексічны склад, граматычны лад, фарміруюць уменні і навыкі (вучэбна-моўныя, маўленчыя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя) практычнага валодання беларускай мовай як сродкам зносін і пазнання рэчаіснасці, формай выражэння мыслення.
Значэнне вучэбнага прадмета «Беларуская мова», мэта і задачы яго вывучэння, асноўныя тэарэтычныя падыходы да навучання, крытэрыі адбору зместу навучання, характарыстыка зместу навучання па ступенях навучання раскрыты ў Канцэпцыі вучэбнага прадмета «Беларуская мова». Звернем увагу на асноўныя яе палажэнні.
Беларуская мова як мова тытульнай нацыі і дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь адыгрывае важную ролю ў самасвядомасці беларускага народа, з’яўляецца крыніцай і сродкам пазнання і захавання нацыянальнай культуры. Працэс навучання беларускай мове садзейнічае развіццю поглядаў і перакананняў вучняў, выхаванню ў іх патрыятызму і грамадзянскасці, станоўчых маральна-этычных якасцей.
Развіццёвае і выхаваўчае значэнне вучэбнага прадмета «Беларуская мова» акрэсліваецца функцыямі, якія адыгрывае мова ў жыцці грамадства: камунікатыўнай (выступае як асноўны сродак зносін), кагнітыўнай (з’яўляецца інструментам пазнання рэчаіснасці), кумулятыўнай (захоўвае інфармацыю пра каштоўнасці беларускага народа, сацыяльны вопыт чалавецтва) і інш.
Беларуская мова як вучэбны прадмет займае адно з асноўных месцаў у сістэме адукацыі. Ва ўстановах з беларускай мовай навучання яна з’яўляецца не толькі аб’ектам вывучэння, але і сродкам навучання іншым прадметам, садзейнічае развіццю і выхаванню вучняў, далучэнню іх да каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай культуры.
Асноўная мэта моўнай адукацыі заключаецца ў тым, каб сфарміраваць сродкамі вучэбнага прадмета такога носьбіта мовы, які свядома і крытычна ўспрымае пачутае, асэнсавана чытае, граматна піша, правільна гаворыць, разумее моўныя з’явы і заканамернасці, валодае маўленчай этыкай і культурай.
Рэалізацыя гэтай мэты адбываецца на ўсіх ступенях навучання беларускай мове. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі (1 — 4 класы) вучні авалодваюць мовай як сродкам зносін ў працэсе фарміравання навыкаў маўленчай дзейнасці на аснове асэнсавання элементарных лінгвістычных ведаў, адбываецца інтэлектуальнае развіццё школьнікаў сродкамі вучэбнага прадмета, выхаванне нацыянальнай свядомасці.
На ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (5 — 9 класы) прадугледжваецца:
1) засваенне вучнямі сістэмы мовы, яе законаў, фактаў і з’яў, нормаў беларускай літаратурнай мовы, заканамернасцей і правілаў функцыянавання моўных сродкаў у маўленні (моўная кампетэнцыя);
2) фарміраванне на аснове авалодання маўленчай тэорыяй (тэкст, тыпы, стылі, жанры маўлення) уменняў самастойна ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (камунікатыўная кампетэнцыя);
3) усведамленне мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні (лінгвакультуралагічная кампетэнцыя);
4) развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў.
Навучанне беларускай мове на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (10 — 11 класы) павінна садзейнічаць у першую чаргу сістэматызацыі і паглыбленню ведаў, удасканаленню ўменняў і навыкаў, набытых у папярэднія гады, развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў.
Навучанне беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абумоўлена практычнай накіраванасцю і зарыентавана на рэалізацыю кампетэнтнаснага, сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага і лінгвакультуралагічнага падыходаў пры выкладанні ўсіх тэм і раздзелаў.
Адбор зместу навучання беларускай мове адбываецца ў адпаведнасці з наступнымі крытэрыямі:
1) цэласнага адлюстравання ў змесце навучання мэты моўнай адукацыі;
2) навуковай і практычнай значнасці моўнага матэрыялу;
3) адпаведнасці складанасці зместу рэальным вучэбным і ўзростава-псіхалагічным магчымасцям школьнікаў;
4) адпаведнасці аб’ёму зместу навучання наяўнаму часу, які адводзіцца на дадзены прадмет згодна з вучэбным планам.
Асноўнымі прынцыпамі адбору зместу навучання беларускай мове з’яўляюцца сістэмна-функцыянальны, мінімізацыі моўнага і маўленчага матэрыялу, камунікатыўна-маўленчы і інш.
Сістэмна-функцыянальны прынцып прадугледжвае цэласнае адлюстраванне ў змесце навучання ўсіх узроўняў моўнай сістэмы і характарыстыку фунцыянальных магчымасцей моўных адзінак кожнага ўзроўню. Прынцып мінімізацыі моўнага і маўленчага матэрыялу абумоўлівае адбор матэрыялу з улікам яго значнасці для дасягнення мэт і задач моўнай адукацыі. Камунікатыўна-маўленчы прынцып прадугледжвае забеспячэнне вучэбнага працэсу адпаведным зместам для авалодання вучнямі ўсімі відамі маўленчай дзейнасці.
Курс беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі складаецца з трох узаемазвязаных этапаў, якія адпавядаюць тром ступеням адукацыі і па змесце і мэтах навучання дапаўняюць адзін аднаго. Адбор зместу моўнага і маўленчага матэрыялу, яго структураванне выкананы пераважна па лінейным прынцыпе, што дазваляе забяспечыць засваенне вучнямі моўных адзінак у іх узаемасувязі і лагічнай паслядоўнасці як цэласнай сістэмы, асэнсаванне семантычных, фармальных і функцыянальных прымет кожнага яе элемента.
Змест курса беларускай мовы на ІІ ступені навучання складаецца з дзвюх частак: падрыхтоўчай і асноўнай (сістэматычнай). Падрыхтоўчая частка ў 5 класе ўключае 2 раздзелы: «Паўтарэнне вывучанага ў І — ІV класах» і «Сінтаксіс і пунктуацыя». У асноўную частку ў 5 — 9 класах уваходзяць наступныя раздзелы: «Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія», «Лексіка. Фразеалогія», «Словаўтварэнне і арфаграфія», «Марфалогія і арфаграфія»,«Сінтаксіс і пунктуацыя». Развіццё маўлення як састаўная частка моўнай адукацыі асобным раздзелам не выдзяляецца. Гэта абумоўлена тым, што навучанне звязнаму маўленню і практычнай маўленчай дзейнасці неабходна праводзіць пры засваенні ўсіх раздзелаў і тэм школьнага курса беларускай мовы. Спецыяльныя ўступныя тэмы, з якіх пачынаецца курс беларускай мовы ў кожным класе («Беларуская мова — нацыянальная мова беларускага народа», «Валоданне літаратурнай мовай — асноўны паказчык культуры чалавека» і іншыя), накіраваны на фарміраванне лінгвістычнага светапогляду вучняў.
Засваенне беларускай мовы на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі адбываецца на базавым і павышаным узроўнях. Змест навучання ў 10-м класе складаюць наступныя раздзелы: «Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства», «Маўленне», «Тэкст», «Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Культура маўлення», «Лексіка. Фразеалогія. Культура маўлення», «Марфемная будова слова. Культура маўлення», «Марфалогія і арфаграфія. Культура маўлення». У 11-м класе вывучаюцца раздзелы «Маўленне», «Стылістыка», «Сінтаксіс і пунктуацыя. Культура маўлення».

RSS





















