Таццяна Старасценка
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
(Беларусь)
Камунікатыўны аспект публіцыстычнага тэксту
Для публіцыстычнага стылю характэрна наяўнасць функцыі ўздзеяння, якая садзейнічае ўстанаўленню кантакту паміж аўтарам і чытачом. Рэалізацыя такога кантакту, як зазначае П. П. Жаўняровіч, адбываецца праз адпаведныя сродкі – словы-дэйктыкі, лексемы, што выражаюць персуазіўнасць і аўтарызацыю, рытарычныя фігуры і тропы [2, с. 49–76]. Аднак эмацыянальнасці і выразнасці публіцыстычнага тэксту спрыяе таксама інтэртэкстуальнасць. На думку І. У. Арнольд, кожны выпадак тэкставага ўключэння заўсёды дае некаторы сэнсавы выбух – павелічэнне экспрэсіўнасці [1, с. 368]. Гэта, безумоўна, павышае чытацкую ўвагу да зместу матэрыялу. Аднак неабходна памятаць, што камунікатыўны аспект публіцыстыкі ў многім залежыць ад жанру. Параўнаем, для прыкладу, два тэксты, узятыя з газеты «Звязда».
На пасяджэнні Прэзідыума Саўміна таксама абмеркавалі работу Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і іншых рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржкіравання, якія выкарыстоўваюць сродкі інавацыйных фондаў у 2017 годзе. Фарміраваўся план па выдаткаванні рэсурсаў на наступны год.
Як адзначыў Андрэй Кабякоў, вынікі працы за 2013—2015 гады паказалі, што трэба ўдасканальваць механізмы фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў. Для гэтага ўжылі новы падыход, накіраваны на комплексны пераход ад галіновага выкарыстання гэтых сродкаў да агульнадзяржаўнага (І. Крыжэвіч. «Звязда», 1 лістапада 2017 г.).
Прыведзены ўрывак сведчыць пра перавагу інфармацыйнай функцыі над функцыяй уздзеяння. Моўныя сродкі ў многім набліжаюць тэкст да афіцыйнага стылю: словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні, выкарыстаны аддзеяслоўныя назоўнікі. Праз такую форму падачы матэрыялу аўтар выказвае не асабістае меркаванне, а толькі перадае факты, для чаго і выбраны моўныя формы адасаблення ад свайго тэксту.
Надзея Дрындрожык вядзе асабістую рубрыку ў «Звяздзе», яе матэрыялы вызначаюцца цікавымі назіраннямі над жыццём у яго розных праявах. Зразумела, што такія артыкулы маюць выразнага суб’екта аповеду, абазначанага формай займенніка 1-й асобы адзіночнага ліку, разнастайнымі сродкамі наладжвання дыялогу з чытачом, які такім чынам запрашаецца да судумання і сутворчасці. У гэтым і заключаецца каштоўнасць публіцыстычнага тэксту – зацікавіць рэцыпіента праз адметнае слова. У чым жа спецыфіка такога слова? Разгледзім наступны прыклад:
Ужо не першы раз лаўлю сябе на думцы, што большасць людзей чамусьці рэдка ставяць сябе на месца іншых. Хоць ва ўсіх рэлігіях ёсць такая фраза: «Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш сабе». Якраз пра гэта, яшчэ да таго, як выйсць замуж, я размаўляла з адной мудрай сямейнай парай. Мы ехалі ў адным купэ з Мінска да Санкт-Пецярбурга. Я ўсю дарогу з захапленнем назірала, з якой непадробнай пяшчотай і клопатам яны ставіліся адно да аднаго! Менавіта Людміла Іванаўна дала мне надзвычай каштоўную параду, якой я сёння карыстаюся ў сваім сямейным жыцці. «Што б ні здарылася, заўсёды будзь для свайго мужа і дзетак адвакатам. Суддзі і пракуроры і так знойдуцца. І ніколі не павышай голасу, не крычы, а тым больш не падымай руку на сваіх родных. Нават у парыве адчаю ці крыўды. Шчасце любіць цішыню і пяшчоту».
Памятаеце гісторыю пра Вецер і Сонца? Аднойчы яны паспрачаліся, хто з іх самы моцны. «Паглядзі, – сказаў Вецер, – як я зараз налячу на вандроўніка і імгненна сарву з яго плашч!». І тут жа пачаў дзьмуць з усяе сілы. Але чым больш стараўся, тым мацней захутваўся вандроўнік у плашч і прыспешваў свайго вернага каня. Сонца ж нічога не сказала. Проста ўсміхнулася, выглянула з-за аблокаў і абагрэла вандроўніка. Неўзабаве ён зняў свой плашч і прывязаў да сядла… Як бачыце, пяшчотай і дабрынёй можна дабіцца значна большага, чым сілай ды злосцю (Н. Дрындрожык. «Звязда», 2 лістапада 2017 г.).
У гэтым урыўку выяўлены суб’ект аповеду – гэта сама аўтарка, якая адкрыта піша пра перажытае і не адзін раз прадуманае. Функцыя ўздзеяння на чытача выражацца праз ацэначныя словы мудрая, захапленне, пяшчота, клопат, каштоўная, шчасце, цішыня, дабрыня (станоўчая ацэнка) і адчай, крыўда, злосць (адмоўная ацэнка). У колькасных адносінах пераважаюць станоўчаацэначныя лексемы, што мае яшчэ і выхаваўчае значэнне. Зварот да чытача адлюстраваны ў рытарычных сказах, а таксама ў дзеяслоўных формах загаднага ладу памятаеце, бачыце, прычым перад дзеясловам бачыце Н. Дрындрожык ужывае шматкроп’е. Гэты знак прыпынку таксама мае стылістычнае значэнне, паколькі настройвае на самастойны працяг аўтарскай думкі. Пэўны перапынак – і аўтарка робіць сваю выснову, нібы далучаючы да яе чытача, які можа прыняць (або не прыняць) выказанай пазіцыі.
Матэрыял Н. Дрындрожык уключае моўныя сродкі, якія садзейнічаюць знешняму дыялогу (паміж аўтарам і чытачом). Аднак дыялагізм прыведзенага ўрыўка яшчэ і ў элементах інтэксту, што таксама ўзмацняе камунікатыўны эфект. Сярод відаў інтэртэкстуальнасці ў навуковай літаратуры вылучаюцца кодавая (узровень іншастылёвых слоў, граматычных формаў, словазлучэнняў), унутраная (больш характэрная для мастацкага дыскурсу, праяўляецца ў пісьмах, дзённіках, створаных самім аўтарам, яе яшчэ называць фіктыўнай) і знешняя (цытата, эпіграф, алюзія, прэцэдэнтны тэкст) [1, с. 358–437]. У публіцыстычным тэксце пераважае знешняя інтэртэкстуальнасць. Так, у матэрыяле Н. Дрындрожык ужыты цытаты (з рэлігіі, з маўлення Людмілы Іванаўны) і прэцэдэнтны тэкст (гісторыя пра Вецер і Сонца). Такія ўключэнні садзейнічаюць павышэнню экспрэсіўнага патэнцыялу, прыцягваюць увагу чытача, прымушаючы яго звяртацца да ўласнага тэзаўрусу. Газетны тэкст такім чынам становіцца поліфанічным (у гэтым яго набліжанасць да мастацкага), у ім гучыць пераклічка многіх галасоў, якія ўдзельнічаюць у стварэнні адной стылістычнай функцыі ўздзеяння.
Калі параўноўваць камунікатыўны аспект публіцыстычнага і мастацкага тэкстаў, то апошні, відавочна, мае перавагі. У мастацкім творы важнае значэнне набывае не толькі знешні дыялог, але і ўнутраны, які рэалізуецца праз кантакт паміж пісьменнікам і персанажамі ў аб’ектыўнай манеры аповеду (выражаецца такімі сродкамі суб’ектывацыі, як няўласна-простае маўленне, прыёмы ўяўлення, выяўленчы і мантажны). Для тэкстаў публіцыстычнага стылю ўласціва, у першую чаргу, знешняе ўздзеянне, што тлумачыцца спецыфікай публіцыстычнага слова. Яно нясе не толькі канкрэтную інфармацыю, але яшчэ і прымушае чытача звярнуць на сябе ўвагу, робіць яго сутворцам. Як зазначае П. П. Жаўняровіч, «для твораў публіцыстыкі функцыі інфармавання, уздзеяння і пераканання першасныя, галоўныя, а функцыя эстэтычная адсоўваецца на другі план, прычым яна ўзмацняе дзейснасць першых» [2, с. 17]. Такая перавага пэўных функцый публіцыстыкі заўважаецца і ў матэрыяле Н. Дрындрожык: прысутнічаюць інфармацыя, уздзеянне, перакананне. Прычым іх гарманічная зладжанасць спрыяе цікавасці да прапанаванага артыкула, а створаны аўтарам знешні дыялог не заканчваецца кропкай – ён працягваецца ва ўнутраных разважаннях чытача, у фарміраванні яго ўласнай жыццёвай пазіцыі.
Літаратура
1. Арнольд, И. В. Семантика. Стилистика. Интертекстуальность / И. В. Арнольд; науч. ред. П. Е. Бухаркин. – Москва : Книжный дом «Либроком», 2014. – 443 с.
2. Жаўняровіч, П. П. Публіцыстычны дыскурс Уладзіміра Караткевіча / П. П. Жаўняровіч; навук. рэд. В. І. Іўчанкаў. – Мінск : РІВШ, 2011. – 244 с.

RSS





















