Новости События Общее

Белорусский язык в мире

26-09-2018 Лекции
Рассматривается вопрос о белорусском языке в мире

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА Ў СВЕ́ЦЕ. Па-за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае каля 3 – 3,5 млн. этнічных беларусаў, з якіх больш за 2 млн — у незалежных дзяржавах на тэрыторыі былога СССР: 1,2 млн. — Расійская Федэрацыя, 40 тыс.  — Украіна, 180 тыс. — Казахстан, 120 тыс. — Латвія, 60 тыс. — Літва, 28 тыс. — Эстонія, 28 тыс.— Узбекістан, 20 тыс. — Малдова, а таксама ад 250 да 400 тыс. — на тэрыторыі Беласточчыны (Рэспубліка Польшча) і інш. У пачатку 21 ст. выхадцы з Беларусі пражываюць больш чым у 72 краінах, у 25 з іх дзейнічае больш за 220 зарэгістраваных грамадскіх арганізацый і структур беларускай дыяспары. Іх дзейнасць накіравана на захаванне нацыянальна-культурных традыцый, на развіццё культурных, навуковых, эканамічных кантактаў са сваёй гістарычнай радзімай. Прадстаўнікі беларускай дыяспары і мясцовыя навукоўцы ажыццяўляюць асветніцкую працу па захаванні нацыянальна-культурнай адметнасці беларусаў, даследаванні беларускай мовы, культуры, этнаграфічных асаблівасцей, ствараюць мастацкія творы, друкуюць на беларускай мове часопісы, газеты, разнастайныя навуковыя працы (частка з іх выходзіць на англійскай, нямецкай і іншых мовах).

Беларуская мова ў замежных краінах мае 2 асноўныя аспекты выкарыстання: прыкладны — ствараюцца шматлікія падручнікі па беларускай мове для вучняў і студэнтаў ВНУ, выдаюцца навучальныя граматыкі і слоўнікі; навукова-даследчы — беларуская мова выступае як аб’ект навуковага вывучэння, друкуюцца манаграфіі, слоўнікі, лінгвістычныя атласы.

У  Р а с і і  створана амаль 60 грамадскіх беларускіх арганізацый, аднак адсутнічаюць беларускія школы і нацыянальны друк (выдаюцца бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку). Многія расійскія навукоўцы даследуюць розныя актуальныя пытанні беларускай мовы. Так, акадэмік М. Талстой і прафесар С. Талстая сталі ініцыятарамі этналінгвістычнага вывучэння Палесся, апублікавалі па гэтай праблематыцы шэраг навуковых тэматычных зборнікаў «Славянский и балканский фольклор» (1978—2011), «Славянское и балканское языкознание» (1974—2003), манаграфію «Славянская географическая терминология» (3-е выд., 2012), слоўнік  «Полесский народный календарь» (2005), энцыклапедычны слоўнік «Славянская мифология» (2-е выд., 2011) і інш., у якіх шырока прадстаўлены матэрыял беларускіх палескіх гаворак. Актыўна выкарыстоўвалі беларускую лексіку ў этымалагічных даследаваннях А. Трубачоў і У. Тапароў у «Этимологическом словаре славянских языков» (выпускі 1—38; 1974—2012, выданне працягваецца), зборніках «Этимология» (выходзяць з 1960-х гг.), у манаграфіі «Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья» (1962), а таксама многія іншыя аўтарытэтныя расійскія лінгвісты (Р. Аванесаў, С. Брамлей, В.  Вінаградаў, В. Іваноў, В. Іванаў, Ф. Філін і інш.).

Ва У к р а і н е  ў 1990-я гг. прыметна актывізавалася дзейнасць нацыянальна-культурных таварыстваў (Кіеў, Львоў, Мікалаеў, Жытомір, Адэса і інш.), большасць з якіх уваходзіць у створаны Усеўкраінскі саюз беларусаў, што актыўна супрацоўнічае з дзяржаўнымі арганізацыямі Беларусі і Украіны. Многія ўкраінскія філолагі актыўна займаюцца беларусазнаўчымі даследаваннямі, нярэдка сумесна з айчыннымі навукоўцамі. Так, прафесар Р. Піўтарак вывучаў гісторыю інфінітыва ў беларускай мове (1964), падрыхтаваў да друку 2 зборнікі беларускіх народных казак і выбраных твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы (асобныя творы пераклаў на ўкраінскую мову), садзейнічаў адкрыццю беларусістыкі ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце імя Т. Шаўчэнкі, апублікаваў падручнік па беларускай мове для школ, гімназій і ВНУ Украіны (1997), «Беларуска-ўкраінскі слоўнік» (сумесна з А.І. Скапненкам, 2006), шэраг навуковых артыкулаў па беларусістыцы. Актыўна даследавалі гаворкі на беларуска-ўкраінскім памежжы і надрукавалі дзясяткі прац па гэтай праблематыцы Р. Аркушын, П. Грыцэнка, І. Дзендзялеўскі, Я. Закрэўская, А. Залескі, Т. Назарава, А. Ніканчук, М. Ніканчук і інш. Так, прафесар Валынскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі Р. Аркушын апублікаваў слоўнік П. Бярынды (1961),  двухтомны слоўнік заходнепалескіх гаворак з тэрыторыі ўкраінскага і беларускага Палесся (2000), а таксама двухтомны слоўнік заходнепалескіх мікратапонімаў і мікрагідронімаў (2006—07). Ажыццявіў факсімільнае перавыданне і напісаў навуковы каментарый да граматыкі М. Сматрыцкага (1979), манаграфічна апісаў старабеларускую лексікаграфію В. Німчук, падрыхтаваў да друку граматыку Л. Зізанія (абедзве 1980) і яго слоўнік (1964), перакладаў на беларускую мову творы М. Рыльскага (1982) і інш. У суаўтарстве з расійскімі вучонымі І. Беладзед удзельнічаў у напісанні манаграфіі «Вывучэнне ўкраінскай і беларускай мовы» (1958), У. Неразнак выдаў манаграфію «Названия древнерусских городов» (1983), дзе праэтымалагізаваў назвы шэрага старажытных беларускіх гарадоў (Бярэсце, Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Ваўкавыск, Гродна, Драгічын, Камянец, Лукомль, Мазыр, Мінск, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў, Слонім, Слуцк, Тураў, Чачэрск) і г.д.

У  П о л ь ш ч ы  (на Беласточчыне працуюць беларускамоўныя школы, ствараюцца і выдаюцца падручнікі (А. Баршчэўскі, М. Гайдук, Л. Гайдук і інш.). Беларуская мова вывучаецца ў Люблінскім (імя М. Кюры-Складоўскай і каталіцкім), Кракаўскім і іншых універсітэтах краіны. З ліку акадэмічных даследаванняў найперш варта адзначыць дзесяцітомны «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (1980—2012), том 1—2 анамастычных слоўнікаў М. Кандрацюка па тапаніміцы Беласточчыны, сумесныя выданні з беларускімі вучонымі «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (1962), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86). Выкладчыкі ВНУ апублікавалі манаграфіі па словаўтварэнні ў гаворках Беласточчыны (М. Саевіч; 2002), даследаванне па асаблівасцях націску назоўнікаў у беларускай мове (Э. Смулкова; 1978), групоўцы гаворак Беласточчыны і іх фанетычнай сістэме (С. Глінка; 1960, 1968), выдалі том 1—2 слоўніка тапонімаў паўночна-ўсходняй Польшчы (Н. Баршчэўская, Я. Глушкоўска, Т. Ясіньска, Э. Смулкова; 1992), «Слоўнік лінгвістычнай тэрміналогіі (беларуска-руска-польскі і польска-руска-беларускі)» (Э. Юравец, Я. Насовіч, Л. Панфілюк, П. Сцяцко, М. Тарасюк; 1994), «Слоўніка a tergo сучаснай беларускай мовы» А. Барташэвіч, І. Камендацка (том 1—4, 1988—89) і інш. Ствараюцца шматлікія арыгінальныя вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў па беларускай мове ў розных ВНУ Польшчы (Р. Калета, А. Грэсь, 2012; Л. Сегень, 2007; Т. Рот-Жаброўскі, 1991—92; Н. Саевіч, 2000; Д. Клябанаў, 2010 і інш.), па фаналогіі сучаснай беларускай мовы ў параўнанні з польскай і рускай сістэмамі (Э. Смулкова, В. Чэкмонас, 1988), беларускай дыялекталогіі (Н. Баршчэўска, М. Янковяк, Варшава, 2012) і інш. У 1956 у Польшчы створана «Беларускае грамадска-культурнае таварыства», выдаюцца беларускамоўныя газета «Ніва»  і штогоднік «Беларускі каляндар» (з 1957), дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа» (з 1958), «Беларускае аб’яднанне студэнтаў» (з 1981), беларускае культурна-асветнае таварыства «Хатка» ў Гданьску (з 1992), беларускі гурток у Ольштыне, шэраг беларускіх выдавецтваў і інш.

Каля 4% жыхароў  Л а т в і і  з’яўляюцца беларусамі-мігрантамі з этнічна беларускіх земляў, якія пасяліліся тут, пачынаючы з 2-й паловы 19 ст., калі Латгалія знаходзілася ў складзе Беларускай і Віцебскай губерняў. Найбольш беларусаў пражывае ў паўднёвай частцы Латгаліі (20,6 тыс.) і ў вялікіх гарадах — Рызе (33 тыс.), Даўгаўпілсе (9 тыс.), Вентспілсе (2,1 тыс.), Ліепаі (3,2 тыс.), а таксама ў Краславе (2,2 тыс.). У Рызе дзейнічаюць беларускамоўная школа, латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак»  (з 1988), аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), выдаецца беларуская газета «Прамень» (з 1994). У Даўгаўпілскім універсітэце выкладаецца беларуская мова, а ў мясцовай газеце «Latgales Laiks» («Час Латгаліі») змяшчаецца беларускамоўная старонка «Беларус Латгаліі». Акрамя таго, у Даўгаўпілсе працуе беларускае культурна-асветнае аб’яднанне «Уздым» (1993), беларуская нядзельная школа, таварыства культуры «Латвія — Беларусь» (1996) і інш. Польскі даследчык М. Янковяк у 2009 апублікаваў манаграфію «Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі: сацыялінгвістычнае даследаванне» (перакладзена на беларускую мову ў 2012).

У Л і т в е  беларусы з’яўляюцца трэцяй па велічыні нацыянальнай меншасцю пасля палякаў і рускіх і сканцэнтраваны пераважна ў вялікіх гарадах. Напрыканцы 1990-х гг. у Літве (Вільнюс, Вісагінас, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.) дзейнічала каля 15 культурных арганізацый, у т. л. «Таварыства беларускай культуры», «Таварыства беларускай мовы», «Таварыства беларускай школы» і інш., выдаваліся газеты «Наша ніва», «Рунь», «Беларускія навіны» і інш., гучалі беларускамоўныя праграмы на літоўскім радыё і тэлебачанні. Беларускамоўныя старонкі ў канцы 1980— пачатку 1990-х гг. друкаваліся і ў іншых газетах: «Советская Литва», «Эхо Литвы», «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»), «Kurjer Wileński» («Кур’ер Віленскі») і інш. Асноўным аб’ектам навуковых даследаванняў з’яўляюцца асаблівасці беларускіх гаворак на тэрыторыі Літвы, узаемадзеянне беларускай мовы з іншымі мовамі, сацыялінгвістычныя аспекты функцыянавання беларускай мовы ў Літве. Гэтым пытанням прысвечаны даследаванні літоўскіх вучоных А. Грынавецкене, А. Відугірыса, В. Чэкмонаса, латышкі Б. Лаўчуце, аўстрыйца Г. Бідэра, паляка Б. Нававейскага, беларускі Л. Плыгаўкі і іншыя, беларускіх вучоных Г. Арашонкавай, Ф. Клімчука, І. Кавальчук, Ю. Мацкевіч, Я. Рамановіч, А. Чабярук і інш. Выдадзена сумесная беларуска-літоўска-польская праца «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча»
т. 1—5; 1979—86), дзе змешчаны матэрыял з беларускіх гаворак на тэрыторыі Літвы, трохтомнае даследаванне А. Ванагаса, прысвечанае аналізу літоўскіх гідронімаў, дзе шырока выкарыстаны беларускі матэрыял, манаграфічнае даследаванне «Беларуская мова ў Літве: сацыякультурны і лінгвістычны аспекты» Л. Плыгаўкі (2009) і інш.

У  Г е р м а н і і  аднымі з першых вучоных, што зацікавіліся беларускай мовай, былі Р. Абіхт і М. Фасмер. Так, Р. Абіхт пачаў даследаваць старажытнабеларускія пісьмовыя помнікі яшчэ ў 1890-я гг., друкаваў у газетах беларускія матэрыялы, а ў 1918 у Вроцлаве сумесна з Я. Станкевічам выдаў беларускі буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным». Нямецкі мовазнавец-славіст М. Фасмер прымаў удзел у акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926, Мінск), шырока выкарыстаў беларускі матэрыял у трохтомным «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» (1953—58), што садзейнічала знаёмству еўрапейскіх славістаў з лексічнай спецыфікай беларускай мовы, змяшчаў беларускі анамастычны матэрыял у шматтомных выданнях «Слоўнік рускіх гідронімаў» (з 1961) і «Слоўнік рускіх геаграфічных назваў» (з 1962). На пачатку 1950-х гг. пераезд беларусаў з Германіі ў іншыя краіны ў асноўным завяршыўся, а шэраг выданняў, выдавецтваў і ўстаноў перамясціліся ў ЗША. З гэтага часу адным з важных цэнтраў беларускай эміграцыі ў Германіі стаў г. Ляймен, дзе ў 1982 быў створаны «Беларускі музей», у якім са збораў беларускай эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША прадстаўлена адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, кнігі інш., і «Інстытут беларусаведы» — навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова беларускай эміграцыі ў Германіі, што да 1993 выдавала часопіс «Весткі». У ім друкаваліся творы эмігранцкіх беларускіх пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі, а таксама кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі. У нямецкім друку К. Гутшміт апублікаваў шэраг рэцэнзій і аглядаў навуковых прац беларускіх лінгвістаў па фразеалогіі, стылістыцы, дыялекталогіі, анаматалогіі, лексікаграфіі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы і беларускага мовазнаўства, пераклаў на нямецкую мову творы шэрага беларускіх пісьменнікаў. З 2006 ва ўніверсітэце імя Карла фон Асецкага ў Альдэнбургу пад кіраўніцтвам прафесара Герда Генчэля група маладых нямецкіх супрацоўнікаў сумесна з выкладчыкамі БДУ распачалі сумесны навуковы праект па даследаванні т. зв. «трасянкі» ў беларускім штодзённым маўленні. За гэты час мовазнаўцамі абедзвюх краін па дадзенай праблеме апублікаваны шэраг зборнікаў і артыкулаў, прачытаны даклады на міжнародных канферэнцыях, з’ездах і іншыя. У Альдэнбургу выдадзены зборнікі публікацый па праблемах тзв. «трасянкі» такіх беларускіх даследчыкаў, як Г. Цыхун (2013) і С. Запрудскі (2008, 2014).

На тэрыторыі  З Ш А  першыя эмігранты з Беларусі з’явіліся яшчэ ў канцы 17 ст. Важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі зрабілі беларускія святары Ф. Дзеружынскі, Б. Крукоўскі, Н. Корсак і іншыя. У сярэдзіне 1950-х гг. тут існавала каля 30 беларускіх арганізацый, як сацыяльна-культурнага, так і палітычнага кірунку. Менавіта ў ЗША сканцэнтравана найбольшая колькасць навукоўцаў і творчай інтэлігенцыі, што даследуюць і прапагандуюць беларускую культуру. Тут дзейнічаюць Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1951, Нью-Ёрк), Беларуска-амерыканская інфармацыйная служба (штат Пенсільванія), Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і іншыя. Працуюць грамадска-культурныя цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Ёрку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. Акрамя таго, у Саўт-Рыверы культурныя мерапрыемствы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў. На пачатку
1950-х гг. у ЗША пры беларускіх грамадска-культурных цэнтрах і дамах пачалі адчыняцца суботнія і нядзельныя школы для дзяцей (Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Ёрк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958 і інш.). Зараз у ЗША працуе шэраг беларускіх выдавецтваў, друкуюцца газеты («Беларус» і інш.), часопісы («Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Беларускі дайджэст» і інш.), транслююцца радыёперадачы. Беларусы прадстаўлены ў шэрагу міжнацыянальных і міжнародных арганізацый ЗША. Пасля другой сусветнай вайны тут надрукаваны 2 дыялектныя слоўнікі А. Варлыгі («Краёвы слоўнік Лагойшчыны», 1970; «Прыказкі Лагойшчыны», 1966), манаграфія Я. Станкевіча пра мову беларускіх кітабаў (1954), даследаванне па гісторыі беларускай мовы і мовазнаўства «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» А. Калубовіча (ч. 1—2; 1974—78), шэраг слоўнікаў (Я. Станкевіч, Я. Пятроўскі і інш.). Апошнім часам вывучэннем беларускай мовы пачалі займацца і амерыканскія лінгвісты. Напрыклад, М. Флаер і К. Вулхайзер плённа даследуюць дыялекталагічную праблематыку ў шырокім славістычным кантэксце і выступаюць з адпаведнымі дакладамі на Міжнародных з’ездах славістаў (2003, 2008, 2013).

У   В я л і к а б р ы т а н і і  галоўнымі цэнтрамі навукова-культурнага жыцця беларусаў сталі Беларуская бібліятэка, музей імя Ф. Скарыны і Англа-беларускае таварыства, якія супрацоўнічаюць у арганізацыі і правядзенні разнастайных семінараў, навуковых канферэнцый, выстаў, літаратурных вечарын і г. д. Найбольш плённа на беларускай філалагічнай ніве працавалі і працуюць А. Макмілін, Д. Дынглі, В. Рыч, Г. Пікарда, Р. Брэй, Г. Лімінг, Ш. Акінэр, П. Маё і іншыя. Так, А. Макмілін апублікаваў «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы 19 ст.» (на англійскай мове, Лондан, 1973), шэраг манаграфічных даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры («Беларуская літаратура ў 50—60-ыя гг. 20 стагоддзя», 1999; перакладзена на беларускую мову ў 2001; «Беларуская літаратура дыяспары», 2002; перакладзена ў 2004; «Пісьменства ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 70-х гг. 20 ст. да нашых дзён», 2010; перакладзена у 2011 і інш.). Многія англійскія навукоўцы займаюцца пераважна мовазнаўчай праблематыкай. Даследуюць пытанні гісторыі беларускай мовы: Г. Лімінг прааналізаваў мову «Новага Запавету», надрукаванага ў Куцеінскім манастыры, Ш. Акінэр абараніла дысертацыю пра беларускія кітабы (1980); сучасны стан беларускай мовы: П. Маё напісаў граматыку беларускай мовы (1976), займаўся падрыхтоўкай англа-беларускага слоўніка, трохмоўны варыянт якога апублікаваны ў Мінску пад назвай «Кішэнны англа-беларуска-рускі слоўнік» (1995), надрукаваў шэраг беларусазнаўчых артыкулаў. Адметнае месца сярод беларусістаў Вялікабрытаніі належыць Г. Пікарда, які даследаваў жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, духоўную культуру і права ў Вялікім Княстве Літоўскім, з’яўленне беларусаў у Вялікабрытаніі.

Актыўна вывучаецца беларуская мова і ў іншых краінах. Так, у 
А ў с т р ы і  Г. Бідэр з сярэдзіны 1960-х гг. займаецца даследаваннем моўных асаблівасцей старабеларускіх пісьмовых помнікаў, сацыялінгвістычных аспектаў функцыянавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, праблем яе ўнармавання, граматычнай тэрміналогіі ўсходнеславянскіх моў і іншых актуальных пытанняў беларусістыкі.

У  Ч э х і і   В. Жыдліцкі вывучаў гісторыю беларускай літаратуры, перакладаў на чэшскую мову творы А. Адамовіча, Я. Брыля, В. Быкава, У. Калесніка, У. Караткевіча, А. Карпюка, І. Пташнікава, І. Шамякіна, К. Чорнага і інш.

З 1996 беларуская мова выкладаецца ў С л а в а к і і. З дапамогай беларускіх выкладчыкаў, якія працуюць у славацкіх універсітэтах, выдадзены першыя дапаможнікі для студэнтаў: «Уводзіны ў беларускую фанетыку» [Банска Быстрыца, 2000; Н. Кісялёва (Корына)], «Марфалогія беларускай мовы» (Нітра, 2013; А. Калечыц, Н. Корына) і інш. У Мінску надрукаваны «Беларуска-славацкі размоўнік-даведнік» А. Гізун, П. Рааго (2011).

У  В е н г р ы і  А. Золтан даследуе польска-ўкраінска-беларуска-рускія моўныя і культурныя кантакты, сярэдневечныя канцылярскія мовы ўсходніх славян, праблемы ўсходнеславянскай гістарычнай лексікалогіі, этымалогіі і словаўтварэння, запазычанні ў венгерскай мове са славянскіх і іншыя, ён стварыў і ўзначальвае «Венгерскую асацыяцыю беларусістаў». Апублікаваны дапаможнік «Дваццаць сустрэч з Беларуссю: падручнік па беларускай мове для пачаткоўцаў» Л. Станкевіч, Ж. Каткіч (Будапешт, 2006) і слоўнік для студэнтаў «Вугорска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. Голаша, Л. Станкевіч (Нірэдзьгаза, 2007), з’явіліся пераклады беларускай паэзіі і прозы на венгерскую мову.

У  К а н а д з е  В. Пашкевіч апублікавала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (1968), падручнік «Беларуская мова» (т. 1—2; 1974—78), у дадатку да якога змешчаны беларуска-англійскі і англа-беларускі слоўнікі (кожны каля 9 000 адзінак), артыкул «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983). У 2006 у Мінску надрукаваны яе «Ангельска-беларускі слоўнік» (30 000 адзінак), падрыхтаваны сумесна з супрацоўнікамі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША і Канадзе.

У  А ў с т р а л і і створаны беларускія праваслаўныя прыходы, існуюць беларускія хары і танцавальныя гурткі, гучаць рэгулярныя беларускія радыёперадачы, друкаваліся часопісы «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік». У беларускіх выдавецтвах друкуюцца мастацкія творы мясцовых пісьменнікаў (Д. Яцкевіч, Я. Ролсан, У. Шнэк), рэлігійная літаратура, мастацкія альбомы і іншыя выданні. На славянскім аддзяленні Мельбурнскага ўніверсітэта выкладаецца беларуская мова.

Выкладанне беларускай мовы, друкаванне часопісаў, газет, кніг, трансляцыя беларускамоўных радыёперадач ажыццяўлялася пасля Другой сусветнай вайны і ў шэрагу іншых краін свету: Бельгіі, Францыі, Іспаніі, Аргенціне і інш. У многіх з іх да гэтага часу дзейнічаюць беларускія грамадска-культурныя арганізацыі, што праводзяць актыўную нацыянальна-культурную працу ў асяроддзі беларускай дыяспары.

П.А. Міхайлаў.

задание

Похожие публикации


Типы фразеологизмов по происхождению

23-02-2019 Лекции
Раскрывается типология фразеологизмов по их происхождению
УМК
подробнее

Из истории орфографии

12-05-2019 Лекции
Рассматривается история становления белорусской орфографии
сессия
подробнее