Новости События Общее

Лекцыі для студэнтаў 1 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Сучасная беларуская мова»

22-02-2021 Публикации
Лекцыі для студэнтаў 1 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Сучасная беларуская мова» Графіка. 1. Графіка як раздзел мовазнаўства 2. Пісьмо, віды пісьма. 3. Нялітарныя графічныя сродкі беларускага пісьма. 1. Графіка – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма суадносін паміж літарамі і гукамі, сукупнасць усіх сродкаў перадачы вуснай мовы на пісьме, напісанне літар і іншых графічных сродкаў. Беларуская графіка заснавана на двух прынцыпах – гукавым (калі літара абазначае толькі адзін гук) і складовым (калі літара як графічны знак можа абазначаць два гукі, а таксама выконваць дадатковую, акрамя абазначэння гука, функцыю). Графіка, як і алфавіт, а таксама арфаграфія, з’яўляецца асноўнай часткай фанаграфічнага пісьма. 2. Пісьмо – форма фіксацыі вуснай мовы. Яно мае доўгую гісторыю ўзнікнення. Самы старажытны від пісьма – піктаграфія. Другі від – пісьмо ідэаграфічнае. Трэці від пісьма – складовае, сілабічнае. Самы дасканалы від – фанаграфічнае, або літарна- гукавое. Гук – гэта элемент вуснай мовы. Літара – гэта графічны знак у складзе алфавіта, якая на пісьме абазначае адзін ці некалькі гукаў. У сучаснай беларускай мове 45 гукаў, якія на пісьме абазначаюцца 32 літарамі: 10 галоснымі, 21 зычнай. Функцыі літар е, ё, ю, я, і: пасля зычных – абазначэнне аднаго гука, у астатніх выпадках – абазначэнне двух гукаў: зычнага й і адпаведнага галоснага. У першым выпадку яны служаць таксама і для абазначэння мяккасці зычных на пісьме. Беларускі алфавіт. 3. Нялітарныя графічныя сродкі: апостраф, злучок, пунктуацыйныя знакі, знак націску, знак параграфа. Гісторыя фарміравання беларускай графікі доўгая. У аснове графікі ляжыць кірыліца – аснова графікі ўсходнеславянскіх моў. Фарміраванне графічнай сістэмы беларускай мовы адбывалася і пазней, асабліва ў XV – XVI стст. Вялікую ролю ў гэтым адыграў друкаваны шрыфт беларускага першадрукара Ф.Скарыны, а таксама ўвядзенне грамадзянскага шрыфту (1708 г.). Мела месца паралельнае выкарыстанне ў кнігадрукаванні XIX – пачатку XX стст. кірыліцы і лацінкі. Існавала на Беларусі і арабскае пісьмо. Істотнымі былі і змены ў беларускай графіцы ў 20 – 70 гадах XX ст. Лексікалогія 1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства. 2. Слова як адзінка мовы, яго лексічнае і граматычнае значэнні. 3. Мнагазначнасць слова. Прамое і пераноснае значэнні слова. 4 Амонімы. Паронімы. Сінонімы. Антонімы. 5. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання. 6. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання. 7. Актыўная і пасіўная лексіка. 1. Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку. Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекіка) і г. д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй. У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў. 2. Слова — гэта асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г. зн. Аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць. Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняу. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно праяуляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то у ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і инш.. Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме. Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (А.Васілевіч); 2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... (П.Панчанка). У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання. 3. Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй. Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі. Метафарычныя значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова ‘конь’: жывёла; шахматная фігура; гімнастычны снарад), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова сдворнік ': 1) работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома і 2) прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу). Метанімічныя значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой: 1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з'есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г. д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Сінекдаха – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям 'і з'явіўся лішні рот. Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены. Ем вішню і пад. 4. Амонімы – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні. Напр.: тур (‘першабытны дзікі бык’ і ‘перыяд, этап гульні, спаборніцтва’), гасцінец (‘шырокая, бойкая дарога, шлях’ і ‘рэч, ласунак, які госць падносіць як падарунак’), лама (‘будыйскі манах-свяшчэннік у Тыбеце’ і ‘ўючная паўднёваамерыканская жывёліна сямейства вярблюдаў’), бот (‘абутак з высокімі халявамі’ і ‘невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’) і інш. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000). Шляхі ўзнікнення амонімаў: 1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напр.: абора ‘вяровачка для лапцей’ і абора ‘вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік’; ласка ‘выражэнне пяшчоты’ і ласка ‘невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых’; слаць ‘адпраўляць, пасылаць’ і слаць ‘рассцілаць, засцілаць’ і інш. 2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў. Напр.: бел. Байка ‘кароткі літаратурны твор’ і галанд. Байка ‘мяккая баваўняная тканіна’; бел. Бор ‘стары сасновы лес’, лац. Бор ‘хімічны элемент’, нямец. Бор ‘свярло для лячэння зубоў’; бел. Лава ‘прадмет сялянскай мэблі’, іт. Лава ‘вулканічная маса’, польс. Лава ‘баявы парадак конніцы’ і інш. 3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў. Напр.: грэч. Грыф ‘драпежная птушка’, нямец. Грыф ‘дэталь струннага музычнага інструмента’, франц. Грыф ‘штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’ і пад. 4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы. Напр.: фр. Міна ‘выбуховы снарад’ і ‘выраз твару’; англ. Танк ‘баявая бронемашына на гусенічным хаду’ і ‘спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей’ і инш.. Ад лексічных амонімаў трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). Да амафонаў павінны быць аднесены і такія апазіцыі слоў, як вера ‘ўпэўненасць у чым-небудзь’ і Вера ‘ўласнае імя’, раман ‘жанр літаратурнага твора’ і Раман ‘уласнае імя’ і г. д.; 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты (васкавыя ячэйкі) і соты (парадкавы лічэбнік); румяны (касметычная фарба) і румяны (ярка-чырвоны, ружовы); люты (злы, крыважэрны) і люты (другі месяц каляндарнага года) і інш.; амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску (напр.: атлас - атлас, вяла – вяла, капаць - капаць, кара - кара, пара - пара і інш.). Яркія прыклады амографаў знаходзім у «Каламбурах» Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары, баючыся кары, Нацягалі шмат кары і зрабілі нары. Там жа: Што ні хвіля, ні гадзіна – лезе з скуры гадзіна. Увесь век яму гадзіла, А ён кажа: гадзіла! Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай: бабка1, бабка2, бабт3... і г. д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле. Сінонімы – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г. д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне. У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае. Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. Бнрйешіа – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца. Антонімы – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў. Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п ’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.). Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш. Паронімы – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш. Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).
лекции
подробнее Вложенные файлы 1

Тэхніка і выразнасць вуснага маўлення

09-12-2020 Публикации
Тэхніка і выразнасць вуснага маўлення
практика задание
подробнее Вложенные файлы 1

Марфалагічныя нормы беларускай літаратурнай мовы

02-12-2020 Публикации
Марфалагічныя нормы беларускай літаратурнай мовы
практика задание
подробнее Вложенные файлы 1

Арфаграфічныя нормы беларускай літаратурнай мовы

25-11-2020 Публикации
Заданні на знаходжанне слоў з арфаграмамі
практика задание
подробнее

Арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы

19-11-2020 Задания
Заданні для студэнтаў -псіхолагаў 1 курса па прадмеце "Беларуская мова. Прафесійная лексіка"
практика задание
подробнее Вложенные файлы 1