Беларускае народнае жыллё
- Асноўныя функцыянальныя і архітэктурна-будаўнічыя адметнасці беларускага традыцыйнага жылля.
2. Інтэр’ер жылля. Інтэр’ер як унутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная.
3. Народнае дойлідства. Звычаі і абрады.
4. Будаўнічыя звычаі, абрады, павер'і.
Для Беларусі здаўна былі ўласцівы разнастайныя, існуючыя з глыбіні стагоддзяў і стаўшыя традыцыйнымі тыпы паселішчаў.
Да аднаго з тыпаў сельскіх паселішчаў ІХ-ХІ стагоддзя адносіцца пагост. Першпачаткова пагостам называлі тэрыторыю, якая абкладвалася данінай. Паселішчы гэтай тэрыторыі ўтваралі пагост—акругу. Да тыпалагічных прымет пагостаў адносіліся: наяўнасць царквы з абшч ы ннымі могілкамі і сядзібай святара, сельскай забудовы вакол ц э н т ра, сельскага прыхода, некалькіх вёсак, што ўтваралі акругу. Знікненне пагоста адносяць да ХІІІ – ХІV стагоддзя.
У ХІ-ХІІ стагоддзі ўзнікае прыналежнае ўладальніку сяло. Галоўная прыкмета сяла – наяўнсць панскага маёнтка. Звычайна сяло было адміністрацыйным цэнтрам воласці ці прыхода, да якога цягнуліся суседнія вескі, хутары, засценкі. Асноўная прыкмета сяла – наяўнасць тут царквы, валасной управы, карчмы, крамы і іншых грамадскіх устаноў. У святочныя дні сюды сцякаўся народ з сельскай правінцыі на богаслужэнне, кірмашы і таргі. Сяло адрознівалася ад вескі сваімі памерамі. Часам яго называлі пагостам. Некаторыя селы вырасталі ў мястэчкі, некаторыя страчвалі свае значэнне, паступова прыходзілі ў заняпад, нівеліравалася розніца паміж імі і вескай.
Веска (ад старажытнаславянскага “весь”) – асноўны тып паселішчаў. Вядома з глыбокай старажытнасці, утваралася ў выніку рассялення земляробаў, якія асядалі ў пэўнай мясцовасці, зручнай для пражывання; будавалі тут сядзібы, уладкоўвалі і пашыралі аграрную гаспадарку. Жыхары вескі – гэта ў асноўным сяляне, асноўны занятак іх – сельская гаспадарка – земляробства, жывелагадоўля і разнастайныя промыслы. На працягу многіх стагоддзяў веска з’яўлялася асяродкам самабытнай культуры, захавальніцай багатых духоўных традыцый і вытворчага вопыту.
Група суседніх весак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася народным адзінствам, значным падабенствам духоўнага і эканамічнага жыцця. Абсалютная большасць шлюбаў заключалася ў межах гэтых акруг. Веска за 5 – 10 верст лічылася ўжо “чужой стараной”, і дзяўчаты неахвотна ішлі туды замуж. Гісторыя ўзнікнення весак, мясцовы рэльеф, памеры, сацыяльны склад аказвалі ўплыў на іх забудову і планіроўку. На Беларусі былі распаўсюджаны некалькі планіровачных форм паселішчаў: свабодная (бессістэмная, скучаная), радковая (лінейная), вулічная, гнездавая. Свабодная (скучаная) планіроўка вядома са старажытных часоў. Яна характарызуецца хаатычным размяшчэннем сядзіб у залежнасці ад зручнаг месца і рэльефу. Да пераходнага тыпу адносіцца гнездавая планіроўка, калі груп сем’яў, звязаных кроўнай роднасцю, сялілася вакол цэнтральнай (прадзедаўскай) сядзібы ўве далей і далей да перыферыі, утвараючы з цягам часу вялікае родавае “гняздо” аднафамільцаў. Такая планіроўка часцей за ўсе сустракалася на Палессі, дзе існавала шмат вялікіх весак, што складаліся з некалькіх родавых груп сем’яў, сядзібы якіх цесна прымыкалі адна да адной. Радковая планіроўка ў значнай ступені была абумоўлена характарам рэльефу і часта сустракалася ў прырэчных весках, дзе жылле і іншыя памяшканні будаваліся ў адзін рад, выходзячы фасадам да ракі. Пры гэтым вуліца, што праходзіла каля сядзіб, абмяжоўвалася з другога боку берагам ракі ці возера.
Старажытным тыпам паселішчаў з’яўляюцца хутары. Хутар – адабосленая сялянская гаспадарка з сядзібай, якая знаходзілася непасрэдна на зямельным надзеле селяніна. Узнікалі пасля рэформы 1861 г., аднак да гэтага часу на Беларусі былі вядомы аднадворныя паселішчы:дворышчы, двары, аднадворкі. Масавы характар працэс хутарызацыі набыў у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у сувязі са сталыпінскай аграрнай рэформай. Рост хутароў прадаўжаўся і ў 20-ых гадах і быў перапынены прымусовай калектывізацыяй і ліквідацыяй “кулацтва” як класа. У Заходняй Беларусі хутары захаваліся ад 50 – 60-ых гадоў, калі не лічыць асобных выпадкаў адасобленых пасяленняў, якія сустракаюцца і ў наш час. У наш час прадпрымаюцца небеспаспяховыя спробы адраджэння хутароў як фермерскіх гаспадарак.
На Беларусі існавалі таксама пасяленні жыхароў, вызваленых на пэўны час ад феадальнай павіннасці. Кожны раз пасля чарговай вайны сяляне аднаўлялі разбураныя раены, распрацоўвалі пусткі, уладкоўвалі жылле, адраджалі не толькі сваю, але і панскую гаспадарку. Так утвараліся новыя паселішчы, аб паходжанні якіх сведчаць шматлікія тапонімы, што захаваліся на геаграфічнай карце, - слабада, слабодка, слабуды, воля, волька, вулька і т.п. Пасля вызначанага тэрміну слабада набывала статус звычайнай вескі, хаця яе ўклад і культура вызначаліся некаторымі своеасаблівымі рысамі ў адрозненне ад мясцовых весак.
Пасля рэформы 1557 г. разам з так званымі ўстаўнымі вескамі узнікае засценак – паселішча дробнай шляхты, ў 1 – 3 сядзібы. У адпаведнасці з “ Уставай на валокі” уся зямля дзялілася на тры часткі, тры полі; аднак шмат зямельных астраўкоў і ўрочышчаў заставаліся за межамі ("за сценкамі") асноўнага масіву, яны здаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Так узнікалі засценкі, якія адрозніваліся ад хутароў сацыяльным паходжаннем жыхароў. З цягам часу (у выніку сямейных падзелаў) засценкі маглі павялічвацца да 5 – 10 і болей сядзіб. У савецкі час засценкі зніклі як у выніку ссялення жыхароў з хутароў, так і перайменавання іх у вескі.
Другім тыпам паселішча дробнай шляхты, якая сялілася асобна ад сялян-вяскоўцаў з’яўляецца аколіца. Яна была агароджана з усіх бакоў, вызначалася сваей забудовай, бессістэмнай планіроўкай, наяўнасцю тупіковых завулкаў і сцежак. Найбольш пашырана была ў ХVІІ – пачатку ХХ ст. Утваралася са шляхты, што служыла ў магнатаў, пазней – і аднадворцаў; у значнай ступені складалася з далекіх і блізкіх сваякоў.
Пасля аграрнай рэформы 1557 г. асновай арганізацыі феадальнай (фальварачна-паншчыннай) гаспадаркі стаў фальварак. Фальварак (ад нямецкага Vorwerk – хутар) – невялікае пасяленне ў некалькі двароў, першапачаткова абазначаў феадальную гаспадарку, маентак, дзе жыў феадал. Вялікія маенткі мелі некалькі феадальных сядзіб – фальваркаў. У цэнтры сядзібы стаяў панскі дом, разнастайныя гаспадарчыя і прамысловыя пабудовы, у прыватнасці свірны, скляпы, гумны, адрыны для сена, канюшня, вазоўня, рамесныя майстэрні, кузня, млын, бровар, карчма, пякарня, вяндлярня, сырніцы, размяшчаліся сажалкі, дзе вырошчвалі рыбу, побач – пладовы сад, пасека. Фальварак, такім чынам, быў свайго роду аграрна-прамысловым комплексам. У некаторых фальварках ствараліся мануфактуры па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, апрацоўцы лесу, вырабу шкла, ткацкія і інш.
У ХV- ХVІ ст. сфарміраваўся такі тып паселішча, як мястэчка. Мястэчка – гістарычны тып паселішча, які ўвасабляў у сабе пераходныя рысы сяла і горада, аб чым сведчыць і паходжанне самой назвы: “miasteczko” (польск.) – гарадок. Мястэчкі з’яўляліся гандлева-рамеснымі цэнтрамі, пэўную ролю тут адыгрывала і сельская гаспадарка. Узнікалі з ХV – ХVІ стст. на гандлевых шляхах пры княжацкіх маентках, феадальных замках, манастырах, вырасталі з магнацкіх сел і весак, часам – сярод лясоў “на сырым корані”, - у гэтым выпадку магнаты вызвалялі мігрантаў на пэўны тэрмін ад падаткаў.
Сацыяльны і этнічны склад местачкоўцаў быў даволі стракатым, у большаці мястэчак пераважала яўрэйскае насельніцтва. У ХVІ – ХVІІ стст. на Беларусі налічвалася больш за 300 мястэчак, большасць з іх – у заходняй частцы краіны. Многія карысталіся магдэбургскім правам – правам на самакіраванне. Мястэчка мела центральны гандлёвы пляц, які ажываў у час кірмашоў; вакол яго размяшчаліся храмы, будынкі местачковай управы, пастаялы двор, корчмы, гандлевыя лаўкі. У савецкі час большасць мястэчак страціла свае значэнне гандлевых цэнтраў і была пераведзена ў разрад звычайных весак, меншая частка – атрымала статус гарадоў і гарадскіх паселкаў.
Асноўнай структурнай адзінкай вескі была сядзіба (двор), якая складалася з жылля і цэлага комплексу падсобных і гаспадарчых пабудоў. Амаль кожны сялянскі двор на працягу стагоддзяў уяўляў самой універсальную гаспадарку, якая сама амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы: вырошчвала збожжа і розныя сельскагаспадарчыя культуры, выпякала хлеб, гатавала розныя прадукты і кулінарныя вырабы, апрацоўвала лен, пяньку, футру, скуры, ткала тканіны, вырабляла адзенне і абутак, будавала жылле, майстравала розныя прылады, транспартныя сродкі, вырабляла начынне, прадметы паўсядзеннага ўжытку.
Сядзібная забудова складаецца з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых пабудоў, кожная з якіх выконвала свае, уласцівыя ей функцыі і разам з тым цесна дапасавалася адна да адной, утвараючы гарманічнае цэлае – адзіны жыллева-бытавы комплекс.
Сядзібны компекс складаўся ўласна з жылля (хата), клеці, свірна, варыўні (стопка), склепа (пограб), павеці, адрыны для сена, абарога, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, рамеснай майстэрні і інш. Большасць з гэтых пабудоў вядомы паўсюдна ў Беларусі, некаторыя былі распаўсюджаны ў асобных рэгіенах. Кожная са згаданых сядзібных пабудоў адрознівалася сваімі функцыямі, памерамі, планіроўкай, канструкцыйнымі асаблівасцямі, займаючы пэўнае месца ў сістэме ўсей забудовы.
Жылле характаразавалася той ці іншай планіроўкай, стасункамі з падсобнымі памяшканнямі. Найбольш часта сустракалася двухкамернае жылле тыпу хата + сенцы. Такая планіроўка вядома са старажытных часоў. Часам у сенцах агароджвалася невялікая камора (ці кладоўка).
Даволі распаўсюджаным было і трохкамернае жылле тыпу хата + сенцы + клець або хата + сенцы + хата.
На поўначы Беларусі і на Палессі часта сустракалася трохкамернае жылле хата + сенцы + варыўня (стопка).
Планіроўка жылога памяшкання нярэдка ўскладнялася вылучэннем святліцы і кухні (хата + хата + сенцы; хата + кухня + сенцы). Часам пры ўваходзе ў сенцы звонку ўладкоўвалася паўадкрытыя галерэя – падсені (падчэні) альбо ганак.
Клець (камора, кладоўка, спіжарня, свіран) служыла для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення. Сустракалася як у комплексе з жыллем (хата + сенцы + клець), так і асобнай пабудовай, якая звычайна размяшчалася насупраць хаты. Зруб клеці ставіўся на высокія штандары, падлогу ўтвараў насціл шчыльна падагнаных дошак. У клеці каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа. Побач стаялі бочкі, кадоўбы ці саламяныя карабы з зернем, крупамі, мукой, макам, ільносемем, каноплямі і нш. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бачонкі з квасам і іншым пітвом; на бэльках падвешваліся кумпякі, шынкі, каўбасы, кашы з паляндвіцай і іншымі мяснымі прыпасамі. Тут жа стаялі куфар ці кубел з тканінамі, адзеннем, ложак, дзе летам спалі маладыя члены сям’і. Клецей у гаспадарцы мясцовага селяніна бывае некалькі – па колькасці жанатых мужчын. Загадзя, напярэдадні вяселля, жаніх і яго бацька рупяцца аб уладкаванні асобнай клеці для будучых маладажонаў.
Свіран (паўклець, клець, імбар, шпіхлер, лямус) – пабудова, блізкая да клеці па сваім функцыянальным прызначэнні. Свіран служыў для захавання адборнага збожжа і будаваўся, як правіла, асобна. Небагатыя гаспадаркі абыходзіліся адным памяшканнем – свірнам ці клеццю, якія часта фігуруюць як ідэнтычныя паняцці. У больш заможных сялян мы знаходзім адначасова клець (адну або некалькі) і свіран. Апошні прыкметна адрозніваўся ў Беларусі знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Як і клець, ен будаваўся на высокіх штандарах ці палях (да 1 м над зямлей), меў, як і клець, грунтоўна ўладкаваную страху, а нярэдка і гарбатую столь, і шчыльную падлогу з засекамі для збожжа.
Варыўня (стопка, ісцепка, прыізбіца) – паўназемнае памяшканне, упушчанае на паўметра ў зямлю; служыла для захоўвання гародніны, садавіны, бульбы, малочных прадуктаў. Тут адгароджваліся адсекі, куды ссыпалі буракі, бульбу, моркву, рэпу. Бліжэй да ўвахода размяшчаліся кадушкі і бочкі з квашанай капустай, буракамі, агуркамі, хлебным квасам, сокам, півам, стаялі гладышы з малаком і інш. у сярэдзіне памяшкання размяшчаўся невялікі ачаг-жароўня, куды ўзімку насыпалі гарачае вуголле (ці ставілі ганчарную або металічную пасудзіну з жарам). Варыўня бытавала ў сістэме сядзібных пабудоў не паўсюдна ў беларусі, а пераважна там, дзе блізка да паверхні падыходзілі грунтовыя воды, - на Палессі, у Паазер’і, часткова ў басейне Бярэзіны і Немана.
Склеп (пограб, лех, байрак) – заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў і інш. Склеп і пограб не заўседы выяўляюць поўную ідэнтычнасць. Склеп, або лех, часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю) і меў мураваныя, радзей драўляныя сцены. Паграбы рыліся асобна ад жылля, звычайна мелі наземнае збудаванне – паграбню ў выглядзе стрэшкі на сохах або зрубнай пабудовы. Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі звычайна воддаль ад сядзібы або ў лесе. Сустракаліся і паграбы-сховішчы, што ўладкоўваліся ў тоўстых полых пнях, пакрытых плашкамі і карой, або ў кадаўбах, зарытых у зямлю. Прататыпам паграбоў маглі служыць як звычайныя ямы, так і старажытныя жытлы-землянкі.
Гумно (клуня, стадола, рыга) – гаспадарчая пабудова для захавання і абмалоту збожжа. У цэнтры гумна быў выбіты ток для малацьбы, па баках – застаронкі, куды складвалі снапы. Мела высокую страху, якая падтрымлівалася на некалькіх сохах (слупы з сукаватай развілкай уверсе), пастаўленых у адзін ці два рады. Гумны прыкметна адрозніваліся на Беларусі сваімі памерамі, канструкцыйнымі асаблівасцямі, унутранымі прапорцыямі, колькасцю варот, формай стрэх, наяўнасцю пры іх паўжылога памяшкання, адрыны і агнявой сушні для збожжа.
Сушня (асець, еўня) была прызначана для сушкі збожжа ў снапах; будавалася непасрэдна ў гумне або побач з ім. Звычайна асець (ці восець) мела два паверхі (ярусы): на ніжнім – размяшчалася печ-каменка, на верхнім – расстаўляліся неабмалочаныя снапы. Еўня (це ёўня) уяўляла сабой больш простую пабудову тыпу лазні (дарэчы, яна нярэдка і выкарыстоўвалася як лазня).
Адрына (пуня, сянніца) служыла для захавання сена, саломы, рознага сельскагаспадарчага інвентару, нярэдка – і транспартных сродкаў. Уяўляла сабой прасторнае зрубна-каркаснае памяшканне з шырокімі варотамі.
Лазня (баня) будавалася на краі сядзібы або выносілася за яе межы да ракі, возера, крыніцы. Па сваіх канструкцыйных асаблівасцях у Беларусі вядомы лазні двух асноўных тыпаў – зрубныя і зямлянкі. Апошнія рабілі ў пясчаных схілах па берагах рэк, яроў, балак, пагоркаў, дзе зручна было іх будаваць. Апрача асноўных функцый лазні выкарыстоўвалі для сушкі льну. Часам сельская грамада будавала адну агульную (“кагальную”) лазню.
Фальварковая шляхта, а пазней і заможныя сяляне ўзводзілі ў межах сваіх сядзіб млыны, сырніцы, вяндлярні (капцільні). У залежнасці ад рухаючай сілы млыны падзяляюцца на вадзяныя, ветраныя (ветракі) і механічныя (конныя і валовыя), якія адрозніваліся паміж сабой канструкцыяй. Вадзяныя млыны вядомы з часоў Старажытнай Русі. Яны будаваліся на невялікіх рэках, дзе зручна было рабіць плціны-запруды, устанаўліваючы тут вадзяное кола. Тэрмін іх дзеяння складаў 200-250 дзен у год (перапынкі ў рабоце былі звязаны з суровымі зімовымі ўмовамі і летнім абмяленнем рэк). Ветракі асабліва шырока распаўсюдзіліся ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Напрыклад, толькі ў адной Чырвонабудскай вобласці Гомельскага павета ў 1873 г. працавала 30 сялянскіх ветракоў. Па сваей канструкцыі ветракі падзяляліся на шатровыя (яны мелі вялікія памеры і ў залежнасці ад напрамку ветру паварочваліся толькі верхняй часткай) і казловыя, так званыя казлоўкі невялікіх памераў на асявым слупе, што паварочваліся ўсім корпусам. У Паазер’і казлоўкі мініяцюрных памераў уладкоўваліся на колах; іх можна было перамяшчаць, запрэгшы коней. Многія ж сяляне ўладкоўвалі дома (у хаце, сенцах, клеці) невялічкія млынкі-жорны.
Разнастайныя пабудовы размяшчаліся на сядзібе ў пэўнай паслядоўнасці і ўзаемазалежнасці, утвараючы той ці іншы кампазіцыйны і архітэктурна-планіровачны малюнак.
На тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны наступныя асноўныя тыпы дваровай пабудовы: замкнутая (вяночная), аднарадная (пагонная), двух- і трохрадная, Г-падобная (сцяжковая) і свабодная (рассеяная, з незвязанымі пабудовамі). Кожны з гэтых тыпаў меў, акрамя таго, прыватныя ці пераходныя варыянты, што выяўлялі пэўныя лакальныя і сацыяльныя рысы.
На поўначы і паўночным усходзе прыкметна пераважала замкнутая сістэма забудовы, што была шырока распаўсюджана і ў суседніх рускіх губернях. Жылле і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся па перыметры двара. Да жылля (з боку сенцаў) прымыкалі хлявы, якія ў глыбіні двара заканчваліся адрынай. Насупраць хаты ставілі клець, да яе стасаваліся павець (для дроў і сельскагаспадарчых прылад), свіран, вазоўня. Нярэдка хлявы для буйной рагатай жывелы і свіней будавалі па адзін бок двара, а канюшню і аўчарню -–па другі, побач з адрынай – сянніцай.
Жылы комплекс хата + сенцы + варыўня, што быў распаўсюджаны ў Паўночнай Беларусі, утвараў разам з другімі пабудовамі трохрадную забудову, з’яўляючыся сярэднім звяном, якая падзяляла ўсю дваровую тэрыторыю на дзве часткі – чысты двор, або панадворак, і скотны двор, або дзяннік. На панадворку, як правіла, размяшчаліся клець і павець. Па другі бок ад жылля размяшчаліся хлявы. Пры гэтым сенцы мелі двое ўваходных дзвярэй: адны – на чысты двор, другія – на дзяннік. Незабудаваную прастору, што заставалася паміж памяшканнямі, па перыметры двара абносілі парканам. Крыху ўбаку ад двара (у межах сядзібы) будавалі гумно, лазню, часам адрыну (пуню).
Адным з варыянтаў замкнутай сістэмы забудовы быў двор з кампактным размяшчэннем жылых і гаспадарчых памяшканняў, якія будаваліся ў адзіным комплексе. У адным выпадку гаспадарчыя памяшканні будаваліся побач з жыллем пад высокай страхой-паветкай. У другім – хлявы прымыкалі да падоўжанага тыльнага боку жылля, маючы з ім агульную сцяну. Агульным сувязным памяшканнем для іх з’яўляліся сенцы, якія мелі выхад на ўсе чатыры бакі: у хату, варыўню, на двор і ў хлявы.
Не менш распаўсюджанай у ХІХ – першай палове ХХ ст. была аднарадная (пагонная) сістэма забудовы. Пабудовы ў гэтым выпадку ўтвараюць адзіную аднарадную сувязь: следам за хатай і сенцамі размяшчаліся клець або варыўня, павець, хлявы, адрына.
У другой палове ХІХ ст. разам з ростам сацыяльнай дыферэнцыяцыі і абеззямеленнем часткі сялянства аднарадныя забудовы атрымалі больш шырокае бытаванне. Размешчаныя на даволі вузкіх сядзібных палосках, яны цясніліся адна каля адной, утвараючы вузкія выцягнутыя двары, што абмяжоўваліся з другога боку сцяною суседняга пагону.
У Панямонні, а таксама ў заходніх раенах Палесся сустракаўся своеасаблівы варыянт аднараднай забудовы з двума дваровымі комплексамі, што належалі розным гаспадарам і размяшчаліся на адным сядзібным участку, выцягнуўшыся ў адзін доўгі пагон.
У Беларусі быў вядомы і двухрадны тып забудовы, які ўяўляў сабой прамежкавы варыянт паміж замкнутым і аднарадным тыпамі. У Падняпроўі і Усходнім Палессі нярэдка сустракалася і Г-падобная (сцяжковая) забудова; звычайна тут услед за жыллем ставілі клець, адрыну, хлявы.
У асобную групу можна выдзяліць сядзібы з незвязанымі пабудовамі, калі жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Этнаграфічная літаратура канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзя дае вельмі мала звестак аб дварах з гэ тым тыпам планіроўкі. Размяшчэнне гаспадарчых пабудоў з нязначнымі прамежкамі паміж будынкамі было абумоўлена мерамі супрацьпажарнай бяспекі і паляпшэннем санітарна-гігіенічнага стану вёскі.
Як паказваюць этнаграфічныя матэрыялы, на тэрыторыі Беларусі сустракаліся амаль усе асноўныя тыпы сядзібных забудоў, што былі ўласцівы шырокай зоне славянскага рассялення. Кожны з гэтых тыпаў адрозніваўся прыватнымі асаблівасцямі і меў свае варыянты. У самой планіроўцы сядзібных забудоў не было строга вызначаных, цвердых канонаў. Кожны гаспадар улічваў функцыянальную мэтазгоднасць, узаемасувязь і лагічную завершанасць асобных пабудоў і ўсяго архітэктурнага ансамбля, узгадняючы іх з канкрэтнымі патрабаваннямі.
Інтэр’ер жылля – гэта ўнутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная. Ен уключае канструкцыю і аб’емныя формы ўнутранга памяшкання, яго структуру, узаемныя прапорцыі, мэбліроўку, асвятленне, убранства, мэтазгодную расстаноўку розных прадметаў, што служаць свайго роду сямейным антыкварыятам. Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбня, тканіны, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр’ера свае звыклае, уласцівае ім месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку, утвараючы пэўную функцыянальную і кампазіцыйную ўзаемасувязь.
Да 60 – 70-ых гадоў ХІХ ст. вясковыя хаты ў большасці сваей былі яшчэ курнымі. Яны мелі глінабітныя курныя печы без коміна; печ размяшчалася справа, радзей злева каля ўвахода. Калі яе палілі, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (вяршок, дымнік, душнік) – адтуліну ў столі ці верхніх вянцах зруба за печкай. Пасля палення верхнік закрываўся накрыўкай ці мяшком з сенам.
Хата мела высокі парог і нізкія дзверы (у сярэднім 100 * 145 см), што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Дарэчы, у курнай хаце дасягалася максімальная эканомія цяпла, каэфіцыент карыснага дзеяння якога складаў 80-90%, у той час як у больш позніх хатах, што мелі “белыя” печы з дымаходам, гэты паказчык складаў каля 20-30%. Дзверы рабіліся з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнездах – на бегунах. Тры невялікія валакавыя акенцы зачыняліся (“завалакваліся”) на ноч драўлянай засаўкай. Падлога ўяўляла сабой глінабітны ці земляны ток, на які летам у святочныя дні слалі аер. У вуглу каля печы знаходзіўся качарэжнік (камешнік) – месца, дзе стаялі вілкі для каршкоў (ухваты), драўляная качарка (кавеня), чапяла, памяло, мяцелка і інш. над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.
Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут (“бабін кут”), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – драўляныя ведры, даенка, карцы, апалушкі, сальніца, бельчык і інш. Над лавай на сцяне вісела кухоная паліца з посудам, побач – лыжачнік (драўляная планка з гнездамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела паўсядзенная верхняя вопратка (світка, бурнос, кажух, курта). Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзіўся каневы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памоста і меў пэўнае сімволіка-абрадавае значэнне. Частку памяшкання ад тарцовай (кутняй) сцяны займаў спальны памост – пол, тут ляжалі матрац (сяннік), пуховыя падушкі, посцілкі; часам памост падзяляўся на дзве часткі ўзорным тканым дываном, ці полагам. Вышэй, на ўзроўні лежака печы, быў уладкаваны больш вузкі пол, або палаці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі па дзве паралельныя жэрдкі – грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва, кудзелі льну, маткі нітак, лыка для лапцей, аўчыны і інш. Ніжэй вокнаў уздоўж сцен (амаль па ўсей даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. Яны служылі за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй. У час наваселля лавы ўрачыста пераносіліся са старой хаты ў новую. Покуць (красны кут) – найбольш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзенных звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытневых каласоў і траў. Нярэдка абразы памяшчалі ў бажніцу, зробленую ў выглядзе драўлянай шафкі. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр’ера – размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай быў уласцівы ўсім усходнеславянскім народам і адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ) – з захадам і поўначчу. На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям’я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці – гаспадар дома, за ім – па старшынстве іншыя члены сям’і. Сярод мэблі, апрача лаў, палічак, кутняга стала, шырока ўжываліся ўслоны, зэдлікі, архаічныя табурэты (у форме куба), дзіцячыя стойкі, хадуны, уласцівыя той ці іншай мясцовасці формы калысак.
У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Тут у кароткія дні і па вечарах пры святле лучніка ці каганца рабілі ложкі і посуд, плялі лапці і розныя емістасці, майстравалі прылады, пралі, ткалі, шылі адзенне, вышывалі, вязалі.
Курная хата ў больш раннім варыянце характарызавалася слабай функцыянальнай размежаванасцю ўнутранай прасторы, дамініраваннем стацыянарных прадметаў, якія выконвалі функцыі мэблі, - нары для адпачынку, лавы, паліцы, нерухома замацаваны ў вуглу стол, зарытая насупраць печы калода, дзе шчапалі лучыну і інш. Такая хата мела высокую скляпеністую (гарбатую) столь і архаічную глінабітную ці каменную печ або нават адкрыты ачаг – вогнішча, над якім шырокім вусцем звешвалася труба (дымнік, каптур, кузуб).
Акрэслены інтэр’ер у агульных рысах адлюстроўвае найбольш тыповыя рысы, уласцівыя беларускаму жыллю, што, аднак, не вычэрпвае яго разнастайнасці, лакальных, этнаграфічных асаблівасцей.
У доўгія зімовыя вечары сялянскія хаты асвятляліся лучынай, якую замацоўвалі ў спецыяльным прыстасаванні – лучніку. Лучнікі (лучыннік, стаячок, светач, дзед, паніч) адрозніваліся паміж сабой знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Яны падзяляліся на пераносныя (рухомыя) і стацыянарныя.
Пасля адмены прыгоннага права адбываліся яканыя змены ў народным побыце і культуры, што не магло не адбіцца і на арганізацыі сялянскага жылля. Курныя печы паўсюдна замяняліся на “чыстыя”, ці “белыя”, з дымаходам, нярэдка яны мелі збоку, на краю прыпечка, камінак, што замяняў сабой светач: тут па вечарах палілі асмол ці лучыну. У канцы ХІХ ст. у сялянскім жыллі ўсе часцей з’яўляліся цагляныя печы. Павялічыліся памеры вокнаў, што мелі зашкленыя шыбы. Падлога масцілася цесам ці дошкамі (незалежна ад характару мясцовых грунтоў), часам рабілі падлогу на адной палавіне хаты – ад покуці да печы, а прастора каля ўвахода (дзе размяшчаўся “бабін кут”) мела глінабітны ток. Гарбатая столь саступіла месца сучаснай.
Прыкметна мянялася і мэбліроўка сялянскіх хат. Замест спальных нар (пола і палацяў) ці паралельна з імі сталі выкарыстоўваць драўляныя ложкі. У шырокі ўжытак пачалі ўваходзіць канапы, крэслы, больш сучасныя сталы, табурэты, услоны, якія паступовы выцяснялі нерухомыя лавы, сталы, услончыкі на плоскай аснове (больш зручныя для земляной падлогі).
Сцены хат нярэдка счэсвалі (склютавалі) знутры, што давала магчымасць больш поўна выявіць натуральную фактуру дрэва і яго дэкаратыўныя ўласцівасці.
Мэбліроўка і размяшчэнне разнастайных бытавых рэчаў у хаце ў многім залежалі ад памераў і структуры жылля і яго сувязі з падсобнымі памяшканнямі – сенцамі, клеццю, варыўней. У трохкамерным жыллі тыпу хата + хата + сенцы, хата + кухня + сенцы печ і гаспадарчы кут (разам з кухонным посудам і адпаведным інвентаром) адчлянялі ад параднага памяшкання (святліцы), дзе заставаліся традыцыйная покуць, шафа, куфар з чыстым адзеннем і бялізнай, стаялі ложкі, крэслы, услоны.
Як азначалася, амаль усе пабудовы ў беларускай весцы рабіліся з дрэва. Драўлянае дойлідства беларусаў мае глыбокія і трывалыя традыцыі, якія фарміраваліся ва ўласцівым Беларусі экалагічным і гісторыка-культурным асяроддзі.
Драўлянае дойлідства было адным з самых распаўсюджаных і прыярытэтных раместваў у Беларусі са старажытных часоў. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на палескіх кірмашах можна было купіць усе “запчасткі” і сабраць з іх цэлую хату. Тут прадаваліся ў розніцу брусы, кроквы для стрэх, вушакі для асады дзвярэй і вокнаў, дошкі, дахавыя матэрыялы (гонта, дранка), дзверы, аконныя рабы і інш.
Асноўная парода, што часцей за ўсе ўжывалася ў будаўніцтве, - хвоя, ці сасна. З іншых парод істотнае значэнне мелі елка і дуб. З дубу рабілі аснову фундамента (штандары, палі), ніжні вянок зруба (падруба), прамежкавыя шулы сцен, апорныя слупы-сохі ў гумнах, павецях, паграбах, а таксама асобныя элементы жылля – парог, вушакі, падаконнікі і інш. Трываласць і даўгавечнасць дубовай драўніны павышалі попыт на будаўнічы матэрыял з яе, разам з тым цвердасць і масіўнасць патрабавалі больш намаганняў пры яе апрацоўцы. Жылле, цалкам пабудаванае з дубу, сустракалася ва Усходнім Палессі.
На тэрыторыі Беларусі здаўна былі вядомы дзве асноўныя будаўнічыя канструкцыі – слупавая і зрубная, якія мелі шэраг тыпалагічных варыянтаў і пераходных форм і часта спалучаліся ў адной і той жа пабудове. У больш архаічным варыянце сцены слупавых пабудоў уяўлялі сабой каркас з жэрдак, які заплятаўся гнуткімі галінамі івы, уцяпляўся саломай, трыснягом, чаротам. Часам плецены каркас абмазвалі глінай. Звычайна такая канструкцыя ўжывалася ў будаўніцтве гаспадарчых і падсобных памяшканняў: павеці, адрыны, хлява, сенцаў.
Зрубная канструкцыя ўяўляе сабой зруб з круглых ці брусковых бярвенняў, злучаных паміж сабой у просты (з астаткам) або гладкі (чысты) вугал. Гэтая канструкцыя асабліва шырока ўжывалася ў жыллі, клецях, свірнах, а таксама ў культавых пабудовах.
Пераходным варыянтам ад каркасна-слупавай да зрубнай тэхнікі драўлянага дойлідства з’яўлялася зрубна-слупавая канструкцыя, якую яшчэ называюць закладной, ці “ў закідку”. Слупы ў выглядзе памежкавых шулаў былі неабходным элементам доўгіх сцен зруба. Амаль на ўсей тэрыторыі Беларусі шульную канструкцыю выкарыстоўвалі ў будаўніцтве гумен, хлявоў, сенцаў.
Зруб хаты ніжнім, больш тоўстым, звычайна дубовым, вянцом (падруба) ставілі на падрыхтаваную пляцоўку. Часта пад яго падкладвалі папярочныя дубовыя бярвены – лігары або закопвалі па вуглах дубовыя калоды – штандары. Аснову зруба ў большасці абкопвалі па перыметры зямлей, утвараючы прызбу.
У спосабах завяршэння жылля можна вылучыць некалькі канструкцыйных рашэнняў, цесна звязаных з апорнай асновай і формай страхі. На тэрыторыі Беларусі вядомы дзве старажытныя канструкцыі стрэх – зрубная і каркасная, якія былі распаўсюджаны на вялікай тэрыторыі славянскага рассялення. Зрубная канструкцыя страхі, у сваю чаргу, падзяляецца на два раней упамянутыя варыянты – двухсхільную закотавую (на сволаках, на лемягах, на гадунах) і пірамідальную, ці стажковую (“чубам”, “гаршком”). Больш распаўсюджанай была закотавая страха, уласцівая як жылым, так і гаспадарчым пабудовам. Яна мела зрубны шчыт (закот, франтон), што складаўся з паступова ўкарочаных кверху бернаў, на якія клаліся падоўжныя бярвенні-сволакі, утвараючы апорную аснову страхі.
Даволі распаўсюджанымі ў беларускім народным дойлідстве былі і каркасныя дахавыя канструкцыі. Сярод іх вылучаюць тры асноўныя варыянты: сошную, паўсошную (дзядковую) і кроквенную. Сошная, або слупавая, канструкцыя з’яўлялася найбольш старажытнай і даўжэй за ўсе захоўвалася ў гаспадарчых пабудовах тыпу гумнаў і адрын.
Будаўніцтва жылля ў народнай традыцыі было абстаўлена разнастайнымі звычаямі, абрадамі, абярэгамі, якія адзначалі яго важныя ідэйна значымыя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку і першасную апрацоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны, або былі звязаны з выбарам будаўнічых матэрыялаў, рэгламентацыяй колькасці вокнаў, іх арыентацыяй, размяшчэннем печы, покуці і інш.
Асаблівая ўвага надавалася выбару месца для жылля. Не дазвалялася будаваць хаты на скрыжаванні дарог і на закінутых шляхах,там, д з е раней стаяла лазня і на тым месцы, д з е былі знойд з е н ы чалавечыя косці. Перавага аддавалася абжытым мясцінам, ц і тым, д з е падабалася адпачываць буйной рагатай жывёле. Пачатак будаўніцтва прымяркоўваўся да пэўнай календарнай даты –канец Вялікага посту, маладзіковая фаза месяца, бабіна лета. Найбольш спрыяльнымі днямі лічылі аўторак і чацвер.
Хата лічылася закончанай, калі ў ёй была зроблена печ. Наваселле (улазіны, уваходзіны) у народнай традыцыі расцэньвалася як вялікае, сямейнае свята.

RSS





















