Традыцыйнае адзенне
Традыцыйнае народнае адзенне з’яўляецца важным этнічным і сацыяльным паказчыкам. Яно параўнальна з іншымі відамі матэрыяльнай культуры. Традыцыйнае народнае адзенне выконвае не толькі практычныя, але і этнакультурныя, эстэтычныя, абрадавыя, магічныя функцыі. Менавіта адзенне адлюстроўвае дух эпохі, індывідуальны густ, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча, сацыяльную і прафесійную прыналежнасць.
Традыцыйнае адзенне беларусаў амаль цалкам выраблялася з сваёй сыравіны:з ільну, валокан канапель, жывёльнай скуры, воўны. Шлях да гатовага вырабу быў досыць працяглы і ўключаў шэраг паслядоўных аперацый. Так, сцябліны льну ці канаплі спачатку мачылі, потым мялі на спецыяльнай мялцы, трапалі, часалі грэбнямі і шчоткамі, потым пралі — на адмысловай дошцы ці на калаўроце з колам. Пражу намотвалі на матавіла, сушылі, кал трэба было бялілі, снавалі і нарэшце ткалі. Фарбавалі тканіну самі. У якасці фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну.
Асноўныя фарбы, што складалі каляровую гаму традыцыйнага народнага адзення, - чырвоная, сіняя (васільковая), чорная, бурая (альховая). Варта адзначыць, што да з'яўлення фабрычных тэхналогій у летнім адзенні беларусаў пераважалі натуральныя белыя колеры; тое ж тычылася і зімовай вопраткі.
У шырокім сэнсе адзенне – гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгожванні. У залежнасці ад тыпалагічных асаблівасцей (канструкцыі, спалучэння асобных частак у агульным комплексе, канкрэтных функцый) яно падзяляецца на мужчынскае і жаночае (па сваіх асаблівасцях тут можна вылучыць яшчэ і дзіцячае і юнацкае), летняе і зімняе або верхняе (прамежкавы варыянт – дэмісезоннае), паўсядзеннае і святочнае. Дарослы член сям'і меў некалькі камплектаў вопраткі: святочную, а таксама будзённую для кожнай пары году. Гэта тычылася і такіх складаных для вырабу рэчаў, як кажух і світка, якія таксама прызначаліся для працы і свят.
Традыцыйнае мужчынскае адзенне беларусаў вызначалася меншай разнастайнасцю, чым жаночае.
Кашуля (сарочка) – самы старажытны і ўстойлівы элемент у традыцыйным народным касцюме. У найбольш старажытным варыянце яна мела тунікападобны крой, доўгія, нярэдка ніжэй кісці, рукавы і прамы разрэз вората. Параўнальна з жаночай, мужчынскія кашулі ўпрыгожваліся сціпла.
Мужчынскія порткі (нагавіцы, ганавіцы) рабіліся з палатна (на лета), сукна (каб насіць узімку) не надта добрага гатунку. Беларускія нагавіцы былі параўнальна не шырокімі, яны мелі вузкія калашыны (“штаны з вузкім шагам”). Іх адрознівала рамбавідная форма ўстаўкі паміж штанінамі, хаця мелі месца і ўстаўкі іншай формы — трохвугольнай, круглай, трапецыявіднай, і трымаліся на шнурку, ўсованым праз абшыўку ў верхняй частцы. Суконныя нагавіцы маглі зашпіляцца на адзін ці два гузікі з косці, скуры, кавалачка дрэва і не мелі кішэняў. а неабходныя ў паўсядзенным ужытку рэчы (крэсіва, люлька, нож і інш.) насілі ў скураной сумцы (шабета, каліта) або падвешвалі непасрэдна да пояса.
Абавязковай прыналежнасцю мужчынскага строю быў пояс — старажытны плецены ці тканы. На поясе вісела невялічкая торбачка — каліта, у якой захоўваліся грошы, тытунь, люлька, крэсіва, нож (мог вісець і асобна). З’яўляючыся неабходным элементам беларускага адзення, паясы адыгрывалі важную ролю ў звычаях і абрадах. Іх даравала нявеста свайму выбранніку напярэдадні і ў час вяселля, іх бралі з сабой, ідучы ў адведкі да парадзіхі, імі спавівалі нованароджаных і гадавалых дзяцей, іх ахвяравалі царкве, яны выкарыстоўваліся як рытуальныя атрыбуты ў час гаданняў, замоў, заклінанняў. Паясы вызначаліся вялікай разнастайнасцю, адрозніваючыся сваімі памерамі, наяўнасцю дадатковых дэталяў, узорным арнаментам, спосабам вырабу.
Сяляне таксама насілі скураныя рамяні, якімі падпаясвалі світкі (здаўна згадваюцца ў актах ХVІ—ХVІІ стст.).
Беларускія мужчыны насілі безрукаўкі (камізэлькі, жупіцы).
Найбольш распаўсюджаным і характэрным верхнім адзеннем былі суконная світа (сярмяга, латуха, сукмана, катанка) і аўчынны кажух (футра, шуба). Мужчынскія світа і кажух па сваіх відавых асаблівасцях мала адрозніваліся ад жаночых. Па свайму крою і колеру світы былі неаднолькавыя, утвараючы на тэрыторыі Беларусі некалькі варыянтаў. Кожны селянін меў звычайна дзве світы, адну – паўсядзенную, другую – выхадную. Колер світы вар’іраваў у залежнасці ад яе функцыянальнага прызначэння, сацыяльнага адрасата і раёна бытавання. У шырокім ужыванні былі і ўкарочаныя світы – світкі, або курткі, каптанікі, латушкі, сярмяжкі, казачынкі, як іх называлі ў розных мясцовасцях. Зімой ужываліся аўчынныя кажухі і футравыя шубы. Па свайму крою кажухі нязначна адрозніваліся ад світ. Іх насілі і мужчыны і жанчыны.
Да шляхецкага мужчынскага адзення адносяцца капот, жупан, кунтуш, дэлія. Капот уяўляў сабой прыталены кафтан на гузіках, які шыўся з тонкага шэрага сукна. Жупан – больш доўгі кафтан, крыху прыталены, са стаячым каўняром; яго шылі са светлага ці шэрага сукна, радзей – атласу ці аксаміту. Жупан падпаясваўся поясам, які надаваў яму святочную ўрачыстасць і нацыянальную вызначанасць. З гэтай мэтай ужываліся знакамітыя слуцкія паясы.
Мужчынскія галаўныя уборы вырабляліся з воўны, футра, сукна, саломы. Традыцыйны летні галаўны ўбор — плецены з саломы (радзей — з лазы, чароту) шырокапольны капялюш з тулляй (брыль). Са старажытных актаў вядомы магеркі — валяныя шапкі з палямі, што прылягалі да туллі, а таксама валяныя брылі ды інш. Старадаўнія зімовыя шапкі шыліся з футра вавёркі, лісы, зайца, а таксама з аўчыны футрам навонкі. Найбольш старажытныя, з аўчыны, былі высокімі, цыліндрычнай, конусападобнай формы — кучмы. Зімовая шапка падкрэслена вялікіх памераў называлася капузай. Скарыстоўвалася і футравая шапка, абшытая зверху сукном, з вушамі — малахай. Досыць старадаўняя, пашытая, зазвычай — з аўчыны, аблавуха — шапка з вушамі па баках спераду і ззаду (яны падвязваліся зверху).
Мужчынскі абутак складалі лапці (такія ж, як і ў жанчын), боты, валёнкі.
Такім чынам, у тыповым варыянце традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складалі доўгая, амаль да каленяў, кашуля і штаны з даматканага палатна натуральнага (белага) колеру; галаўны ўбор – валеная з воўны або пашытая з сукна шапка (магерка), у зімовую сцюжу – вушанка (аблавуха) з аўчыны; асноўны абутак – лапці, часцей лыкавыя, больш заможныя па святах насілі скураныя боты. Кашуля мела некаторыя лакальныя асаблівасці ў кроі, форме каўняра і рукавоў; яе насілі навыпуск паверх штаноў, пад пояс.
Традыцыйнае жаночае беларускае адзенне вызначаецца багаццем свайго этнакультурнага зместу.
Жаночае адзенне ўвасобіла ў сабе найбольш ярка і выразна багацце творчай фантазіі народа, яго этнічныя традыцыі, духоўныя памкненні і густы. У тыповым варыянце традыцыйны жаночы комплекс складалі доўгая палатняная кашуля (сарочка), спадніца, фартух, безрукаўка. Найбольш устойлівай часткай (кампанентам) у гэтым комплексе была кашуля. Яна мела просты свабодны крой, што нярэдка ўскладняўся плечавымі ўстаўкамі-полікамі. Яе шылі з кужалю (тонкага палатна); часам у паўсядзенных сарочках кужаль складаў толькі верхнюю частку (чэхлік), а ніжнюю (постаўку) –зрэбная тканіна. Такая сарочка мела нешырокі стаячы або адкладны каўнерык.
Даволі распаўсюджаным тыпам жаночай кашулі з’яўляецца кашуля з гесткай. У ёй асноўны матэрыл ( станіна) прышываўся ўверсе да нешырокай какеткі – гесткі. Палотнішчы “станіны” пры сшыванні с гесткай збіраліся ў зборку спераду і сзаду. Гестка мела плечавыя швы, але часта іх не рабілі, тады матэрыял на плячах проста перагінаўся.
Святочныя кашулі ўпрыгожваліся багатым вышываным ці тканым арнаментам на плячах, манжэтах рукавоў, каўнерыку, радзей – па ворату і падолу.
Спадніца адносіцца да паяснога жаночага адзення. Яна шылася з даматканага палатна, сукна ці паўсукна. Спадніца рабілася з некалькіх (да шасці) полак (падоўжаных кавалкаў палатна), сшытых і прызбораных ля поясу. Зрэдку спадніцу шылі з папярэчнага кавалку тканіны — папярэчкі. Спадніца завязвалася спераду ці крыху збоку тасёмкамі ці паяском. Вылучаюцца спадніцы, якія шыліся з ваўнянай ці паўваўнянай тканіны — андаракі (слова паходзіць з нямецкай мовы). У старажытнасці андаракі ў якасці верхняй спадніцы насілі прадстаўніцы паноўных класаў. Андарак багата ўпрыгожвалі, і асаблівасцю ягонай з’яўляецца клеткавы арнамент.
Андарак, сшыты з безрукаўкай (ліфам), утвараў новы тып адзення – саян. Апошні быў найбольш пашыраным у Падняпроўі. Ліф-гарсэт пры гэтым шылі з больш тонкай самаробнай (шарсцяной ці льняной) тканіны або з пакупных аксаміту, саціну, шоўку і інш.
Адной з самых старажытных форм паяснога адзення была панева. Часцей за ўсе яна ўяўляла сабой тры сшытыя полкі ўзорнай шарсцяной тканіны, што ахіналіся вакол таліі на паяску ці матузку. Панева адносілася, такім чынам, да расхіннага тыпу паяснога адзення. Магчыма, на нашых землях яна папярэднічала андараку.
Неабходным кампанентам традыцыйнага жаночага ўбору быў фартух (хвартух, пярэднік, запаска). Яго шылі з 1 – 2 полак ільняной тканіны і багата ўпрыгожвалі ў ніжняй частцы вышыўкай, аплікацыяй, карункавым арнаментам, мярэжкай. Як і паневы, фартухі-запаскі рабіліся нярэдка з шарсцяной тканіны. У больш ранні перыяд жанчыны насілі дзве шырокія запаскі – спераду і заду, сшытыя ў верхняй частцы, яны амаль нічым не адрозніваліся ад паневы-плахты. Даўжыня фартуха ў беларусак амаль супадала з даўжынёю спадніц. Такія даўгія — роўныя са спадніцамі хвартухі апрануты на пакаёўках на абразе “Нараджэнне Маці Боскай” Маларыцкага майстра (1648—1650 гг.). Паказальна, што на згаданай выяве фартухі не арнаментаваны — адзін натуральна белага колеру, другі, хутчэй за ўсё, пафарбаваны, хаця ў пазнейшы час іх зазвычай аздаблялі, найчасцей — гарызантальнай арнаментыкай — па ніжнім краі, альбо і троху вышэй. У верхняй частцы фартух дробна прызборваўся. Беларускія фартухі тыпалагічна блізкія да пярэднікаў прыбалтаў, палякаў, што робіць гэты від адзення часткай поліэтнічнай культуры.
Безрукаўка (камізэлька, шнуроўка, кабат, гарсэт, кітлік) рабілася з тонкага палатна, пакупнога атласу, аксаміту, парчы, багата аздаблялася вышыўкай, аплікацыяй, рознакаляровымі тасеткамі. Гэта было досыць каштоўнае адзенне, і, зыходна з пазнейшых этнаграфічных дадзеных, магло перадавацца ў спадчыну. Найбольш просты крой — з простай спінкай, калі задняя частка рабілася з суцэльнага кавалку матэрыялу. Безрукаўкі на Беларусі мелі даўжыню да стану і ніжэй — заходзілі за верхнюю частку спадніцы. Доўгія безрукаўкі знізу разрэзваліся і абшываліся. Зазвычай суцэльны разрэз рабілі спераду, і ён зашнуроўваўся ці зашпіляўся на самаробныя гузікі, на грудзях утваралі выраз — круглы ці геаметрычна-вуглавой формы. Безрукаўка ўпрыгожвалася вышыўкамі, нашыўкамі з найлепшых нітак. Яна шчыльна аблягала жаночы стан..
Верхняе (зімовае) адзенне жанчын нязначна адрознівалася ад мужчынскага. Світы, буркі, кажухі, шубы, насовы, кажушкі, сярмяжкі – усе гэтыя віды верхняга адзння ў аднолькавай ступені былі ўласцівы як мужчынам, так і жанчынам. Больш кароткія кажухі – кажушкі, паўшубкі – мелі свабодны пакрой; у жанчын яны былі апушаныя знізу і па ворату і дэкараваліся вышыўкай і аплікацыяй.
Сярмяга і кажух, якія ўзгадваюцца ў актах ХVІІ—ХVІІІ ст.ст., рабіліся з хатніх матэрыялаў — сукна, палатна, аўчыны, адмыслова апрацаваных і пашытых краўцамі. Гэтая вопратка не мела падкладкі, магла зашпіляцца на драўляныя гузікі, гаплікі, альбо проста падпаясвацца.
Найбольш пашыраным відам адзення была світа (сярмяга) — зробленая зазвычай з сукна доўгае расхінастае адзенне з рукавамі, разрэзам спераду і адкладным каўняром. Найбольш былі пашыраны світы простага халатападобнага крою, хаця існавалі і іншыя: прыстаненая з бакавымі клінамі — “вусамі”, у зборкі, з фалдамі. Світа мела белы ці шэры, рэдка — чорны колер (больш уласцівы для шляхты), упрыгожвалі яе сціпла.
Кажух рабіўся ў старажытнасці з нядубленых белых аўчын. Найбольш пашыраны быў на Беларусі кажух простага крою, адрозна ад пазнейшых часоў, старажытны кажух быў даўгім.
Менш распаўсюджана было верхняе палатнянае адзенне — насоў, балахон, якое апраналі на кашулю ўлетку ці ўвосень.
Наогул традыцыйнае беларускае жаночае адзенне характарызавалася арнаментальнай стрыманасцю, натуральным колерам.
Галаўныя ўборы складалі самую каларытную і маляўнічую частку беларускай жаночай вопраткі, якая прыдавала ўсяму народнаму касцюму завершанасць і святочнасць. Галаўны ўбор падкрэсліваў рысы твару жанчыны, упрыгожваў яе. Таму з даўніх часоў галаўным уборам жанчыны надавалі вялікае значэнне. Кожны галаўны ўбор формай і спосабам нашэння строга адпавядаў прынятаму ў дадзенай мясцовасці стандарту, а матэрыял, з якога ён рабіўся, яго ўпрыгожанні залежалі ад фантазіі, густу і ступені заможнасці жанчыны.
Для традыцыйных галаўных убораў выкарыстоўвалася заўсёды самае тонкае палатно і тыя куплёныя фабрычныя тканіны, якія толькі былі даступны вясковай жанчыне. Разам з тым галаўныя ўборы, як ні адна іншая частка жаночай вопраткі, заўсёды строга адпавядалі ўзросту жанчыны. Так, галаўныя ўборы пажылых жанчын, хаця і захоўвалі заўсёды традыцыйную форму і колер, былі вельмі сціплымі, без упрыгожанняў.
Галаўныя ўборы беларускіх жанчын заўсёды адпавядалі іх сямейнаму становішчу. "Як вянок быў прыкметай дзявоцтва і мог насіцца толькі дзяўчынай, так і чапец быў прыкметай замужжа".
У цёплую пару года і ў хаце дзяўчаты не насілі ніякіх галаўных убораў. Непакрытыя валасы лічыліся ў беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, адзнакай дзявоцтва. Таму такія старажытныя дзявочыя галаўныя ўборы, як вянкі, не мелі верху, а галаўныя павязкі ("шырынкі", "ручнікі", "скіндачкі") у выглядзе вузкага ручніка з арнаментаванымі канцамі або налобнікам павязваліся такім чынам, што не закрывалі валасоў на макушцы. Шырыня дзявочых галаўных павязак была каля 30 см, даўжыня - 1-1,2 м. Пры павязванні яны заўжды складваліся ўдвая і завязваліся вузлом на патыліцы. У сярэдзіне XIX ст. дзявочыя галаўныя павязкі былі шырока распаўсюджаны на ўсёй Беларусі, аднак к канцу ХІХ ст. амаль поўнасцю былі выцеснены хусткамі.
У Гомельскім павеце Магілёўскай губерні ў канцы XIX ст. паверх заплеценых у косы валасоў дзяўчаты насілі складзеную па дыяганалі палоскай хустку, якую завязвалі ў выглядзе вянка з вісячымі ззаду канцамі . Такім жа чынам павязвалі дзяўчаты хусткі ў канцы XIX - пачатку XX ст. і ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. Толькі ў некаторых вёсках гэтага павета дзяўчаты ў складзеную палоскай па дыяганалі хустку ўкладалі яшчэ кавалкі кардона або лубу шырьшёй 10-15 см. i памерам па аб'ёму галавы. Канцы хусткі завязвалі ззаду на вузел .
У пачатку XX ст. дзявочыя галаўныя павязкі (па даных экспедыцый ІМЭФ АН БССР) былі распаўсюджаны толькі ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні і Бабруйскім павеце Мінскай губерні. У вёсцы Узлогі Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (на мяжы з Расіяй) на святы дзяўчаты павязвалі "бахмару" (відаць, ад слова "бахрама") - нешырокую павязку з тонкага адбеленага палатна. "Бахмара" ўпрыгожвалася кругом невялічкімі кутасікамі ("пуклямі") з чырвоных і чорных бумажных нітак і моцна крухмалілася. Яна складвалася па даўжыні ў два разы і завязвалася вакол галавы вузлом на патыліцы .
У канцы XIX - пачатку XX ст. у летнюю пару дзяўчаты хадзілі звычайна з непакрытай галавой. Хусткі завязвалі толькі ў час палявых работ, каб прыкрыць галаву ад сонца, на святы і ў дарогу. У такіх выпадках складзеныя па дыяганалі хусткі павязвалі пад падбародак або вакол галавы, завязваючы канцы зверху задняга касячка хусткі. У святы яркія каляровыя хусткі павязвалі пад падбародак, пакідаючы спераду частку валасоў адкрытай. У Гродзенскай губерні да павязаных святочных хустак дзяўчаты прымацоўвалі па 2 букеты жывых або штучных кветак
Адзін з найбольш старажытных жаночых галаўных убораў беларусак, а таксама рускіх, украінак, прыбалтак — намітка: ручніковы галаўны ўбор з тонкага палатна значнай даўжыні (2—3 метры), што павязваўся на чапец (яшчэ таксама — на цвёрдую аснову) так, каб адзін альбо абодва ягоныя даўгія канцы спускаліся на спіну. На Палессі маладой пасля вянчання ў царкве надзявалі намітку, і яна насіла яе цэлы дзень. Па прыездзе нявесты ў хату жаніха свёкар здымаў намітку і сяброўкі расчэсвалі нявесце валасы, закручвалі іх на тканку і надзявалі чапец і хустку.
Намітка - ручніковы галаўны ўбор замужніх жанчын, шырока вядомы усім славянам , балтам і некаторым іншым народам . У старажытнасці яе насілі ўсе жанчыны незалежна ад саслоўнай прыналежнасці. У Беларусі ўпершыню мы сустракаем намітку на партрэце княгіні Кацярыны Алелькавіч-Слуцкай (першая палавіна XVI ст.) . Наміткі і чапцы часта ўпамінаюцца ў матэрыялах Гродзенскага земскага суда сярэдзіны XVI ст. Намітка ("намётка", "павівала", "плат") уяўляла сабою доўгі (2,5-3,5 м) ручнік з тонкага палатна шырынёй 40-60 см з затканымі звычайна чырвонымі баваўнянымі ніткамі канцамі. Ткалі намітку з самых тонкіх кужэльных нітак, стараючыся, каб яна была як мага танчэйшай. Каб зрабіць намітку больш тонкай, у Пінскім павеце Мінскай губерні яе мачылі ў вадзе, клалі на камень, а другім цёрлі зверху да таго часу, пакуль палатно не станавілася падобным на марлю. Затым намітку мылі, жлукцілі і крухмалілі. Такая намітка была вельмі тонкай і ў той жа час добра трымала форму.
Намітку звычайна павязвалі на чапец. "Завіванне" наміткі было даволі складаным і патрабавала значнага часу і пэўнага ўмення. Таму ў некаторых вёсках Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў на чапец пад намітку падкладвалі шырокі цвёрды абруч - "лубачку", "каробачку". Гэта давала магчымасць замацаваную такім чынам намітку здымаць і надзяваць, як шапку, не трацячы часу на яе павязванне .
На Беларусі існавалі самыя разнастайныя спосабы павязвання намітак. Кожны спосаб адпавядаў пэўнай мясцовасці . Але нярэдка і ў адной вёсцы завівалі яе рознымі спосабамі. Самым пашыраным быў спосаб павязвання, пры якім сярэдзіна наміткі накладвалася на галаву, затым адзін канец яе складваўся ў 4-6 разоў, агінаў галаву ў выглядзе круглай шапачкі, прапускаўся пад падбародкам і ўмацоўваўся справа або ззаду на макушцы. Другі шырокі канец свабодна звісаў ззаду да паясніцы .
Часам намітка павязвалася такім чынам, што абодва складзеныя ў 4-6 разоў канцы праходзілі пад падбародкам і замацаваныя тырчалі па баках главы ў выглядзе рагоў, а затым
Часам намітка павязвалася такім чынам, што адзін яе вельмі доўгі спушчаны па спіне канец краем прымацоўваўся на патыліцы, ствараючы такім чынам ззаду доўгую, ніжэй пояса пятлю . У канцы XIX ст. намітка бытавала на асноўнай тэрыторыі Беларусі толькі як святочны галаўны ўбор некаторых старых жанчын і абрадавы галаўны ўбор на вяселлі і пры пачатку ўборкі зернявых.
Акрамя намітак, беларускія жанчыны насілі ў старажытнасці чапцы — згаданыя вышэй з круглым верхам, аколышкам і завязкамі ззаду, і глыбокія, з завязкай пад падбародак (“каптур”).
У сярэдзіне XIX ст. на Палессі бытаваў складаны рагаты жаночы галаўны ўбор - "галава", які па форме нагадваў ківер улан. Зверху "галава" абвязвалася наміткай - "сарпанкай" .
Да ліку рагатых галаўных убораў трэба аднесці і "пушанку", якую яшчэ і зараз носяць некаторыя старыя жанчыны на тэрыторыі былога Пінскага павета Мінскай губерні .
Закручванне валасоў на тканку або на жмут кудзелі ў канцы XIX - пачатку XX ст. ужо не лічылася абавязковым на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У некаторых паветах Магілёўскай і Віцебскай губерняў жанчыны запляталі валасы ў дзве касы, а на болыпай частцы цэнтральнай і заходняй Беларусі заплятанне валасоў у косы было адзінай жаночай прычоскай.
Як ужо адзначалася, абавязковым элементам складанага жаночага галаўнога ўбору канца XIX - пачатку XX ст. быў чапец. Шылі чапцы звычайна з тонкай, мяккай, часцей фабрычнай матэрыі.
У залежнасці ад крою чапцы можна падзяліць на два асноўныя тыпы: шытыя або вязаныя з нітак з круглым або авальным верхам і вузкім аколышам з прышытымі ззаду завязкамі і глыбокія чапцы з завязкамі пад падбародкам.
Чапцы першага тыпу былі распаўсюджаны на болыпай частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі і вядомы пад тэрмінам "чапец" у розных фанетычных варыянтах, а ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерні - пад тэрмінамі "павойнік", "зборнік". Такі чапец меў выгляд неглыбокай круглай шапачкі, якая, не закрываючы вушэй, шчыльна аблягала галаву. Круглае або авальнае донца такіх чапцоў спераду і ззаду звычайна дробна прызборвалася каля аколыша. Нешырокі аколыш браўся ззаду на рызінку або не сшываўся, і тады да яго канцоў прышываліся завязкі. Часам шнурок прапускаўся праз ніжні край усяго аколыша, і канцы яго завязваліся ззаду .
Святочныя чапцы шылі звычайна з яркіх, тонкіх фабрычных тканін: паркалю, шоўку, атласу, кумачу, тонкага сукна, кашаміру. Найбольш пашыранымі былі чапцы чырвонага колеру. Налобная частка такіх чапцоў упрыгожвалася самым разнастайным чынам: фальбоначкамі, "грыбочкамі" са стужак, карункаў або з той жа матэрыі, што і чапец, каляровай тасьмой, шнуркамі, вышыўкай, пацеркамі.
На тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці у канцы XIX - пачатку XX ст па аколышу павязвалася суконная стужка часцей за ўсе чырвонага колеру ("падбічка", "гічка", "куснак") Некаторыя старыя жанчыны рабілі яе чорнай
У паўдневых паветах Гродзенскай губерні над шытымі чапцамі пераважалі вязаныя з баваўняных белых або чырвоных нітак. Радзей іх вязалі з адбеленых суровых нітак. Вязаліся чапцы сеткай і па форме нагадвалі шытыя . Вязаныя з нітак чапцы сустракаліся побач з шытымі на поўдні Мінскай і Магілёўскай губерняў, але не мелі там шырокага распаўсюджання. Чапец жанчына надзявала ў першы дзень замужжа і не здымала яго да самай смерці.
Глыбокія жаночыя чапцы з завязкамі пад падбародкам бытавалі ў Беларусі звычайна пад тэрмінам "каптур". Каптур шчыльна аблягаў галаву і закрываў вушы, нагадваючы па форме дзіцячы чэпчык. Завязваўся ен пад падбародкам доўгші, даволі шырокші завязкамі .
Каптуры былі пераважна чырвонага або чорнага колеру і шыліся з тонкага сукна часта ў спалучэнні з шшымі фабрычнымі тканшамі. У адрозненне ад чапцоў, якія насілі толькі разам: з наміткай або хусткай, каптуры ў штодзеннай носцы звычайна з'яўляліся самастойным галаўным уборам Таму яны ўпрыгожваліся не толькі па налобнай частцы, як чапцы, а цалкам Упрыгожваліся яны тымі ж матэрыяламі, што і чапцы. Часта каптуры шыліся з матэрый некалькіх колераў і яшчэ аздабляліся стужкамі або бліскучай тасьмой, пазументам, брыжыкамі.
Выходзячы з дому "на людзі", жанчыны надзявалі на каптур хустку і завязвалі яе пад падбародкам або вакол галавы такім чынам, што з-пад яе былі відаць толькі канцы каптура і яго завязкі ("вушкі"). У канцы XIX - пачатку XX ст. у Віленскім і Вілейскім паветах Віленскай губерні поруч з каптурамі насілі і круглыя чапцы. У гэтай мясцовасці каптуры былі прыналежнасцю толькі пажылых жанчын, а больш маладыя насілі ўжо чапцы. А ў вёсцы Бабровічы Ашмянскага павета Віленскай губерні каптурамі звалі па традыцыі круглыя чапцы з завязкамі ззаду.
Разнавіднасцю каптуроў былі "шапкі" - чапцы з меншымі, чым у каптуроў, вушамі. Шапка не закрывала вушэй і завязвалася шырокімі завязкамі пад падбародкам. Разам з каптурамі і чапцамі шапкі бытавалі ў Слуцкім павеце Мінскай губерні. Насілі іх звычайна ў спалучэнні з хусткай або наміткай.
Гаворачы аб спосабах нашэння чапцоў і шапак, трэба адзначыць яшчэ адну асаблівасць. Пад чапец тканка рабілася па аб'ёму галавы, накручаныя на яе валасы ўкладваліся валікам вакол галавы крыху вышэй вушэй, а пад шапку тканка рабілася значна меншай, і накручаныя на яе валасы ўкладваліся венчыкам ужо толькі на цемені.У пачатку XX ст. многія маладыя жанчыны ўжо не насілі чапцоў і тканак, а шчыльна завязвалі вакол галавы невялікую хустачку, паверх якой павязвалі другую.
Існавалі і арыгінальныя, рагатыя, галаўныя ўборы, зробленыя на цвёрдай аснове і абвязаныя палатном (старажытны тып — “пушанка”).
У другой палавіне XIX ст. на тэрыторыі Беларусі шырока распаўсюджваецца хустка, якая замяняе намітку ў штодзенным нашэнні. Хусткі былі самага разнастайнага памеру і якасці, квадратнай формы. Летнія даматканыя або фабрычнага вырабу хусткі на ўсёй тэрыторыі Беларусі бытавалі пад тэрмінамі "хустка", "хусцінка", "хуста", а ва ўсходніх раёнах гэтыя тэрміны існавалі разам з рускай назвай "платок".
Фабрычныя хусткі атрымалі розныя назвы. Так, паркалёвыя хусткі ў кветкі называлі "парыськавымі", "парысьскімі" (ад "парыжскі паркаль"); хусткі з шоўку і атласу - "шаляноўкамі", "атласкамі"; кашаміравыя з махрамі хусткі - "тараноўкамі", "кашміроўкамі"; цёплыя суконныя хусткі - "вянгрэнамі".
Вялікія святочныя суконныя хусткі, якія насілі зімой паверх звычайных хустак, а ідучы ў царкву, госці або на кірмаш, накідвалі на плечы, называліся ў Віцебскай і Магілёўскай губернях "накрыўнымі" або "накіднымі" хусткамі, а на Палессі - "апіналкамі", "апынкамі". Такая хустка насілася толькі ўнакідку, замяняючы жанчыне верхнюю вопратку, прычым канцы яе, перакінутыя на грудзях крыжападобна, падтрымліваліся свабодна рукой . Жанчыны з бедных сямей насілі зімой вялікія паўсуконныя саматканыя хусткі "абвязкі".
Павязванне хустак, таксама як і павязванне намітак, было вельмі разнастайным. Аднак амаль заўсёды для павязвання хусткі складалі па дыяганалі.
У канцы XIX - пачатку XX ст. распаўсюджаным быў спосаб павязвання хусткі вакол галавы "ў рогі". Пры гэтым хустка складвалася па дыяганалі і павязвалася вакол галавы, а па баках з канцоў хусткі рабіліся "рогі". "У рогі" завязвалі звычайна шаўковыя, кашаміравыя або паркалёвыя хусткі з махрамі - "атласкі", "тарноўкі", "парыськавыя хусткі". Часам на такім чынам павязаную хустку павязвалі яшчэ адну дадатковую. Для гэтага дадатковая хустка ("падвязка") складалася па дыяганалі вузкай палоскай, прапускалася пад падбародак і завязвалася на цемені.
Распаўсюджаным на Беларусі быў і такі спосаб павязвання, калі канцы хусткі, перакрыжаваныя пад падбародкам, завязваліся вузлом на цемені. Па азначэнню балгарскай даследчыцы адзення М. Г. Велевай, гэты спосаб павязвання хусткі з'яўляецца для ўсходніх славян найбольш старажытным.
Павязванне хусткі вузлом пад падбародкам - найбольш позні спосаб, таму што ў канпы XIX ст. ён лічыўся дзявоцкім.
Падобным да мужчынскага быў і жаночы абутак. Асноўным відам яго былі плецёныя з лыка ліпы, лазы, бяросты, пянькі ці скураныя лапці. Вылучаюць лапці прамога і касога пляцення, з закрытым наском і запяткам (глухія, сляпыя, кавярзні) і адкрытыя (шчарбакі, зрачыя). Для падаўжэння тэрміну службы падэшвы лапцей дадаткова падпляталіся лыкам, пянькой ці падшываліся скурай. Існуе меркаванне, што найбольш старажытнымі былі лапці простага пляцення. Лапці абуваліся на анучы — летнія ці зімовыя, мацаваліся вяроўкамі-аборамі. Найбольш просты тып лапцей — без галовак і запятак, дзе іх замянялі лыкавыя петлі і прыстасаванні для мацавання абораў. Вядомы і скураныя лапці (пасталы), але шырокага распаўсюду яны не набылі. Акрамя лапцей, насілі скураныя паўбоцікі на абцасах (чаравікі), але гэта быў дарагі абутак. Маладыя жанчыны і дзяўчаты насілі чаравікі з халяўкамі рознай вышыні, што шнураваліся спераду (радзей – збоку) шнуркамі ці тонкімі раменьчыкамі. Пажылыя жанчыны замест чаравікоў надзявалі часцей легкія боты.
Таксама заможныя сяляне маглі здабыць валёнкі. Падэшвы валенак падшываліся тоўстым лямцам або скурай. Пазней на валенкі сталі надзяваць галошы.
Драўляны абутак – выразаныя з калодкі чуні (дзеравянікі, кандалы) мелі нязначнае распаўсюджанне ў беларусаў. Крыху часцей ужываліся скураныя чуні на тоўстай драўлянай падэшве. Абутак адлюстроўваў мясцовую традыцыю, сезон года, пол, узрост, сацыяльны статус і гарманіраваў са стылем, тыпам і колерам вопраткі, разам з якой ен выкарыстоўваўся.
Абутак з’яўляўся састаўной часткай традыцыйнага народнага строя і арганічна дапаўняў яго, выконваючы ў агульным тыя ж функцыі ў адзіным комплексе.

RSS





















