Новости События Общее

Концептуальные положения технологии речевого и лингвистического развития детей дошкольного возраста в условиях близкородственного двуязычия

04-01-2019 Консультации
Рассматривается вопрос речевого развития детей в условиях близкородственного двуязычия

КАНЦЭПТУАЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭНННІ

ТЭХНАЛОГІІ  МАЎЛЕНЧАГА І ЛІНГВІСТЫЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ

 

Н.С.Старжынская

Д.М. Дубініна

 

Анатацыя.

У артыкуле разглядаюцца  асноўныя паняцці тэхналогіі, спектр яе мэтавых арыентацый; раскрываюцца канцэптуальныя палажэнні  тэхналогіі, даецца характарыстыка яе асноўных педагагічных сродкаў.

Ключавыя словы: канцэпуальныя палажэннні, тэхналогія маўленчае і лінгвістычнае развіццё,  дзеці дашкольнага ўзросту.

 

Annotation.

The article deals with the basic concepts of technology, the range of its target orientations; reveals the conceptual provisions of the technology, the characteristic of its main pedagogical means.

Key words: kantsepualnyya palazhenni, technology speech and linguistic development, preschool children.

 

Маўленчае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту ў Беларусі адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя.

Генетычная і псіхалагічная (з боку эмацыянальнага стаўлення да абедзьвюх моў) блізкасць рускай і беларускай моў, асаблівасці руска-беларускага білінгвізму патрабуюць спецыфічных падыходаў да развіцця рускага і беларускага маўлення дзяцей.

  Мэта тэхналогіі – фарміраванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту маўленчай дзейнасці на беларускай мове, набліжанай па ўзроўні да адпаведнай дзейнасці на рускай мове, стварэнне перадумоў для выхавання двухмоўнай асобы.

Асноўныя паняцці тэхналогіі

Білінгвізм (двухмоўе) – валоданне дзвюма мовамі. Білінгвізм натуральны і штучны (як вынік навучання). Білінгвізм аўтаномны і змешаны. У першым выпадку білінгв выразна дыферэнцыруе моўныя сістэмы, на якіх гаворыць, пераключаецца з механізма адной мовы на другі. У другім выпадку білінгв недакладна проціпастаўляе сістэмы абедзвюх моў, што прыводзіць да інтэрферэнцыі – неадвольнага змешвання сродкаў дзвюх моў у маўленні. Білінгвізм рэцэптыўны – здольнасць чалавека ўспрымаць і разумець маўленне на другой мове. Білінгвізм рэпрадуктыўны – здольнасць чалавека ўзнаўляць пачутае або прачытанае на другой мове. Білінгвзм прадуктыўны – здольнасць чалавека самастойна будаваць высказванні, якія дазваляюць дасягнуць узаемаразумення.

Двухмоўная асоба – білінгв, чалавек, які валодае ў роўнай або прыблізна роўнай ступені роднай і другой (або замежнай) мовамі.

Нацыянальнаяя ўстанова дашкольнай адукацыі – установа, у якой забяспечваецца этнізацыя асобы, г.зн. натуральнае ўваходжанне дзіцяці ў духоўны свет і традыцыйнае жыццё роднага народа, у культуру нацыі як састаўную частку агульначалавечай культуры.

Спектр мэтавых арыентацый.

  Дыдактычныя: фарміраванне чуйнасці да моўных норм і выразных сродкаў рускай і беларускай моў, маўленчых уменняў і навыкаў на беларускай мове, неабходных для штодзённых зносін; фарміраванне лінгвістычных адносін да мовы і ўласнай маўленчай дзейнасці.

  Выхаваўчыя: развіццё асобы, узбагачэнне ўнутранага духоўнага свету, выхаванне любові і павагі як да рускай, так і да беларускай моў, фарміраванне нацыянальнага светапогляду.

Развіццёвыя: развіццё моўнай і інтэлектуальна-творчых здольнасцей.

Сацыялізуючая: далучэнне да нацыянальнай культуры.

Канцэптуальныя палажэнні  тэхналогіі.

Мова ёсць сродак зносін, нацыянальнай ідэнтыфікацыі, сацыялізацыі і далучэння дзіцяці да агульначалавечых і нацыянальных культурных каштоўнасцей. Таму  родная мова з’ яўляецца адначасова і мэтай, і сродкам навучання і выхавання.

У Беларусі склалася супячрэчная, у пэўным сэнсе ўнікальная сітуацыя дзвюх родных моў – рускай і беларускай. Для большасці дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з акружаючымі іх людзьмі, з’яўляецца руская мова. Беларуская мова выступае для іх як другая. У той жа час беларуская мова для беларускіх дзяцей асэнсоўваецца ў грамадстве як родная мова, на аснове якой ажыццяўляецца іх нацыянальна-культурная сацыялізацыя.

Авалоданне беларускімі дзецьмі рускай мовай – гэта авалоданне багацейшай крыніцай ведаў, сродак глыбокага рознабаковага развіцця дзіцяці. Авалоданне разам з рускай мовай беларускай складае адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім нацыянальнай культуры, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці.

Стыхійнае маўленчае развіццё дашкольнікаў характарызуецца рэцэптыўным і ў пэўнай меры рэпрадуктыўным двухмоўем.

Рускамоўныя дзеці ў Беларусі ў асноўным разумеюць беларускае маўленне, могуць ўзнаўляць асобныя словы, выразы, невялікія вершаваныя творы і да т.п. У дзяцей дашкольнага ўзросту ствараюцца “жыццёвыя” ўяўленні аб рускай і беларускай мовах і іх элементах. Але пры стыхійным засваенні блізкароднасных моў у іх развіваецца сумешчаны механізм стварэння тэкстаў на гэтых мовах (вынікам чаго з’яўляюцца памылкі інтэрферэнцыі – пранікнення элементаў адной мовы ў другую). Дзеці дашкольнага ўзросту не заўважаюць сваіх памылак, у іх не фарміруецца “чуццё” адной і другой мовы.

Авалодаць правільным беларускім маўленнем рускамоўныя выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі могуць толькі ў ходзе спецыяльна арганізаванага мэтанакіраванага навучання нацыянальнай мове.

Далучаць дзяцей да роднага слова шляхам увядзення ў нацыяльна-культурны фон беларускай мовы неабходна як мага раней, з моманту наведвання дзіцем установы дашкольнай адукацыі. У гэтым выпадку маўленчыя механізмы, што фарміруюцца ў дзіцяці, «працуюць» не толькі на рускую, але і на беларускую мову і забяспечваюць нацыянальнае бачанне навакольнай рэчаіснасці. Ранняе ўвядзенне беларускай мовы, засваенне якой ідзе не апасродкавана – праз рускую мову, а непасрэдна, садзейнічае фарміраванню моўнамысліцельнай дзейнасці на беларускай мове.

Мэта навучання беларускай мове – выхаванне ў дзяцей любові і павагі  да роднага слова, фарміраванне чуйнасці да моўных норм і сродкаў выразнасці; развіццё адпаведнай моўнай здольнасці.

Фактарам, які станоўча ўплывае на засваенне беларускай мовы як роднай  з’яўляецца, перш за ўсё, выхаванне ў дзяцей цікавасці і сімпатыі да яе як “мове прыемнасці” (А.А. Лявонцьеў), здольнай задавальняць эстэтычныя, гульнявыя, пазнавальныя і іншыя запытанні дзяцей.

Станоўчая матывацыя засваення беларускай мовы ствараецца. праз асобасна значныя і эмацыянальна яскравыя зносіны на гэтай мове. Дзеці атрымліваюць задавальненне ў эстэтычнай асалодзе мастацкім творам на другой роднай мове. Беларуская мова выступае як «мова прыемнасці» і ў працэсе гульні, якая стварае асаблівую «сферу зносін» і выклікае найбольшую ўнутраную актыўнасць у дзяцей дашкольнага ўзросту.

Крыніцай фарміравання моўнай здольнасці з'яўляецца патрэба ў сумеснай дзейнасці  і зносінах дзіцяці з іншымі людзьмі, якія забяспечваюць такую дзейнасць (С.Л. Рубінштэйн, А.А. Лявонцье, А.М. Шахнаровіч і інш.).

Названае палажэнне абумоўлівае камунікатыўную накіраванасць ў навучанні мове. Толькі ў выпадку, калі працэс навучання беларускай мове будзе насычаны эмацыянальна яскравымі сітуацыямі зносін, змест і форма якіх адпавядаюць інтарэсам і ўяўленням дзяцей дашкольнага ўзросту, матывам іх узаемадзеяння з акружаючымі людзьмі, беларуская мова зможа стаць для іх сродкам зносін, пазнання, рэгулятарам паводзін.

У аснове фарміравання моўнага механізма дзіцяці ляжаць змястоўныя абагульненні, якія ўзнікаюць у працэсе зносін з дарослымі і ўласнай практычнай дзейнасці і прыводзяць да вычлянення моўных элементаў, фарміравання іх значэнняў і правілаў  аперыравання імі.

Вядучае месца ў кіраўніцтве маўленчым развіццём дзіцяці займае фарміраванне ў выхаванцаў установы дашкольнай адукацыі здольнасці арыентавацца ў моўнай рэчаіснасці, моўных адносінах і сузалежнасцях. Толькі такое лінгвістычнае развіццё стварае ў дзяцей цікавасць да роднай мовы, вядзе да сапраўднага авалодання яе багаццямі, забяспечвае творчы характар маўлення, тэндэнцыю да яго самаразвіцця (Ф.А. Сахін).

Навучанне дзвюм мовам найбольш эфектыўна ажыццяўляецца ў сітуацыі «адна асоба – адна  мова» (прынцып Грамонта).

Ва ўмовах грамадскага выхавання гэты прынцып атрымлівае некалькі іншае гучанне: кожная мова павінна выкарыстоўвацца ў залежнасці ад умоў або акалічнасцей. Такі падыход найбольш прыдатны для Беларусі, калі дзеці з рускамоўных сем'яў авалодваюць беларускай мовай ў дзіцячым садзе. Ранняе засваенне беларускай мовы рускамоўнымі дзецьмі дасць станоўчыя вынікі пры строгім захаванні ў зносінах з дзіцем прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін – адна мова». Гэта значыць, што адзін і той жа выхавальнік дашкольнай адукацыі можа выкарыстоўваць ў зносінах з дзіцем і рускую і беларускую мовы, але строга прытрымлівацца адной з іх на пэўных занятках, у гульнях і да т.п. або ў пэўныя дні. Пры гэтым важна ствараць псіхалагічную ўстаноўку на беларускую мову.

Фарміраванню двухмоўнай асобы садзейнічае інтэграванае паралельнае засваенне дзецьмі дзвюх моў – рускай і беларускай – з некаторым адставаннем беларускай.

Неабходна зыходзіць з таго бясспрэчнага факта, што “карціна свету”, якая пазнаецца сродкамі дзвюх моў, – адна. Фарміраванню  аднародных моўных навыкаў і камунікатыўных уменняў на дзвюх блізкароднасных мовах, фарміраванню двухмоўнай асобы, цэласных уяўленняў пра культуру роднай краіны садзейнічае інтэграваны падыход да навучання абедзьвюм мовам, а дакладней – навучанне інтэграванаму цэламу.

Адносіны паміж педагагічным работнікам установы дашкольнай адукацыі і дзецьмі заснаваны на роўнапраўным маўленчым партнёрстве, у чым праяўляецца асобна арыентаваны падыход да навучання беларускай мове.

Беларуская мова ўводзіцца як натуральны спосаб самавыражэння дзіцяці. Дзіця знаходзіць задавальненне ў асобасным самавызначэнні, адчуванні поспеху і руханні наперад у авалоданні беларускай мовай як сродкам зносін, у апраўданым павышэнні самаацэнкі.

Асобасны падыход непасрэдна звязаны з камунікатыўным падыходам. Арганізацыя камунікатыўнага працэсу навучання беларускай мове магчымая толькі ва ўмовах рэальных маўленчых зносін або набліжаных да іх.

Асноўныя педагагічныя сродкі тэхналогіі і іх характарыстыка

  У тэхналогіі вылучаюцца наступныя сродкі беларускамоўнага развіця дзяцей дашкольнага ўзросту і навучання іх беларускай мове.

Культурны моўны асяродак дашкольнай установы

Паўнацэннае беларускамоўнае развіццё дзяцей патрабуе стварэння ва ўстанове  дашкольнай адукацыі нацыянальна-культурнага фону ў шырокім сэнсе слова. Ва ўстанове дашкольнай адукацыі павінна праводзіцца штодзённая праца па засваенні звычаяў, традыцый, культуры беларускага народа, фарміраванні уяўленняў аб тэрыторыі, гісторыі краіны, яе нацыянальных колерах, сімвалах, вядомых людзях і героях дзяржавы. Зносіны на вышэйназваныя тэмы ажыццяўляюцца на беларускай мове. У сілу зразумеласці беларускай мовы беларускамоўная атмасфера даволі хутка становіцца для дзяцей звыклай.

Зносіны выхавальнікадашкольнай адукацыі з дзецьмі.

Роднай мова становіцца тады, калі чалавек карыстаецца ёю ў важных, асобасна значных або эмацыянальна яскравых сітуацыях зносін. Напоўніць такімі сітуацыямі працэс навучання – задача выхавальніка дашкольнай адукацыі. Вельмі важна ўмець выкарыстоўваць для развіцця беларускага маўлення дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту любую дзейнасць, перш за ўсё вядучую – прадметную і гульнявую адпаведна.

Важна, каб узаеміны педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі з дзецьмі на беларускай мове не набывалі штучны, а тым больш прымусовы характар. Выкарыстанне выхавальнікам дашкольнай адукацыі беларускай мовы падчас рэжымных момантаў, гульнявой дзенасці дзяцей і да т.п. актывізуе беларускае гутарковае маўленне, садзейнічае развіццю ў дзяцей гатоўнасці ўступаць у зносіны на беларускай мове, цікавасці да такіх зносін, станоўчага стаўлення да мовы.

Гульня.

Найбольшую ўнутраную актыўнасць выклікае вядучая для дашкольнага ўзросту дзейнасць – гульня. Гульні, якія выкарыстоўваюцца з мэтай развіцця беларускага маўлення, павінны адрознівацца ад тых, у якія дзеці гуляюць на рускай мове (“адна гульня – адна мова”). Толькі ў такім выпадку гульня можа служыць псіхалагічным «апраўданнем» пераходу на беларускую мову.

У тэхналогіі выкарыстоўваюцца беларускія народныя гульні, рухавыя і карагодныя гульні з мастацкім словам, комплекс іерархічна арганізаваных камунікатыўных дыдактычных гульняў і практыкаванняў, а таксама дыдактычныя гульні па навучанні грамаце; сюжэтна-ролевыя гульні, у якіх задзейнічаны так званыя “беларускамоўныя” персанажы .

Народныя гульні (карагодныя, гульні-драматызацыі) выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Пад час гэтых гульняў ствараецца натуральная сітуацыя для далучэння выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі да роднага слова, развіцця ў іх «чуцця» беларускай мовы. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды і заўважаюць, што гульня праводзіцца на беларускай мове, і неадвольна засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.

Рухавыя і карагодныя гульні з мастацкім словам. Для гульні падбіраюцца рытмічныя вершы, лічылкі, забаўлянкі з дынамічным зместам, які дазваляе выконваць адпаведныя дзеянні (плясканне ў далоні, прытопванне, перабежкі, падскокі і да т.п.). Засвойваючы мастацкі твор у рухавай гульні, дзіця глыбей пранікае ў вобраз верша, запамінае яго.

Комплекс іерархічна арганізаваных камунікатыўных гульняў і практыкаванняў. Комплекс уключае чатыры сістэматызаваныя групы камунікатыўных гульняў і практыкаванняў: лексічныя гульні, граматычныя гульні, фанетычныя гульні і гульні на развіццё прадуктыўнага маўлення.

Лексічныя гульні. Сістэма слоўнікавых гульняў пабудавана па тэматычным прынцыпе. Для кожнай тэмы (“Сям’я”, “Знешні выгляд чалавека”, “Дзіцячы сад”, “Свойскія жывёлы”, “Адзенне і абутак”, “Посуд” і г.д.) распрацаваны комплекс дыдактычных гульняў і вучэбна-маўленчых практыкаванняў. Гульні і практыкаванні накіраваны, па-першае, на прабуджэнне цікавасці дзяцей да вывучэння данай групы слоў і іх увядзенне, па-другое, на тлумачэнне (семантызацыю) асобных слоў (якія адрозніваюцца ад рускіх) і, нарэшце, на замацаванне і актывізацыю слоў.

Грамматычныя гульні. Сістэма граматычных гульняў адпавядае вызначанай аўтарам паслядоўнасці ўвядзення граматычных з’яў.

Фанетычныя гульні. Сістэма фанетычныіх гульняў распрацавана ў адпаведнасці з вызначанай аўтарам паслядоўнасцю фарміравання ў дзяцей правільнага вымаўлення спецыфічна беларускіх гукаў і выпрацоўкі арфаэпічнай правільнасці беларускага маўлення.

  Гульні на развіццё прадуктыўнага маўлення. Паколькі сродкі міжфразавай сувязі і структура звязнага тэкста ў рускай і беларускай мовах ідэнтычныя, то праблему стварае толькі фарміраванне ў дзяцей матывацыі маўленчай дзейнасці на беларускай мове. Найлепшы вынік дае спалучэнне гульнявой і камунікатыўнай матывацыі. Для гэтага ў тэхналогіі выкарыстоўваюцца гульні-інсцэніроўкі, гульні-драматызацыі па сюжэтах вершаў, беларускіх народных казак, твораў беларускіх пісьменнікаў (яны прадугледжваюць маўленчую дзейнасць з літаратурным творам і адначасова імправізаваныя дыялогі і маналогі), гульнявыя камунікатыўныя сітуацыі на основе казачных сюжэтаў фальклору і дзіцячай літаратуры (у гэтых сітуацыях выкарыстоўваюцца незвычайныя персанажы, прадметы, акалічнасці: «Чароўны магазін», у якім незвычайныя тавары, прадавец, грошы і г.д., «Казачныя госці» і інш.).

Дыдактычныя гульні па навучанні грамаце. Да гэтай групы адносяцца фанетычныя гульні, мэта якіх – фарміраванне ў дзяцей арыентыроўкі ў гукавой структуры слова; графічныя гульні, якія садзейнічаюць засваенню дзецьмі канфігурацый літар, авалоданню чытаннем складоў і слоў.

Сюжэтна-ролевыя гульні з “беларускамоўнымі” персанажамі.

Сярод стымулаў для праяўлення маўленчай актыўнасці дзяцей выключнае значэнне маюць цацкі-жывёлы і лялькі, да якіх дзеці ставяцца як да жывых істот. Таму асаблівую ролю ў развіцці беларускага маўлення як сродку зносін адыгрываюць ролевыя гульні з лялькамі-“беларусамі” і іншымі цацкамі – персанажамі беларускага фальклору (напрыклад, катком-залатым лабком). Такія гульні даступныя дзецям з трохгадовага ўзросту. Педагог прымае ўдзел у гульні разам з дзецьмі. Лялькі ў гульні “размаўляюць” толькі па-беларуску.

У такіх маўленчых сітуацыях дзеці вучацца прыслухоўвацца да беларускай мовы, успрымаць і разумець яе, у іх фарміруецца ўстаноўка на беларускую мову суразмоўцы, неадвольна засвойваюцца асобныя маўленчыя навыкі.

Мастацкая літаратура.

Паўнацэннае маўленчае выхаванне дзіцяці не можа ажыццяўляцца без апоры на мастацкае слова. Толькі праз мастацкую літаратуру можна далучыць дзяцей да жывой беларускай мовы, садзейнічаць засваенню выразных багаццяў роднай мовы на ўзроўні чуцця і тым самым забяспечыць узбагачэнне духоўнага свету кожнага дзіцяці.

Мастацкае слова выкарыстоўваецца, перш за ўсё, для фарміравання ў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту «чуцця» беларускай мовы як роднай.

Сапраўдным узорам беларускага маўлення з'яўляецца вусная народная творчасць, якая вызначаецца шырокім колам вобразнасці і мастацкай дасканаласці. Фальклор  служыць своеасаблівым першым "родным словам", тым "падручнікам", які напісаны самім народам і не толькі дапамагае дзіцяці асэнсаваць усё багацце беларускай мовы, але і выклікае ў выхаванцаў жаданне навучыцца размаўляць прыгожа па-беларуску.

Разам з тым невялікія па памеры фальклорныя творы дазваляюць пры мінімуме часу сканцэнтраваць максімум увагі на пэўных выразных сродках маўлення.

Іх частае выкарыстанне пашырае лексіку выхаванцаў, актывізуе слоўнікавы запас, знаёміць з лексічнымі выразнымі сродкамі, дапамагае авалодаць граматычным ладам беларускай мовы, яе інтанацыйнымі адценнямі. Знаёмства дзяцей з прыказкамі і прымаўкамі, трапнымі выразамі ўвогуле набліжае дзіця да духоўных вытокаў беларускага маўлення, яго вобразнасці. Адметна і тое, што болыпасць твораў маюць вершаваную форму, між тым як менавіта вершаваны матэрыял успрымаецна дзецьмі з вялікім задавальненнем і дазваляе з найбольшай карысцю звярнуць увагу дзіцяці на выразнасць маўлення.

Праз літаратуру дзеці засвойваюць уласцівыя беларускай мове маўленчыя звароты, устойлівыя выразы (пятух-чабятух, камарык-дударык, жаба ў каляіне, пан Глінскі-Папялінскі і да т.п.). Гэта літаратурны мінімум носьбітаў беларускай мовы, засваенне якога дае магчымасць авалодоць літаратурнай спадчынай беларускага народа.

Літаратурныя творы на беларускай мове ствараюць псіхалагічныя ўмовы для размоў з дзецьмі на гэтай мове па змесце прачытанага, што садзейнічае развіццю прадуктыўнага беларускага маўлення выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі. У гутарках па змесце літаратурных твораў на беларускай мове могуць “удзельнічаць” лялькі -“беларусы”, “задаючы” пытанні, “удакладняючы” асобныя адказы дзяцей.

Навучанне ў працэсе нерэгламентаванай дзейнасці і на занятках.

Навучанне – адно з асноўных сродкаў беларускамоўнага развіцця дзяцей, фарміравання ў іх элементарнага ўсведамлення моўных з’яў рускай і беларускай моў, іх супастаўлення.

У тэхналогіі прадстаўлены заняткі па фарміраванні ў дзяцей пазасітуацыйна-пазнавальных і пазасітуацыйна-асобасных зносін на беларускай мове, сістэма заняткаў па развіцці беларускага маўлення і навучанні грамаце. Ва ўстанове дашкольнай адукацыі

Сумесная дзейнасць дзяцей, зносіны дзяцей рознага  ўзросту.

Станоўчы ўплыў на развіццё прадуктыўнага беларускага маўлення дзяцей сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту аказвае іх сумесная дзейнасць, у працэсе якой ажыццяўляюцца зносіны паміж яе ўдзельнікамі. Калі, напрыклад, гульня праводзіцца на матэрыяле беларускіх казак, а выхавальнік дашкольнай адукацыі тлумачыць правілы гульні і вядзе яе таксама на беларускай мове, зносіны паміж децьмі і вядучым адбываюцца на гэтай жа мове.

Вучэбныя наглядныя дапаможнікі для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Вучэбныя наглядныя дапаможнікі прызначаны для заняткаў па развіцці маўлення і навучанні грамаце. Да іх адносяцца індывідуальныя сшыткі на друкаванай аснове, якія могуць выкарыстоўвацца для работы з дзецьмі сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту як для франтальных, так і для індывідуальных заняткаў .

Метадычныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі для педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі.

Публікацыі для педагагічных работнікаў установы дашкольнай адукацыі можно падзяліць на: 1) вучэбныя дапаможнікі,  2) вучэбна-метадычныя дапаможнікі, вучэбныя наглядныя дапаможнікі па развіцці беларускага маўлення і маўленчых зносін, а таксама па навучанні грамаце дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Важнейшую ролю адыгрывае  прафесіянальна-маўленчая гатоўнасць педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай  адукацыі  да навучання дзяцей блізкароднаснай беларускай мове, якая складаецца з  наступных кампетэнцый: лінгвістычнай – веданне рускай і беларускай моў, здольнасць ажыццяўляць іх параўнальны аналіз на любым узроўні – фанетычным, лексічным, граматычным; камунікатыўнай – здольнасць мець зносіны на рускай і беларускай мовах як ў штодзённым жыцці, так і ў адукацыйна- выхаваўчым працэсе; лінгвадыдактычнай – здольнасць выкарыстоўваць на практыцы палажэнні метадычнай навукі аб навучанні дзяцей роднай і другой мовам; народазнаўчай – наяўнасць сумы ведаў аб гістарычным мінулым сваёй краіны і яе сучаснасці, побыце, культуры, звычаях і традыцыях народа.

 

Літаратура:

1. Cтаржынская, Н.С. Навучанне дашкольнікаў роднай мове / Н.С. Старжынская. – Мінск: Народная асвета, 1985.

2.Старжынская Н.С. Развіццё маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжынская. – Мінск: Народная асвета, 1993.

3. Старжынская Н.С. Беларуская мова ў дзіцячым садзе/ Н.С. Старжынская. – Мінск: Народная асвета, 1995.

4. Старжынская Н.С. Тэорыя і методыка развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжинская. – Минск: Тэхналогія, 2000.

5. Старжынская Н.С. У свеце слоў і гукаў. – Мінск: СэрВіт, 2001.

6. Старжынская, Н.С. Развіццё беларускамоўных зносін дашкольнікаў / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. – Мінск: НМЦэнтр, 2001.

7. Старжынская Н.С. Падкажы слоўца / Н.С. Старжынская. – Мінск: СэрВіт, 2003.

8. Старжынская, Н.С. Маўленчае і лінгвістычнае развіццё дашкольніка: / Н.С. Старжынская. – Мінск: Зорны верасень, 2007.

9. Старжынская, Н.С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. – Мінск: Новыя веды, 2008.

10. Старжынская, Н.С. Заняткі па развіцці маўлення і маўленчых зносін / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. – Мінск: Белы вецер, 2009.

11. Старжынская, Н.С. Вучыся гаварыць на роднай мове. – / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. – Мінск: Новыя веды, 2010.

12. Старжинская, Н.С. Подготовка к обучению грамоте: занятия, игры, упражнения / Н.С. Старжинская. - Минск: Новое знание, 2011.

 

 

 

 

 

 

 

сессия

Похожие публикации


Добро пожаловать!

30-05-2017 Консультации
Приветствуем вас на нашей странице.
сессия
подробнее

Развитие коммуникативных умений у детей дошкольного возраста

04-01-2019 Консультации
Рассматривается вопрос формирования коммуникативных умений у детей дошкольного возраста
сессия
подробнее