УДК 373.2
Старжынская Н.С.
Дубініна Д.М.
Беларусь
Мінск
Я. КОЛАС ПРА МАСТАЦКУЮ ЛІТАРАТУРУ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ
У артыкуле раскрываюцца педагагічныя погляды Я. Коласа на ролю мастацкай літаратуры ў выхаванні дзіцяці; яго патрабаванні да дзіцячай кнігі і дзіцячага чытання.
Ключавыя словы: дзеці дашкольнага ўзросту, мастацкая літаратура, мова, дзіцячае чытанне, нацыянальная самасвядомасць.
Праблема літаратурнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з цягам часу не перастае быць актуальнай. Гэта звязана з тым, што ў працэсе літаратурнай адукацыі адбываецца паступовае культураадпаведнае выхаванне дзіцяці, фарміраванне яго нацыянальнай самасвядомасці, авалодванне вобразнай мовай мастацкіх твораў. Асноўнай мэтай літаратурнай адукацыі выступае выхаванне кваліфікаванага чытача, які валодае культурным кругаглядам і ўласцівай яму чытацкай самастойнасцю.
Беларускі педагог і паэт Якуб Колас бачыў прызначэнне літаратуры ў вобразным пашырэнні і паглыбленні ведаў дзіцяці, развіцці ў яго высокамаральных пачуццяў, фантазіі, узбагачэнні лексікона, у выпрацоўцы добрага эстэтычнага густу.
На працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці ён шмат і натхнёна пісаў для дзяцей. Вострая зацікаўленасць пісьменніка да асобы дзіцяці, да яго ўнутранага свету, паважлівыя адносіны да дзяцінства сталі дамінантай не толькі яго педагагічнай, а і літаратурнай творчасці.
Кнігі Я. Коласа сталі падручнікамі жыцця для многіх пакаленняў чытачоў. Яны і сёння служаць задачам гуманістычнага і патрыятычнага выхавання дзіцяці. У педагагічных артыкулах, публіцыстычных выступленнях і ў мастацкіх творах для дзяцей Якуб Колас паўстае перад намі як мастак слова; як чалавек, якога клапоціць лёс падрастаючага пакалення; як настаўнік, які ўсім сэрцам імкнецца, каб дзеці раслі адукаванымі і выхаванымі.
Педагагічныя погляды беларускага паэта, яго патрабаванні да дзіцячай кнігі і дзіцячага чытання мелі шмат агульнага з патрабаваннямі В.Р. Бялінскага, К.Д. Ушынскага, Л. Талстога, якія найважнейшай рысай новай рэалістычнай дзіцячай літаратуры лічылі народнасць.
Якуб Колас добра ведаў жыццё і псіхалогію беларускага народа, яго мову і фальклор. Беларускія песні, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі былі для яго ўзорам высокага паэтычнага і педагагічнага майстэрства. Як усе вядомыя дзіцячыя пісьменнікі, Я.Колас вучыўся ў народа ўменню гаварыць з дзецьмі. Ён разумеў, што дзецям патрэбна спецыфічная кніжка – яркая, цікавая, напісаная даступнай прыгожай мовай, з дакладным зразумелым дзецям пазнавальным зместам.
Прагрэсіўныя погляды аўтара на ролю кнігі ў выхаванні дзіцяці, авалоданні яго роднай мовай былі адлюстраваны ў кнізе для чытання, па якой маглі б вучыцца дзеці. Такой кнігай стала «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», выдадзенае ў Пецярбурзе (1909 г.).
Ідэя стварэння гэтай кнігі ўзнікла ў Якуба Коласа ў той перыяд, калі ён працаваў настаўнікам у паўлегальнай школе ў Смалярні каля Стоўбцаў. У вядомай ступені імкненне стварыць такую кнігу-хрэстаматыю тлумачылася і тым, што на той час ў выдавецтве «Загляне сонцэ і ў наша ваконцэ» ужо быў выдадзены «Беларускі лемэнтар або Першая навука чытання» К. Каганца і «Першае чытанне для дзетак беларусаў», падрыхтаванае Цёткай. Якуб Колас хацеў, па яго асабістых словах, працягнуць гэты прыгожы пачатак. Такім чынам, выданне «Другога чытання для дзяцей беларусаў» – гэта заканамерная з’ява ў развіцці педагагічнай думкі ў Беларусі. Кніга была прызвана садзейнічаць першапачатковаму выкладанню беларускай мовы ў народных школах. Разлічаная на дзяцей малодшага школьнага ўзросту і пабудаваная ў выглядзе хрэстаматыі, яна давала цікавы матэрыял для навучання і з’явілася абагульненнем вопыту настаўніцкай працы пісьменніка. Коласаўская чытанка для другога года навучання ў беларускай школе ўяўляла сабой арганічнае спалучэнне паэзіі і дыдактыкі, вобразнага і рацыянальнага адлюстравання свету.
Кніга была створана пад непасрэдным уплывам знакамітых твораў К.Д. Ушынскага «Детский мир», «Родное слово», Л.М. Талстога «Азбука», «Новая азбука», Т.Р. Шаўчэнкі «Букварь южнорусский».
Чытанка Я. Коласа для дзяцей прасякнута ідэямі народнасці і гуманізму. Кніга складалася з сямі раздзелаў, у якіх выразна, даступнай мовай былі дадзены маляўнічыя апісанні роднай прыроды, праўдзіва адлюстраваны родныя краявіды. Яркія пейзажныя замалѐўкі, апавяданні пра жыццё вясковых дзяцей, казкі, вершы, змешчаныя ў кнізе, былі прызначаны выхоўваць у чытачоў любоў да роднага краю, да прыроды, да чалавека, садзейнічаць абуджэнню ў іх пачуцця нацыянальнай годнасці.
Як выдатны педагог і метадыст, Я. Колас лічыў паэтычныя творы найбольш удалым матэрыялам для выхавання дзяцей. Ён неаднаразова адзначаў, што вершаваныя творы найбольш дзейсна ўплываюць на эстэтычныя пачуцці дзяцей, крышталізуюць іх душу, развіваюць фантазію, уяўленні, узбагачаюць мову. Большасць вершаў ў кнізе «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» – пейзажныя. У вершах даюцца яркія замалёўкі розных пор года: вясны, лета, восені і зімы; у іх, нібы ў малюнках, адюстраваны адпаведныя фарбы і настрой кожнай пары года.
Адным з важных жанраў дзіцячай літаратуры, які ў большай ступені садзейнічае разумоваму, маральнаму і эстэтычнаму выхаванню дзяцей, развіццю іх творчага мыслення, Я. Колас лічыў казку. Менавіта таму адзін з раздзелаў чытанкі ўключае адзінаццаць беларускіх народных казак. Апрацоўваючы народныя казкі для дзяцей, пісьменнік-педагог імкнуўся наблізіць іх да дзіцячага ўспрымання, а таму скарачаў апісанне, узмацняў дзеянне, уключаў дыялогі. У кнізе змешчаны такія казкі, як «Два маразы», «Леў і воўк» і інш., якія і сёння ўваходзяць ў прыкладны пералік мастацкіх твораў для чытання дзецям дашкольнага ўзросту вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
У змест кнігі Якуб Колас уключыў і празаічныя пейзажныя замалёўкі, якія вызначаюцца асаблівай прыгажосцю і маляўнічасцю. Пры гэтым кожнай пары года ў чытанцы прысвечаны асобныя цыклы замалёвак. Я.Колас маляўніча апісвае як пачынаецца тая ці іншая пара года, якія новыя прыкметы з’яўляюцца ў ёй, як яна ўваходзіць у сілу і як змяняецца наступнай. Пейзажныя замалёўкі настолькі эмацыянальна насычаныя і лірычна-пранікнёныя, што, па меркаванні спецыялістаў, іх правільней аднесці да вершаў у прозе. Якуб Колас у замалёўках дае магчымасць дзецям уволю налюбавацца хараством роднай зямлі і таксама, як і ў вершах, але больш шырока, дэталёва знаёміць іх з адметнасцямі і асаблівасцямі роднай прыроды.
Ажыўляюць матэрыял чытанкі мастацкія вобразы дзяцей, якія жывуць на ўлонні прыроды. Кожны дзіцячы характар створаны паэтам з веданнем асаблівасцей дзіцячай псіхікі, у кожным мастацкім вобразе паэт знаходзіць нешта адметнае, своеасаблівае. Менавіта таму гэтыя вобразы дзяцей, якія ходзяць у ягады, грыбы, сябруюць, часам сварацца, так добра запамінаюцца чытачам.
Настаўнік па прафесіі, Якуб Колас разумеў, што літаратура павінна вырашаць не толькі адукацыйныя задачы, а і выпрацоўваць у дзяцей самастойнае мысленне, абуджаць іх фантазію, творчую думку.
Коласаўская чытанка ў многім прадвызначыла развіццё і ўмацаванне ў беларускай дзіцячай літаратуры прынцыпаў гуманізму, народнасці. Вопыт Я. Коласа – педагога, які так ярка выявіўся ў «Другім чытанні», – і зараз павучальны для тых, хто імкнецца сваімі творамі дзейсна ўплываць на фарміраванне ў юных чытачоў пачуцця прыгажосці, высокіх духоўных і маральных якасцей.
Тэарэтычныя меркаванні Я. Коласа наконт мастацкай літаратуры для дзяцей і сёння надзвычай каштоўныя. Яны дапамагаюць зразумець спецыфіку дзіцячай літаратуры, яе асноўныя прынцыпы і задачы. Я. Колас падкрэсліваў, што ў дзіцячыя гады, у перыяд першапачатковага фарміравання светапогляду і характару чалавека, літаратура мае найбольшае выхаваўчае значэнне, бо менавіта ў гэты перыяд дзеці вызначаюцца асаблівым чуццём да пытанняў праўды і дабра, што адлюстроўваюцца ў розных жанрах мастацкай літаратуры.
У падручніку «Методыка роднай мовы» Якуб Колас, у прыватнасці, пісаў, што чытанне пашырае кругагляд дзіцяці, узбагачае душу вобразамі і думкамі. Чытанне з’яўляецца важнай крыніцай для развіцця мовы дзяцей, іх эстэтычнага выхавання. Яно ўзбагачае фантазію новымі вобразамі, даючы дзецям новыя разнастайныя перажыванні, выхоўвае ў іх густ да прыгожага, да паэзіі і мастацтва.
На думку Якуба Коласа, вялікае значэнне для выхавання дзяцей мае вывучэнне класічнай літаратуры. Ён рашуча выступаў супраць тых педагогаў, якія сцвярджалі, што класічнай літаратуры не месца ў пачатковай школе, што яна недаступная дзецям, а таму яе трэба замяніць дзіцячай белетрыстыкай. Якуб Колас сцвярджаў, што асаблівасць класічнай літаратуры ў тым і заключаецца, што яна даступна кожнаму ўзросту, што кожны ўзрост чэрпае з яе свой змест і знаходзщь водгук на свае запатрабаванні. Ён адзначаў, што пры кожным новым прачытванні гэтыя творы адкрываюць чытачам «усе новыя думкі, настроі, пачуцці, ідэі … і трэба як найраней прышчапляць дзецям любасць да гэтых пісьменнікаў. А гэтая любасць дасягаецца толькі чытаннем» [3, с. 494]
Слушнымі з'яўляюцца і думкі педагога наконт таго, што ў праграму па літаратуры неабходна ўключыць не толькі вывучэнне высокамастацкіх твораў пісьменнікаў, а і азнаямленне з іх жыццёвым і творчым шляхам, грамадскай дзейнасцю (з улікам узроставых асаблівасцей). Што тычыцца выбару тэкстаў, то пераважнае месца, па меркаванні Якуба Коласа, павінны займаць творы дзіцячай літаратуры, напісаныя роднымі пісьменнікамі.
Пры гэтым:
«1) твор павінен быць цікавым для дзяцей, каб выклікаць у іх ахвоту да чытання;
2) калі артыкул навуковага характару, ён павінен даваць пэўныя і верныя веды;
3) калі артыкул мастацка-палітычны, то ён павінен закранаць у дзяцей лепшыя струны іх, развіваць успагаднасць, гатоўнасць стаяць за грамадзянскія ідэалы. Ён павінен выхоўваць спачуванне, маральную чуласць;
4) выбраны матэрыял для чытання не павінен даваць дзецям гатовага вываду» [3, с. 403].
Гэтыя меркаванні Якуба Коласа, на нашу думку, маюць рацыю і адносна азнаямлення дзяцей з мастацкай літаратурай ва ўстановах дашкольнай адукацыі.
У адпаведнасці з высокай ацэнкай адукацыйнага і выхаваўчага значэння дзіцячага чытання, Я. Колас адзначае, што матэрыял для чытання, павінен быць літаратурна правільным у адносінах да мовы [3, с. 397]. Родная мова валодае асаблівым культуратворчым патэнцыялам, стварае ўмовы для асобаснага развіцця, духоўна-маральнага ўдасканалення дзяцей і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі. У гэтым праяўляецца ўнікальнасць мовы як базіснага элемента культуры. На нацыянальна-культурнай функцыі мовы заснаваны лінгвакультуралагічны падыход да навучання мове, які забяспечвае, з аднаго боку, “уваходжанне” ў нацыянальную і сусветную культуру ў працэсе авалодання маўленнем на беларускай мове, а з другога – авалоданне беларускай мовай на аснове спасціжэння нацыянальнай культуры.
Пры гэтым тэксты для навучання патрэбна выкарыстоўваць як празаічныя, так і вершаваныя. Вершаваны матэрыял, на думку Я. Коласа, заўсёды прызнаваўся карысным для мастацкага выхавання дзяцей. Гэта звязана з тым, што апрача свайго зместу, ён вызначаецца сваёю формаю і той музыкальнасцю, якою вызначаецца вершаваная мова.
Вядома, якую вострую і цяжкую барацьбу давялося весці савецкім пісьменнікам, педагогам у 20-я гады супраць прыхільнікаў тэорыі аб шкоднасці і непатрэбнасці казкі для дзяцей. Якуб Колас быу паслядоўнікам тых мастакоў слова, якія бачылі ў народных казках выдатныя якасці і шмат увагі аддаваў іх публікацыям.
У мастацкай творчасці для дзяцей Якуб Колас заўсёды кіраваўся прынцыпамі, якія выказваў у тэарэтычных і метадычных працах. Створаныя ім казкі, вершы і паэмы, апавяданні і аповесці — разнастайныя сваёй праблематыкай, багатыя на яскравыя вобразы, мастацка-выяўленчыя сродкі — сведчаць аб глыбокім пранікненні пісьменніка ў дзіцячую псіхалогію, аб уменні пісаць цікава і займальна на самыя важныя і актуальныя тэмы.
Тэарэтычныя меркаванні Коласа-педагога надзвычай каштоўныя для беларускай дзіцячай літаратуры. Яны дапамагаюць зразумець спецыфіку літаратуры для дзяцей, яе асноўныя прынцыпы і задачы.
Сваёй педагагічнай дзейнасцю, сваімі цудоўнымі мастацкімі творамі Я. Колас і сёння вучыць настаўнікоў разумець і любіць родную беларускую мову і літаратуру, дапамагае выхоўваць падрастаючае пакаленне.
Спіс выкарыстанай літаратуры
- Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы 19–20 ст./ С.Х Александровіч. — Мінск, 1971. — 247 с.
- Колас, Я. Другое чытанне для дзяцей беларусаў / Я.Колас. — Пб.: 1910. — 112 с.
- Колас, Я. Методыка роднай мовы // Зб. тв.: У 14 т. / Я.Колас. — Мінск, 1976. — Т. 12. — С. 313–506.

RSS





















