Культура маўлення
Ключавыя паняцці і катэгорыі: культура маўлення, мова, маўленне, маўленчая дзейнасць, агульная культура чалавека, прафесійна арыентаванае маўленне, камунікатыўныя якасці маўлення: правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, выразнасць, вобразнасць, багацце (разнастайнасць), дарэчнасць, лаканічнасць (сцісласць), моўная норма, тыпы моўных нормаў, вербальныя і невербальныя сродкі маўленчай дзейнасці, публічнае маўленне, тэхніка і выразнасць вуснага маўлення, маўленчы этыкет, культура дзелавых зносін.
Паняцце культуры маўлення. Камунікатыўныя якасці маўлення
У маўленні чалавек праяўляецца як асоба. Асабліва гэта важна памятаць тым, чый прафесійны род заняткаў цесна звязаны з маўленчай, камунікатыўнай дзейнасцю, -- настаўнікам, юрыстам, журналістам, палітыкам, дыктарам радыё і тэлебачання, прапаведнікам, бізнэсменам і інш. Для іх уменне ўступаць у кантакты, дзелавыя зносіны, выступаць публічна ўваходзіць у разрад прафесійна-дзелавых якасцей. Прыгожая, дакладная мова, правільнае вымаўленне, веданне скарбаў мовы – паказчык не толькі культуры маўлення, а і агульнай культуры чалавека.
Культура маўлення – гэта сукупнасць, сістэма пэўных маўленчых якасцей, якія называюцца камунікатыўнымі якасцямі маўлення, а таксама ўменне эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя маўленчыя якасці ў канкрэтных умовах камунікацыі ў адпаведнасці з нормамі сучаснай літаратурнай мовы.
У шырокім сэнсе слова культура маўлення ўключае не толькі камунікатыўны і нарматыўны, а і этычны і эстэтычны аспекты.
Неабходна адрозніваць такія паняцці, як “мова” і “маўленне”.
Мова – гэта сістэма знакаў; яна служыць найважнейшым сродкам зносін. У адрозненне ад мовы маўленне – гэта канкрэтнае выкарыстанне гэтага сродку зносін у працэсе камунікацыі; гэта матэрыяльны, фізічны працэс; дзейнасць таго, хто гаворыць. Мова – з’ява калектыўная, яна існуе аб’ектыўна і абавязковая для ўсіх, а маўленне адлюстроўвае вопыт канкрэтнага чалавека, яно суб’ектыўнае, адвольнае і непаўторнае.
Для абазначэння такога спецыфічнага віду дзейнасці чалавека, як маўленне выкарыстоўваецца таксама паняцце маўленчая
дзейнасць – выкарыстанне маўлення ў працэсе ўзаемаадносін паміж людзьмі, запатрабаванасці людзей у інфармацыйным абмене.
Вылучаюцца наступныя камунікатыўныя якасці
маўлення – правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, чысціня, багацце (разнастайнасць), выразнасць, лаканічнасць (сцісласць).
|
Камунікатыўныя якасці маўлення |
Правільнасць |
Дакладнасць |
Чысціня |
Выразнасць |
|
Лаканічнасць (сцісласць) |
Лагічнасць |
Дарэчнасць |
|
Багацце (разнастайнасць) |
Схема 1. Камунікатыўныя якасці маўлення
Названыя якасці маўлення цесна ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены, выступаюць у арганічным адзінстве.
Правільнасць маўлення вызначаецца адпаведнасцю маўлення нормам літаратурнай мовы. Гэта камунікатыўная якасць маўлення лічыцца галоўнай. Пры адсутнасці правільнасці маўлення няма сэнсу гаварыць пра іншыя камунікатыўныя якасці: дакладнасць, лагічнасць маўлення і г.д.
Найважнейшай прыкметай літаратурнай мовы з’яўляецца яе нарматыўнасць.
Нарматыўнасць – афіцыйная замацаванасць, традыцыйная агульнапрынятасць моўных нормаў.
Моўная норма – гэта агульнапрынятыя, агульнапрызнаныя маўленчай практыкай і заканадаўча замацаваныя, абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы правілы вымаўлення, словаўжывання, словаўтварэння, пабудовы словазлучэнняў і сказаў. Характэрныя асаблівасці нормы беларускай сучаснай мовы:
-- адносная ўстойлівасць,
-- распаўсюджанасць,
-- агульнаўжывальнасць,
-- агульнаабавязковасць,
-- адпаведнасць ужыванню, традыцыі і магчымасцям моўнай сістэмы.
Нормы дапамагаюць літаратурнай мове захаваць сваю цэласнасць і агульназразумеласць. Для нормы характэрна стабільнасць, устойлівасць і адначасова дынамічнасць, зменлівасць, варыянтнасць.
Варыянтнасць нормы – разнастайнасць, разнатыпнасць моўных нормаў; паралельнае існаванне розных формаў і спосабаў выражэння аднаго і таго самага паняцця.
Варыянт – канкрэтная рэалізацыя моўнай адзінкі, яе разнавіднасць. Варыянты могуць быць нарматыўнымі і ненарматыўнымі (кіламетр і кілометр, гліцэрына і гліцэрын). Моўныя варыянты выяўляюцца на розных моўных узроўнях: фанетычным (льдзіна і ільдзіна, ржышча і іржышча, агурок і гурок), лексічным (працэнт і адсотак, выбі́тны і выдатны), фразеалагічным (лынды біць і бібікі біць, гульма гуляць), акцэнталагічным (наво́кал і навако́л, за́ячы і зае́чы), марфемным (зімовы і зімні, астынуць і астыць), марфалагічным (назва і назоў, прывілея і прывілей), формаўтваральным (форм і формаў, сцяной і сцяною), сінтаксічным (ісці ў грыбы і ісці па грыбы). Варыянты фіксуюцца слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы з выкарыстаннем адпаведных памет. Унутры агульнай літаратурнай нормы выдзяляюцца наступныя тыпы нормаў:
-
лексічныя і фразеалагічныя – рэгламентуюць ужыванне лексічных і фразеалагічных сродкаў у маўленні;
-
арфаэпічныя – вызначаюць правілы вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў;
-
акцэнталагічныя – вызначаюць нормы націску;
-
арфаграфічныя – вызначаюць правілы агульнапрынятага напісання слоў;
-
пунктуацыйныя – вызначаюць правілы пастаноўкі знакаў прыпынку;
-
граматычныя:
– марфалагічныя – вызначаюць правілы выкарыстання марфалагічных формаў (роду, ліку, склону) розных часцін мовы;
– сінтаксічныя – вызначаюць правілы спалучэння слоў у словазлучэннях і сказах;
-
стылістычныя – рэгламентуюць выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасці з іх стылістычнай афарбоўкай і мэтай выказвання;
-
словаўтваральныя – вызначаюць правілы, законы пабудовы, утварэння слоў.
Для ўдакладнення моўных нормаў рэкамендуецца карыстацца слоўнікамі і даведнікамі. Любое адхіленне ад нормы павінна быць сітуацыйна і стылістычна апраўдана, павінна адлюстроўваць рэальныя для мовы варыянтныя формы.
Дакладнасць маўлення вызначаецца ўменнем дакладна мысліць. Маўленне дакладнае тады, калі словы і выразы ўжыты з уласцівым ім значэннем. Недакладна выкарыстанае слова (выраз) выклікае няправільнае ўспрыманне тэксту, прыводзіць да непажаданай двухсэнсовасці, скажае выказванне, дэзынфармуе слухача (чытача): Давайце адчынім падручнікі і выканаем заданне пісьмова, Сістэма адукацыі сёння гуляе вялікую ролю, Аказваем гідраізаляцыйныя работы.
У выніку парушэння дакладнасці маўлення ўзнікаюць тыповыя маўленчыя памылкі. Найбольш частыя з іх:
– ужыванне слоў з неўласцівым ім значэннем: Мы кахаем бацькоў, і нам няма розніцы, колькі ў іх грошай (неадрозненне сінанімічнай дзеяслоўнай пары любіць -- кахаць);
– абумоўленая кантэкстам мнагазначнасць слова: Надышла пара квасіць ( слова квасіць мнагазначнае: 1. Даводзіць да стану браджэння, скісання. Квасіць малако. 2. Нарыхтоўваць у запас. Квасіць капусту. 3. Апрацоўваць шкуры,футра спецыяльным хлебным растворам. Квасіць аўчыны. 4. Моцна лупіць, біць. Квасіць насы. 5. Піць без меры моцныя алкагольныя напоі. Квасіць гарэлку);
– неразмежаванне амонімаў, паронімаў: выразаць апендыцыт замест выразаць апендыкс, дыялектычны слоўнік замест дыялектны слоўнік, адбіраць жывёлу замест выбіраць жывёлу.
Трэба памятаць, што адно і тое самае слова можа выклікаць неаднолькавыя рэакцыі і асацыяцыі ў розных людзей у залежнасці ад іх узросту, інтэлекту, ад узроўню адукацыі, маўленчай культуры.
Лагічнасць маўлення вызначаецца акрэсленасцю думкі, паслядоўнасцю яе выкладу, доказнасцю аргументаў і фактаў, абгрунтаванасцю і бездакорнасцю вывадаў, адпаведнасцю сэнсавай сувязі паміж словамі законам логікі, мыслення. Лагічнасць маўлення цесна звязана з дакладнасцю маўлення. Недакладна ўжытае слова можа зрабіць маўленне нелагічным: “Галіна Бланка. Каханне з першай лыжкі!” Але лагічнасць маўлення можа парушацца і пры дакладным на першы погляд выкарыстанні слоў і выразаў: Ападкаў сёння не чакаецца, акрамя дробнага дажджу, Хочацца звярнуцца да бацькоў, у якіх ёсць дзеці.
Найбольш істотныя памылкі, якія прыводзяць да парушэння лагічнасці маўлення:
-
парушаны парадак слоў у сказе: З дапамогай калгаса моладзь будуе аднатыпныя домікі з верандамі на чатыры пакоі;
-
адсутнасць правільнай сувязі займенніка з назоўнікам у складаным сказе: Гэтыя здымкі ўнікальныя, бо ў дзень тэракту толькі яны мелі права паднімацца ў паветра ў непасрэднай блізкасці ад веж-двайнят Сусветнага гандлёвага цэнтра;
-
няправільнае ўжыванне дзеепрыслоўнага зварота: Гледзячы на настрой, які панаваў у салоне аўтобуса, гэты “Зорны паход” не мог не атрымацца;
-
наяўнасць несупастаўляльных, несуадносных паміж сабой паняццяў: Васіль Дзятлік быў кулаком. У яго былі розныя вочы;
-
збыткоўнасць інфармацыі ў выглядзе так званых плеаназмаў (шматслоўных выказванняў з сэнсава лішнімі словамі) і таўталогіі (паўторных абазначэнняў ужо названага паняцця): Пазнаёмцеся, калі ласка, гэта мой калега па рабоце, Падзеі, вартыя гісторыі, прыблізіліся вельмі блізка;
-
адсутнасць лагічнасці і граматычнай сувязі паміж сказамі: Зразумела, далёка яшчэ не ўсё зроблена. Можна сказаць, мы прайшліся па вярхах толькі. Увогуле будзем і далей працаваць у гэтым кірунку.
Дарэчнасць маўлення звязана з паняццем камунікатыўнай мэтазгоднасці, калі адбор моўных сродкаў вызначаецца маўленчай сітуацыяй: стылем, часам, месцам, мэтамі і ўмовамі камунікатыўных зносін і інфармацыі. Сапраўднае веданне мовы якраз і заключаецца ва ўменні сказаць так, як гэта прынята ў пэўных умовах, для пэўнага слухача, з улікам яго ўзросту, кваліфікацыі. Дарэчнасць маўлення цесна звязана з паняццем функцыянальных стыляў.Адзінства стылю – адна з галоўных умоў дарэчнасці маўлення.
Для таго, каб маўленне было дарэчным, неабходна пазбягаць найбольш распаўсюджаных памылак:
-
нематываванага ўжывання рознастылёвай лексікі, у тым ліку жаргоннай і дыялектнай: Фагацыты ўплятаюць мікробаў,
-
недарэчнай вобразнасці, празмернай эмацыянальнасці, пафаснасці: На тарфяных балотах прадаўжаецца збор ягадных падарункаў;
-
ужывання слоў і выразаў, не суадносных з адпаведнай ім эпохай (анахранізмаў): Капернік, калі яго спальвалі, крычаў: “Усё роўна яна круціцца!” і інш.
Чысціня маўлення прадугледжвае адсутнасць у маўленні нехарактэрных літаратурнай мове слоў і выразаў, вызначае мэтазгоднасць або немэтазгоднасць іх увядзення ў сферу камунікацыі.
Крыніцамі засмечвання маўлення з’яўляюцца:
-
словы-паразіты (лішнія словы): так сказаць, літаральна, ну, вось, э-э-э, як бы, тыпу, гэта самае, фактычна, карацей, разумееце, значыцца;
-
жарганізмы: пенсія (стыпендыя), студак (студэнцкі білет), універ (універсітэт), твікс (двойка), шузы (модныя чаравікі), шнобель (нос), тачка (аўтамабіль);
-
дыялектызмы: гавора замест гаворыць, ідзець замест ідзе, я роблю замест я раблю, расказуваў замест расказваў, сістра замест сястра;
-
іншамоўныя тэрміны: Разгледзім спалучэнні, у якіх эксплікант называе прыкметы, што кваліфікуюцца ў адносінах да інтэнсіянала эксплікандума як прыкметы няжорсткай і слабаверагоднай імплікацыі…;
-
вульгарызмы, прастамоўе, лаянкавая лексіка: хахаль, галадранец, жратва, забулдыга;
-
канцылярызмы і маўленчыя штампы: Я – па пытанню зубоў, Шмат гадоў не меў справы з тэхнікай;
-
запазычаныя словы (русізмы, паланізмы): Як абстаяць справы ў маладых? Пры выглядзе гэтай карціны я ўпаў у смутак;
-
штучныя словы (наватворы): бязбаб’е (адсутнасць грошай), танкісты (студэнты БДПУ імя М. Танка), сэм (самагонка), рыфмуліста, ганарарыста;
Багацце (разнастайнасць) маўлення прадугледжвае багаты слоўнікавы запас, вызначаецца ўмелым выкарыстаннем у маўленні разнастайных лексічных (сінанімічных, антанімічных і г.д.), фразеалагічных, а таксама граматычных моўных сродкаў у розных сферах зносін.
Значны актыўны запас моўных сродкаў і сукупнасць навыкаў іх прымянення – асноўная ўмова забеспячэння багацця (разнастайнасці) маўлення.
Лічыцца, што актыўны слоўнікавы запас сучаснага адукаванага чалавека павінен дасягаць 10-13 тысяч розных слоў і выразаў. У штодзённым жыцці большасць людзей карыстаецца прыкладна 2-3 тысячамі слоў.
Пра абмежаваныя маўленчыя магчымасці чалавека, пра беднасць яго слоўніка сведчаць часты паўтор адных і тых самых слоў (выразаў), іх нематываванае выкарыстанне.
Людзі лінгваінтэнсіўных прафесій павінны ўзбагачаць свой слоўнікавы запас. Дзейснасць прафесійна арыентаванага маўлення ўзмацняе выкарыстанне сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, фразеалагізмаў, афарызмаў, мнагазначных слоў, разнастайных словаўтваральных рэсурсаў і сінтаксічных канструкцый. Яны выступаюць важнымі кампанентамі маўленчай дзейнасці і служаць выразнікамі дадатковага сэнсу, экспрэсіўных ацэнак, яркіх, вобразных характарыстык, спосабамі эмацыянальнага ўздзеяння на іншых людзей (напрыклад, глядзець як вока, у паднябессі лунаць, усёй грамадою, залаты фонд, альфа і амега, абое рабое, на жывым мядзведзі скуру купляць, духоўны пажытак, свой розум мець, выбар зроблены, абазнанасць (дасведчанасць, азнаёмленасць), абранец (абраннік), адсотак (працэнт), амбасада (пасольства), антырынкавы (антырыначны), бізнесовец, бізнесоўца (бізнесмен), выбітны (выдатны, выключны), вызвольны (вызваленчы), выкіды (адходы), ганараваны (ушанаваны, узнагароджаны), гледзішча (пункт погляду, гледжання), заўважны (прыметны, значны), звяздар (астролаг), звяз (саюз)).
Выразнасць маўлення вызначаецца наяўнасцю ў маўленні такіх моўных сродкаў, што фарміруюць экспрэсіўнае ўздзеянне на розум і эмацыянальны стан чалавека, выклікаюць і прыцягваюць увагу слухача.
Асноўнымі сродкамі выразнасці маўлення выступаюць:
● стылістычныя фігуры і тропы (метафары, эпітэты, метаніміі, сінекдахі, параўнанні, перыфразы і інш.): газетная шапка, салодкі голас, цёплая сустрэча, карычневая чума (фашызм), другі хлеб (бульба), перачытваць Караткевіча, Мінск сустракаў гасцей, золата (медалі) заваявалі беларускія спартсмены, вораг адступае замест ворагі адступаюць, прывітанне моладзі замест… маладому чалавеку;
● афарызмы, прыказкі, прымаўкі, фраземы, эўфемізмы (ветлівыя, больш далікатныя выразы): Ад навукі галава не баліць, “Людзьмі звацца” (Я. Купала), цягнуць лямку, рукі апусціць, з ног збіцца, атрымаць перамогу, браць удзел, акінуць поглядам, ухіляцца ад ісціны, недалёкі чалавек;
● формы з суфіксамі эмацыянальна-суб’ектыўнай ацэнкі (станоўчай або адмоўнай): вялізны, велізарны, высачэзны, даўжэразны, здаравенны, маленькі, навюткі, галасішча, раненька, халадэча, даміна;
● рытарычныя пытанні і воклічы, паўторы, звароткі: І дзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчачка другая? (Я. Колас), О, гэтая скрыпка! Што яна рабіла з людзьмі? (У. Дамашэвіч), О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю (П. Панчанка), Роднае слова! З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуст (Цётка), век векаваць, голасам галасіць, масла масленае;
● інверсія (адваротны парадак слоў), парцэляцыя (выдзяленне асобных членаў сказа): Яго душа была багатая, вочы вострыя і мудрыя, розум аналітычны, рука нястомная (П. Панчанка), А пшаніца, якая пшаніца навокал! Густая, чыстая, высокая (Я. Брыль);
● гумар (жарт, каламбур, анекдот і г. д.): Калі ўжыў хвалебны выраз – у вачах начальства вырас (І. Курбека), У адным сумленнасць: кожны дзень сум, ленасць… (І. Курбека), Размаўляюць дзве бландзінкі: “—Ты ўсяго Пушкіна прачытала? – Не-а… -- А я – усяго: “Аляксандр Сяргеевіч Пушкін”!;
● інтанацыя, паўзы, гукавыя эфекты: У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, -- Блонь, Струнь, Звонь! (П. Броўка), Хто ўладарыць, той і ўдарыць… (П. Панчанка), Давайце ж думаць не прымітыўна, давайце думаць праметэйна! (Л. Дайнека);
● выразнае вымаўленне, акцэнталогія: Шэкспі́р! Сумле́нне ча́су, му́драсць ве́ку! (Ю. Гаўрук) і інш.
Трапнае ўжыванне названых сродкаў ажыўляе маўленне, ліквідуе сухасць выказвання, яго аднастайнасць, невыразнасць. Слоўная нагляднасць стварае адпаведныя карціны і вобразы, што заўсёды дапамагае дасягнуць выразнасці, вобразнасці маўлення, робіць яго больш жывым, даходлівым. Але неабходна памятаць, што залішняе “расквечванне” думкі, яе “квяцістасць” псуе маўленне, як псуе яго і празмерная заштампаванасць.
Лаканічнасць (сцісласць) маўлення прадугледжвае адбор найбольш рацыянальных, зручных для зносін моўных сродкаў.
Шмат гаварыць яшчэ не значыць шмат сказаць. Невыпадкова А. Чэхаў сцвярджаў: “Сцісласць – сястра таленту”. Сцісласць (лаканічнасць) робіць маўленне больш зразумелым і прыемным. Дасягнуць гэтага можна ўменнем:
– вылучаць галоўнае, канцэнтравацца на ім;
– выключаць усё другаснае, не звязанае з тэмай прамовы, пазбягаць збыткоўных падрабязнасцяў;
– не пераскокваць з аднаго на другое;
– не перагружаць маўленне складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі са шматлікімі складанымі сказамі;
– прытрымлівацца рэгламенту выступлення.
Трэба памятаць, што лаканізм маўлення прымушае думаць.
Кантрольныя пытанні і заданні
1. Што называецца культурай маўлення?
2. Чым адрозніваюцца паняцці “мова” і “маўленне”? Што абазначае паняцце “маўленчая дзейнасць”?
3. Пералічыце асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення. Як вы разумееце іх?
4. Што такое правільнасць маўлення? Дайце азначэнне паняццю “моўная норма”. Якія тыпы нормаў вам вядомы?
5. У чым заключаецца дакладнасць маўлення? Назавіце найбольш частыя маўленчыя памылкі, што ўзнікаюць у выніку парушэння дакладнасці маўлення.
6. Што абазначае лагічнасць маўлення? Якія лагічныя памылкі вам вядомы?
7. Як вы разумееце дарэчнасць маўлення? Якіх памылак трэба пазбягаць, каб маўленне было дарэчным?
8. Што такое чысціня маўлення? Якія крыніцы засмечвання маўлення вы ведаеце?
9. У чым заключаецца багацце (разнастайнасць)маўлення?
10. Як вы разумееце лаканічнасць (сцісласць) маўлення? Пра што неабходна памятаць, каб маўленне было лаканічным?
11. Чым вызначаецца выразнасць маўлення? Назавіце асноўныя сродкі выразнасці маўлення.
Тэхніка і выразнасць вуснага маўлення. Узаемадзеянне вербальных і невербальных сродкаў маўленчай дзейнасці
Тэхніка маўлення з’яўляецца важнай складовай часткай прафесійна арыентаванага маўлення.
Тэхніка маўлення – сукупнасць навыкаў, уменняў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца з мэтай дасягнення найлепшага (аптымальнага) гучання маўлення і дазваляюць прамоўцу з максімальнай эфектыўнасцю ўздзейнічаць на слухача.
Схема 2.
Тэхніка маўлення
правільнае маўленчае (фанацыйнае) дыханне
пастаўлены
голас
дыкцыя і выразнае вымаўленне (артыкуляцыя)
Тэхніка маўлення ўключае:
-
правільнае маўленчае (фанацыйнае) дыханне;
-
пастаўлены голас;
-
добрую дыкцыю, інтанацыю;
-
выразнае вымаўленне (артыкуляцыю).
Маўленчае (фанацыйнае) дыханне адрозніваецца ад фізіялагічнага кароткім энергічным удыхам і працяглым раўнамерным выдыхам, падчас якога адбываецца ўтварэнне гукаў.
Схема 3.
Паўза
Удых
Выдых
Удых
Выдых
Паўза
Фізіялагічнае дыханне Маўленчае (фанацыйнае)
дыханне
Для маўлення звычайнага фізіялагічнага дыхання не хапае. Вуснае маўлення патрабуе большай колькасці паветра, эканомнага яго расходвання і своечасовага аднаўлення. Правільнае дыханне павінна быць глыбокім, частым, падкантрольным.
Голас характарызуецца гучнасцю (сілай), вышынёй, тэмбрам, дыяпазонам.
Распаўсюджаныя недахопы голасу:
-
афанія – невыразнасць, цьмянасць гучання голасу;
-
дысфанія – адсутнасць устойлівага, роўнага гучання, калі голас зрываецца, дрыжыць;
-
фонастэнія –хуткая стамляльнасць голасу;
-
псеўдафонастэнія – перарывістаць голасу, выкліканая празмернай эмацыянальнасцю.
Да прафесійных якасцей прамоўніцкага голасу адносяцца: мілагучнасць, звонкасць, гнуткасць, палётнасць, устойлівасць, вынослівасць, сугестыўнасць (магчымасць з дапамогай голасу перадаваць свае эмоцыі і ўплываць на слухачоў).
Дыкцыя – выразнае, яснае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў падчас маўлення. Дыкцыя залежыць ад зладжанай, правільнай работы ўсяго маўленчага апарату (губы, язык, сківіцы, зубы, цвёрдае і мяккае паднябенні, насаглотка,галасавыя звязкі). Найбольш частыя недахопы дыкцыі – картавасць, шапялявасць, гугнявасць, вяласць або няяснасць маўлення, “хуткая гаворка”, гучанне “праз зубы”, з’яданне гукаў на канцы або ўнутры слова і інш. Удасканаленне дыкцыі звязана найперш з выпрацоўкай правільнай артыкуляцыі – рухаў органаў маўлення чалавека.
Выразнасць вуснага маўлення – якасць, якая дазваляе з дапамогай разнастайных галасавых сродкаў надаць выказванню дадатковую сэнсавую і эмацыянальную афарбоўку.
Важным сродкам выразнасці вуснага маўлення з’яўляецца інтанацыя. Інтанацыя – гэта рытміка-меладычны бок маўлення, які ствараецца за кошт вар’іравання элементаў голасу – гучнасці, сілы, вышыні (тону і тэмбру), а таксама ўключае тэмп маўлення, мелодыку і рытм.
Роля інтанацыі ў працэсе камунікацыі:
-
дазваляе меркаваць аб важнасці, значнасці выказвання;
-
характарызуе адносіны моўцы да ўласнага выказвання;
-
выяўляе адносіны да суразмоўцы;
-
сведчыць аб эмацыянальна-псіхалагічным, фізічным стане таго, хто гаворыць.
У адпаведнасці з гэтым вылучаюць інтанацыю лагічную і эмацыянальную.
Авалоданне правільнай тэхнікай маўлення дазваляе прамоўцу не адчуваць стомленасці пры шматгадзіннай нагрузцы на маўленчы апарат, наладжваць максімальны кантакт са слухачамі, дабівацца высакаякаснага маўлення.
Падчас прафесійна-камунікатыўных кантактаў, перадачы інфармацыі выкарыстоўваюцца не толькі вербальныя (слоўныя, моўныя) сродкі ўздзеяння, а і так званыя невербальныя візуальныя сродкі зносін, г.зн. нямоўныя, тыя, якія ўспрымаюцца зрокава.
У працэсе камунікацыі на невербальны канал, паводле розных звестак, прыпадае ад 45% да 80% інфармацыі. Існуе таксама меркаванне, што пры зносінах паміж людзьмі невербальныя сродкі пераважаюць.
Да невербальных візуальных сродкаў уздзеяння адносяцца:
-
міміка – цяглічныя рухі твару, выраз твару;
-
жэсты – дынамічныя рухі частак цела чалавека (галавы, рук, тулава, ног), якія маюць камунікатыўную скіраванасць;
-
манеры – знешнія формы паводзін;
-
поза – становішча цела чалавека ў прасторы, манера стаяць.
Неабходна памятаць, што невербальнае ўзаемадзеянне з’яўляецца дадатковым інфармацыйным і эмацыянальным сродкам камунікатыўных паводзін чалавека. Асноўныя функцыі невербальных сродкаў:
-
несці дадатковую інфармацыю (часам супярэчлівую сэнсу вербальнай);
-
выконваць функцыю прапушчанага вербальнага кампанента;
-
дапаўняць вербальнае паведамленне;
-
рэгуляваць узаемадзеянне людзей падчас маўлення.
Кантрольныя пытанні і заданні
1. Што такое тэхніка маўлення? Назавіце складовыя часткі прафесійна арыентаванага маўлення.
2. Чым адрозніваюцца дыханне маўленчае і фізіялагічнае? У чым заключаецца правільнае маўленчае дыханне?
3. Назавіце распаўсюджаныя недахопы маўленчага голасу. Ахарактарызуйце асноўныя прафесійныя якасці прамоўніцкага голасу.
4. Што такое дыкцыя і артыкуляцыя? Назавіце прычыны кепскай дыкцыі.
5. Як вы разумееце выразнасць вуснага маўлення? З чаго складаецца інтанацыя? Акрэсліце ролю інтанацыі ў працэсе камунікацыі.
6. Што такое вербальныя і невербальныя сродкі маўленчай дзейнасці?
7. Пералічыце невербальныя візуальныя сродкі ўздзеяння і назавіце іх асноўныя функцыі.
Падрыхтоўка да публічнага выступлення. Асноўныя
якасці-паказчыкі паспяховага выступлення
Зносіны паміж людзьмі рэалізуюцца ў пэўнай сітуацыі, якую называюць маўленчай, або камунікатыўнай, сітуацыяй. Яе асноўнымі складнікамі выступаюць: тэма – мэта – месца – час – суб’ект (моўца) – адрасат
(слухач) – маўленне. Адным з відаў маўленчай дзейнасці з’яўляецца публічнае маўленне.
Публічнае маўленне – гэта вуснае выступленне перад масавым слухачом; від кантактаў, сувязей з іншымі людзьмі, які ўяўляе сабой працэс перадачы і прыёму інфармацыі.
Характэрныя прыкметы публічнага маўлення:
-
арыентацыя на вуснае маўленне;
-
сітуацыйнасць;
-
выкарыстанне як вербальных, так і невербальных сродкаў уздзеяння;
-
папярэдняя прадуманасць, падрыхтаванасць;
-
маналагічная форма;
-
элементы дыялагізацыі;
-
наяўнасць калектыўнага субяседніка;
-
непасрэдная сувязь са слухачамі.
Да асноўных якасцяў-паказчыкаў паспяховага выступлення трэба аднесці:
-
выбар тэмы выступлення (тэма павінна адпавядаць агульнай падрыхтоўцы і практычнаму вопыту прамоўцы, быць адпаведнай маўленчай сітуацыі і інтарэсам слухачоў);
-
фармулёўка тэмы (фармулёўка павінна быць па магчымасці яркай, вобразнай, запамінальнай, палемічна завостранай, дакладнай і лаканічнай, “рэкламнай”);
-
вызначэнне агульнай і канкрэтнай мэт выступлення (мэтавая скіраванасць і эфектыўнасць маўлення);
-
падбор матэрыялаў (тэарэтычныя і эмпірычныя крыніцы назапашвання матэрыялу, СМІ, Інтэрнэт, ілюстрацыйны матэрыял);
-
аналіз выбранага матэрыялу (вызначэнне ўласнай пазіцыі, фармулёўка сваіх думак, асэнсаванне прапанаваных ідэй з пазіцыі слухачоў);
-
складанне плана (папярэдняга, рабочага, асноўнага; простага, складанага);
-
кампазіцыя (структура) маўлення (прынцыпы паслядоўнасці, лагічнасці, эканоміі, узмацнення і інш., суадноснасць састаўных элементаў
кампазіцыі – уступу, асноўнай часткі, заключэння); -
метады падачы матэрыялу (індуктыўны, дэдуктыўны, аналогіі, гістарычны і інш.);
-
моўнае афармленне публічнага выступлення (падрыхтоўка пісьмовага тэксту маўлення, слоўнае афармленне тэксту);
-
аргументацыя (лагічныя і камунікатыўныя аргументы, доказы);
-
авалоданне матэрыялам выступлення;
-
кантакт са слухачамі (інтэлектуальны, эмацыянальны, візуальны, фанацыйны, або інтанацыйна-галасавы).
Трэба памятаць, што ўменне выступаць публічна – гэта мастацтва, якім можна авалодаць толькі шмат і сістэматычна практыкуючыся, працуючы над сабой.
Кантрольныя пытанні і заданні
1. Якую сітуацыю называюць маўленчай (камунікатыўнай)? Пералічыце асноўныя складнікі.
2. Што ўяўляе сабой публічнае маўленне? Якія характэрныя прыкметы публічнага маўлення вы ведаеце?
3. У чым заключаецца ўменне выступаць публічна?
4. Назавіце асноўныя якасці-паказчыкі паспяховага выступлення.
5. Як вы рыхтуецеся да вуснага публічнага выступлення?
Маўленчы этыкет і культура зносін
Важным кампанентам прафесійна арыентаванага маўлення лічыцца маўленчы этыкет. Маўленчы этыкет – гэта выпрацаваныя правілы маўленчых паводзін, сістэма маўленчых формул-стасункаў. Веданне правіл маўленчага этыкету дазваляе чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена, натуральна ў любой маўленчай сітуацыі, пры любых прафесійна-дзелавых абставінах. Захаванне маўленчага этыкету людзьмі лінгваінтэнсіўных прафесій (настаўнікамі, юрыстамі, журналістамі, палітыкамі, кіраўнікамі і інш.) спрыяе ўмацаванню і павышэнню ўзроўню маўленчай культуры ўсіх носьбітаў мовы.
Маўленчы этыкет мае нацыянальную спецыфіку. Веданне асаблівасцяў этыкету свайго народа і народаў іншых краін, яго маўленчых формул, валоданне спецыфікай дзелавых стасункаў дапамагаюць пры выкананні прафесійных абавязкаў, устанаўленні кантактаў з калегамі, партнёрамі, чыноўнікамі і г.д.
Маўленчы этыкет, выбар маўленчых этыкетных выразаў вызначаецца сацыяльным статусам чалавека, яго прафесіяй, нацыянальнасцю, узростам, полам, характарам, а таксама маўленчай сітуацыяй, варункамі зносін (публічнае выступленне, прэзентацыя, канферэнцыя, дзелавая сустрэча, кансультацыя і інш.).
У беларускай мове гістарычна склаліся формулы маўленчага этыкету:
-
зварот: спадар, спадарыня, спадары, спадарства, панове, сябра, дружа, сябры, калегі, каляжанкі, шаноўная грамада, таварыш (вайск.), паважаны, шаноўныя, цётка, цётачка, дзядзька, дзядзечка;
-
падзяка: Шчыры дзякуй! Вялікі дзякуй! Вельмі ўдзячны Вам! Дзякуй на добрым слове!;
-
знаёмства: Дазвольце адрэкамендавацца! Вельмі прыемна! Будзем знаёмы!;
-
прывітанне: Добры дзень (вечар, раніцы)! Маё шанаванне! Вітаю Вас! Прывітанне!;
-
развітанне: Да пабачэння! Усяго найлепшага! Да сустрэчы! Усяго Вам добрага! Да заўтра! Шчасліва! Пабачымся! Пакуль! Бывайце! Бывайце здаровы! Дазвольце з Вамі развітаццца!;
-
прабачэнне: Прабачце! Прашу прабачэння! Даруйце, калі ласка! Выбачайце! Не крыўдуйце (не сярдуйце, не злуйцеся)! Даруйце (выбачайце), калі што не так!;
-
віншаванне: Віншую Вас! Жадаю Вам! Дазвольце павіншаваць! Са святам! Дасылаю Вам свае віншаванні! З юбілеем!;
-
згода, пацвярджэнне: Так. Але. Вядома! Зразумела! Пэўна ж! Добра, згода! Няма сумнення! Дамовіліся! Вельмі слушна! Слушная прапанова! Нельга не пагадзіцца! Праўда ваша!;
-
пажаданне: Смачна есці! Смашнага вам! Памагай Бог! Хай Вам шчасціць! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай (гладкай) дарогі! Хай Вам лёс не здрадзіць! Спору ў працы! На спажытак Вам! На здароўе!;
-
ветлівасць: Дазвольце спытаць / запытацца (увайсці, сесці, узяць)! Праходзьце, калі ласка! Запрашаем Вас! Прашу Вас! Не турбуйцеся! Не клапаціцеся! Як жыццё? Як працуецца? Як здароўе? Што чуваць? Як маецеся? Што новага?
У беларускім і рускім маўленчым этыкеце існуе цэлы шэраг устойлівых формул, якія неабходна запомніць:
|
урэшце рэшт, нарэшце на маю думку, на мой погляд перш-наперш, перш за ўсё, перадусім шчыра кажучы, калі праўду казаць уласна кажучы на (вялікі) жаль на шчасце на ўсякі выпадак між іншым па-першае (па-другое…) так бы мовіць, так сказаць, скажам так як кажуць карацей кажучы наогул, увогуле кажучы жартам кажучы і гэтак далей (і г.д.) і іншыя (і інш.) і да таго падобнае (і пад.)
|
в конце концов по-моему прежде всего честно говоря, по правде говоря
собственно говоря к (большому) сожалению к счастью на всякий случай между прочим во-первых (во-вторых…) так сказать
как говорят, как говорится короче говоря вообще говоря в шутку говоря и так далее (и т.д.) и другие (и др.) и тому подобно
|
Вядома, нельга быць культурным чалавекам толькі на словах. Культура маўленчых паводзін фарміруецца ў чалавека ў комплексе з маральнымі нормамі і этычнымі прынцыпамі грамадства – ветлівасцю, карэктнасцю, далікатнасцю, сціпласцю, абавязковасцю, натуральнасцю, усім тым, што складае паняцце культура дзелавых зносін.
Кантрольныя пытанні і заданні
1. Што такое маўленчы этыкет? Акрэсліце ролю маўленчага этыкету.
2. У чым заключаецца нацыянальная спецыфіка маўленчага этыкету?
3. На якія асноўныя групы дзеляцца формулы маўленчага этыкету? Якія формулы беларускага маўленчага этыкету вы ведаеце?
4. Якія формулы-звароткі да асобы вы ведаеце ў беларускай мове, у іншых мовах?
5. Якія функцыі выконваюць формулы-звароткі? Што вам вядома з гісторыі іх ужывання?
Практычныя заданні
Практыкаванне № 1. Прачытайце беларускія народныя прыказкі і прымаўкі згодна з правіламі беларускага літаратурнага вымаўлення. Адкажыце, пра якія камунікатыўныя якасці і характарыстыкі маўлення ідзе ў іх гаворка?
&7T 1) Не тое кажы, што ведаеш, а тое, што ў рыхт. 2) Сказаў, як цвіком прыбіў. 3) Выскачыў, як піліп з канапель. 4) Пустая гаворка не пагаворка. 5) Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца. 6) Язык як у адваката. 7) Многа ведай, ды мала гавары. 8) Пустой птушкі пустая песня. 9) Трэба знаць, што казаць. 10) Разказвае, як з пісанага бярэ. 11) Напішаш пяром – не высечаш тапаром.
Практыкаванне № 2. Абазначце націск у словах. Вызначце, ці назіраюцца ў маўленчай практыцы адхіленні ад акцэнталагічных нормаў пры выкарыстанні гэтых слоў?
&7T Грамадзянін, беларусы, развіты, высокаразвіты, каменны, падпарадкаванне, гліняны, факсіміле, факсімільны, адзінаццаць, чатырнаццаць, статуя, хабар, буйны, хіба, даследаванне, крыху, выпадак, камфара, крапіва, каталог, квартал, арыстакратыя, эксперт, феномен, дыспансер, шэсцьдзесят.
Практыкаванне № 3. Вызначце род назоўнікаў, падбярыце да іх прыметнікі, словазлучэнні запішыце.
&7T Рэзюмэ, камюніке, авеню, клішэ, алібі, аташэ, інтэрв'ю, дасье, жалюзі, амплуа, журы, калібры, кенгуру, івасі, гусь, зебу, марабу, табу, фламінга, Антарыа, Чылі, «Юманітэ», Дэлі, Гобі, Хансю, Місісіпі, турнэ, мікада, НАН РБ, БелСЭ, ЛіМ.
Практыкаванне № 4. Запішыце назоўнікі ў форме роднага склону адзіночнага ліку. Вызначце, ад чаго залежыць выбар канчаткаў? Ці назіраюцца варыянтныя формы канчаткаў і ў якіх выпадках?
&7T Дакумент, каэфіціент, архіпелаг, воцат, век, туман, вопыт, тэрмін, ідэал, менталітэт, загад, сродак, імідж, поспех, дагавор, сусвет, інтэрвал, талент, інтэлект, кантынент, народ, аналіз, кантраст, дарвінізм, паланэз, характар, авёс, кілаграм.
Практыкаванне № 5. Выпраўце маўленчыя памылкі ў словазлучэннях. Адкажыце, у выніку чаго яны ўзніклі?
&7T Карэнны абарыген, свабодная вакансія, калега па рабоце, прэйскурант цэн, мая аўтабіяграфія, грашовая прэмія, турыстычны кемпінг, канчатковы вынік, у красавіку месяцы, арганізаваць арганізацыю, супраціўляцца супраць, наблізіцца бліжэй, малады юнак, першая прэм’ера.
Практыкаванне № 6. Прачытайце і запомніце ўстойлівыя выразы на беларускай і рускай мовах. Падумайце, у якім стылі і пры якой маўленчай сітуацыі магчыма іх выкарыстанне? Складзіце 3-4 сказы з устойлівымі выразамі (на выбар).
&7T Ісці ў заклад – биться об заклад, без дай прычыны – безо всякой причины, без прымусу – без понукания, кідаць лёсы – бросать жребий, умомант вока – в мгновение ока, хадзіць у пазыкі – взять в долг, на чале – во главе, каб унікнуць – во избежание, пытанне рубам (ставіць) – вопрос ребром (ставить), духоўны пажытак – духовная пища, давесці да ладу – привести в порядок, марная мітусня – суета сует, пункт гледзішча – точка зрения, даваць карысць – приносить пользу, адным скокам – в два счёта, за адным заседам – в один присест, шматкроць – во много раз.
Практыкаванне № 7. Падбярыце да добра вядомых рускіх прыказак і прымавак беларускія адпаведнікі. Запомніце іх.
&7T 1) Без труда не вытащишь и рыбку из пруда. 2) Большому
кораблю – большое плаванье. 3) Волков бояться – в лес не ходить. 4) За двумя зайцами погонишься – ни одного не поймаешь. 5) Любишь кататься – люби и саночки возить. 6) На безрыбье и рак рыба. 7) Утро вечера мудренее. 8) Лучше синица в руках, чем журавль в небе. 9) Не откладывай на завтра то, что можно сделать сегодня. 10) Цыплят по осени считают. 11) Ученье – свет. 12) В каждой шутке есть доля правды. 13) Видно птицу по полёту. 14) Дыма без огня не бывает. 15) Каждый кулик своё болото хвалит.
Для даведак: Не той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне. Без навукі, як бязрукі. Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца. Хто ваўкоў баіцца, па ягады не ходзіць. Няма байкі без праўды. Вялікаму каню – вялікі хамут.
Пераначуем – болей пачуем. Адклад не йдзе ў лад. Лепш верабей у руцэ, чым голуб на страсе. Без прычыны і хвост не матляецца. Любіў цалаваць – любі і калыхаць. Хто два зайцы гоніць, ніводнага не здагоніць. Кожны цыган сваю кабылу хваліць. Знаць пана па халявах. І месяц свеціць, калі сонца няма.
Практыкаванне № 8. Складзіце словазлучэнні, спалучыўшы паронімы з адпаведнымі па сэнсе словамі ў дужках. Карыстайцеся для даведак “Слоўнікам паронімаў беларускай мовы” С.М. Грабчыкава (1994 г.).
& Асабісты, асабовы, асаблівы (лёс, склад, рахунак, справа, выгляд); асо́бы , асобны (батальён, брыгада, прылада, аддзел); эканамічны, эканомны (адраджэнне, санкцыі, гаспадар); уласніцкі, уласны (псіхалогія, зямля, гаспадарка); буржуазны, буржуйскі (рэспубліка, урад, раскоша); грамадзянскі, грамадскі (работа, жыццё, вопратка); гуманістычны, гуманны (ідэі, прафесія); дэманстратыўны, дэманстрацыйны (паводзіны, лозунгі, зала); дзейны, дзейсны (сродак, рэакцыя, чалавек); даследчыцкі, даследчы, доследны (дзейнасць, цэнтр, гаспадарка).
7 Рацыяна́льны, рацыяналісты́чны (лікі, выкарыстанне, філасофія); пункцірава́льны, пункцірны (лінейка, палосы); прахадны́, прахо́дны (бал, будка); праекты́ўны, праекцы́йны (геаметрыя, апарат); піраміда́льны, пірамідны (аснова, грані, дрэва); падо́ўжаны, падо́ўжны (форма, сцяна); ліне́ены, ліне́йны (лісток, геаметрыя, дыспетчар); даказа́льны, дака́заны, до́казны (палажэнне, злачынства, тэарэма, аргументацыя); вы́мераны, выме́рны (участак зямлі, велічыня, рулетка); варыя́нтны, варыяцы́йны (формы, рад, вылічэнне); вытво́рны, вытво́рчы (каса́я, план, майстэрня); дробны, дро́бязны, дробавы, (лікі, дожджык, пытанне, фальварак, шляхта, апека).
{ Балотны, балоцісты (вада, птушка, бераг, мясцовасць); вадзяністы, вадзяны, водны (снег, хмара, лілея, гладзь, роўнядзь); вераснёвы, верасовы (сонца, галінка); гарысты, горны(мясцовасць, вадапад, камбайн); ёдзісты, ёдны (пах, настойка); запаведны, запаветны (зона, звычай, словы); інкубатарны, інкубацыйны (станцыя, перыяд); кветачны, кветкавы, кветнікавы (эсэнцыя, пылок, клумбы, участак); кліматалагічны, кліматычны (умовы, фактар); ледавіковы, ледніковы, ледзяны, лядовы (перыяд, вецер, позірк, шыроты).
Практыкаванне № 9. Адкажыце, з якім значэннем ужываюцца прыведзеныя фразеалагізмы? Што вы ведаеце пра іх паходжанне? Вызначце месца націску ў кампанентах фразеалагізмаў. Складзіце сказы з некалькімі фразеалагізмамі.
&7T Аўгіевы стайні, усмешка аўгураў, бочка Данаід, валаамава асліца (асёл), валтасараў пір, ахілесава пятка, вочы Аргуса, двулікі Янус, каінава пячатка, калос на гліняных нагах, лукулаў пір, манна нябесная, паміж Сцылай і Харыбдай, праца Пенелопы, сады Семіраміды, сізіфава праца, Садом і Гамора, танталавы пакуты.
Практыкаванне № 10. Падбярыце да запазычаных слоў беларускія адпаведнікі, пакажыце семантыка-стылістычнае адрозненне паміж імі.
&7{ Крэатыўны, брутальны, авангардны, аналогія, дылетант, вербальны, генезіс, выбітны, мабільны, спонсар, кампраміс, факультатыўны, карпаратыўны, аўтарытарны, легітымны, анімацыя, рэзюмэ, авацыя, грант, кастынг, кансэнсус, прэсінг, рэйтынг, шоу.
Практыкаванне № 11. Прачытайце тэкст. Адкажыце, чаму форма дзеепрыметніка з суфіксам -юч- “уздзейнічаючая” не характэрная для беларускай мовы? Як вы думаеце, чым яшчэ, акрамя назоўніка, можна замяніць гэту форму?
&7T …Ідуць практычныя заняткі ў ВНУ. Студэнтка расказвае пра публіцыстычны стыль беларускай мовы. Гаворыць бойка, зацікаўлена (паспяховы адказ будзе падставай заліку)…
І вось студэнтка “агучвае” чарговае тэарэтычнае сцвярджэнне: “У публіцыстычным стылі спалучаюцца… дзве найважнейшыя функцыі
мовы – інфармацыйная і ўздзейнічаючая”.
На апошнім слове студэнтка раптам спатыкаецца – паслянацісковыя склады набягаюць, грувасцяцца адзін на адзін, слых улоўлівае невыразнае і немілагучнае “чаюча…”.
Аўдыторыя адразу зрэагавала. Некаторыя студэнты дысцыплінавана заўсміхаліся, некаторыя паспрабавалі ўголас вымавіць слова “ўздзейнічаючая”.
Завязалася кароткая гутарка .
– Структура слова “ўздзейнічаючая” абцяжарвае яго вымаўленне.
–Такія формы дзеяслова непажадана (а ў гэтым выпадку нават немагчыма) ужываць.
– Якое ж выйсце?
–Ужыць не дзеепрыметнік (паводле формы), а назоўнік: …функцыі інфармацыі і ўздзеяння.
На тым і пагадзіліся.
Гэты эпізод з заняткаў пасля не раз узбягаў на памяць. Чаму і як узнікла такое “страхападобнае” (Я. Колас) слова?
(А. Каўрус. «Воздействующая функция»)
Практыкаванне № 12. Прачытайце і перакладзіце тэкст на беларускую мову. Зрабіце вывад аб ужыванні формаў прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у беларускай мове.
& Кардинально меняющиеся социальные параметры общества оказывают прямое влияние на все его институты, различные объединения людей, непосредственно на конкретного человека. Уходит в прошлое стиль деятельности, опиравшийся на командно-административные методы работы с людьми. Новые подходы к образованию, связанные с преодолением репродуктивного стиля в обучении, обеспечением познавательной активности и самостоятельности мышления обучающихся, открывают и новые перспективы для реализации потенциальных возможностей каждой личности, каждого коллектива. Важнейшей целью воспитания в обществе становится развитие гражданских, нравственных качеств, творческих способностей и готовности личности к преобразованию окружающего мира… (Основы психологии и педагогики).
7 Бильярдный шар 1, движущийся со скоростью 10 м/с, ударил о покоящийся шар 2. После удара шары разошлись. Линии их движения после удара образуют с первоначальным направлением движения первого шара следующие углы: а/ первый 45˚, второй 45˚; б/ первый 60˚, второй 30˚. Найти скорости шаров после удара в каждом случае. Массы шаров одинаковы (А.П.Рымкевич, П.А.Рымкевич).
Адказ: а/ 7,1 м/с; 7,1 м/с; б/ 5 м/с; 8,7 м/с.
T Главнейшими приспособлениями, обеспечившими прогрессивное развитие насекомых, являются следующие: способность к полёту, позволяющая насекомым быстро заселять новые территории, преодолевать водные пространства и другие преграды; большая подвижность, обеспеченная развитой поперечнополосатой мускулатурой, членистыми конечностями; многослойная хитинизированная кутикула, защищающая тело от потери влаги, механических повреждений, воздействия ультрафиолетовых лучей; малые размеры насекомых, обеспечивающие выживание и способствующие созданию необходимых условий для существования даже в очень незначительных по размеру пространствах (небольшие обрастания на скалах, трещины в коре деревьев, почве и др.) (И.Х.Шарова).
Человек, не владеющий навыками публичного выступления, в официальном общении не может ясно и точно выразить свои мысли и ощущения, теряется в поиске нужных слов и сочетаний, не использует интонационные возможности языка и др. А ведь деятельность человека, профессия которого связана с постоянным чтением лекций, докладов, проведением уроков, немыслима без основательных знаний принципов и правил ораторского искусства. К числу таких людей относятся преподаватели, политики, прокуроры, адвокаты, религиозные деятели и др. Для них публичная речь – главнейшее оружие в профессиональной деятельности. К разновидностям публичной речи относятся выступления на митингах, дипломатическая речь, научно-исследовательский доклад, судебная речь, университетская лекция и научно-популярная публичная лекция, вступительное слово перед спектаклем, приветственная речь для участников конференции, застольный спич, траурная речь и т. п.
Публичная речь чаще всего рассматривается как своеобразное произведение искусства, воздействующее одновременно на чувства и сознание слушателей, как особый вид эмоционально-интеллектуального творчества, воплощаемого посредством живого слова. Голые логические рассуждения вряд ли могут эмоционально воздействовать на человека и затрагивать его чувства. Только речь, построенная на органическом соединении рассудочной и эмоциональной сфер восприятия, может волновать умы и сердца слушателя.
(В. Старичёнок)
Практыкаванне № 13. Прачытайце артыкул І.Я. Лепешава з кнігі «Беларуская мова: хрэстаматыя» (2005 г.) пра асаблівасці ўжывання дзеепрыслоўных зваротаў (с. 379 – 383). Выпраўце памылкі ў згаданых аўтарам сказах і запішыце свае варыянты, захаваўшы пры гэтым дзеепрыслоўныя звароты.
&7T 1) Гледзячы на залацістае поле пшаніцы, сэрца напаўняецца радасцю. 2) Часта пры галенні, гледзячы ў люстэрка на свой «амбітны» нос, успамінаецца маладосць. 3) У мяне, згадаўшы радкі з пісьма, міжволі выкаціліся слёзы. 4) Яму балюча зашчымела сэрца, уявіўшы разгублены, заплаканы твар Чудакоўскага. 5) Ведаючы характары многіх творцаў, цяжка чытаюцца іхнія творы. 6) Цяпер, перабіраючы лісты ад Уладзіміра, часта прыгадваецца журботнае котлішча. 7) З лётчыкам Куніцыным, лятаючы на ваенным самалёце, здарылася аварыя.
Практыкаванне № 14. Падбярыце беларускія адпаведнікі да рускіх дзеепрыметнікаў-тэрмінаў. Складзіце з імі словазлучэнні.
& Действующий, взаимодействующий, равнодействующий, угрожающий, многообещающий, удовлетворительный, обобщающий, прерывающийся, обслуживающий.
Для даведак: здавальняльны, раўнадзейны, пагрозлівы, абагульняльны, дзейны, абслуговы, узаемадзейны, перарывісты, шматабяцальны.
7 Разложимый, упорядоченный, результирующий, воспроизводящий, восходящий, возрастающий, программированный, составляющий, поглощающий,
Для даведак: складовы, узыходны, упарадкаваны, праграмаваны, выніковы, паглынальны, нарастальны, узнаўляльны, раскладальны.
T Быстрорастущий, устрашающий, преобладающий, электропроводящий, вибрирующий, недостающий, проводящий, приобретённый, двигательный.
Для даведак: рухальны, адсутны, электраправодны, набыты, пераважны, хуткарослы, праводны, вібрацыйны, застрашлівы.
Практыкаванне № 15. Назавіце словазлучэнні, у якіх парушаны сінтаксічныя нормы (памылкі кіравання).
&7T Дзякуй вам, бачыў сваімі вачамі, у пяці кіламетрах ад мястэчка, жаніцца на ёй, загадчык кафедры, прабачце мяне, адправіць у грыбы, пайсці за вадой, хадзіць па палям і лугам, хварэць грыпам, паджартоўваць над сабой, вышэй дрэва, вызначыць на смак, пісаць на адрас, падобны грому, прыйшоў праз дзень, гаварыць праз смех.
Практыкаванне № 16. Спішыце адзін з тэкстаў. Пастаўце лічэбнікі ў адпаведнай склонавай форме. Запішыце іх словамі.
& Брытанская энцыклапедыя, распачатая ў 1768 г., у папяровым выглядзе мае 32 тамы. Britannika 2000 размяшчаецца на 3 кампакт-дысках, да яе мажлівы доступ і ў онлайнавай форме. Гэтая энцыклапедыя ўключае больш за 83 000 артыкулаў, 15 000 ілюстрацый і 5 гадзін відэаматэрыялаў, можна падключыцца да 125 000 спасылак інтэрнэта.
Энцыклапедычны пакет Microsoft Encarta Reference Suite 99 складаецца з 6 кампакт-дыскаў… Энцыклапедыя ўключае больш за 55 000 артыкулаў, каля 20 000 ілюстрацый, каля 300 відэаролікаў, 27 000 гукавых фрагментаў і каля 20 000 Web-спасылак. Даступная яна для карыстальнікаў і ў скарочанай онлайнавай версіі (Т. Баркоўская).
7 Паверхня Марса на 35 % складаецца з паніжаных участкаў-раўнінаў, большасць якіх знаходзіцца ў паўночным паўшар’і планеты. На Марсе ёсць 4 гіганцкія патухлыя вулканы, з іх самы вялікі – гара Алімп. Яго вышыня – каля 27 км, дыяметр падножжа складае амаль 700 км, а гэта – увесь папярочнік нашай краіны. Жарало вулкана таксама грындыёзнае, яго дыяметр 60 км! Ёсць на Марсе і гіганцкая даліна Марынер, якая цягнецца амаль на 4 тыс. км. Яе шырыня каля 600 км, глыбіня ў некаторых месцах да 10 км (К. Цыркун).
T Лішайнікі – група найніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 000 відаў; на Беларусі 38 сямействаў, 114 родаў, каля 500 відаў… Растуць на дрэвах, камянях, глебе. Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і іншых колераў. Вегетатыўнае цела– слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе лішайнікаў часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаваных водарасцей. Яны складаюць 10-15 % ад усяго аб’ёму слаявіны (Беларуская энцыклапедыя).
& Аб памерах вытворчасці Слуцкай персіярні можна меркаваць па архіўных звестках. У рапарце Мінскага губернскага праўлення 1797 г. у ведамасці аб мануфактуры за 1796 г. гаворыцца, што фабрыка Лявона Мажарскага вырабляе паясоў “шаўковых з золатам да 200 штук у год”. На персіярні Мажарскага мелася 24 ручных станы для вытворчасці паясоў. На кожным стане за год выраблялася ў сярэднім 45 м тканых паясоў. Агульная колькасць рабочых у перыяд росквіту фабрыкі дасягала 100 чалавек і больш (Л.Якуніна).
Практыкаванне № 17. Выпраўце маўленчыя памылкі ў сказах, карыстаючыся даведнікам па культуры беларускай мовы “Слоўка за слоўкам” А.Я. Міхневіча, Л.П. Кунцэвіч, Ю.В. Назаранкі (2006 г.). Дайце адпаведныя тлумачэнні.
& 1) Вайна ўнесла чвэрць насельніцтва Беларусі. 2) Дзеці яшчэ дрэнна валодаюць звязаным маўленнем. 3) Гэты ўказ адыграў вялікае значэнне. 4) Ён хутка асвоіў кодэкс афіцэрскага гонару. 5) Трэба ўдзяліць увагу на пашырэнне такіх ведаў сярод маладых людзей. 6) Мой унук – акселератар, таму такі высокі. 7) Выкладчык з яго адбыўся! 8) Стараюся да кожнага занятка падшукаць матэрыял па тэме. 9)Людзі былі здзіўлены самому факту існавання такой установы. 10) Крыж быў упрыгожаны арнаментам, каштоўнымі каменнямі і жэмчугам. 11) Трэба канчаткова скончыць з валюнтарызмам? 12) Беларусам уласціва рэлігійная і нацыянальная цярплівасць. 13) У гэтым узросце ім усім уласціва нігілістычнае адмаўленне былых каштоўнасцей. 14) Уважлівы падыход да падлеткаў з боку старэйшых – гарант іх нармальнага развіцця.
7 1) Колькасць беспрацоўных дасягнула да 4,5 млн. чалавек. 2) Ён будзе служыць у войску з дзвюх тысяч дзявятага года. 3) Большасць у нашым калектыве займаюць жанчыны. 4). Да лічбы названых падзей належыць і гэта мерапрыемства. 5) Фізікі туды паяўляюцца рэдка. 6) Гэта ёсць кропка перасячэння прамых ліній. 7) Атаясамленне аднаго рада з’яў другому метадалагічна няправільнае. 8) Каманды могуць набраць максімальна да дзесяці ачкоў. 9) Колькасць уладальнікаў пластыкавых картак перавысіла за мільён. 10) Павялічваецца прапорцыя гарадскога насельніцтва. 11) Давайце вызначым цэнтр цяжкасці. 12) Большая палавіна класа ўзяла ўдзел у алімпіядзе па матэматыцы. 13) Цеплыня – вынік награвання. Адзінка вымярэння цеплыні – джоўль. 14) Ён будзе служыць у войску з дзвюх тысяч трэцяга аж да дзвюх тысяч дзясятага года па кантракце.
{ 1) Па ўсёй вобласці выпадуць ападкі ў выглядзе дажджу. 2) Тэасофія замест Бога ставіць абагуленага чалавека. 3) Галоўная цэль экспедыцыі – вывучэнне птушак Беларусі. 4) Звярніце ўвагу на канстытуцыйныя асаблівасці жывых арганізмаў. 5) Сэрца перакачвае кроў. 6) Прагноз абяцае добрыя кліматычныя ўмовы. 7) У гарах крышталічна чыстае паветра. 8) Няўжо будзем чакаць з мора надвор’я? 9) Наш горад займае пэўны статус у біялагічнай навуцы. 10) Хімікаў асабліва зацікавілі пярвічныя крышталічныя пароды. 11) Сабака гаўкаў лянівым брэхам. 12) Назіраюцца паўторныя рэцыдывы гэтай хваробы. 13) Увесну царствуюць у лесе птушкі. 14) Яны часта выязджалі ў турысцкія паездкі.
Практыкаванне № 18. Знайдзіце і выпраўце маўленчыя памылкі ў сказах, узятых з розных прац студэнтаў і школьнікаў. Растлумачце, у выніку чаго яны ўзніклі.
& 1) Толькі роднае, нацыянальнае можа прывабіць, падтрымаць, і нельга саромецца таго, што іншым падаецца даўно аджыўшым і неадпавядаючым умоўным стандартам. 2) Еўфрасіння Полацкая пастрыглася пад манашку. 3) Такім чынам, мы адчыняем для іншых самыя патаенныя часткі сваіх дум, жыцця і душы. 4) У гардэробе Нацыянальнай бібліятэкі давядзецца пакінуць не толькі верхнюю вопратку, але і сумкі, пакеты і іншыя пакункі. 5) Кніга – гэта сапраўдны сябар і дапаможнік. 6) Не старайцеся, усё роўна прыгажэй за сваю Радзіму нічога вы не знойдзеце.
7 1) Сайт дзеліцца на чатыры падзелы, якія цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. 2) Для ўсіх жадаючых арганізаваны чатыры байдарачных маршруты. 3) Вучоныя то лічаць, што гэта рашэнне ад усіх панацэй, то заяўляюць пра небяспеку пры выкарыстанні дадзеных методык. 4) Як будуць прысякацца незаконныя спробы абазначыць сваю прысутнасць на парах, не паведамляецца. 5) Што такое міжнародны валанцёрскі летнік гэтым летам, нам, траім студэнткам , давялося адчуць на ўласнай скуры. 6) Гэта і ёсць тэорыя лічбаў.
{ 1) Прырода прыме кожнага чалавека ў любым стане, нягледзячы на яго настрой. 2) Я таксама была там і ўсё бачыла сваімі вачамі ў акулярах. 3) Як прыемна раніцай выходзіць з ветхай хаткі, станавіцца басіком на расу, слухаць, як спявае петух ці мычыць карова. 4) Добра, што ў нас “цвяце” агратурызм. 5) Я мару, што, калі стану дарослай, я буду такой, як наша прырода: прыгожай, моцнай і непаўторнай. 6) Да прыроды магчыма прыйсці ў любым становішчы.
.
Практыкаванне № 19. Прачытайце словы і спалучэнні слоў. Якім з іх вы аддасце перавагу? Абгрунтуйце свой выбар. Падумайце, ці магчыма паралельнае ўжыванне некаторых варыянтных адзінак?
& Субяседаванне – сумоўе – суразмоўе – гутарка, справа – дзела, выстава – выстаўка, умовы – абставіны – варункі, паражэнне – параза, пануючы – панавальны, спажывецкая карзінка – спажывецкі кошык, правіць краінай – кіраваць краінай, ваеннаслужачы – вайсковец, вынікі – наступствы – паследкі, пасольства – амбасада, падпісаўшыяся – падпісаныя – падпісанты, безупыннае навучанне – навучанне нон-стоп – неперарыўнае навучанне – няспыннае навучанне.
7 Вырашальны – рашаючы, тыпічны – тыповы, азначаемае – азначальнае, аператар нерасцягваючы – аператар нерасцягвальны, адлюстраванне – адбіванне – адбітак, дзялімае – дзеліва, дваічны – двайковы, крывізна – крывіня, крывая ўпісаная – крывая ўмежаная, множыцель – множнік, прэдзел – граніца – ліміт – мяжа, многачлены – мнагасклады, множымае – множыва, лінія карацейшая – лінія найкарацейшая.
{ Карта – мапа, воран – крумкач – груган, пора – сітавіна, дзікарастучы – дзікарослы, сятчатка – сеткавіца, млекакормячыя – сысуны, жалудачкі сэрца – шлуначкі сэрца – каморы сэрца, хатняя жывёла – дамашняя жывёла – свойская жывёла, цвятная капуста – квяцістая капуста, насякомыя – вусякі – казуркі, кустарнік – кустоўе, адуванчык – дзьмухавец, чаромха – чарэмшына – чаромуха.
Практыкаванне № 20. Падрыхтуйце вуснае паведамленне на адпаведную тэму. Прытрымлівайцеся метадычных рэкамендацый да падрыхтоўкі вусных паведамленняў. Зрабіце аналіз і самааналіз вуснага выступлення.
Прыкладныя тэмы вусных паведамленняў:
& Барбара Радзівіл – чорная дама Нясвіжскага замка
Язэп Руцкі – выдатны педагог, пісьменнік і рэлігійны дзеяч
Колер і яго ўздзеянне на псіхіку чалавека
Напалеон Орда і яго знакамітая серыя “Альбомы”
Тэмперамент і паводзіны чалавека
Эмоцыі і эмацыянальны стан чалавека
Узаемаадносіны дзяцей і бацькоў
Славутыя жанчыны Беларусі
Беларускі маўленчы этыкет
Мова жэстаў
7 Рымская і арабская сістэмы лічбаў
“Арыфметыка” Л.Ф.Магніцкага
Як мы лічым. З гісторыі лікаў
Беларускія назвы метрычных адзінак
Адлік часу. Гісторыя календара
А.Эйнштэйн і стварэнне тэорыі адноснасці
З гісторыі дробаў
Чарльз Бэбідж – вынаходнік першага камп’ютара
Арыфметычныя рэбусы
Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі
T Ігнат Дамейка – сын Беларусі і народны герой Чылі
Аркадзь Смоліч і яго “Геаграфія Беларусі”
Кветкі – жывыя барометры
Птушкі Беларусі (іх найменні ў беларускай і рускай мовах)
Чырвоная кніга Беларусі
Дрэвы-помнікі на Беларусі
Белавежская пушча
Тапанімічныя назвы Беларусі
Грыбы Беларусі (іх назвы ў беларускай і рускай мовах)
Культура маўлення ва ўмовах білінгвізму
Практыкаванне № 21. &7T Выкарыстоўваючы вербальныя і невербальныя сродкі, псіхалагічныя довады і прыёмы, пастарайцеся пераканаць пакупнікоў набыць: а) падручнік па культуры маўлення і дзелавых зносін, б) вялікі гламурны парасон, в) самавар, г) ручную жывую мыш. Заданне можна выконваць індывідуальна і ў групе (падгрупе).
Практыкаванне № 22. Падбярыце да рускіх этыкетных формул беларускія адпаведнікі. Раскажыце, у якіх абставінах камунікацыі яны ўжываюцца.
&7T 1) Приятного аппетита! 2) Поклон вам! 3) Приветствую вас! 4) Моё почтение! 5) Добро пожаловать! 6) Как вы себя чувствуете? 7) Что слышно у вас? 8) Христос воскрес! – Воистину воскрес! 9) Какими судьбами! 10) Сколько лет, сколько зим! 11) Как жизнь? – Как в сказке! 12) Как дела? – Как сажа бела! 13) Счастливого пути! 14) До (скорой) встречи! 15) (Ну,) давай, пока! 16) Хлеб-соль! – Милости просим!
Для даведак: 1) (Ну,) давай, пакуль! 2) Шчаслівай дарогі! / Гладкай дарогі! 3) Да спаткання! / Да (хуткай) сустрэчы! 4) Хрыстос уваскрэс! – Сапраўды уваскрос! 5) Якімі шляхамі! 6) Сыць, Божа! – Просім! 7) Сардэчна запрашаем! 8) Смашнага вам! / Смачна есці! 9) Чалом вам! 10) Што чуваць у вас? 11) Як жыццё? / Як маецеся? – То бокам, то скокам! / Нічога сабе! 12) Як жывяце? / Як жыццё? – Не бяды! / То так, то сяк! / Жывём, хлеб жуём! / То скачучы, то плачучы! 13) Маё шанаванне! 14) Як сябе адчуваеце / пачуваеце? / Як ваша здароўе? 15) Вітаю вас! / Мае вітанні! 16) Сем гадоў і памяці няма! / Гады ў рады!

RSS





















