Тэма “Дзеяслоў”
Пытанні для разгляду:
- Дзеяслоў як часціна мовы.
- Інфінітыў.
- Асновы дзеяслова.
- Пераходныя і непераходныя дзеясловы.
5. Зваротныя дзеясловы.
6. Катэгорыя стану дзеясловаў.
7. Катэгорыя трывання дзеясловаў.
8. Катэгорыя ладу дзеясловаў.
9. Катэгорыя часу дзеясловаў.
10. Катэгорыя асобы дзеясловаў. Безасабовыя дзеясловы.
11. Спражэнне дзеясловаў.
12. Словаўтварэнне дзеясловаў.
13. Правапіс суфіксаў дзеясловаў.
14. Дзеепрыметнік.
15. Дзеепрыслоўе.
Літаратура
- Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – С.178–179, 180–181, 235–236, 529–530, 563.
- Сучасная беларуская мова: вучэб. дапам. / Л.М.Грыгор’ева і інш.; пад агул. рэд. Л.М.Грыгор’евай. – 3-е выд., выпр. – Мінск: Выш. шк., 2010. – С. 320 – 364.
- Шуба, П.П. Дзеяслоў у беларускай мове / П.П.Шуба. – Мінск: Выш. шк., 1968. – 81с.
- Дзеяслоў як часціна мовы.
Дзеяслоў – самастойная часціна мовы, якая абазначае дзеянне ці стан, прымету прадмета як працэс і выражае яго ў граматычных катэгорыях трывання, стану, асобы, ладу, часу.
Слова “працэс” у характарыстыцы дзеяслова мае шырокае значэнне. Дзеясловы могуць абазначаць канкрэтнае фізічнае значэнне (малаціць, жаць, чытаць, пісаць), перамяшчэнне ў прасторы (ісці, ехаць, бегчы, ляцець), мову і думку (гаварыць, разумець, разважаць), успрыняцце (бачыць, слухаць), адносіны асобы да каго-, чаго-небудзь (любіць, кахаць, ненавідзець, паважаць), стан (спаць, драмаць, маўчаць), змену прыметы ці стану (разумнець, сталець, святлець, жаўцець і інш.). Значэнне дзеяння ці стану маюць некаторыя назоўнікі, прыметнікі, безасабова-прэдыкатыўныя словы, але гэтыя дзеянні ці стан у іх не ўяўляюцца як працэс (параўн. малацьба – малаціць, жоўтае лісце і лісце жаўцее, ноччу марозна і ноччу марозіць).
Дзеяслоў мае граматычныя катэгорыі стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і роду. Ён мае таксама складаную сістэму формаў, сярод якіх вылучаюцца 4: інфінітыў (неазначальная форма дзеяслова), асабовыя формы (формы асобы, ліку, ладу, часу, роду), дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе.
Формы дзеяслова
І. 1. Спрагальныя – асабовыя формы, яны змяняюцца па асобах, ліках, ладах, часах ( а ў прошлым часе і ўмоўным ладзе – і па родах).
І. 2. Неспрагальныя – інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе.
Агульныя прыметы паміж спрагальнымі і неспрагальнымі формамі: агульнасць лексічнага значэння, наяўнасць катэгорый трывання і стану, агульнасць кіравання, аднолькавая магчымасць прымыкання прыслоўя.
ІІ. 1. Нязменныя – інфінітыў, дзеепрыслоўе. Маюць катэгорыі трывання і стану.
ІІ. 2. Зменныя – асабовыя формы, дзеепрыметнік. Менавіта ім ўласціва катэгорыя ліку (вучань піша – вучні пішуць, зжатае поле – зжатыя палі).
Сінтаксічная функцыя дзеяслоўных формаў неаднолькавая. Асабовыя (спрагальныя) формы – выказнікі: Лес супакойвае, разганяе трывогу. Інфінітыў можа быць любым членам сказа: Жыць – Радзіме служыць. Дзеепрыметнік – азначэнне, кароткі – выказнік: Сад хоць невялікі, але дагледжаны. Дзеепрыслоўе – акалічнасць: Жартуючы, па вуліцы прайшла моладзь.
Агульная характэрная сінтаксічная прымета ўсіх дзеяслоўных формаў – здольнасць кіраваць скланяльнымі часцінамі мовы, якія выступаюць у ролі дапаўнення ці акалічнасці (прывезці з горада, прывёз з горада, прывязу…, прывязі з горада, прывезены з горада, прывёзшы з горада), да іх можа прымыкаць прыслоўе (уважліва прачытаць, прачытаю, прачытай, прачытаўшы).
- Інфінітыў.
Гэта неазначальная, нязменная форма дзеяслова, якая абазначае дзеянне ці стан, не звязаныя з асобай і часам: Прыемнасць – пазнаёміцца з чалавекам ветлым, радасць – пагутарыць з разумным, удача – знайсціся ў патрэбе са смелым, шчасце – жыць, працаваць з чалавекам сумленным (М.Т.).
Інфінітыў мае граматычныя катэгорыі трывання (берагчы – зберагчы), стану (абмяркоўваць – абмяркоўвацца), бывае пераходным і непераходным (будаваць школу – ісці па дарозе), зваротным і незваротным (сустракацца – сустракаць). Мае формаўтваральныя суфіксы –ць, –ці (лезці), весці (з ветті), класці (з кладті), –чы (бегчы, стрыгчы). Дзеясловы з асновай цяперашняга часу на к (валакуць, таўкуць) у інфінітыве звычайна ўжываюцца без к (валачы, таўчы, пячы). Толькі адзін дзеяслоў мае варыянты сячы – секчы (пры перавазе першага варыянта). Магчы – мог+інф.суф. ті, валачы – волокті.
Інфінітыў можа быць любым членам сказа: Век зжыць – не мех сшыць. Усіх нас агарнула прага (якая?) вучыцца. Лабановіч загадаў вучням (што?) прынесці кнігі Усе рынуліся на поле (з якой мэтай?) капаць картоплю. У лесе пачало цямнець.
Відаць, чуваць – не спрагаюцца, толькі знешне супадаюць з дзеясловамі на –аць (пісаць), у сказе выказнікі, спалучаюцца са звязкай быць (у цяперашнім часе не ўжываецца): Адтуль відаць пяць азёр. У хаце чуваць былі песні.
3. Асновы дзеяслова.
1. Аснова інфінітыва (частка інфінітыва без формаўтваральнага суфікса): спява-ць, лез-ці, бег-чы. Яна супадае з асновай прошлага часу дзеяслова, якая вызначаецца аддзяленнем суфікса прошлага часу: збіра-ць, збіра-ў. Аднак часам асновы інфінітыва і прошлага часу адрозніваюцца, і такія дзеясловы маюць 3 асновы: інфінітыва плес-ці, цяперашняга (будучага простага) часу плят-уць, прошлага часу плё-ў.
Ад асновы інфінітыва ўтвараюцца формы прошлага часу, умоўнага ладу, дзеепрыметнікі прошлага часу, дзеепрыслоўі закончанага трывання.
2. Аснова цяперашняга часу (будучага простага – у дзеясловах закончанага трывання) вызначаецца шляхам аддзялення канчаткаў 3-й асобы множнага ліку ў форме цяперашняга часу (будучага простага): піш-уць, мый-уць.
Ад асновы цяперашняга часу ўтвараюцца асабовыя формы цяперашняга (будучага простага) часу, формы загаднага ладу, дзеепрыметнікі цяперашняга часу, дзеепрыслоўі незакончанага трывання.
Асновы інфінітыва і цяперашняга часу могуць супадаць (бераг-чы і бераг-уць), і не супадаць (хадзі-ць і ходз-яць). У зваротных дзеясловах постфікс –ся ўваходзіць у склад асновы слова (перарывістая аснова) купацца: аснова інфінітыва купа-…-ца, цяперашняга часу: купай-…-ца.
4. Пераходныя і непераходныя дзеясловы.
Паводле адносін дзеяння да аб’екта:
А) пераходныя – дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое накіравана, пераходзіць на аб’ект – дапаўненне ў форме В. склону без прыназоўніка: жаць жыта, касіць траву. Дапаўненне – прамы аб’ект. Ён мае форму роднага склону, калі дзеянне накіравана на частку аб’екта (адрэзаць хлеба), калі пры дзеяслове ёсць адмоўе не (не выканаў задання), пры дзеясловах, якія выражаюць жаданне (жадаць, прасіць), дзеясловах з аб’ектам часовага карыстання (браць, даць ручкі).
Пры пераходных дзеясловах можа і не быць прамога аб’екта, але ён падразумеваецца: - Давай крыху перачакаем, - сказаў Лабановіч. Значэнне прамога аб’екта можа мець і даданая частка: Ведай жа, што свой парог і ў горы паможа.
Аб’екты пры пераходных дзеясловах могуць абазначаць назвы асоб і жывёл, канкрэтных неадушаўлёных прадметаў, што ўзнікаюць у выніку дзеяння (пабудаваць мост) ці існавалі да пачатку дзеяння (азеляніць вуліцу), абстрактных паняццяў (траціць надзею).
Б) непераходныя – называюць дзеянне, не накіраванае на аб’ект (адпачываць, бялець), Яны абазначаюць фізічны і псіхічны сатан (спаць, хварэць), рух (ісці, ляцець), занятак (настаўнічаць).
Сярод іх ёсць такія, што абазначаюць пераход дзеяння на аб’ект, які з’яўляецца ўскосным дапаўненнем з прыназоўнікам ці без яго, акрамя В.склона без прыназоўніка: дапамагчы суседцы, сябраваць з братам. Гэта ўскосна-пераходныя дзеясловы.
Пераходныя і непераходныя дзеясловы не маюць спецыяльных марфалагічных паказчыкаў. Але – постфікс –ся: мыць – мыцца. Часам далучэнне да дзеяслова прыстаўкі робіць яго пераходным (жыць – абжыць). Дадзеная катэгорыя звязана з лексічным значэннем і словаўтваральнай структурай дзеяслова. Так, непераходныя: тыпу арыгінальнічаць, важнічаць, сінець, харашэць; утвораныя ад выклічнікаў і гукаперайманняў (акаць, нукаць, булькаць). Адыменныя дзеясловы з суфіксамі –і-ць, -ы-ць пераходныя (бяліць, сушыць).
5. Зваротныя дзеясловы.
Зваротныя дзеясловы – гэта дзеясловы з постфіксамі –ся, -ца, -цца. Без іх - незваротныя. Асноўная граматычная функцыя –ся – выражэнне агульнага значэння непераходнасці, таму зваротныя дзеясловы непераходныя. –Ся – былая энклітычная форма займенніка себе ў В.склоне. Яна словаўтваральная: сябры сустрэліся, хлопцы хвалююцца, бо гэтыя дзеясловы – асобныя словы ў адносінах да адпаведных незваротных. Такія дзеясловы, як красціся, валачыся, кіпяціцца зусім разышліся значэннем з адпаведнымі незваротнымі. Постфікс мае формаўтваральнае значэнне ў дзеясловах залежнага стану: настаўнік правярае сшыткі – сшыткі правяраюцца настаўнікам.
Зваротныя дзеясловы са словаўтваральным постфіксам –ся ўтвараюцца ад пераходных і непераходных дзеясловаў. Утвораныя ад пераходных дзеясловаў, акрамя агульнага значэння непераходнасці, набываюць дадатковыя значэнні, таму выдзяляюцца некалькі груп такіх дзеясловаў:
Дзеясловы ўласна-зваротнага значэння паказваюць, што аб’ектам дзеяння з’яўляецца сам суб’ект – утваральнік дзеяння. Звычайна такія дзеясловы абазначаюць розныя фізічныя дзеянні, накіраваныя на адушаўлёную асобу: абувацца, мыцца (мыць сябе); узаема-зваротнага – на дзеянне двух ці некалькіх суб’ектаў, кожны з якіх адначасова з’яўляецца і прамым аб’ектам таго самага дзення: вітацца, цалавацца, перашэптвацца; агульна-зваротнага – называюць дзеянне, якое замыкаецца ў самім аб’екце. Тут выдзяляюцца 2 падгрупы: дзеясловы, што абазначаюць унутраны стан суб’екта (адушаўлёнага): весяліцца, журыцца, злавацца, здзіўляцца, непакоіцца; знешнія, фізічныя дзеянні: імчацца, каціцца, плесціся, схіліцца; ускосна-зваротнага – абазначаюць дзеянне, якое суб’ект утварае на сваю карысць: будавацца (дом), запасацца, складацца; якасна-зваротнага – паказваюць на ўласцівасць суб’екта ўтвараць пэўнае дзеянне актыўна: вожык колецца, хлеб крышыцца. Тут таксама вылучаюцца дзве групы: дзеясловы з актыўна- якасным значэннем (аганёк пячэцца) і пасіўна-якасным значэннем (пад уздзеянне іншага прадмета ці іншай істоты) – дуб ломіцца.
Утвораныя ад непераходных дзеясловаў зваротныя дзеясловы таксама дзеляцца на групы: 1) утвораныя з дапамогай постфікса –ся, якія ўтвараюць звычайна безасабовыя дзеясловы: ён весела жыве – яму весела жывецца; надаюць адценне інтэнсіўнасці – стукацца, прасіцца; 2) утвораныя з дапамогай прыстаўкі і –ся адначасова. Яны маюць значэнне выніку (апомніцца, выкруціцца, дадумацца), нарастання дзеяння (разгаварыцца, разгарэцца), вычарпальнасці дзеяння (выплакацца, выспацца, выгуляцца) і інш.
Сярод зваротных дзеясловаў ёсць такія, якія не маюць адпаведных незваротных. Яны – адыменнага паходжання (гняздзіцца – гняздо, слязіцца, храбрыцца – храбры), утвораныя ад дзеяслоўных асноў (бядзяцца, заляцацца, каяцца, спадзявацца, спрачацца). Некаторыя з іх у старажытнай агульнаўсходнеславянскай мове мелі незваротныя адпаведныя: слезіті, каяті.
6. Катэгорыя стану дзеясловаў.
Яна паказвае адносіны паміж суб’ектам (утваральнікам дзеяння), дзеяннем і аб’ектам. Незалежны стан паказвае, што дзеянне ўтварае суб’ект – у сказе дзейнік: Выкладчык прачытаў лекцыю. Студэнты вучацца. Гэтыя дзеясловы не маюць спецыяльных сродкаў выражэння стану. Канструкцыі называюцца актыўнымі (суб’ект утварае дзеянне). Залежны стан паказвае дзеянне як пасіўнае, залежнае ад іншай асобы, прадмета, у адносінах да аб’екта, дзейніка ў сказе, а суб’ект выступае дапаўненнем у творным склоне. Такі творны называецца творным дзейнага прадмета (творным суб’екта) – канструкцыі пасіўныя (аб’ект прымае ўздзеянне суб’екта). Школа праектуецца архітэктарам.
У актыўных канструкцыях выкарыстоўваюцца спрагальныя формы дзеяслова. Катэгорыя залежнага стану цесна звязана з катэгорыяй трывання: ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання ўтвараюцца пераважна дзеясловы залежнага стану, а ад пераходных закончанага трывання – дзеепрыметнікі залежнага стану: праект зацвярджаецца – праект зацверджаны.
Канструкцыі з дзеясловам залежнага стану бываюць 2 відаў: з творным дзейнага прадмета – асобы, групы людзей,калектыву (менш частыя, П’еса не раз папраўлялася аўтарам) і без творнага дзейнага прадмета (больш частыя: абмяркоўвацца, пасылацца, стварацца – сам залежны стан абумоўлены семантыкай; або утваральнік дзеяння вядомы з папярэдняга кантэксту: Часам Я.Колас вырашаў завяршыць раздзел трылогіі. Тады адпачынак пераносіўся).
Некаторыя мнагазначныя зваротныя дзеясловы могуць выступаць як дзеясловы і залежнага, і незалежнага стану: Каменьчыкі кідаліся настаўнікам усё глыбей і глыбей. – Дзед Талаш з сякерай кідаўся на польскіх салдат.
Катэгорыю стану маюць усе дзеясловы. Адны з іх утвараюць парныя станавыя адносіны, другія – аднастанавыя, незалежнага стану. Да апошніх адносяцца: пераходныя дзеясловы (бяліць, чакаць, збіраць, несці), непераходныя незваротныя дзеясловы (не маюць прамога дапаўнення): стаяць, сядзець, хадзіць, спаць,жыць; безасабовыя дзеясловы (днее, вечарэе, марозіць), зваротныя дзеясловы: а) утвораныя ад пераходных дзеясловаў – сустракаць, збірацца; б) ад непераходных дзеясловаў – сінецца, жаўцецца, стукацца; в) безасабовыя – нездаровіцца, спіцца, працуецца, чытаецца; г) якія ўжываюцца толькі з –ся: баяцца, смяяцца, каласіцца.
7. Катэгорыя трывання дзеясловаў.
Паказвае на адносіны дзеяння да яго мяжы, закончанасці. Ахоплівае ўсе формы дзеяслова.
Незакончанае – абазначаюць працягласць, развіццё, паўтаральнасць дзеянняў, не паказваючы на іх мяжу: плыць, спяваць, ісці. Закончанае – паказвае на мяжу. Значэнне закончанасці дзеяння мае толькі форма закончанага трывання прошлага часу: пасеяў, вылечыўся.
Дзеясловы незакончанага і закончанага трывання, лексічнае значэнне якіх супадае, утвараюць суадносную трывальную пару. Такія дзеясловы адрозніваюцца толькі граматычна: чытаць – прачытаць. Калі адрозніваюцца і лексічна, то пар не ўтвараюць: капаць – перакапаць (будзе – перакопваць – перакапаць).
Спосабы ўтварэння суадносных пар:
1) суфіксальнае – утварэнне незакончанага трывання ад закончанага: апраўдаць – апраўдваць, атрымаць – атрымліваць, аб’яднаць – аб’ядноўваць, рашыць – рашаць. Ад некаторых дзеясловаў форма незакончанага трывання можа ўтварацца з дапамогай двух суфіксаў –а- (-я-) і -ва-, -іва- (-ыва-) або –оўва-: падмяніць – падмяняць, падменьваць. Гэты спосаб уласцівы і для ўтварэння дзеясловаў закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання як прыставачных (высахаць–высахнуць), так і беспрыставачных, якія абазначаюць мнагакратныя дзеянні, з дапамогай суфікса –ну- са значэннем аднакратнасці, імгненнасці дзеяння (стукаць – стукнуць).
2) прыставачнае ўтварэнне: дзеясловаў закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, прыстаўкі– а, аб, вы, ад, з (с, са), на , па, пад, пера, пра, пры, раз, у, уз. Найбольш частыя – па, на, з (с, са), а (аб): бяліць - пабяліць, пужаць – напужаць, малаціць - змалаціць, шаляваць – ашаляваць. Ехаць – ад’ехаць не суадносныя пары, прыстаўка словаўтваральная.
3) чаргаванні ў аснове (корані): нуль гука з і,ы у форме незакончанага трывання (назваць – называць, выбраць – выбіраць).
4) змена месца націску: дзеяслоў закончанага трывання мае націск на прыстаўцы ці корані, незакончанага – на суфіксе –а- (-я-): выклікаць – выклікаць, рассыпаць, раскідаць – раскідаць.
5) суплетывізм асноў: легчы – класціся, узяць – браць (рэдкія).
Ёсць дзеясловы, што не ўтвараюць суадносных пар – аднатрывальныя (няпарныя). Толькі закончанага трывання – разгаварыцца, расплакацца, сурочыць, рынуцца; незакончанага – адсутнічаць, дзейнічаць, ганарыцца, нездаровіцца, звязкі пры выказніку –быць, з’яўляцца, лічыццца. Двухтрывальныя – адрасаваць, акцэнтаваць, матываваць, звычайна з запазычанымі асновамі, у кантэксце: Атрад атрымаў загад – атакаваць станцыю, узарваць вагоны з гаручым (закончанае трыванне, бо ўзарваць – закончанае, незак. узрываць).
Існуе ступеннае ўтварэнне трыванняў (рады ступенных пераходаў, у якіх мяняецца трыванне):
І ступень (ад беспрыставачнага дзеяслова) будаваць – прыбудаваць,
ІІ ступень прыбудаваць – прыбудоўваць,
ІІІ ступень прыбудоўваць – напрыбудоўваць.
Катэгорыя трывання ў дзеясловах руху, перамяшчэння ў прасторы мае свае асаблівасці: бегчы – бегаць, везці – вазіць, весці – вадзіць, гнаць – ганяць, ехаць – ездзіць, ісці – хадзіць, несці – насіць (незак. трыванне), але спецыфічна групуюцца ў парныя адносіны. Першыя словы абазначаюць лінейны рух, які адбываецца пэўным накірунку (дзеясловы лінейнага руху, някратныя), другія – бесперапынны рух, накіраваны ў розныя бакі, або перарывісты рух у адным напрамку (нелінейныя, кратныя). Прыставачным спосабам ад першых могуць утварацца дзеясловы закончанага трывання (бегчы – забегчы, падбегчы, узбегчы, але гэта асобныя словы, а не суадносныя формы трывання. Ад другіх: бегаць – прыбягаць, узбягаць (незакончанае трыванне), бегаць – адбегаць, збегаць, набегаць (закончанае трыванне).
8. Катэгорыя ладу дзеясловаў.
Абазначае адносіны дзеяння да рэчаіснасці. Яно можа паказваць дзеянне як рэальнае ў цяперашнім, прошлым ці будучым часе, або як нерэальнае – пажаданае ці магчымае. 3 лады:
абвесны выражае сцвярджэнне ці адмаўленне дзеяння, якое рэальна працякае ў цяперашнім, прошлым ці будучым часе: Мы вітаем вас, будучых спецыялістаў Прыйшоў жаданы час спаткання. Не развітаюся ніколі са школай. Не мае спецыфічных марфалагічных паказчыкаў. Мае род (толькі гэты лад), а таксама асобу і лік.
Загадны лад паказвае, што асоба пабуджае каго-небудзь выканаць дзеянне: як загад, патрабаванне, просьбу, заклік і інш., што можа датычыцца і неадушаўлёных прадметаў. Уласцівы асобая інтанацыя і экспрэсіўнасць.
Формы загаднага ладу
2-я асоба адзіночнага ліку: -і, -ы (апрані, насі, кажы, скачы, бі, пі),
нулявы канчатак (маж, цеш, глянь, думай, мый).
2-я асоба множнага ліку: -і, -ы , нулявы канчатак + постфікс -це
( апраніце, насіце, мажце, гляньце, мыйце).
3-я асоба адзіночнага і множнага ліку: хай (няхай) + формы цяперашняга ці будучага простага часу 3-й асобы адзіночнага ці множнага ліку (хай апране, няхай мыюць).
1-я асоба множнага ліку: -ем (-эм, -ам), -ім (-ым) (нясем, напішам, сходзім),
давай (давайце) + дзеяслоў будучага часу, інфінітыў
(давай сустрэнем, давайце сябраваць).
Першыя дзве формы частыя. У адзіночным ліку канчаткі: -і,-ы ад дзеясловаў, у аснове цяперашняга часу якіх няма –й- і якія ў 1 асобе адз.л. маюць націск на канчатку: валаку – валачы, палю – палі. Ненаціскны канчатак -і,-ы маюць дзеясловы загаднага ладу з прыстаўкай вы-, са збегам зычных у аснове і ненеціскным канчаткам у 1 асобе адз.л.: выгрузі, помню – помні. А таксама біць, віць, ліць, піць. Форма заканчваецца на зычны, калі: аснова дзеяслова цяперашняга часу заканчваецца на мяккі зычны, шыпячы, й, р (вудзяць – вудзь, плачуць – плач, рашаюць – рашай, жмураць – жмур). Некаторыя дзеясловы з асновай на парны цвёрды зычны ў форме загаднага ладу маюць аснову на мяккі зычны (глянуць – глянь, сядуць – стань). Даць – дай, есці – еш.
Формы 1-й асобы множнага ліку часам называюць формамі сумеснага дзеяння. Яны або спецыфічныя для загаднага ладу (нясем, хадзем, –ем, -эм пад націскам), або супадаюць з формамі будучага простага часу абвеснага ладу (напішам, сходзім), дзе вялікую ролю адыгрывае інтанацыя. У паўднёва-заходнім дыялекце ці мастацкіх творах: гляньма, уцякайма.Ёсць і аналітычныя формы, як і ў 3-яй асобе адз. і мн. ліку.
Формы загаднага ладу не ўтвараюцца ад дзеясловаў магчы, хацець, балець, ад безасабовых дзясловаў тыпу вечарэць, марозіць і інш.
Формы загаднага ладу могуць ужывацца ў значэнні іншага ладу. Напрыклад: умоўнага: Скажы палешукам пра школу – будуць смяяцца; абвеснага: Толькі і ведаў тады, зараджай, страляй, ляці ў атаку(адценне мадальнасці – неабходнасці, вымушанасці дзеяння).У дзеясловах мовы і думкі аслабляецца інтанацыя загаду, сціраецца часам значэнне дзеяння: Скажы ты, як змяніўся горад.
Пабуджэнне да дзеяння можа выражацца не толькі формамі загаднага ладу: інфінітывам (Слухаць мяне), формай 2 асобы будучага часу абвеснага ладу (Вернешся і чакай мяне), прыслоўем (Ціха,- шапнуў Косця,-, гэта вавёрка).
Умоўны лад абазначае дзеянне як магчымае пры пэўных умовах. Мае аналітычную форму: дзеяслоў у форме прошлага часу + часціцы бы (б), якая знаходзіцца або пры дзеяслове ці пры іншых словах: Чорнае мора зялёным назваў бы, як толькі заціхнуць і бура, і шторм. Мацней бы хацелася верыць і людзям, і дружбе. Не мае формаў часу, асобы, але мае трыванне (шукаў бы, адшукаў бы). Значэнні: часцей выражае магчымае дзеянне, ажыццяўленне якога залежыць ад іншага дзеяння ці абставін (Не пісаў бы, не складаў бы я вас, думы-песні, каб не вецер шызакрылы, вецер напрадвесні. М.Танк). Пераважна ў складаных сказах, дзе адна ці некалькі частак змяшчае ўмову. Значэнне меркавання, якое звязана з супрацьпастаўленнем : Мы, змораныя, ля сасны зрабілі б свій прывал, ды лыжаў след, як дзве струны, пралёг праз перавал. М.Танк; пажаданасці дзеяння: Хутчэй бы прыйшла вясна.
Ужываецца ў значэнні абвеснага, у сцвярджэннях-меркаваннях (Хацела б вас перасцерагчы), загаднага для перадачы просьбы, парады з адценнем нерашучасці (А ты , Аленка, пачытала б мне яшчэ што-небудзь).
9. Катэгорыя часу дзеясловаў.
Выражае адносіны дзеяння да моманту гутаркі. Маюць толькі дзеясловы абвеснага ладу. 3 часы. У аснове вызначэня часу здзяйснення працэсу ляжыць абстрактны граматычны пункт адліку. Ён можа супадаць з момантам гутаркі. Бывае абсалютнае і адноснае часавае значэнне дзеяслоўных формаў. Час абсалютны, калі ў якасці зыходнага пункту вызначэння часавага плана выступае момант гутаркі (Мы вучымся); адносны – калі зыходным выступае не момант гутаркі, а час ажыццяўлення іншага дзеяння: Ніхто не ведаў, куды ідуць цягнікі. Катэгорыя часу цесна звязана з катэгорыяй трывання: незакончанага – -цяперашні, прошлы і будучы складаны час, закончанага – прошлага і будучага простага.
Цяперашні час паказвае, што дзеянне дзеяслова супадае з момантам гутаркі: Ярка над Іслаччу зоркі гараць, водбліскі іх блішчаць на траве. Формы цяперашняга часу абазначаюць дзеянне, якое або адбываецца на момант гутаркі, або пастаяннае, характэрнае для пэўнага прадмета: Восенню птушкі лятуць у вырай.
Сістэму формаў цяп.часу складаюць 3 асабовыя формы адзіночнага ліку і 3 множнага ліку. Канчаткі пз’яўляюцца паказчыкам асобы і ліку, а таксама цяп. часу. Цяп. час можа ўжывацца ў значэнні прошлага: Дзядзьку ў рыбе шанцавала. Бывала, пострыжкі паправіць, на шчупакоў нясе і ставіць (Колас); будучага, калі дзеянне залежыць ад суб’екта, яго жадання: Праз два гады заканчваю ўніверсітэт.
Будучы час выражае дзеянне, якое будзе адбывацца ці адбудзецца пасля моманту гутаркі: Я ад зямелькі крыллем адштурхнуся і абміну ў палёце чорны жах (Геніюш). Існуюць формы сінтэтычныя (будучы просты) і аналітычныя (будучы складаны). Першыя ўтвараюцца ад асновы цяп. часу дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе тых жа канчаткаў асобы і ліку, што і пры ўтварэнні форм цяп. часу (пабудую, пабудуеш) . Формы удучага складанага часу ўтвараюцца ад асноў дзеясловаў незак. трывання і з’яўляюцца спалучэннем будучага часу дапаможнага дзеяслова быць і інфінітыва.
Значэнне формаў будучага часу цесна звязана з катэгорыяй траывання дзеясловаў. Будучы складаны час звычайна абазначаюць працяглыя або паўтаральныя дзеянні, не паказваючы на іх закончанасць або вынік: на расквечанай паляне, ля ўрачыстага кастра, легендарныя паданні будзе слухаць дзетвара. У паўднёвых гаворках – чытацьму, чытацьмеш, чытацьме – былы першы будучы складаны час. Будучы просты час абазначае дзеянні, у выказванні якіх упэўнены той, хто гаворыць: Вясна прыйдзе, снег пагіне. Ён мае некалькі значэнняў: будучае дзеянне з адценнем закончанасці, дасягнення выніку (асноўнае): Незабыўных не забудзем мы ахвяраў, да канца за нашу справу пастаім (А.К.), паказвае на ўмову ці вынік дзеяння: А з’ясі ты з хлебам скварку – і работа пойдзе шпарка; мае абагульненае значэнне(Здароўя не купіш).
Будучы час ужываецца ў значэнні цяперашняга ў апісаннях (Размернымі крокамі ідзе дзед па зямлі. Пройдзе крыху і стане, азірнецца назад), прошлага (Паддасць, бывала,дзядзька духу, пачуўшы холад-завіруху), нечаканае, імгненнае дзеянне ў мінулым (І толькі гэта мы выходзім з лесу, аж як гаркне наш Марка Балук: “Стой, лапаць скінуўся” Я.Колас).
Прошлы час абазначае дзеянне, якое адбывалася ці адбылося да моманту гутаркі: Свій лёс мы самі выбіралі не на гады, а на вякі (Панч.). Утвараецца ад асновы інфінітыва з дапамогай суфіксаў –л-, -ў- і адпаведны канчаткаў: ж.р. адз.л. –а, м.р. – нулявы, ніякага роду –а, -о, мн. лік - -і (працаваў…). Пры ўтварэнні формаў прошлага часу можна адзначыць некаторыя асаблівасці.
Дзеясловы, аснова інфінітыва якіх заканчваецца на зычны, у м.родзе прошлага часу суфікса –ў- не маюць (везці – вёз, нёс, поўз). Дзеясловы на –сці ў цяп.часе маюць аснову на –д,т, у прошлым часе д, т страчваюць (цвісці – цвіў, месці, класці). Дзеясловы на –чы пасля галоснага аднаўляюць к ў прошлым часе (пячы - пёк, пякла, пякло, пяклі, валачы). Астатнія дзеясловы ў прошлым часе захоўваюць той зычны, які знаходзіцца ў інфінітыве перад –чы: зберагчы – збярог, зберагла, збераглі. Дзеясловы са значэннем змены стану тыпу кіснуць, мокнуць у прошлым часе страчваюць –ну- (кіс, мок).
Значэнні прошлага часу звязаны з трываннем дзеясловаў. Дзеясловы незак. трыв. абазначаюць дзеянні як факт мінулага, без іх паслядоўнасці: Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу прыгожаю дугою, Нёман забіраў управа, пралёгшы стужкаю паміж лугамі і полем. На адным канцы дугі стаялі кучаравыя хвоі, за імі пачыналіся маладыя сакавітыя баравіны (Колас); паўтаральнасць дзеяння (Мы штодня прасілі прыслаць самалёты, але атрымлівалі адказы, што трэба пачакаць). Дзеясловы заканчанага трывання абазначаюць або закончанае дзеянне ў мінулым (Расцвілі под восень кветкі), або паслядоўнасць закончаных дзеянняў у мінулым (Падплыла лодка, і з яе выйшаў хлопец).
Ёсць і складаная форма прошлага часу – быў напісаў (старажытны плюсквамперфект): Людзі былі кінуліся ўцякаць, але ўбачылі партызан і вярнуліся (адценне перарванасці).
Прошлы час можа ўжывацца ў значэнні будучага: “Нічога, Толя, - сказала Люда, - пакуль я зраблю снеданне, ты яшчэ наловіш рыбы. Ну, я пайшла”. Тут дзеянне павінна адбыцца адразу пасля моманту гутаркі. Шырока ўжываюцца і формы прошлага часу з раптоўна-імгненным значэннем тыпу бразь, бултых, круць, глядзь, скок, лясь.
10. Катэгорыя асобы дзеясловаў. Безасабовыя дзеясловы.
Паказвае на адносіны дзеяння і яго ўтваральніка (суб’екта) да таго, хто гаворыць. 11 асабовых формаў – 3 формы адзночнага і 3 множнага ліку абвеснага ладу, 5 формаў загаднага ладу. Паказчык – канчатак асабовай формы.
Значэнні: 1 асобы адз. ліку – дзеянне таго, хто гаворыць (я вучу), абагульнена-асабовае значэнне (чужую бяду рукамі развяду ). Мн. ліку – сумеснае дзеянне таго, хто гаворыць, і іншай асобы ці асоб (мы вучым). Можа ўжывацца ў значэнні 2 асобы з адценнем спачування: Доктар спытаў: “Як мы сябе сёння адчуваем?” 2 асобы адзін. ліку – дзеянне субяседніка (ты вучыш), абагульнена-асабовае значэнне (Як дбаеш, так і маеш). Мн. ліку – дзеянне групы асоб, да якіх звяртаюцца з гаворкай, або на сумеснае дзеянне субяседніка з іншай асобай, пры ветлівым звароце да субяседніка: А вы ўсё прыгажэеце, дзяўчаткі, … Марына Астапаўна . 3 асобы адз. ліку – дзеянне суб’екта, які не ўдзельнічае ў размове (ён вучыць), дзеянне асоб ці прадметаў, пра якія ідзе размова, абагульнена-асабовае значэнне (З незабітага іса футра не шыюць).
Некаторыя дзеясловы не маюць формаў 1 і 2 асобы: бялець, святлець, цямнецца са значэннем выдзяляцца пэўным колерам, безасабовыя дзеясловы.
Безасабовыя дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое адбываецца без дзеючай асобы або прадмета. Яны ў сказе выказнікі, не маюць катэгрыі асобы, часцей ужываюцца ў цяперашнім і прошлым часе. Маюць аманімічную форму ў цяперашнім часе 3 асобы адзін. ліку, у прошлым – ніякага роду. Могуць абазначаць: з’явы прыроды: вечарэе, днее, змяркаецца; фізічны ці псіхічны стан чалавека, жывой істоты: нездаровіцца, працуецца, верыцца; магчымасць, неабходнасць дзеяння: давялося, прыйшлося, спатрэбіцца; дзеянне невядомай ці стыхійнай сілы: нясе, цягне, зацерушыла.
Могуць быць незваротныя: уласна безасабовыя (вечарэе, днее, марозіць), ужывацца ў значэнні безасабовых (пахне восень – пахне вільгаццю). Больш частыя безасабовыя зваротныя: Малым не сядзелася ў хаце (постфікс –ся + сядзець, ужыв. з наз. ці займ. у Д. склоне). Устойлівыя звароты брацца + на + назоўнік у В.склоне (значэнне наступлення, пачатку таго, што названа назоўнікам): Бралася на мароз. Збіраецца на навальніцу.
11. Спражэнне дзеясловаў.
Гэта змяненне дзеясловаў па асобах і ліках у цяперашнім (будучым простым) часе абвеснага ладу.
Дзеясловы І спражэння
Адзіночны лік
1-я асоба –у (-ю) вяду чытаю бяру пішу
2-я асоба -еш (-эш, -аш) вядзеш чытаеш бярэш пішаш
3-я асоба -е (-э, -а) вядзе чытае бярэ піша
Множны лік
1-я асоба –ём (-ем, -ом, -ам) вядзём чытаем бяром пішам
2-я асоба -яце (-еце, -аце) ведзяце чытаеце бераце пішаце
3-я асоба -уць (-юць) вядуць чытаюць бяруць пішуць
Дзеясловы ІІ спражэння
Адзіночны лік
1-я асоба –у (-ю) сяджу маўчу гаманю гавару
2-я асоба -іш (-ыш) сядзіш маўчыш гамоніш гаворыш
3-я асоба -іць (-ыць) сядзіць маўчыць гамоніць гаворыць
Множны лік
1-я асоба –ім (-ым) сядзім маўчым гамонім гаворым
2-я асоба -іце (-ыце) седзіце маўчыце гамоніце гаворыце
3-я асоба -аць (-яць) сядзяць маўчаць гамоняць гавораць
У І спражэнні ўжыванне галоснага ў канчатку залежыць ад характару апошняга зычнага асновы і націску, у ІІ – ад апошняга зычнага асновы. У 2-й асобе множнага ліку націск заўсёды на –це. Калі націск не на канчатку, то ўзнікаюць цяжкасці ў вызначэнні спражэння. Таму вызначаем спражэнне і па інфінітыве. Да ІІ спражэння адносяцца дзеясловы, якія ў інфінітыве заканчваюцца на –іць, -ыць (бяліць, мясіць, варыць, вучыць), дзе –і-, -ы- суфікс. Аднаскладовыя і ўтварэнні ад іх, дзе гэта не суфіксы, - да І спражэння (біць, ліць, піць, рыць); на –ець, -эць, калі –е, -э не захоўваюцца ў 1-й асобе адз. ліку цяп. часу (глядзець – гляджу, сядзець, гарэць; выключэнне - хацець), гнаць, вярцець, цярпець, ненавідзець, стаяць, баяцца, належаць, спаць.
Рознаспрагальныя дзеясловы
Адзіночны лік
1-я асоба бягу ем дам
2-я асоба бяжыш ясі дасі
3-я асоба бяжыць есць дасць
Множны лік
1-я асоба бяжым ядзім дадзім
2-я асоба бежыце ясце дасце
3-я асоба бягуць ядуць дадуць
Дзеяслоў бегчы ў 3-й асобе мн. ліку мае канчатак І спражэння, у астатніх – ІІ; есці, даць (старажытнае нетэматычнае спражэнне) у 1-й асобе мн. ліку мае канчатак ІІ спражэння, 3-й асобы – І спражэння, усе астатнія канчаткі спецыфічныя, не І ці ІІ спражэння. Даваць – І спражэнне
12. Словаўтварэнне дзеясловаў.
Самы высокі словаўтваральны патэнцыял дзеяслова. Афіксальныя спосабы: 1) ад дзеясловаў - прыставачны: абвіць, абагнаць, авеяць, адвезці, адабраць, выйсці, дабегчы,змыць, сысці, навучыць, паехаць, падкласці, перайсці, прабегчы, прыехаць, раздліць, убегчы, уз’ехаць. 2) ад іменных часцін мовы – суфіксальны: назоўнік: зімаваць – зіма, дэталь – дэталізаваць, мох – імшыць, гультай - гультайнічаць, прыметнік: белы – бяліць, сівы – сівець, мілы – мілаваць. 3) прыставачна-суфіксальны: ад дзеясловаў - паварушваць, падсвістваць, прыгаворваць, узмахваць; ад наз. і прыметнікаў: акрыліць, аднавіць, здрабніць, узаконіць. 4) прыставачна-постфіксальны: ад дзеясловаў – аступіцца, дагуляцца, нагасцявацца. Спосаб складання рэдкі – самавызначацца, узаемадзейнічаць.Пераход у мадальныя словы – відаць, здаецца, значыць, у прыназоўнікі – дзякуючы, у часціцы – дай, давай, у выклічнікі – бывай, здароў.
13. Правапіс суфіксаў дзеясловаў.
- ава-, -ява-: галасаваць – галасую,
-іва-, -ыва- : падкрэсліваць, запэўніваць,адыгрываць (у спалучэннях зычных, дзе апошняя – л, н, р),
у астатніх выпадках –ва- : адказваць, але: даследаваць.
14. Дзеепрыметнік
1. Агульная характарыстыка.
2. Утварэнне дзеепрыметнікаў.
3. Ужыванне дзеепрыметнікаў.
4. Пераход дзеепрыметнікаў у прыметнікі (ад’ектывацыя).
Утварэнне дзеепрыметнікаў
|
Залежны стан |
Незалежны стан |
|
Толькі ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання |
Ад пераходных і непераходных дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання |
|
Прошлы час |
Прошлы час |
|
Ад асноў інфінітыва + суфіксы –н-, -ен-, -ан-, -т-: згубіць – згублены (клад), прапалоць – праполаты (агарод) |
Ад асноў інфінітыва (прошлага часу) + суфіксы –л- (пасля галосных і зычных), -ўш- (пасля галосных), - ш- (пасля зычных): падсох – падсохлая (зямля), прыстаў – прыстаўшая (гліна), прамок – прамокшае (цела) |
|
Залежны стан |
Незалежны стан |
|
Цяперашні час |
Цяперашні час |
|
Ад асноў цяперашняга часу + суфіксы –ем- (ад 1-га спражэння), -ім- (ад 2-га спражэння): абмяркоўваюць – абмяркоўваемая (кніга), любяць – любімая(кніга) |
Ад асноў цяперашняга часу + суфіксы –уч- (-юч-) (ад 1-га спражэння), –ач- (-яч-) (ад 2-га спражэння): пахнуць – пахучае (дрэва), гавораць – гаворачая (асоба) |
15. Дзеепрыслоўе
1. Агульная характарыстыка.
2. Утварэнне дзеепрыслоўяў.
3. Ужыванне дзеепрыслоўяў.
Утварэнне дзеепрыслоўяў
|
Незакончанае трыванне |
Закончанае трыванне |
|
Ад асноў цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання + суфіксы –учы (-ючы) (ад 1-га спражэння), -ачы (-ячы) (ад 2-га спражэння): нясуць – несучы, ляжаць - лежачы |
Ад асноў інфінітыва (прошлага часу) дзеясловаў закончанага трывання + суфіксы –ўшы (пасля галосных), -шы (пасля зычных): зрабіць – зрабіўшы, высах - высахшы |
Тэма “ДЗЕЯСЛОЎ”
Пытанні
1. Дзеяслоў як часціна мовы.
2. Інфінітыў.
3. Асновы дзеяслова.
4. Пераходныя і непераходныя дзеясловы.
5. Зваротныя і незваротныя дзеясловы.
6. Катэгорыя стану дзеясловаў.
7. Катэгорыя трывання дзеясловаў.
8. Катэгорыя ладу дзеясловаў.
9. Катэгорыя часу дзеясловаў.
10. Катэгорыя асобы дзеясловаў. Безасабовыя дзеясловы.
11. Спражэнне дзеясловаў.
12. Словаўтварэнне дзеясловаў.
13. Правапіс суфіксаў дзеясловаў.
14. Дзеепрыметнік.
15. Дзеепрыслоўе.
Літаратура
1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994. – С.178-179, 180-181, 235-236, 529-530, 563.
2. Сучасная беларуская мова: вучэб. дапам. / Л.М.Грыгор’ева [і інш.]; пад агул. рэд. Л.М.Грыгор’евай. – 3-е выд., выпр. – Мінск: Выш. шк., 2010. – С. 320 – 364.
3. Шуба, П.П. Дзеяслоў у беларускай мове / П.П.Шуба. – Мінск: Выш. шк., 1968. – 81с.
1. Формы дзеяслова
І. Спрагальныя – асабовыя формы; яны змяняюцца па асобах, ліках, ладах, часах (у прошлым часе і ўмоўным ладзе – і па родах). Неспрагальныя – інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе.
ІІ. Зменныя – асабовыя формы, дзеепрыметнік. Ім ўласціва катэгорыя ліку. Нязменныя – інфінітыў, дзеепрыслоўе. Яны маюць катэгорыі трывання і стану.
3. Асновы дзеяслова
І. Аснова інфінітыва; гэта частка інфінітыва без формаўтваральнага суфікса: спява-ць, лез-ці, бег-чы. Ад асновы інфінітыва ўтвараюцца формы абвеснага ладу прошлага часу, умоўнага ладу, дзеепрыметнікі прошлага часу, дзеепрыслоўі закончанага трывання. Аснова прошлага часу: спява-ў.
ІІ. Аснова цяперашняга (будучага простага) часу; яна вызначаецца шляхам аддзялення канчаткаў 3-й асобы множнага ліку абвеснага ладу: піш-уць, мы-юць(мый-уць). Ад гэтай асновы ўтвараюцца асабовыя формы цяперашняга (будучага простага) часу, формы загаднага ладу, дзеепрыметнікі цяперашняга часу, дзеепрыслоўі незакончанага трывання.
8. Формы загаднага ладу, іх канчаткі
2-я асоба адзіночнага ліку: канчаткі -і, -ы (апрані, насі, кажы, скачы, бі, пі), нулявы канчатак (маж, цеш, глянь, думай);
2-я асоба множнага ліку: канчаткі -і, -ы , нулявы канчатак + постфікс –це
(апраніце, насіце, кажыце, скачыце, біце, піце, мажце, цешце, гляньце, думайце);
3-я асоба адзіночнага і множнага ліку: хай (няхай) + формы цяперашняга (будучага простага) часу 3-й асобы адзіночнага ці множнага ліку (хай апране, няхай мыюць);
1-я асоба множнага ліку: канчаткі -ем (-эм, -ам), -ім (-ым) (нясем, напішам, сходзім); давай (давайце) + дзеяслоў будучага часу або інфінітыў (давай сустрэнем, давайце сябраваць).
11. Спражэнне дзеясловаў
Дзеясловы І спражэння Дзеясловы ІІ спражэння
Адзіночны лік
1-я асоба: –у (-ю) вяду, чытаю, бяру, пішу; –у (-ю) сяджу, маўчу, гаманю
2-я асоба:-еш (-эш, -аш) вядзеш, чытаеш, бярэш, пішаш; - іш (-ыш) сядзіш, маўчыш, гамоніш
3-я асоба:-е (-э, -а) вядзе, чытае, бярэ, піша; - іць (-ыць) сядзіць, маўчыць, гамоніць
Множны лік
1-я асоба –ём (-ем, -ом, -ам) вядзём, чытаем, бяром; –ім (-ым) сядзім, маўчым, гамонім
пішам;
2-я асоба:-яце (-еце, -аце) ведзяце, чытаеце, бераце; - іце (-ыце) седзіце, маўчыце, гамоніце
пішаце;
3-я асоба:-уць (-юць) вядуць, чытаюць , бяруць; -аць (-яць) сядзяць, маўчаць, гамоняць
пішуць;
Рознаспрагальныя дзеясловы бегчы, есці, даць
Адзіночны лік Множны лік
1-я асоба бягу ем дам бяжым ядзім дадзім
2-я асоба бяжыш ясі дасі бежыце ясце дасце
3-я асоба бяжыць есць дасць бягуць ядуць дадуць
14. Утварэнне дзеепрыметнікаў
|
Залежны стан |
Незалежны стан |
|
Ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання |
Ад пераходных і непераходных дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання |
|
Прошлы час |
Прошлы час |
|
Ад асноў інфінітыва + суфіксы –н-, -ен-, -ан-, -т-: выпісаць – выпісаная, падмесці – падмеценая, разварушыць – разварушаная, зжаць - зжатая |
Ад асноў інфінітыва + суфіксы –л- (пасля галосных і зычных), -ўш-(пасля галосных), -ш- (пасля зычных): абамлець – абамлелая, прыстаць – прыстаўшая, зарасці - заросшая |
|
Залежны стан |
Незалежны стан |
|
Цяперашні час (лічацца парушэннем літаратурнай нормы) |
Цяперашні час (не характэрны для сучаснай беларускай літаратурнай мовы) |
|
Ад асноў цяперашняга часу + суфіксы –ем- (ад 1-га спражэння), -ім- (ад 2-га спражэння): абмяркоўваюць – абмяркоўваемая, любяць – любімая |
Ад асноў цяперашняга часу + суфіксы –уч- (-юч-) (ад 1-га спражэння), –ач- (-яч-) (ад 2-га спражэння): пішуць – пішучая, гавораць – гаворачая |
15. Утварэнне дзеепрыслоўяў
|
Незакончанае трыванне |
Закончанае трыванне |
|
Ад асноў цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання + суфіксы –учы (-ючы) (ад 1-га спражэння), -ачы (-ячы) (ад 2-га спражэння): нясуць – несучы, ляжаць - лежачы |
Ад асноў інфінітыва (прошлага часу) дзеясловаў закончанага трывання + суфіксы –ўшы (пасля галосных), -шы (пасля зычных): зрабіць – зрабіўшы, высах - высахшы |

RSS





















