Новости События Общее

Теоретический материал к семинару

23-04-2020 Публикации
Статья содержит теоретический материал к семинарскому занятию "Грамадска палітычны рух у Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.)" для студентов 4 курса исторического факультета

. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы (1921–1939 гг.): сацыяльна-эканамічнае, палітычнае і культурнае становішча.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора (18 сакавіка 1921 г.) да Польшчы была далучана заходняя частка Беларусі у складзе Гродзенскай, часткі Віленскай (Ашмянскі, Лідскі, Вілейскі, Дзісенскі паветы) і Мінскай (Навагрудскі, Пінскі, частка Слуцкага, Мінскага і Мазырскага паветаў) губерняў. Плошча Заходняй Беларусі складала 112 955 км2. Палякі называлі гэтыя тэрыторыі “крэсы ўсходнія” (“усходнія ўскраіны”), “паўночна-ўсходнія землі Польшчы”, “Белапольшча”, што падкрэслівала пазіцыю непрызнання беларускіх зямель як асобнай не толькі тэрытарыяльна-палітычнай, але і этнічнай адзінкі.

Заходняя Беларусь была падзелена на чатыры ваяводствы: Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае, якія падзяляліся на паветы і гміны. Згодна з гэтым падзелам былі ўтвораны мясцовыя органы кіравання і самакіравання. У Заходняй Беларусі на ўсе дзяржаўныя пасады ў ваяводствах, паветах і гмінах прызначаліся толькі палякі.

Колькасць насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1931 г. складала 4,6 млн. чал. Паводле свайго складу яно было шматнацыянальным: беларусы складалі 65 % насельніцтва, палякі – 15 %, яўрэі – 11 %, украінцы – 4 %, літоўцы – 2,5 %. У 1939 г. насельніцтва Заходняй Беларусі налічвала ўжо 5 млн. чал.

Кіраўнікі буржуазнай Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілі вялікадзяржаўную, шавіністычную палітыку. Яны не прызнавалі беларусаў за нацыю і мелі на мэце паланізаваць цэлы народ. Беларуская нацыянальная культура прыследавалася, закрываліся беларускія газеты, школы, бібліятэкі. У дзяржаўных установах забаранялася ўжываць беларускую мову.

У дапаўненне да сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі панаваў жорсткі палітычны рэжым і паліцэйскі тэрор. Па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся “пацыфікацыяй”. У час пацыфікацый паліцэйскія разбуралі жыллё сялян, знішчалі маёмасць і харч, учынялі масавыя экзекуцыі. Пасля такога разбою жыхарам гэтых вёсак забаранялася запальваць агні вечарамі, збірацца разам некалькім чалавекам, хадзіць у суседнія вёскі. Вядучая роля ў правядзенні тэрору належала тайнай палітычнай паліцыі – дэфензіве. Яна шырока карысталася метадамі правакацый, паклёпу, запужвання і фізічных катаванняў.

Заходняя Беларусь і яе насельніцтва апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Разбураная першай імперыялістычнай і затым грамадзянскай вайной гаспадарка амаль не адбудоўвалася, і беларускія землі ператвараліся ў сыравінны прыдатак Польшчы. 

На заводах і фабрыках працоўны дзень працягваўся 10–11 гадзін, а на саматужных прадпрыемствах быў значна большым. За тую ж самую працу ў прамысловасці польскаму рабочаму плацілі больш, чым беларусу. Асабліва пакутлівай з’явай было беспрацоўе. У сярэднім на аднаго працуючага прыходзілася два беспрацоўныя. Людзі згаджаліся на любую работу і любую аплату.

85% насельніцтва Заходняй Беларусі пражывала ў вёсцы. Больш паловы зямельнага фонду належыла памешчыкам ці буйным уладальнікам, якія мелі ў сярэднім па 500 га. Такіх уладальнікаў было каля 1 % ад усіх жыхароў сельскай мясцовасці. На сялянскі двор прыходзілася каля 7 га. зямлі. Многія сяляне не мелі зямлі ўвогуле. У гэтых умовах польскія ўлады раздавалі буйныя ўчасткі зямлі асаднікам – былым афіцэрам і чыноўнікам, якія мелі заслугі ў савецка-польскай вайне 1919–1920 гг. Па сутнасці, гэта былі новыя памешчыкі, якія з’яўляліся сацыяльнай апорай уладам. Яны былі добра арганізаваны, узброены і выконвалі паліцэйскія функцыі ў адносінах да мясцовага насельніцтва. Да вызвалення на тэрыторыі Заходняй Беларусі было расселена каля 10 тыс. асаднікаў.

Адным з накірункаў зямельнай рэфоры 1920-х гг. у Польшчы была т. зв. камасацыя (землеўладкаванне) – ліквідацыя цераспалосіцы, у выніку якой сяляне ўзамен раздробленых на вузкія палоскі зямель павінны былі атрымаць такую самую колькасць зямлі, але адзіным участкам (хутар). Сялян прымушалі высяляцца на хутары, але, каб уладкаваць хутарскую гаспадарку, патрэбны былі вялікія сродкі. Часта землі сялян пераходзілі да кулакоў і асаднікаў. Да 1939 г. на хутары было пераведзена 43 % усіх гаспадарак, якія карысталіся 45 % усёй зямлі.

Рэформа ліквідавала сервітуты – агульныя абшчынныя ўчасткі зямлі, у выніку чаго сяляне пазбавіліся пашы для жывёлы, вадаёмаў і сенакосаў. Аграрныя пераўтварэнні вялі да ўзрастання дыферэнцыяцыі сялян, колькасць бедных жыхароў вёскі пачала няўхільна павялічвацца.

Сяляне павінны былі пастаянна выконваць дарожныя павіннасці – шарваркі, задарма працаваць на пабудове ці рамонце мастоў, дарог, грэбляў. Медыцынскае абслугоўванне з-за недахопу ўрачоў, дарагавізны медыкаментаў і лячэння было недаступна для большасці насельніцтва. Адзін доктар прыходзіўся на 5–6 тыс. чал.

У пошуках заробкаў, даведзеныя голадам і ўціскам да адчаю, сяляне шукалі выйсця ў эміграцыі. У 1925–1938 гг. з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі выехалі на пастаяннае жыхарства ў ЗША, Канаду, Лацінскую Амерыку, Заходнюю Еўропу, іншыя краіны 78,1 тыс. чал.

У выніку палітычнага перавароту ў 1926 г., здзейсненага групай вайскоўцаў на чале з маршалам Ю. Пілсудскім, у Польшчы ўсталяваўся ваенна-аўтарытарны рэжым (рэжым асабістай улады) – “санацыя” (“аздараўленне”). Афіцыйнымі задачамі санацыі выступалі дасягненне эканамічнай і палітычнай стабілізацыі ў краіне. Аднак на самой справе Пілсудскі фактычна пераўтвараецца ў дыктатара. У 1930 г. ён разагнаў сойм і распачаў палітыку рэпрэсій у адносінах да апазіцыі. У 1934 г. у Бярозе-Картузскай у Заходняй Беларусі быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных, праз які за 1934–1939 гг. прайшло каля 10 тыс. чал.

Тэрыторыя, якая апынулася пад Польшчай, выконвала ролю “санітарнага кардона” – буфера паміж СССР і капіталістычнымі краінамі з мэтай недапушчэння распаўсюджання камуністычных ідэй.

У 1920–1930-я гг. адбывалася паступовае развіццё адукацыі і розных форм духоўнай культуры ў Заходняй Беларусі. Аднак дадзены працэс істотна стрымліваўся павольнымі тэмпамі эканамічнай мадэрнізацыі, а таксама паланізатарскай палітыкай польскіх улад.

Важным накірункам адукацыйнай палітыкі польскіх уладаў з’яўлялася паланізацыя школы. Гэта суправаджалася дыскрымінацыяй беларускіх навучальных устаноў. Калі ў сярэдзіне 1920-х гг. у Заходняй Беларусі дзейнічала 77 беларускіх школ і 4 гімназіі (у Вільні, Радашковічах, Клецку, Навагрудку), то ў 1938 г. не засталося ніводнай.

Важнай падзеяй ў развіцці адукацыі стала аднаўленне ў 1919 г. Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, які стаў буйнейшым навуковым і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі. Найбольш значныя навуковыя даследаванні ва ўніверсітэце праводзіліся ў галіне філалогіі.

У розных сферах духоўнай культуры (літаратура, тэатр, друк, музыка, выяўленчае мастацтва) дамінаваў польскі ўплыў. Цэнтрамі беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці з’яўляліся Таварыства беларускай школы (ТБШ) (1921–1937 гг.), Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926–1936 гг.), Беларускае навуковае таварыства (1918–1939 гг.), Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей (1921–1939 гг.), беларускамоўныя газеты, часопісы і выдавецтвы і г. д.

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, у межах якога дамінуюць грамадска-палітычныя, а таксама рамантычна-лірычныя матывы (М. Танк, В. Таўлай, М. Засім, Н. Арсеннева, К. Сваяк, У. Жылка, П. Пестрак і інш.).

Выяўленчае мастацтва было прадстаўлена такімі жанрамі, як гістарычны і сімволіка-алегарычны (Я. Драздовіч); бытавы (М. Сеўрук, П. Сергіевіч); партрэтны і пейзажны (Г. Семашкевіч); карыкатурны (Я. Горыд).

Значны ўнёсак у развіццё музычнай культуры зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.

Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі меў два напрамкі: рэвалюцыяна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны. Рэвалюцыйна-вызваленчы напрамак прадстаўлялі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў 1923 г. у Вільні, Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (частка эсэраў, якія ўзначальвалі партызанскую барацьбу). КПЗБ на правах тэрытарыяльна-аўтаномнай арганізацыі ўвайшла ў склад Камуністычнай партыі Польшчы. Сваёй мэтай КПЗБ ставіла барацьбу за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Заходняй Беларусі і ўз'яднанне яе з БССР. Арганізатарамі рэвалюцыйнага руху былі І. Лагіновіч, В. Харужая, А. Славінскі і інш.

Нацыянальна-дэмакратычны напрамак складалі дэпутаты-беларусы, выбраныя ў польскі сойм (парламент), прыхільнікі БНР, якія стаялі за выкарыстанне парламенцкіх формаў барацьбы, члены масавай культурна – асветніцкай арганізацыі – Таварыства беларускай школы (ТБШ), створанай у 1921 г.

У першай палове 1920-х гг. нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі пераважна выступаў у форме ўзброенай партызанскай барацьбы з польскімі ўладамі. Сацыяльную базу партызанскага руху складалі беларускае сялянства, сельская інтэлігенцыя і рамеснікі. На Беласточчыне і Гродзеншчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам Беларускай партыі эсэраў, а на Палессі, Навагрудчыне і Віленшчыне – пад кіраўніцтвам камуністаў. З мэтай актывізацыі партызанскага руху летам 1921 г. беларускія эсеры стварылі Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з У. Пракулевічам. Партызанскія атрады звычайна налічвалі 30–50 чалавек, але існавалі і больш буйныя партызанскія злучэнні (да 100 чалавек). Партызанскія атрады ў 1924–1925 гг. ядналіся ў буйныя фарміраванні па ваеннаму прынцыпу, якімі камандавалі К. П. Арлоўскі, В. З. Корж, С.А. Ваупшасаў і інш.

Каб спыніць партызанскі рух, польскія ўлады прыцягнулі для барацьбы з беларускімі партызанамі дадатковыя вайсковыя сілы і ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. Пад напорам шматразова перавышаючых сіл праціўніка ЦК КПЗБ заклікаў камуністаў і партызан спыніць узброеную барацьбу як несвоечасовую і пачаць рэвалюцыйную барацьбу супраць акупантаў. У сярэдзіне 1920-х гг. партызанская барацьба ў Заходняй Беларусі была спынена.

Адначасова з рабочым рухам у першай палове 1930-х гг. у Заходняй Беларусі актывізавалася барацьба сялян супраць эканамічнага і палітычнага прыгнёту. Для падаўлення сялянскіх выступленняў улады шырока выкарыстоўвалі карныя экспедыцыі паліцыі і вайсковыя падраздзяленні. Асаблівы размах набыло летам 1935 г. выступленне нарачанскіх сялян-рыбакоў, выкліканае спробай улад пазбавіць сялян права лавіць рыбу. У барацьбе, якая працягвалася аж да 1939 г., удзельнічала каля 5 тыс. чал.

У кастрычніку 1922 г. адбыліся выбары ў польскі сейм, у якія 11 абраных ад заходнебеларускіх зямель дэпутатаў утварылі сеймавую фракцыю – Беларускі пасольскі клуб (БПК). 24 чэрвеня 1925 г. група паслоў левага накірунку (Б. А. Тарашкевіч, П. В. Мятла, П. П. Валошын, С. А. Рак-Міхайлоўскі) беларускага пасольскага клуба стварыла Беларускую сялянска-рабочую грамаду (БСРГ), якая ў маі 1926 г. аформілася як самастойная палітычная арганізацыя. БСРГ выступала за канфіскацыю памешчыцкіх зямель і падзел іх без выкупу паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, стварэнне сялянска-рабочага ўрада і ўстанаўленне дэмакратычных свабод, самавызначэнне Заходняй Беларусі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, ліквідацыю асадніцтва, адкрыццё школ на роднай мове і г. д.

Сацыяльную базу Грамады складала беларускае сялянства, у першую чаргу сярэдняе і бяднейшае. У хуткім часе БСРГ ператварылася ў масавую арганізацыю, якая ў студзені 1927 г. аб'яднала больш за 2 тыс. гурткоў з 120 тыс. членаў. Рост ўплыву БСРГ на беларускае сялянства напалохаў урад Пілсудскага, які ў студзені 1927 г. разграміў БСРГ. Былі арыштаваны кіраўнікі арганізацыі (Б. А. Тарашкевіч, П. В. Мятла, П. П. Валошын, С. А. Рак-Міхайлоўскі) і больш за 800 яе дзеячаў, над імі ўчынілі палітычныя працэсы. На разгром Грамады працоўныя Заходняй Беларусі адказалі шматлікімі рэзалюцыямі пратэсту, мітынгамі і масавымі дэманстрацыямі.

Уз’яднанне беларускага народу ў складзе БССР. 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 год. Дагавор вядомы ў гісторыі як пакт Молатава-Рыбентропа, які меў сакрэтны дадатковы пратакол аб размежаванні сфер уплыву СССР і Германіі ва Ўсходняй Еўропе. У сферу зацікаўленасці СССР увайшлі Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна, якія знаходзіліся ў складзе Польшчы.

1 верасня 1939 г. войскі вермахта перайшлі граніцу Польшчы і, нягледзячы на мужнае супраціўленне польскай арміі, на працягу двух тыдняў захапілі ўсю Польшчу. Так пачалася Другая сусветная вайна. 14 верасня нямецкія войскі занялі Брэст. Польская абарона і сістэма дзяржаўнага кіравання былі канчаткова разбураны, а ваеннае і палітычнае кіраўніцтва пакінулі краіну. Германскія войскі акупіравалі амаль усю тэрыторыю Польшчы і падступілі да межаў Заходняй Беларусі.

17 верасня 1939 г. злучэнні Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую граніцу. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як вызваленчы паход Чырвонай Арміі з мэтай абароны насельніцтва Заходняй Беларусі ад нямецкіх войск. Да 25 верасня 1939 г. савецкія войскі поўнасцю занялі Заходнюю Беларусь.

28 верасня 1939 г. СССР і Германія заключылі Дагавор аб сяброўстве і граніцы. Гэты дагавор вызначыў усходнюю граніцу Польшчы ў якасці граніцы паміж Германіяй і СССР.

Вільня і Віленскі край, якія таксама былі вызвалены Чывонай Арміяй ад улады Польшчы згодна з дагаворам, заключаным 10 кастрычніка 1939 г. паміж СССР і ўрадам Літвы, адыйшлі да Літоўскай рэспублікі.

Адразу з прыходам Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі пачаліся палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Ва ўсіх гарадах і паветах былі створаны часовыя праўленні, у вёсках — сялянскія камітэты з мясцовых актывістаў, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і прысланых з усходніх раёнаў Беларусі камуністаў і камсамольцаў. Яны стваралі атрады рабочай гвардыі міліцыі, бралі на ўлік фабрыкі і заводы, устанаўлівалі рабочы кантроль, займаліся забеспячэннем насельніцтва харчаваннем, медыцынскім абслугоўваннем, вялі работу на выбарах у Народны (нацыянальны) сход.

Народны (нацыянальны) сход Заходняй Беларусі адбыўся 28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. Ён прыняў Дэкларацыі аб абвяшчэнні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі і аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Працэс юрыдычна-прававога афармлення прыняцця Заходняй Беларусі ў склад СССР быў завершаны 2 лістапада 1939 г. на сесіі Вярхоўнага Савета СССР, а ў склад БССР – 12 лістапада на сесіі Вярхоўнага Савета БССР, калі адпаведна былі прыняты законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР. У выніку ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР насельніцтва Беларусі павялічылася да 11 млн. чалавек, а беларускі народ аб'яднаны ў адзіны нацыянальна-дзяржаўны арганізм.

История Беларуси Белорусские студенты семинарские занятия задание

Похожие публикации


Основные даты по истории Беларуси (для белорусских студентов)

11-02-2019 Публикации
Асноўныя даты па гісторыі Беларусі.
Белорусские студенты История Беларуси
подробнее

Задание 1 семинара для белорусских студентов

11-02-2019 Публикации
Задание 1 семинара для белорусских студентов
Белорусские студенты История Беларуси задание Семинарские занятия
подробнее