Т.Я.Старасценка (г. Мінск)
ДЫСКУРСНЫ ПАДЫХОД УАСЭНСАВАННІ ТЭКСТУ
Паняцце дыскурсу на сёння актыўна вывучаецца рознымі навукамі – сацыялінгвістыкай, семіётыкай, філасофіяй, псіхалогіяй, культуралогіяй і інш. Тым не менш, адсутнічае дакладная і агульнапрызнаная дэфініцыя гэтага паняцця. Адным з першых дыскурс у якасці самастойнага тэрміна выкарыстаў амерыканскі даследчык З.Харыс у артыкуле, прысвечаным разгляду мовы рэкламы. У лінгвістычны ўжытак гэта паняцце ўвёў Э.Бенвеніст, які аналізаваў дыскурс як тэкст, што ўзяты ў падзейным аспекце, або як маўленне, звязанае з жыццём. Згодна з моўнай практыкай, дыскурс неабходна разглядаць як тэкст або выказванне. На думку М.Фуко, дыскурс – гэта “сукупнасць выказванняў, залежных ад адной і той жа дыскурсіўнай фармацыі” [7, с.227]. Французскі даследчык апісвае дыскурс як сацыяльную практыку, якая складаецца з выказванняў. Іх паслядоўнасці ўтвараюць дыскурсіўныя фармацыі, суадносныя з палітыкай, эканомікай, медыцынай і інш. Такія фармацыі ўспрымаюцца найперш як грамадска-практычныя сферы.
Існуе і стылістычны падыход да сутнасці дыскурсу, калі паняцце дыскурс атаясамліваецца з паняццем стыль (Ж.Какэ, Поль дэ Ман, І.Ільін). Такі падыход рэалізуецца ў нараталогіі, якая разглядае адрасанта як шматаспектную апавядальную інстанцыю, вылучаючы пункт гледжання аўтара на падзеі тэксту. Дыскурс вызначае сюжэт і кампазіцыю выказвання, а таксама яго стылістычныя адметнасці.
Уласна лінгвістычныя дэфініцыі тэрміна дыскурс таксама не вызначаюцца аднастайнасцю, аднак іх яднае імкненне да канкрэтызацыі і развіцця традыцыйных паняццяў маўлення, тэксту і дыялогу. У працы А.Гаршкова “Русская стилистика” аналізуецца лінгвістычная пазіцыя І.Гальперына, які сінанімізаваў паняцці звышфразавае адзінства, кампанент тэксту, дыскурс, празаічная страфа, сінтаксічны комплекс, маналагічнае выказванне, камунікатыўны блок. Гэта пацвярджае той факт, што дакладнага значэння ў тэрміна дыскурс няма, а дыяпазон акрэсленых ім з’яў дастаткова шырокі: ад “часткі тэксту” да “маўлення” [3, с. 66 – 67]. Пераход ад паняцця маўленне да паняцця дыскурсу звязана з жаданнем увесці ў класічнае супрацьпастаўленне мовы і маўлення яшчэ адзін кампанент – дыскурс. У сярэдзіне 50-х гадоў ХХ ст. французскі лінгвіст Э.Бенвеніст, даследуючы сістэму дзеяслова, паслядоўна ўжываў тэрмін дыскурс (discours) нароўні з тэрмінам маўленне (parole) [2].
Практыка дыскурсіўнага аналізу звязваецца і з даследаваннем заканамернасцей руху інфармацыі ў межах камунікатыўнай сітуацыі абмену рэплікамі. Апісваецца пэўная структура дыялогавага ўзаемадзеяння. Такім чынам, дыялог – дыскурсіўная форма маўлення, а дыскурс – гэта маўленне, або тэкст, змешчаны ў сітуацыю дыялогу. Напрыклад, любы мастацкі тэкст – гэта своеасаблівая сустрэча з іншым тэкстам, г.зн. дыялог, які здымае няпэўнасці. Тэкст другасны ў адносінах да дыялогу.
Разуменне дыялагічнай сутнасці дыскурсу агульнапрынятае дзякуючы працам М.Бахціна. У даследаванні “Эстетика словесного творчества” дыялагічныя адносіны разглядаюцца не толькі на ўзроўні перасячэння плоскасцей маўлення аўтара і персанажаў [1]. У многіх працах па асаблівасцях мовы мастацкага тэксту “вобраз аўтара” падаецца як славесна-маўленчая структура, якая пранізвае структуру твора і вызначае ўзаемасувязь і ўзаемадзеянне ўсіх яго элементаў. Як слушна зазначае М.Бахцін, чалавечы ўчынак таксама ўяўляе патэнцыйны тэкст, які зразумелы толькі ў дыялагічным кантэксце свайго часу як рэпліка, як сэнсавая пазіцыя, як сістэма матываў [1, с. 302]. Даследчык вывучае “слова”, або дыскурс (фраза, маўленчы сегмент), як прастору, у якой сутыкаюцца розныя дыскурсныя інстанцыі. Можна пагадзіцца з меркаваннем Ю.Крысцевай, што адносіны аўтара да персанажа – гэта адносіны да пэўнага дыскурсу (слова), а дакладней, да дыскурсу іншага. Аўтарскі дыскурс – гэта дыскурс на падставе іншага дыскурсу, гэта слова, якое кантактуе з іншым словам [5, с.18].
Канцэпцыя М.Бахціна паўплывала на падыходы многіх лінгвістаў да стылістычнага аналізу мастацкага тэксту. Так, на думку Т.Пляханавай, “сёння і лінгвістыка тэксту, і стылістыка пашыраюць межы тэксту, што дазваляе па-новаму ставіць традыцыйныя праблемы і выкарыстоўваць новыя метады іх рашэння. Адным з такіх метадаў з’яўляецца дыскурс-аналіз, заснаваны на ідэях Бахціна” [6, с.18]. Дыялагічнае слова, “непрамое маўленне” М.Бахціна – асноўны канструкцыйны элемент мастацкага тэксту. Думаецца, дыялагічны падыход да разгляду дыскурсу найбольш прыдатны і перспектыўны на занятках па стылістыцы і філалагічным аналізе тэксту.
У гэтых адносінах варта звярнуцца да разгляду дыялогу, вызначанага Т.Пляханавай, – аднаго з магчымых варыянтаў дыскурснага падыходу, які неабходна ўлічваць і выкарыстоўваць на занятках па стылістычным аналізе тэксту. Некаторыя з маркёраў дыялогу можна вылучыць і ў беларускіх мастацкіх тэкстах. Звернемся да іх асэнсавання.
Перавод аповеду ў кантэкст цяперашняга часу набліжае аўтара да чытача:
І вось цяпер, праз дваццаць з нечым год, калі я бываю дома, дзе лячуся ўспамінам пра няблізкае і падхарошанае даўняе, да мяне зноў чамусьці прыходзіць радасная туга стрэцца з Чаславай Карлаўнай. Я ж бачыў далёкія гарады, нешта ў маім жыцці спраўдзілася, і я крышку давольны гэтым. Але, пэўна, і цяпер я не сказаў бы ёй пра тое, што я яе любіў, любіў з неразважнай, смешнай дзіцячай затоенасцю. Не сказаў бы. Бо мы заўсёды мала добрага гаворым другім, баючыся чужое радасці, і, мусіць, гэтак трацім сваю (В.Адамчык. “Урок арыфметыкі”).
Апошні сказ макраструктуры ўключае не толькі дзеясловы цяперашняга часу, але і займеннік мы з асабова-абагульненым значэннем: мы – гэта не толькі аўтар, але і чытач, і персанаж, і наогул любы чалавек. Такі займеннік дазваляе дыялагізаваць тэкст, уключаючы ў працэс творчасці і чытача. Гэтаму працэсу садзейнічае і сродак персуазіўнасці – лексема мусіць, дзякуючы якой аўтар запрашае да сумеснай дыскусіі і не навязвае свайго пункту гледжання.
Зона дыялогу пачынаецца і са змены асобы апавядальніка – ад трэцяй да першай асобы адзіночнага або множнага ліку:
Панна Кася выскачыла з класа, дробна застукаўшы абцасікамі і моцна бразнуўшы дзвярыма. Ах, як нам было шкада чагосьці, як нечакана абарвалася і знікла назаўсёды нешта вельмі дарагое – мабыць, гэта мы развітваліся з даверлівым і бесклапотным дзяцінствам, бо ўведалі, што жыццё куды складаней, як здаецца на першае вока (Ян Скрыган. “След гумавых шын”).
Другі сказ макраструктуры сведчыць не толькі пра змену асобы, але і пра абагульняльны характар высновы, выражанай у прэдыкатыўных частках (...што жыццё куды складаней, як здаецца на першае вока). Да такой “недзіцячай” мудрасці прыйшлі вучні пасля горкага расчаравання ў настаўніцы польскай мовы Касі. І такая мудрасць стварае адзіную прастору дыялогу з чытачом.
Мастацкі дыскурс можа ўключаць інтэрсуб’ектыўны план:
Глядзеў на сябе ў люстэрка і смяяўся горкім смехам. Ну чаго ты лез? Што ты хацеў? Маладыя пасварацца і памірацца. Што табе да іх? Выхоўвай сваіх дзяцей, у цябе іх двое. Не будзь унтэрам Прышыбеевым, не лезь, куды цябе не просяць. Праўду казала жонка, праўду...
Але жыў нейкі яшчэ адзін голас, які не згаджаўся з тым, што я сабе выказаў перад люстэркам.
А чаму я павінен праходзіць моўчкі міма ўсякага свінства, хамства, нібы яно мяне не датычыць? Сёння я магу гэта балота абысці, а заўтра яно зойме вунь якую плошчу, яно выйдзе з берагоў і прыйдзе ў мой дом, у маю кватэру. Дык чаму я павінен чакаць, пакуль яно прыйдзе, а не змагацца з ім на далёкіх подступах? Калі мы будзем абыякавымі да ўсяго кепскага, што ёсць у нас і побач з намі, то чым мы адрозніваемся ад таго чалавека, які жыве ў грамадстве, дзе чалавек чалавеку – воўк? Нічым!.. (У.Дамашэвіч. “Асеннім вечарам”).
Канфлікт інтэнцыянальных палёў персанажаў, які фіксуецца ў няўласна-простым маўленні апавядальніка (першы абзац макраструктуры адлюстроўвае супрацьлеглую пазіцыю жонкі, якая мела свой погляд на падзею), вырашаецца ў перадапошнім сказе – дыялагічнай зоне, дзе выразна адчуваецца аўтарскі голас і падтрымка жыццёвай пазіцыі галоўнага героя. Асноўная ідэя (калі мы будзем абыякавымі да ўсяго кепскага, што ёсць у нас і побач з намі, то чым мы адрозніваемся ад таго чалавека, які жыве ў грамадстве, дзе чалавек чалавеку – воўк?) – гэта вынік дынамікі ўзаемадзеяння ў працэсе дыялогу аўтара з героем і чытачом.
Семантычны зрух да абагульнення таксама садзейнічае мастацкай камунікацыі. Як вынік – да дыялогу тэксту-дыскурсу прыцягваецца і чытач:
Ён бачыў яго блізка, тое сумна натапыранае, шэрае птушанё, гэтак бясконца, незразумела адзінокае ў знаёмай яму і, мусіць, не першы раз аблюбаванай засені падвечаровага куста. На сцяне, на лісці, на вялікіх прасцягах горада памірала сонца, і што адчуваў, каму і на што жаліўся ён, гэты жывы маленькі камячок, натомлены за дзень нейкім сваім, зразумелым яму, а мо зусім і незразумелым клопатам? Што гэта было: страх, натужнае чаканне непасільнага празарэння ці чуйна, вусцішна і раптоўна адчутая адасобленасць ад усяго і разлад з усім? І ці не так трывожыць, гняце незразумелым нейкім сэнсам і самога чалавека тужлівая палоска расхінутай на захадзе вечаровай зары? (М.Стральцоў. “Смаленне вепрука”).
Апошні сказ няўласна-простага маўлення, якое з’яўляецца ключавым дыскурсіўным маркёрам у семантычным зруху (і ці не так трывожыць, гняце незразумелым нейкім сэнсам і самога чалавека тужлівая палоска расхінутай на захадзе вечаровай зары?), адлюстроўвае змену і апавядальнай асобы (адбываецца пераход да аб’ектыўнага аўтарскага аповеду), і часу (ужываюцца дзеясловы цяперашняга часу трывожыць, гняце, хоць у папярэднім кантэксце пераважаюць дзеяслоўныя формы прошлага часу). Філасофскае пытанне гэтага апошняга сказа стварае агульную аснову дыялогу паміж аўтарам і чытачом, яно адрасуецца найперш чытачу, які запрашаецца да пошуку адказу.
Існуе яшчэ адзін варыянт дыскурс-аналізу, калі рознаўзроўневыя моўныя сродкі разглядаюцца не выключна з мэтай характарыстыкі індывідуальна-аўтарскага стылю, а дзеля разумення кантакту з патэнцыйным суразмоўцам. Як піша П.Жаўняровіч, “матываваны выбар моўнага факта ў канкрэтным публіцыстычным творы прэзентуе аўтарскія інтэнцыі” [4, с.86]. У сваёй манаграфіі навуковец праводзіць дыскурсны аналіз публіцыстычнага твора як прэзентацыю аўтарскіх інтэнцый. Разглядаючы твор У.Караткевіча “Гэта было 10-га сакавіка 1864 года...”, П.Жаўняровіч вылучае пяць макраструктур, якія абавязкова прадугледжваюць улік дыскурсіўных паказчыкаў і па-свойму ўздзейнічаюць на чытача, такім чынам кантактуючы з ім. Усталёўваецца своеасаблівы дыялог. Чытач далучаецца да яго праз уключэнне займенніка мы (пад ім разумеем суб’екта і адрасата дыскурсу), выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу незакончанага трывання (яны дазваляюць і аўтару, і чытачу больш выразна адчуць атмасферу 60-х гадоў ХІХ стагоддзя), рытарычных фігур (мэта іх ужывання – уздзеянне і перакананне), вобразных сродкаў мовы (такія сродкі выконваюць функцыю ўздзеяння ў публіцыстыцы). Дыскурс прадугледжвае абавязковую наяўнасць дыялогу аўтара-адрасанта і рэцыпіента-адрасата. П.Жаўняровіч разглядае дэйктычныя сродкі маркіроўкі суб’екта дыскурсу (займеннікі я, мы, мой, наш) і адрасата дыскурсу (займеннікі ты, вы, твой, ваш). Дыялагічнасць публіцыстычнага дыскурсу У.Караткевіча ствараецца не толькі паказчыкамі аўтарызацыі, але і персуазіўнасці (яе сродак – лексема магчыма, паказчык функцыі ілакутыўнага акта, які запрашае чытача да суразважання).
Такім чынам, тэкст як дыскурс уяўляе дыялог, які можа быць як унутраным (паміж аўтарам і персанажамі), так і знешнім (паміж аўтарам і чытачом).
Спіс літаратуры
1. Бахтин, М.М. Эстетика словесного творчества / М.М.Бахтин. – 2-е изд. – М.: Искусство, 1986. – 445 с.
2. Бенвенист, Э. Общая лингвистика / Э.Бенвенист; пер. с фр. – 2-е изд, стереотипное. – М.: Едиториал УРСС, 2002. – С.167 – 328.
3. Горшков, А.И. Русская стилистика: Учеб. пособие / А.И.Горшков. – М.: ООО “Издательство Астрель”: ООО “Издательство АСТ”, 2001. – 367 с.
4. Жаўняровіч, П.П. Публіцыстычны дыскурс Уладзіміра Караткевіча: манаграфія / П.П.Жаўняровіч; навук. рэд. В.І.Іўчанкаў. – Мінск: РІВШ, 2011. – 244 с.
5. Кристева, Ю. Избранные труды: Разрушение поэтики / Ю.Кристева; пер. с фр. – М.: РОССПЭН, 2004. – 656 с.
6. Плеханова, Т.Ф. Стилистика и дискурс-анализ художественного текста // Постклассическая стилистика и дискурсивный анализ текста: мат-лы межвузовского круглого стола (кафедра стилистики английского языка). – Минск: МГЛУ, 2010. – Вып.2. – С. 17 – 22.
7. Фуко, М. Археология знания / М.Фуко; пер. с фр. – СПб.: ИЦ “Гуманитарная академия”; Университетская книга, 2004. – 416 с.

RSS





















