Вербацэнтрычная і суб’ектна-прэдыкатыўная тэорыі сказа
Класіфікацыя простых сказаў вызначаецца перш за ўсё агульным падыходам да структуры сказа, а менавіта тым, якія кампаненты лічацца абавязковымі ў яго структуры. У сінтаксічнай навуцы існуюць дзве тэорыі простага сказа ‒ вербацэнтрычная і суб’ектна-прэдыкатыўная.
Вербацэнтрычная тэорыя распрацавана французскім навукоўцам Люсьенам Тэньерам. Тэрмін “вербацэнтрычная” адлюстроўвае сутнасць дадзенай тэорыі: у аснове сказа ‒ дзеяслоў-прэдыкат (вербум). Гэта адзіны галоўны член сказа. Усе іншыя члены сказа (па Тэньеру, актанты і сірканстанты) ‒ гэта даданыя члены.
Актанты ‒ гэта такія функцыянальныя адзінкі, прысутнасць якіх адлюстроўвае абавязковыя валентнасці дзеяслова-выказніка, г.зн. валентнасці, якія павінны быць запоўненыя ў неэліптычным сказе.
Сірканстанты ‒ гэта функцыянальныя адзінкі, прысутнасць якіх адлюстроўвае факультатыўныя валентнасці дзеяслова-выказніка. Напрыклад, у сказе Заўтра я падару табе кнігу словы я, табе, кнігу з’яўляюцца актантамі, паколькі без іх сказ будзе няпоўным, эліптычным, а слова заўтра ‒ сірканстанта, паколькі яго адсутнасць не ператварае сказ у эліптычны.
Па вербацэнтрычнай тэорыі Л Тэньера на адным узроўні залежнасці ад прэдыката аказваюцца дапаўненне і дзейнік ‒ як непрэдыкатыўныя кампаненты, звязаныя з прэдыкатам, вызначаныя яго валентнасцю. У сказе Студэнт чытае канспект прэдыкат ‒ “чытае”, “студэнт” і “канспект” ‒ актанты (дзейнік і дапаўненне), якія знаходзяцца ў аднолькавай залежнасці ад прэдыката.
Гэтая тэорыя атрымала распаўсюджанне ў апісанні еўрапейскіх моў, дзе сказ абавязкова ўключае дзеяслоў.
У русістыцы пашырана іншая тэорыя ‒ суб’ектна-прэдыкатыўная. Яна ўзнікла ў 19 стагоддзі ў лагічным і псіхалагічным напрамках лінгвістыкі, дзе сказ разглядаецца як адлюстраванне лагічнага ці псіхалагічнага меркавання.
Псіхалагічны падыход да сказа адлюстраваны ў працах А.А. Шахматава: «Псіхалагічнай асновай нашага мыслення з’яўляецца той запас уяўленняў, які даў нам папярэдні вопыт і які павялічваецца бягучымі нашымі перажываннямі; псіхалагічнай жа асновай сказа з’яўляецца спалучэнне гэтых уяўленняў у акце камунікацыі».
У любым акце камунікацыі прысутнічаюць суб’ект і прэдыкат. У сказе гэтыя значэнні атрымліваюць пэўнае выражэнне, часцей за ўсё яны выражаюцца раздзельна ‒ дзейнікам і выказнікам. Паміж дзейнікам і выказнікам існуе ўзаемазалежнасць, якая праяўляецца ў прэдыкатыўнай сувязі. Паколькі руская мова адносіцца да флектыўных моў, гэтая ўзаемазалежнасць выяўляецца ў формах (флексіях) выказніка і дзейніка: Пачаўся дзень. Пачалася праца. Пачалося жыццё. Суб’ект і прэдыкат могуць выражацца непадзельна ‒ у адным галоўным члене, які спалучае ў сабе значэнні прэдыката і суб’екта. Напрыклад, сказы з абагульнена-асабовым значэннем (Усім не дагодзіш). Форма дзеяслова другой асобы выказвае і значэнне прэдыкатыўнай прыкметы, і ўказанне на суб’ект ‒ абагульнены, адцягнены ад канкрэтнага суб’екта. На аснове суб’ектна-прэдыкатыўнай тэорыі будуецца класіфікацыя простых сказаў, распрацаваная А. А. Шахматавым.
Класіфікацыя А. А. Шахматава прадстаўлена ў яго знакамітай працы “Синтаксис русского языка”. У аснове класіфікацыі ‒ структура прэдыкатыўнага ядра: два кампаненты ‒ дзейнік і выказнік або адзін галоўны член, які не з’яўляецца ні дзейнікам, ні выказнікам. У двухсастаўным сказе суб’ект і прэдыкат атрымліваюць асобнае выражэнне, у аднасастаўных выяўляюцца непадзельна: Надыходзіць вечар. ‒ двухсастаўны сказ; Цямнее. ‒ тая ж сітуацыя выказана адным галоўным членам, сказ аднасастаўны. У двухсастаўным сказе два цэнтры ‒ дзейнік і выказнік, іншыя кампаненты падпарадкоўваюцца двум галоўным членам. У аднасастаўным сказе адзін галоўны цэнтр ‒ галоўны член, усе астатнія кампаненты яму падпарадкоўваюцца. Далей Шахматаў класіфікаваў двухсастаўныя сказы па тыпах выказнікаў, а аднасастаўныя ‒ па марфалагічным выражэнні і сінтаксічным значэнні галоўнага члена.

RSS





















