Новости События Общее

Заданні для студэнтаў 1 курса ФЭА група 300420 на практычныя заняткі 01/04/2021

28-03-2021 Публикации
Заданні для студэнтаў 1 курса ФЭА група 300420 на практычныя заняткі 01/04/2021 Кампазіцыя навуковага тэксту. Цытаты і спасылкі, іх афармленне Практыкаванні: 1. Прачытаць тэкст. Вызначыць стыль. Зрабіць план. Слова кампазіцыя паходзіць ад лацінскага compositio, што значыць сачыненне, складанне, размяшчэнне. Разнастайныя кампазіцыйныя заканамернасці, такія, як сіметрыя або асіметрыя, цэласнасць, раўнавага, рытм і інш., мы пастаянна назіраем у прыродзе. Кампазіцыя ёсць ва ўсіх творах мастацтва – у дойлідстве, музыцы, літаратуры, кінафільмах. Кампазіцыя ў карціне – свайго роду канструкцыя, дзе выяўленчыя элементы аб’яднаныя ў адзінае гарманічнае цэлае. Яе характар заўсёды залежыць ад задумы мастака. Існуюць розныя яе тыпы, напрыклад, партрэтная, аднафігурная, шматфігурная і інш. Рухі, жэсты, размяшчэнне герояў на палатне абумоўлены сэнсам твора. Варта ўгледзецца ў карціну, удумацца ў яе, і тады становіцца зразумела, што ўсе элементы твора звязаны паміж сабой прадметнымі сувязямі, адзінствам сэнсу. У кампазіцыі карціны існуе пэўная іерархія элементаў. Так, асноўным элементам з’яўляецца сюжэтна-кампазіцыйны цэнтр. Менавіта ён выяўляе галоўны змест сюжэта. Слова «цэнтр» не азначае, што ён размяшчаецца не-пасрэдна ў геаметрычным цэнтры выяўленчай паверхні. Ён можа займаць і ўсё поле палатна, а можа знаходзіцца недзе збоку, унізе або наверсе. Важна, што ў ім засяроджаны асноўны сэнс сюжэта. Вылучэнне галоўнай часткі выявы мастак праводзіць пры дапамозе спецыфічных сродкаў – гэта можа быць, напрыклад, дынамічная група фігур, асноўная дзея, найбольш актыўны колеравы элемент і г. д. Глядач павінен шукаць у сюжэтна-кампазіцыйным цэнтры так званы сэнсавы вузел, дзе завязваецца сюжэт. Акрамя галоўных, існуюць і другарадныя элементы. Але яны таксама неабходныя для разумення сюжэта. Нярэдка яны дапаўняюць успрыманне асноўнай выявы пры дапамозе розных атрыбутаў, ствараюць пэўнае асярод-дзе, агульную атмасферу. Такім чынам арганізуецца кантэкст, неабходны для разумення агульнай ідэі. (Паводле А. Атраховіч.) 2. Прачытаць тэкст. Ахарактарызаваць яго кампазіцыю. Імя Фердынанда Рушчыца – жывапісца, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога – выдатна вядомае не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве. Яго творы зберагаюцца ў лепшых калекцыях свету. Але ж мы стаім перад адною з лепшых яго карцін. І дзякуючы ёй прагнем спазнаць, якою ж была яна, апошняя вясна ХІХ стагоддзя? Давайце адарвёмся ад будзённасці і зробім крок за прастору палатна. Ну вось. Нарэшце. Мы ўжо там. Ля драўлянага вясковага касцёла... Каб наблізіцца да сэнсу твора, варта найперш зразумець яго кампазіцыю. Званіца і касцёл у Багданаве, мяркуючы па назве («Ля касцёла»), павінны былі зрабіцца сэнсавым цэнтрам палатна. Але што мы бачым у Ф. Рушчыца? Манументальныя, паводле мастакоўскага ўспрымання, збудаванні толькі акаймоўваюць, з двух бакоў замыкаюць прастору, скіроўваюць позірк гледача не на сам касцёл, а ўглыбіню – на далягляд і ўверх да неба. Касцёл і званіца – не хавальнікі, а толькі сведкі адкрыцця сутнасці. Узмацняе эфект фігура селяніна, які сядзіць на невялікім пагорку (самы першы план) спінаю да гледача. Ён бачыць тое ж, што і кожны, хто набліжаецца да карціны. Але зноў жа не займае цэнтр кампазіцыі. Чалавек быццам пасунуўся, каб не замінаць і нам углядацца, суперажываць з усімі людзьмі і Прыродай. Менавіта яна, наша прамаці і ўладарніца, абуджаная веснавымі промнямі, робіцца ў творы галоўнай дзейнай асобай. Не ўкленчыўшы, як тыя, хто сабраўся ля касцёла, на роўных размаўляе з ёю чалавек. Толькі нізкі пункт погляду ўсё ж падкрэслівае яе веліч і ўсемагутнасць. Валадарыць над усім неба. Да яго скіраваныя ўсе вертыкалі. Неба не спякотнае, не сухое, аблокі, што, быццам нагадваючы пра бег часу, імкліва сплываюць з ветрам, набрынялі вільгаццю, якую так чакае зямля. Тыя, хто павернуты да касцёла, бачаць толькі адбітак неба ў зашклёным рамбічным акенцы над уваходам. І толькі селянін, што сядзіць да нас спінаю, успрымае яго ва ўсёй велічы. Такім чынам, аб’ектам пакланення робіцца сама Прырода. Гэта вельмі натуральны для народнага светаўспрымання погляд на жыццё. На сярэднім плане, як і на заднім, выразна акрэсленыя гарызанталі. Месца канкрэтызаванае не толькі дакладнымі помнікамі дойлідства, але і са-мой мякка выгнутай лініяй далягляду. Міншчына, і ў прыватнасці Ва-ложыншчына, якраз і вылучаецца сярод іншых рэгіёнаў Беларусі мяккім, натуральным перацяканнем пагоркаў, узлескаў. Асноўная лінія тут не роўная, як на Брэсцкім Палессі, а плаўная, хвалістая. Ф. Рушчыц вельмі любіў, добра ведаў свой бацькоўскі край. І ці не адсюль адвольнае валоданне самымі разнастайнымі ракурсамі (з лініі далягладу, ніжэй лініі далягляду, з вышыні птушынага палёту і г. д.), што вылучае яго сярод сучаснікаў... (Паводле Г. Багданавай.) Дамашняе заданне. Аформіць спіс літаратуры. Твор Алеся Асташонка “Жанчына ў бэзавым смутку” з падзагалоўкам “Канспекты”, апублікаваны ў № 12 часопіса “Крыніца” за 1994 год на ста-ронках 51-60. Артыкул У. Беражкова і У. Левіна ў газеце “Чырвоная змена” на ста-ронцы 6 за 23.05.1990 пад назвай “А гарком танцуе ламбаду”. Книга И.Б.Голуб «Стилистика русского языка», 4-е издание. Вышла в Москве в издательстве «Айрис-пресс» в 2003 году, имеет 448 страниц. Артыкул на ст. 284 у энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (выдадзена ў Мінску ў 1993 годзе ў выдавецтве “БелЭН”) пад назвай “Імперыял” аўтара В.С.Камылёва. Аповесць “Ладдзя Роспачы” Уладзіміра Караткевіча, якая змешчана ў яго кнізе “Аповесці. Вершы” на старонках 95-148. Кніга выйшла ў Мінску ў 2000 годзе ў выд-ве “Мінская фабрыка каляровага друку”. Артыкул Святланы Нямцовай “Тэатральная творчасць Яўгена Глебава” з падзагалоўкам “Балет “Выбранніца”, апублікаваны на старонках 83-84 у часопісе “Роднае слова” за ліпень 2004года. Раман Генрыка Сянкевіча “Quo Vadis”, мае ўказанне на перакладчыка: Пер. з пол. П.Татарыновіча. выйшаў ў мінскім выдавецтве “Медысонт” у 2002 годзе, мае 412 старонак. “Кароткі слоўнік беларускай мовы” з падзагалоўкам “Правапіс: Вы-маўленне: Націск: Словазмяненне: Словаўтварэнне”. Аўтары – Г.У.Арашонкава, В.П.Лемцюгова. Слоўнік выйшаў пад рэд. В.І. Рабкевіча ў выд-ве “Маст. літ.” У 1994 г., мае 367 старонак.
задание
подробнее Вложенные файлы 1

Лекцыя для студэнтаў 2 курса ІІА ТСА (280119, 280219, 280319, 280419) 24/03/2021

20-03-2021 Публикации
Лекцыя для студэнтаў 2 курса ІІА ТСА (280119, 280219, 280319, 280419) 24/03/2021 Паходжанне беларускай мовы і асноўныя этапы яе развіцця 1. Беларуская мова сярод моў свету. 2. Старабеларуская літаратурная мова і яе роля ў XIV- XVI стагод-дзях. 3. Нацыянальная моўная палітыка ў XVІІ- XVІІI стагоддзях і яе вынікі. 4. Новая (сучасная) беларуская літаратурная мова і яе лёс у канцы XVІІІ- пачатку XХI стагоддзяў. 5. Закон “Аб мовах у Беларускай ССР” (1990 г.) Беларуская мова – адна з высокаразвітых нацыянальных моў народаў свету. Яе карані ідуць у глыбіню сівых вякоў. Прыкладна на мяжы ІІІ-ІІ тысячагоддзяў да н. э., па меркаванні даследчыкаў, адбываецца распад так званага індаеўрапейскага моўнага адзінства на больш дробныя моўныя групы. Сярод раманскай, германскай, іранскай, кельцкай, індыйскай, балтыйскай і іншых моўных груп індаеўрапейскай сям’і (вучоныя выдзяляюць 16 такіх груп) з гэтага часу пачынае самастойнае існаванне і славянская. Першапачаткова славяне жылі на адносна невялікай тэрыторыі і карысталіся агульнай мовай, якая атрымала назву праславянскай або агульнаславянскай мовы-асновы. Існавала яна толькі ў вуснай форме і, безумоўна, не была аднастайнай на ўсёй тэрыторыі пражывання славян, а мела дыялектныя адрозненні. Трэба меркаваць, што мова продкаў беларусаў у межах праславянскай моўнай прасторы адрознівалася сваімі спецыфічнымі дыялектнымі асаблівасцямі. Прычым многія вучоныя схільныя лічыць, што мова прабеларусаў займала адно з цэнтральных месцаў у славянскім свеце. Паступовае рассяленне славян на большую тэрыторыю прыводзіць да аслаблення сувязей паміж імі і распаду праславянскага моўнага адзінства. Так, прыкладна з VІ-VІІ стст. н. э. пачалося выдзяленне асобных славянскіх груп: усходняй, заходняй, паўднёвай. Гэтыя групы аб’ядноўваліся адзінствам свайго паходжання, але характарызаваліся спецыфічнымі моўнымі асаблівасцямі, што і адасабляла адну групу ад другой. З’яўленне ў IX ст. (прыкладна 863 г.) першай славянскай пісьмовай мовы, якая атрымала назву стараславянскай (у мясцовых рэдакцыях царкоўнаславянскай), у значнай ступені прадвызначыла развіццё літаратурных моў не толькі паўднёвых славян, але і ўсходніх, і заходніх. Ва ўмовах феадальнай раздробленасці, эканамічнага і палітычнага адасаблення асобных зямель усходніх славян паступова намячаецца яшчэ большае дыялектнае размежаванне агульнаўсходнеславянскага моўнага адзінства. На базе агульнай пісьмовай мовы ўсходніх славян, у аснове якой царкоўнаславянская мова, недзе з канца XII - пачатку XIII ст. і пачынаецца фарміраванне самастойных беларускай, рускай і ўкраінскай пісьмовых літаратурных моў. Асабліва інтэнсіўнае фарміраванне беларускай народнасці і ўласна беларускай літаратурнай мовы адзначаецца з сярэдзіны XIV ст., калі ўтвараецца шырокавядомая шматнацыянальная беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Пры скрыжаванні этнічна разнастайнага насельніцтва стваралася новая арыгінальная культура. Агульная пісьмовая мова ўсходніх славян паступова насычалася элементамі народных гаворак, і такім чынам стваралася непаўторная, самабытная беларуская літаратурная мова. Аднак першапачаткова ў пісьмовых крыніцах спецыфічныя беларускія рысы адлюстроўваліся зрэдку і не зусім паслядоўна, бо старажытныя кніжнікі вельмі строга прытрымліваліся традыцыйных агульнаўсходнеславянскіх моўных нормаў. Тым не менш прыкладна да сярэдзіны XV ст. пісьменства на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, па-поўнілася адметнымі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі асаблівасцямі настолькі, што з’явіліся ўсе падставы гаварыць пра самастойную беларускую літаратурную мову. Канчаткова ж сфармавалася яна к канцу XVI ст. 2. У гісторыі беларускай літаратурнай мовы перыяд XV-XVI стст. быў перыядам фарміравання моўнай сістэмы.Станаўленню і развіццю беларускай літаратурнай мовы ў XV-XVI стст. садзейнічала тое, што беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. Гэта была мова дыпламатыі, на ёй выдаваліся законы, ажыццяўлялася справаводства, перапіска, ствараліся летапісы, помнікі дзелавога пісьменства, арыгінальная і перакладная мастацкая літаратура і г. д. Найбольш распаўсюджаным было дзелавое (актавае, канцылярска-юрыдычнае) пісьменства. Да яго адносяцца шматлікія акты, граматы, дагаво-ры, статуты. Першапачаткова, безумоўна, на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага існавала некалькі мясцовых варыянтаў актавай мовы, якія ад-розніваліся некаторымі асаблівасцямі. Але з цягам часу рэгіянальныя тыпы актавай мовы зніклі. Узорам беларускай актавай мовы сталі моўныя нормы дакументаў, якія грунтаваліся на паўночных беларускіх гаворках, што бытавалі каля Вільні. Разнастайныя па змесце і форме дакументы, выдадзеныя сеймамі і ўрадавымі асобамі, або тыя, што паступалі ад іншаземных урадаў, службовых і прыватных асоб, найважнейшыя заканадаўчыя акты і кодэксы сістэматызаваліся і афармляліся ў выглядзе статутаў і так званых метрык. Сярод іх найбольш буйнымі значацца Літоўская метрыка (Метрыка Вялікага княства Літоўскага) і Літоўскі статут (Статут Вялікага княства Літоўскага) у трох рэдакцыях (1529, 1566, 1588 гг.). У гэтых i іншых творах канцылярска-юрыдычнага пісьменства найбольш паслядоўна адлюстроўваліся рысы жывой беларускай мовы. Даволі часта спецыфічныя асаблівасці народнай гаворкі выяўляюцца і ў творах свецка-мастацкай літаратуры. Самым старажытным і пашыраным жанрам указанага віду пісьменства з’яўляюцца летапісы. Крыху пазней афіцыйнае дзяржаўнае летапісанне папаўняецца гістарычнымі запіскамі мяс-цовага характару, мемуарнымі творамі, перакладнымі воінскімі і рыцарскімі раманамі і аповесцямі, хронікамі і хранографамі. Тыповымі ўзорамі такіх помнікаў можна лічыць летапіс Аўраамкі, Баркалабаўскі летапіс, «Дзённік» Ф. Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А. Філіповіча; перакладныя творы: «Алексан-дрыя», «Аповесць пра Трою», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Ба-ву», «Гісторыя пра Атылу» і інш. Жанравае багацце беларускіх гістарычных помнікаў сведчыць пра высокую ступень развіцця старабеларускай літара-турнай мовы, багацце і разнастайнасць яе выяўленчых сродкаў. Такія творы аказвалі ўздзеянне на іншыя жанры тагачаснага беларускага пісьменства, у тым ліку і на пераклады рэлігійнай літаратуры, напрыклад: «Пакуты Хрыста», «Аповесць пра трох каралёў-вешчуноў», «Жыціе Аляксея, чалавека Божага» і інш. Надзвычай вялікую ролю ў развіцці беларускай літаратурнай мовы адыграла дзейнасць усходнеславянскага першадрукара, асветніка, гуманіста, вучонага, перакладчыка Францыска Скарыны (прыкладна 1490-1551 гг.). Ён займаўся перакладам і друкаваннем біблейскіх кніг. Сваю першую кнігу «Псалтыр» Ф. Скарына надрукаваў у 1517 годзе ў Празе, а пасля таго выдаў больш за 20 кніг свяшчэннага пісання (1517-1525 гг.). Гэтыя выданні ён су-праваджаў даволі вялікімі прадмовамі, пасляслоўямі і «глосамі» (тлумачэн-нямі некаторых слоў), а часта адыходзіў ад царкоўных традыцый і па магчы-масці набліжаў мову перакладаў да жывой тагачаснай гаворкі. У цэлым жа аснова скарынінскіх выданняў была царкоўнаславянскай. Паслядоўнікамі славутага палачаніна на Беларусі былі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі, браты Мамонічы, Пётр Мсціславец і інш., дзейнасць якіх прыпадае на перыяд інтэнсіўнага пашырэння ў краіне рэфармацыйнага руху. Яны фактычна давялі справу Ф. Скарыны да за-вяршэння і далі свайму народу рэлігійныя кнігі, у тым ліку і перакладныя, на тагачаснай беларускай літаратурнай мове. Буйны асветнік і ідэолаг гуманізму і рэфармацыі С. Будны надрукаваў у 1562 г. у Нясвіжы «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Гэтыя тэксты, па сутнасці, свабодныя ад слоў і зваротаў царкоўнаславянскага, кніжнага паходжання, успрымаюцца як звычайныя бытавыя апавяданні на беларускай літаратурнай мове. Тое ж можна сказаць і пра «Евангелле», якое выдаў каля 1580 г. В. Цяпінскі. Безумоўна, і ў далейшым працягваецца збліжэнне мовы рэлігійнай літаратуры з народнай гаворкай. Такім чынам, з рэлігійна-асветніцкім рухам, з дзяржаўнасцю беларускай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім, са з’яўленнем кнігадрукавання звязаны перыяд фарміравання і росквіту беларускай мовы. К канцу XVI ст. стара-беларуская літаратурная мова дасягнула вышэйшага ўзроўню свайго развіцця. Так, у гэты час складваецца старабеларуская літаратурная мова як з’ява непаўторная, своеасаблівая, са спецыфічнымі рысамі, якія чэрпаліся з жывой народнай гаворкі і фіксаваліся ў пісьмовых помніках. Нават у першых слоўніках, граматыках, букварах царкоўнаславянскай мовы сустракаем эле-менты беларускай мовы. Выкарыстоўваецца яна для тлумачэння незразумелых шырокаму колу насельніцтва кніжных слоў. Такія тлумачэнні знаходзім на палях скарынінскіх выданняў, у першым славяна-беларускім слоўніку Лаўрэнція Зізанія (1596 г.), слоўніку Памвы Бярынды (1627 г.). Беларуска-моўны матэрыял змяшчаецца, напрыклад, у першай граматыцы, якая выйшла ў 1586 г. у друкарні братоў Мамонічаў, граматыцы Л. Зізанія (1596 г.), грун-тоўнай граматыцы М. Сматрыцкага (1619 г.) і іншых выданнях. Пачынаючы з XIV ст., у помніках пісьменства сустракаем амаль усе адметныя моўныя асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы. Гэта прыстаўныя галосныя і зычныя (іржавы, аржаны, восень і інш.), за-цвярдзелыя шыпячыя, ц, р, ч (чый, іншы, крык і інш.), у нескладовае на месцы былых в, л (воўк, уздумаў і інш.), змяненне роду ў назоўніках тыпу пыл, стэп, насып і іншыя спецыфічныя беларускія рысы. 3. Лёс беларускай мовы на розных гістарычных этапах мяняўся. Калі ў Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай і не мела перашкод для свайго развіцця і функцыянавання, то ўжо ў другой палове XVI - пачатку XVII ст. сфера выкарыстання беларускай мовы пачала звужацца. Вялікае княства Літоўскае паступова траціла палітычную і эка-намічную самастойнасць і ўсё больш падпадала пад уладу Польшчы. Польская культура, у тым ліку і польская мова, з другой паловы XVI ст. пачала інтэнсіўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абараніць беларускую мову, у Літоўскі статут 1566 г. быў уключаны спе-цыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы (раздзел 4, артыкул 1). Захаваўся гэты артыкул і ў Статуце 1588 г., прычым фармальна ён меў сілу на працягу ўсяго XVII ст. Тым не менш пасля аб’яднання ў 1569 г. Вялікага княства Літоўскага з Польшчай у адзіную феадальную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ў афіцыйным ужытку было тры мовы: польская, лацінская і беларуская. Такая складаная моўная сітуацыя, якая існавала на беларускіх землях у XVII ст., спрасцілася ў канцы стагоддзя. Польская і беларуская шляхта і каталіцкае духавенства дамагліся таго, што Варшаўскім сеймам у 1696 г. была прынята пастанова пісаць дзелавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску, а не па-беларуску. Праўда, на ўсходніх беларускіх землях, дзе паланізацыя праходзіла павольней, па традыцыі дакументы мясцовага значэння (запаветы, дакументы пра падзел маёмасці, распіскі, прыватныя лісты і г. д.) яшчэ пэўны час працягвалі пісаць па-беларуску. Заняпад беларускай мовы адзначаецца з XVII ст. не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў іншых сферах культурнага жыцця. Мясцовыя пануючыя класы, па сутнасці, адракаюцца ад сваёй старадаўняй рэлігіі, спрадвечных звычаяў, абрадаў, культуры, ад сваёй роднай мовы як ад мовы «мужыцкай». Адбываецца і паланізацыя школы. На тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць рымска-каталіцкія школы; у Мінску, Полацку, Нясвіжы адкрываюцца так званыя езуіцкія калегіумы, у Вільні і Слуцку – лютэранскія гімназіі. Усе гэтыя навучальныя ўстановы, безумоўна, прапагандавалі лацінскую і польскую мовы і літаратуры. Значна скарачаецца колькасць рукапіснай свецкай і рэлігійнай літаратуры на беларускай мове. Амаль не выдаюцца і друкаваныя беларускія творы. Фактычна другая палова XVII і ўсё XVIII ст. вядомыя як час панавання польска-лацінскай кніжнасці. Беларуская пісьмова-літаратурная мова прыходзіць у поўны заняпад. У гэты перыяд яна вывучалася толькі ва ўніяцкіх базыльянскіх школах. Уніяцкая царква выкарыстоўвала вусную беларускую мову ў неафіцыйных частках набажэнства. Працягвала развівацца толькі народная гутарковая мова, хоць і яна адчувала на сабе ўплыў польскай мовы. Паланізмы, аднак, у большасці сваёй не замацоўваліся ў жывой народнай гаворцы, паколькі народ ужываў толькі тыя запазычанні, якія былі жыццёва неабходнымі пры адпаведных зносінах. Захавальнікамі сваёй самабытнай, роднай мовы, такім чынам, заставаліся, як правіла, сяляне, дробная шляхта і гарадское рамеснае насельніцтва. Беларускі народ ствараў на роднай мове ўзоры вуснай творчасці. У казках, легендах, песнях, паданнях, прыказках і прымаўках зберагаліся лепшыя моўныя здабыткі і пазней шырока выкарыстоўваліся ў новай прафесійнай літаратуры. 3 пісьмовых жа помнікаў канца ХVІІ-ХVIII стст., напісаных на беларускай (старабеларускай) мове, вядома не так шмат. Найбольш адлюстравалася беларуская мова ў так званых інтэрмедыях і інтэрлюдыях дашкольных драматычных твораў, прычым асаблівую цікавасць з іх маюць дзве камедыі выкладчыкаў рыторыкі Забельскай дамініканскай калегіі К. Марашэўскага і М. Цяцерскага. Уся сістэма моўных асаблівасцей гэтых твораў вельмі блізкая да сістэмы сучаснай беларускай мовы. Названыя творы можна разглядаць як першыя спробы стварэння новай беларускай літаратурнай мовы. У канцы XVIII ст. гістарычны лёс беларускага народа значна мяняецца. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі поўнасцю далучылі да Расійскай імперыі. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа не зменшыўся. Фактычна гвалтоўная паланізацыя была заменена гвалтоўнай русіфікацыяй, і афіцыйнай мовай на тэрыторыі Беларусі стала руская. Засілле рускай і ўжыванне польскай моў, бясспрэчна, замаруджвалі ўзнаўленне беларускай літаратурнай мовы. Беларуская мова, як правіла, жыла толькі сярод прыгнечаных слаёў насельніцтва, выкарыстоўвалася пераважна ў вуснай форме. Невыпадкова шматлікія польскія і рускія даследчыкі не прызнавалі беларускую мову самастойнай. Першыя лічылі яе дыялектам польскай мовы, а другія – рускай гаворкай («западнорусским наречием»). Такое становішча не магло задаволіць усё насельніцтва Беларусі, таму шырэй і шырэй разгортваецца нацыянальна-вызваленчы рух. Падтрымліваецца ён перадавой рускай і польскай грамадскасцю. Менавіта ў рускіх і польскіх выданнях прагрэсіўныя даследчыкі друкуюць шмат цікавых навуковых распрацовак па фальклоры, мове і быце беларускага народа. Гэта ў значнай ступені садзейнічала фарміраванню беларускай інтэлігенцыі і росту яе на-цыянальнай самасвядомасці. З’явіліся грамадскія сілы, якія павялі рашучую барацьбу за ўкараненне беларускай мовы ў літаратуры. 4. 3 канца XVIII ст. пачынае паступова адраджацца новае беларускае пісьменства і складвацца новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова. Па словах Л. М. Шакуна, гэта «пярэдадзень» новага перыяду ў гісторыі беларус-кай літаратурнай мовы. Працэс станаўлення ішоў марудна, паколькі друкаваць па-беларуску было забаронена. Аднак на старонках рускага і польскага друку час ад часу з’яўляюцца творы беларускай літаратуры і вуснай народнай творчасці. Так больш чым праз стагоддзе ўзнаўляецца ў пісьменстве бе-ларуская мова. Узнаўляецца яна не на традыцыйнай кніжнай аснове, бо ў значнай ступені традыцыі старабеларускага пісьменства аказаліся перарванымі, а на базе жывых беларускіх народных гаворак. Асновай для выпра-цоўкі літаратурных норм сталі сярэднебеларускія гаворкі. Гэта невыпадкова, паколькі найбольшы ўплыў на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы аказвалі пісьменнікі, якія былі выхадцамі пераважна з цэнтральнай Беларусі. Ля вытокаў новай беларускай літаратуры стаялі шматлікія ананімныя аўтары. Мова іх твораў вызначалася шырокім адлюстраваннем асаблівасцей мясцовых гаворак. Ужыванне народных моўна-выяўленчых сродкаў насіла яшчэ ў пэўнай ступені стыхійны характар. Элемент стыхійнасці прысутнічаў таксама і ў творах вядомых паэтаў і пісьменнікаў першай паловы XIX ст.: Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В.Равінскага, В. Каратынскага, У. Сыракомлі, А. Плуга і інш. Па-сапраўднаму свядома стаў апрацоўваць жывую мову беларускага народа, шукаць у ёй адпаведныя сродкі і прыёмы літаратурнага выказвання В. I. Дунін-Марцінкевіч. Ён даволі паслядоўна абапіраўся на асаблівасці роднай гаворкі і звяртаўся да найбольш тыповых рыс іншых беларускіх гаворак. Дзякуючы В. Дуніну-Марцінкевічу ў беларускай мове пачалі выпрацоўвацца лексічныя, фанетычныя і граматычныя нормы, якія ўлічваліся яго паслядоўнікамі. У сувязі з народнымі хваляваннямі на Беларусі і паражэннем паўстання 1863 г. рэзка ўзмацняецца русіфікацыя «западнорусского края», царскім ура-дам забараняецца кнігадрукаванне. Творы на беларускай мове пісьменнікі вымушаны друкаваць за межамі Расійскай імперыі, а на радзіме - часцей за ўсё нелегальна. Беларускі народ не меў у гэты час сваіх нацыянальных культурных устаноў, школ з выкладаннем на роднай мове. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці на шляху фарміравання беларускай літаратурнай мовы, у другой палове XX ст. яе развіццё фактычна не спыня-лася. У прыватнасці, гарачы прыхільнік беларускага слова Ф. Багушэвіч адным з першых на Беларусі загаварыў аб беларускай мове як найважнейшым элеменце нацыянальнай культуры беларускага народа і ўзняў пытанне пра яе лёс. Ён узбагаціў нашу літаратуру новымі моўна-выяўленчымі сродкамі і прыёмамі, надаў беларускай літаратурнай мове яшчэ большую гнуткасць і дасканаласць, карпатліва працаваў над складаннем слоўніка беларускай мовы, марыў пра выданне граматыкі. Станаўленню роднай мовы спрыяў і выхад у свет слоўнікаў I. Насовіча, М. Гарбачэўскага, а таксама творы публіцы-стычнага характару, найперш беларуская нелегальная газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага. Патрэбна, аднак, заўважыць, што на мове кожнага дзеяча нашага адраджэння таго часу адбіўся ўплыў польскай і рускай моў. Не далі жаданых вынікаў і спробы П.Шпілеўскага і К. Нядзвецкага стварыць граматыку і правапіс беларускай мовы (іх распрацоўкі не былі апублікаваны). У сувязі з гэтым, нягледзечы на плённую дзейнасць пісьменнікаў ХІХ ст., не-каторыя даследчыкі адзначаюць, што літаратурная мова ў ХІХ ст. яшчэ не склалася, паколькі не былі дадзены ўзоры пісьмовай мовы. Тым не менш, Л. М. Шакун лічыць, што «літаратурная мова пачынаецца тады, калі пачынаецца асэнсаваны адбор з дыялектаў менавіта тых сродкаў, якія павінны служыць агульналітаратурным задачам». У пачатку XX ст. нацыянальна-вызваленчы рух на ўскраінах імперыі прымусіў царскі ўрад пайсці на некаторыя ўступкі ў нацыянальным пытанні. У 1905 годзе ўступае ў дзеянне закон аб свабодзе друку, пасля якога ажыўляецца літаратурнае жыццё, шырока разгортваецца кнігавыдавецкая справа. Заснаванае ў 1906 годзе ў Пецярбургу беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» друкуе творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я.Купалы і іншых аўтараў, пачынае выпускаць першыя падручнікі па роднай мове. Сярод апошніх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К. Каганца (1906 г.), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906г.), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа (1910 г.). Пазней з’яўляюцца выдавецкія таварыствы ў Вільні, Мінску і іншых гарадах. 3 1906 года ў Вільні пачынае выходзіць першая беларуская легальная газета «Наша доля», а пасля яе забароны – «Наша ніва». Акрамя таго, выдаюцца іншыя газеты, часопісы, літаратурна-навуковыя штомесячнікі. Гэтыя выданні адыгралі вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, паколькі вакол іх групуюцца асноўныя сілы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Для станаўлення пэўных моўных нормаў шмат зрабілі вядомыя беларускія пісьменнікі Янка Журба, Уладзіслаў Галубок, Карусь Каганец, Гальяш Леўчык, Цётка, Цішка Гартны, Ядвігін Ш., Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Канстанцыя Буйло, Сяргей Палуян і інш. Значны крок у развіцці не толькі беларускай літаратуры, але і беларускай літаратурнай мовы быў зроблены волатамі, класікамі беларускай літаратуры Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам і некаторымі іншымі. Яны надалі народнаму слову выключную выразнасць і самабытнасць, хоць беларуская літаратурная мова па-ранейшаму заставалася неўнармаванай, развівалася галоўным чынам у жанрах мастацкай літаратуры. Новы этап у развіцці і станаўленні беларускай літаратурнай мовы пачынаецца, па сутнасці, з абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 31 ліпеня 1920 года была прынята адпаведная «Дэкларацыя», якая забяспечыла беларускай мове статус дзяржаўнай. 3 гэтага часу значна пашыраецца сфера ўжывання роднай мовы. Тым больш што 15 ліпеня 1924 года прымаецца пастанова «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі». У адпаведнасці з названай пастановай на беларускую мову пераводзіцца дзяржаўнае і судовае справаводства, навучанне ў школах, тэхнікумах, вучылішчах і ВНУ. На беларускай мове друкуецца шмат газет і часопісаў, выдаюцца творы мастацкай літаратуры, ствараецца навуковая літаратура і г. д. Гэта патрабавала неадкладнай ліквідацыі разнабою ў вымаўленні і напісанні пэўных формаў, выкарыстанні лексічных сродкаў. Таму пачынаецца работа па выпрацоўцы і замацаванні стабільных правілаў арфаграфіі і граматыкі. Першыя спробы такога характару былі зроблены ў 1918 годзе, калі адразу выходзяць пяць граматык беларускай мовы. Сярод іх найбольш дасканалай і аўтарытэтнай была «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. На яе аснове ствараліся і іншыя падручнікі, але канчаткова вырашыць праблему нармалізацыі беларускай мовы не ўдалося. У 20-я гады разгортваецца шырокая дыскусія па гэтых пытаннях. У лістападзе 1926 года праходзіць Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і аз-букі. Матэрыялы канферэнцыі апрацоўваюцца спецыяльнай камісіяй, і ў 1933 годзе выдаецца «Праект спрашчэння беларускага правапісу». На яго аснове Саўнаркамам прымаецца пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Так упершыню ў гісторыі беларускай мовы юрыдычна зама-цоўваюцца абавязковыя для ўсіх нормы беларускага правапісу і граматыкі. У 20-я гады вядзецца вельмі актыўная работа па выпрацоўцы беларускай тэрміналогіі. Навукова-тэрміналагічная камісія, якая была створана ў 1921 годзе, да 1930 года падрыхтавала і апублікавала 24 слоўнікі тэрмінаў па граматыцы, логіцы, арыфметыцы, алгебры, геаметрыі, батаніцы, геаграфіі, псіхалогіі, іншых навуковых дысцыплінах. Выхад такіх слоўнікаў, нягледзячы на некаторыя недахопы, узбагаціў родную мову. Такім чынам, намаганнямі лепшых прадстаўнікоў літаратуры, навукі і культуры беларуская літаратурная мова к 30-м гадам XX ст. дасягнула высо-кага ўзроўню развіцця. Але ўжо з канца 30-х гадоў па розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах сфера выкарыстання беларускай мовы паступова пачынае звужацца. Па сутнасці, складваецца становішча вымушанага двух-моўя, прычым у афцыйным ужытку фактычна замацоўваецца толькі руская мова, рэзка скарачаецца колькасць беларускамоўных школ. У прыватнасці, у 1929/30 навучальным годзе прыкладна 90 % школ былі беларускімі, а праз 10 гадоў амаль усе гарадскія школы сталі змешанымі беларуска-рускімі. Узмац-ненню русіфкацыі навучальных устаноў садзейнічала пастанова СНК і ЦК УКП(б) ад 13 сакавіка 1938 г. «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Тым не менш, беларуская мова, як правіла, ужываецца ў сферы адукацыі, мастацкай культуры, у галіне гу-манітарнай навукі. У такіх абставінах працягваецца праца па ўпарадкаванні правапісу беларускай мовы. У1957 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пас-танову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага права-пісу». Паводле гэтай пастановы ў звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунк-туацыіі, арфаграфічныя слоўнікі, граматыкі, розныя даведнікі і лексіка-графічныя дапаможнікі былі ўнесены адпаведныя змены. Нягледзячы на вялікія цяжкасці, у пасляваенныя гады актывізуецца навуковае даследаванне беларускай літаратурнай і дыялектнай мовы. 3 друку выходзяць шматлікія вучэбныя дапаможнікі, розныя слоўнікі, манаграфіі, публікуюцца артыкулы па разнастайных праблемах нацыянальнага мовазнаўства. Акрамя філалагічнай навукі, захавальнікамі нацыянальнай кугьтуры, роднай мовы заставаліся мастацкая літаратура, у пэўнай ступені публіцыстыка, радыё, тэлебачанне, тэатр, кіно. Так, на старонках некаторых перыядычных выданняў, у творах шырокавядомых майстроў слова Я. Коласа, У. Дубоўкі, М.Лужаніна, П. Глебкі, К. Крапівы, М. Танка, I. Мележа, У. Караткевіча, П. Панчанкі, Я. Брыля, В. Быкава, Н. Гілевіча прадстаўлена самабытная, непаўторная, мілагучная беларуская мова. Значная цікавасць да гісторыі, культурыі мовы абуджаецца з канца 80-х - пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. 26 студзеня 1990 года Вярхоўным Саветам прымаецца закон «Аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі. Была распрацавана дзяржаўная праграма рэалізацыі гэтага закона. Першыя мерапрыемствы, якія ажыццяўляліся ў межах выканання закона, сведчылі пра тое, што, па сутнасці, пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. Руская мова побач з беларускай набыла статус дзяржаўнай і стала дамінаваць у афіцыйным ужытку. Сфера прымянення беларускай літаратурнай мовы па-ранейшаму застаецца не вельмі шырокай. 5. Прыняцце закона «Аб мовах...» (26 студзеня 1990 г.) і ўнясенне адпа-ведных дапаўненняў у Канстытуцыю рэспублікі чарговы раз падкрэслілі дзяржаўны статус беларускай мовы. Ідэя стварэння закона нарадзілася невыпадкова. Яна абумоўлена тым, што звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. паставіла пад пагрозу само яе існаванне. Такая сітуацыя, безумоўна, выклікала занепакоенасць грамадскасці, натуральнае імкненне да сама-сцвярджэння. Гэта своеасаблівая праява духоўнага жыцця народа, рух гра-мадства да нацыянальнага адраджэння. У прэамбуле закона так і сказана: «Мова - не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова - жыве народ». Для распрацоўкі закона была створана камісія, у склад якой уваходзіла 49 дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў краіны, пісьменнікі, вучоныя, работнікі іншых сфер грамадскага жыцця. Створаны праект шырока абмяркоўваўся на старонках газет і часопісаў, на радыё і тэлебачанні, у розных працоўных ка-лектывах. Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» пачынаецца з прэамбулы і ўключае шэсць раздзелаў, у якіх змешчана трыццаць шэсць артыкулаў. У трыццаці шасці артыкулах закона прадугледжваецца максімальнае пашырэнне беларускай мовы на ўсе сферы жыццядзейнасці краіны. Артыкулы рэгулююць моўныя працэсы ў грамадска-дзяржаўным жыцці рэспублікі, вызначаюць правы грамадзян і акрэсліваюць абавязкі службовых асоб у выкарыстанні мовы. Тэрміны рэалізацыі закона «Аб мовах...» вызначаны пастановай Вярхоўнага Савета ад 26 студзеня 1990 года. У адпаведнасці з гэтай пастановай закон уводзіцца ў дзеянне з 1 верасня 1990 года, рэалізуецца на працягу 3-х - 10-ці гадоў. Згодна з пастановай урадам распрацавана «Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР». Зацверджана праграма 20 верасня 1990 года. Яна прадугледжвае правядзенне цэлага комплексу мерапрыемстваў, якія будуць садзейнічаць выкананню закона. Аднак пасля 1995 года выкананне закона спыняецца.   Функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму. 1. Паняцце білінгвізму. Моўная інтэрферэнцыя. 2. Паняцце моўнай нормы. 1. Білінгвізм (bilingualism — лац. ‘два’ + linqua ‘мова’) — двухмоўе, валоданне адной і той жа асобай або калектывам дзвюма рознымі мовамі ці дыялектамі пэўнай мовы. Прынята адрозніваць некалькі відаў білінгвізму: у залежнасці ад колькасці білінгваў: - індывідуальны (уласцівы асобным членам грамадства); - калектыўны (характэрны цэлым групам людзей); у залежнасці ад умоў узнікнення: - натуральны (авалоданне абедзвюма мовамі адбываецца адначасова); - штучны (авалоданне другой мовай адбываецца па меры неабходнасці пасля засваення роднай мовы); у залежнасці ад ступені роднасці моў: - блізкароднасны (напрыклад, беларуска-рускі білінгвізм); - неблізкароднасны (беларуска-англійскі, руска-фінскі і інш.); у залежнасці ад асаблівасцей мыслення білінгваў: - прапарцыйны (чалавек у роўнай ступені валодае дзвюма мовамі); - непрапарцыйны (білінгв спачатку стварае канструкцыі на роднай мо-ве, а пасля перакладае іх на іншую мову); у залежнасці ад ступені засваення няроднай мовы: - рэцэптыўны (чалавек толькі ўспрымае тэкст на няроднай мове); - рэпрадуктыўны (білінгв успрымае тэксты на няроднай мове і можа ўзнаўляць прачытанае або пачутае); - прадуктыўны (чалавек успрымае тэксты на няроднай мове, здольны ўзнаўляць прачытанае або пачутае і можа сам ствараць тэксты). Як правіла, білінгвізм узнікае гістарычна ў выніку заваяванняў, мірных перасяленняў народаў і кантактаў паміж суседнімі разнамоўнымі групамі. Пры сутыкненні дзвюх моў у сітуацыі білінгвізму адна мова можа поўнасцю выцесніць іншую (напрыклад, іспанская і партугальская мовы вы-цеснілі індзейскія мовы ў Лацінскай Амерыцы) або на іх базе можа ўтварыцца новая, змешаная мова (напрыклад, французская мова, якая ўзнікла з лацінскай і мясцовых кельцкіх дыялектау) ці абедзве мовы могуць зазнаць пэўныя змены на розных узроунях моўнай структуры: - фаналагічным – змены ў вымаўленні (напрыклад, асецінская мова, якая адносіцца да групы іранскіх моў, засвоіла фанетычныя асаблівасці су-седніх дагестанскіх моў); - граматычным – запазычванне і калькаванне граматычных з’яў (напрыклад, руская мова запазычыла граматычную катэгорыю дзеепрыметніка са стараславянскай мовы); - лексічным – запазычванне слоў (напрыклад, англійская мова запа-зычыла французскую лексіку ў перыяд, калі французская мова была дзяржаўнай мовай у Англіі). Паводле апошніх звестках, каля 70% насельніцтва Зямлі у той ці іншай ступені валодаюць дзвюма і больш мовамі. - Інтэрферэнцыя – узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму. Гэтае ўзаемадзеянне складваецца або пры моўных кантактах, або пры індывідуальным засваенні няроднай мовы. Галоўная прычына інтэрферэнцыі – разыходжанні ў сістэмах моў, якія ўзаемадзейнічаюць: розны фанемны склад, розныя правілы вымаўлення, роз-ная інтанацыя, націск, розны набор граматычных катэгорый або розныя спо-сабы іх выражэння. Інтэрферэнцыя выражаецца ў адхіленні ад устаноўленых нормаў маўлення кантактуючых моў і можа праяўляцца на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы: - фаналагічным (рус. гриб, счастье — бел. грыб, шчасце). - лексічным (рус. краска ‘тое, што надае пэўны колер, фарба’ - бел. краска ‘палявая кветка’); - граматычным (рус. благодарил друга (Р.с.) — бел. дзякаваў сябру (Д.с.); - словаўтваральным (рус. котёнок бел. кацяня), - графічным (напісанне и замест і). Ступень інтэрферэнцыі залежыць ад многіх фактараў. У першую чарту варта адзначыць прыналежнасць моў да адной або розных моўных сем’яў (груп). Напрыклад, беларуская і руская мовы — індаеўрапейская сям’я моў, славянская група, усходнеславянская падгрупа. Калі моўныя элементы адной сістэмы ў цэлым падобныя да элементаў другой і маюць нязначныя разы-ходжанні на моўных узроўнях, то менавіта гэтыя разыходжанні і будуць ас-ноўнай глебай для з’яўлення інтэрферэнцыі. Тоесныя моўныя элементы, правілы, заканамернасці і нормы не выклікаюць інтэрферэнцыю, паколькі яны не ўступаюць у супярэчнасці. Канкрэтныя вынікі інтэрферэнцыі абумоўлены таксама сацыяльнымі этналінгвістычнымі ўмовамі ўзаемадзеяння (нацыянальны і этнічны склад моўнага рэгіёна, колькасць дыялектаў, узроставы склад двухмоўнага насель-ніцтва, а таксама яго адукацыйны цэнз, ступень валодання роднай і няроднай мовамі і інш). 2. Асноўнай прыметай літаратурнай мовы з’яўляецца яе нарма-тыўнасць. Нормамі літаратурнай мовы называюцца прынятыя, агульнапрызнаныя і замацаваныя ў моўнай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, форма- і словаўтварэння, напісання. Афіцыйнае прызнанне нормы называецца кадыфікацыяй, г. зн. норма фіксуецца ў граматыках, даведніках і слоўніках. Беларуская літаратурная мова мае свае арфаграфічныя, арфаэпічныя, граматычныя, словаўтваральныя, лексічныя, фразеалагічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя нормы. Арфаграфічныя нормы патрабуюць аднастайнага напісання ў адпавед-насці з устаноўленымі правіламі. Гэтыя нормы ўласцівыя пісьмовай мове і рэгламентуюцца ўзаконеным правапісам. Парушэнне арфаграфічных нормаў найчасцей абумоўлена ўздзеяннем роднасных моў, дыялектаў (гаворак), а таксама ўплывам вымаўлення. Арфаэпічныя нормы патрабуюць адзінага вымаўлення галосных і зыч-ных гукаў, іх спалучэнняў у словах і словазлучэннях. Арфаэпічныя нормы ўласцівыя вуснай форме літаратурнай мовы і рэгламентуюцца правіламі бе-ларускага вымаўлення. Арфаэпічныя нормы дапаўняюцца акцэнталагічнымі, якія прадугледжваюць правільную пастаноўку націску ў словах. - Граматычныя (марфалагічныя і сінтаксічныя) нормы патрабуюць правільнага ўжывання формаў слова і спалучэння слоў у словазлучэннях, г. зн. яны рэгулююць выкарыстанне зменных часцін мовы, граматычную сувязь слоў у прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, замацоў¬ваюць правільныя формы дапасавання і кіравання. - Словаўтваральныя нормы рэгулююць выбар словаўтваральных сродкаў, іх размяшчэнне і спалучэнне ў складзе новага слова, патрабуюць выкарыстання толькі адпаведных мадэляў і тыпаў пры словаўтварэнні. - Лексічныя нормы патрабуюць правільнага ўжывання слоў у адпавед-насці з іх значэннем. - Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае прак-тыкай ужыванне фразеалагізмаў. Пры гэтым абавязкова ўлічваюцца струк-турна-граматычныя, семантычныя і спалучальныя асаблівасці фразеалагізмаў. - Пунктуацыйныя нормы патрабуюць правільнай пастаноўкі знакаў прыпынку. - Стылістычныя нормы прадугледжваюць правільнае ўжыванне моўных сродкаў у адпаведнасці з выбраным тыпам і стылем маўлення, а так-сама канкрэтнай моўнай сітуацыяй. Важна памятаць, што паняцце нормы ў некаторых выпадках не выклю-чае варыянтнасці. Наяўнасць варыянтаў адлюстроўвае змены, якія пастаянна адбываюцца ў мове, і паказвае на працэс станаўлення моўных адзінак. Беларуская навуковая тэрміналогія Спецыяльная лексіка як частка лексічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы. 1. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання. 2. Спецыяльная лексіка. Прафесіяналізмы. Тэрміны. Наменклатура. 1. Слова – асноўная адзінка мовы, якая называе прадметы, працэсы, якасці, уласцівасці або выражае адносіны паміж імі. Паводле сферы ўжывання адрозніваюцца словы, якімі карыстаюцца ўсе носьбіты мовы і словы, якімі карыстаюцца толькі асобныя групы насельніцтва. Абмяжоўваюцца тэрыторыяй, прафесіяй ці спецыяльнасцю, сацыяльнай групай. Адпаведна ўся лексіка беларускай мовы падзяляецца на лексіку агульнаўжывальную і лексіку абмежаванага ўжывання. Агульнаўжывальная лексіка аднолькава ўжываецца і разумецца ўсімі носьбітамі мовы: гай, стол, дом, вёска, чырвоны, цудоўны, ранішні, учора, сёння, гаварыць, рухацца і інш. Лексіка абмежаванага ўжывання: ■ дыялектная. Словы, якія ўжываюцца на пэўнай тэрыторыі. Калі яны трапляюць у мастацкую літаратуру – дыялектызмы. ■ жаргонная (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта сукупнасць лексіч-ных асаблівасцей якога-небудзь вузкага кола людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, сумеснымі дзеяннямі і г. д. 2. Спецыяльная – гэта словы і спалучэнні слоў, якія выкарыстоўваюцца пераважна колам людзей пэўнай галіны ведаў, прафесіі, спецыяльнасці.  Прафесіяналізмы – словы, распаўсюджаныя пераважна ў гутар-ковай мове сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці.  Тэрміны – гэта спецыяльныя словы ці спалучэнні слоў, якія да-кладна абазначаюць пэўнае паняцце з галіны навукі, тэхнікі, мастацтва, вы-творчасці, эканомікі, палітыкі і інш.  Наменклатурныя назвы – сукупнасць назваў, якія ўжываюца ў навуцы, тэхніцы, вытворчасці і г.д. Яны толькі абазначаюць (называюць) канкрэтныя аб’екты вывучэння розных навук: назвы раслін, жывёл, птушак; назвы прафесій у некаторых галінах прамысловасці (настаўнік – настаўнік хіміі і г.д.); назвы гатункаў сельскагаспадарчых культур, парод жывёл, тавараў і г.д. – таварны знак). Тэрмін (ад лац. terminus – канец, мяжа) — гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, якое дакладна абазначае навуковае, тэхнічнае, сельска-гаспадарчае і інш. паняцці). Сукупнасць слоў, якія суадносяцца з адпаведным колам паняццяў для якой-небудзь галіны – тэрмінасістэма. Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй. Існуе тэрміналогія лінгвістычная, медыцынская, тэхнічная, філасофская, педагагічная, псіхалагічная, астранамічная і інш. Акрамя таго, тэрміналогія — гэта сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы (беларуская тэрміналогія).
лекции
подробнее Вложенные файлы 1

Практычныя заданні для студэнтаў 1 курса факультэта эстэтычнай адукацыі (300420) 11-03-2021 г.

09-03-2021 Публикации
Практычныя заданні для студэнтаў 1 курса факультэта эстэтычнай адукацыі (300420) 11-03-2021 г. Практыкаванні: 1. Адаказць на пытанні: Што абазначае слова “тэрмін”? Што разумеецца пад паняццем “тэрміналогія”? Якая розніца паміж агульнаўжывальным словам і тэрмінам? У чым заключаецца асаблівасць тэрмінаў? Чаму тэрмін павінен быць адназначным? Якія прычыны ўзнікнення варыянтных і сінанімічных тэрмінаў? Якія тыпы тэрмінаў выдзяляюцца ў залежнасці ад будовы? Тэрмінаў якой часціны мовы ў мове найбольш? Як пранікаюць у беларускую мову іншамоўныя тэрміны? Якія часткі запазычаных тэрмінаў вы ведаеце? Якімі спосабамі ўтвараюцца тэрміны? У чым сутнасць сінтаксічнага спосабу ўтварэння тэрмінаў? У чым сутнасць тэрміналагізацыі? 2. Да якіх тэрмінасістэм адносяцца тэрміны. Даць іх азначэнне. Выз-начыць спосаб утварэння: Акварэль, гуаш, эцюд, алей, тэмпера, пейзаж, нацюрморт. Дойлідства, анфілада, барабан, ветразь, сяродкрыжжа, галаснікі, неф. 3. Перакласці тэкст на беларускую мову. Назваць тэрміны, вызначыць іх паходжанне. Искусство рисования – это удивительный процесс создания иллюзии видимого мира, основанный на реалистическом изображении. Важность ри-сунка как основы изобразительного искусства не нуждается в дополнительном пояснении. Ему отводится особая роль в обучении. В системе профессио-нального образования и подготовки всех без исключения специалистов художественного профиля учебный рисунок занимает ведущее место. Искусство рисования представляет собой единый художественно-творческий и учебно-познавательный процесс, который позволяет развить наблюдательность, воображение, фантазию, координацию руки и глаза, кроме того, приобрести особое видение мира и утонченность восприятия, а также теоретические знания и практические навыки в этой области. Трудно представить себе творческую личность, не обладающую этими качествами. Практыкаванні: 1. Тэрміналагічны практыкум •Назавіце тэрміналагічнае значэнне слоў: Габелен: 1) насценны дыван з вытканымі ўзорамі, малюнкам, 2) дэкаратыўная абівачная тканіна з воўны і шоўку, 3)лёгкая баваўняная тканіна. Эцюд: 1) твор, выкананы з натуры, які з’яўляецца першапачатковым накідам, экскізам, часткай будучага кампазіцыйнага цэлага, 2) музычны твор віртуознага характару, 3)від практыкаванняў. Тэхніка: 1) кола навук, звязаных з вывучэннем і стварэннем сродкаў вытворчасці, прылад працы, 2) машыны, розныя прылады той ці іншай галіны вытворчасці, 3) сукупнасць прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў якой-небудзь галіне дзейнасці або мастацтве. •Тэрміны Адраджэнне, саломапляценне, злепак, абраз утвораны шляхам 1) запазычання, 2) тэрміналагізацыі, 3) марфемным. •Запазычанымі з’яўляюцца тэрміны: 1) сяродкрыжжа, 2) вернісаж, 3) дэкор, 4) рамяство, 5) гуаш. 2. Размежаваць значэнне слоў тэрмін, тэрміналогія, тэрмінаграфія. 3. Прачытаць і заканспектаваць тэкст. Слова разам з усёй сістэмай яго значэнняў, граматычных і стылістычных памет, з неабходнымі прыкладамі (кантэкстам) утварае слоўнікавы артыкул, будова якога залежыць ад тыпу слоўніка. Звычайна ў поўны слоўнікавы артыкул уваходзіць загаловачнае, або рэестравае, слова, над якім ставіцца націск, граматычная характарыстыка (часціна мовы, канчаткі розных формаў слоў, родавая прыналежнасць, спражэнне і інш.), тлумачэнне слова, прыклады ўжывання з мастацкай літаратуры, тэрміналагічныяі фразеалагічныя спалучэнні, паходжанне слова. У слоўніках могуць давацца і стылістычныя характарыстыкі слова. Паводле адбору слоў, мэт і спосабаў іх апісання ўсе слоўнікі падзяляюцца на два тыпы – энцыклапедычныя і лінгвістычныя (філалагічныя). У энцыклапедычных тлумачацца не словы, а рэаліі: прадметы, з’явы, гістарычныя факты і паняцці, абазначаныя словамі. Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць значэнні слоў, іх ужыванне, напісанне, вымаўленне, утварэнне, паходжанне. Паводле размяшчэння загаловачных слоў слоўнікі падзяляюцца на алфавітныя і алфавітна-гнездавыя. У алфавітных слоўніках словы размяшчаюцца паводле алфавіта. У алфавітна-гнездавым слоўнікавы артыкул аб’ядноўвае асноўнае слова і вытворныя ад яго, аднакаранёвыя. Тыпы лінгвістычных слоўнікаў вельмі разнастайныя – тлумачальныя, слоўнікі сінонімаў, фразеалагічныя, арфаграфічныя, дыялектныя, этыма-лагічныя, марфемныя, словаўтваральныя, слоўнікі мовы пісьменнікаў, слоўнікі іншамоўных слоў і г. д. Лінгвістычныя слоўнікі бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шмат-моўныя. Аднамоўныя дапамагаюць у асваенні роднай мовы. У двухмоўных і шматмоўных слоўніках словы адной мовы тлумачацца, перакладаюцца сло-вамі іншай або іншых моў, таму іх нярэдка называюць перакладнымі. 4. Параўнаць слоўнікавыя артыкулы да слова мастацтва ў энцыклапе-дычных, тлумачальным і слоўніку тэрмінаў. 5. Стварыць слоўнікавы артыкул да слова жывапіс і скульптура.
задание практика
подробнее Вложенные файлы 1

Лекцыя для студэнтаў ІІА ТСА 1 курса (280120, 280220, 280320, 280420) 09/03/2021

08-03-2021 Публикации
Лекцыя для студэнтаў ІІА ТСА 1 курса (280120, 280220, 280320, 280420) 09/03/2021 Сінонімы – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г. д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне. У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае. Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. Бнрйешіа – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца. Антонімы – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў. Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п ’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.). Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш. Паронімы – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш. Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.). 5. Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная. Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў: 1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ~ 3-1 тысяч. Да н. э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці; лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і інш. 2) агульнаславянскія (праславянскія) словы (~ 2 тысяч. Да н. э. – 1 тысяч. Н. э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (~ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы. 3) агульнаўсходнеславянскія словы (VIІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і инш.. 4) уласнабеларускія словы (ХIV – ХVIІ стст.: асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы. Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. Асноўная прымета запазычанага слова – яго функцыянальная значымасць, якая заключаецца ў тым, што слова абазначае прадметы і паняцці, якія не маюць адэкватнага абазначэння ў самой беларускай мове або з’яўляюцца семантычнымі ці стылістычнымі сінонімамі да адпаведнага беларускага слова. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам (г. зн. Перш трапілі ў жывую гаворку, а пазней пашырыліся ў пісьменнасці), так і кніжным (пачыналі ўжывацца ў пісьменнасці і літаратурнай мове, а потым паступова пераходзілі ў гаворку). Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Са славянскіх моў. а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне і інш.; б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.; в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.; г) з польскай мовы: касцёл, палац, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.; д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт. З неславянскіхмоў. а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.; б) цюркізмы (пераважна з татарскай мова). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), калчан, атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш; в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш; г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.; д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.; е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.; ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідэр, мітынг і інш.; ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макароны, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.; з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.; і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.; к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.; л) з кітайскай: чай, жэньшэнь; м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і инш.. Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму. 6. Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання. Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Сюды адносяцца такія словы, якія вядомы ўсім носьбітам і шырока выкарыстоўваюцца імі без усякіх абмежаванняў. Гэта словы розных часцін мовы і розных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя). Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялектную, жаргонную і спецыяльную. Коратка спынімся на гэтых лексічных разрадах. Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы). На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць наступныя дыялекты: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні (асноўныя), сярэднебеларускі (цэнтральныя гаворкі) і заходнепалескі (брэсцка-пінскі). Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Дыялектызмы, безумоўна, вядомы не ўсім носьбітам мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе гэтыя словы бытуюць. Напр., савяк (замест літ. Падбярозавік), вятроўкі (замест літ. Басаножкі), казлы (люцікі), пасоля (фасоля), ля, паля (паглядзі, глянь), гуліца (вуліца), тамака (там), настольніца (настольнік), барыла (бочка) і инш.. Сярод дыялектызмаў вылучаюць параўнальна невялікую групу абласных слоў, г. зн. такіх, якія ўжываюцца на больш-менш значнай тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах многіх аўтараў, але яшчэ не сталі літаратурнымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Абласныя словы падаюцца ў слоўніках літаратурнай мовы з паметай абл. (абласное): нацяты (нацягнуты), нябож (пляменнік), оступам (цесна абступIVшы, вакол), гучок (парастак), гуля і гула (гуз), жбан (збан), заложна (бесперапынна, настойліва, упарта) і інш. У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы з мэтай стварэння мастацкага вобраза, для характарыстыкі дзеючых асоб, перадачы моўнага каларыту мясцовасці, у якой адбываецца дзеянне. Жаргонная лексіка – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г. д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Так, у мове моладзі, вучняў, студэнтаў можна пачуць такія жаргонныя словы, як продкі, шнуркі (бацькі), ажур (парадак), гнаць (гаварыць няпраўду), базар (размова), бомбы, шпоры (шпаргалкі), халтурыць (нядобрасумленна выконваць працу), філоніць (ухіляцца ад працы), бабкі (грошы ўвогуле), зелень (долары), драўляныя (айчынная валюта) і інш.; у мове спартсменаў: рамка (вароты), гарчычнік (жоўтая картка), вольнік (барэц вольнага стылю) і інш.; прыклады армейскіх жаргонаў: салага (увогуле малады салдат), дух, чарпак ці чайнік, слон, дзед (радавы салдат у залежнасці ад часу знаходжання на тэрміновай службе), старлей (старшы лейтэнант), кусок (прапаршчык), самаход (самавольна пакінуць воінскую часць), дэмбель (дэмабілізацыя), адкасіць (ухіліцца ад воінскай службы) і інш. Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго. Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад іншых людзей. У строга тэрміналагічным сэнсе арго – гэта мова дэкласаваных груп грамадства і крымінальнага асяроддзя: зладзеяў, карцёжных шулераў, кантрабандыстаў, наркаманаў і пад. Аргатычная лексіка стваралася на базе натуральных моў. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацавалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Дасягалася гэта шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў: вышка (вышэйшая мера пакарання), стукач (даносчык); выкарыстання запазычаных слоў, а таксама шляхам перастаноўкі складоў у словах або дабаўлення да слоў новых элементаў (напр., чуха замест хачу, шывар замест тавар і інш.). Жарганізмы не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя. Спецыяльнай лексікай карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Спынімся на азначэннях гэтых паняццяў і прывядзём прыклады. Тэрмін – гэта афіцыйна ўзаконенае слова або словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г. д., абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузкаспецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; у мовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г. д.). Заўважым, што словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі стыхійна, па меры авалодання мовай, ствараюцца для патрэб усяго грамадства. Тэрміны ж прыдумваюцца штучна і патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў той ці іншай сферы дзейнасці. Па сваім функцыянальным значэнні блізка да тэрмінаў стаяць прафесіяналізмы. Гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці. Калі тэрміны маюць больш упарадкаваны, унармаваны характар, то прафесіяналізмы з’яўляюцца паўафіцыйнымі лексічнымі адзінкамі, якія выкарыстоўваюцца вузкім колам спецыялістаў, прычым пераважна ў гутарковым стылі (напр., у мове пчаляроў сустракаюцца такія прафесіяналізмы, як дымар, вашчына, раёўня, пропаліс). Рэзкай мяжы паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі няма, і часта прафесіяналізм можа існаваць як сінонім тэрміна. Многія мовазнаўцы ўвогуле не вылучаюць прафесіяналізмы ў асобны разрад слоў спецыяльнай лексікі. У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць назваў канкрэтных аб’ектаў, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, спорце і пад. Па складзе наменклатура велізарная. Так, толькі наменклатура медыцынскай тэхнікі (інструменты, апаратура і пад.) налічвае звыш 3000 назваў. Тэрміны маюць абстрактныя, адцягненыя значэнні, а наменклатурныя назвы абазначаюць даволі канкрэтнай з’явы. Параўн.: арфаграфія, прэфікс, марфема, злучнік і інш. (прыклады мовазнаўчых тэрмінаў) і най-, без-, пад-, за- і инш.. (наменклатурныя назвы канкрэтных прыставак). Сярод наменклатуры сустракаюцца і абрэвіятуры: ЭВМ, ЗІЛ, ЗІС і пад. 7. Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова- тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе. Актыуную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае. Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ў жываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы. Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з яуляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з яу, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы,чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.). Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі. Неалагізмы – гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. Оссазіо – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я.Купала); жаўтацвецень, светазор, шаўкарунны, вольнаплынны (Я.Колас) і инш.. Аказіяналізмы ствараюцца з пэўнай стылістычнай мэтай і, як правіла, не выходзяць за межы мастацкага твора. Іх значэнне можна высветліць толькі ў кантэксце.
лекции
подробнее Вложенные файлы 1

Лекцыі для студэнтаў 2 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Беларуская мова (прафесійная лексіка)»

22-02-2021 Публикации
Лекцыі для студэнтаў 2 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» Уводзіны ў дысцыпліну “Беларуская мова” 1. Прадмет і задачы дысцыпліны, яе спецыфіка. 2. Роля дысцыпліны ў фарміраванні і развіцці сацыяльна-асобасных і сацыяльна-прафесійных кампетэнцый выпускнікоў ВНУ. 1. Беларуская мова (прафесійная лексіка) – дысцыпліна, якая дапамагае студэнтам далучыцца да багаццяў нацыянальнай культуры, сфарміраваць камунікатыўна развітую асобу, здольную наладжваць зносіны на роднай мове ў прафесійнай сферы, перакладаць і рэферыраваць прафесійна арыентаваныя і навуковыя тэксты, весці дзелавую дакументацыю, выступаць з навуковымі паведамленнямі і публічнымі прамовамі і інш. Асноўныя мэты выкладання дысцыпліны: • выпрацаваць і замацаваць практычныя ўменні і навыкі граматнага карыстання вуснай і пісьмовай мовай; • развіць моўна-эстэтычны густ студэнтаў, звязаны з чысцінёй і правільнасцю мовы; • пашыраць і ўзбагачаць прафесійны лексічны запас будучых спецыялістаў, выпрацаваць уменне практычнага карыстання тэрміналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці; • фарміраваць устаноўкі на практычнае ўкараненне атрыманых сту¬дэн-тамі ведаў у іх прафесійнай дзейнасці і іншых сферах сацыяльнай актыўнасці; • выхоўваць любоў і павагу да мастацкага слова, духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны беларускага народа, пачуццё нацыянальнай самапавагі і самаідэнтыфікацыі, імкнення да далейшага ўзбагачэння беларускай мовы. Задачы вывучэння дысцыпліны: • сфарміраваць у студэнтаў разуменне неабходнасці ведаць і кары¬стац-ца беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці; • даць студэнтам неабходную сістэму ведаў аб лексічным складзе, тэрміналогіі і маўленчай культуры; • дапамагчы студэнтам усвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні нацыі; • садзейнічаць падрыхтоўцы высокаадукаваных, творчых і крытычнадумаючых спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя моўна-сацыяльныя праблемы бытавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму. 2. Студэнт павінен ведаць: • ролю мовы і маўлення ў працэсе сацыяльных зносін, • функцыі беларускай мовы як асноватворнага кампанента нацыянальнай культуры, • месца і ролю беларускай мовы ў славянскай і еўрапейскай супольнасці народаў і моў, • сістэму лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы, • поўны набор прафесійнай лексікі, • тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі па адпаведных сферах навукова-прафесійнай дзейнасці. • Студэнт павінен умець: • граматна карыстацца вуснай і пісьмовай мовай, • адэкватна ўспрымаць прафесійныя тэксты і навуковую галіновую інфармацыю, • перакладаць, анатаваць і рэферыраваць прафесійна арыентаваныя тэксты, • складаць і весці на беларускай мове дзелавую дакументацыю, рыхтаваць навуковыя і публічныя выступленні, • выконваць тэсты і тэставыя заданні, якія садзейнічаюць замацаванню вучэбнага матэрыялу. Асноўнымі метадамі (тэхналогіямі) навучання, што адпавядаюць мэце і задачам вывучэння дысцыпліны, з’яўляюцца: • праблемнае навучанне; • тэхналогія вучэбна-даследчай дзейнасці; • праектныя тэхналогіі; • камунікатыўныя тэхналогіі (дыскусія, прэс-канферэнцыя, мазгавы штурм, вучэбныя дэбаты і інш.); • гульнёвыя тэхналогіі, у межах якіх студэнты ўдзельнічаюць у дзелавых, ролевых, імітацыйных і іншых гульнях. Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей Мова і соцыум. Функцыі мовы ў грамадстве. 1. Мова і соцыум. 2. Функцыі мовы ў грамадстве 1. Мова – гэта і сродак зносін, і адзнака этнічнага калектыву, і сродак захавання і перадачы ведаў. У кожнага народа свой гістарычны шлях і сваё бачанне свету. Сваё разуменне жыцця, дабра і зла этнас перадае словамі. Таму мова – гэта памяць народа, універсальная форма захавання ведаў, якія на працягу стагоддзяў назапашвалі нашы продкі. У мове выяўляецца самабытнасць народа, яго адметнасць, па мове пазнаюць, да якой нацыі належыць чалавек. Адметнасць кожнай мовы — гэта вынік уплыву геаграфічных умоў, у якіх працяглы час знаходзяцца людзі, і адрозненняў у іх гістарычным развіцці. Мова, такім чынам, адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай грамадства. Яна з’яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры. Ландшафт, клімат, раслінны і жывёльны свет прадвызначаюць характар заняткаў народа і накладваюць адбітак на яго ўспрыманне свету. Таму мова – істотная адзнака этнічнага калектыву – народа, нацыі, племені. Мова народа, з аднаго боку, аб’ядноўвае прадстаўнікоў дадзенага народа, а з другога – з’яўляецца адметнай адзнакай і вылучае нацыю з шэрагу іншых, адна з прыкмет вылучэння этнасу. Нярэдка адной мовай карыстаюцца прадстаўнікі некалькіх нацый (англійскай – англічане, амерыканцы, насельніцтва былых калоній і дамініёнаў Велікабрытаніі; нямецкай – немцы, аўстрыйцы, значная частка насельніцтва Швейцарыі і Люксембурга і г.д.). Разам з тым, напрыклад, швейцарцы, якія карыстаюцца чатырма мовамі (нямецкай, французскай, італьянскай, рэтараманскай) зліваюцца ў адну нацыю. 2. Асноўнымі функцыямі мовы з’яўляюцца наступныя: • Камунікатыўная (лац. communicatio – зносіны, сувязь). У першую чаргу мова забяспечвае нашы патрэбы ў зносінах. Праз мову мы дзелімся ўражаннямі пра ўбачанае, вырашаем важныя жыццёвыя пытанні, абмяркоўваем навіны. У працэсе зносін можна выкарыстаць іншыя спосабы перадачы інфармацыі – рухі, жэсты, міміку, фарбы, малюнкі, знакі, але толькі мова здольная найбольш поўна і дакладна перадаць нашы думкі і пачуцці. • Паколькі мова дазваляе нам не толькі перадаць інфармацыю, але і выказаць свае адносіны да яе – негатыўныя і станоўчыя, прыязныя і не зусім, можна гаварыць пра экспрэсіўную функцыю мовы (лац. expressio – выражэнне).  З камунікатыўнай цесна звязана фатычная (грэч. phatos – сказаны) функцыя – функцыя ўстанаўлення кантактаў, наладжвання і рэгулявання ўзаемаадносін паміж людзьмі.  Дзякуючы мове, мы пазнаём навакольны свет, даведваемся пра адкрыцці, сведкам якіх не былі, знаёмімся з жыццём людзей, якіх ніколі не ўбачым. Мова робіць навакольны свет блізкім і знаёмым для нас. Таму мова выконвае і пазнавальную функцыю.  Чалавек, паступова пазнаючы свет, дае назвы розным прадметам, з’явам, працэсам рэчаіснасці. Гэта намінатыўная (лац. nominatio – называнне) функцыя.  У кожным слове ці фразеалагізме людзі занатоўваюць свае веды пра свет, яго будову. Нярэдка гісторыкі называюць мову “рыдлёўкай гісторыі”, таму што ў мове захаваліся звесткі пра культуру, традыцыі, гісторыю народа. Функцыя назапашвання і захавання ведаў называецца акумулятыўнай (лац. accumulatio – збіральнік). Чалавеку дадзена здольнасць адчуваць і разумець не толькі тое, што сказана, але і як сказана. Адметна падбудаванае выказванне выклікае ў нас пачуццё асалоды ці крыўды, натхнення ці смутку. Тады мы кажам пра эстэтычную функцыю мовы – здольнасць мовы ўздзейнічаць на пачуцці людзей. Часцей за ўсё з рэалізацыяй эстэтычнай функцыі мы сутыкаемся, калі чытаем мастацкую літаратуру, глядзім спектакль у тэатры, слухаем выступленні бліскучых аратараў. Паходжанне беларускай мовы і асноўныя этапы яе развіцця 1. Беларуская мова сярод моў свету. 2. Старабеларуская літаратурная мова і яе роля ў XIV- XVI стагод-дзях. 3. Нацыянальная моўная палітыка ў XVІІ- XVІІI стагоддзях і яе вынікі. 4. Новая (сучасная) беларуская літаратурная мова і яе лёс у канцы XVІІІ- пачатку XХI стагоддзяў. 5. Закон “Аб мовах у Беларускай ССР” (1990 г.) Беларуская мова – адна з высокаразвітых нацыянальных моў народаў свету. Яе карані ідуць у глыбіню сівых вякоў. Прыкладна на мяжы ІІІ-ІІ тысячагоддзяў да н. э., па меркаванні даследчыкаў, адбываецца распад так званага індаеўрапейскага моўнага адзінства на больш дробныя моўныя групы. Сярод раманскай, германскай, іранскай, кельцкай, індыйскай, балтыйскай і іншых моўных груп індаеўрапейскай сям’і (вучоныя выдзяляюць 16 такіх груп) з гэтага часу пачынае самастойнае існаванне і славянская. Першапачаткова славяне жылі на адносна невялікай тэрыторыі і карысталіся агульнай мовай, якая атрымала назву праславянскай або агульнаславянскай мовы-асновы. Існавала яна толькі ў вуснай форме і, безумоўна, не была аднастайнай на ўсёй тэрыторыі пражывання славян, а мела дыялектныя адрозненні. Трэба меркаваць, што мова продкаў беларусаў у межах праславянскай моўнай прасторы адрознівалася сваімі спецыфічнымі дыялектнымі асаблівасцямі. Прычым многія вучоныя схільныя лічыць, што мова прабеларусаў займала адно з цэнтральных месцаў у славянскім свеце. Паступовае рассяленне славян на большую тэрыторыю прыводзіць да аслаблення сувязей паміж імі і распаду праславянскага моўнага адзінства. Так, прыкладна з VІ-VІІ стст. н. э. пачалося выдзяленне асобных славянскіх груп: усходняй, заходняй, паўднёвай. Гэтыя групы аб’ядноўваліся адзінствам свайго паходжання, але характарызаваліся спецыфічнымі моўнымі асаблівасцямі, што і адасабляла адну групу ад другой. З’яўленне ў IX ст. (прыкладна 863 г.) першай славянскай пісьмовай мовы, якая атрымала назву стараславянскай (у мясцовых рэдакцыях царкоўнаславянскай), у значнай ступені прадвызначыла развіццё літаратурных моў не толькі паўднёвых славян, але і ўсходніх, і заходніх. Ва ўмовах феадальнай раздробленасці, эканамічнага і палітычнага адасаблення асобных зямель усходніх славян паступова намячаецца яшчэ большае дыялектнае размежаванне агульнаўсходнеславянскага моўнага адзінства. На базе агульнай пісьмовай мовы ўсходніх славян, у аснове якой царкоўнаславянская мова, недзе з канца XII - пачатку XIII ст. і пачынаецца фарміраванне самастойных беларускай, рускай і ўкраінскай пісьмовых літаратурных моў. Асабліва інтэнсіўнае фарміраванне беларускай народнасці і ўласна беларускай літаратурнай мовы адзначаецца з сярэдзіны XIV ст., калі ўтвараецца шырокавядомая шматнацыянальная беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Пры скрыжаванні этнічна разнастайнага насельніцтва стваралася новая арыгінальная культура. Агульная пісьмовая мова ўсходніх славян паступова насычалася элементамі народных гаворак, і такім чынам стваралася непаўторная, самабытная беларуская літаратурная мова. Аднак першапачаткова ў пісьмовых крыніцах спецыфічныя беларускія рысы адлюстроўваліся зрэдку і не зусім паслядоўна, бо старажытныя кніжнікі вельмі строга прытрымліваліся традыцыйных агульнаўсходнеславянскіх моўных нормаў. Тым не менш прыкладна да сярэдзіны XV ст. пісьменства на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, папоўнілася адметнымі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі асаблівасцямі настолькі, што з’явіліся ўсе падставы гаварыць пра самастойную беларускую літаратурную мову. Канчаткова ж сфармавалася яна к канцу XVI ст. 2. У гісторыі беларускай літаратурнай мовы перыяд XV-XVI стст. быў перыядам фарміравання моўнай сістэмы.Станаўленню і развіццю беларускай літаратурнай мовы ў XV-XVI стст. садзейнічала тое, што беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. Гэта была мова дыпламатыі, на ёй выдаваліся законы, ажыццяўлялася справаводства, перапіска, ствараліся летапісы, помнікі дзелавога пісьменства, арыгінальная і перакладная мастацкая літаратура і г. д. Найбольш распаўсюджаным было дзелавое (актавае, канцылярска-юрыдычнае) пісьменства. Да яго адносяцца шматлікія акты, граматы, дагаворы, статуты. Першапачаткова, безумоўна, на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага існавала некалькі мясцовых варыянтаў актавай мовы, якія адрозніваліся некаторымі асаблівасцямі. Але з цягам часу рэгіянальныя тыпы актавай мовы зніклі. Узорам беларускай актавай мовы сталі моўныя нормы дакументаў, якія грунтаваліся на паўночных беларускіх гаворках, што бытавалі каля Вільні. Разнастайныя па змесце і форме дакументы, выдадзеныя сеймамі і ўрадавымі асобамі, або тыя, што паступалі ад іншаземных урадаў, службовых і прыватных асоб, найважнейшыя заканадаўчыя акты і кодэксы сістэматызаваліся і афармляліся ў выглядзе статутаў і так званых метрык. Сярод іх найбольш буйнымі значацца Літоўская метрыка (Метрыка Вялікага княства Літоўскага) і Літоўскі статут (Статут Вялікага княства Літоўскага) у трох рэдакцыях (1529, 1566, 1588 гг.). У гэтых i іншых творах канцылярска-юрыдычнага пісьменства найбольш паслядоўна адлюстроўваліся рысы жывой беларускай мовы. Даволі часта спецыфічныя асаблівасці народнай гаворкі выяўляюцца і ў творах свецка-мастацкай літаратуры. Самым старажытным і пашыраным жанрам указанага віду пісьменства з’яўляюцца летапісы. Крыху пазней афіцыйнае дзяржаўнае летапісанне папаўняецца гістарычнымі запіскамі мясцовага характару, мемуарнымі творамі, перакладнымі воінскімі і рыцарскімі раманамі і аповесцямі, хронікамі і хранографамі. Тыповымі ўзорамі такіх помнікаў можна лічыць летапіс Аўраамкі, Баркалабаўскі летапіс, «Дзённік» Ф. Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А. Філіповіча; перакладныя творы: «Александрыя», «Аповесць пра Трою», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу» і інш. Жанравае багацце беларускіх гістарычных помнікаў сведчыць пра высокую ступень развіцця старабеларускай літаратурнай мовы, багацце і разнастайнасць яе выяўленчых сродкаў. Такія творы аказвалі ўздзеянне на іншыя жанры тагачаснага беларускага пісьменства, у тым ліку і на пераклады рэлігійнай літаратуры, напрыклад: «Пакуты Хрыста», «Аповесць пра трох каралёў-вешчуноў», «Жыціе Аляксея, чалавека Божага» і інш. Надзвычай вялікую ролю ў развіцці беларускай літаратурнай мовы адыграла дзейнасць усходнеславянскага першадрукара, асветніка, гуманіста, вучонага, перакладчыка Францыска Скарыны (прыкладна 1490-1551 гг.). Ён займаўся перакладам і друкаваннем біблейскіх кніг. Сваю першую кнігу «Псалтыр» Ф. Скарына надрукаваў у 1517 годзе ў Празе, а пасля таго выдаў больш за 20 кніг свяшчэннага пісання (1517-1525 гг.). Гэтыя выданні ён суправаджаў даволі вялікімі прадмовамі, пасляслоўямі і «глосамі» (тлумачэннямі некаторых слоў), а часта адыходзіў ад царкоўных традыцый і па магчымасці набліжаў мову перакладаў да жывой тагачаснай гаворкі. У цэлым жа аснова скарынінскіх выданняў была царкоўнаславянскай. Паслядоўнікамі славутага палачаніна на Беларусі былі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі, браты Мамонічы, Пётр Мсціславец і інш., дзейнасць якіх прыпадае на перыяд інтэнсіўнага пашырэння ў краіне рэфармацыйнага руху. Яны фактычна давялі справу Ф. Скарыны да завяршэння і далі свайму народу рэлігійныя кнігі, у тым ліку і перакладныя, на тагачаснай беларускай літаратурнай мове. Буйны асветнік і ідэолаг гуманізму і рэфармацыі С. Будны надрукаваў у 1562 г. у Нясвіжы «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Гэтыя тэксты, па сутнасці, свабодныя ад слоў і зваротаў царкоўнаславянскага, кніжнага паходжання, успрымаюцца як звычайныя бытавыя апавяданні на беларускай літаратурнай мове. Тое ж можна сказаць і пра «Евангелле», якое выдаў каля 1580 г. В. Цяпінскі. Безумоўна, і ў далейшым працягваецца збліжэнне мовы рэлігійнай літаратуры з народнай гаворкай. Такім чынам, з рэлігійна-асветніцкім рухам, з дзяржаўнасцю беларускай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім, са з’яўленнем кнігадрукавання звязаны перыяд фарміравання і росквіту беларускай мовы. К канцу XVI ст. старабеларуская літаратурная мова дасягнула вышэйшага ўзроўню свайго развіцця. Так, у гэты час складваецца старабеларуская літаратурная мова як з’ява непаўторная, своеасаблівая, са спецыфічнымі рысамі, якія чэрпаліся з жывой народнай гаворкі і фіксаваліся ў пісьмовых помніках. Нават у першых слоўніках, граматыках, букварах царкоўнаславянскай мовы сустракаем элементы беларускай мовы. Выкарыстоўваецца яна для тлумачэння незразумелых шырокаму колу насельніцтва кніжных слоў. Такія тлумачэнні знаходзім на палях скарынінскіх выданняў, у першым славяна-беларускім слоўніку Лаўрэнція Зізанія (1596 г.), слоўніку Памвы Бярынды (1627 г.). Беларускамоўны матэрыял змяшчаецца, напрыклад, у першай граматыцы, якая выйшла ў 1586 г. у друкарні братоў Мамонічаў, граматыцы Л. Зізанія (1596 г.), грунтоўнай граматыцы М. Сматрыцкага (1619 г.) і іншых выданнях. Пачынаючы з XIV ст., у помніках пісьменства сустракаем амаль усе адметныя моўныя асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы. Гэта прыстаўныя галосныя і зычныя (іржавы, аржаны, восень і інш.), зацвярдзелыя шыпячыя, ц, р, ч (чый, іншы, крык і інш.), у нескладовае на месцы былых в, л (воўк, уздумаў і інш.), змяненне роду ў назоўніках тыпу пыл, стэп, насып і іншыя спецыфічныя беларускія рысы. 3. Лёс беларускай мовы на розных гістарычных этапах мяняўся. Калі ў Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай і не мела перашкод для свайго развіцця і функцыянавання, то ўжо ў другой палове XVI - пачатку XVII ст. сфера выкарыстання беларускай мовы пачала звужацца. Вялікае княства Літоўскае паступова траціла палітычную і эканамічную самастойнасць і ўсё больш падпадала пад уладу Польшчы. Польская культура, у тым ліку і польская мова, з другой паловы XVI ст. пачала інтэнсіўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абараніць беларускую мову, у Літоўскі статут 1566 г. быў уключаны спецыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы (раздзел 4, артыкул 1). Захаваўся гэты артыкул і ў Статуце 1588 г., прычым фармальна ён меў сілу на працягу ўсяго XVII ст. Тым не менш пасля аб’яднання ў 1569 г. Вялікага княства Літоўскага з Польшчай у адзіную феадальную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ў афіцыйным ужытку было тры мовы: польская, лацінская і беларуская. Такая складаная моўная сітуацыя, якая існавала на беларускіх землях у XVII ст., спрасцілася ў канцы стагоддзя. Польская і беларуская шляхта і каталіцкае духавенства дамагліся таго, што Варшаўскім сеймам у 1696 г. была прынята пастанова пісаць дзелавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску, а не па-беларуску. Праўда, на ўсходніх беларускіх землях, дзе паланізацыя праходзіла павольней, па традыцыі дакументы мясцовага значэння (запаветы, дакументы пра падзел маёмасці, распіскі, прыватныя лісты і г. д.) яшчэ пэўны час працягвалі пісаць па-беларуску. Заняпад беларускай мовы адзначаецца з XVII ст. не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў іншых сферах культурнага жыцця. Мясцовыя пануючыя класы, па сутнасці, адракаюцца ад сваёй старадаўняй рэлігіі, спрадвечных звычаяў, абрадаў, культуры, ад сваёй роднай мовы як ад мовы «мужыцкай». Адбываецца і паланізацыя школы. На тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць рымска-каталіцкія школы; у Мінску, Полацку, Нясвіжы адкрываюцца так званыя езуіцкія калегіумы, у Вільні і Слуцку – лютэранскія гімназіі. Усе гэтыя навучальныя ўстановы, безумоўна, прапагандавалі лацінскую і польскую мовы і літаратуры. Значна скарачаецца колькасць рукапіснай свецкай і рэлігійнай літаратуры на беларускай мове. Амаль не выдаюцца і друкаваныя беларускія творы. Фактычна другая палова XVII і ўсё XVIII ст. вядомыя як час панавання польска-лацінскай кніжнасці. Беларуская пісьмова-літаратурная мова прыходзіць у поўны заняпад. У гэты перыяд яна вывучалася толькі ва ўніяцкіх базыльянскіх школах. Уніяцкая царква выкарыстоўвала вусную беларускую мову ў неафіцыйных частках набажэнства. Працягвала развівацца толькі народная гутарковая мова, хоць і яна адчувала на сабе ўплыў польскай мовы. Паланізмы, аднак, у большасці сваёй не замацоўваліся ў жывой народнай гаворцы, паколькі народ ужываў толькі тыя запазычанні, якія былі жыццёва неабходнымі пры адпаведных зносінах. Захавальнікамі сваёй самабытнай, роднай мовы, такім чынам, заставаліся, як правіла, сяляне, дробная шляхта і гарадское рамеснае насельніцтва. Беларускі народ ствараў на роднай мове ўзоры вуснай творчасці. У казках, легендах, песнях, паданнях, прыказках і прымаўках зберагаліся лепшыя моўныя здабыткі і пазней шырока выкарыстоўваліся ў новай прафесійнай літаратуры. 3 пісьмовых жа помнікаў канца ХVІІ-ХVIII стст., напісаных на беларускай (старабеларускай) мове, вядома не так шмат. Найбольш адлюстравалася беларуская мова ў так званых інтэрмедыях і інтэрлюдыях дашкольных драматычных твораў, прычым асаблівую цікавасць з іх маюць дзве камедыі выкладчыкаў рыторыкі Забельскай дамініканскай калегіі К. Марашэўскага і М. Цяцерскага. Уся сістэма моўных асаблівасцей гэтых твораў вельмі блізкая да сістэмы сучаснай беларускай мовы. Названыя творы можна разглядаць як першыя спробы стварэння новай беларускай літаратурнай мовы. У канцы XVIII ст. гістарычны лёс беларускага народа значна мяняецца. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі поўнасцю далучылі да Расійскай імперыі. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа не зменшыўся. Фактычна гвалтоўная паланізацыя была заменена гвалтоўнай русіфікацыяй, і афіцыйнай мовай на тэрыторыі Беларусі стала руская. Засілле рускай і ўжыванне польскай моў, бясспрэчна, замаруджвалі ўзнаўленне беларускай літаратурнай мовы. Беларуская мова, як правіла, жыла толькі сярод прыгнечаных слаёў насельніцтва, выкарыстоўвалася пераважна ў вуснай форме. Невыпадкова шматлікія польскія і рускія даследчыкі не прызнавалі беларускую мову самастойнай. Першыя лічылі яе дыялектам польскай мовы, а другія – рускай гаворкай («западнорусским наречием»). Такое становішча не магло задаволіць усё насельніцтва Беларусі, таму шырэй і шырэй разгортваецца нацыянальна-вызваленчы рух. Падтрымліваецца ён перадавой рускай і польскай грамадскасцю. Менавіта ў рускіх і польскіх выданнях прагрэсіўныя даследчыкі друкуюць шмат цікавых навуковых распрацовак па фальклоры, мове і быце беларускага народа. Гэта ў значнай ступені садзейнічала фарміраванню беларускай інтэлігенцыі і росту яе нацыянальнай самасвядомасці. З’явіліся грамадскія сілы, якія павялі рашучую барацьбу за ўкараненне беларускай мовы ў літаратуры. 4. 3 канца XVIII ст. пачынае паступова адраджацца новае беларускае пісьменства і складвацца новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова. Па словах Л. М. Шакуна, гэта «пярэдадзень» новага перыяду ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы. Працэс станаўлення ішоў марудна, паколькі друкаваць па-беларуску было забаронена. Аднак на старонках рускага і польскага друку час ад часу з’яўляюцца творы беларускай літаратуры і вуснай народнай творчасці. Так больш чым праз стагоддзе ўзнаўляецца ў пісьменстве беларуская мова. Узнаўляецца яна не на традыцыйнай кніжнай аснове, бо ў значнай ступені традыцыі старабеларускага пісьменства аказаліся перарванымі, а на базе жывых беларускіх народных гаворак. Асновай для выпра-цоўкі літаратурных норм сталі сярэднебеларускія гаворкі. Гэта невыпадкова, паколькі найбольшы ўплыў на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы аказвалі пісьменнікі, якія былі выхадцамі пераважна з цэнтральнай Беларусі. Ля вытокаў новай беларускай літаратуры стаялі шматлікія ананімныя аўтары. Мова іх твораў вызначалася шырокім адлюстраваннем асаблівасцей мясцовых гаворак. Ужыванне народных моўна-выяўленчых сродкаў насіла яшчэ ў пэўнай ступені стыхійны характар. Элемент стыхійнасці прысутнічаў таксама і ў творах вядомых паэтаў і пісьменнікаў першай паловы XIX ст.: Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В.Равінскага, В. Каратынскага, У. Сыракомлі, А. Плуга і інш. Па-сапраўднаму свядома стаў апрацоўваць жывую мову беларускага народа, шукаць у ёй адпаведныя сродкі і прыёмы літаратурнага выказвання В. I. Дунін-Марцінкевіч. Ён даволі паслядоўна абапіраўся на асаблівасці роднай гаворкі і звяртаўся да найбольш тыповых рыс іншых беларускіх гаворак. Дзякуючы В. Дуніну-Марцінкевічу ў беларускай мове пачалі выпрацоўвацца лексічныя, фанетычныя і граматычныя нормы, якія ўлічваліся яго паслядоўнікамі. У сувязі з народнымі хваляваннямі на Беларусі і паражэннем паўстання 1863 г. рэзка ўзмацняецца русіфікацыя «западнорусского края», царскім урадам забараняецца кнігадрукаванне. Творы на беларускай мове пісьменнікі вымушаны друкаваць за межамі Расійскай імперыі, а на радзіме - часцей за ўсё нелегальна. Беларускі народ не меў у гэты час сваіх нацыянальных культурных устаноў, школ з выкладаннем на роднай мове. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці на шляху фарміравання беларускай літаратурнай мовы, у другой палове XX ст. яе развіццё фактычна не спынялася. У прыватнасці, гарачы прыхільнік беларускага слова Ф. Багушэвіч адным з першых на Беларусі загаварыў аб беларускай мове як найважнейшым элеменце нацыянальнай культуры беларускага народа і ўзняў пытанне пра яе лёс. Ён узбагаціў нашу літаратуру новымі моўна-выяўленчымі сродкамі і прыёмамі, надаў беларускай літаратурнай мове яшчэ большую гнуткасць і дасканаласць, карпатліва працаваў над складаннем слоўніка беларускай мовы, марыў пра выданне граматыкі. Станаўленню роднай мовы спрыяў і выхад у свет слоўнікаў I. Насовіча, М. Гарбачэўскага, а таксама творы публіцыстычнага характару, найперш беларуская нелегальная газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага. Патрэбна, аднак, заўважыць, што на мове кожнага дзеяча нашага адраджэння таго часу адбіўся ўплыў польскай і рускай моў. Не далі жаданых вынікаў і спробы П.Шпілеўскага і К. Нядзвецкага стварыць граматыку і правапіс беларускай мовы (іх распрацоўкі не былі апублікаваны). У сувязі з гэтым, нягледзечы на плённую дзейнасць пісьменнікаў ХІХ ст., некаторыя даследчыкі адзначаюць, што літаратурная мова ў ХІХ ст. яшчэ не склалася, паколькі не былі дадзены ўзоры пісьмовай мовы. Тым не менш, Л. М. Шакун лічыць, што «літаратурная мова пачынаецца тады, калі пачынаецца асэнсаваны адбор з дыялектаў менавіта тых сродкаў, якія павінны служыць агульналітаратурным задачам». У пачатку XX ст. нацыянальна-вызваленчы рух на ўскраінах імперыі прымусіў царскі ўрад пайсці на некаторыя ўступкі ў нацыянальным пытанні. У 1905 годзе ўступае ў дзеянне закон аб свабодзе друку, пасля якога ажыўляецца літаратурнае жыццё, шырока разгортваецца кнігавыдавецкая справа. Заснаванае ў 1906 годзе ў Пецярбургу беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» друкуе творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я.Купалы і іншых аўтараў, пачынае выпускаць першыя падручнікі па роднай мове. Сярод апошніх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К. Каганца (1906 г.), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906г.), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа (1910 г.). Пазней з’яўляюцца выдавецкія таварыствы ў Вільні, Мінску і іншых гарадах. 3 1906 года ў Вільні пачынае выходзіць першая беларуская легальная газета «Наша доля», а пасля яе забароны – «Наша ніва». Акрамя таго, выдаюцца іншыя газеты, часопісы, літаратурна-навуковыя штомесячнікі. Гэтыя выданні адыгралі вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, паколькі вакол іх групуюцца асноўныя сілы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Для станаўлення пэўных моўных нормаў шмат зрабілі вядомыя беларускія пісьменнікі Янка Журба, Уладзіслаў Галубок, Карусь Каганец, Гальяш Леўчык, Цётка, Цішка Гартны, Ядвігін Ш., Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Канстанцыя Буйло, Сяргей Палуян і інш. Значны крок у развіцці не толькі беларускай літаратуры, але і беларускай літаратурнай мовы быў зроблены волатамі, класікамі беларускай літаратуры Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам і некаторымі іншымі. Яны надалі народнаму слову выключную выразнасць і самабытнасць, хоць беларуская літаратурная мова па-ранейшаму заставалася неўнармаванай, развівалася галоўным чынам у жанрах мастацкай літаратуры. Новы этап у развіцці і станаўленні беларускай літаратурнай мовы пачынаецца, па сутнасці, з абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 31 ліпеня 1920 года была прынята адпаведная «Дэкларацыя», якая забяспечыла беларускай мове статус дзяржаўнай. 3 гэтага часу значна пашыраецца сфера ўжывання роднай мовы. Тым больш што 15 ліпеня 1924 года прымаецца пастанова «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі». У адпаведнасці з названай пастановай на беларускую мову пераводзіцца дзяржаўнае і судовае справаводства, навучанне ў школах, тэхнікумах, вучылішчах і ВНУ. На беларускай мове друкуецца шмат газет і часопісаў, выдаюцца творы мастацкай літаратуры, ствараецца навуковая літаратура і г. д. Гэта патрабавала неадкладнай ліквідацыі разнабою ў вымаўленні і напісанні пэўных формаў, выкарыстанні лексічных сродкаў. Таму пачынаецца работа па выпрацоўцы і замацаванні стабільных правілаў арфаграфіі і граматыкі. Першыя спробы такога характару былі зроблены ў 1918 годзе, калі адразу выходзяць пяць граматык беларускай мовы. Сярод іх найбольш дасканалай і аўтарытэтнай была «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. На яе аснове ствараліся і іншыя падручнікі, але канчаткова вырашыць праблему нармалізацыі беларускай мовы не ўдалося. У 20-я гады разгортваецца шырокая дыскусія па гэтых пытаннях. У лістападзе 1926 года праходзіць Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Матэрыялы канферэнцыі апрацоўваюцца спецыяльнай камісіяй, і ў 1933 годзе выдаецца «Праект спрашчэння беларускага правапісу». На яго аснове Саўнаркамам прымаецца пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Так упершыню ў гісторыі беларускай мовы юрыдычна зама-цоўваюцца абавязковыя для ўсіх нормы беларускага правапісу і граматыкі. У 20-я гады вядзецца вельмі актыўная работа па выпрацоўцы беларускай тэрміналогіі. Навукова-тэрміналагічная камісія, якая была створана ў 1921 годзе, да 1930 года падрыхтавала і апублікавала 24 слоўнікі тэрмінаў па граматыцы, логіцы, арыфметыцы, алгебры, геаметрыі, батаніцы, геаграфіі, псіхалогіі, іншых навуковых дысцыплінах. Выхад такіх слоўнікаў, нягледзячы на некаторыя недахопы, узбагаціў родную мову. Такім чынам, намаганнямі лепшых прадстаўнікоў літаратуры, навукі і культуры беларуская літаратурная мова к 30-м гадам XX ст. дасягнула высокага ўзроўню развіцця. Але ўжо з канца 30-х гадоў па розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах сфера выкарыстання беларускай мовы паступова пачынае звужацца. Па сутнасці, складваецца становішча вымушанага двухмоўя, прычым у афцыйным ужытку фактычна замацоўваецца толькі руская мова, рэзка скарачаецца колькасць беларускамоўных школ. У прыватнасці, у 1929/30 навучальным годзе прыкладна 90 % школ былі беларускімі, а праз 10 гадоў амаль усе гарадскія школы сталі змешанымі беларуска-рускімі. Узмацненню русіфкацыі навучальных устаноў садзейнічала пастанова СНК і ЦК УКП(б) ад 13 сакавіка 1938 г. «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Тым не менш, беларуская мова, як правіла, ужываецца ў сферы адукацыі, мастацкай культуры, у галіне гуманітарнай навукі. У такіх абставінах працягваецца праца па ўпарадкаванні правапісу беларускай мовы. У1957 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Паводле гэтай пастановы ў звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыіі, арфаграфічныя слоўнікі, граматыкі, розныя даведнікі і лексіка-графічныя дапаможнікі былі ўнесены адпаведныя змены. Нягледзячы на вялікія цяжкасці, у пасляваенныя гады актывізуецца навуковае даследаванне беларускай літаратурнай і дыялектнай мовы. 3 друку выходзяць шматлікія вучэбныя дапаможнікі, розныя слоўнікі, манаграфіі, публікуюцца артыкулы па разнастайных праблемах нацыянальнага мовазнаўства. Акрамя філалагічнай навукі, захавальнікамі нацыянальнай кугьтуры, роднай мовы заставаліся мастацкая літаратура, у пэўнай ступені публіцыстыка, радыё, тэлебачанне, тэатр, кіно. Так, на старонках некаторых перыядычных выданняў, у творах шырокавядомых майстроў слова Я. Коласа, У. Дубоўкі, М.Лужаніна, П. Глебкі, К. Крапівы, М. Танка, I. Мележа, У. Караткевіча, П. Панчанкі, Я. Брыля, В. Быкава, Н. Гілевіча прадстаўлена самабытная, непаўторная, мілагучная беларуская мова. Значная цікавасць да гісторыі, культурыі мовы абуджаецца з канца 80-х - пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. 26 студзеня 1990 года Вярхоўным Саветам прымаецца закон «Аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі. Была распрацавана дзяржаўная праграма рэалізацыі гэтага закона. Першыя мерапрыемствы, якія ажыццяўляліся ў межах выканання закона, сведчылі пра тое, што, па сутнасці, пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. Руская мова побач з беларускай набыла статус дзяржаўнай і стала дамінаваць у афіцыйным ужытку. Сфера прымянення беларускай літаратурнай мовы па-ранейшаму застаецца не вельмі шырокай. 5. Прыняцце закона «Аб мовах...» (26 студзеня 1990 г.) і ўнясенне адпаведных дапаўненняў у Канстытуцыю рэспублікі чарговы раз падкрэслілі дзяржаўны статус беларускай мовы. Ідэя стварэння закона нарадзілася невыпадкова. Яна абумоўлена тым, што звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. паставіла пад пагрозу само яе існаванне. Такая сітуацыя, безумоўна, выклікала занепакоенасць грамадскасці, натуральнае імкненне да сама-сцвярджэння. Гэта своеасаблівая праява духоўнага жыцця народа, рух грамадства да нацыянальнага адраджэння. У прэамбуле закона так і сказана: «Мова - не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова - жыве народ». Для распрацоўкі закона была створана камісія, у склад якой уваходзіла 49 дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў краіны, пісьменнікі, вучоныя, работнікі іншых сфер грамадскага жыцця. Створаны праект шырока абмяркоўваўся на старонках газет і часопісаў, на радыё і тэлебачанні, у розных працоўных калектывах. Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» пачынаецца з прэамбулы і ўключае шэсць раздзелаў, у якіх змешчана трыццаць шэсць артыкулаў. У трыццаці шасці артыкулах закона прадугледжваецца максімальнае пашырэнне беларускай мовы на ўсе сферы жыццядзейнасці краіны. Артыкулы рэгулююць моўныя працэсы ў грамадска-дзяржаўным жыцці рэспублікі, вызначаюць правы грамадзян і акрэсліваюць абавязкі службовых асоб у выкарыстанні мовы. Тэрміны рэалізацыі закона «Аб мовах...» вызначаны пастановай Вярхоўнага Савета ад 26 студзеня 1990 года. У адпаведнасці з гэтай пастановай закон уводзіцца ў дзеянне з 1 верасня 1990 года, рэалізуецца на працягу 3-х - 10-ці гадоў. Згодна з пастановай урадам распрацавана «Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР». Зацверджана праграма 20 верасня 1990 года. Яна прадугледжвае правядзенне цэлага комплексу мерапрыемстваў, якія будуць садзейнічаць выкананню закона. Аднак пасля 1995 года выкананне закона спыняецца.
лекции
подробнее Вложенные файлы 1