Этапы працы з мастацкім творам
Сучасная методыка чытання выдзяляе тры этапы работы над мастацкім творам: першасны сінтэз, аналіз, другасны сінтэз. Вядучай дзейнасцю вучняў пад кіраўніцтвам настаўніка з’яўляецца аналіз твора. Ён павінен быць цэнтральным звяном урока класнага чатання. Яму папярэднічае першасны сінтэз твора, які складаецца з падрыхтоўчай работы, першаснага ўспрымання тэксту і праверкі першаснага ўспрымання (ці першаснага аналізу).
Разгледзім методыку правядзення падрыхтоўчай да ўспрымання твора працы. Яе задача – забяспечыць асэнсаванае ўспрыманне твора вучнямі шляхам увядзення іх у сэнсавае поле тэксту, азнаямлення з актуальнай лексікай тэксту. Згодна з ідэяй фарміравання ў вучняў тыпу правільнай чытацкай дзейнасці, які заключаецца ў прывучэнні думаць над творам да яго чытання, у працэсе чытання і пасля чытання, падрыхтоўчая да ўспрымання зместу твора праца павінна праводзіцца з выкарыстаннем прыёмаў і метадаў, якія актывізуюць разумовую дзейнась вучняў: эўрыстычная гутарка, праблемныя пытанні ці разыгрыванне праблемнай сітуацыі, арганізацыя пошукавай дзейнасці на пэўную тэму з дадатковых крыніц інфармацыі і інш.
Важным кірункам падрыхтоўчай да ўспрымання твора працы з’яўляецца слоўнікавая праца. Яна павінна праводзіцца ў цеснай сувязі з падрыхтоўкай да ўспрымання зместу твора. Прадметам слоўнікавай працы перад ўспрыманнем твора становяцца словы і выразы, без разумення якіх немагчыма паўнавартасна асэнсаваць галоўную думку твора. Звычайна такіх слоў і выразаў не больш за тры. Павелічэнне колькасці незразумелых слоў у слоўнікавай працы перад чытаннем твора прывядзе да таго, што іх значэнне будзе згублена вучнямі. А праведзеная праца не дасць метадычнага эфекту. Спосабы правядзення слоўнікавай працы прадыктаваны найперш неабходнасцю актыўнай пазіцыі вучня ў вызначэнні значэння слова і грунтоўнага яго засваення ва ўзаемасувязі са зместам твора.
Больш падрабязна разгледзім прыём верагоднаснага прагназавання зместу твора. Сутнасць гэтага прыёму у тым, што вучням прапануецца здагадацца, якія падзеі і з кім адбудуцца ў творы. Падставай для здагадкі могуць быць загаловак твора, ілюстрацыі да яго, знаёмства з фрагментам твора (звычайна, з пачаткам). Пасля азнаямлення з гэтымі арыенцірамі (могуць выкарыстоўвацца ўсе ці ў розных спалучэннях) вучні выказваюць свае версіі развіцця падзей твора. Безумоўна, яны могуць мець істотныя адхіленні ад сапраўднага зместу твора, але разважанні вучняў заўсёды знаходзяцца ў межах тэмы, сэнсавага поля тэксту. Пасля верагоднаснага прагназавання ў працэсе ўспрымання твора ўвага вучняў актывізуецца, каб параўнаць здагадку і сапраўдны змест, факусуецца на апісанні падзей і учынкаў персанажаў твора, асэнсаванні аўтарскай пазіцыі. Пасля прачытання ці праслухоўвання твора робіцца вывад аб правільнасці здагадкі, адрозненнях здагадкі ад зместу твора і прычынах скажэнняў. Гэта спрыяе развіццю крытычнасці мыслення вучняў, развівае рэфлексіўныя здольнасці. У працэсе верагоднаснага прагназавання актуалізуецца тэматычная лексіка, што палягчае асэнсаванае ўспрыманне твора.
Наступны этап працы – успрыманне твора вучнямі. У залежнасці ад ступені развіцця навыку чытання першаснае ўспрыманне твора можа адбывацца праз чытанне вучнямі і слуханне чытання настаўніка ці падрыхтаваных вучняў.
Аналіз мастацкага твора грунтуецца на наступных палажэннях методыкі:
Аналіз зместу твора і фарміраванне навыкаў правільнага, беглага, свядомага і выразнага чытання зліваюцца ў адзіны працэс (заданні, накіраваныя на разуменне змястоўнага боку твора, адначасова з’яўляюцца заданнямі, якія ўдасканальваюць навык чытання);
Вытлумачэнне ідэйна-тэматычнай асновы твора, яго вобразаў, сюжэтнай лініі, кампазіцыі і вобразна-выяўленчых сродкаў у максімальнай ступені служаць агульнаму развіццю вучняў як асобы, а таксама забяспечвае развіццё маўлення вучняў (узбагачэнне і актывізацыю слоўніка, развіццё звязнага маўлення);
Апора на жыццёвы вопыт вучняў з’яўляецца асновай асэнсаванага ўспрымання зместу твора і неабходнай умовай яго правільнага аналізу;
Класнае чытанне разглядаецца як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў і пашырэння іх ведаў аб навакольным асяроддзі, як дзесны сродак фарміравання асноў навуковага светаўспрымання;
Аналіз тэксту павінен абуджаць думкі, пачуцці, узбуджаць жаданне выказаць уласную думку;
Аналіз не павінен парушаць эстэтычную каштоўнасць твора, лагічны аналіз павінен спалучацца з эмацыянальна-мастацкім.
Традыцыйна падчас аналізу тэксту разглядаюцца тэма, галоўная думка, мастацкія вобразы, эмацыянальны стан, прычынна-выніковыя сувязі, прысутнасць асобы аўтара. Калі разглядаць аналіз тэксту з боку вучня як успрымаючай сістэмы, якая імкнецца зразумець аўтарскі замысел, то мэтай аналізу павінна стаць выяўленне ўласнага разумення. Яно не абавязкова будзе супадаць з аўтарскім, але не павінна выходзіць за межы сэнсавага поля тэксту.
У сувязі з неабходнасцю глыбокага асэнсавання тэкстаў на беларускай мове і з мэтай эфектыўнага фарміравання комплексу ўменняў можа прымяняцца спецыяльны аналіз тэксту і слоўнікавай працы. Пасля ўспрымання тэксту кожны вучань, які здолеў дасягнуць пэўнага ўзроўню разумення, выказвае ўласныя ўражанні наконт тэмы, галоўнай думкі, падзей, іх прычын, герояў і іх учынкаў па пытаннях: “Пра што тэкст? Якія героі спадабаліся, а якія не? Якая падзея найбольш уразіла? Чаму?” (выбар пытанняў залежыць ад сэнсавых асаблівасцей тэксту). Кожны адказ вучня суправаджаецца доказамі з тэксту. Абмеркаванне на першым этапе аналізу характарызуецца пытаннем: “Што я прачытаў?. Прадмет слоўнікавай працы, якая папярэднічала аналізу тэксту, складаюць словы, адабраныя вучнямі як незразумелыя, а таксама лексіка, якая можа выклікаць уяўнае разуменне (у тым ліку міжмоўныя амонімы). Асаблівая ўвага надаецца ўменню дыферэнцаваць незразумелыя словы па ступені значнасці.
Наступны этап працы над тэкстам характарызуецца пытаннем “Пра што расказаў аўтар?” і праводзіцца па пытаннях, скіраваных на раскрыццё аўтарскай пазіцыі: “Як аўтар прадстаўляе герояў? Як ставіцца да іх учынкаў? Якія словы на гэта ўказваюць?” У працэсе аналізу на другім этапе раскрываюцца асаблівасці тэксту ў плане стварэння вобразаў, даследуюцца вобразныя сродкі мовы твора. Вызначаецца, перачытваецца, тлумачыцца і ўзнаўлялася лінгвакраіназнаўчая інфармацыя. Выказанае разуменне тэксту параўноўваецца з яго “бачаннем” на першым этапе аналізу. Слоўнікавая праца сінкрэтычна звязана з аналізам твора і заключаецца ў вызначэнні вобразных сродкаў мовы і асэнсаванні іх ролі ў тэксце.
На заключным этапе аналізу тэксту высвятляецца, якое ўражанне стварыў тэкст, над чым прапанаваў задумацца, што прыводзіла да асэнсавання пытання “Што я зразумеў?”. Вучні выказваюць уласнае стаўленне да зместу тэксту, даюць ацэнку яго героям і іх учынкам, выказваюць прапановы наконт таго, што яшчэ хацелася б даведацца, прачытаўшы тэкст.
Такі аналіз тэксту прывучае слухача ці чытача думаць над тэкстам ужо ў працэсе яго ўспрымання. Непасрэдны ўдзел вучняў у спецыяльна арганізаваным працэсе спасціжэння сэнсу тэксту, знітаванага з вывучэннем яго моўнага афармлення, выхоўвае ўважлівасць да слова, прывучае да яго крытычнага ўспрымання і больш глыбокай кантэкстуальнай ацэнкі.
Вiды вусных пераказаў, методыка iх правядзення
Фарміраванне ўмення пераказваць тэкст – адна з галоўных задач пачатковага навучання. Пераказ тэксту з’яўляецца агульнавучэбным уменнем, асваенне якога неабходна для ажыццяўлення вучэбнай дзейнасці на розных вучэбных прадметах. Неабходна адрозніваць пераказ вучэбнага тэксту, якім вучні авалодваюць, напрыклад, на уроках “Чалавек і свет”, ад пераказу мастацкага твора, чаму вучацца на ўроках літаратурнага чытання.
Вусны пераказ твора – узнаўленне зместу асэнсаванага вучнем пасля чытання твора. Пераказ твора практыкуецца на этапе другаснага сінтэзу і паказвае ступень разумення вучнем твора. Пераказ твора мае на мэце:
- развіццё маўлення вучняў праз узнаўленне аўтарскіх маўленчых узораў;
- выяўленне ступені ўласнага асэнсавання твора вучнем;
- замацаванне ведання зместу твора для набыцця жыццёвага вопыту.
Методыка падрыхтоўкі вуснага пераказу ўключае асэнсаванае ўспрыманне твора, падрыхтоўку да пераказу, уласна пераказ твора і ацэнку пераказу.
Пасля правядзення аналізу твора, якім забяспечваецца глыбокае асэнсаванне прачытанага твора, распачынаецца падрыхтоўка да пераказу. Асаблівасці методыкі яе правядзення залежаць ад таго, будзе твор пераказвацца па плане ці па апорных словах. Падрыхтоўчая праца да пераказу твора ўключае:
1) Падзел твора на сэнсавыя часткі на падставе праведзенага аналізу і другаснага сінтэзу.
2) Чытанне твора па сэнсавых частках, вызачэнне галоўнага ў кожнай сэнсавай частцы. Пры неабходнасці складання плана твора прыдумванне загалоўка для кожнай сэнсавай часткі. Ці вызначэнне апорных слоў для пераказу па апорных словах. Пераказ твора па сэнсавых частках.
3) Пробны пераказ твора цалкам па плане ці апорных словах. Вызначэнне недахопаў і іх выпраўленне.
Падрыхтоўчая праца арганізуецца і праводзіцца настаўнікам. Аднак неабходна прадугледзець дастаткова высокі ўзровень самастойнасці вучняў пры выкананні кожнага з пунктаў падрыхтоўчай працы. Так, падзел тэксту на сэнсавыя часткі можа быць арганізаваны праз пошук вучнямі межаў кожнай сэнсавай часткі пасля паведамлення настаўнікам іх колькасці ў творы. Ці наадварот. Калі вучні прапануюць самі. На колькі сэнсавых частак можна падзяліць твор і тлумачаць, чаму прапанавана такая колькасць. У гэтым выпадку шляхам калектыўнага абмеркавання вызначаецца колькасць сэнсавых частак і іх межы. Выбар прыёму вызначэння колькасці і межаў сэнсавых частак залежыць ад складанасці кампазіцыі, памераў твора, віда пераказу, да якога рыхтуюцца вучні. Выбар прыёму прадумваецца настаўнікам загадзя.
Праца вучняў над сэнсавымі часткамі твора можа быць арганізавана франтальна, калі ўсе вучні класа працуюць з кожнай сэнсавай часткай, індывідуальна, калі кожны вучань самастойна рыхтуецца пераказваць твор, ці па групах (парах), калі падрыхтоўка пераказу твора размяркоўваецца ўнутры групы (пары). Пры выбары індывідуальнай ці групавой формы арганізацыі падрыхтоўчай да пераказу працы трэба прадугледзець дакладную інструкцыю для вучняў.
У пачатковых класах практыкуюцца віды вусных пераказаў: блізкі да тэксту, падрабязны, сціслы, выбарачны, творчы.
Блізкі да тэксту пераказ па ступені перадачы аўтарскага тэксту набліжаны да завучвання. Фактычна блізкі да тэксту пераказ перадае аўтарскі тэкст цалкам з купюрамі асобных, нязначных для асэнсавання твора слоў. Такі від пераказу практыкуецца ў тых выпадках, калі твор мае зусім невялікі аб’ём, а вучні яшчэ не валодаюць дастатковым слоўнікавым запасам, каб мець магчымасць замяніць аўтарскі тэкст сваімі словамі.
Пры падрабязным пераказе твора аўтарскі тэкст перадаецца паслядоўна, згодна з развіццём падзей твора, але магчыма замяняць аўтарскія словы і выразы ўласнымі, прапускаць нязначныя падрабязнасці зместу. Падрабязны пераказ твора найбольш распаўсюджаны, паколькі адначасова трэніруе вучня ў развіцці маўлення з аднаго боку праз выкарыстанне аўтарскіх узораў маўлення, з другога боку дае магчымасць уласнай інтэрпрэтацыі тэксту.
Сціслы пераказ патрабуе значнай перапрацоўкі тэксту. Пры ім перадаецца толькі асноўнае ў змесце твора, перадаецца яго сюжэт. Для сціслага пераказу неабходна асэнсаваць твор і перадаць яго істотныя падзеі. Такі від пераказу прадугледжвае значную падрыхтоўку вучняў, высокі ўзровень асэнсавання твора, валодання маўленнем.
Выбарачны пераказ згодна са сваёй назвай прымяняецца для частковага ўзнаўлення тэксту ў адпаведнасці з вучэбнай задачай. У працэсе падрыхтоўкі папярэдне вылучаецца частка тэксту, якую трэба пераказаць. Пераказваць частку тэксту можна блізка да тэксту ці ў выглядзе падрабязнага пераказу.
Найбольш складаны від пераказу – творчы. Яму папярэднічае значная перапрацоўка твора ў адпаведнасці з заданнем. Творчая перапрацоўка твора можа заключацца ў змене асобы, ад імя якой ідзе аповед, змене канцоўкі ці пачатку тэксту, прыдумванні працягу твора. Такі від пераказу магчымы пры дастатковым узроўні развіцця маўлення вучняў.
Лiтаратурная творчасць вучняў пры чытаннi
i аналiзе мастацкiх твораў
Адной з задач вучэбнага прадмета “літаратурнае чытане” з’яўляецца абуджэнне ў вучняў патрэбнасці ва ўласнай літаратурнай творчасці на аснове ўспрынятых літаратурных узораў. Творчы пачатак малодшага школьніка неабходна развіваць сістэматычна і мэтанакіравана практычна на кожных занятках літаратурнага чытання. Звычайна такая праца праводзіцца на этапе другаснага сінтэзу ці пасля яго, калі мастацкі твор прааналізаваны і зразумелы на дастатковым узроўні глыбіні, а аўтарскі тэкст успрыняты і асэнсаваны з пункту погляду формы. Для падрыхтоўкі вучня да ажыццяўлення творчай дзейнасці на падставе прачытанага твора неабходна ўжо на этапе чытання і аналізу твора арганізаваць назіранне за аўтарскімі прыёмамі малявання героя і падзей твора, выкарыстанымі ім прыёмамі “малявання” словамі, спосабамі разгортвання думкі ў творы.
Натхненне вучняў да літаратурнай творчасці неабходна абуджаць прыёмамі праблемнага навучання, заданні павінны насіць развіццёвы, займальны характар. Напрыклад, пастаў сябе на месца галоўнага героя, раскажы, як ты павёў бы сябе ў гэтай сітуацыі; прачытайце дыялог дзейных асоб і прыдумайце яго працяг, “збярыце” з твора ўсе аўтарскія звесткі пра галоўнага героя і раскажыце пра яго ад свайго імя.
Найбольш распаўсюджаным прыёмам развіцця літаратурнай творчасці вучняў з’яўляецца дамыслiванне лёсу герояў ці магчымага далейшага развiцця падзей твора. Узроставыя псіхалагічныя асаблівасці ўспрымання малодшымі школьнікамі мастацкай літаратуры, звязаныя з рэалістычнасцю ўспрымання падзей мастацкага твора, стымулююць праяўленне зацікаўленасці вучняў далейшым магчымым разгортваннем падзей і лёсаў дзейных асоб. на этапе другаснага сінтэзу вучні пасля прадумвання могуць адчуць сябе аўтарамі і скласці працяг твора Па прапанове настаўніка “як вы думаеце, што адбылося далей” ці “раскажыце, кім мог стаць персанаж, калі вырас?”, “ як далей жыў персанаж”. Для займальнасці і актывізацыі творчай дзейнасці вучняў прыёмы працягу падзей ці дамыслівання лёсу герояў твора можна ўводзіць прапановай стаць рэжысёрам фільма па гэтым творы, славутым мастаком, які працуе над карцінай па матывах твора і г.д.
Вельмі цікавым для вучняў прыёмам літаратурнай творчасці з’яўляецца драматызацыя і інсцэніраванне. Элементы такой дзейнасці назіраюцца пры выразным чытанні па ролях, калі метадычна правільная падрыхтоўка да выразнага чытання забяспечвае перадачу вучнямі інтанацый гаворкі дзейных асоб, эмацыянальнага настрою размовы, адлюстраванага ў дыялогу падтэксту.
Для інсцэніравання і драматызацыі выбіраюцца звычайна эмацыянальна насычаныя дыялогі ці палілогі з прачытанага твора. У адрозненне ад чытання па ролях падчас інсцэніравання апускаюцца словы аўтара. Звычайна ў інсцэніраванні імкнуцца прыняць удзел усе вучні, таму метадычна мэтазгодна арганізаваць падрыхтоўку ў парах ці групах. Падрыхтоўка да інсцэніравання і драматызацыі ўключае выразнае чытанне дыялогу пасля аналізу характараў дзейных асоб, якія ўдзельнічаюць у размове. Настаўнік з вучнямі абмяркоўваюць, з якой інтанацыяй трэба вымаўляць словы, як можна перадаць пэўныя эмоцыі дзейнай асобы, якія дзеянні падчас размовы робяць персанажы, як з дапамогай позы ці манеры гаварыць перадаць іх эмацыянальны стан. Потым размяркоўваюцца ролі. Кожны вучань самастойна рыхтуе рэплікі свайго персанажа. Можна не патрабаваць завучвання іх на памяць, а падрыхтаваць падказку на дошцы, праз выбранага з вучняў суфлёра ці з дапамогай тэксту на экране мабільнага тэлефона (для гэтага можна скарыстацца электроннай версіяй падручніка, ці фотаздымкам тэксту). У малодшых школьнікаў для інсцэніравання мэтазгодна выкарыстоўваць пэўную атрыбутыку, напрыклад, маскі жывёл, акуляры для дарослага персанажа, капелюшы для размовы грыбоў і інш.
Пасля падрыхтоўкі вучні разыгрываюць дыялог у малых групах (парах) напаўголаса. Потым паказваюць інсцэніроўку перад класам. Вучні-гледачы пасля прагляду інсцэніроўкі абавязкова ацэньваюць выступленне шляхам выказвання сваіх уражанняў, пажаданняў акцёрам, прапаноў. Варта пазбягаць ацэньвання ўдзельнікаў інсцэніроўкі шляхам выстаўлення адзнакі, таму што здольнасць да літаратурнай творчасці толькі развіваецца і як любая іншая творчая дзейнасць у кожнага вучня можа мець розную ступень асобаснай схільнасці да яе. Падводзячы вынікі абмеркавання інсцэніроўкі, настаўнік абавязкова заканчвае размову канстатацыяй станоўчага ў выкананні “артыстаў”, выказвае заахвочванне да далейшай творчай дзейнасці.
Разгледжаныя вышэй прыёмы актывізацыі літаратурнай творчай дзейнасці вучняў цалкам базуюцца на выкарыстанні тэксту прачытанага твора і таму могуць паспяхова прапаноўвацца вучням, якія слаба валодаюць маўленнем. Але па меры фарміравання слоўнікавага запасу вучняў, авалодвання імі ўменнямі гаварэння на занятках літаратурнага чытання могуць быць выкарыстаны больш працаёмкія прыёмы літаратурнай творчай дзейнасці: складанне дыялогаў, невялiкiх казак, загадак па матывах прачытанага.
Мастацкі твор, які прачыталі і асэнсавалі вучні, становіцца крыніцай натхнення і падставай для складання іншых твораў. Як правіла, яны грунтуюцца на вызначанай тэме ці галоўнай думцы твора. Вучні атрымліваюць заданне скласці дыялог на тэму, якой прысвечаны твор. Па прапанове вучняў і настаўніка калектыўна вызначаецца, хто будзе персанажамі дыялога, у чым сутнасць размовы персанажаў. Вызначэнне зместу дыялога і складанне яго па рэпліках становіцца ўласнай творчасцю вучняў, якую яны потым дэманструюць класу. У сваю чаргу вучні класа ацэньваюць пачуты дыялог па крытэрыях змястоўнасці, правільнасці маўлення, эмацыянальнасці.
Высокая ступень разумення твора вучнямі можа стымуляваць жаданне скласці па матывах твора загадку. Яна можа датычыцца падзей твора ці яго персанажаў. Напрыклад, адгадайце, што мог прыдумаць гэты персанаж для таго, каб …, ці які персанаж зрабіў …, каб вызваліць … Прапанаваць скласці такую загадку можна індывідуальна ці ўсім вучням класа, але трэба абавязкова ўлічваць ступень развіцця маўлення вучняў. У працэсе падрыхтоўчай працы можна прапанаваць знайсці патрэбны эпізод ці неабходныя словы з твора, якія дапамогуць выканаць заданне. Працэс загадвання і адгадвання такіх літаратурных загадак абавязкова кантралюецца і стымулюецца настаўнікам, які дапамагае слоўна аформіць выказванне, забяспечыць правільнасць маўлення. Прыём складання загадкі па матывах прачытанага твора можна паспяхова выкарыстоўваць на этапе праверкі дамашняга задання, на абагульняльных уроках.
Найбольш складаны прыём літаратурнай творчасці вучняў – складанне апавядання ці казкі па аналогii з прачытанымі. Прымяненне гэтага прёму будзе паспяховым пры дастатковым развіцці маўлення вучняў, ці наяўнасці апор для складання твора. Таму падрыхтоўчая праца перад складаннем твора па аналогіі базуецца на ўзнаўленні зместу твора-узора, паўтарэнні яго сюжэтнай лініі, станоўчых і адмоўных персанажаў. Пад кіраўніцтвам настаўніка калектыўна вызначаюцца новыя персанажы, прадумваюцца абставіны развіцця сюжэта, які вядомы вучням з твора-узора. У пачатковых класах мэтазгодна складаць твор па аналогіі шляхам франтальнай арганізацыі работы. Вучні класа паступова выказваюцца пра развіццё сюжэта, настаўнік акумулюе і кантралюе працэс стварэння і якасць маўлення. Прыём складання твора па аналогіі патрабуе значнага вучэбнага часу. Таму варта прымяняць яго на ўроках абагульнення.
Асноўныя тыпы ўрокаў лiтаратурнага чытання,іх структурныя кампаненты
Арганізацыя ўрока літаратуранага чытання падпарадкавана мэтам і задачам перыяду навучання, ступені навучанасці вучняў класа, у значнай ступені залежыць ад асаблівасцяў твора, які вывучаецца на ўроку. Незалежна ад тыпу ўрока тэкст твора з’яўляецца вучэбным матэрыялам на падставе якога вырашаюцца вучэбныя задачы.
Разам з тым універсальным зместам любога ўрока літаратурнага чытання з’яўляецца:
- мэтанакіраваная праца па фарміраванні і ўдасканаленні навыку чытання;
- асваенне дзейнасці чытання, фарміраванне чытацкай самастойнасці, літаратуразнаўчая прапедэўтыка;
- выпрацоўка чытацкіх уменняў, развіццё вобразнага і лагічнага, узнаўляючага і творчага мыслення вучняў;
- фарміраванне гуманістычнага светапогляду, маральнае і эстэтычнае выхаванне асобы;
- развіццё маўлення, фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў.
А абагуленым выглядзе формулу якаснага, дасканалага ўрока літаратурнага чытання можна прадставіць наступным чынам:
Дасканалы ўрок літаратурнага чытання = фарміраванне навыку чытання вучняў + фарміраванне чытацкіх уменняў вучняў + выхаванне лепшых якасцей асобы вучняў сродкамі мастацкага твора.
У залежнасці ад вучэбнай задачы, якая павінна быць вырашана на ўроку, адрозніваюць наступныя тыпы ўрокаў літаратурнага чытання:
- урок чытання і аналізу мастацкага твора,
- урок слыхавога ўспрымання твора (часцей праводзіцца ў 2 класе),
- урок літаратуразнаўчай прапедэўтыкі,
- урок пазакласнага чытання,
- урок літаратурнай творчасці.
- абагульняльны урок
Найбольш распаўсюджаным тыпам з’яўляецца ўрок чытання і аналізу мастацкага твора. Спынімся падрабязней на яго структуры, якая складаецца з наступных этапаў:
І.Першасны сітэз
1. Падрыхтоўка да ўспрымання твора.
2.Слоўнікавая работа
3.Прагназаванне зместу твора (па загалоўку; па загалоўку і ілюстрацы; па загалоўку, ілюстрацыі і пачатку твора).
4. Першаснае ўспрыманне твора.
5. Праверка першаснага ўспрымання твора.
ІІ.Паўторнае чытанне і аналіз твора
1. Чытанне і аналіз твора вучнямі.
2. Перачытванне твора з новымі вучэбнымі задачамі (праца над навыкам чытання (удасканаленне бегласці, свядомасці, правільнасці, выразнасці чытання); падрыхтоўка да пераказу твора; падрыхтоўка да чытання па ролях; падрыхтоўка да завучвання верша напамяць і інш.
ІІІ Другасны сінтэз.
1.Літаратурна-творчая дзейнасць на падставе прачытанага твора (пераказ; чытанне па ролях; завучванне верша напамяць; складанне працягу твора і інш.).
2. Абагульненне і вывады (вызначэнне галоўнай думкі казкі,
апавядання; паўтарэнне мастацка-вобразных асаблівасцей верша).
3.Выказванне ўласных адносінаў вучня да прачытанага; вызначэнне сувязі вывучаемага мастацкага твора з жыццём.
У тым выпадку, калі для вывучэння прапануецца вялікі па аб’ёме твор, можна падзяліць яго на часткі і працаваць з кожнай часткай на асобным уроку па паказанай вышэй схеме. Гэта можна зрабіць у тым выпадку, калі часткі твора дастаткова самастойныя і маюць лагічную адносную завершанасць у сюжэце.
Калі аб’ёмны твор трэба прачытаць цалкам, каб не парушыць уражанне ад яго ўспрымання, то структурныя кампаненты размяркоўваюцца наступным чынам. На адным уроку арганізуецца падрыхтоўка і чытанне твора, праверка першаснага ўспрымання. На наступным уроку праводзіцца аналіз фактычнага зместу твора па лагічна закончаных частках, асэнсаванне яго галоўнай думкі, арміраванне ўласнага меркавання вучня пра падзеі твора, абагульненне і вывады, правядзенне творчай працы па прачытаным творы.
Урок слыхавога ўспрымання твора вызначаецца тым, што вучні ўспрымаюць твор толькі на слых. Дзейнасць настаўніка скіравана на фарміраванне ў вучняў уменняў аўдзіравання. Структурнымі кампанентамі ўрока слыхавога ўспрымання твора з’яўляюцца:
- Падрыхтоўка да слыхавога ўспрымання;
- Мэтавая ўстаноўка перад слуханнем;
- Успрыманне твора на слых (слуханне чытання настаўніка) і актуалізацыя ў час успрымання,
- Гутарка па праслуханым з мэтай выяўлення ўзроўню разумення вучнямі твора;
- Выказванні вучняў па пачутым з уласнымі ацэнкамі.
- Вывады і абагульненні па пачутым творы.
Урок літаратуразнаўчай прапедэўтыкі акцэнтуе ўвагу вучняў на літаратуразнаўчых звестках, якія можна атрымаць на падставе прачытанага твора. Напрыклад, увага вучняў звртаецца на віды і асабліваць казак, наяўнасць у байцы маралі і алегорыі. У час працы з вершамі вучні знаходзяць мастацка-вобразныя словы і выразы (параўнанні, эпітэты, метафары, аднак у пачатковай школе назвы гэтых тэрмінаў вучням не паведамляюцца). У працэсе працы з суцэльным мастацкім творам вучні больш увагі звяртаюць на яго форму (вызначаюць, колькі зместавых частак ёсць у творы, спрабуюць вызначыць самы напружаны момант казкі – кульмінацыю; адчуць у змесце твора завязку, асноўны змест, кульмінацыю, развязку твора і інш.). На такім уроку вучні асвойваюць прыёмы работы для пранікнення ў глыб мастацкага твора праз яго структуру, вучацца быць у пазіцыі аўтара, атрымліваюць літаратуразнаўчыя звесткі, назіраюць у творы прыметы паняццяў, з якімі пазнаёміліся.
Да гэтага тыпу ўрокаў падобны і абагульняючы ўрок, які праводзіцца напрыканцы вывучэння тэматычнага раздзела. Асноўная задача абагульняючага ўрока – падвесці вынік па прачытаных творах, абагуліць атрыманыя чытацкія ўражанні ад прачытаных твораў, пашырыць чытацкі светапогляд вучняў, замацаваць набытыя чытацкія ўменні.
З усіх тыпаў урокаў літаратурнага чытання ўрок літаратурнай творчасці мае самую адвольную структуру. Аднак свайго навучальнага эфекту ён дасягне толькі ў тым выпадку, калі будзе правільна арганізаваны. Яго арганізацыя залежыць ад канкрэтнай вучэбнай задачы, аднак мае і інварыянтныя кампаненты: пастаноўка творчай задачы і абмеркаванне спосабаў яе вырашэння, арганізаваная творчая дзейнасць вучняў по вырашэнні гэтай задачы, дэманстрацыя і абмеркаванне вынікаў. У пачатковай школе ўрокі літаратурнай творчасці звычайна не займаюць увесь час урока, а ўключаюцца ў структуру ўрокаў вывучэння мастацкага твора ці абагульняльнага ўрока. На ўроках літаратурнай творчасці ўся дзейнасць вучняў нягледзячы на яе індывідуалізаваны творчы характар, павінна быць скіравана на паглыбленае асэнсаванне твораў, усведамленне творчага пачатку дзейнасці аўтара літаратурнага твора, умоўнасці і абагуленасці літаратурных вобразаў. На такіх уроках практыкуюцца конкурсы, віктарыны, выставы, інсцэніроўкі.
Прывядзем некалькі прыкладаў творчых відаў працы на ўроках літаратурнага чытання:
1.Літаратурнае чытанне. 2 клас. Этап другаснага сінтэзу на ўроку вывучэння апавядання Р.Ігнаценкі “Чырвоныя гронкі рабіны”:
- Яшчэ раз прачытайце апошнюю частку апавядання. Складзіце працяг твора: раскажыце, ці пасадзілі вучні маладыя рабінкі, хто дапамагаў ім? Што адбылося праз некалькі гадоў?
2.Літаратурнае чытанне. 2 клас. Этап другаснага сінтэзу на ўроку вывучэння апавядання В.Хомчанкі “Галка”:
- Сярод літар знайдзіце назвы птушак і назву прадмета, які вельмі патрэбны птушкам зімой.
КСНВАРОНА
АСАРОКА
РМСІНІЦА
МВЕРАБЕЙ
УЧКВДЗЯЦЕЛ
ШВСНЯГІР
УАМЯЛУШКА
АРЛСОЙКА
Складзіце невялікае апавяданне, каго з гэтых птушак вы запрасілі б на кармушку? Чым бы пачаставалі іх?
3.Літаратурнае чытанне.2 клас. Этап другаснага сінтэзу на ўроку вывучэння апавядання В.Гарбука “Кветкі”:
- Разгледзьце фотаздымкі вясновых кветак. Пафантазіруйце, пра што вы пагаварылі б пры сустрэчы з першай кветкай, першым лісцікам на дрэве, першай зялёнай травінкай. Прыдумайце размову і раскажыце ў парах. Пачніце так:
– Дзень добры ….! Як цябе завуць?
– …..
– Як ты адчуваеш сябе пад першым вясновым сонейкам? ….
Адметныя змест і структуру мае ўрок пазакласнага чытання, які будзе падрабязна разгледжаны ў раздзеле “Пазакласнае чытанне”.
Урок любога тыпу павінен быць добра падрыхтаваны. Пры адборы і структураванні матэрыялу ўрока неабходна ўлічваць узровень сфарміраванасці навыку чытання і чытацкіх уменняў вучняў; сувязь урокаў у тэме, раздзеле; папярэдні чытацкі і жыццёвы вопыт вучняў па гэтай тэме.
У адпаведнасці з агульнапедагагічным прынцыпам індывідуалізацыі навучання трэба прадумаць і падрыхтаваць вучэбны матэрыя для вучняў з розным узроўнем сфарміраванасці навыку чытання, дыферэнцыраваць заданні ў залежнасці ад узроўню развіцця маўлення вучняў.
Перад распрацоўкай метадычнай сістэмы працы з мастацкім творам настаўнік павінен сам зрабіць літаратуразнаўчы аналіз твора: жанр, тэма, сюжэт, кампазіцыйная завершанасць, станоўчыя і адмоўныя вобразы. У выніку такога аналізу неабходна вызначыць ідэю твора, яго падтэкст і выхаваўчы патэнцыял. Дапамогу пры распрацоўцы пытанняў і заданняў да тэксту дае метадычны апарат падручніка. Аднак трэба ўлічваць, што пытанні і заданні ў ім не могуць ахапіць усе аспекты аналізу твора.
Абагульняльныя ўрокi, iх структура, змест i значэнне ў агульнай сiстэме ўрокаў па тэме цi раздзеле
Абагульняльныя ўрокі праводзяцца напрыканцы вывучэння тэматычнага раздзела. Іх метадычнай асаблівасцю з’яўляецца неабходнасць абагульніць атрыманыя звесткі, паўтарыць вывучаныя творы і практыкаваць вучняў у адпрацоўцы набытых ведаў, уменняў, навыкаў і спосабаў дзейнасці. У цэнтры ўвагі не асобны твор, а цэлая серыя ўжо знаёмых вучням твораў, аб’яднаных агульнай тэмай. На адным уроку неабходна арганізаваць працу так, каб вучні маглі ўзнавіць назвы і аўтараў твораў, тыя ідэі, якія ў іх закладзены, мастацкія асаблівасці твораў. Акрамя таго, змест абагульняльных урокаў складае дзейнасная частка, калі вучні могуць прадэманстраваць дасягнуты ўзровень уменняў і навыкаў працы з тэкстам.
Структура ўрока абагульнення вывучанага ў значнай ступені залежыць ад абранай настаўнікам формы арганізацыі. Адзначым і ахарактарызуем абавязковыя кампаненты структуры абагульняльнага ўрока.
Падрыхтоўка да абагульняльнага ўрока адбываецца на працягу ўсяго перыяду вывучэння раздзела. Настаўнік фіксуе найбольш праблемныя для асэнсавання вучнямі творы, віды работы, якія патрабуюць дадатковай адпрацоўкі, найбольш значныя звесткі, якія трэба паўтарыць. Уся гэта інфармацыя становіцца асновай для адбору зместу абагульняльнага ўрока, выбару метадаў і прыёмаў работы на ім.
Абагульняльныя ўрокі маюць патэнцыял для прымянення нестандартных метадаў і форм арганізацыі. Гэта могуць быць урокі-падарожжы, урокі-віктарыны і інш.
Асаблівасці працы з мастацкім творам на ўроках літаратурнага чытання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі
з рускай мовай навучання
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання вучні знаходзяцца ў маўленчым асяроддзі рускай мовы, а беларускай мовай карыстаюцца толькі на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання. Таму асэнсаванае успрыманне імі мастацкіх твораў на беларускай мове мае пэўныя асаблівасці, якія трэба ўлічыць у методыцы.
Лексіка-семантычная блізкасць роднасных моў, беларускай і рускай, забяспечвае агульнае разуменне маўлення нават без папярэдняй падрыхтоўкі. Гэтае палажэнне, пацверджанае шматгадовымі эмпірычнымі назіраннямі, дазваляе пачаць навучанне мове з рэцэптыўных відаў маўленчай дзейнасці, дакладней з аўдзіравання, Калі для чытання па-беларуску неабходна валодаць дадатковымі навыкамі, сфарміраванымі на дастатковым узроўні, то ўспрыманне беларускай мовы на слых рускамоўнымі вучнямі можа быць больш паспяховым. У сувязі з гэтым знаёмства з творам лепш арганізаваць праз успрыманне ўзорнага чытання настаўніка.
Чытанне твора на беларускай мове ўскладнена дадатковымі намаганнямі апазнаваць і асэнсоўваць лексічныя адзінкі пры абмежаванасці слоўнікавага запасу. Зразумела, што у гэтым выпадку чытанне вучняў на беларускай мове будзе больш запаволеным, чым на рускай мове. Не пажадана прыспешваць чытанне вучняў. Усе выпадкі непаразумення трэба ліквідаваць у ходзе ўспрымання твора. Каб не парушалася суцэльнасць успрымання мастацкага твора, трэба прадугледзець такі змест падрыхтоўчай працы, каб чытанне не перапынялася тлумачэннямі часта.
Пры наяўнасці перашкод у разуменні тэксту вучань імкнецца да іх пераадолення сродкамі асацыяцый і аналогій з дапамогай рэсурсаў рускай мовы. Таму пры чытанні па-беларуску магчыма памылковая ідэнтыфікацыя асобных семантычных адзінак і, нарэшце, скажэнне сэнсу ўспрынятага. Гэтым тлумачацца верагодныя цяжкасці асэнсавання пры чытанні на беларускай мове рускамоўнымі школьнікамі. Для іх пераадолення вучнямі павінны быць засвоены і выкарыстоўвацца пры чытанні спецыяльныя спосабы дзейнасці.
Верагоднасць міжмоўнай ідэнтыфікацыі лексікі неабходна ўлічыць пры правядзенні слоўнікавай працы. Для яе павінны быць адабраныя важныя для разумення зместу твора словы, якія па сугучнасці могуць быць няправільна зразумелымі вучнямі. Напрыклад: слова “коўдра” вучні могуць зразумець як рускае “кофта”, “гарышча” ідэнтыфікуюць як “костёр”. У працэсе правядзення слоўнікавай працы настаўнік вызначае меркаванні дзяцей пра такія словы і, калі ёсць памылковае разуменне, выпраўляе яго.
Творы мастацтва разглядаюцца з пункту погляду адлюстравання ў іх культуры, нацыянальных асаблівасцей, вопыту людзей. У працэсе навучання тэксты любога тыпу выступаюць узорамі моўнай і маўленчай нормы, але каб яна была засвоена, патрабуецца мэтанакіраваная праца па назіранні за іх зместам і моўным афармленнем, іх глыбокае асэнсаванне. Найбольш прыдатнымі для назірання прыкладаў трапнага словаўжывання з’яўляюцца мастацкія тэксты, у якіх адзначаюцца яшчэ і спецыфічныя – уласцівыя толькі гэтаму тыпу тэкстаў – асаблівасці. Тэкст з’яўляецца крыніцай пазнання нацыянальных, этнічных асаблівасцей народа, яго светаўспрымання і ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем і іншымі людзьмі. Навучальнае значэнне мастацкага тэксту ў плане пазнання лінгвакраіназнаўчай інфармацыі ўзмацняецца. Для правільнага разумення лінгвакраіназнаўчай інфармацыі павінна праводзіцца праца па яе вылучэнні і тлумачэнні падчас падрыхтоўкі да ўспрымання твора ці падчас яго аналізу.

RSS





















