Новости События Общее

Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў

МЕТОДЫКА КЛАСНАГА І ПАЗАКЛАСНАГА ЧЫТАННЯ

Сістэма класнага чытання ў сучаснай школе

Антонава Н.В., Буторына І.А.

 

Адукацыйнае, развiццёвае i выхаваўчае значэнне лiтаратурнага чытання

У сістэме навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вучэбны прадмет “Літаратурнае чытанне” мае асаблівае культурна-асветніцкае значэнне. Ён закліканы фарміраваць гуманітарна адукаваную асобу, здольную да захавання і развіцця традыцый культурнага грамадства, перадачы культурна-гістарычнага вопыту беларускага народа паміж пакаленнямі. У працэсе навучання літаратурнаму чытанню навучэнцы спасцігаюць літаратуру як мастацтва слова, элемент нацыянальнай культуры.

У змесце вучэбнага прадмета знаходзіць адлюстраванне нацыянальная ментальнасць беларускага народа, спасціжэнне якой немагчыма сродкамі іншых вучэбных прадметаў. Літаратурныя творы, на аснове якіх рэалізуюцца навучальныя задачы беларускага літаратурнага чытання, з’яўляюцца ўзорамі чалавечых пачуццяў, крыніцай пазнання дабра і зла, нацыянальнай годнасці і высокай маральнай вартасці чалавека.

Чытанне ў пачатковай школе выступае сродкам фарміравання элементаў інфармацыйнай культуры вучняў. Ва ўмовах сучаснай сацыяльна-культурнай сітуацыі, насычанай інфармацынымі плынямі рознай якасці, вучні малодшага школьнага ўзросту павінны не толькі ўмець знаходзіць патрэбную інфармацыю, але і ацэньваць яе пазнавальную і эстэтычную вартасць, здольнасць задаволіць кагнітыўныя чаканні.

У працэсе вывучэння вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне” адбываецца шматвектарнае развіццё вучня. На прыкладзе твораў мастацтва слова і спадарожна іншых твораў мастацтва ў вучняў абуджаюцца эстэтычныя пачуцці, фарміруецца здольнасць эстэтычнага перажывання таго, што адбываецца, эмацыянальна насычанага ўспрымання акаляючага асяроддзя і прыроды, выклікаецца матывацыя да ўласнай творчасці.

Важныя станоўчыя зрухі адбываюцца ў сферы развіцця псіхічных функцый вучняў малодшага школьнага ўзросту. Ва ўмовах правільна арганізаванага працэсу навучання актыўна фарміруецца ўзнаўляючае ўяўленне, прагнастычная разумовая дзейнасць, здольнасць да рэфлексіі, самааналізу і самаацэнкі. Праца з мастацкім творам стымулюе развіццё аналітычных, сінтэтычных працэсаў, кагнітыўную функцыю мыслення. Сродкамі вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне” актыўна развіваюцца маўленча-камунікатыўныя здольнасці вучняў.

Навучанне чытанню ў пачатковай школе закладвае асновы функцыянальнай граматнасці, мае выключнае значэнне для паспяховасці далейшага навучання. На ўроках літаратурнага чытання адбываецца авалоданне чытаннем як агульнавучэбным уменнем, неабходным для паўнавартаснага навучання іншым прадметам, якія выкладаюцца на беларускай мове. Паступова чытанне фарміруецца як від маўленчай дзейнасці, калі вучні набываюць здольнасць ажыццяўляць дзейнасць чытання з пэўнай жыццёва абгрунтаванай мэтай ці ў межах іншай дзейнасці, атрымліваць неабходную, асобасна важную інфармацыю з тэкставых крыніц. І, нарэшце, вучні практыкуюцца ў чытанні, якое выступае элементам літаратурнага аналізу, неабходнага для паўнавартаснага ўспрымання літаратурнага твора.

Прынцып антрапалізацыі адукацыі прадугледжвае развіццё здольнасцей, закладзеных прыродай, прызнанне фенаменальнасці, непаўторнай індывідуальнасці дзіцяці. Кіраванне гэтым прынцыпам вымушае пры распрацоўцы зместу і методыкі арыентавацца на варыятыўнасць індывідуальна-асобасных праяўленняў пры ўспрыманні і асэнсаванні мастацкіх твораў, іх эстэтычнага ўздзеяння на чытача, звязаных з узроставымі і сацыяльна-псіхалагічнымі ўмовамі навучання. Рэалізацыя гэтага прынцыпу магчымая праз пастаноўку мэты навучання, у якой будзе адлюстравана дасягненне пэўнага ўзроўню асваення вучнем прапанаванай дзейнасці і змен у сацыяльна асобасным развіцці вучня (у нашым выпадку крытычнасці ўспрымання, індывідуалізаванасці аналізу і ацэнкі, пазнавальнай актыўнасці, стымулюемай прачытаным творам). Рэалізацыя прынцыпу праз адпаведны змест, формы, метады навучання (вядучымі будуць метады праблемнага навучання, а прыярытэтнымі формамі – дыялог, дыскусія, палілог).

Разуменне прынцыпу развіццёвага навучання заключаецца ў тэхналогіі развіццёвай культура- і прыродаадпаведнай дзейнасці, якая забяспечвае асобаснае сталенне вучня. Развіццёвае ўздзеянне пры фарміраванні едаў, уменняў і навыкаў працы з мастацкім творам можа быць рэалізавана ў спецыфічных падыходах да арганізацыі працы, адпаведнасць навучання структуры самой дзейнасці ў адзінстве матывацыйна-мэтавага, выканаўчага і кантрольнага яе этапаў. Яшчэ адным сродкам надання навучанню развіццёвага характару з’яўляецца прымяненне метадаў і прыёмаў, якія забяспечаць дзейнасць вучня ў пазіцыі яе зацікаўленага суб’екта.

Асаблівае значэнне ў працэсе навучання літаратурнаму чытанню набывае прынцып педагагічнай кангеніяльнасці і свабоды ў працэсе навучання. У аснове дзейнасці чытання мастацкага твора ляжыць праблема разумення, а, значыць, і праблема індывідуалізаванага асэнсавання і самавыяўлення. У методыцы тлумачальнага чытання разуменне тэксту ў працэсе навучання меркавалася як адзінае і правільнае ў выніку аналізу і разумення, прапануемага настаўнікам. Пры асобасна арыентаваным падыходзе ў працэсе асэнсавання тэксту павінна выяўляцца пазіцыя вучня, яго асобаснае разуменне, самавыяўленне ў працэсе ацэнкі зместу твора.

Рэалізацыя выхаваўчага аспекту навучання на занятках літаратурнага чытання адбываецца праз выхаваўчы патэнцыял тэксту і выхаваўчы эфект арганізацыі навучання. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню такіх якасцей асобы, як чалавечнасць, гуманнасць, душэўная чуласць, імкненне выслухаць і зразумець іншага, крытычна паставіцца да чужой думкі з захаваннем маўленчай этыкі, абгрунтавана даказаць уласную пазіцыю. Пры знаёмстве з творамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў адбываецца фарміраванне эстэтычнага густу і маральна-этычнае развіццё вучняў, асваенне нацыянальнай культурнай спадчыны.

Ажыццяўленне дзейнасці чытання ў сваім працэсуальным аспекце таксама выконвае пэўную выхаваўчую ролю. Вылучэнне этыкетных нормаў паводзін чытача (і слухача) засвойваецца вучнямі, калі настаўнік прытрымліваецца спецыяльных метадычных прыёмаў па іх фарміраванні і выкарыстанні ў тым ліку і па-за навучальным працэсам. Пры аналізе зместу твора, які суправаджаецца сутыкненнем меркаванняў, даецца магчымасць засваення этычных паводзін суразмоўцаў у дыскусіі.

Кніга ва ўсе часы займае асаблівае месца ў жыцці людзей, а інтарэс да чытання з’яўляецца паказчыкам культуры чалавека. У сучасным сацыяльным асяроддзі актуальнай становіцца праблема выхавання ў навучэнцаў каштоўнасці кнігі як крыніцы самаўдасканалення і развіцця асобы, чытання для задавальнення пазнавальных и эстэтычных запатрабаванняў чалавека. Літаратурнае чытанне мае дастатковы патэнцыял для далучэння вучняў да чытання кніг, прывучэння да матываванага, зацікаўленага, самастойнага чытання як неабходнага элемента сацыяльнакультурнай жыццядзейнасці чалавека.

Разгледжаныя аспекты рэалізацыі выхаваўчага ўздзеяння пры навучанні літаратурнаму чытанню аб’яднаны галоўным выхаваўчым накірункам усяго працэсу навучання, які рэалізуецца ў дзвюх праекцыях: выхаванне культуры маўлення, суразмоўніцтва і ўплыў на фарміраванне, развіццё асобасных якасцей чалавека, станаўленне яго светапогляду, кіраванне дзейнасцю пасродкам мовы (М.Г.Яленскі [14]).

 

Фарміраванне базавых кампанентаў  культуры малодшых школьнікаў у працэсе іх літаратурнай адукацыі

Вучэбны прадмет “Літаратурнае чытанне” спрыяе фарміраванню шэрагу відаў культуры: маральнай, эстэтычнай, інфармацыйнай, этнічнай, псіхалагічнай, камунікатыўнай, маўленчай.

Менавіта на ўроках беларускага літаратурнага чытання ў вучняў закладваюцца асновы культурнай асобы, якая ўсведамляе і адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, свае месца ў полікультурным грамадстве. Вывучэнне прадмета “Літаратурнае чытанне” ва ўстановах адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання мае надпрадметнае, агульнакультурнае значэнне і скіравана на фарміраванне маральна-духоўных якасцяў асобы вучня як грамадзяніна сваёй Радзімы.

Чытанне і асэнсаванне мастацкіх твораў, у якіх жыццё паўстае ва ўсёй сваёй шматграннасці, уплывае на фарміраванне светаўспрымання вучняў. На прыкладзе дзейных асоб твораў вучні спасцігаюць сябе, вызначаюць свае месца ў ім, супастаўляюць знешняе і ўнутранае ў сваёй асобе. Сутыкненне рэальнага і фантастычнага ў творах пераконвае вучняў у неабходнасці крытычнага і прагматычнага асэнсавання існуючага рэальнага свету і іррэальнага, народжанага чалавечай фантазіяй, творчасцю.На уроках літаратурнага чытання закладваюцца асновы фарміравання светаўспымання малодшых школьнікаў.

Спецыфічнай асаблівасцю гэтага прадмета з’яўляюцца найвялікшыя ў параўнанні з іншымі прадметамі вучэбнага плана патэнцыяльныя магчымасці для спасціжэння вучнямі духоўна-маральнай культуры. Маральнасць асобы выначаецца сукупнасцю асвоеных маральных прынцыпаў. Працэс фарміравання маральнай культуры асобы прадугледжвае асваенне маральных каштоўнасцей, фарміраванне маральных якасцей і вызначэнне маральнай пазіцыі вучняў.

Дзеці малодшага школьнага ўзросту засвойваюць маральны ідэал ў выглядзе станоўчага прыкладу, перайманне ўзору паводзінаў. Маральная свядомасць у гэты час носіць прадметны характар і вызначаецца канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй. Адным са сродкаў фарміравання маральнай культуры малодшага школьніка і пэўным паказчыкам яе сфарміраванасці з’яўляецца ўнутраны кантроль. Характэрнымі рысамі маральнай культуры вучняў гэтага ўзросту з’яўляецца пачуццёвасць, якая ўзнікае з уяўленняў, залежыць не ад саміх уяўленняў, а ад адносінаў да іх канкрэтнага чалавека. Умовай развіцця маральнай культуры ў малодшым школьным узросце з’яўляецца дзейнасць.

Мастацкая літаратура здольна аказваць маральна-эстэтычнае ўздзеянне на чытача ўсімі сваімі кампанентамі. Найважнейшае значэнне ў гэтым плане, мае вобраз станоўчага героя. Учынкі герояў, іх думкі, пачуцці і дзеянні ў мастацкім творы маюць высокую маральную вартасць. Менавіта станоўчыя героі літаратуры эмацыянальна ўплываюць на школьнікаў, абуджаюць у іх лепшыя якасці, навучаюць жыццю. Нельга не прызнаць дзейснага ўплыву на фарміраванне маральных якасцяў і адмоўных герояў твора, паколькі яны нясуць у сабе яскравы прыклад людскіх заган. Стрыжнем маральна-эстэтычнай вартасці твора мастацкай літаратуры і адпаведнага ўздзеяння яго на чытача з’яўляецца аўтарская пазіцыя.

Далучэнне да роднай прыроды спрыяе выхаванню патрыятызму. Важная роля ў вырашэнні гэтай задачы належыць пейзажу. Літаратурны пейзаж уплывае на маральны воблік чытача не толькі непасрэдна, праз успрыманне створаных мастаком малюнкаў прыроды, але і ўскосна – праз адносіны да іх герояў твора.

Своеасаблівую магчымасць маральна-эстэтычнага ўздзеяння на чытача ўтрымлівае мова мастацкага твора. Яна робіць уплыў на агульнае развіццё чытача. Сіла ўздзеяння слова залежыць ад глыбіні ўспрымання, асэнсавання, ацэнак, самаацэнак, суадносінаў вучня з мастацкім вобразам.

Адной з актуальных задач навучання ў пачатковых класах становіцца набыццё ведаў і практычных уменняў культуры паводзін у грамадстве. Успрыманне мастацкіх твораў, у якіх маюцца прыклады ўзорных і адмоўных паводзін, даюць магчымасць прадэманстраваць вучням, як правільна паводзіць сабе ці культурна рэагаваць на ўчынкі. Сама арганізацыя працы на ўроку літаратурнага чытання мае выхаваўчыя магчымасці для ўсведанлення вучнямі культуры паводзін. Так практычна вучні засвойваюць, як культурны чалавек павінен весці дыялог, уступаць у суразмоўніцтва. Правільна слухаць і чытаць, тактоўна выказваць свае ацэнкі.

Сродкамі вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне” можна фарміраваць усе базавыя кампаненты культуры асобы.

 

Задачы ўрокаў чытання ў пачатковых класах на сучасным этапе

Мэта навучання літаратурнаму чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі — закласці ў вучняў асновы культурнага чытача, які ўсведамляе каштоўнасць літаратуры як мастацтва слова, можа ажыццяўляць самастойную чытацкую дзейнасць па асобасным успрыманні і асэнсаванні адпаведных узросту твораў мастацкай літаратуры. У адпаеднасці з ёй у навучанні літаратурнаму чытанню на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны і вырашаюцца рознапланавыя задачы агульнаадукацыйнага і прыватнапрад-метнага характару. Задачы агульнаадукацыйнага характару звязаны з фарміраваннем і развіццём сродкамі вучэбнага прадмета ключавых кампетэнцый вучняў: сацыякультурнай, асобаснай, маўленча-камунікатыўнай.

Для фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі вучняў у працэсе навучання літаратурнаму чытанню ставяцца задачы:

забяспечыць усведамленне гуманістычных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей на матэрыяле прачытаных ці праслуханых твораў;

прывучаць навучэнцаў да паслядоўнага выканання культурных норм;

актывізаваць пазнавальныя памкненні навучэнцаў у спасціжэнні беларускай нацыянальнай культуры, захаванні нацыянальна-культурных традыцый.

На фарміраванне ў вучняў сацыякультурнай кампетэнцыі накіраваны нацыянальна-культурны кампанент зместу навучання літаратурнаму чытанню. Літаратурны матэрыял дае магчымасць пазнаёміць вучняў з нацыянальна-культурнымі набыткамі беларускага народа, спасцігнуць яго шматвекавую культуру, далучыцца да багатай літаратурна-мастацкай спадчыны, сфарміраваць у вучняў пачуцці патрыятызму, нацыянальнай годнасці, павагі да самабытнасці свайго народа. У змесце вучэбнага прадмета прадугледжана знаёмства з беларускімі народнымі традыцыямі, элементамі бытавой і духоўнай культуры, нацыянальнымі рысамі характару.

Праз змест прачытаных ці праслуханых твораў вучні маюць магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі заняткамі беларусаў, народнымі рамёствамі (ганчарства, саломапляценне, вышыўка і інш.), нацыянальнымі прадметамі побыту, беларускім нацыянальным касцюмам, традыцыйнымі народнымі песнямі, танцамі, гульнямі, з традыцыйнымі матэрыяльнымі сімваламі беларусаў (валошка, бульба, бусел, зубр, лён, ручнік). На матэрыяле фальклорных твораў вучні даведваюцца пра народныя абрадавыя святы (саракі, дзяды, купалле, масленіца, каляды), чытаюць пра нацыянальныя сімвалы (слуцкія паясы, Белая вежа, Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць і інш.) і славутасці (Нацыянальная бібліятэка, БелАЗ і інш.), знакамітых асоб (Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Т.Касцюшка, Соф’я Слуцкая і інш.).

Чытанне як рознапланавая інтэлектуальная і маральна-эстэтычная дзейнасць вызначаецца высокім патэнцыялам для мэтанакіраванага выхавання асобы вучня малодшага школьнага ўзросту. Для фарміравання яго асобаснай кампетэнцыі ў працэсе навучання літаратурнаму чытанню ставяцца задачы:

гарманічна фарміраваць навык чытання, комплекс чытацкіх уменняў, якія забяспечаць асэнсаванае ўспрыманне, поўнае, глыбокае разуменне і асобасную ацэнку маральнай праблематыкі і эстэтычнага плана твора;

стымуляваць імкненне да чытання кніг на беларускай мове;

выхоўваць павагу да кнігі як крыніцы самапазнання і развіцця.

Літаратурныя творы, на аснове якіх рэалізуюцца навучальныя задачы літаратурнага чытання, становяцца ўзорамі чалавечых пачуццяў, крыніцай пазнання дабра і зла, нацыянальнай годнасці і высокай маральнай вартасці чалавека. У працэсе чытання твораў і ўсведамлення іх маральнай праблематыкі адбываецца мэтанакіраванае выхаванне гуманістычнай асобы, якая авалодвае сістэмай спрадвечных чалавечых каштоўнасцей: чуласці, спагады, добразычлівасці, дарадлівасці і інш. На ўроках літаратурнага чытання вырашаюцца задачы маральнага ўдасканалення вучняў, асваення імі сістэмы гуманістычных каштоўнасцей, выхавання самасвядомасці, здольнасці кантраляваць і ацэньваць уласныя паводзіны.

У працэсе чытання-асэнсавання мастацкіх твораў забяспечваецца фарміраванне эстэтычнага густу, здольнасці бачыць і ацэньваць прыгожае, што актуальна для вучняў малодшага школьнага ўзросту. Фарміраванне эстэтычных поглядаў вучняў пры выкладанні літаратурнага чытання забяспечваецца таксама сінтэзам розных відаў мастацтва: выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, кіна- і фотамастацтва у працэсе навучання. На прыкладзе літаратурных твораў і спадарожна іншых твораў мастацтва ў вучняў абуджаюцца эстэтычныя пачуцці, фарміруецца здольнасць эстэтычнага перажывання таго, што адбываецца, эмацыянальна насычанага ўспрымання акаляючага асяроддзя і прыроды, выклікаецца матывацыя да ўласнай творчасці.

Для мэтанакіраванага фарміравання асобаснай кампетэнцыі распрацаваны змест вучэбнай праграмы па фарміраванні базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў. Ён закліканы ўзмацніць увагу да выхаваўчага аспекту чытання, прывучаць да асобаснага асэнсавання твора, самаацэнкі і самааналізу ўласных паводзін. У змесце раздзела вызначана маральна-этычная скіраванасць чытання і асэнсавання твораў, праблематыка самапазнання і маральнага развіцця вучняў на падставе прачытаных твораў. Зместам вучэбнай праграмы прадугледжана назіранне праяў чалавечых якасцей праз учынкі персанажаў твораў, маральная ацэнка ўчынкаў з пункту погляду гуманістычных каштоўнасцей, вылучэнне ў творах жыццёвых сітуацый, у якіх дэманструюцца правілы і этычныя формы паводзін, замацаваныя ў грамадстве, каштоўнасныя адносіны да навакольнага асяроддзя, узбагачэнне эмацыянальнага вопыту на падставе прачытанага твора.

У працэсе вывучэння вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне” важныя станоўчыя зрухі назіраюцца ў сферы развіцця псіхічных функцый вучняў малодшага школьнага ўзросту. Ва ўмовах метадычна правільнага навучання актыўна фарміруецца ўзнаўляючае ўяўленне, прагнастычная разумовая дзейнасць, здольнасць да рэфлексіі, самааналізу і самаацэнкі. Праца з мастацкім творам стымулюе развіццё аналітычных, сінтэтычных разумовых працэсаў, кагнітыўную функцыю мыслення.

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства актывізаваны і сацыяльна запатрабаваны камунікатыўныя стасункі паміж людзьмі, звязаныя з атрыманнем і перадачай інфармацыі. Надзвычай актуальным у працэсе навучання літаратурнаму чытанню становіцца фарміраванне і развіццё маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі праз вырашэнне задач:

развіваць вобразнае ўяўленне, маўленчую актыўнасць, здольнасць да літаратурнай творчасці на падставе ўспрынятых твораў мастацкай літаратуры;

фарміраваць агульнавучэбныя ўменні працы з тэкставай інфармацыяй розных відаў.

Камунікатыўная кампетэнцыя стымулюецца і актыўна развіваецца праз апасродкаваную камунікацыю з аўтарам твора (дыялог з аўтарам), складанне і выказванне ўласнага меркавання пра твор, у літаратурна-творчай дзейнасці на падставе праслуханага ці прачытанага. Мастацкія творы, якія складаюць сродкавую базу зместу навучання літаратурнаму чытанню, выступаюць для вучняў узорам выказвання думкі, пачуццяў, прыкладам бачання свету і чалавека ў ім.

Зыходзячы з вызначаных задач змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» павінен быць скіраваны на фарміраванне прыватнапрадметных задач навучання літаратурнаму чытанню на беларускай мове:

навыкаў чытання на беларускай мове (здольнасць правільна агучваць графічна зафіксаваны тэкст з разуменнем яго зместу);

уменняў асобасна асэнсаванага чытання мастацкіх і навукова-папулярных твораў, адпаведных узросту і ўзроўню валодання вучнямі маўленнем на беларускай мове;

прадуктыўнай чытацкай дзейнасці з тэкстам, кнігай на аснове комплексу бібліятэчна-бібліяграфічных уменняў.

Сфарміраваныя кампетэнцыі чытача і слухача павінны забяспечыць здольнасць выбіраць кнігу і твор у кнізе, асобасна асэнсоўваць маральную праблематыку, эстэтычны план праслуханага ці прачытанага мастацкага твора праз гуманістычную сістэму нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей і выказваць меркаванне пра яго, атрымліваць з розных крыніц і ацэньваць вартасць рознапланавай тэкставай інфармацыі ў адпаведнасці з кагнітыўнымі і эстэтычнымі запатрабаваннямі.

 

Сувязь методыкі літаратурнага  чытання з іншымі навукамі

У працэсе навучання літаратурнаму чытанню адбываецца ўзаемадзеянне мастацкага твора і вучня млодшага школьнага ўзросту. Методыка літаратурнага чытання базуецца на навуковых палажэннях, распрацаваных літаратуразнаўствам, псіхалінгвістыкай, узроставай псіхалогіяй.

Літаратуразнаўства ўплывае на методыку навучання літаратурнаму чытанню ў двух аспектах. Літаратура як мастацтва слова мае сваю спецыфіку, якую неабходна ўлічваць у працэсе чытання і аналізу мастацкага твора. Асэнсаванне мастацкага твора адбываецца праз усведамленне вобразаў тэксту, пададзеных у ацэнках аўтара, і дакладнае ўспрыманне аб’ектыўнага зместу твора. Жыццёвыя калізіі, паказаныя аўтарам у творы з’яўляецца абагуленым адлюстраваннем жыцця, індывідуалізаваным у канкрэтныя вобразы аўтарам. Таму пры правядзенні аналіза мастацкага твора згодна з методыкай трэба даследаваць матывы паводзін дзеючых асоб, вучыць распазнаваць адносіны аўтара да падзей і персанажаў твора. Пры асэнсаванні твора неабходна знаёміць вучняў з гістарычнымі і прасторавымі умовамі, ў якіх адбываюцца падзеі твора, а таксама вучыць улічваць гэтыя ўмовы пры асэнсаванні і ацэнцы ўчынкаў персанажаў. У мінулым стагоддзі метадысты раілі прытрымлівацца біабібліяграфічнага прынцыпу вывучэння літаратурных твораў, значыць знаёміць вучняў з асобай аўтара, яго поглядамі, паколькі ў мастацкіх творах аўтары выказваюць свае адносіны да існуючых умоў праз вобразы персанажаў.

У літаратуразнаўстве асноўным крытэрыем ацэнкі твора выступае выказанасць у ім ідэі мастацкімі сродкамі. Таму методыка скіроўвае аналіз мастацкага твора на асэнсаванне вучнем ідэйнай накіраванасці твора. Угэтым таксама рэалізуецца выхаваўчая частка працэсу навучання. Непарыўнасць і ўзаемаўплыў зместу і формы твора як паказчык мастацкай каштоўнасці літаратурнага твора павінны быць успрыняты і асэнсаваны вучнямі ў адзінстве. Методыка ўлічвае гэта палажэнне тэорыі літаратуры ў працэсе ажыццяўлення аналізу мастацкага твора.

З другога боку методыка чэрпае з літаратуразнаўства звесткі пра тэорыю літаратуры, віды тэкстаў, жанрава-відавую разнастайнасць, заканамернасці мастацкай пабудовы твора, аўтарскія асаблівасці мастацкіх твораў. Літаратуразнаўчыя паняцці, якія павінны быць засвоены малодшымі школьнікамі, з’яўляліся прадметам дыскусіі на працягу ўсяго перыяду развіцця методыкі навучання. Пытанні тэорыі літаратуры, якія прапануюцца малодшым школьнікам, засвойваюцца практычным шляхам у працэсе працы над творам, без засваення азначэнняў праз разуменне сутнасці паняцця і яго ўвасаблення ў творы.

Даследаваннем чытанне як формы псіхічнай дзейнасці чалавека, аднаго з відаў маўленчай дзейнасці, які існуе ва ўзаемасувязі з іншымі відамі маўленчай дзейнасці (аўдзіраваннем (слуханнем), гаварэннем, пісьмом) займаецца псіхалінгвістыка. Для методыкі навучання чытанню запатрабаванымі з’яўляюцца псіхалінгвістычныя даследаванні пра структуру і змест чытання як віду маўленчай дзейнасці, умовы і асаблівасці ўспрымання, асэнсавання і ўзнаўлення чалавекам графічна закадзіраванай інфармацыі, ажыццяўлення дзейнасці чытання і функцыянавання механізму чытання ў свядомасці чалавека.

Вызначае ўзроставыя псіхалагічныя адметнасці ўспрымання ўвогуле і успрымання твораў мастацкай літаратуры малодшымі школьнікамі ў прыватнасці вызначае ўзроставая псіхалогія. Даследаванне псіхалагічных аспектаў успрымання малодшымі школьнікамі твораў мастацкай літаратуры паказала, што для іх характэрна акрамя пазнавальнага яшчэ і эмацыянальна-эстэтычнае ўспрыманне як самога твора, так і яго падзей. Даследчыкі канстатавалі два тыпы адносін малодшых школьнікаў да літаратурных герояў: эмацыянальнае, якое складваецца на аснове канкрэтнага аперыравання вобразнымі абагульненнямі, і інтэлектуальна-ацэначнае, калі вучні карыстаюцца маральнымі паняццямі на ўзроўні элементнага аналізу. У методыцы навучання ўлічваюцца тыпы асэнсавання вобразаў малодшымі школьнікамі для распрацоўкі падыходаў да аналізу твора. Псіхалагічнай асаблівасцю малодшых школьнікаў з’яўляецца невялікая колькасць маральных паняццяў, якімі яны могуць аперыраваць, таму методыка аналізу мастацкага твора павінна не толькі вучыць аналізаваць маральна-этычныя паводзіны персанажаў, але і паказваць спектр маральных якасцей чалавека, вучыць малодшых школьнікаў іх адрозніваць.

Вынікі даследаванняў, якія праводзяцца сумежнымі навукамі, з’яўляюцца крыніцамі абнаўлення і мадыфікацыі методыкі навучання літаратурнаму чытанню.

 

Гісторыка-крытычны агляд метадаў навучання чытанню

Метады навучання чытанню паступова фарміраваліся на працягу значнага гістарычнага перыяду. Да сярэдзіны XIX стагоддзя практыкавалася навучанне механічнаму агучванню тэкстаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя паўстае праблема навучання асэнсаванаму чытанню. У гэты час навучанне чытанню становіцца састаўной часткай навучання роднай мове разам з навучаннем грамаце, граматыкай, арфаграфіей і развіццём маўлення. Навучанне асэнсаванаму чытанню па меркаванні тагачасных метадыстаў, заключалася ў тлумачэнні кожнага слова тэксту. Вучні не толькі асэнсоўвалі прачытанае, але і атрымлівалі звесткі з розных галін ведаў. Так пачалося паступовае зараджэнне метаду тлумачальнага чытання.

Негатыўнай тэндэнцыяй у развіцці метада тлумачальнага чытання стала яго разуменне як словатлумачальнае чытанне, калі адасоблена разбіраліся значэнні слоў, з якіх складаецца тэкст.

Станаўленне і развіццё метаду тлумачальнага чытання звязана з асобай К.Д.Ушынскага. Патрабаванне К.Д.Ушынскага, каб вучні ў працэсе чытання акрамя разумення зместу твора ўспрымалі і яго эмацыянальна-вобразны малюнак, адчувалі ў сю палітру чадавечых узаемаадносін, ставіла яго метад на асобае месца ў агульнай сістэме навучання чытанню. Тлумачальнае чытанне стала вядучым метадам навучання чытанню, які выкарыстоўваўся аж да сярэдзіны 20 стагоддзя.

У станаўленні і развіцці метада тлумачальнага чытання значную ролю адыграў В.П.Вахцераў, у метадычнай сістэме якога спалучаліся пазнавальны і мастацкі напрамкі тлумачальнага чытання.

У пачатку XX стагоддзя Ц.П.Балталон метадычныя палажэнні навучання чытанню па метадзе выхаваўчага чытання. Урок па метадзе выхаваўчага чытання пачынаўся з чытання твора настаўнікам, пасля гэтага дзеці рабілі пісьмовыя запісы па прачытаным, план апавядання. Потым ішоў ўрок-гутарка, на якім настаўнік і вучні дзяліліся ўражаннямі па прачытаным.

У гэты ж час у рускай школе з’яўляецца яшчэ адзін метад навучання чытанню – літаратурна-мастацкае чытанне. Яго прыхільнікі ставілі мэтамі навучання чытанню выхаванне і развіццё эстэтычных уражанняў дзяцей, На першы план выходзіла фарміраванне эстэтычнага густу адносна літаратуры. Літаратура вывучалася як  мастацтва слова. Гэты метад проціпастаўляецца метаду тлумачальнага чытання.

У 20-я гады XX стагоддзя ў рускай методыцы склаўся напрамак творчага чытання. Згодна з яго методыкай вучні займаліся на ўроках чытання лепкай, маляваннем, пляценнем, каб праясняць і паглыбляць свае ўражанні ад прачытанага, замест таго каб словам тлумачыць прачытанае.

У 30 гады XX стагоддзя “патрабаванні праграм да правільнасці хуткасці, выразнасці чытання, абавязковае асэнсаванае чытанне з першых крокаў навучання адрадзілі цікавасць настаўніцтва да лепшых дасягненняў тлумачальнага чытання. З гэтага моманту тлумачальнае чытанне становіцца агульнапрызнаным і вядучым метадам пачатковага навучання чытанню аж да 70-х гадоў XX стагоддзя” [5, с. 98].

К.Д.Ушынскі заклікаў адрозніваць чытанне мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных артыкулаў. Ён звяртаў увагу на адрознасць працы над ротворамі мастацкімі, яе скіраванасць на асэнсаванне і суперажыванне эстэтычнага пачатку ў творы, раіў звяртаць увагу на пачуццёвае ўспрыманне мастацкага слова.

Сістэму чытання навукова-пазнавальных артыкулаў распрацавалі Н.Ф.Бунакоў, Д.І.Ціхаміраў, В.П.Вахцераў. Н.Ф.Бунакоў прапаноўваў паступова ўскладняць з класа ў клас методыку вывучэння дзелавога артыкула. Яму належыць распрацоўка прыёму разумова-слоўнага практыкавання, калі вучні групуюць факты, узятыя з артыкула, вызначаюць галоўную думку, тлумачаць яе, аб’ядноўваюцьартыкулы на агульныя тэмы. Д.І.Ціхаміраў прапанаваў прыёмы і спосабы тлумачэння слоў, разумення асноўнай думкі. Ён раіў прымяняць прыёмы дзялення артыкула на часткі і ўстанаўлення лагічных сувязяў у іх у залежнасці ад узросту дзяцей.

Усе даследаванні заставаліся ў рэчышчы пытальна-адказнай формы працы над творам, пакуль у пачатку 20 стагоддзя Ц.П.Балталон не прапанаваў замяніць тлумачальнае чытанне выхаваўчым. Упершыню ён стаў разглядаць навучанне рускай мове і навучанне чытанню як асобныя вучэбныя прадметы со сваімі спецыфічнымі задачамі.

Улічваючы недахопы тлумачальнага чытання было пранавана літаратурна-мастацкае чытанне, асноўнай задачай якога было выхаванне ўвагі да слова, навучанне эстэтычнаму ўспрыманню мастацкага твора.

З пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя навучанне чытанню структуруецца і ўключае ў сябе навучанне грамаце, класнае і пазакласнае чытанне. а тэрмін “тлумачальнае чытанне” перастае ўжывацца.

 

Прынцыпы пабудовы праграмы па лiтаратурным чытаннi

Адбор зместу навучання літаратурнаму чытанню адбываецца ў адпаведнасці з прынцыпамі мастацка-эстэтычным і літаратура-знаўчым; прынцыпам уліку ўздзеяння на працэс навучання білінгвальнага асяроддзя; развіцця маўленчай дзейнасці; уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры.

У адпаведнасці з мастацка-эстэтычным і літаратуразнаўчым прынцыпамі ў якасці вучэбнага матэрыялу прапануюцца высокамастацкія літаратурныя творы, адпаведныя ўзроставым псіхалагічным магчымасцям вучняў. Мастацка-эстэтычны прынцып з’яўляецца ўмовай падбору такога літаратурнага матэрыялу, каб вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з найлепшымі творамі беларускай дзіцячай літаратуры, якія з’яўляюцца нацыянальна-культурнай спадчынай беларускага народа. Згодна з літаратуразнаўчым прынцыпам прапедэўтычны змест літаратурнай адукацыі адабраны такім чынам, каб забяспечыць бесканфліктны пераход да вывучэння беларускай літаратуры на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Навучанне літаратурнаму чытанню ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму падпарадкоўваецца прынцыпу ўздзеяння на працэс навучання білінгвальнага асяроддзя. Гэты прынцып вызначае адбор зместу навучання, з дапамогай якога будзе пераадольвацца інтэрферэнцыйнае ўздзеянне рускай мовы пры фарміраванні навыку чытання, захаванні акцэнталагічнай нормы, разуменні лексічнага значэння слоў.

Прынцып развіцця маўленчай дзейнасці арыентуе на ўзаемазвязанае фарміраванне і развіццё ў вучняў маўленчых уменняў і навыкаў у працэсе чытання, слухання, гаварэння. На матэрыяле чытання пашыраецца і ўзбагачаецца слоўнікавы запас вучняў, фарміруюцца ўменні звязнага выкладу думак, засвойваюцца літаратурная і маўленчая нормы, развіваецца культура маўлення, культура суразмоўніцтва паміж настаўнікам і вучнямі.

Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры вызначае адбор у кола чытання вучняў разнастайных па тэматыцы і жанрах твораў з дынамічным сюжэтам, эмацыянальных, яркіх па форме і змесце. Гэтым прынцыпам вызначаецца ўзровень патрабаванняў да аб’ёму ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па літаратурным чытанні, чытацкія ўменні, а таксама літаратуразнаўчыя ўяўленні, падыходы да аналізу мастацкага твора, структуры ўрока чытання.

Для рэалізацыі пастаўленых задач у адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам, які скіроўвае на прымяненне вынікаў навучання ў жыццядзейнасці, змест вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне» у вучэбнай праграме размеркаваны па раздзелах.

Асобны раздзел вучэбнай праграмы вылучаны для мэтанакіраванага фарміравання ў вучняў сістэмы каштоўнасных арыенціраў, выхавання маральна-этычных якасцей. Фарміраванне гуманістычнага светапогляду, выхаванне сістэмы нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей адбываецца ў працэсе аналізу і маральнай ацэнкі ўчынкаў і падзей, паказаных у творы. На матэрыяле ўспрынятых твораў вучні атрымліваюць звесткі пра нацыянальныя адметнасці беларускай культуры і побыту, далучаюцца да нацыянальных культурных традыцый. Пры чытанні і асэнсаванні мастацкіх твораў ажыццяўляецца апасродкаваная сацыялізацыя вучняў. На прыкладзе паводзін герояў твораў яны атрымліваюць дзейсны вопыт рэфлексіі ўласных паводзін  і самавыхавання.

Асобны раздзел вучэбнай праграмы раскрывае змест фарміравання навыку чытання і агульнавучэбных уменняў. Пры фарміраванні навыку чытання асноўная ўвага скіроўваецца на асэнсаванне вучнямі асаблівасцей чытання па-беларуску. З гэтай мэтай праводзіцца работа па авалоданні арфаэпічнымі (правільнае вымаўленне беларускіх гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц’], спалучэння [шч], падоўжаных зычных, выразнае вымаўленне галосных, перадача націску) і графічнымі асаблівасцямі беларускай мовы (літары і, ў, апостраф), па ўсведамленні гэтых адрозненняў і іх паслядоўнай перадачы пры чытанні. У працэсе ўдасканалення тэхнікі чытання выпрацоўваецца правільнасць і асэнсаванасць чытання, авалоданне спосабамі чытання ўголас і сам сабе. Вырашаюцца задачы па фарміраванні ўменняў выразнага чытання праз усведамленне эмацыянальнага настрою твора і выкарыстанне сродкаў выразнасці (тон, тэмп, паўзы, лагічны націск). У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам вучні павінны навучыцца карыстацца рознымі відамі чытання ў залежнасці ад задачы, якая ставіцца перад чытаннем тэксту.

У працэсе чытання і аналізу твораў гарманічна фарміруюцца навыкі чытання і чытацкія уменні вучняў, якія абяспечваюць асэнсаванае ўспрыманне і разуменне твора. Комплекс чытацкіх уменняў даецца ў асобным раздзеле вучэбнай раграмы. У працэсе фарміравання чытацкіх уменняў вучні ўспрымаюць твор, асэнсоўваюць яго маральную праблематыку і эстэтычны план, выказваюць пра твор уласныя меркаванні. Асваенне вучнямі чытацкіх уменняў з’яўляецца неабходнай умовай фарміравання чытацкай кампетэнцыі.

У асобным раздзеле акрэслены змест і спосабы дзейнасці, якімі павінны авалодаць вучні на занятках пазакласнага чытання. Самастойная праца вучня з кнігай з’яўляецца неад’емнай часткай фарміравання чытацкай дзейнасці, дае магчымасць удасканалення навыку чытання. Заняткі пазакласнага чытання маюць на мэце пашырэнне чытацкага кругагляду вучняў, фарміраванне ўменняў працаваць з кнігамі і свабодна арыентавацца ў свеце дзіцячых кніг беларускіх пісьменнікаў, дзіцячых перыядычных выданняў на беларускай мове, выхоўваць патрэбу ў самастойным чытанні. Веды пра кнігі і аўтараў набываюцца ў працэсе непасрэднай практычнай дзейнасці з дзіцячымі кнігамі — калектыўнай, індывідуальнай і групавой.

Навучальным матэрыялам для пазакласнага чытання з’яўляюцца кнігі. Для калектыўнай працы пад кіраўніцтвам настаўніка прапануюцца не хрэстаматыі, а ілюстраваныя кнігі з прозвішчам аўтара, назвай кнігі, ілюстрацыямі.

У працэсе навучання літаратурнаму чытанню вучні на практычным узроўні атрымліваюць першапачатковыя звесткі пра літаратуру як мастацтва слова. У змесце гэтага раздзела вучэбнай праграмы вызначаны асноўныя літаратуразнаўчыя звесткі, з якімі вучні знаёмяцца ў працэсе працы з мастацкім творам. Веды пра літаратуру як мастацтва слова фарміруюцца на ўзроўні першапачатковых ведаў праз асваенне вобразнай функцыі мастацкага слова, усведамленне аўтарскай прыналежнасці твора, практычнае знаёмства з жанрамі.

У вучэбнай праграме прадстаўлена таксама вызначаны змест літаратурна-творчай дзейнасці і фарміравання культуры маўлення вучняў Тут раскрыты віды камунікатыўна арыентаванай творчай працы на падставе прачытанага ці праслуханага твора. Ажыццяўленне літаратурна-творчай дзейнасці на ўроках літаратурнага чытання дае магчымасць актыўнага пашырэння і актывізацыі слоўніка вучняў, забяспечвае маўленчую практыку, спрыяе засваенню моўнай і маўленчай нормы, культуры маўленчых паводзін. На ўроках літаратурнага чытання фарміруюцца ўменні і навыкі гаварэння на беларускай мове. Творы мастацкай літаратуры з’яўляюцца прыкладамі правільнага маўлення і стымулююць выказванні вучняў на пэўную тэму, абуджаюць іх эстэтычныя пачуцці і творчы пачатак. У творах вучні назіраюць таксама трапнасць, выразнасць, дасціпнасць беларускай мовы, вучацца арыентавацца ў суразмоўніцтве, планаваць маўленчую дзейнасць, выбіраць моўныя сродкі, адпаведныя мэтам камунікацыі, ажыццяўляць камунікацыю ў адпаведнасці з этычнымі патрабаваннямі. Пры гэтым адбываецца пашырэнне і ўзбагачэнне слоўніка вучняў і яго актывізацыя, абуджаецца дзіцячая творчасць.

Вучэбная праграма па літаратурным чытанні акрамя прадметнага зместу навучання вызначае таксама літаратурны матэрыял, які выкарыстоўваецца для фарміравання прадметных ведаў, уменняў, навыкаў і спосабаў дзейнасці. Літаратурны матэрыял фарміруе кола чытання вучняў. Яно складаецца з твораў для класснага чытання, якія змешчаны ў вучэбным дапаможніку, і прыкладнага спісу твораў для пазакласнага чытання, які рэкамендуецца чытаць па-за школай.

У вучэбнай праграме творы для класнага чытання згрупаваны ў тэматычныя раздзелы. Яны маюць пэўную сэнсава-мастацкую сувязь і дастатковы для фарміравання прадметных ведаў, уменняў навыкаў і спосабаў дзейнасці патэнцыял. Як правіла вызначэнне тэматыкі раздзелаў падлягае сезонна-тэматычнаму прынцыпу, а таксама вызначаецца маральна-этычнай праблематыкай для рэалізацыі выхаваўчай функцыі вучэбнага прадмета. Тэматыка мастацкіх твораў вызначана вучэбнай праграмай і ахоплівае традыцыныя для вучняў пачатковых класаў тэмы пра Радзіму, гераічныя ўчынкі ў імя Радзімы, пра працу людзей і адносіны да яе, стаўленне людзей адзін да аднаго, пра павагу, клопат, удзячнасць да старэйшых, пра жыццё дзяцей і дарослых, пра ўзаемаадносіны дзяцей у калектыве і ў сям’і; творы, якія раскрываюць узаемаадносіны паміж чалавекам і прыродай; вясёлыя, забаўныя творы, якія развіваюць у дзяцей пачуццё гумару; пазнавальныя артыкулы пра жывую і нежывую прыроду, чалавека, машыны і рэчы, свет прыгод, падарожжаў і фантастыкі.

У вучэбнай праграме падаюцца асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, якія рэгламентуюць, што вучні павінны ведаць, якімі спосабамі дзейнасці авалодаць на канец навучальнага года, як прымяняць іх у паўсядзённым жыцці.

 

Падручнiкi па чытаннi,  iх структура

Традыцыйна падручнікі па чытанні складаюцца з мастацкіх твораў і метадычнага апарату (пытанні і заданні) да іх. Як правіла, творы скампанаваны ў тэматычныя раздзелы, якія завяршаюцца заданнямі на паўтарэнне і абагульненне. Апошнім часам у падручнікі па чытанні пачалі ўключацца элементы метадычнай арганізацыі працэсу навучання чытанню: паўрочная кампаноўка твораў, задачна-мэтавы кампанент напачатку тэматычных раздзелаў, рубрыкацыя па відах і спосабах выканання заданняў (выканайце ў групах, выкажыце сваё меркаванне) і г.д. З развіццём даступнасці тэхнічных сродкаў з’явіліся заданні па пошуку інфармацыі ў інтэрнеце, выкананні заданняў у аддаленым доступе.

Асноўнымі кампанентамі падручнікаў па чытанні з’яўляюцца мастацкія творы і метадычны апарат да іх.

Метадычны апарат да твора складаецца з пытанняў і заданняў, скіраваных на асэнсаванне вобразаў і падзей твора, і матэрыялу слоўнікавай працы. Пытанні да твора, як правіла, датычацца зместу твора, вобразаў герояў твора, устанаўлення прычын і наступстваў учынкаў герояў. Пытанні маюць на мэце дапамагчы асэнсаваць успрынятае, стварыць мастацкія вобразы, зрабіць уласнае меркаванне пра змест твора. Заданні да твора з’яўляюцца рознапланавымі рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага характару, скіроўвацца на замацаванне ведання зместу твора ці творчымі па развіцці маўлення вучняў.

Матэрыял слоўнікавай працы ўключае незразумелыя словы з твора з перакладам ці тлумачэннем, якія падаюцца перад ці пасля твора. Метадычна арганізаваная праца з імі спрыяе правільнаму чытанню і асэнсаванню твора. Матэрыял для слоўнікавай працы можа размяшчацца таксама ў сістэме пытанняў і заданняў, калі яго асэнсаванне неабходнае для правільнага разумення твора. Як правіла, гэта пытанні і заданні на асэнсаванне вобразных сродкаў мовы твора.

Дадатковымі кампанентамі зместу падручнікаў па чытанні з’яўляюцца інфармацыйна-пазнавальныя звесткі (пра аўтараў твораў, падзеі, пра якія гаворыцца ў творах і інш.), спадарожны тэматычны літаратурны матэрыял (невялікія вершы, прыказкі, прымаўкі, загадкі і г.д.),

Асаблівую ролю ў падручніках па чытанні адыгрывае ілюстрацыйны матэрыял. З пункту погляду методыкі навучання чытанню ілюстрацыі да твораў з’яўляюцца неадемнай часткай навучання стварэнню і асэнсаванню вобразаў зместу мастацкіх твораў, развіцця ўзнаўляючага ўяўлення вучняў. Згодна з методыкай зварот да ілюстрацыі адбываецца перад чытаннем твора, у працэсе яго ўспрымання і аналізу.

Паколькі ў аснове асэнсавання прачытанага ляжыць стварэнне мастацкіх вобразаў, на чым заснавана сувязь чытання з выяўленчым мастацтвам. У падручніках па чытанні гэта сувязь рэалізуецца праз размяшчэнне рэпрадукцый карцін знакамітых мастакоў, тэматычна звязаных з прачытанымі творамі. Работа над рэпрадукцыямі адбываецца па дакладна вызначанай методыцы, скіраванай на рознабаковае ўспрыманне і асэнсаванне мастацкага вобраза, створанага мастаком і ўстанаўленне сувязі з вобразамі, створанымі пісьменнікам.

 

Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў

Дамінантай урока літаратурнага чытання выступае чытанне і аналіз мастацкага твора, які арганізуецца для дасягнення вучнем разумення зместу і сэнсу твора. Але традыцыйная методыка тлумачальнага чытання істотна мадэрнізавана з улікам сучасных прыватнаметадычных, псіхолага-педагагічных,  і агульнапедагагічных даследаванняў.

Разгледзім літаратуразнаўчыя асновы аналізу мастацкіх твораў. Літаратура з’яўляецца відам мастацтва слова, для разумення якога патрабуецца ўсведамленне мастацкіх вобразаў. У літаратуры вобраз і вобразнасць перадаюцца з дапамогай слоў, прадстаўленых у графічным кодзе. З дапамогай слоў ствараюцца малюнкі жыцця і перадаюцца эмацыянальныя станы. Аднак адлюстраванае ў мастацкім творы пры сваёй знешняй рэалістычнасці з’яўляецца мастацкім вымыслам, асэнсаваць які можна ў працэсе аналіза мастацкага твора. Яшчэ адной характарыстыкай літаратуры як віда мастацтва з’яўляецца абагуленасць вобразаў і канкрэтызацыя іх у пэўным сюжэце. Такім чынам. Літаратурны твор як элемент мастацтва слова патрабуе выяўлення ўяўнага і рэальнага, вобразнага, абагуленага і канкрэтнага. У сувязі з гэтым адзначым метадычныя аспекты аналіза мастацкага твора ў пачатковых класах (па В.В.Сасноўскай):

скіраванасць на асэнсаванне мастацкага вобраза (вобразаў), створаных аўтарам (вобразам можа выступаць пейзаж, рэч, персанаж, але такая тэрміналогія не выкарыстоўваецца. Замяняецца словамі дзейная асоба, герой твора);

пры чытанні і аналізе твораў пейзажнай лірыкі асэнсаванне вобразаў весці ад эмацыянальнага ўспрымання аўтарскага малюнка да яго рэалістычнага ўвасаблення праз моўнае афармленне твора;

выяўленне і асэнсаванне аўтарскай пазіцыі, адносін аўтара да падзей і герояў;

пры аналізе неабходна звяртаць увагу на форму твора, разглядаць яе ў адзінстве са зместам.

Літаратура – своеасаблівы від мастацтва, успрыманне якога адбываецца апасродкавана праз сістэму пачуццяў чытача, які ўзнаўляе ў сваёй свядомасці вобразы, створаныя аўтарам твора. Гэта адбываецца пасля раскадзіроўкі графічных знакаў, у выглядзе якіх і паўстае мастацкі твор перад чытачом. Калі для чытача, які добра валодае навыкам чытання і можна лёгка распазнаць графічныя знакі і зразумець сэнс, перададзены ў словах мастацкага твора, то для вучняў пачатковых класаў, у якіх навык чытання знаходзіцца ў стадыі фарміравання, задача істотна ўскладняецца. Спачатку істотных намаганняў патрабуе дэкадзіроўка тэксту, потым – распазнаванне зместу, усведамленне сэнсу твора і атрыманне выніку. Пры чытанні гэта разуменне твора. Для таго, каб зняць праблему непаразумення пры першым успрыманні твора вучнямі, пажадана, каб твор прачытаў настаўнік.

Успрыманне твора кваліфікаваным чытачом адбываецца праз адначасовае пранікненне ў вобразы малюнак твора, суперажыванне падзей і ўсвядомленае абагульненне рэальнасці, зробленае аўтарам. Малодшым школьнікам, якія пакуль што не з’яўляюцца кваліфікаванымі чытачамі, уласціва своеасаблівае псіхалагічнае стаўленне да ўспрымання твораў мастацкай літаратуры.

У вучняў пачатковых класаў назіраецца два тыпы адносін да мастацкага твора. Першы тып – эмацыянальная, пачуццёвая рэакцыя на вобразы твора (эмацыянальна-вобразнае ўспрыманне). Другі тып – праз элементарны аналіз жыццёвага вопыту вучня (інтэлектуальна-ацэначнае).На падставе даследаванняў псіхолагаў зроблены вывады, што малодшы школьнік ставіцца да падзей твора як наіўны рэаліст, які не фіксуе ўмоўнасці і абагульненняў вобразаў твора і не асэнсоўвае формы пабудовы мастацкага тэксту. Каб пераадолець узроставыя псіхалагічныя асаблівасці ўспрымання мастацкага твора, трэба аналіз твора скіраваць на ўзыходжанне ад уласных чытацкіх уражанняў вучняў да асэнсавання свайго суб’ектыўнага меркавання пра твор і суаднясенне яго з логікай і структурай твора.

Псіхалагічныя асаблівасці ўспрымання малодшымі школьнікамі мастацкага твора маюць станоўчую ўзроставую дынаміку. Вучні першых і другіх класаў не могуць без дапамогі настаўніка асэнсаваць ідэю твора. уявіць вобразы, а толькі эмацыянальна адрэагаваць на іх, як правіла ігнаруюць аўтара ў творы, не ўспрымаюць своеасаблівасць формы. Вучні трэціх і чацвертых класаўяк чытачы выяўляюць больш высокі ўзровень падрыхтаванасці. Яны могуць асэнсаваць ідэю твора нескладанай будовы, па апісанні ўявіць вобраз, асэнсоўваюць уласнае стаўленне да твора і аўтарскую пазіцыю, знаходзіць вобразна-выяўленчыя сродкі ў творы, ацаніць форму твора.

Названыя псіхалагічныя характарыстыкі павінны ўлічвацца ў методыцы навучання чытанню наступным чынам. У працэсе аналізу вучыць асэнсоўваць форму твора, браць пад увагу моўныя сродкі, якімі створаны вобразны малюнак твора, звяртаць увагу на ўжыванні ў маўленні вучняў слоў, якія абазначаюць эмацыянальныя рэакцыі і маральныя якасці.

У методыцы навучання неабходна прадугледзець такі аналіз тэксту, у якім будзе прадстаўлена і ўлічана магчымая варыятыўнасць разумення, і ў той жа час будзе зададзены сродак самаправеркі і самакантролю ў працэсе разумення, каб папярэдзіць праяўленне залішняй свабоды ў трактоўцы зместу і сэнсу твора. Такім чынам, прынцып кангеніяльнасці і свабоды будзе адлюстраваны ў выглядзе двух узаемазвязаных кірункаў асобаснага самавыяўлення і асобаснага самаабмежавання ў працэсе ўспрымання і асэнсавання мастацкага твора.

Вылучэнне і асэнсаванне выхаваўчай ідэі твора заўсёды мае месца пры яго аналізе. Аднак у сучасным навучальным працэсе неабходна адзначыць істотнае адрозненне ў трактоўцы самой працэдуры раскрыцця выхаваўчага ўздзеяння тэксту. Раней ён знаходзіўся і тлумачыўся па прапанове настаўніка (Чаму вучыць нас гэты тэкст?). Такі спосаб вызначэння выхаваўчага патэнцыялу твора не адпавядае пошукаваму характару дзейнасці, не ўлічвае асобаснае стаўленне да праблемы, пададзенай у тэксце. Асэнсаванне выхаваўчага аспекту мастацкага твора неабходна рабіць не праз дагматычна-назідальныя moralite, а праз уласнае бачанне вучнем праблемы, асабістую ацэнку падзей, учынкаў і іх матываў. Дыскусійнасць меркаванняў, якія выказваюць вучні, не проста дазваляе і вымушае самастойна вызначыць сваю пазіцыю, а фарміруе вопыт маральна-этычнай дзейнасці ва многіх аспектах яе праяў: самастойнасці, самаснасці, ўзаемапаразумення, суаднесенасці з традыцыяй, гуманістычнай скіраванасці, сацыяльнай каштоўнасці.

На ўроках літаратурнага чытання ў працэсе працы над творам неабходна рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі з іншымі вучэбнымі прадметамі: з беларускай мовай (складанне невялікіх апавяданняў пра герояў мастацкіх твораў, складанне працягу твора, знаходжанне слоў на вывучаныя арфаграфічныя правілы і інш.); з выяўленчым мастацтвам (разглядванне і слоўнае апісанне рэпрадукцый карцін па тэмах, сугучных тэмам вывучаемых твораў, ілюстраванне асобных эпізодаў мастацкага твора, удзел у выстаўках малюнкаў і іншых творчых работ паводле вывучаных твораў і г. д.); з музыкай (слуханне музычных твораў у адпаведнасці з мэтавымі ўстаноўкамі ўрока, назіранне за стварэннем вобразаў у літаратуры і музыцы, знаёмства з творамі музычнага мастацтва, у аснову якіх пакладзены паэтычныя творы, у тым ліку фальклорныя і інш.); з працоўным навучаннем (рамонт кніг, выраб кніг-самаробак, практычнае знаёмства з элементамі кнігі, выкарыстанне элементаў калектыўнай творчасці (аплікацыя, лепка паводле вывучаных мастацкіх твораў і інш).

 

задание УМК

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее

Факультативные занятия эстетической направленности

02-04-2020 Лекции
Рассматриваются цель, задачи, основные содержательные линии факультативных занятий эстетической направленности
УМК
подробнее