Новости События Общее

Формирование орфографического навыка при изучении фонетики

11-10-2020 Лекции
Рассматриваются методические аспекты формирования орфографического навыка на уроках белорусского языка с опорой на фонетические знания и умения учащихся

Методыка вывучэння асноў фанетыкі і графікі.

Фарміраванне афаграфічнага навыку пры вывучэнні фанетыкі

 

Гукі галосныя і зычныя

Каб дзеці лепш зразумелі, як утвараюцца гукі, мэтазгодна звяртацца да іх жыццёвана вопыту. Настаўнік стукае алоўкам па сталу і пытаецца, ці можна з гукаў, якія толькі што пачулі, утварыць слова. Калектыўна высвятляецца, што нельга. Настаўнік тлумачыць, што мы чуем шмат розных гукаў, з якіх таксама немагчыма ўтварыць слова. Гэта шум ветру, шчэбет птушак і інш. У выніку калектыўнай гутаркі робіцца вывад: словы ствараюцца не з побытавых ці прыродных гукаў, а з гукаў мовы. Гэтыя гукі ўзнікаюць тады, калі “працуюць” органы маўлення: язык, губы, зубы, галасавыя звязкі. Па прапанове настаўніка вучні вымаўляюць розныя гукі і словы, склады і назіраюць, як па-рознаму рухаюцца губы і зубы, неаднолькава дакранаецца язык да розных участкаў поласці рота.

Дзеці здольны адчуць, што пры вымаўленні зычных у роце ўзнікаюць перашкоды (губы змыкаюцца, зубы сціскаюцца, язык судакранаецца з зубамі), а пры вымаўленні галосных такія перашкоды адсутнічаюць. Таму вучняў трэба практыкаваць у здольнасці назіраць за ўласнай артыкуляцыяй і вызначаць, якія перашкоды ўтвараюцца. Настаўнік паведамляе, што галосныя гукі складаюцца толькі з голасу, зычныя – з голасу і шуму або толькі з шуму. Значнай нагляднасцю вызначаецца і прымета, сутнасць якой у тым, што зычныя гукі вымаўляюцца з большай сілай выдыхаемага паветра. Упэўніцца ў гэтым вучні змогуць лёгка, калі паднясуць да рота палоску паперы: пры вымаўленні зычных палоска адхіляецца, пры вымаўленні галосных – нерухомая. Прыём супрацьпастаўлення пры знаёмстве з зычнымі і галоснымі гукамі набывае вялікую метадычную каштоўнасць, калі будзе падмацаваны непасрэднай артыкуляцыйнай практыкай вучняў.

Правільнае ўяўленне пра гукавы склад слова мае вялікае значэнне як для фарміравання навыку пісьма (у прыватнасці, запіс без пропуску і перастаноўкі літар, абазначэнне мяккасці зычных), так і для правільнага вымаўлення слоў. Неабходна ўстанавіць адпаведнасць паміж паняццямі “гласный звук”, “согласный звук” у рускай мове і “галосны гук”, “зычны гук” у беларускай мове, пазнаёміць з падзелам гукаў мовы на галосныя і зычныя. Пры класіфікацыі гукаў на галосныя і зычныя ўлічваецца некалькі прымет: 1) спосаб вымаўлення; 2) характар гучання; 3) здольнасць утвараць склад. Неабходна вучыць малодшых школьнікаў размяжоўваць галосныя і зычныя гукі па сукупнасці прымет.

Прыклады практыкаванняў:

  1. Якія гукі “ўцяклі” са слоў? Спішыце, устаўце прапушчаныя літары:

С…ол, тэлеві...ар, ш…ола, падру...нік.

2)Адгадайце загадку-шараду:

З “л” – я мэблю пакрываю,

З “б” – я вадкасці змяшчаю,

З “ м” – расту я на градзе,

З “р” – сустрэнеш у вадзе. (Лак-бак-мак-рак) І. Курбека

Да кожнага са слоў лак і бак падбярыце словы, якія б адрозніваліся ад іх галосным гукам: Лак-лік-люк; бак-бок-бык-бук.

Правапіс слоў з літарай ў

Важна засяродзіць увагу вучняў на адрозненні ў артыкуляцыі зычнага гука [ў] і галоснага гука [у]. Акрамя таго, неабходна параўнаць рускія словы і беларускія адпаведнікі з гукам [ў], паколькі істотныя адрозненні назіраюцца ў беларускіх фанетычных чаргаваннях [в/ў] (каро[в]а - каро[ў]) і рускіх [в/ф] (коро[в]а - коро[ф]); беларускім гукавым спалучэнням [ўз’, ўл’, ўн, ўд, ўк] (напрыклад: трэба ўзяць; можна ўліць; роўна; праўда; лаўка) адпавядаюць рускія [вз’, вл’, вн, вд, фк] (взять, влить, ровно, правда, ла[ф]ка); беларускаму гуку [ў] на канцы дзеясловаў (стаў, сеў), а таксама перад зычнымі гукамі ў словах тыпу воўк, поўны, жоўты ў рускіх эквівалентных формах супрацьстаіць гук [л]: стал, сел, волк, полный, жёлтый. Пасля практыкаванняў на назіранне і параўнанне слоў з літарамі “у” і “ў” другакласнікі знаёмяцца з правілам правапісу літары ў пасля галосных. У час замацавання правіла пасля запісу слова яны падкрэсліваюць галосную, пасля якой пішацца літара ў і запамінаюць, што літара “у нескладовае” заўсёды пішацца пасля галосных.

Падзел слоў на склады

Улічваючы складанасць паняцця “склад”, у пачатковых класах азначэння яго вучням не даецца. Важна ўстанавіць адпаведнасць паміж паняццем “слог” у рускай мове і паняццем “склад” у беларускай мове. Праграма ставіць задачу сфарміраваць уменне падзяляць слова на склады, вызначаць колькасць і паслядоўнасць складоў у словах. Каб растлумачыць падзел слова на склады, трэба звярнуцца да вакалізму: у кожным слове столькі складоў, колькі галосных. Уменне дзяліць словы на склады спатрэбіцца дзецям для вызначэння націску, а значыць, і для правапісу галосных у марфемах. Такое ўменне выпрацоўваецца на матэрыяле слоў рознай гукавой структуры, якія складаюцца з аднаго, двух, трох складоў.

Перанос слоў

Неабходна паказаць вучням адрозненні паміж падзелам слоў на склады і для пераносу, засяродзіць увагу на тым, што літары й, ў, ь пры пераносе не аддзяляюцца ад папярэдняй літары. Важна, каб пры выкананні практыкаванняў вучні засвойвалі правілы пераносу слоў і прывучаліся выкарыстоўваць іх пры пісьме. Трэба выпрацоўваць у другакласнікаў уменне правільна пераносіць словы са спалучэннямі літар дз і дж, якія абазначаюць гукі [дз’], [дж], адпрацоўваць розныя варыянты пераносу слоў з падоўжанымі зычнымі.

Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме

Як ўжо адзначалася, работа над гукамі пачынаецца з успрымання на слых, а не з аналізу напісанага. Словы для выдзялення гукаў трэба падбіраць кароткія, зразумелыя. Для размежавання зычных паводле наяўнасці або адсутнасці мяккіх зычных можна ўзяць прыклады лапа-ліпа, ногі-неба. Успрыняўшы пары на слых, вучні вычляняюць у словах першыя склады і высвятляюць, у якіх з іх зычныя ўяўляюцца нам мяккімі, пяшчотнымі, а ў якіх – цвёрдымі, грубымі. Настаўнік павінен сказаць, што цвёрдыя і мяккія – гэта розныя гукі. Яны ўтвараюць пары: [л] – [л’], [н] – [н’]. У далейшым пры вывучэнні зацвярдзелых зычных гукаў [дж], [ж], [р], [ч] і інш. вучні даведваюцца, што яны так названы таму, што не маюць парных сабе мяккіх зычных.

Неабходна пазнаёміць другакласнікаў з падзелам зычных гукаў на цвёрдыя і мяккія, з парнымі цвёрдымі-мяккімі зычнымі гукамі, вучыць адрозніваць цвёрдыя зычныя гукі ад мяккіх, знаходзіць цвёрдыя і мяккія зычныя ў вымаўленых і пачутых словах. Важна засяродзіць увагу вучняў на сэнсаадрознівальнай ролі парных цвёрдых і мяккіх гукаў. У 2 класе вялікае месца адводзіцца засваенню асаблівасцей беларускай графікі, у прыватнасці складоваму прынцыпу абазначэння мяккасці і цвёрдасці зычных на пісьме. У беларускай мове, як і ў рускай, большасць цвёрдых зычных мае суадносныя з імі мяккія зычныя гукі. Аднак у беларускім алфавіце няма асобых літар зычных гукаў, якія абазначалі б цвёрдыя зычныя і мяккія зычныя гукі. У сярэдзіне слова перад галоснымі мяккасць і цвёрдасць зычных гукаў абазначаецца на пісьме наступнай літарай. Неабходна пазнаёміць другакласнікаў з тым, якія літары галосных гукаў ўказваюць на цвёрдасць зычнага гука, а якія – на мяккасць. Для фарміравання ў вучняў умення правільна абазначаць мяккасць і цвёрдасць зычных гукаў на пісьме вялікае значэнне маюць наступныя ўмовы: адрозніванне мяккіх і цвёрдых зычных гукаў у слове і правільнае вымаўленне іх па-за словам; трывалыя веды пра тое, што мяккасць або цвёрдасць зычнага гука абазначаецца наступнай літарай галоснага гука. На канцы слова і ў сярэдзіне перад іншым зычным мяккасць зычных гукаў звычайна абазначаецца ь. Засваенне дадзенага правіла вучнямі таксама заснавана на адрозненні мяккіх і цвёрдых зычных гукаў. Таму азнаямленне з правілам лепш праводзіць шляхам супастаўлення па лексічным значэнні і па гучанні слоў з цвёрдымі і мяккімі зычнымі гукамі на канцы (вугал - вугаль).

Зычныя гукі [д] - [дз']. Іх абазначэнне на пісьме

Пры знаёмстве з тэмай неабходна прыгадаць асаблівасці вымаўлення гукаў [д] - [дз'] і слоў з імі, вучыць дзяцей правільна вымаўляць гук [дз'] (каб правільна загучаў [дз'], трэба навучыцца добра вымаўляць [з']. Правільнае вымаўленне гука [ц'] – спрыяльная ўмова для пастаноўкі [дз']). Трэба вучыць адрозніваць на слых мяккі гук [дз'], абазначаць яго літарамі на пісьме, назіраць за гукамі [д] – [дз’] у словах тыпу горад – у горадзе, агарод – на агародзе і інш. Важна практыкаваць дзяцей у вылучэнні на слых слоў з гукам [дз'] і правільным іх вымаўленні, уключаць гэтыя словы ў актыўную лексіку (дзяўчынка, дзядуля, дзівосы і інш.).

Зычныя гукі [т] - [ц']. Іх абазначэнне на пісьме

Пры знаёмстве з тэмай трэба прыгадаць асаблівасці вымаўлення зычных гукаў [т] - [ц'] і слоў з імі, вучыць правільна вымаўляць гук [ц'] (каб правільна загучаў [ц'], трэба навучыцца добра вымаўляць [с']), адрозніваць на слых мяккі гук [ц'], вучыць абазначаць яго літарай на пісьме. Вельмі карыснымі з’яўляюцца практыкаванні на назіранне за гукамі [т] – [ц’] у парах слоў: жыта – у жыце і інш. Трэба практыкаваць дзяцей у вылучэнні на слых слоў з гукам [ц'], пашыраць іх слоўнікавы запас словамі з гэтым гукам, вучыць складаць з імі сказы і сачыць за вымаўленнем гукаў у маўленчай плыні.

Няпарныя цвёрдыя зычныя гукі. Правапіс слоў з імі

Неабходна пазнаёміць другакласнікаў з няпарнымі цвёрдымі зычнымі гукамі, узнавіць асаблівасці іх вымаўлення ў беларускай мове, пазнаёміць з абазначэннем гэтых гукаў на пісьме. Важна вучыць дзяцей кантраляваць арфаэпічную правільнасць вымаўлення няпарных цвёрдых зычных ва ўласным і чужым маўленні, вылучаць словы з гэтымі гукамі на слых, правільна ўжываць на пісьме літары галосных гукаў пасля няпарных цвёрдых зычных. Трэба звярнуць увагу вучняў на правапіс спалучэнняў літар жы, шы, жэ, шэ, цэ, пазнаёміць дзяцей з тым, што мяккі гук [ц'] і цвёрды гук [ц] не ўтвараюць пары па цвёрдасці - мяккасці, замацаваць веды вучняў пра абазначэнне на пісьме мяккага гука [ц'] і няпарнага цвёрдага гука [ц].

Звонкія і глухія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме

Звонкія і глухія зычныя вывучаюцца як супрацьпастаўленыя, кантрастныя гукі. Для гукавога аналізу трэба падабраць словы, якія адрозніваюцца па магчымасці толькі адным гукам: [ж]ар – [ш]ар, [д]ом – [т]ом, ка[з]а – ка[с]а. З гэтай мэтай можна параўноўваць склады (напрыклад [б]о – [п]о), а таксама толькі першыя гукі ў слове або ў пэўным складзе: [дж]ала – [ч]мель, на[г]а – му[х]а. Прыём вібрацыйнага кантролю дапаможа малодшым школьнікам самастойна размежаваць зычныя па звонкасці-глухасці. Неабходна прапанаваць дзецям прыкласці палец да гартані і паслядоўна вымавіць парныя зычныя, напрыклад [д]-[т], [з]-[с] і г.д.; пры вымаўленні звонкіх зычных будзе адчувацца голас (дрыжанне галасавых связак), пры вымаўленні глухіх ён адсутнічае. Неабходна ўстанавіць адпаведнасць паміж паняццямі “парные звонкие и глухие согласные звуки” ў рускай мове і “парныя звонкія і глухія зычныя гукі” ў беларускай мове, устанавіць адрозненні ў вылучэнні парных па звонкасці – глухасці зычных гукаў у рускай і беларускай мовах. Трэба, каб вучні трывала запомнілі парныя звонкія і глухія гукі. Гэта дапаможа сфарміраваць у дзяцей уяўленне аб фанетычнай сістэме беларускай мовы, акрамя таго набытыя веды спатрэбяцца пры выпрацоўцы некаторых арфаграфічных уменняў і навыкаў, напрыклад правапісу прыставак і каранёў. Важна сфарміраваць у другакласнікаў уяўленне аб залежнасці вымаўлення і перадачы на пісьме парных звонкіх – глухіх зычных гукаў ад пазіцыі ў слове (на канцы слова і ў сярэдзіне слова перад глухімі зычнымі адбываецца аглушэнне), дапамагчы дзецям засвоіць спосаб праверкі напісання слоў з парнымі звонкімі - глухімі зычнымі гукамі. Для гэтага трэба падабраць праверачнае слова, каб пасля гэтага зычнага з’явілася галосная, і гук загучаў выразна: дуб – дубы, бярозка – бяроза). Правільнае засваенне гэтай з’явы будзе садзейнічаць і правільнаму правядзенню гукавога аналізу, ліквідацыі блытаніны літар і гукаў, фарміраванню арфаграфічнага навыку правапісу парных звонскіх і глухіх зычных.

Падоўжаныя зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме

Асаблівасцю беларускай мовы з’яўляецца прысутнасць у ёй побач з зычнымі гукамі звычайнай працягласці і падоўжаных зычных. Неабходна пазнаёміць другакласнікаў з падоўжанымі зычнымі гукамі, з умовамі падаўжэння зычных гукаў, арганізаваць назіранні за вымаўленнем падоўжаных зычных, папрактыкаваць дзяцей у вылучэнні на слых слоў з падоўжанымі зычнымі (збожжа, калоссе, жыццё і інш.). Дзеці знаёмяцца з перадачай на пісьме падоўжаных зычных, з асаблівасцю перадачы на пісьме падоўжанага гука [дз'] (стагоддзе і інш.). Важна звярнуць увагу вучняў на перанос слоў з падоўжанымі зычнымі гукамі; на напісанне слоў беларускай мовы, падобных па гучанні да слоў з двайнымі зычнымі ў рускай мове (клас – класс, беларускі - белорусский).

Раздзяляльныя знакі – апостраф (’) і мяккі знак (ь)

Трэба пазнаёміць вучняў з правіламі ўжывання апострафа і раздзяляльнага мяккага знака, вучыць правільна вымаўляць і пісаць словы з апострафам і раздзяляльным мяккім знакам, адрозніваць словы з раздзяляльным мяккім знакам ад слоў, у якіх мяккі знак абазначае мяккасць зычнага (палью, Ульяна; соль, канькі і інш.). Важна выпрацоўваць у другакласнікаў уменні правільна пераносіць словы з раздзяляльнымі знакамі з аднаго радка на другі.

Націск. Націскныя і ненаціскныя склады

Націск – гэта фанетычны элемент мовы. Разам са складамі ён надае слову рытмічнае гучанне. Без націску няма ніводнага слова, у структуры якога больш, чым адзін склад. Навучыцца вызначаць націск можна толькі на слых або з дапамогай унутранай мовы. Поспех у многім залежыць, наколькі трывала засвоены тэмы “Галосныя і зычныя гукі”, “Склад”. Цяжкасці абумоўлены перш за ўсё недастатковай работай на ўроках па гука-літарным аналізе і складападзеле. Важна папярэдзіць памылкі дзяцей, калі яны ў пошуках націску падзяляюць слова на склады – тады кожны склад набывае націск, і дзеці не могуць правільна знайсці яго ў слове. Каб вызначыць націск, вырта выкарыстаць метадычны прыём “Пакліч слова”. У методыцы таксама існуе прыём, калі спачатку слова вымаўляецца з апавядальнай інтанацыяй, а потым – з пытальнай. Напрыклад: “На лузе пасвяцца козы. Козы?” Назіранні сведчаць, што дзеці з цяжкасцю могуць назваць першы склад перад націскам і склады пасля націску, з цяжкасцю ўспрымаюць рухомасць націску ў адным і тым жа слове (рэкі-рака, поле-палі). Таму трэба практыкаваць вучняў у называнні перад- і паслянаціскных складоў, у паслядоўным пераносе націску з аднаго склада на другі, трэці, у марфолага-акцэнталагічным змяненні слоў.

Важна пазнаёміць дзяцей з сэнсаадрознівальнай роляй націску, засяродзіць іх увагу на несупадзенні месца націску ў некаторых рускіх і беларускіх словах (крапіва′ – крапи′ва і інш.)

Галосныя гукі [о], [э] - [а]. Правапіс слоў з літарамі о, э – а

Пры вымаўленні галосных гукаў у націскным становішчы ў беларускай і рускай мовах разыходжанняў не назіраецца. У слабых пазіцыях, у якіх, як вядома, адбываюцца фанетычныя чаргаванні галосных, назіраюцца значныя разыходжанні (гара′ – го′ры, рака′ – рэ′чка і інш.). І для беларускай, і для рускай моў характэрным з’яўляецца аканне, але характар акання ў кожнай мове асаблівы. У беларускай мове ненаціскныя галосныя практычна не рэдуцыруюцца, а рускае аканне суправаджаецца рэдукцыяй (скарачэннем ненаціскных галосных). У выніку гэтага вымаўленне беларускіх і рускіх слоў, нават калі яны супадаюць па фанемным складзе, у практыцы зносін можа істотна адрознівацца. Таму неабходна пазнаёміць другакласнікаў з асаблівасцямі гукаў [о], [э] - [а] у беларускай мове, арганізаваць назіранні за вымаўленнем галосных гукаў [о], [э] у націскных складах, за вымаўленнем гука [а] замест [о], [э] у ненаціскных складах; пазнаёміць з правапісам літар о, э – а. На ўроках трэба вучыць дзяцей вымаўляць словы з гэтымі гукамі, правільна абазначаць іх літарамі на пісьме.

Правапіс слоў з літарамі е, ё – я

У беларускай і рускай мовах яшчэ больш значныя адрозненні назіраюцца ў вымаўленні ненаціскных галосных гукаў пасля мяккіх зычных. Па-першае, у беларускай мове пасля мяккіх зычных ненаціскныя галосныя значна не рэдуцыруюцца, а ў рускай мове наадварот. Па-другое, вымаўленне ненаціскных галосных пасля мяккіх зычных у беларускай мове характарызуецца яканнем, а ў рускай мове – іканнем. Гэтым нормам вымаўлення дзяцей неабходна вучыць спецыяльна. Трэба працягваць назіранні за вымаўленнем галосных гукаў у націскных і ненаціскных складах; вучыць знаходзіць першы, другі, трэці склады перад націскам, паслянаціскныя склады; пазнаёміць з правапісам літары я замест літар е, ё ў першым складзе перад націскам; вучыць ажыццяўляць выбар літары ў залежнасці ад становішча гука ў слове: снег – сняжынка – снегавы – Снягурка.

Алфавіт

Паставіў ён рады салдат,

Нібы павёў іх на парад.

Салдаты ўсе – адна сям’я.

Імёны іх – ад “А” да “Я”. (Алфавіт). М. Пазнякоў

Цяжкасці ў засваенні дзецьмі алфавіта заключаюцца ў тым, што на ўроках фанетыкі яны павінны карыстацца літаратурнымі назвамі літар, а па-за школай часта чуюць няправільныя назвы літар (“лэ”,”кэ”,“мэ”,”рэ” і інш.), на што трэба звяртаць увагу і папярэджваць запамінанне няправільных назваў літар. Алфавіт – гэта сукупнасць літар мовы, замацаваных у пэўным парадку. Ведаць алфавіт – г.зн. ведаць назвы літар і парадак іх размяшчэння, умець арыентавацца, пасля або перад якой знаходзіцца любая з літар. Вучні адначасова практыкуюцца і ва ўменні знаходзіць слова ў слоўніку, складаць спіс слоў у алфавітным парадку (па першай літары). Падчас гука-літарнага разбора вучні замацоўваюць уменне правільнага карыстання паняццямі “гук” і “літара”, аналізуюць якой літарай на пісьме абазначаны гук.

Настаўніку трэба грунтоўна ведаць пра функцыі літар е, ё, ю, я: абазначэнне галосных [э],[о],[у],[а] пасля літар мяккіх зычных і спалучэнне ёта з галоснымі ў пачатку слова (яма, елка); пасля галосных (маяк); пасля раздзяляльных знакаў (сям’я, палью). Ужыванне літар е, ё, ю, я ў дзвюх функцыях – асаблівасць беларускай графікі.

Напісанне вялікай літары ў словах

Першае знаёмства з правапісам вялікай літатры ў словах адбываецца ў перыяд навучання грамаце. У другім класе на ўроках беларускай мовы працягваецца фарміраванне ўменняў пісаць з вялікай літары імёны, імёны па бацьку, прозвішчы людзей, клічкі жывёл, назвы краін, гарадоў, вёсак, вуліц, мораў, рэк, азёр і г.д. Трэба праводзіць назіранні за асаблівасцямі вымаўлення імёнаў, імёнаў па бацьку, прозвішчаў людзей у беларускай мове, за правапісам агульных і ўласных назваў, дыферэнцыйнымі напісаннямі (Паша - паша). У школах з рускай мовай навучання мэтазгодна прыгадаць з урокаў рускай мовы, калі пішацца ў словах вялікая літара, і паказаць дзецям, што правілы яе напісання ў беларускай мове такія ж, як і ў рускай.

Умовы фарміравання фанетыка-графічных уменняў і навыкаў

Умовамі паспяховага фарміравання фанетыка-графічных навыкаў з’яўляюцца: 1) вывучэнне тэорыі з апорай на практычнае засваенне мовы і моўнае чуццё; 2) сістэматычная трэніроўка слыху, маторыкі рукі, наданне пільнай увагі прагаворванню слоў, артыкуляцыі асобных гукаў і іх спалучэнняў (фанетычныя зарадкі на кожным уроку);

3) сістэматычнае выкарыстанне ўзораў выдатнага вымаўлення і каліграфічнага пісьма.

Шмат увагі трэба надаваць аўдзіраванню (успрыманню твораў на слых на ўроку і ў пазаўрочны час у выкананні настаўніка, вядомых майстроў слова; наведванне дзіцячых спектакляў і інш.), паколькі гэты від маўленчай дзейнасці развівае фанематычны слых, слыхавую памяць, дапамагае вучням пачатковых класаў авалодаць фанетычным ладам мовы.

Выпрацоўка навыкаў літаратурнага вымаўлення

Фарміраванне навыкаў літаратурнага вымаўлення пачынаецца ў букварны перыяд – з выдзялення і засваення гука –і працягваецца на ўроках беларускай мовы (граматыкі і правапісу), на ўроках чытання і іншых вучэбных прадметаў, а таксама пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў.

У працэсе вывучэння раздзела “Гукі і літары” дзеці авалодваюць літаратурным вымаўленнем галосных і зычных гукаў, вымаўленнем некаторых спалучэнняў зычных, націскам. Набытыя ўменні ўдасканальваюцца пры вывучэнні іншых тэм і раздзелаў праграмы. Адначасова вядзецца работа над развіццём моўнага слыху і артыкуляцыйнага апарату, г.зн. фарміруецца здольнасць кіраваць сілай голасу, захоўваць патрэбны рытм, тэмп мовы.

Назіранні за вымаўленнем вучняў пачатковых класах на розных этапах навучання і ў розных сітуацыях (на ўроках – у час вусных адказаў, пры пераказе прачытанага, пры чытанні на памяць, у размовах пасля ўрокаў) паказваюць, што парушэнні норм літаратурнага вымаўлення абумоўлены ў асноўным 2 прычынамі: 1) уплывам дыялектаў і асаблівасцей вымаўлення ў той мясцовасці, дзе нараджаецца і расце дзіця;

2)уплывам напісання.

Галоўныя фанетычныя рысы беларускай мовы – аканне і яканне, дзеканне і цеканне, своеасаблівае (шчыліннае) вымаўленне зычнага [г], цвёрдасць гукаў [р], [ч], спецыфічна беларускія гукі [дз], [дж], [ў] – дзеці засвойваюць рана, аднак будучыя школьнікі засвойваюць і амаль усе дыялектныя рысы роднай гаворкі, у тым ліку і памылкі пастаноўкі націску (да паба′чэння і інш.).

Другая галоўная прычына адхілення ад літаратурныга вымаўлення – уплыў напісання: пры чытанні дзеці вымаўляюць гукі ў адпаведнасці з графічным складам слова. Напрыклад, чытаючы па літарах, першаскласнікі памылкова вымаўляюць: гляд-зець, сяд-жу, урад-жай. Неабходна адпрацоўваць суцэльнае вымаўленне гукаў [дз], [дж] і тлумачыць, што на пісьме яны перадаюцца спалучэннем літар дз і дж. Уплыў напісання адчуваецца і пры вымаўленні слоў тыпу бераг, агарод, мароз (апошні зычны ў гэтых словах у адпаведнасці з літаратурнай нормай павінен вмыаўляцца як глухі, а таксама ў словах тыпу дарожка, лодка, лёгкі (зычныя ў становішчы перад шлухімі павінны аглушацца).

У пачатковых класах у адпаведнасці з праграмай і асноўнымі правіласмі сучаснай беларускай мовы вучні павінны засвоіць:

  1. вымаўленне націскных і ненаціскных галосных;
  2. вымаўленне зычных;
  3. вымаўленне спалучэнняў суседніх зычных гукаў – з улікам розных асімілятыўных змяненняў;
  4. правільнае вымаўленне асобных граматычных форм, якія ў мясцовых гаворках гучаць інакш, чым у літаратурнай мове.

Засваенне вучнямі арфаэпічных норм літаратурнай мовы дасягаецца ў асноўным у працэсе навучання і ў выніку пераймання. Асноўнымі прыёмамі фарміравання арфаэпічных навыкаў у працэсе навучання трэба лічыць:

1) азнаямленне дзяцей з правіламі арфаграфіі і параўнанне, як слова гуць і як пішацца;

2) кароткае вуснае апісанне артыкуляцыі гука;

3) правільнае вымаўленне гука настаўнікам;

4) правільнае вымаўленне гэтага гука вучнямі ў словах і выкананне іншых фанетычных практыкаванняў (завучванне скорагаворак, вершаваных радкоў і г.д.);

5) удакладненне артыкуляцыі вучняў і сістэматычнае выпраўленне памылак.

Вельмі важны ўзор літаратурнай мовы дае настаўнік. Ёе служыць сапраўдным прыкладам для вучня, таму што, па словах К.Дз. Ушынскага дзеці “больш за ўсё вучацца, пераймаючы”.

Пад перайманнем ў працэсе навучання арфаэпіі трэба разумець шматразовае паўтарэнне вучнямі гука ці спалучэння гукаў паводле дадзенага ўзору. Перайманне ў шырокім сэнсе – гэта засваенне арфаэпічных норм без спецыяльнага навучання (засваенне арфаэпічных асаблівсцей моўнага асяроддзя).

Мэтазгодна выкарыстоўваць тэхнічны сродкі навучання (магнітафон, аўдыязапіс, радыё), праслухоўваць народныя казкі, урыкі з твораў розных жанраў у выкананні майстроў слова. Поспех у засваенні залежыць ад усёй сістэмы работы настаўніка, пачынаючы ад бездакорнай мовы настаўніка і заканчваючы выпраўленнем кожнай памылкі, якую дапусціў вучань.

 

УМК

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў
задание УМК
подробнее

Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее