Формы, метады і прыёмы навучання беларускай мове
Метады навучання вызначаюцца спосабамі працы настаўніка і адпаведнымі ім спосабамі працы вучняў. Яны ўяўляюць сабой паслядоўнасць дзеянняў, якія выконваюцца настаўнікам і вучнямі ў працэсе навучання. Любы метад навучання прадугледжвае: а) вызначэнне мэты навучання, што ўплывае на ўсю сістэму ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў; б) вызначэнне спосабу падачы матэрыялу вучням, што дазваляе вылучыць славесныя, нагляныя, практычныя метады; в) вызначэнне характару узаемадзеяння настаўніка і навучэнцаў, што дазваляе вылучыць рэпрадуктыўныя і прадуктыўныя метады; г) вызначэнне характару ацэнкі засваення і вылучэнне крытэрыяў ацэнкі. Прыём навучання – канкрэтны, прыватны сродак рэалізацыі метаду. Сукупнасць прыёмаў, якія падпарадкоўваюцца агульнай мэце, складае метад навучання.
Метад навучання з’яўляецца агульнадыдактычнай катэгорыяй. У методыцы выкладання беларускай мовы выкарыстоўваюцца і інтэрпрэтуюцца агульнадыдактычныя метады, а таксама распрацоўваюцца спецыяльныя метады, абумоўленыя спецыфікай вучэбнага прадмета “Беларуская мова”. Пры вывучэнні асобных тэм школьнага курса беларускай мовы ў пачатковых класах найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца наступныя метады навучання: моўны аналіз, моўны сінтэз (канструяванне), расказ настаўніка, метады, эўрыстычная гутарка, наглядныя, гульнявыя і камунікатыўныя метады.
Моўны аналіз. Яго сутнасць заключаецца ў падзеле вывучаемага цэлага на часткі з мэтай пранікнення ў сутнасць з’яў. Віды моўнага аналізу, якія выкарыстоўваюцца ў 1 – 4 класах: моўны аналіз тэксту, сінтаксічны аналіз сказа, марфалагічны аналіз назоўніка, прыметніка, дзеяслова, займенніка, марфемны аналіз, элементы словаўтваральнага аналізу, аналіз і характарыстыка лексікі, фанетычны аналіз, элементы стылістычнага аналізу. Розныя віды моўнага аналізу часта выкарыстоўваюцца ў сукупнасці. Гэта дазваляе актывізаваць увесь аб’ём моўных ведаў і уменняў навучэнцаў, пастаянна ўзнаўляць і ўдакладняць яго. Моўны аналіз выкарыстоўваецца на этапах вывучэння новай тэмы і яе замацавання ў наступных варыянтах: поўны і частковы, вусны і пісьмовы. Пісьмовы аналіз часта ўтрымлівае графічныя элементы: умоўнае падкрэсліваннне, пабудову схем, мадэлей.
Моўны сінтэз (канструяванне). Яго сутнасць заключаецца ў складанні цэлага з частак. У 1 – 4 класах выкарыстоўваюцца наступныя віды вучэбнага моўнага канструявання: гукавы сінтэз (складанне слоў з гукаў і іх спалучэнняў), літарны сінтэз (складанне слоў з літар); утварэнне слоў з прапанаваных марфем; складанне гнёздаў аднакаранёвых слоў; утварэнне форм слоў; утварэнне словазлучэнняў і сказаў розных тыпаў; складанне тэкстаў розных тыпаў. У канструяванні шырока выкарыстоўваюцца мадэлі і схемы: гукавыя і літарныя мадэлі слоў, мадэлі складовага саставу слова, мадэлі словазлучэнняў і сказаў, схемы пабудовы тэксту. Пры канструяванні сказаў і тэкстаў звычайна захоўваецца такая паслядоўнасць працы: аналіз узора, які належыць майстру слова – пабудова мадэлі сказа (тэксту) – вучэбнае канструяванне па мадэлі.
Наглядныя метады. Да іх належаць такія метады, пры якіх засваенне вучэбнага матэрыялу знаходзіцца ў істотнай залежнасці ад таго, які наглядны дапаможнік і тэхнічныя сродкі выкарыстоўваюцца ў працэсе навучання. Наглядныя метады выкарыстоўваюцца ва ўзаемасувязі са славеснымі і практычнымі. Іх прымяненне робіць больш даступным для разумення прапанаваны моўны матэрыял. Наглядна-слыхавыя метады накіраваны на вывучэнне мовы ў яе акустычнай форме. Славесная нагляднасць ўключае аналіз выразнага чытання, размежаванне сэнсавых адценняў маўлення, назіранні за інтанаваннем сказаў розных тыпаў, размежаванне на слых слоў, падобных па гучанні. Зрокавая нагляднасць на ўроках мовы выконвае дапаможную ролю. Рэпрадукцыі карцін і ілюстрацыі выкарыстоўваюцца для арганізаці працы па развіцці маўлення вучняў (слоўнікавая праца, праца па развіцці звязнага маўлення). Аналіз табліц, схем, мадэлей шырока прымяняецца пры вывучэннні граматычнага матэрыялу, выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў.
Паведамленне настаўніка. Сутнасць метаду заключаецца ў тым, што настаўнік выкладае новую тэму сам, у строгай логіцы, дастаткова высокім навуковым стылем.У такім выкладзе матэрыялу павінны прысутнічаць элементы разважання і доказу. Ён павінен суправаджацца даступнымі прыкладамі, нагляднымі запісамі на дошцы, выкарыстаннем табліц, схем, плакатаў. Працягласць такога паведамлення не павінна перавышаць 7‑ 8 мінут.
Гутарка. Сутнасць метаду заключаецца ў мэтанакіраваным абмеркаванні моўнага матэрыялу. Гэта арганізаваны і падрыхтаваны дыялог настаўніка з вучнямі на загадзя выбраную тэму. Выкарыстоўваецца гэты метад тады, калі матэрыял не з’яўляецца для вучняў абсалютна новым, а новая тэма можа быць супастаўлена з ужо вядомым. Вылкчаюць такія разнавіднасці гутаркі:
- падрыхтоўчая,
- паведамляльная,
- узнаўляльная,
- паўтаральна-абагульняльная
Эўрыстычныя (пошукавыя метады)
Метады навучання праз адкрыцці, рашэнне суб’ектыўна творчых задач. Гэтыя метады з’яўляюццаасновай развіццёвага навучання і вучаць навучэнцаў бачыць і ўсведамляць праблему. Усведамленне праблемы мае 3 ступені самастойнасці:
- разуменне сітуацыі, якая выклікае пытанні;
- усведамленне магчымага спосабу рашэння задачы, дасягнення мэты;
- параўнанне некалькіх спосабаў рашэння, выбар аптымальнага варыянту.
Да ліку пошукавых метадаў належаць дыялог, які падводзіць да рашэння праблемы (эўрыстычная гутарка), пабуджальны дыялог, прадуктыўныя заданні, лінгвістычны эксперымент. Дыялог, які падводзіць да рашэння праблемы – сістэма пытанняў і заданняў, лагічны ланцужок, дзе з аднаго звяна плаўна выцякае другое. Пабуджальны дыялог – гэта асобныя фразы: яго рэплікі для ўсведамлення супярэчнасці і фармулявання праблемы, для вылучэння і праверкі гіпотэз не звязаны паміж сабой строга. Выкананне прадуктыўных заданняў прадугледжвае, каб кожны вучань самастойна выразіў атрыманыя на ўроку веды і прад’явіў свой вынік класу. Тыпы прадуктыўных заданняў: фармуляванне тэмы ўрока, апорных пытанняў, складанне апорнага сігнала (сімвал, схема, табліца, апорныя словы), складанне загадак, вершаў пра пэўную моўную з’яву. У ходзе лінгвістычнага эксперыменту выпрабоўваецца найбольш мэтазгоднае ўжыванне моўных сродкаў, або тлумачыцца іх аўтарскі выбар у канкрэтным тэксце. Для гэтага праводзіцца замена, падстаноўка, аднаўленне слоў, словазлучэнняў, сказаў.
Дыдактычная гульня. Дыдактычная гульня вядзе навучэнцаў па шляху пазнання. Гэты метад актыўна выкарыстоўваецца на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах. Функцыі гульні: а) зрабіць больш лёгкім вучэбны працэс, ажывіць яго (гэтаму спрыяюць казачныя элементы, займальныя тэксты, малюнкі); б) “тэатралізацаваць” вучэбны працэс (гэтаму садзейнічае ўвядзенне казачных персанажаў, выкарыстанне ролевых дыялогаў і палілогаў, чытанне па ролях, інсцэніраванне, складанне самімі вучнямі разнастайных практыкаванняў, творчых заданняў); в) спаборніцкая (гульня ўключае ва ўрок элемент спаборніцтва, конкурса, узбуджае актыўнасць, імкненне да перамогі).
Кожная дыдактычная гульня накіравана на замацаванне ў займальнай форме пэўнай моўнай з’явы, якая вывучаецца на ўроку. Пажадана, каб гульня мела цікавую для вучня назву, развівала пазнавальны інтэрэс і матывавала да актыўнага вывучэння прадмета. Час правядзення дыдактычнай гульні - 5-6 хвілін. Вучні павінны добра разумець правілы гульні і іх выконваць. Неабходна прадумаць падвядзенне вынікаў гульні і зрабіць кароткае абагульненне па тэме, якая замацоўвалася ў час гульні.
Камунікатыўныя метады. Гэтыя метады прымяняюцца для развіцця камунікатыўных здольнасцей вучняў, навучання іх выкарыстанню мовы ў розных сітуацыях зносін. Яны ўцягваюць навучэнцаў у свет моўнай мэтазгоднасці, спрыяюць разуменню неабходнасці кожнай моўнай адзінкі ў сістэме мовы. Пры вывучэнні граматычнага курса мовы прадугледжваецца ўвядзенне сітуацыйных вучэбных задач, накіраваных на выпрацоўку ў вучняў індывідуальных здольнасцей арыентавацца ва ўмовах зносін, на фарміраванне індывідуальных здольнасцей планаваць маўленчую дзейнасць у пэўных умовах, на кантроль развіцця камунікацыі ў цэлым і сваёй дзейнасці ў прыватнасці. Прымяненне камунікатыўных метададаў звязана з выкарыстаннем у працэсе навучання камунікатыўных практыкаванняў (складанне дыялогаў, індывідуальных выказванняў у адпаведнасці з прапанаванай тэмай або сітуацыяй, калектыўная гутарка, дыскусія па пэўнай тэме) і такіх метадычных прыёмаў, як драматызацыя паводле сюжэта вядомай казкі, славеснае маляванне, гульня ў перакладчыка, выпраўленне свайго і чужога маўлення, каменціраванне маўлення.
Праграмаванае навучанне і электронныя сродкі навучання(ЭСН).
Для праграмаванага навучання характэрныя а) дакладнае структураванне вывучаемага матэрыялу; б) падача матэрыялу вучню малымі дозамі; в) адваротную сувязь(самакантроль пасля кожнага кроку). Матэрыял падаецца вучню індывідуальна, кожны працуе ў сваім тэмпе.Самакантроль чаргуецца з пытаннямі, якія задаюцца настаўніку або камп’ютару. У пачатковым навучанні беларускай мове шырокае распаўсюджанне атрымалі электронныя сродкі навучання – праграмныя сродкі, у якіх у пэўнай меры адлюстроўваецца тэхналогія вывучэння прадметнай вобласці “беларуская мова” сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і забяспечваюцца ўмовы для ажыццяўлення розных відаў вучэбнай дзейнасці. Выкарыстанне ЭСН ў працэсе навучання беларускай мове дазваляе забяспечыць інтэрактыўны дыялог, камп’ютарную візуалізацыю вучэбнай інфармацыі. Распрацаваныя і рэкамендаваныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь арфаграфічныя трэнажоры і інтэрактыўныя гульні па беларускай мове для 2 – 4 класаў змешчаны на электронным адукацыйным рэсурсе http://e-vedy.adu.by. Улічваючы тэхнічныя магчымасці кожнай асобнай установы адукацыі, праца з імі арганізоўваецца настаўнікам франтальна на ўроку, або індывідуальна з асобнымі вучнямі на стымулюючых і падтрымліваючых занятках.
Метад практыкавання. Гэты метад прадугледжвае шматразовае, свядомае паўтарэнне разумовых і практычных дзеянняў з мэтай фарміравання, замацавання і ўдасканалення неабходных моўных і маўленчых уменняў і навыкаў. Практыкаванні падзяляюцца на аналітычныя, сінтэтычныя і аналітыка-сінтэтычныя. Іх выкананню павінна папярэднічаць трывалае засваенне тэарэтычнага моўнага матэрыялу навучэнцамі і інструктаж з боку настаўніка. Гэта дазваляе вучням паэтапна ўзнаўляць дзеянні, неабходныя для фарміравання навыкаў разумовых аперацый, з паступовым іх ускладненнем, павышэннем ўзроўню складанасці, уключэннем элементаў творчасці.
Формы навучання беларускай мове. Дзейнасць навучэнцаў па засваенні зместу прадметнай вобласці “беларуская мова” ажыццяўляецца ў разнастайных формах.
Форма навучання – знешняе ўладкаванне ўзгодненай вучэбнай дзейнасці настаўніка і вучняў. Яна залежыць ад мэт, зместу, метадаў і сродкаў навучання, матэрыяльных умоў, складу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. У працэсе навучання беларускай мове выкарыстоўваюцца разнастайныя формы, якія класіфікуюцца па колькасці навучэнцаў, часе і месцы навучання, паслядоўнасці яго ажыццяўлення. Выдзяляюць індывідуальныя, групавыя, франтальныя, парныя, класныя і пазакласныя, школьныя і пазашкольныя формы навучанння.
Асноўнай формай навучання беларускай мове ў пачатковых класах з’яўляецца ўрок. На класічным уроку актыўна выкарыстоўваюцца індывідуальная, групавая, франтальная, калектыўная, парная формы працы. Індывідуальная форма працы прадугледжвае ўзаемадзеянне настаўніка з адным вучнем. Групавая форма навучання заснавана на працы вучняў у групах, ствараемых на разнастайных асновах. Франтальная форма навучання мае на ўвазе працу настаўніка адразу з усімі вучнямі ў адзіным тэмпе і з агульнымі задачамі.

RSS





















