Напрамкі развіцця маўлення навучэнцаў пачатковых класаў
Праца па развіцці маўлення ўключае фарміраванне і аўтаматызацыю маўленчых навыкаў — вымаўленчых і інтанацыйных, лексічных і граматычных, а таксама навучанне ўсім відам маўленчай дзейнасці (аўдзіраванню, гаварэнню чытанню і пісьму) і развіццё адпаведных уменняў. Вылучаюць чатыры кірункі (напрамкі) працы па развіцці маўлення:
1) праца над гукавым бокам маўлення (вымаўленчы ўзровень);
2) праца са словам (лексічны ўзровень);
3) праца над граматычнай формай слова, праца са словазлучэннем і сказам (граматычны ўзровень);
4) праца па развіцці звязнага маўлення (узровень тэксту).
Праца над гукавым бокам маўлення (вымаўленчы ўзровень)
Правільнае літаратурнае вымаўленне вучняў павінна быць у цэнтры ўвагі настаўніка. Вымаўленчы ўзровень развіцця маўлення прадугледжвае працу над галасавымі данымі, над націскам (слоўным і фразавым(лагічным)), над арфаэпічнымі нормамі, над тэмпам маўлення і паўзамі, над сэнсавымі і эмацыянальнымі інтанацыямі.
Націск у слове засвойваецца запамінаннем (у працэсе чытання або ў практыцы гаварэння). Трэба прывучаць навучэнцаў карыстацца слоўнікам у выпадку ўзнікнення цяжкасцей у вызначэнні націскнога склада ў слове.
Арфаэпічныя нормы засвойваюцца навучэнцамі у працэсе практыкаванняў. Яны накіраваны на:
1) папярэджанне “арфаграфічнага” вымаўлення, якое фарміруецца а) пад уплывам методыкі навучання грамаце і б) пры арфаграфічным прагаворванні слоў;
2) вывучэнне цяжкіх выпадкаў вымаўлення [на рэ¢цы], [дошч], [с'в'э¢тлы];
3) выкарыстанне асноўных знакаў транскрыпцыі, што дапамагае ў фанетыным аналізе і выпрацоўцы навыкаў правільнага вымаўлення.
Напрамкі работы на вымаўленчым ўзроўні:
- праца над тэхнікай маўлення, якая разумеецца як вынік правільнага дыхання, выразнай дыкцыі;
- практычнае засваенне навучэнцамі арфаэпічных норм беларускай літаратурнай мовы;
- удасканальванне інтанацыйных навыкаў навучэнцаў.
Праца над тэхнікай маўлення
Дыханне бывае фізіялагічным (неадвольным) і маўленчым (працэс кіруемы, адвольны). У ходзе чытання ўслых і гаварэння фізіялагічнага дыхання не хапае, у гэтым выпадку мае месца маўленчае дыханне.
Задачы развіцця маўленчага дыхання:
1) неабходна трэніраваць доўгі выдых, а не ўменне ўдыхаць шмат паветра;
2) неабходна трэніраваць уменне рацыянална расходаваць і своечасова аднаўляць запас паветра ў момант маўлення.
У працы над тэхнікай маўлення важным з’яўляецца ўдасканаленне дыкцыйных навыкаў навучэнцаў, якое заключаецца ў выхаванні ў навучэнцаў чысціні і яснасці вымаўлення асобных гукаў, складоў, слоў, фраз.
Напрамкі па пераадоленню недахопаў функцыянавання маўленчай базы навучэнцаў пачатковых класаў:
1) правядзенне артыкуляцыйнай гімнастыкі, накіраванай на развіццё і ўмацаванне мышц губ, языка, сківіц, рота;
2) арганізацыя практыкаванняў для адпрацоўкі артыкуляцыі асобных гукаў.
Найбольш прыдатны дыдактычны матэрыял для адпрацоўкі дыкцыйных навыкаў – скорагаворкі, чыстагаворкі.
Паслядоўнасць работы са скорагаворкай:
1) павольнае, размеранае вымаўленне скорагавокі (чыстагаворкі) настаўнікам;
2) асэнсаванне змястоўнага боку (можа суправаджацца дэманстрацыяй нагляднасці);
3) паўторнае, з узмоцненай (яркай) артыкуляцыяй, вымаўленне скорагаворкі настаўнікам;
4) выяўленне навучэнцамі гука, які паўтараецца; харавое, павольнае вымаўленне;
5) індывідуальнае вымаўленне ў адпаведнасці з прапанаванымі абставінамі;
6) аналіз выканання практыкавання з пункту гледжання паспяховасці рашэння дыкцыйных і інтанацыйных задач.
Засваенне навучэнцамі арфаэпічных норм беларускай літаратурнай мовы
У дзіцяці-дашкольніка, якое чуе і ўспрымае толькі вусную форму маўлення, навыкі гаварэння выпрацоўваюцца неўсвядомлена, пад уплывам натуральнага маўленчага акружэння. У пачатковых класах асноўным механізмам авалодання вымаўленчымі нормамі застаецца імітацыя, прычым важнейшым фактарам становіцца вуснае маўленне настаўніка.
Аднак з’яўляюцца новыя абставіны – працэс засваення арфаэпічных норм працягваецца пад значным уздзеяннем напісання, якое з’яўляецца крыніцай найбольш тыповых, агульных для ўсіх навучэнцаў арфаэпічных памылак. Задача настаўніка – папярэджанне і ўстараненне адмоўнага ўздзеяння напісання.
Удасканальванне інтанацыйных навыкаў навучэнцаў
Інтанацыя – гукавы сродак мовы, пры дапамозе якога, той, хто гаворыць і той, хто слухае, вылучаюць у маўленчай плыні выказванне і яго сэнсавыя часткі, супрацьпастаўляюць выказванні па сваёй мэце і перадаюць суб’ектыўныя адносіны да выказваемага.
Элементы інтанацыі:
а) мелодыка (павышэнне і паніжэнне тону);
б) інтэнсіўнасць (дынамічны кампанент);
в) тэмп; паўза;
г) тэмбр як сродак выражэння эмоцый.
Рэалізацыя функцыянальнага падыходу да вывучэння дадзенай з’явы патрабуе ў мэтах навучання ўмоўнага размежавання эмацыянальнай і сэнсавай (лагічнай, граматычнай) інтанацыі. Пачынаць працу трэба з паглыбленага разгляду эмацыянальнай інтанацыі.
У якасці важнага сродку развіцця інтанацыйных уменняў навучэнцаў неабходна выкарыстоўваць маўленчую сітуацыю, якая забяспечвае ўзнікненне жывых, натуральных інтанацый. Пачынаць удасканаленне інтанацыйных уменняў навучэнцаў неабходна з дыялагічнага маўлення, а потым паступова пераходзіць да ўдасканалення маналагічнага маўлення.
Праца са словам (лексічны ўзровень)
Мэты ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў:
1) колькаснае павелічэнне і якаснае ўдасканальванне слоўнікавага запасу школьнікаў;
2) навучанне ўменню карыстацца даўно вядомымі і новымі словамі.
Якаснае ўдасканальванне слоўнікавага запасу заключаецца:
а) ва ўдакладненні лексічнага значэння і сферы выкарыстання вядомых дзецям слоў;
б) у замене нелітаратурных слоў у слоўніку дзяцей літаратурнымі;
в) у азнаямленні з невядомымі вучням лексічнымі значэннямі мнагазначных слоў.
Колькасна-якаснае ўдасканаленне слоўніка вучняў стварае ўмовы для навучання школьнікаў уменню выкарыстоўваць вядомыя і новыя словы ў сваім маўленні. Рэалізацыя другой мэты ўзбагачэння слоўнікавага запасу прадугледжвае працу над кантэкстным выкарыстаннем слоў – над дакладнасцю і мэтазгоднасцю ўжывання слоў у залежнасці ад мэты, тэмы, сітуацыі і стылю тэксту, які ствараецца.
Кожны чалавек валодае пэўнай часткай лексікі сваёй нацыянальнай мовы. Гэтая частка з’яўляецца яго ўласным слоўнікавым запасам. У псіхалогіі і методыцы выкладання мовы ў слоўнікавым запасе носьбіта мовы выдзяляюць актыўную і пасіўную часткі. Адрозненне актыўнай часткі ўласнага слоўнікавага запасу вучня ад пасіўнай заключаецца ва ўзроўні валодання словам (суаднясенне яго з рэаліяй або паняццем, веданне яго семантыкі, спалучальнасці і сферы выкарыстання).
У дзіцячым узросце межы паміж актыўнай і пасіўнай часткамі ўласнага слоўнікавага запасу вучня даволі рухомыя: актыўны слоўнік павялічваецца дзякуючы новым словам і пераходу слоў з пасіўнай у актыўную частку ўласнага слоўнікавага запасу.
Крыніцы ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў
Крыніцы ўзбагачэння слоўнікавага запасу падзяляюцца на тыя, якія ўспрымаюцца:
1) зрокава (чытанне кніг, падручнікаў, перыядычных выданняў);
2) на слых (маўленне настаўніка, аднагодкаў, дарослых, слуханне радыё, наведванне тэатральных пастановак);
3) адначасова зрокава і на слых (прагляд дыяфільмаў, тэлеперадач, кінафільмаў, наведванне музеяў, выстаў).
Змест працы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў складае пэўны спіс слоў (слоўнік), значэнне якіх павінна быць растлумачана дзецям і выкарыстанню якіх яны павінны быць навучаны.Слоўнікі для слоўнікавай працы складаюцца з улікам:
1) граматыка-арфаграфічных цяжкасцей слоў;
2) іх сэнсавай каштоўнасці для ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў. Першы падыход да адбору слоў складае граматыка-арфаграфічны кірунак у слоўнікавай працы (аб’ядноўвае слоўнікава-марфалагічны, слоўнікава-арфаэпічны, слоўнікава-марфемны і слоўнікава-арфаграфічны віды працы над словам), другі ‑ семантычны кірунак (аб’ядноўвае слоўнікава-семантычны і слоўнікава-стылістычны віды працы над словам).
Адзінкамі зместу працы па ўзбагачэнні слоўніка вучняў з’яўляюцца словы і іх лексічныя значэнні. Адзінкамі вучэбнага працэсу з’яўляюцца словы і групы слоў, якія ўключаюцца настаўнікам ва ўрокі (вучэбна-тэматычныя спісы слоў).
Вылучаюць наступныя прынцыпы адбору тэматычных груп:
- сацыяльна-камунікатыўны (паколькі ў жыцці чалавек выконвае розныя сацыяльныя ролі, то для паспяховых зносін у розных сацыяльных сферах ён павінен валодаць неабходным наборам лексікі, якая абслугоўвае кожную са сфер камунікацыі);
- міжпрадметна-камунікатыўны (паколькі паміж мовай і астатнімі дысцыплінамі школьнага курса існуюць мэтавыя і зместавыя супадзенні, якія выражаюцца ў форме міжпрадметнага матэрыялу, гэты матэрыял становіцца багатай крыніцай для ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў на ўроках мовы).
Выдзяляюць наступныя прынцыпы адбору слоў для тэматычных груп:
- частотны (са слоўніка, што складае аснову лексіка-семантычнай групы, адбіраецца лексіка, якая частотна выкарыстоўваецца ў тэкстах розных стыляў);
- камунікатыўны (гэты прынцып прымушае ўлічваць патрэбнасці камунікацыі);
- сістэмны (у адпаведнасці з ім у лексіка-семантычную групу ўключа-юцца нечастотныя словы, якія поўнасцю ахопліваюць усю групу);
- стылістычны (забяспечвае ўключэнне ў слоўнік эмацыянальна і стылістычна афарбаваных слоў).
Прыёмы семантызацыі слова
Пераўтварэнне ў свядомасці навучэнцаў незнаёмага гукакомплексу ў слова-знак, якое ажыццяўляецца настаўнікам пры дапамозе спецыяльных метадычных сродкаў, называецца семантызацыяй слова. Прыём семантызацыі слова – гэта спосаб замацавання ў свядомасці вучняў гучання і значэння слова ў адзінае цэлае.
Вылучаюць наступныя асноўныя прыёмы семантызацыі слова:
1. Семантычнае азначэнне – гэта сумесная дзейнасць настаўніка і вучняў, накіраваная на падбор і стварэнне мінімальна разгорнутага тлумачэння лексічнага значэння слова, якое ўключае ў сябе як родавыя, так і відавыя сэнсавыя кампаненты, што адлюстроўваюць асноўныя родавідавыя прыметы рэаліі (напрыклад: заклічка – дзіцячая песенька, у якой звяртаюцца да з’яў прыроды).
2. Структурна-семантычная матывацыя прызначана для складання семантычнага азначэння незнаёмага слова ў працэсе сумеснай дзейнасці настаўніка і вучняў. Яна прымяняецца пры тлумачэнні лексічнага значэння слоў з выразнай унутранай формай (напрыклад: гасцінны ‑ які любіць прымаць і частаваць гасцей).
3. Супастаўленне з вядомым вучням словам заключаецца ў пераносе лексічнага значэння знаёмага сіноніма або антоніма на слова, якое тлумачыцца. У выніку ў вучня ствараецца агульнае ўяўленне пра лексічнае значэнне новага для яго слова, паколькі паміж сінонімамі і антонімамі няма поўнай тоеснасці (напрыклад: штукар – выдумшчык, жартаўнік, спаткацца‑ супрацьлеглае па значэнні да слова расстацца).
4. Нагляднасць – паказ самога прадмета (яго муляжа, макета, малюнка), які называецца словам. Нагляднасць выкарыстоўваецца для тлумачэння слоў з канкрэтным значэннем.
5. Кантэкст – слоўнае акружэнне (словазлучэнне, сказ, тэкст) – дае толькі самае агульнае ўяўленне пра слова. Часцей ён выяўляе родавую прыналежнасць рэаліі. Кантэкст становіцца прыёмам семантызацыі пры ўмове, калі ў ім ёсць знаёмае дзецям апорнае слова, праз семантыку якога адбываецца тлумачэнне сэнсу незнаёмага слова. (напрыклад: Стаяць апушаныя снегам дрэвы. Мякка пахруствае пад нагамі лёгкі, пульхны сняжок. Пульхны – гэта пушысты¸ мяккі, як пух.)
Слоўнікава-семантычная пра-ца на ўроках бе-ларускай мовы
Незнаёмыя словы ўводзяцца на ўроку асобна або групай на адну тэму. Тэматычная падача на ўроку новай для вучняў лексікі лічыцца адным з вядучых шляхоў узбагачэння і ўпарадкавання дзіцячага слоўніка.Паспяхова засвойваецца за ўрок 2-3 (максімум 3-4) словы.
Для замацавання ў свядомасці навучэнцаў семантыкі новага для іх слова, для паказу яго тыповай лексічнай спалучальнасці выкарыстоўваюцца слоўнікава-семантычныя практыкаванні. Да іх належаць: складанне словазлучэнняў, сказаў, тэматычных або лексіка-семантычных груп слоў, пазнаванне слова па яго семантычным азначэнні, напісанне творчых работ па апорных словах.
Слоўнікава-стылістычная праца на ўроках беларускай мовы
Навучанне выбару слоў звязана з навучаннем дзяцей уменню ствараць тэксты розных тыпаў і стыляў. Вучнёўскія звязныя выказванні з пункту гледжання ўзбагачэння слоўнікавага запасу выконваюць 2 функцыі:
1) актуалізуюць слоўнікавы запас навучэнцаў;
2) вучаць іх выбару слоў, неабходных для дакладнасці і выразнасці ўласных тэкстаў.
Пераказ і сачыненне – эфектыўныя сродкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу навучэнцаў. Да пераказаў зыходных тэкстаў вучняў трэба рыхтаваць. У змест падрыхтоўчай працы ўваходзіць лексічны разбор, накіраваны на аналіз вобразных сродкаў, сінонімаў у зыходным тэксце, тлумачэнне незразумелых слоў. Для павышэння эфектыўнасці слоўнікавай падрыхтоўкі вучняў да пераказаў мэтазгодна праводзіць яе ў 2 этапы: да знаёмства навучэнцаў з зыходным тэкстам (разгрупаваная падрыхтоўка) і ў час знаёмства з зыходным тэкстам (непасрэдная падрыхтоўка).
Праца над сачыненнем таксама ўключае слоўнікавую падрыхтоўку. Вылучаюць логіка-прадметную падрыхтоўку, звязаную з адборам і арганізацыяй сачынення, і логіка-стылістычную падрыхтоўку, звязаную з адборам лексіка-стылістычных сродкаў. Першы шлях звязаны з дакладнасцю перадачы зместу, з яго адборам, планаваннем, сістэматызацыяй сабраных матэрыялаў. Другі звязаны з выбарам лексічных сродкаў.
Слоўнікавая праца на ўроках літаратурнага чытання
Слоўнікавая праца не з’яўляецца асобным этапам урока літаратурнага чытання, яна праводзіцца ў час падрыхтоўкі вучняў да чытання, у ходзе чытання і аналізу твора, пры складанні плана прачытанага, пры падрыхтоўцы пераказу, у заключнай гутарцы, пры праверцы дамашняга задання.
Звычайна словы для тлумачэння на ўроку падбірае настаўнік. Але неабходна развіваць і ў навучэнцаў уменне заўважаць, знаходзіць такія словы. Гэта павышае актыўнасць дзяцей, выклікае ў іх цікавасць да працы, садзейнічае выпрацоўцы свядомага чытання.
Незразумелыя словы, якія будуць тлумачыцца на ўроку чытання, можна падзяліць на 2 групы:
1) словы, неабходныя для яркага ўяўлення пра асобныя эпізоды твора да яго чытання;
2) словы, якія можна растлумачыць у працэсе паўторнага чытання.
Перш за ўсё раскрываецца значэнне слоў, неабходных для таго, каб зразумець мастацкі вобраз, падзею і ў цэлым ідэйную сутнасць твора.
Пры арганізацыі слоўнікавай працы ў працэсе паўторнага чытання мастацкага твора трэба ўлічваць, што:
- Дакладнае значэнне слова пазнаецца толькі ў кантэксце. Таму некаторыя словы ўсведамляюцца вучнямі па меры больш глыбокага разумення імі кожнай лагічна закончанай часткі твора, засваення спалучальнасці гэтых слоў з іншымі.
- Пры чытанні мастацкіх твораў не трэба тлумачыць кожнае незразумелае слова, таму што частыя пытанні перапыняюць чытанне, перашкаджаюць успрыманню твора, уяўленню цэласнага мастацкага вобраза.
- На ўроку чытання нельга абмяжоўвацца толькі тлумачэннем незразумелых слоў. Трэба звярнуць увагу школьнікаў на тое, як аўтар выражае тую ці іншую думку, якімі словамі характарызуе героя, якія словы паказваюць адносіны аўтара да героя.
- Праца з вобразнымі сродкамі падпарадкоўваецца галоўнай мэце чытання – засваенню вобразнага зместу і галоўнай думкі твора.
Праца над граматычнай формай слова, праца са словазлучэннем і сказам (граматычны ўзровень)
Задачы працы над граматычнай формай слова
Граматычная форма (словаформа) – моўны сродак, які служыць для выражэння граматычнага значэння. Яна можа разглядацца з сінтаксічнага і з марфалагічнага боку.Матэрыяльным сродкам стварэння словаформаў у сучаснай беларускай мове з’яўляюцца канчаткі, прыстаўкі, суфіксы (граматычныя), постфіксы.Пры вывучэнні часцін мовы ўвага навучэнцаў акцэнтуецца на тым, што кожная граматычная форма прызначана для выканання пэўнай сінтаксічнай функцыі ў сказе, а пры вывучэнні граматычных формаў у аспекце развіцця маўлення важнай з’яўляецца ўвага да змястоўнага боку сказа.
Навыкі ўтварэння і выкарыстання граматычных формаў набываюцца дзецьмі ў працэсе авалодання імі маўленнем. Да моманту паступлення ў школу дзіця, якое яшчэ не навучалася роднай мове, практычна поўнасцю валодае граматычнымі формамі: дзеці ў сваёй маўленчай практыцы правільна скланяюць, спрагаюць і спалучаюць словы.
Мэтанакіраванае вывучэнне мовы ў школе, і ў прыватнасці граматыкі, выклікае істотныя змены ў маўленчай дзейнасці дзяцей. У інтэлектуальным жыцці дзіцяці маўленне пачынае выступаць у розных варыянтах: усё большую ролю адыгрывае пісьмовае маўленне, паступова адбываецца стылістычная дыферэнцыяцыя.
Задачы працы над граматычнай формай слова ў аспекце развіцця маўлення: 1) засваенне вучнямі тых нормаў словазмянення і формаўтварэння, якімі яны не авалодалі на інтуітыўным узроўні да моманту навучання ў школе; 2) узбагачэнне маўлення навучэнцаў разнастайнымі па сэнсавых, функцыянальна-стылістычных магчымасцях граматычнымі формамі.
Зместам працы над граматычнай формай слова ў аспекце развіцця маўлення з’яўляюцца:
а) абмежаванні ва ўтварэнні і спалучальнасці граматычных формаў слова;
б) сэнсавыя і выяўленчыя магчымасці граматычных формаў;
в) функцыянаванне граматычных формаў у сказе, тэксце.
Для папярэджання і пераадольвання граматычных памылак неабходна асобую ўвагу надаваць абмежаванням, звязаным з утварэннем граматычных формаў, засваенню граматычнай спалучальнасці слоў.
Захаванне нормаў выкарыстання граматычных формаў у маўленні патрабуе ўсведамлення вучнямі асаблівасцей спалучальнасці іх і асобных катэгорый слоў.
Навучанне ўменню ўспрымаць у поўнай меры значэнне граматычных формаў у маўленні і свядома выкарыстоўваць іх звязана з вызначэннем і раскрыццём сістэмныя адносіны граматычных формаў: іх аманіміі, сінаніміі, антаніміі. Прыкладам мнагазначнасці з’яўляюцца формы множнага ліку назоўнікаў. Асноўнае іх прызначэнне ‑ указанне на раздзельную множнасць. Але гэтыя формы могуць выступаць у абагульнена-зборным значэнні, і указваць на непадзельнае мноства прадметаў і асоб:
а) назвы людзей па нацыянальнасці, прафесіі, роду заняткаў (немцы, журналісты, госці);
б) назвы садавіны і гародніны (яблыкі, грыбы, ягады);
в) назвы парных прадметаў (акуляры).
Граматычнымі амонімамі звычайна з’яўляюцца формы, звязаныя з рознымі часцінамі мовы (палі градку; фермерскія палі). Аманімія формаў унутры адной часціны мовы (напрыклад, склонавых формаў назоўнікаў) выклікае цяжкасці пры ўспрыманні, калі тэкст можа быць зразумелы неадназначна (Учора прыехала сястра Аляксандра; Абедзве паштоўкі былі перададзены Пятровым). Антанімія назіраецца галоўным чынам сярод прыназоўнікава-склонавых формаў назоўнікаў (у хату і з хаты; на стул і пад стул). Сінанімія граматычных сродкаў праяўляецца вельмі разнастайна. У сінанімічныя адносіны ўступаюць формы адной часціны мовы (зямля – землі), склонавыя і прыназоўнікава-склонавыя формы назоўнікаў (зімой – на працягу зімы), формы слоў, якія адносяцца да розных лексіка-семантычных разрадаў унутры адной часціны мовы (дзве ‑ абедзве). Сінанімія граматычных формаў дае магчымасць разнастаіць сродкі выражэння аднаго і таго ж значэння або адценняў значэння.
Асобае месца займае сінанімія граматычных формаў і адзінак іншых узроўняў мовы, а іменна:
а) вытворных слоў і суадносных словазлучэнняў, якія ўтрымліваюць форму аднакаранёвага з вытворным слова (гліняны посуд – посуд з гліны, вежа з каменю – каменная вежа);
б) формаў слова і словазлучэнняў (задаць – даць заданне).
Пры працы над граматычнай формай слова неабходна назіраць за яе роляй у складзе сказа і словазлучэння. У прыватнасці, пры працы над значэннем склонавых формаў нельга не закрануць іх функцыянальна-сінтаксічную характарыстыку. Пры вывучэнні дзеяслова важна звярнуць увагу навучэнцаў на тое, што асабовыя формы дзеяслова з’яўляюцца выказнікамі, прычым формы першай асобы ўказваюць толькі на таго, хто гаворыць, формы другой асобы – толькі на суразмоўцу, а формы трэцяй асобы мнагазначныя: указваюць на дзеянні розных прадметаў і асоб.
Вельмі важна засяроджваць увагу вучняў на выкарыстанні граматычных формаў пры разгорнутам выкладанні думак у розных тэкстах. Так, без формаў поўных прыметнікаў мы нельга поўна і дакладна ахарактарызаваць асобу, прадмет, стварыць апісанне чаго-небудзь. Акрамя таго, адбор і ўзаемаадносіны граматычных формаў залежаць ад мэт і ўмоў выказвання. Дзеці павінны ведаць, што ў сачыненнях апісальнага характару пераважаюць формы дапасуемых слоў, у апавяданні выкарыстоўваюцца розныя дзеяслоўныя формы, пры параўнанні двух прадметаў – сродкі выражэння параўнальных адносін і г.д. Назіранні за мэтазгодным выкарыстаннем граматычных формаў у звязным маўленні – адзін з важнейшых аспектаў працы па развіцці маўлення на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах.
Тыпалогія практыкаванняў:
Калі за аснову класіфікацыі практыкаванняў бяруцца змястоўныя аспекты працы над граматычнай формай у плане развіцця маўлення, то вылучаюць наступныя групы:
1) практыкаванні, накіраваныя на засваенне абмежаванняў ва ўтварэнні і спалучальнасці граматычных формаў слоў (выбар правільнай формы слова, утварэнне формаў слоў на ўзор або без яго; складанне словазлучэнняў, сказаў з назоўнікамі, прыметнікамі, дзеясловамі ў патрэбнай форме);
2) практыкаванні, накіраваныя на ўсведамленне сэнсавых і выяўленчых магчымасцей граматычных формаў (вызначэнне сродкаў выражэння пэўнага значэння (напрыклад, парады, просьбы), вызначэнне сэнсавых адценняў прапанаваных формаў; вызначэнне формаў слоў, ужытых у неўласцівым ім або пераносным значэнні; выбар неабходнай формы, тлумачэнне выбару; устаўка ў тэкст адной з прапанаваных формаў слоў );
3) практыкаванні, якія развіваюць уменне мэтазгодна выкарыстоўваць граматычныя формы ў звязным маўленні (аналіз выкарыстання словаформаў у гатовым тэксце; замена адных граматычных формаў другімі без выкарыстання дадатковага лексічнага матэрыялу і з выкарыстаннем дадатковага лексічнага матэрыялу; складанне сказаў, тэксту на прапанаваную тэму).

RSS





















